Некалькі гадоў таму па вуліцы Першамайскай вёскі Малева можна было сустрэць дваіх пажылых людзей: жанчына невялікага росту з павагай і вялікім шанаваннем вяла пад руку высокага, статнага мужчыну




Дата канвертавання10.05.2016
Памер25.51 Kb.

Некалькі гадоў таму па вуліцы Першамайскай вёскі Малева можна было сустрэць дваіх пажылых людзей: жанчына невялікага росту з павагай і вялікім шанаваннем вяла пад руку высокага, статнага мужчыну. Было відаць, што гэтыя людзі разам пражылі доўгае жыццё, перажылі шмат прыемных хвілін і, здавалася, нясуць гэта ўсё трапятліва і асцярожна, баючыся страціць. Мяне зацікавілі гэтыя людзі, асабліва мужчына, які падаваўся адукаваным, інтэлігентным чалавекам. І гэта пацвердзіла мая бабуля, болей таго, ў мяне з ім адно прозвішча: Гаціла. Вось гэтая акалічнасць заставіла мяне даведацца як мага болей пра “новага” земляка ад аднавяскоўцаў, а таксама і ад самога Паўла Дзмітрыевіча.

Павел Дзмітрыевіч Гаціла. Нарадзіўся ў 1920 годзе, дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў маёй вёсцы Малева, затым працаваў у Мінску, калі выйшаў на пенсію, вярнуўся ў родную вёску, як кажуць, да сваіх каранёў. Але дазвольце, усё па-парадку. Павел – сын бедных сялян (у сям’і было яшчэ чатыры сястры). У васьмігадовым узросце пайшоў вучыцца ў шасцікласную польскую школу ў роднай вёсцы. З ахвотай вучыўся і праяўляў вялікія здольнасці да навук. “Аднойчы, - з яго аповеду,- у школу завітаў інспектар, падсеў да мяне, стаў прагортваць буквар, прапаноўваючы мне чытаць розныя яго старонкі. Відаць іспыт прайшоў удала, - прадоўжыў Павел Дзмітрыевіч, - бо настаўнік пасля адыходу інспектара насыпаў мне ў кішэню дзве жменькі гарбузовых семачак”.



Вучням, якім споўнілася 14 гадоў, прапаноўвалася вучыцца яшчэ адзін год ў 6 класе, але па больш складанай праграме, каб падрыхтавацца ў гімназію. Павел не прамінуў гэтую магчымасць, а ў канцы навучальнага года бацькі аддалі яго ў 7 клас Нясвіжскай школы. Тут здольны хлопец прыняў удзел у літаратурна-чытацкім конкурсе і заняў другое месца. Уражаная яго начытанасцю, настаўніца прапанавала паступіць у Нясвіжскую гімназію і абяцала хадайнічаць аб выдзяленні стыпендыі з радзівілаўскага княжацкага фонду для аплаты навучання і пасяленні яго ў гімназічным інтэрнаце.Усе гэтыя абяцанні былі выкананы. Да заканчэння гімназіі заставаўся адзін год, але пачалася вайна. Навучанне ў школах не спынілася і тагачасны інспектар райана Вініцкі, аднавясковец Паўла Дзмітрыевіча, прапанаваў хлопцу навучаць дзяцей у Малаедскай школе. У наступным годзе зноў паступіў у гімназію, закончыўшы якую, атрымаў сярэднюю адукацыю і прафесію настаўніка. Да самай Перамогі настаўнічаў у роднай вёсцы. Цікава, што школа ў маёй вёсцы ні пры якіх уладах не спыняла сваю работу, а ў 1945 годзе была перанесена ў суседнія Карцэвічы (дзе я цяпер навучаюся ў 9 класе). Цяга да ведаў не пакінула Паўла Дзмітрыевіча, і пасля закрыцця Малёўскай школы ён паступіў на стацыянарнае навучанне ў Беларускі палітэхнічны інстытут, стаў інжынерам-гідратэхнікам. У 1953 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю і быў прызначаны старшым выкладчыкам на кафедру выкарыстання воднай энергіі. На конкурснай аснове перайшоў на пасаду загадчыка лабараторыі аддзялення комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў у НДІ водных праблем пры Акадэміі навук БССР, праводзіў навуковыя даследаванні ў розных галінах народнай гаспадаркі. У 1974 годзе па конкурсе быў выбраны дацэнтам БПІ і з 1975 года стаў працаваць на кафедры гідралогіі і водазабеспячэння. На гэту пасаду перавыбіраўся яшчэ ў 1979 і 1985 гадах. За гады працы Павел Дзмітрыевіч апублікаваў боль за 70 навуковых работ, у тым ліку 3 калектыўныя манаграфіі, 5 брашураў, 2 вучэбна-метадычныя працы, шэраг артыкулаў і дакладаў аб воднай гаспадарцы рэспублікі і яе праблемах. У 1987 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак.

У школьным краязнаўчым музеі сярод знакамітых землякоў сустрэла фотаздымак Паўла Дзмітрыевіча.

З яго спакойна глядзіць немалады чалавек з пасівелымі скронямі, тонкімі і далікатнымі рысамі твару. У крыху прышчураным позірку адчуваецца схільнасць да ацэнкі ўсяго, што ён бачыць навокал. Аблічча выдае чалавека адукаванага, інтэлігентнага, упэўненага ў сябе, з развітым пачуццём годнасці – ўсё тое, што пацвярджае маё першапачатковае ўраджанне.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка