Нейтралітэт інтэрнэту як складнік палітычнай свабоды




Дата канвертавання15.03.2016
Памер157.11 Kb.
Сяргей Венідзіктаў

Магілёўскі вышэйшы каледж МУС Рэспублікі Беларусь
НЕЙТРАЛІТЭТ ІНТЭРНЭТУ ЯК СКЛАДНІК

ПАЛІТЫЧНАЙ СВАБОДЫ
Створаная на падставе прынцыпаў адкрытасці і агульнай даступнасці, інфармацыйная прастора інтэрнэту ў ХХІ ст. усё часцей выступае крытэрыем грамадзянскай і палітычнай свабоды, а патрабаванне свабоды сеткі ставіцца ў адзін шэраг з фундаментальнымі палажэннямі Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Пры гэтым бяспека анлайн-прасторы асобнай дзяржавы разглядаецца як адна з умоў нацыянальнай бяспекі, што непазбежна патрабуе пэўнага абмежавання свабоды Сусветнай сеткі. Аднак праблематычнасць дасягнення ўстойлівай раўнавагі дзяржаўных, палітычных, карпаратыўных інтарэсаў і правоў грамадзян на нічым і нікім не абмежаваны доступ да інтэрнэту дазваляе казаць пра даволі сур’ёзныя пагрозы. У інтэрв’ю брытанскай “Guardian” адзін з заснавальнікаў рэсурсу “Google” Сяргей Брын сцвярджае, што “пагроза свабодзе інтэрнэту сыходзіць ад дзяржаў, якія імкнуцца пашырыць кантроль над зносінамі сваіх грамадзян, а таксама ад індустрыі забаў, што вядзе барацьбу з пірацтвам, і ад такіх кампаній, як “Facebook” і “Apple”, якія ствараюць “залатыя клеткі” з абмежаваным доступам, жорстка кантралюючы праграмы і дадаткі, размешчаныя на іх платформах” [1].

Істотна, што высокі ўзровень развіцця асобнай дэмакратычнай сістэмы не можа аўтаматычна гарантаваць захаванне асноўных правоў і свабод грамадзян у інфармацыйнай сферы. Напрыклад, у Злучаных Штатах Амерыкі, якія актыўна дэкларуюць адданасць дэмакратычным традыцыям, грамадская незадаволенасць умяшальніцтвам дзяржавы ў працэс функцыянавання і развіцця інтэрнэту праяўляецца, напэўна, найбольш адкрыта.

Пытанне неабходнасці абмежавання ўплыву палітыкі на развіццё Сусветнай сеткі ў чарговы раз актуалізавалася ў 2012г. Так, 2 ліпеня ў ЗША кааліцыя грамадскіх рухаў, якая ўключае больш за 85 аўтары­тэтных арганізацый (“Electronic Frontier Foundation”, “Public Know­ledge”, “Free Press”, “Globalvision”, “Mozilla Foundation” і інш.), распачала кампанію па стварэнні Дэкларацыі свабоды інтэрнэту. Лозунг глабальнага праекту быў сфармуляваны як “Свабода інтэрнэту – гэта нейтралітэт інтэрнэту”. Сотні тысяч людзей па ўсім свеце паставілі электронныя подпісы пад пяццю кароткімі прынцыпамі “свабоднага і адкрытага” інтэрнэту:

1. “Самавыяўленне”: адсутнасць цэнзуры ў сетцы.

2. “Доступ”: распаўсюджванне ўніверсальнага доступу да хуткасных і танных сетак.

3. “Адкрытасць”: захаванне інтэрнэту ў якасці адкрытай сеткі, дзе кожны можа свабодна наладжваць сувязі, пісаць, чытаць, глядзець, слухаць, вучыцца, ствараць і абнаўляць інфармацыю.

4. “Інавацыі”: абарона свабоды абнаўлення і стварэння інфармацыйнага прадукту без знешніх узгадненняў і дазволаў; недапушчэнне блакіравання новых тэхналогій, а таксама пакарання распрацоўшчыкаў за дзеянні карыстальнікаў іх прадукту.

5. “Канфідэнцыяльнасць”: абарона персанальнай інфармацыі і здольнасць кожнага чалавека кантраляваць, якім чынам выкарыстоўваюцца яго даныя і абсталяванне [2].

Распрацоўшчыкі дэкларацыі маюць намер данесці гэты дакумент да самага высокага ўзроўню, стварыўшы адзіны цэнтр падрыхтоўкі канчатковай рэдакцыі. Яны сцвярджаюць, што прапанаваныя прынцыпы ў стане забяспечыць інтэрнэт-палітыцы празрыстасць і магчымасць грамадзянскага кантролю выключна пры рэалізацыі некалькіх умоў. У адносінах да медыясферы ЗША сярод такіх умоў называецца дасягненне інфармацыйнага нейтралітэту, перагляд палітыкі ў сферы мабільнай сувязі, адкрыццё для свабоднага карыстання “грамадскага спектру” частот, распаўсюджванне шырокапалоснага інтэрнэту. Спынімся на кожным з пералічаных палажэнняў.

Нейтралітэт інтэрнэту – неадменная ўмова ўкаранення эканамічных інавацый, пашырэння дэмакратычнага ўдзелу і свабоды слова – у разуменні амерыканскай грамадскасці азначае забеспячэнне правайдарамі роўных магчымасцей для рознага кантэнту і сэрвісаў, што гарантуе свабоду развіцця сайтаў і тэхналогій. Лічыцца, што нейтралітэт інтэрнэту абараняе правы грамадзян выкарыстоўваць абсталяванне, кантэнт, сэрвісы і паслугі без уціску з боку правайдараў. “Нейтральны” інтэрнэт выконвае толькі сваю асноўную задачу: распаўсюджванне інфармацыі, без падзялення яе на прывілеяваную і другасную [3].

Амерыканская праваахоўная арганізацыя “Free Press” звяртае ўвагу на тое, што найбуйнейшыя аператары сувязі ЗША (“AT&T”, “Comcast”, “Time Warner Cable” і “Verizon”) імкнуцца выконваць ролю “вартаўнікоў” інтэрнэту, самастойна вырашаючы, якія сайты і дадаткі будуць працаваць хутчэй, якія – марудней, а якія ўвогуле не будуць дасягальнымі для карыстальнікаў. Таму арганізацыя імкнецца дамагчыся ад Федэральнай камісіі па камунікацыях ЗША перагляду палітыкі, што рэгулюе функцыянаванне сеткі [4].

Дэкларацыя свабоды інтэрнэту, прапанаваная ў ЗША, відавочна, прадугледжвае і перагляд інфармацыйнай палітыкі ў сферы мабільнай сувязі. Да 2012г. больш за 50 % амерыканцаў перайшлі ад традыцыйных мабільных тэлефонаў да выкарыстання смартфонаў, што дазволіла пашырыць доступ да сеткі. Прагназуецца, што да 2015г. гэтая лічба павялічыцца да 85–90 % [3]. Бесправадныя тэхналогіі рэвалюцыйным чынам змяняюць саму прыроду міжсуб’ектных зносін, арганізацыі працы і ўкаранення інавацый. Тым не менш, заходнія праваабаронцы сцвярджаюць, што права на свабоду слова карыстальнікаў мабільных прыстасаванняў падпадае пад пагрозу. Прыватныя карпарацыі і нацыянальныя ўрады атрымалі магчымасць беспрэцэдэнтнага кантролю над інфармацыяй, якой грамадзяне абменьваюцца праз мабільныя сеткі, а таксама выкарыстання гэтай інфармацыі ў сваіх мэтах. Сілавыя структуры атрымліваюць канфідэнцыяльныя дадзеныя без дазволу ўладальнікаў мабільных прылад, самавольна блакіруюць альбо замаруджваюць доступ да інтэрнэту. У выніку кампаніі-правайдары страчваюць ці добраахвотна перадаюць персанальныя даныя карыстальнікаў. Між тым палітыка аператараў мабільнай сувязі ЗША ў галіне коштаў пакідае шматлікія сацыяльныя групы па-за доступам да сеткі. Гэтаму садзейнічае палітыка ўрада, якая ставіць карпаратыўныя інтарэсы вышэй за інтарэсы грамадскасці.

Прыхільнікі неабмежаванай свабоды інтэрнэту лічаць, што доступ да мабільных сетак мае найважнейшае значэнне для развіцця дэмакратыі. У выніку афармляецца патрабаванне рэалізацыі палітыкі, здольнай абараніць права карыстальнікаў мабільнай сувязі на камунікацыю без умяшальніцтва з боку карпарацый і дзяржаўных органаў, а таксама права на атрыманне доступу да свабоднага і адкрытага інтэрнэту з любога абсталявання.

Як адзначае праваахоўная арганізацыя “Free Press”, адкрытасць інфармацыйнай прасторы непасрэдна звязана з разнастайнасцю каналаў і частот перадачы сігналаў для тэлефона, планшэта, тэлевізара ці любога аўтаномнага лічбавага абсталявання – т. зв. “спектрам” [4]. Розныя часткі спектру выкарыстоўваюць аператары мабільнай сувязі, радыё- і тэлевізійныя студыі, спадарожнікавыя аператары, сеткі Wi-Fi, хуткая медыцынская дапамога, сілавыя структуры, прыватныя кампаніі з іх уласнымі сістэмамі сувязі. Амерыканскія карпарацыі бесперапынна супернічаюць у барацьбе за доступ да гэтых грамадскіх частот, якія з’яўляюцца каштоўным нацыянальным рэсурсам.

Тэлерадыёкампаніі і аператары мабільнай сувязі маюць ліцэнзіі на большую частку найлепшых частот, аднак іншыя часткі “спектру” застаюцца адкрытымі. Гэта значыць, што любая кампанія можа распрацаваць прадукт (напрыклад, радыётэлефон, Bluetooth-гарнітуру, “радыёняню” альбо пульт дыстанцыйнага кіравання), які будзе працаваць у адкрытым спектры, не патрабуючы ліцэнзіі ад урада. Сучасныя тэхналагічныя распрацоўкі дазваляюць кожнаму атрымліваць свабодны доступ да эфіру праз таварыствы сетак, сігналы Wi-Fi, інавацыйныя прыстасаванні і іншыя, больш лакалізаваныя, кропкі доступу.

Такім чынам, новыя тэхналогіі, якія дазваляюць больш эфектыўна выкарыстоўваць спектр, здольныя забяспечыць хуткасны доступ да інтэрнэту ў незанятых частотах і зрабіць мабільны інтэрнэт агульнадаступным. Праваахоўныя арганізацыі лічаць, што для развіцця наступнага пакалення мабільных тэхналогій неабходна зменшыць уплыў найбуйнейшых кампаній сувязі (“AT&t”, “Verizon” і інш.) на размеркаванне грамадскага частотнага спектру [4].

Наступная ўмова рэалізацыі прынцыпаў, закладзеных у праект Дэкларацыі свабоды інтэрнэту, – пашырэнне доступу да хуткаснага інтэрнэту, які ўяўляецца такім жа неабходным грамадскім рэсурсам, як вада альбо электрычнасць. Нягледзячы на гэта, у ЗША шырокапалосны доступ яшчэ далёкі ад усеагульнасці. Арганізацыя “Free Press” адзначае, што мільёны амерыканцаў па-ранейшаму знаходзяцца на няправільным баку “лічбавай прорвы”, не маюць належнага доступу да палітычных, эканамічных і сацыяльных рэсурсаў Сусветнай сеткі. Грамадзяне, якія карыстаюцца шырокапалосным падключэннем, за большую плату атрымліваюць меней паслуг, чым жыхары большасці іншых развітых краін. Даследаванні паказваюць, што хуткасць, якасць і тарыфная палітыка ў ЗША адстаюць ад аналагічных паказчыкаў у краінах Азіі і Еўропы.

Інфармацыйная палітыка Вашынгтону дае магчымасць кабельным і мабільным аператарам павялічваць кошты высокахуткаснага доступу ў інтэрнэт і адмаўляцца ад падключэння “нявыгадных” сацыяльных груп. Між тым заканадаўчая ўлада ЗША пад уплывам кампаній “Comcast”, “Time Warner Cable” і іх партнёраў абвясціла незаконнымі грамадскія сеткі, што аб’ядноўваюць сотні тысяч людзей. У выніку замест даступнага інтэрнэту мноства людзей сутыкнуліся з завышанымі коштамі, абмежаваным выбарам і марудным сэрвісам [3].

Такім чынам, рэалізацыя пераваг шырокапалоснага доступу, выбар правайдараў, хуткасці перадачы даных і коштаў для амерыканцаў шмат у чым звязаныя з афіцыйнай пазіцыяй Вашынгтона.

Залежнасць тэндэнцый развіцця інтэрнэт-прасторы ад палітычных рашэнняў у ХХІ ст. назіраецца паўсюдна. У той час як, у ЗША робяцца спробы ініцыіраваць прыняцце закону, які дазволіў бы закрываць пірацкія сайты, урад Велікабрытаніі плануе праводзіць маніторынг сацыяльных сетак. У Кітаі краіне найбольшай у свеце колькасцю інтэрнэт-карыстальнікаў урад, імкнучыся ўстанавіць кантроль над асяроддзем мікраблогаў, замацаваў правіла “аўтэнтычнасці асобы”. Там жа рэалізаваны праект “Залаты шчыт” – сістэма фільтрацыі трафіку на інтэрнэт-канале паміж правайдарамі і міжнароднымі сеткамі перадачы інфармацыі. Сёння ўзмацняецца заклапочанасць з нагоды мілітарызацыі інтэрнэту і гучаць сцверджанні, што Кітай праводзіць кібератакі супраць ваенных і карпаратыўных аб’ектаў ЗША. Паведамляецца, што Іран плануе да сакавіка 2013г. разгарнуць ізаляваны ад знешняга свету “нацыянальны інтэрнэт”. Ужо сёння ў гэтай ісламскай краіне створаны магутны інтэрнэт-фільтр, які робіць немагчымым доступ іранцаў да вялікай колькасці сайтаў, што лічацца незаконнымі ці абразлівымі. У снежні 2012г. у Іране пачала дзейнічаць уласная платформа відэахосцінгу – аналаг YouTube, забароненага тут з 2009г.

У Расіі гучаць заклікі да ўтаймавання блогасферы, якая абвінавачваецца у патуранні пратэстам супраць прэзідэнта краіны Уладзіміра Пуціна. У жніўні 2011г. міністр унутраных спраў Рашыд Нургаліеў паведаміў, што інтэрнэт правакуе рост экстрэмісцкіх настрояў у грамадстве [5]. У чэрвені 2012г. “Вікіпедыя” на рускай мове была часова закрыта па рашэнні сеткавай супольнасці ў знак пратэсту супраць паправак да закону “Аб інфармацыі”, абмеркаванне якіх праходзіла ў Дзяржаўнай Думе Расійскай Федэрацыі. Інтэрнэт-карыстальнікі асцерагаліся, што папраўкі могуць стаць асновай для пашырэння цэнзуры ў сетцы праз фарміраванне спісу забароненых сайтаў і ІР-адрасоў з іх фільтрацыяй.

Лабісты і актывісты, якія падтрымалі дадзеныя папраўкі, сцвярджалі, што яны накіраваны выключна супраць незаконнага кантэнту. Напрыклад, сайты з дзіцячай парнаграфіяй, інструкцыямі па вырабу наркотыкаў і здзяйсненню самагубстваў можна будзе блакіраваць у дасудовым парадку. Рашэнне аб закрыцці сайтаў з іншай падазронай інфармацыяй будзе прымаць суд.

11 ліпеня 2012г. Дзярждума РФ прыняла законапраект аб “чорных спісах”. У выніку магчымаць занадта шырокай, на наш погляд, трактоўкі многіх пунктаў закона можа прывесці да абмежавання доступу расіян да найбольш запатрабаваных рэсурсаў (“Facebook”, “Вконтакте”, “ЖЖ”, “Twitter” і інш.).

У 2012г. Служба сувязі Таджыкістана распачала працу над стварэннем “групы добраахвотных назіральнікаў” з ліку “свядомых, патрыятычна настроеных грамадзян”, якія павінны адсочваць усю інфармацыю ў інтэрнэце, што датычыць гэтай краіны. Кантралюючыя органы атрымалі паўнамоцтвы фільтраваць і блакіраваць сайты, што не пройдуць маніторынг. Служба сувязі таксама заявіла, што блакіраваць сайты спецыялісты ведамства змогуць без рашэння судовых органаў – толькі на падставе ацэнкі запрошаных экспертаў. У лік крыніц альтэрнатыўнай незалежнай інфармацыі ў Таджыкістане ўключаны і сацыяльныя сеткі: у прыватнасці, закрыты доступ да сайта “Facebook”, пры дапамозе якога грамадзяне выказвалі сваю незадаволенасць дзейнасцю ўрада [6].

На наш погляд, імкненне любой дзяржавы абараніць сваю “анлайн-тэрыторыю” выглядае натуральным, аднак падобныя заявы нярэдка ўтрымліваюць у сабе пагрозы ідэалам адкрытасці і свабоды, на якіх першапачаткова ствараўся інтэрнэт. І спроба амерыканскага грамадства ў дэкларатыўнай форме абараніць свабоду Сусветнай сеткі выглядае далёка не ўнікальнай з’явай у сусветнай практыцы.

Гісторыя палітычнага рэгулявання інтэрнэту на міжнародным узроўні налічвае ўжо больш за 20 год, і значная частка прававых актаў была прынятая ў 1999–2001 гг. Трансмежнасць сеткі інтэрнэт мае вынікам адмову ад парадыгмы пазітыўнага права, прызнанне неабходнасці міжнароднага рэгулявання прававых зносін у сетцы, уніфікацыі існуючых правілаў. Напрыклад, Саветам Еўропы прынятыя Дадатковы пратакол да Канвенцыі аб абароне фізічных асоб у сферы аўтаматычнай апрацоўкі персанальных даных, які датычыць наглядных органаў і трансмежных патокаў даных, ад 8 лістапада 2001 г. (Страсбург), Канвенцыя аб інфармацыйным і прававым супрацоўніцтве ў сферы “паслуг інфармацыйнага грамадства” ад 4 кастрычніка 2001г., Канвенцыя па кіберзлачыннасці ад 23 снежня 2001 г., Дэкларацыя аб свабодзе зносін у інтэрнэце ад 28 мая 2003 г. (Страсбург) і шэраг іншых дакументаў. Дэкларацыя аб свабодзе зносін у інтэрнэце абвясціла наступныя прынцыпы ўніфікацыі нормаў міжнароднага права, што рэгулююць функцыянаванне Сусветнай сеткі:

– адсутнасць абмежаванняў на змест інфармацыі;

– заахвочванне самарэгуляцыі зместу інфармацыі;

– недапушчальнасць выкарыстання блакіровак і фільтраў, якія пера­шкаджаюць доступу да інфармацыі (акрамя фільтраў, прызначаных кантраляваць слабаабароненыя групы, напрыклад, дзяцей);

– адмова ад выкарыстання рэгістрацыйных схем, якія абмяжоўваюць прапанову паслуг праз інтэрнэт;

– ліквідацыя перашкод для забеспячэння доступу да інтэрнэту ці для стварэння і функцыянавання сайтаў для асобных слаёў грамадства;

– немагчымасць абавязваць правайдараў праводзіць маніторынг інфармацыі, якая праходзіць праз іх серверы;

– гарантаванае права на ананімнасць [7].

У канцы 2011 г. на сесіі міністраў краін Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе не атрымалася прыняць “Дэкларацыю аб фундаментальных свабодах у лічбавы век”. Асноўная ідэя дакумента – неабходнасць забеспячэння міжнароднай супольнасцю роўных правоў і свабод як у звычайным жыцці, так і ў кіберпрасторы. Дакумент заблакіравалі Расія і шэраг іншых краін, якія палічылі інтэрнэт небяспечным для свайго палітычнага ладу.

У праекце дэкларацыі, у прыватнасці, сцвярджалася, што “абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў у інтэрнэце прымальныя, толькі калі яны адпавядаюць прынятым міжнародным нормам”, а “прымусовае блакіраванне сайтаў, ІР-адрасоў, партоў, сеткавых пратаколаў ці асобных відаў інтэрнэт-рэсурсаў уяўляе сабой крайнюю меру” [8]. Згодна з якая укараняецца дзяржавай ці правайдарам фільтры, непадкантрольныя карыстальнікам, трэба лічыць цэнзурай, а дзяржава абавязана клапаціцца пра тое, каб інтэрнэт быў даступным для ўсіх. Як адзначыў на сесіі АБСЕ прадстаўнік ЗША, “забеспячэнне свабоды інтэрнэту прадугледжвае працу ў двух накірунках: па-першае, стварэнне гарантый для адкрытасці, глабальнасці і агульнадаступнасці сеткі, па-другое – гарантыі свабоды выкарыстання новых тэхналогій як неад’емнага права грамадзян” [9].

Адсутнасць адзіных падыходаў да вызначэння дапушчальных межаў дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў функцыянаванне інтэрнэту прадвызначыла існаванне супярэчнасцей у ацэнцы міжнароднай супольнасцю ступені свабоды інтэрнэт-прасторы Рэспублікі Беларусь. У 2011 г. праваахоўная арганізацыя “Freedom House” уключыла Беларусь у спіс дзяржаў з “несвабодным” доступам да інтэрнэту. Праз год у дакладзе “Свабода ў інтэрнэце 2012” эксперты адзначылі імклівы рост у рэспубліцы даступнасці інтэрнэту, станоўчы эфект ад якога суправаджаецца парушэннем некаторых правоў карыстальнікаў. У 2012 г. арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” у сваім дакладзе назвала Беларусь, разам з М’янмай, Кітаем, Кубай, Іранам, Паўночнай Карэяй, Саудаўскай Аравіяй, Сірыяй, Туркменістанам, Узбекістанам і В’етнамам, адным з новых ворагаў інтэрнэту [10]. Як правіла, у такі спіс трапляюць краіны, дзе ўлады абмяжоўваюць свабоду карыстальнікаў. Праваахоўнікі таксама складаюць спіс краін, якія “знаходзяцца пад наглядам”. У 2012 г. у яго трапілі Расія, Аўстралія, Егіпет, Эрытрэя, Францыя, Паўднёвая Карэя, Шры-Ланка і інш.

Такая ацэнка тэндэнцый развіцця інтэрнэту ў Беларусі, на наш погляд, выглядае неабгрунтаванай. З аднаго боку, у 2010 г. быў прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 60 “Аб мерах па ўдасканальванні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі інтэрнэт”, а потым былі прынятыя і прававыя акты ў яго развіццё. У іх адзначаецца, што мэтай дзяржаўнага рэгулявання інтэрнэт-прасторы з’яўляецца “забеспячэнне абароны інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ў інфармацыйнай сферы, стварэнне ўмоў для далейшага развіцця нацыянальнага сегменту глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт, павышэння якасці і даступнасці для грамадзян і юрыдычных асоб інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і інтэрнэт-паслуг” [11]. 6 студзеня 2012 г. у краіне набылі моц змяненні і дапаўненні да Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных права­парушэннях, якія прадугледжваюць адміністратыўную адказнасць за парушэнне патрабаванняў да выкарыстання нацыянальнага сегменту інтэрнэту. Напрыклад, “парушэнне патрабаванняў заканадаўчых актаў па ажыццяўленні ідэнтыфікацыі абаненцкага абсталявання пры аказанні інтэрнэт-паслуг і (ці) карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг у пунктах калектыўнага карыстання інтэрнэт-паслугамі, уліку і захаванню даных аб абаненцкім абсталяванні, персанальных даных карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг, а таксама даных аб аказаных інтэрнэт-паслугах цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры ад пяці да пятнаццаці базавых велічынь”. Парушэнне патрабаванняў заканадаўства па абмежаванні доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да “інфармацыі, забароненай для распаўсюджвання ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, цягне за сабой накладанне штрафу на індывідуальнага прадпрымальніка ці юрыдычную асобу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь”. Гэта значыць, размова ідзе пра штрафы для прадпрымальнікаў і бізнес-структур, а таксама правайдараў. Пры гэтым законам не прадугледжана беспадстаўнае пакаранне асобных грамадзян за карыстанне Сусветнай сеткай і абмежаванне доступу беларусаў да замежных сайтаў, як адзначалі некаторыя СМІ Захаду. У прыватнасці, бібліятэка Кангрэсу ЗША змясціла ў сябе на сайце наступнае паведамленне, на якое потым спасылаліся еўрапейскія СМІ: “Новы закон абмяжоўвае наведванне і/ці выкарыстанне замежных сайтаў беларускімі грамадзянамі і рэзідэнтамі” [12].

Паўплываць на ўключэнне Беларусі ў спіс краін – “ворагаў інтэрнэту” магло ўзмацненне націску з боку ўрада на карыстальнікаў сацыяльных сетак і блакіраванне доступу да гэтых сайтаў падчас акцый маўклівага пратэсту і акцыі “Стоп бензін” (2011 г.).

Аднак, на наш погляд, усё гэта не дае належных падстаў для высновы аб тым, што беларускі сектар інтэрнэту знаходзіцца пад жорсткім кантролем (напрыклад, у час хваляванняў у Лондане ў 2011 г. у Велікабрытаніі таксама разглядалі пытанне аб рэгуляванні сацыяльных сетак). Хутчэй можна казаць аб “нагляднай” функцыі дзяржавы, якая гарантуе грамадзянам некалькі меншую ў параўнанні з еўрапейскім асяроддзем свабоду. Тым не менш, у байнэце прысутнічае ўвесь спектр палітычных пазіцый і грамадскіх ацэнак (гэтага нельга сказаць у адносінах да традыцыйных СМІ), а агульная колькасць наведвальнікаў незалежных і інфармацыйных сайтаў прыкладна адпавядае памеру рэгулярнай аўдыторыі галоўнага канала дзяржаўнага тэлебачання Беларусі.

Патрабаванне нейтралітэту і бескантрольнай свабоды Сусветнай сеткі, на наш погляд, правамерна пры выкананні істотнай умовы: гатоўнасці і здольнасці аўдыторыі выконваць самастойны крытычны аналіз прапанаванай інфармацыі. Гэта прадугледжвае авалодванне навыкамі медыякрытыкі, уменне супастаўляць розныя крыніцы інфармацыі, базавае веданне тэхналогій фармірвання грамадскай думкі, лінгвістычную пісьменнасць, здольнасць арыентавацца ў складаных ідэалагічных працэсах і шэраг іншых кампетэнцый, без якіх немагчымы пераход з узроўню механічнага спажывання на ўзровень крытычнага аналізу інфармацыі. Відавочна, што “нейтральная сетка” можа ўяўляць і пагрозу, калі не будзе абаронена ад распаўсюджвання небяспечнай для грамадства інфармацыі.

У той жа час, свабодны ад уплыву палітыкі інтэрнэт з’яўляецца ідэальнай платформай для засваення згаданых вышэй кампетэнцый. Але задача адэкватнай ацэнкі ўзроўню інфармацыйнай кампетэнтнасці і грамадзянскай сталасці аўдыторыі, а таксама вызначэння гатоўнасці апошняй да самастойнага і нічым не абмежаванага спажывання інтэрнэт-кантэнту сёння выглядае цяжкавыканальнай як ва ўмовах амерыканскай дэмакратыі, так і ў іншых палітычных сістэмах. Падобна да таго, як заходняя мадэль дэмакратыі стала вынікам арганічнага выспявання і негвалтоўнага прыняцця грамадзянамі дэмакратычных традыцый і прынцыпаў, мадэль адкрытай, свабоднай і незалежнай інтэрнэт-прасторы можа быць рэалізавана толькі ў выніку натуральнага развіцця інфармацыйнага асяроддзя.

Нельга не прызнаць і таго, што дэклараванне асноўных прынцыпаў свабоды інтэрнэту не пацягне за сабой прыняцце міжнароднай супольнасцю прынцыпова новых абавязацельстваў. Хутчэй, гэта з’яўляецца замацаваннем нязменных і ўстойлівых абавязацельстваў у сферы правоў і свабод чалавека, якія не залежаць ад уплыву тэхнічнага прагрэсу на карціну свету. Выкарыстанне грамадзянамі сучасных тэхналогій, якія пашыраюць камунікацыйны патэнцыял грамадскай сістэмы, таксама з’яўляецца фактарам эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу. Сучасны соцыум не можа паспяхова існаваць і развівацца без інфармаваных і ангажаваных грамадзян, адкрытых для інавацыйных тэхналогій.


Літаратура

1. Web freedom faces greatest threat ever, warns Google’s Sergey Brin [Электронны рэсурс] / Афіцыйны сайт выдання «The Guardian» (Велікабрытанія). – 2012. – Рэжым доступу : http://www.guardian.co.uk/technology/2012/apr/15/web-freedom-threat-google-brin. – Дата доступу : 15.07.2012.

2. Declaration of Internet Freedom [Электронны рэсурс] / Афіцыйны сайт кампаніі ў падтрымку свабоды інтэрнэту. – 2012. – Рэжым доступу : http://www.internetdeclaration.org. – Дата доступу : 02.07.2012.

3. Internet Freedom Means Net Neutrality [Электронны рэсурс] / Сайт праваахоўнай арганізацыі «Free Press» (США) в поддержку свободного интернета. – 2012. – Рэжым доступу : http://www.savetheinternet.com/sti-home. – Дата доступу : 03.07.2012.

4. Афіцыйны сайт праваахоўнай арганізацыі «Free Press» (США) [Электронны рэсурс]. – 2012. – Рэжым доступу : http://www.freepress.net. – Дата доступу : 06.07.2012.

5. МВД России: соцсети угрожают устоям общества [Электронны рэсурс] / Афіцыйны сайт рускай службы ВВС. – 2011. – Рэжым доступу : http://www.bbc.co.uk/russian/russia/2011/12/111208_osce_declaration_russia_block.shtml. – Дата доступу : 10.12.2011.

6. Таджикистан создает «группу наблюдателей» за интернетом [Электронны рэсурс] / Афіцыйны сайт рускай службы ВВС. – 2012. – Рэжым доступу : http://www.bbc.co.uk/russian/international/2012/07/120712_tajikistan_internet_censorship.shtml. – Дата доступу : 12.07.2012.

7. Международно-правовые акты, направленные на регулирование сети Интернет [Электронны рэсурс] / Все о праве: информационно-образовательный юридический портал. – 2012. – Рэжым доступу : http://allpravo.ru/library/doc2044p0/instrum4935/item4940.html. – Дата доступу : 18.07.2012.

8. 18th OSCE Ministerial Council Closing Remarks [Электронны рэсурс] / Даклада амерыканскай місіі пры АБСЕ. – 2012. – Рэжым доступу : // http://www.osce.org/mc/86111. – Дата доступу : 10.07.2012.

9. U.S. Statement at OSCE on Freedoms in Digital Age [Электронны рэсурс] / Сайт Бюро міжнародных інфармацыйных праграм пры Дзяржаўным дэпартаменце ЗША. – 2012. – Рэжым доступу : http://iipdigital.usembassy.gov/st/english/texttrans/2012/06/201206157481.html#axzz209mv3948. – Дата доступу : 07.07.2012.

10. Enemies of the Internet Report 2012 [Электронны рэсурс] / Афіцыйны сайт міжнароднай праваахоўнай арганізацыі «Reporters Without Borders». – 2012. – Рэжым доступу : http://en.rsf.org/beset-by-online-surveillance-and-12-03-2012,42061.html. – Дата доступу : 04.07.2012.

11. О мерах по совершенствованию использования национального сегмента сети Интернет: Указ Президента Республики Беларусь [Электронны рэсурс] / Афіцыйны сайт выдання «Советская Белоруссия». – 2011. – Рэжым доступу : http://law.sb.by/924. – Дата доступу : 15.03.2011.



12. Belarus: Browsing Foreign Websites a Misdemeanor [Электронны рэсурс] / Афіцыйны сайт бібліятэкі Кангрэса ЗША. – 2012. – Рэжым доступу : http://www.loc.gov/lawweb/servlet/lloc_news?disp3_l205402929_text. – Дата доступу : 07.07.2012.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка