Небаўсенка Ганна Віктараўна бду, Мінск праблемы вывучэння паэтыкі фальклору




Дата канвертавання17.05.2016
Памер78.62 Kb.
Небаўсенка Ганна Віктараўна

БДУ, Мінск
ПРАБЛЕМЫ ВЫВУЧЭННЯ ПАЭТЫКІ ФАЛЬКЛОРУ
Вусная народная творчасць ёсць адпраўная кропка ў выдатным падарожжы ў свет мастацкага слова. Гэта пачатак усіх пачаткаў, самы старажытны від слоўнага мастацтва. У ім, як адзначыў В. П. Рагойша, «арганічна ўвасоблены народныя ідэалы і працоўны вопыт, глыбокі гуманізм, асобныя гістарычныя падзеі» [7, с. 274]. Фальклор – сінтэтычны від мастацтва. Нярэдка ў яго творах злучаюцца элементы розных відаў мастацтва – слоўнага, музычнага, харэаграфічнага і тэатральнага, але аснову складае слова. З пункту гледжання філалогіі, фальклор, вядома, цікавы перш за ўсё як мастацтва слова. У гэтай сувязі першараднае значэнне мае вывучэнне, веданне і разуменне паэтыкі фальклору.

Што такое паэтыка? Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба дакладна ўсведамляць, чым мастацкая мова адрозніваецца ад натуральнай. Не сакрэт, што частка студэнтаў наіўна лічыць, што ў фальклорных творах ужываецца жывая гутарковая мова, асабліва ў празаічных жанрах і экстражанрах. Насамрэч кожнае выказванне ў фальклоры ўяўляе сабой значную мастацкую канструкцыю, нават пры мінімуме ці адсутнасці выразных сродкаў. Дастаткова звярнуцца да любога твора, не мае значэння якога – паэтычнага ці празаічнага, каб упэўніцца ў слушнасці тэзіса. Высветліцца разыходжанне фальклорных канструкцый з канструкцыямі простай народнай мовы, хоць часткова яны могуць супадаць, асабліва калі суразмоўца скіраваны на перадачу гутарковага дыскурса. І зноў, хоць кожнае слова належыць натуральнай мове, характар выказвання не будзе цалкам стасавацца з жывой гутарковай мовай. Інтанацыя, рытміка, сінтаксіс будуць знакамі прыналежнасці выказвання да фальклору, а не да рэальнага паўсядзённага жыцця. Адсюль вынікае, што паэтыка – гэта не рэестр выразных сродкаў, а іх функцыянальная сукупнасць. Даследчыкі гаварылі аб мастацкай функцыі паэтычных прыёмаў (Б. Тамашэўскі), канструктыўнай функцыі (Ю. Тынянаў), змястоўнай функцыі (А. Скафтымаў, М. Бахцін) [10, с. 286-287].

Паэтыка – адзін з старэйшых тэрмінаў літаратуразнаўства, які выкарыстоўваецца і ў фалькларыстыцы. Нараўне з паняццем «паэтыка як навуковая дысцыпліна» існуюць іншыя – «паэтыка літаратуры» (пэўнай эпохі, напрыклад, антычнасці або сярэднявечча), «паэтыка напрамку» (рамантызму, рэалізму), жанру, «паэтыка пісьменніка» (Я. Купалы, М. Багдановіча), «паэтыка твора». У гэтых выпадках паэтыкай называюць сістэму структурных асаблівасцей дадзенай з’явы і сукупнасць замацаваных за імі сэнсаў, якія прынята лічыць прадметам вывучэння паэтыкі як навукі [8, с. 182]. Такім чынам, тэрмін «паэтыка» мае дваякае значэнне. Ён пазначае і сукупнасць асаблівасцей мастацкай формы слоўных твораў, і раздзел фалькларыстыкі, які вывучае своеасаблівасць мастацкай формы фальклорных твораў і жанраў [5, с. 3].

На наш погляд, найбольш дакладна і зразумела для студэнтаў сказаў аб задачах паэтыкі як навукі і сутнасці паэтыкі рускі фалькларыст М. Краўцоў. Згодна з яго меркаваннем, паэтыка як сукупнасць асаблівасцей мастацкай формы слоўных твораў уключае ў сябе:



  • асаблівасці структуры твораў;

  • сістэму выразных сродкаў, пры дапамозе якіх фальклор стварае карціны жыцця, выявы людзей, аднаўляе розныя з’явы рэчаіснасці (гістарычныя падзеі, побыт, норавы, прыроду);

  • ідэйна-эстэтычныя функцыі структуры твораў і іх выразных сродкаў (эмацыянальны малюнак рэчаіснасці, ацэнка падзей і паводзін персанажаў, раскрыццё творчай задумы твора і яго ідэйна-мастацкай каштоўнасці і майстэрства).

Паэтыка даследуе ўсе гэтыя тры названыя асаблівасці слоўных твораў: структуру, выразныя сродкі і іх ідэйна-эстэтычныя функцыі [5, с. 3].

Паэтыка фальклору можа быць розных узроўняў, а менавіта: яна можа быць агульнафальклорнай, жанравай, індывідуальна-творчай, нарэшце, нацыянальнай.

Вывучэнне агульнафальклорнай паэтыкі з’яўляецца адной з першачарговых задач. Яна ўключае ў сябе тыя мастацкія формы, спосабы выяўлення і сродкі выражэння, якія ўжываюцца ва ўсіх абласцях вуснай народнай паэтычнай творчасці, ва ўсіх яе жанрах (тыпах твораў) [5, с. 4]. Напрыклад, прынцыпы прастаты і сцісласці выкладу ўласцівыя ўсім відам твораў, хоць праяўляюцца ў рознай ступені. Некаторыя жанры характарызуюцца сюжэтнасцю, за выключэннем малых (прыказкі, загадкі), але яна ў іх не аднолькавая: то мае разгорнутую форму (сюжэт), то сціплую ці дакладней частковую (сюжэтная сітуацыя). Усяму фальклору ўласцівыя і некаторыя выразныя сродкі (эпітэты, параўнанні, устойлівыя формулы). Трэба адзначыць, што апошнім часам у беларускай фалькларыстыцы не з’явілася значных прац, прысвечаных вывучэнню агульнафальклорнай паэтыкі. Большая ўвага надавалася жанравай паэтыцы. Як вядома, яна ўключае ў сябе мастацкія формы, уласцівыя творам толькі аднаго якога-небудзь жанру. Даследчыкі зыходзяць з таго, што канкрэтныя ўзоры форм, спосабаў выяўлення і сродкаў выраження ўласцівыя толькі аднаму жанру [5, с. 4]. Напрыклад, А. С. Фядосік у кнізе «Праблемы беларускай народнай сатыры» (1978) аналізуе сатырычныя формы ўсіх асноўных жанраў беларускага фальклору, асвятляе спецыфіку сатырычнага адлюстравання рэчаіснасці ў вусна-паэтычнай творчасці, спосабы стварэння камічнага эфекту, аналізуе мастацкія прыёмы і сродкі народнай сатыры і гумару; В. Коўтун разглядае паэтыку народнай лірыкі, яе вобразаў, сюжэтаў, мастацкіх праёмаў («Святло народнага слова», 1984) і інш.

Індывідуальна-творчая паэтыка – гэта асаблівасці формы, спосабаў і сродкаў выражэння, уласцівыя мастацкай манеры асобнага мастака (казачніка, спявачкі) або асобнага твора якога-небудзь жанру: пэўнай казцы або песні. Хоць выканаўца больш чым пісьменнік залежыць ад традыцыйнага стылю, ён уносіць у выкананне твора ўласцівыя яму словы і выразы, любімыя мастацкія сродкі. Гэтая вобласць вывучэння зведзена ў беларускай фалькларыстыцы да мінімуму, хоць раней, у савецкай навуцы, ёй часам надавалася ледзь не першаступеннае значэнне.

Паэтыка фальклору ў цэлым, асобных жанраў, манера асобных спевакоў, казачнікаў мае, на думку М. Краўцова, з якім мы цалкам згодны, нацыянальныя асаблівасці: песні беларускія, рускія і ўкраінскія вельмі блізкія паміж сабой і ў той жа час адрозніваюцца не толькі ў тэматычных і сюжэтных адносінах, але і ў будове, сродках выражэння і эмацыянальнай афарбоўцы [5, с. 5]. Навуковых прац, прысвечаных дадзенай праблеме, дарэчы, нямнога. Напрыклад, можна назваць кніжку К. П. Кабашнікава «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні: Гістарыяграфічны нарыс» (1981), працу «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» (1985), прыгадаць яшчэ адну кнігу К. П. Кабашнікава – «Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце» (1998), а таксама ранейшыя кнігі беларускіх даследчыкаў «Восточнославянская юмористическая песня» (1979) У. А. Васілевіча, «Восточнославянские сказки о животных» (1989) І. І. Крука, «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце» (1998) А. С. Фядосіка. Новае тысячагоддзе не вельмі багатае на параўнальныя даследаванні, дзе б закраналіся праблемы паэтыкі. З апошніх – кніга М. А. Трыфаненкавай «Матыў змеяборства ва ўсходнеславянскай фальклорнай традыцыі: Генезіс. Семантыка» (2003) ды некалькі артыкулаў.

Паэтыку, як і іншыя мастацтвазнаўчыя навукі, нельга лічыць ні службовай па адносінах да ідэалогіі, ні абсалютна самадастатковай, ізаляванай ад іншых абласцей культуры [8, с. 183]. С. С. Аверынцаў выказаў думку аб тым, што філалогія ў цэлым – «служба разумення» [1]. Блізкія думкі сфармуляваны ў артыкуле Д. С. Ліхачова: «У літаратуразнаўстве патрэбны розныя тэмы і вялікія «адлегласцi» менавіта таму, што яно змагаецца з гэтымі адлегласцямі, імкнецца знішчыць перашкоды паміж людзьмі, народамі і стагоддзямі» [6, с. 8].

З падобнага пункту гледжання, паэтыка – тэарэтычная аснова філалагічнага аналізу тэкстаў твораў і іх сэнсавых структур. Паняцці паэтыкі – інструмент такога аналізу, без якога «служба разумення» ці ледзь здзяйсняльная. Кожнае паняцце неабходна для таго, каб вылучыць пэўную форму, параўнаць розныя тэксты, у якіх яна прысутнічае, і вызначыць яе інварыянтнае значэнне [8, с. 183]. Так, у чарадзейных казках паўтараецца падзея ператварэння або метамарфозы. Пастаянная форма падзеі (канкрэтны змест яго можа мяняцца) – матыў. Параўнанне разнастайных умоў яго здзяйснення паказвае, што метамарфоза – не што іншае, як шлях трансфігурацыі героя. Ёсць класічныя працы У. Пропа, ёсць думкі яго апанентаў, ёсць, нарэшце, падагульняючая праца К. Кабашнікава, у кнізе «Народная проза» з серыі «Беларускі фальклор: жанры, віды, паэтыка» кн. 4 (2002). А што з’явілася новага ў вывучэнні паэтыкі казак? Ёсць асобныя артыкулы, прысвечаныя высвятленню міфасемантыкі асобных казкавых персанажаў і матываў, але няма грунтоўнай працы па міфапаэтыцы беларускіх казак.

Кожная форма, падобна асобным словам, нясе ў сабе пэўны ўстойлівы сэнс. Але і ўстойлівыя комплексы гэтых формаў, якія здольны паўтарацца, падобна фразеалагізмам ў мове, таксама маюць традыцыйную семантыку. Тое і іншае – элементы пэўнай «мастацкай мовы», якія так ці інакш выкарыстоўваюцца ў пэўным творы. Для яго разумення і ствараецца, такім чынам, паэтыка як сістэма навуковых паняццяў [8, с. 184].

Асобны прадмет паэтыкі – твор. Пры яго вывучэнні акрэсліваюцца тры асноўныя тэндэнцыі. У адных выпадках галоўным аб’ектам даследавання прызнаецца тэкст, г. зн. маўленчая структура твора: тады натуральнай апорай паэтыкі лічыцца лінгвістыка. Пры супрацьлеглым падыходзе ў якасці галоўнага прадмета паўстае «эстэтычны аб’ект», г. зн. «мастацкі», «паэтычны», «унутраны» свет. Аналіз яго каштоўнаснай структуры ажыццяўляецца на аснове эстэтыкі [8, с. 184]. Калі канстатуецца прынцыповая дваістасць твора, то ставіцца пытанне аб размежаванні двух відаў форм – якія арганізуюць маўленчы матэрыял («кампазіцыя») і якія размяжоўваюць каштоўнасці, уключаныя ў эстэтычны аб’ект («архітэктоніка», або «канструкцыя»), а таксама аб заканамерных суадносінах гэтых аспектаў мастацкага цэлага. У выніку ўзнікае той варыянт паэтыкі, які М. М. Бахцін назваў «эстэтыкай слоўнай творчасці» [2, с. 5].

У найноўшым слоўніку «Паэтыка» (2008) адзначаецца, што паэтыка як навука ў належнай меры яшчэ не склалася і не адасобілася ад сумежных спецыяльных дысцыплін (лінгвістыкі, псіхалогіі) і ад агульнагуманітарных парадыгм – традыцыйна-філасофскіх (герменеўты-ка) або авангардна-семіятычных (неарыторыка). Становішча паэтыкі ў гуманітарнай сферы, дзе на «метанавуковы» статус прэтэндавалі ў розны час гісторыя культуры і культуралогія, псіхааналіз і філасофія мовы, не можа не адбіцца на ўзроўні фалькларыстычных даследаваннях [8, с. 184].



На сённяшні дзень усталяваліся навуковыя традыцыі, у адпаведнасці з якімі паэтыка твораў фальклору разглядаецца на трох узроўнях: на ўзроўні сюжэту і кампазіцыі, на ўзроўні паэтычнага (моўнага) стылю, на ўзроўні рытму і метрыкі. Параўнальна-гістарычны метад, да распрацоўкі якога шмат зрабілі В. М. Жырмунскі і Б. М. Пуцілаў, дазваляе разглядаць фальклорныя творы розных жанраў на ўзроўні іх мастацкай структуры, што, на мой погляд, дае магчымасць выразна паказаць спецыфічна жанравыя асаблівасці іх паэтыкі.
ЛІТАРАТУРА:


  1. Аверинцев, С. С. Филология [Электронный ресурс] / С. С. Аверинцев // Большая советская энциклопедия. – Изд. 3-е. – Т. 27. – Режим доступа: http://philologos.narod.ru/texts/aver_philol.htm. – Дата доступа: 15 ноября 2010.

  2. Бахтин, М. М. Эстетика словесного творчества / М. М. Бахтин, составитель С. Г. Бочаров. – М.: Искусство, 1979. – 424 с.

  3. Большая литературная энциклопедия. / Красовский В. Е. и др. – М.: Филологическое общество «СЛОВО»: ОЛМА–ПРЕСС Образование, 2004. – 845с.: ил.

  4. Веселовский, А. Н. Историческая поэтика / А. Н. Веселовский. – Изд. 3-е. – М.: URSS: ЛКИ, 2007. – 646 с.

  5. Кравцов, Н. И. Поэтика русских народных лирических песен: композиция / Н. И. Кравцов. – Ч. 1. – М.: Издательство Московского университета, 1974. – 92, [4] с.

  6. Лихачев Д. С. Об общественной ответст­венности литературоведе-ния // Контекст – 1973. М., 1974.

  7. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны і паняцці: для школьнікаў і абітурыентаў / В. П. Рагойша. – Мінск: Нар. асвета,, 2009. – 303 с.

  8. Поэтика: словарь актуальных терминов и понятий / [гл. науч. ред. Н. Д. Тамарченко] – М.: Издательство Кулашной; Intrada, 2008. – 358 с.

  9. Тамарченко, Н. Д. Теоретическая поэтика / Н. Д. Тамарченко. – М.: РГГУ, 2006. – 208 с.

  10. Хализев, В. Е. Теория литературы. Учеб. / В. Е. Хализев. – М.: Высш. школа, 1999.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка