Неба і зямля, неба і зямля




Дата канвертавання09.05.2016
Памер49.92 Kb.
ЦАР ІРАД
Дзеянне пачынаецца ў верхнім ярусе. У люльцы ляжыць нованароджаны. Побач стаяць Марыя і Іосіф. Панамар (батлейшчык) запальвае свечкі. Гучыць псалом1. Уваходзяць анёл, пастух з пастушкай, тры цары (па чарзе). Яны падыходзяць да немаўляці і кланяюцца яму.

X о р (спявае)

Неба і зямля, неба і зямля

Радасна спяваюць.

Ангелы свету, ангелы свету

Дзіва абвяшчаюць:

Хрыстос нарадзіўся, Бог аб'явіўся,

Ангелы спяваюць, пастушкі іграюць,

Дзіва, дзіва абвяшчаюць.

У Батлееме, у Батлееме

Весела навіна:

Чыстая Дзева, Чыстая Дзева

Нарадзіла Сына.

Хрыстос нарадзіўся, Бог аб'явіўся,

Ангелы спяваюць, пастушкі іграюць,

Дзіва, дзіва абвяшчаюць...


Дзеянне пераносіцца ў ніжні ярус. Там запальваюцца свечкі. На сцэне стаіць трон. Выходзіць ц а р I р а д.
I р а д

Я цар Ірад,

Я, я слаўны,

Сяду на свой трон дзяржаўны.

Я вялікі разумнік,

Бо ў царскім пурпуры.

Ніхто не пярэчыць

Маёй царскай натуры.


Садзіцца на трон. Выбягае Ч о р т.
Ч о р т

Хе-хе-хе,

Цару, мой цару,

Любы ўладару,

Ты тут спіш, гуляеш,

Пуза сабе наядаеш,

А што ў тваім царстве

Новы цар з'явіўся — не знаеш.


I р а д

Што, што я чую ў маім царстве,

Здрада сталася ў маім гаспадарстве.

А паклікаць да мяне ваяку,

Вернага мне служаку.
Уваходзіць Р а х і л ь з дзіцём на руках. За ёй — Воін
В о і н

Аць-два, аць-два, аць-два! Стой!

Цару, мой цару, любы гаспадару,

Па тваім загадзе з'явіўся.


I р а д

Чуў я, што ў маім царстве

Новы цар нарадзіўся.

Хуценька збірайся,

У Батлеем выпраўляйся.

Усіх немаўлят забівай,

Свайго цара-гаспадара выручай.
В о і н

Слухаю твайго загаду!

Зважай! Крокам руш!

Налева, кругом марш!

Аць-два, аць-два, аць-два!
Чуецца званочак.

А н ё л


О Ірадзе, Ірадзе,

Што ты нарабіў?

Сваю душу грэшную перад Богам загубіў.

Згінуў ты да звання,

Не будзе табе выратавання.
Ч о р т

Ты, Ірад, яго не слухай,

Вазьмі сабе патыліцу пачухай.

Лепш быць каранаваным,

Чым выратаваным.
I р а д

Твая праўда! Ану, пайшоў прэч адсюль,

Акыш!

Лепш быць каранаваным,



Чым выратаваным.
В о і н

Аць-два, аць-два, аць-два, стой!

Цару мой, цару, любы гаспадару,

У Батлеем я схадзіў,

Усіх немаўлят забіў.

Адно... Рахіль не дае свайго забіць,

Сама ідзе да цябе літасці прасіць.
I р а д

Хто такая? А... паклікаць яе да мяне!


В о і н

Слухаю твайго загаду!

Зважай! Крокам руш!

Налева, кругом марш!

Аць-два, аць-два, аць-два!
Р а х і л ь

Цару мілы, цар літасцівы,

Не труці ты матчына сэрца,

Уратуй ты маё дзіцятка ад смерці.


I р а д

Гм... баба, я сам сабе разумнік,

Бо ў царскім пурпуры,

Не пярэч ты маёй царскай натуры,

Я ўсім немаўлятам пасцінаў2 галовы,

I твайму не дам пардону.


Воін забівае дзіця і выносіць яго са сцэны.
А н ё л

Ірад ты нясыты,

Забойца самавіты3,

За гэтае дзіцятка

Ды за ўсіх немаўляткаў

Будзеш ты ў агні гарэць

Ды ў смале кіпець.
Ч о р т

Ты, Ірад, на іх не зважай,

Пра ўладу лепш дбай.

Памятай, лепш быць каранаваным...


I р а д

Твая праўда, а ну-ка, пайшлі прэч

адсюль,

Паспяшайце, самі сябе суцяшайце.


Плача Рахіль.
А н ё л

Не плач, не плач, Рахіль,

Тваё дзіцятка не ўмерла.

Яно ў Боскім садзе кветачкі збірае

Ды з анёламі гуляе.
I р а д

Што я чую, не гуляе і не збірае,

Бо мой ваяка справу знае.

Ваяка, ваяка, хадзі да мяне!


В о і н

Аць-два, аць-два, аць-два, стой!

Па тваім загадзе з'явіўся!
I р а д

За добрую службу, за шчырую дружбу

На табе трошкі грошай.

Схадзі, пагуляй з раскошы,

Выпі чарку, дай каму па карку.
В о і н

Рады старацца.

Зважай! Крокам руш!

Налева, кругом марш!

Аць-два, аць-два, аць-два!
Раздаецца стук.
С м е р ц ь

Здарова, Ірад!


I р а д

А... вой...

Ваяка, мой ваяка, верны мой служака!

Ратуй! Гані ад мяне гэтую пачварыну.


С м е р ц ь

Твой ваяка-небарака

Зайшоў да кабака,

Выпіў чарку, атрымаў па карку

Ды і ляжыць.

А я, смерць-касціста,

Маю касу сталісту, во, панюхай!

Прыйшла цябе, гада, у пекла справадзіць.


I р а д

А... вой... смерць-матухна,

Пачакай трошкі,

Не трымай на мяне злосці,

Дам я пурпуры на твае старэчыя косці.
С м е р ц ь

Ірад, твая хаўтурная песня спета,

Згінеш ты зараз з гэтага свету.

Як ты немаўлятам, так і я табе

Касой галаву сагну...

А ну-ка, кладзіся... Жых...


Ч о р т:

Ха-ха-ха, ха-ха-ха-ха...

Цар-небарака,

Любы мой дружака,

Ну што — мне быць каранаваным

Ці выратаваным.

Ат... нічога, хадзем са мной у пекла,

Будзем там у карты гуляць

Ды старых баб забаўляць.

Згінуў ты да звання,

Не будзе табе выратавання.
В о і н

О, трошкі пагуляў

I свайго гаспадара праспяваў.

Толькі не разабраў,

Ці то ён цара, ці

Ірад яго ў пекла

павалок.

А... нічога.

Пазбыў пана, буду піць віно збанам,

Піць, гуляць, Каляды ўспамінаць.



(Спявае)

Ой калядачкі, бліны-ладачкі,

Ой люлі-люлі, бліны-ладачкі,

Ой люлі-люлі, бліны-ладачкі!



__________

1 Псалом — тут: песня рэлігійнага зместу.

2 Пасцінаць (ад сцінаць) — ссячы.

3 Самавіты — тут: заможны, багаты.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка