Настасся Баярскіх, Мінск Гармонія статыкі і дынамікі ў беларускіх і чэшскіх песнях пра каханне




Дата канвертавання15.05.2016
Памер55.82 Kb.
Настасся Баярскіх, Мінск

Гармонія статыкі і дынамікі ў беларускіх і чэшскіх песнях пра каханне.

Як вядома, дынаміка і статыка – узаемазвязаныя феномены і паняткі, якія граюць важную ролю ў шматлікіх філасофскіх і навуковых тэрыях быцця і мыслення, руху, прасторы і часу, развіцця свету. У Арыстоцеля тэрмін “dynamis” ( греч. - рух) значыў патэнцыю (магчымасць) дзеяння. Аднак пад дынамікай нярэдка разумеюць любы рух, змяненне, тэмпаарльнасць, іначай – змяненне ўвогуле, звязанае з агульным ўзаемадзеннем аб’ектаў рознага роду. Прамы антыпод дынамікі – статыка (грэч. - statos – які стаіць). Можна сцвярджаць, што быццё ў цэлым складаецца з руху і нерухомасці, з дынамікі і статыкі.

Ніхто не будзе адмаўляць той факт, што ў сваёй творчасці народ інтуітыўна вынайшаў універсальныя мастацкія сродкі ўплыву на яго эмацыянальную сферу, якіх прытрымліваўся больш-менш пастаянна. Паспрабуем знайсці тую заканамернасць (мадэль), па якой гарманізуецца народная творчасць. Р. М. Кавалёва закранула аспект праблемы на матэрыяле каляндарна-абрадавых песень [1, 204], мы ж, улічваючы той факт, што агульным кірункам развіцця сучасных гуманітарных ведаў з’яўляецца антрапацэнтрызм – цікавасць да чалавека, фарміравання яго ўнутранага свету пад знакам агульначалавечых, нацыянальных і культурных каштоўнасцей, спынімся на песнях пра каханне. Як адзначыў беларускі даследчык І.К. Цішчанка, сярод пазаабрадавай лірычнай паэзіі яны вылучаюцца тэматычным багаццем і разнастайнасцю. У іх вобразнай сістэме моцна выяўляецца індывідуальны пачатак, увага да ўнутранага свету персанажаў, што абумовіла кампазіцыю твораў і выбар паэтычных сродкаў выразнасці. Лірычны герой тут прадстаўлены шэрагам псіхатыпаў [2, 6].

Зыходзячы з таго, што на сучасным этапе развіцця навукі вельмі актуальна як уключэнне здабыткаў беларускай народнай творчасці ў славянскі кантэкст, так і асэнсаванне спецыфікі любоўных песень іншых славян, мы лічым перспектыўным параўнанне чэшскіх і беларускіх песень пра каханне. Наколькі нам вядома, падобны аспект у айчыннай фалькларыстыцы застаецца па-за ўвагай даследчыкаў.

Р. М. Кавалёва адзначае, што адна з мадэлей, якая дазваляе зразумець тайну своеасаблівай суразмернасці каляндарных песень, сакрэт іх унікальнай універсальнасці і прывабнасці, мадэль своеасаблівай гарманізацыі тэксту па лініі дасканалага, сэнсава апраўданага і псіхалагічна абумоўленага спалучэння дынамічных і статычных частак, што пазбаўляе тэкст манатоннасці, прымушае ўнутраны зрок то рухацца, то спыняцца, каб больш уважліва ўглядзецца ў мастацкую дэталь, важную для перадачы рытуальнага зместу абраду. Назапашванне статычна-дынамічных структур у сферы міфарытуальнай паэзіі, іх стабілізацыя і мадэрнізацыя адбываліся згодна з логікай абраду [1, 205].

Выкажам меркаванне пра тое, што ў пазаабрадавай лірыцы, у прыватнасці ў любоўных песнях, назапашванне статычна- дынамічных структур, улічваючы іх вышэйзгаданыя асаблівасці, адбываецца згодна з псіхалагічным станам лірычнага героя ці гераіні.

Праанлізаваўшы корпус чэшскіх і беларускіх песень пра каханне, мы выявілі даволі шырокі спектр матрыц статычна-дынамічнай арганізацыі твораў. Усе матрыцы можна апісаць пры дапамозе схем, дзе С – статычны кампанент, Д – дынамічны. Варта адзначыць, што вялікую колькасць складаных разгорнутых схем можна ў выніку звесці да двух базавых тыпаў.

Першы тып характарызуецца правільнай амплітудай хістання. Яго схема С – Д – С – Д. Звернем увагу на тэкст песні “Як з-пад каменя, і з-пад белага”:



Як з-пад каменя і з-пад белага

Тамя цячэ рака, рэчка быстрая,

Рэчка быстрая, вада чыстая.

Як на той рэчцы мост калінавы,

Мост калінавы, куст ракітавы.

Як пад тым кустом дзеўка мылася,

Дзеўка мылася, румянілася.

На гару ўзышла – станавілася,

Красатой сваёй йна дзівілася:

- Красата мая – жысць дзявоцкая

Замуж я пайду – красату згублю,

Красату згублю – мужа нажыву. [2, 48]

Як бачым, тэкст песні пачынаецца дынамічным малюнкам рэчкі быстрай, што цячэ з-пад белага каменя. Потым перад намі паўстае статычны малюнак калінавага маста і ракітавага куста “на той рэчцы”. За гэтым ствараецца дынамічны малюнак таго, як “дзеўка мылася, румянілася…” Замыкаецца тэкст наступным чаргаваннем статычнага і дынамічнага кампанентаў, дзе “ – Красата мая – жысць дзявоцкая” – кампанент статычны, а апошнія два радкі – кампанент выразна дынамічны, што, да рэчы, падкрэсліваецца і на ўзроўні сінтаксісу: у статычным кампаненце дзейнік і выказнік выражаны назоўнікамі, у дынамічным – дзеясловамі “пайду – згублю” і “згублю – нажыву” адпаведна.

Наступная мадэль твораў скіравана на тое, каб шляхам ўвядзення дадатковых элементаў больш выразна адцяніць статычную і дынамічную часткі. Яе схема С (С1 – С2) – Д (Д1 – Д2), дзе ўнутры кожнай часткі ёсць статычныя і дынамічныя кампаненты. Тыповы ўзор – наступны тэкст чэшскай песні:

A já vždycky, co mě má hlavička pobolívá,
a já vždycky, co mě hlava bolí ?
Má hlavička pobolívá,
má panenka zapomíná,
a já vždycky, co mě má hlava bolí ?

Však já přece pro tě do nemoci neupadnu,
však já přece pro těstonat nebudu !
Do nemoci neupadnu,
když tě, holka nedostanu,
však já přece pro tě stonat nebudu
[3].

Першая страфа прысвечана статычнаму апісанню фізічнага стану лірычнага героя: ён пачуваецца дрэнна, яму баліць галава. Праз прыём сінтаксічнага паралелізму ў межах гэтай страфы спалучаецца ў адзіны эмацыянальна-псіхалагічны комлекс два статычныя кампаненты: галава баліць –каханая забывае.

Другая ж страфа фіксуе дынамічны зрух у душы і думках лірычнага героя. Праз уяўны дыялог са сваёй абранніцай ён сцвярджае, што не захварэе, нават калі дзяўчына не пажадае быць яму парай. І зноў праз прыём сінтаксічнага паралелізму чаргуюцца два віды сэнсавай дынамікі: я не захварэю і па табе стагнаць не буду – я цябе не высватаю.

Чаргаванне статычнага і дынамічнага можа фарміравацца другаснымі сродкамі. Прыкладам рознага роду супрацьпастаўленнямі (кшталту ляжаў-бяжаў), ужо ўзгаданым сінтаксічным паралелізмам, дыялагічнай пабудовай твора (а дыялог сам па сабе з’ява дынамічная) ці самымі рознымі апісаннямі, якія ўзмацняюць статычны кампанент.

Да прыкладу статычны кампанент ускладняецца вобразным проціпастаўленнем у песні “Каліна-маліна”:

Каліна-маліна,

Галлё паламаламана.

Ой, кажуць мне людзі,

што я малявана. [2, 50]

Дынамічны кампанет ускладняецца пры дапамозе пытальна-адказнага ходу і вобразнага паралелізму ў песні “Ты рэчанька, ты, быстрая”:



Ты, рэачнька, ты, быстрая,

Чаго засмучона?

А ці цябе вална збіла,

Ці рыбка змуціла?

Ані мяне вална збіла,

Ні рыбка змуціла:

Збілі мяне буйны ветры

З дробнымі даждамі. [2, 52]

Такім чынам, можна адзначыць, што архаічная па сваім характары культура, якой з’яўляецца каляндарная абраднасць, нараджае ўвасабляючы яе тэкст, яна, як правіла, накладае яго на статычна-дынамічную структуру або на статычную і дынамічную паасобку [1, 205]. На матэрыяле любоўных песень мы бачым тую ж заканамернасць: які б кантэкст мы ні ўзялі – вузкі (асобная песня) ці шырокі (група твораў), – няцяжка заўважыць, што дынамічны імпульс амаль заўсёды ўраўнаважваецца статыкай выніку, з’яўлення, існавання [1, 205]. Як бачым, матрыцы гарманізацыі статычнага і дынамічнага з’яўляюцца ўніверсальнымі, прынамсі ў усходніх і заходніх славян. Рэлевантнай для кожнага нацыянальнага корпусу тэкстаў тут, відаць, з’яўляецца вобразная і канцэптуальная сістэма.



Літаратура:

  1. Кавалёва Р. М. Абрадавая гармонія статыкі і дынамікі ў змястоўнай структуры ўсходнеслаянскіх каляндарных песень// Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: матэрыялы ІХ Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прычвечанай 70-годдзю філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мінск, 15 – 17 кастрычніка 2009г.). Мінск, 2010

  2. Песні пра каханне / уклад. І. К. Цішчанка. – Мінск, 1978.

  3. České lidové písně [Электронны рэсурс] Рэжым доступу: http://lidovepisne.cz/. Дата доступу: 20.03.2009


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка