Настаўнік дуа “Гімназія №1 г. Барысава” Галушка Н. М. Беларуская мова 10 клас




Дата канвертавання15.03.2016
Памер75.98 Kb.
Настаўнік ДУА “Гімназія №1 г. Барысава”

Галушка Н.М.
Беларуская мова 10 клас (студзень)

Тэма: Прыметнік як часціна мовы. Ступені параўнання прыметніка
Мэта:

  • абагульніць тэарэтычныя веды па тэме “Прыметнік”, аднавіць і замацаваць навык вызначэння разрадаў прыметнікаў, удасканальваць уменні і навыкі ўтварэння і ўжывання ступеняў параўнання прыметнікаў у беларускай мове;

  • развіццё вуснай мовы старшакласнікаў, навыкаў канспектавання;

  • праз тэматычны дыдактычны матэрыял спрыяць развіццю патрыятычных пачуццяў.


Абсталяванне:

  • прэзентацыя “Лексіка-граматычныя разрады прыметнікаў. Ступені параўнання прыметнікаў”;

  • практыкаванні да ўрока для кожнага вучня;

  • Валочка Г. М., Зелянко В. У. “Беларуская мова: падручнік для 10 класа агульнаадукацыйнай школы з рускай мовай навучання”, Мн, “Нацыянальны інстытут адукацыі”, 2009.


І. Праверка дамашняга задання:

1.Настаўнік: На папярэдніх уроках мы знаёміліся з граматычнымі катэгорыямі, марфалагічнымі прыкметамі, асаблівасцямі змянення і ўжывання назоўнікаў.

Перад вамі план, па якім мы працавалі над характарыстыкай назоўніка.

Слайд 1:




  1. Вусны адказ вучня. (Патрабаванні: выказванне носіць навуковы характар, факты выкладаюцца паслядоўна, лагічна, доказна, прыклады адпавядаюць тэме “Беларусь: прырода, гісторыя, людзі”)


ІІ. Запіс тэмы ўрока. Пастаноўка задач урока:

Слайд 2:

Настаўнік: Прыметнік – тая часціна мовы, з якой вы знаёмы з пачатковых класаў. Таму наша задача – толькі паўтарыць і абагульніць ужо вядомае. Асаблівая ўвага – утварэнню і ўжыванню ступеняў параўнання.



ІІІ. Работа над паўтарэннем і абагульненнем тэмы “Прыметнік як часціна мовы”.

  1. Настаўнік: Перш чым пачнём працу над тэмай урока, давайце ўспомнім, што такое ўвогуле часціна мовы? Звернемся зноў да плана характарыстыкі назоўніка. Паспрабуйце ахарактарызаваць па ім прыметнік.




  1. Адказы удакладняе вучань, які рыхтаваў індывідуальнае паведамленне, вучні робяць кароткія запісы ў лінгвістычныя дзённікі.


Прыкладны змест паведамлення:

Сама назва гэтай часціны мовы паказвае на прызначэнне – абазначаць прымету прадмета. Найчасцей прадмет называецца назоўнікам, прыметнік жа існуе як яго адвечны спадарожнік, удакладняльны і характарызавальны.

Семантычныя магчымасці прыметніка неабмежаваныя. Ён здольны абазначаць прадмет паводле формы: пакручасты ручаёк, вастраверхія сосны; колеру: русыя валасы, блакітныя азёры; памеру: неабсяжныя палі; знешняга выгляду: прывабная дзяўчына, атлетычная фігура; духоўных якасцей чалавека: чулы сябар, самаахвярны воін; прыналежнасці: паэтава сэрца, бацькаў наказ.

Размяжоўваюцца прыметы пераменныя, якія можна змераць, і прыметы сталыя, невымяральныя.



Слайд 3:


З такім размежаваннем звязаны падзел прыметнікаў на разрады: якасныя, адносныя і прыналежныя.

Слайд 4:

Якасныя абазначаюць якасць у прадмеце, якая можа прысутнічаць у большай ці меншай ступені: чысты небасхіл, высокая брама, стары шыпшыннік. Таму перш за ўсё якасныя прыметнікі пазнаюцца па здольнасці ўтвараць ступені параўнання: цёплы – цяплейшы, надзейны – больш надзейны. Але для іх характэрны і наступныя асаблівасці: толькі ад якасных прыметнікаў можна ўтварыць формы суб’ектыўнай ацэнкі: лёгкі – лёгенькі, вялікі – велічэзны; ад іх утвараюцца якасныя прыслоўі: весела, па-маладому; яны могуць мець антонімы: дужы – слабы, ціхі – гучны; некаторыя могуць утвараць кароткую форму: дуж, повен, гатоў.



Слайд 5:

Адносныя даюць характарыстыку прадмету праз яго адносіны да іншых прадметаў, матэрыялу, часу, месца, дзеяння і г.д., таму адносіны заўсёды абсалютныя, яны або дадзеныя або не: драўлянае дойлідства, каменныя муры, гістарычныя падзеі, мастацкая літаратура. Адзін з прыёмаў, якім можна карыстацца, каб пазнаць адносныя прыметнікі, – гэта суаднясенне яго з назоўнікавымі спалучэннямі: вечаровы прыцемак – прыцемак вечара, сонечны дыск – дыск сонца.



Слайд 6:

Прыналежныя прыметнікі адказваюць на пытанне чый? і маюць значэнне прыналежнасці. У іх утварэнні удзельнічаюць асобыя суфіксы, якія далучаюцца да асноў назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду: млынароў сын, дзедава парада, ластаўчына гняздо.



  1. Настаўнік выстаўляе і каменціруе адзнаку за выкананае заданне, прапаноўвае вучням адказаць на наступныя пытанні:

  • Прыметнікі якіх разрадаў не могуць мець невытворную аснову?Чаму?

  • У якой з моў – рускай ці беларускай – часцей ужываюцца кароткія прыметнікі?

  • У якой з моў – рускай ці беларускай – часцей ужываюцца прыналежныя прыметнікі?

  • Ці заўсёды прыметнік “замацаваны” за адным разрадам? Прывядзіце прыклады.

  1. Практыкаванне 1.Выпісаць з верша прыметнікі, ахарактарызаваць іх паводле лексіка-граматычных разрадаў:

Я не ганю землі чужыя –

Хай іх сонца не абміне.

Толькі дзе за морам ні жыў я,

Беларусь мая снілася мне.

Так карцела – сляза закіпала, –

Каб да сэрца хаця б здалёк

Прыплывалі жалейка Купалы,

Багдановічаў васілёк...

Гэта ўсё, безумоўна, не нова.

А ці трэба, каб новым было

Поле бацькава, матчына слова

І буслова – над хатай жытло?

І якія б шляхі ні схадзіў я,

Кліча полацкая сенажаць...

А калі не спяваць аб Радзіме,

Дык навошта наогул спяваць?

(Г. Бураўкін)

ІV. Работа над паўтарэннем і абагульненнем тэмы “Ступені параўнання прыметнікаў”:


  1. Дэманстрацыя слайдаў 7,8,9 прэзентацыі: спосабы ўтварэння вышэйшай, найвышэйшай ступеняў параўнання, асаблівасці іх ўжывання ў мове.





  1. Настаўнік: А ці ёсць сярод якасных прыметнікаў такія, якія не ўтвараюць ступені параўнання?

  2. Удакладненні вучня, які рыхтаваў індывідуальнае паведамленне:

Прыкладны змест паведамлення:

Не ўтвараюць ступеняў параўнання прыметнікі з так званай “абсалютнай ” ступенню якасці: глухі, сляпы, мёртвы, кульгавы; прыметнікі з суфіксамі ацэнкі: ціхуткі, паўнюткі, маленечкі, велічэзны; са значэннем масці жывёл: буланы, пярэсты, гняды; ад прыставачных прыметнікаў з адмаўленнем якасці: бясстрашны, непакорны; ад прыметнікаў з непаўнатой якасці: стараваты, ленаваты; ад складаных прыметнікаў: добразычлівы, мяккацелы; ад некаторых колеравых прыметнікаў: бэзавы, аранжавы, фіялетавы.

Некаторыя прыметнікі не ўтвараюць толькі адну са ступеняў ці адну з форм ступені, напрыклад, прыметнікі з суфіксамі –н, - ав, -к,

-аст, -лів, -альн, -ічн і інш. Не ўтвараюць простай формы вышэйшай ступені: цікаўны, грувасткі, галінасты, экзатычны.



  1. Практыкаванне 2. Адкажыце на пытанні, ужываючы прыметнікі ў формах ступеняў параўнання:

а) Плошча Нарачы – 79,6 квадратных кіламетраў, астатнія беларускія азёры не дасягаюць такога ўзроўню. Параўнайце Нарач па плошчы з усімі астатнімі беларускімі азёрамі.

б) Глыбіня возера Доўгае – 86 метраў. Такой глыбіні не зафіксавана ў іншых беларускіх азёрах. Ахарактарызуйце яго глыбіню ў параўнанні з іншымі беларускімі азёрамі.

в) Працягласць ракі Бярэзіны складае 613 кіламетраў, Дняпра – 900, а Прыпяці – 500. параўнайце працягласць Бярэзіны з працягласцю Дняпра і Прыпяці.

г) У Мінску пражывае каля 2-х мільёнаў чалавек, у Гомелі – прыблізна 481 тысяча, у Магілёве – 364, у Віцебску – 342, у Гродне – 312, у Брэсце – 296. Параўнайце сталіцу рэспублікі па колькасці насельніцтва з абласнымі цэнтрамі.

д) Дзяржынская гара ўзвышаецца над узроўнем мора на 346 метраў, Лысая – на 342, Маяк – на 335. Ахарактарызуйце вышыню Дзяржынскай гары ў параўнанні з іншымі.


  1. Практыкаванне 3. Перакладзіце на беларускую мову:

а) Красивейшие пейзажи открываются перед путешественниками на берегах притока Припяти – Уборти. Беловежская пуща – древнейший в Европе природный заповедник.

б) Дуб толще ольхи, книга интереснее фильма, море глубже озера.

(Праверка выкананага практыкавання, карэкцыя)

V. Праверка ўзроўню засваення тэмы:

Практыкаванне 4. Выканайце тэст:

А1. Укажыце словазлучэнні з якаснымі прыметнікамі:


  1. спелае жыта, 2) залатая пшаніца, 3) васільковыя вочы,

4) лясная рачулка, 5) палявыя кветкі;
А2. Укажыце словазлучэнні з адноснымі прыметнікамі:

  1. лісіны след, 2) лісінае футра, 3) лісіная нара, 4) лісіная шапка,

5) лісіны нораў;
А3. Укажыце словазлучэнні з прыналежнымі прыметнікамі:

1) Коласава паэма, 2) коласаўскія героі, 3) матуліны клопаты,

4) мацярынскае цярпенне, 5) Багдановічавы санеты;
А4. Укажыце прыметнікі, якія не ўтвараюць ступеняў параўнання:

1) родны, 2) чысты, 3) буланы, 4) бескампрамісны, 5) чырванаваты;


А5. Укажыце сказы з памылкамі ва ўжыванні ступеняў параўнання прыметнікаў:

1) Дзесятка – найбольш вышэйшая адзнака.

2) Важнейшая задача – уздым прамысловасці.

3) Здароўе даражэй багацця.

4) Беларускія спартсмены дэманструюць на многіх спаборніцтвах найвышэйшыя вынікі.

5) Восеньскае лісце – найпрыгажэйшы дыван.


VІ. Самаправерка тэста па ключы: А1 – 1,2,3; А2 – 2,4; А3 – 1,3,5;

А4 – 3,4,5; А5 – 1,2,3; работа над памылкамі.


VІІ. Знаёмства са стылістычнай функцыяй прыметнікаў.

Практыкаванне 5. Прачытайце тэкст.

Трэба вельмі многа ездзіць, сябры. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца мясцін на Зямлі. Убачыце далёкія агні новабудоўляў і цёмныя волаты замкаў, партызанскія зямлянкі і вясёлкі Каложы. І азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе, і старыя каменныя млыны над рэчкамі, што зараслі белай лілеяй, поўню ў азёрнай вадзе і водсвет яе на мокрых тратуарах гарадкоў. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачыце звяроў і аленяў. Пройдзеце па зажураных пушчах Палесся. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.

а) Правядзіце стылістычны эксперымент: што здарыцца з тэкстам, калі яго пазбавіць прыметнікаў?

б) Выпішыце прыметнікі-эпітэты разам з назоўнікамі, якія яны паясняюць, вызначце спосаб падпарадкавальнай сувязі ў словазлучэннях.



VІІІ. Падвядзенне вынікаў урока:

Практыкаванне 6. Састаўце сінквейн “Прыметнік”.

Сінквейн – з французскай мовы ‘пяцірадкоўе’:

1 – адзін назоўнік – тэма;

2 – два словы – прыметнікі, дзеепрыметнікі ці займеннікі;

3 – тры словы – дзеясловы;

4 – сказ – завершаная думка;



5 – назоўнік – вывад.
ІХ. Дамашняе заданне:

паўтарыць матэрыял параграфа 23, практ. 180.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка