Настаўнiца геаграфii гiмназii №10 г. Маладзечна Дрокiна Галiна Пятроўна Маладзечна 2009




Дата канвертавання09.05.2016
Памер50.81 Kb.

Урок геаграфii


па тэхналогii развiццёвага навучання.
Тэма:

«Прыродныя зоны Паўднёвай Амерыкi»

8 клас

Настаўнiца геаграфii
гiмназii №10 г. Маладзечна

Дрокiна Галiна Пятроўна



Маладзечна 2009


Мэта: напрыканцы ўрока ўсе вучнi павiнны ўмець паказваць на карце i называць прыродныя зоны Паўднёвай Амерыкi, ведаць асаблiвасцi прыродных кампанентаў i iх адрозненне ад прыродных кампанентаў Афрыкi. На працягу ўрока садзейнiчаць развiццю лагiчнага мыслення, умення сапастаўлення, сiстэматызацыi ведаў, садзейнiцаць фармiраванню экалагiчнай культуры i глабальнага мыслення.
Тып урока: урок развязвання асобных задач па выкарыстанню адкрытага паняцця. Тэхналогiя развiццёвага навучання.
Абсталяванне: фiзiчная карта Паўднёвай Амерыкi, карта прыродных зон, клiматычная карта, атласы, падручнiк, сшыткi па геаграфii, таблiцы па прыродных зонах Паўднёвай Амерыкi, вiдэасюжэт аб вiльготных экватарыяльных лесах.

Ход урока.


1. Арганiзацыйны пачатак урока.
Настаўнiк (Н.):

“Прывiтанне”



2. Актуалiзацыя папярэднiх ведаў.
Настаўнiк (Н.):

“Мы з вамi заканчваем вывучэнне апошняга з паўднёвых мацерыкоў – Паўднёвай Амерыкi. Як вам вядома, на ўсiх папярэднiх мацерыках пакiнулi след нашы землякi-беларусы. Хто гэта?”


Вучнi (В.):

У Афрыцы – Радзiвiл Сiротка, у Антарктыдзе – сучасныя палярныя даследчыкi, у Паўднёвай Амерыцы – Iгнат Дамейка, iмя Касцюшкi увекавечана ў Аўстралii.


3. Матывацыя (стварэнне сiтуацыi поспеху).
Н.:

“Усе яны мелi розныя мэты сваiх падарожжаў, але ўсiх iх аб’ядноўвала прага да адкрыцця новага, невядомага. Я думаю, што прырода Паўднёвай Амерыкi для вас таксама пакуль невядомая. Як вы ўяўляеце яе? Паспрабуйце расказаць.”


В.:

Распавядаюць, як яны ўяўляюць прыроду Паўднёвай Амерыкi, прапануюць свае гiпотэзы (якiя, вядома, будуць адрознiвацца).


Н.:

“Чаму вашы гiпотэзы – розныя? Якая перад намi стаiць задача?”


В.:

Фармулююць задачу ўрока: выявiць асаблiвасцi прыродных зон. Паўднёвай Амерыкi.


Н.:

“Я прапаную вам арганiзаваць экспедыцыю з мэтай даследавання i вывучэння прыродных зон Паўднёвай Амерыкi.”

Клас падзяляецца на каманды (5, адпаведна колькасцi асноўных прыродных зон: вiльготныя экватарыяльныя лясы, саванны i рэдкалессi, пустынi i паўпустынi, стэпы, высакагорныя вобласцi Андаў).

Як вы думаеце, ці справiцеся вы з заданнем? На якую адзнаку”


В.:

Адказваюць, на якую адзнаку яны ацэньваюць свае магчымасцi?


4. Рэканструкцыя мадэлi прыродный зоны.
Н.:

Арганiзацыя праблемнай гутаркi з апорай на схему-мадэль. Разгортванне «мадэлi». Настаўнiк на дошцы рысуе схему схему прыроднага компекса з кампанентамi.



“Што такое прыродная зона? З якiх кампанентаў яна складаецца? Якiя сувязi iснуюць памiж кампанентамi?”



5. Стварэнне па мадэлi прыроднай зоны характарыстыкi адной з прыродных зон Паўднёвай Амерыкi.
Н. :

Арганiзуе групавую работу. Кожная каманда атрымлiвае лiст паперы са схемай-мадэллю прыроднай зоны i назву канкрэтнай прыроднай зоны, якую яна (каманда) павiнна даследаваць, а таксама ўказаць мясцовую, паўднёваамерыканскую назву, напрыклад: стэпы – пампа.


В.:

Працуюць у групах. У кожнай групе выбiраюць «кiраўнiка экспедыцыi», якi размяркоўвае сярод удзельнiкаў экспедыцыi заданнi (кожнаму – свой кампанент), карыстаючыся тэкстам падручнiка i атласамi.


6. Справаздача экспедыцый.
В.:

Дэманстрацыя разгорнутай мадэлi сваёй прыроднай зоны з канкрэтным указаннем тыпу клiмата, глебаў, тыповых раслiн i жывёл. Кожны «кiраўнiк экспедыцыi» павiнен паказаць на карце сваю прыродную зону, знайсцi на дошцы папярэдне прымацаваную таблiцу, якая адпавядае яго прыроднай зоне, прымацаваць на ёй мадэль-справаздачу i агучыць вынiкi сумеснай працы (асаблiвасцi кожнага з кампанентаў).


Н.:

Задае пытаннi кожнаму кiраўнiку экспедыцыi: «Цi падцвердзiлася гiпотэза? Цi падцвердзiлася папярэдняя адзнака сваёй будучай даследчай дзейнасцi»


7. Стварэнне праблемнай сiтуацыi. Пошук вырашэння.
Н.:

“Дзякуй кiраўнiкам экспедыцыi за працу. Я думаю, вы ўжо добра ўяўляеце асаблiвасцi i незвычайнасцi прыродных зон Паўднёвай Амерыкi: калiбры, гевея, анаконда, кебрача, … усё экзатычна, прыгожа. Але…” Настаўнiк падпальвае галiнку эўкалiпта i задае пытанне аб апошнiх падзеях у Аўстралii (у той час там адбывалiся моцныя пажары). Цi прыводзiць прыклад: вучоныя сцвярджаюць, што знiкненне аднаго толькi вiду раслiн у Амазонii вядзе за сабой знiкненне прыкладна 40 вiдаў раслiн i жывёл у свеце. “Чаму так адбываецца? Якiя яшчэ пагрозы iснуюць для прыродных комплексаў Паўднёвай Амерыкi?”


В.:

Знаходзяць у тэксце параграфа, абмяркоўваюць у групе i наносяць на сваёй схеме-мадэлi стрэлкi з надпiсамi экалагiчных праблем i пагроз. Агучваюць перад класам.

Напрыклад, высяканне лясоў, здабыча карысных выкапняў, апустыньванне глебаў, будаўнiцтва дарог i прамыслоых аб’ектаў i г.д.
8. Замацаванне.
Н.:

Знайдзiце i назавiце агульнае i адрозненнi ў прыродных зонах Паўднёвай Амерыкi i Афрыкi.


В.:

Адказваюць на пытанне, прыводзяць прыклады. Карыстаюцца таблiцай «Прыродныя зоны Афрыкi» у сшытках.


Н.:

“Што з сёняшняга ўрока-даследавання вы прапанавалi б для запiсу ў «рэкорды мацерыка» (У класе iснуе традыцыя запiсу на асобнай старонцы сшытка своеасаблiвых «рэкордаў» па кожнаму мацерыку, напрыклад, для Паўднёвай Амерыкi: вадаспад Анхель – самы высокi ў свеце, самая паўнаводная рака свету Амазонка, Анды – самая працяглая горная сiстэма ў свеце).


В.:

Называць i запiсваюць «рэкорды» ў сшытак, напрыклад, анаконда – самая вялiкая змяя, калiбры – самая маленькая птушка i г.д..



9. Рэфлексiя.
Вучнi выбiраюць любы пункт з прапанаваным малюнкам, адпаведна свайму адчуванню на ўроку.


1. Пустыня – кожны дзень адное i тое ж.



2. Штурм горнай вяршынi – цяжка, але цiкава.



3. Балота – непрыемна хадзiць па балоту.



4. Туман – можа тут i ёсць нешта цiкавае, але пакуль нiчого не вiдаць.



5. Па хвалях, пад ветразем – хутка i лёгка. Нават занадта лёгка.



6. Лясная дарога – за кожным паваротам адкрываецца нешта новае.




10. Дамашнее заданне.
Н.:

Дэманструе любы вiдэасюжэт аб вiльготных экватарыяльных лясах. “10-14 ярусаў дрэў, усё перавiта лiянамi, адныя дрэвы цвiтуць, другiя пладаносяць, вялiзарная бiямасса, усепераможнасць жыцця! Але як толькi мясцовыя жыхары высякаюць дрэвы, сеюць на гэтым месцы культурныя раслiны, праз год-другi глеба становiцца бясплоднай, неўрадлiвай i ператвараецца ў пустэчу. Чаму? Падумайце аб гэтым дома, i мы абмяркуем гэта на наступным уроку.”


На дошцы запiсвае Д/з §29.
В.:

Запiсваюць дамашнее заданне ў дзённiкi.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка