Нашу Сіўку нешта трывожыла




Дата канвертавання13.05.2016
Памер52.82 Kb.
Ветэрынар
Нашу Сіўку нешта трывожыла.

Прыйдзеш у хлеў пасля ночы, дык пад нагамі ў яе кола вытаптана, як каля малатарні, а сама яна пасуслена ўся, пад пахамі мокра, і грыва паплецена ў коскі, ды гэтак хораша, быццам знарок.

Прабавалі ўсялякай рады. Усіх шаптух абхадзілі. Адна шаптуха параіла ўзяць чырвонай бульбы з белымі вочкамі, якая завецца вар'яткай, надзерці яе на тарку і мазаць Сіўку нанач. Другая параіла, каб апоўначы верхам на Сіўцы аб'ехаць тры разы вакол могільніка. Але нішто не памагло.

Узлаваўся наш тата.



  • Ну іх,— кажа,— з шаптухамі! Толькі ўсё сала ды крупы звёў. Паеду заўтра на ветэрынара, няхай хлеў агледзіць, што ён скажа, паглядзім.

  • Што ён табе паможа, ветэрынар гэты! — за-супярэчыла мама.

Ды тата сказаў ёй, што «тут ужо няхай твая галава не баліць»,— і паехаў.

Чакалі мы, чакалі. Мама і стол заслала настоль-нікам, і хату разы два перамяла, і фартух новы пад-вязала. А ўжо толькі ўвечары — лах-лах калёсы: уз'язджае наш тата на двор. Уваходзіць у хату, а на руках у яго маленькі сівенькі козлік.

—Вось я вам які я лекі купіў!—кажа тата. Развязаў казлу ножкі і пусціў яго на падлогу.

У козліка — рожкі і пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка.

—Дык гэта ты — ветэрынар?—скубянуў я яго за бародку.

А ён — таўхель мяне рогам, і мы ўсе ў рогат: і тата, і мама, і я.

—Сіўку трывожыць ласіца,—кажа тата,—мне ветэрынар сказаў. Казыча кабылу, каб яна бегала, спацела,а тады пот яе смокча. Ласіца вельмі казінага паху баіцца, адразу не пойдзе. А шаптухі немаведама што раілі. Туманяць вочы, дый толькі.

—Ну,будзем бачыць,—сказала мама,—што ты з сваім казлом вымудруеш.

А козлік, мусіць, не ведаючы, што аб ім ідзе гутарка,— скок на лаву, скок на стол, на ложак, а з ложка на печ. Стаў на коміне ды «ме-е-е!». Першы раз такім тонкім, дрыжачым голасам.

Ах ты, свавольнік!



* * *

Памясцілі козліка з Сіўкай разам.

I з таго часу ласіца перастала Сіўку і ганяць, і косы заплятаць у грыве. Толькі козлік пасля ночы стаіць ці ляжыць замучаны, сам не свой, ды толькі тоненька, дробненька: «Ме-е-е!..»

— О,бедны мой ветэрынар!—жартую я, ды яму не да смеху.

Пасля ж і яго пакінула ласіца — зусім адчапілася. Спаць прымасціўся ён у Сіўчыным катуху, на сене. Сіўка спачатку пырхала на яго і туліла вушы, а потым прызвычаілася ці, можа, таксама ўцяміла, што ён яе «ветэрынар».

Паілі козліка малаком з бутэлькі цераз соску. Угледзіць толькі — эх, бяжыць! Укленчыць і смокча, узяўшы соску на язык, толькі хвосцікам падрыгвае. Вельмі ж я любіў падманьвацца з ім гэтай бутэлькай з малаком. Як ён бегае за мной і мекае і тоўхаецца рожкамі ў калені!

Падрос козлік і вельмі ж развалачыўся. Панадзіўся ў Піліпавы грады і ўсе капусныя высадкі абцера-біў. Ганяе яго цётка Марта і лаецца: «А каб цябе так ды гэтак!»

А дома ў нас панадзіўся ў каморку, па крупы. Так сабе клямку рогам — раз, дзверы — таўхель, скіне днушка з кубельца і — чаў-чаў-чаў — есць, толькі бародкай трасе. А то хлеб знойдзе, усе боханы паабгрызае. Проста рады няма. «А каб цябе воўк заеў!» — лаецца мама. А ён забяжыць за вугал ды толькі бародку сваю высуне, цікуе. Век жа не будзеш стаяць, нойдзеш, а ён тады зноў — дэб-дэб — ідзе назад.

А хітры, хітры!

Збяруцца каля нас мужчыны на вуліцы, гутараць, кураць. А ён — тыц у тое кола са сваёй барадой, стаіць і слухае таксама. Я да яго з надворка ці з акна:

—Эй, ты, ветэрынар!

А ён адвернецца — ме-е-е! — і слухае далей.

—Дайце вы яму, дзядзькі, закурыць!—крычу я, а мужчыны смяюцца.

Нехта зачэпіць яго, дык ён толькі рогам штурхне (не лезь, не перашкаджай) і зноў слухае. Ах ты, барадаты!



* * *

Тата паехаў да цёткі Марылі і прывёз назад нашага Жука.

Наша цётка — удава, жыве наводшыбе ад вёскі і вельмі ж баіцца зладзеяў. Прыстала да таты ўвосень, і ён даў ёй Жука на ўсю зіму.

Вярнуўшыся дахаты, Жук доўга не мог супакоіцца, прызвычаіцца зноў. Ляжыць навязаны, маўчыць, маўчыць, а потым — воў, воў, воў — пачынае выць ад сумных думак.

Козлік з ім спачатку не сябраваў. Усё валочыцца недзе ці лазіць на двары, таксама сумуе. У нас вароты новыя, заложым падваротню, дык ён і не вылезе ніяк. Падыдзе да Жукавай будкі, брэнкае па ёй рагамі, разбудзіць Жука, узлуе. Той з будкі: «Ррр!»

Ды так ужо казёл абрыдаў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Упяўся мой «ветэрынар», аж вочы вылуніў ды дзікім голасам: «Ме-е-е!»

—Ой, барада, барада!—крычу я, бегучы ад хаты.

Вызваліў яго ад Жука, а ён мяне за гэта рогам ды пад бок. А пасля разагнаўся, каб стукнуць, ды я схіліўся ўбок.

Пасля ж яны з Жукам здружыліся так, што аж дзіва. Падыдзе козлік да будкі — брэн, брэн рагамі, а Жук спачатку толькі: «Ррр!» А іютым такі раскатурхаецца, вылезе, панюхаюцца на прывітанне, і пайінлі гайсаць вакол двара! Палётаюць, пацешацца і да сенцаў. Стаяць абодва каля дзвярэй, чакаюць, каб ім чаго далі. «Ветэрынар» дык той проста прэцца ў хату ці ў кухню сам, а Жук толькі хвастом павіль-вае кожнаму, хто ні выйдзе. Гэты хоць трохі сораму меў: яму скажы, дык паслухае, згорбіцца — і ў будку; прынясеш есці — твая ласка, а не — дык і так будзе спаць. А козлік — ого!

I вось аднойчы яны раптам зніклі абодва.

Апаўдні толькі прыбягае Жук адзін.

Віляе, віляе хвастом, быццам нешта хоча сказаць, ды не можа.

— Дзе ж ты, нягоднік стары, козліка дзеў? — накінулася мама.— Скавычы вось цяпер, як сабака, адзін. Сорамна, цьфу!.

I што ж, Жук і праўда стуліўся, прыгорбіўся, быццам ад сораму, і моўчкі палез у будку.



* * *

Дзень няма козліка, другі няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так і падумалі, што ён загінуў на-заўсёды.

Аднак, на другім ужо тыдні, дачуваемся, што наш «ветэрынар» жывы, што ён ажно ў Лядах — трэцяй вёсцы ад нас, па дарозе да цёткі Марылі. Вось ліха — няўжо яны ішлі туды?..

Я гэта за кіёк і пайшоў у Ляды, кіламетраў з пяць па гасцінцы. Прыйшоў, іду па вёсцы. Хацеў толькі каго-небудзь спытацца, дзе тая Янкава Стэпка жыве, у якой апынуўся козлік, ажно бачу: на нечым двары, у садку, стаіць мой «ветэрынар»! Стаіць пад яблыняй дыбка і ўспінаецца, каб дастаць на галінцы лісток. А вакол яго дзеці.

— Ветэрынар! — гукнуў я яшчэ ад варот.

А ён пазнаў, нябось, і бяжыць мне насустрач.

— А што, паслухаў, схадзілі? У прочкі хацеў уцякаць?

А ён — штурхель мяне рагамі. Таксама хацеў бы нешта сказаць, ды не можа.

Выйшла з хаты жанчына, тая самая Янкава Стэпка, ды кажа:

— Гэта ж явось раненька выйшла на вёску, а ён ляжыць на мастку і ўцякаць не ўцякае. Замарыўся, відаць.Я гэта за рогі яго ды дахаты. А чорны сабака — таксама, мусіць, ваш — за мною: «Ррр!» А я гэта фуртух расперазала ды як махну на яго, дык ён і пабег ад мяне. Доўга круціўся каля нашай хаты, пакульмалыя, каровы гонячы ,не патурылі яго з вёскі. А гэты, вось бачыш, прывык.

Цётка, дык тая нічога: бяры, кажа, калі ён ваш, але ад малых я ледзь адпрасіўся: прывыклі да казла, не аддаюць. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок са двара. Мне дахаты спяшацца трэба, а «ветэрынар» — хоць ты яму што хочаш — дрэп-дрэп, дый годзе. Папасу я яго трохі каля прысад і далей. Ужо зусім пад вечар дабрылі мы дахаты.

Ну ж і ўводзіны былі! Распытваюць мяне, смяюцца. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася.

Падвёў я «ветэрынара» да будкі. Вылез Жук, панюхаў козліка, а той рагамі — таўхель яго, а сам адышоўся і лёг.

—Ну, Лявон, — кажа мне дзядзька Паўлюк, наш сусед,— гэта ж, брат, казка, жывая казка! I трэба ж, ліха ім, надумацца ды згаварыцца!.

—Ветэрынар! — кажу я козліку.
А ён толькі павярнуўся.

—Ну што ж, ідзі раскажы, як вы ў госці хадзілі. Будзем казку пісаць.



А ён нават не ўстаў.

1942





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка