Наша Ніва”, №24, 30 чэрвеня 2006 г. Гросмайстар разьбіраў палёты




Дата канвертавання08.05.2016
Памер17.96 Kb.
Наша Ніва”, № 24, 30 чэрвеня 2006 г.
ГРОСМАЙСТАР РАЗЬБІРАЎ ПАЛЁТЫ
Алімпіяда ў Турыне пакінула ў аматараў шахмат прысмак горычы. Уразіў выступ мужчынаў: беларусы выйгралі шэсьць матчаў запар, але пасьля паразы ад расейцаў зазналі шэраг няўдач і ня трапілі нават у трыццатку.

Справаздачы па выніках спаборніцтваў – традыцыя беларускага спорту. 12 чэрвеня Юр’ю Ціханаву, які ўпершыню выяжджаў на шахматную алімпіяду, давялося адказваць за ўсіх калегаў. У адным з вучэбных пакояў Палацу шахмат 28-гадовы гросмайстар даў нешта сярэдняе паміж прэс-канфэрэнцыяй і майстар-клясай.

Юр’я цяжка назваць моцным аратарам, ён гаворыць рубленымі фразамі. Аднак ажыўляецца, калі дэманструе і камэнтуе партыі. Яго слухалі пара трэнэраў, пара-тройка карэспандэнтаў і цэлы рэй хлопчыкаў ды дзяўчынак, удзельнікаў летняга лягеру пры Палацы.

Гісторыя сусьветных алімпіяд зацікавіла ня ўсіх, і арганізатарка імпрэзы, намдырэктара Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі Генрыета Лагвілава, раз-пораз шыкала на прысутных. Затое расповед пра выступ беларускай каманды выправіў становішча.

Жылі беларусы ў алімпійскай вёсцы, якая засталася ад зімовых гульняў у Турыне, гулялі ў памяшканьні коўзанкі, перабудаванай для шахматыстаў. Рашэньні аб тым, каго выстаўляць на тую ці іншую дошку, прымаліся калегіяльна. Паводле Юр’я, італьянскае надвор’е беларусам не замінала. Асабіста ён, як запасны гулец, выступіў удала: тры партыі выйграў, дзьве зьвёў унічыю, адну прайграў. Асьцярожна пакрытыкаваў лідэра каманды за тое, што той недагледзеў колькі «вілак» у двубоях з Лэйтанам і Крамнікам, падкрэсьліўшы, што Аляксея Аляксандрава «цяжка замяніць».

Трэнэр Генадзь Лібаў спытаў парадаў для новай генэрацыі. Сп. Ціханаў, які і сам трэніруе юнакоў у менскай СДЮШАР-11, адрэагаваў контравэрсійна: «пазыцыйнай гульні, эндшпілям могуць навучыцца ўсе, а вось дэбютная падрыхтоўка вызначае посьпех на 80%». І спаслаўся на партыю армянскага супэргроса Лявона Араняна, дзе той выйграў за 19 хадоў дзякуючы дэбютнаму труку. Між іншага, карані Араняна-Аронава – у беларускім Талачыне.



Пры канцы вядоўца заінтрыгаваў прысутных, папрасіўшы іх выбраць найлепшы ход у вострай пазыцыі (гл. дыяграму). Падказка ад сп. Ціханава: «ужываецца ўлюбёны прыём Фішара – напад у адказ на напад».

ВР


ЯК БЫ ВЫ ЗГУЛЯЛІ?
Нейксанс А. (мм, 2458) – Ціханаў Ю. (мг, 2472). Ход чорных.

Адказ: 1…Ke4! 2. Kс4 Kd2+ 3. Cd2 Tb7. У чорных лішняя якасьць, і празь дзясятак хадоў латвійскі гулец спыніў супраціў.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка