Наша Ніва”, №22, 16 чэрвеня 2006 г. Турын без плашчаніцаў




Дата канвертавання08.05.2016
Памер17.28 Kb.
Наша Ніва”, № 22, 16 чэрвеня 2006 г.
ТУРЫН БЕЗ ПЛАШЧАНІЦАЎ
Сусьветная шахалімпіяда ў Італіі прайшла тамсама, дзе зімовыя алімпійскія гульні, аднак на тры месяцы пазьней. У Турыне адбыліся і перавыбары прэзыдэнта ФІДЭ – Кірсан Ілюмжынаў захаваў сваю пасаду. Цяпер мала хто памятае, што ў 1999 г. ён выслаў па нацыянальных фэдэрацыях ліст, паабяцаўшы неўзабаве дабіцца падвышэньня статусу шахматаў – шляхам іх улучэньня ў праграму «агульных» алімпійскіх гульняў… Падобна, правадыр калмыкаў будзе дарыць абяцанкі яшчэ колькі год: эўрабізнэсовец Бэсэл Кок перайграны ім з лікам 96:54. Голас Беларускай фэдэрацыі шахмат таксама дастаўся Ілюмжынаву.

Цікава, што наконадні выбараў у Менск адмыслова прылятаў віцэ-прэзыдэнт ФІДЭ Зураб Азмайпарашвілі – гросмайстар, якога пабілі на Алімпіядзе-2004. Ня ведаем, чым ён завабіў тутэйшых чыноўнікаў, але ў НАКу яго прымалі на высокім узроўні, аж да памочніка прэзыдэнта… Начальнік нацыянальных алімпійскіх каманд па шахматах і шашках Георгі Бугрым расказаў нам, што агітацыя ішла і за суперніка Ілюмжынава – «у фэдэрацыю нават званілі з турэцкай амбасады, прасілі падтрымаць «іх» кандыдата». Выходзіць, Беларусь дагэтуль мае не абы-якое значэньне на шахматнай мапе сьвету.

У канцы траўня ў Турын паехалі і мужчыны, і жанчыны – выправу апошніх з Масквы фінансаваў прадпрымальнік Кастусь Іваноў, бо ў Мінспорту не знайшлося грошай. Але якраз шахматысткі – Надзея Азарава, Тацяна Бэрлін, Наталя Папова, Ганна Шарэвіч – выступілі файна. Ганна, прыкладам, узяла 9 балаў з 12.

Мужчынскай камандзе, хіба ўпершыню складзенай толькі з гросмайстраў, бракавала згуртаванасьці. Чаго дзівіцца, калі Аляксей Аляксандраў, пасаджаны за першую дошку, у адным інтэрвію заявіў, што «каманда ў шахматах – штучнае ўтварэньне»! Ужо ў першым туры ён зяўнуў фігуру малавядомаму майстру з Валіі.

Затое зоркай гульняў стаў чэмпіён краіны Вячаслаў Дыдышка, які філігранна здужаў элітнага расейскага гроса Яўгена Барэева. Нагадаем, што сп. Вячаславу 57 гадоў, і ён спалучае пасьпяховыя выступы ў турнірах з навучаньнем юных шахматыстаў у менскай спартшколе № 11.

Першыя месцы апанаваныя камандамі Арменіі (мужчыны) і Ўкраіны (жанчыны). Беларусы й беларускі – на 36-м і 21-м. А «мацакі» з БФШ прагназавалі, што ўсё будзе наадварот…



ВР

ЯК БЫ ВЫ ЗГУЛЯЛІ?

Манкаё Рамэра Э. (Эквадор) – Шарэвіч Г. (Беларусь). Турын, 2006.



Ход чорных. Здаецца, што за каня ў белых небясьпечная атака.

Адказ: спакойнае 1…Фh8! дапамагло яе адбіць (2. Ch6 Cf6 3. Cf7+?! Tf7 4. Фg6+ Tg7).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка