«Наша Ніва», №20, 2 чэрвеня 2006 г. Відочная частка айсбергу




Дата канвертавання27.03.2016
Памер17.17 Kb.
«Наша Ніва», № 20, 2 чэрвеня 2006 г.
ВІДОЧНАЯ ЧАСТКА АЙСБЕРГУ
Індыйскія мудрацы параўноўвалі шахматы з акіянам, у якім і камар нап'ецца, і слон выкупаецца. Мабыць, яны мелі рацыю. На «ўікэнд фізкультурніка» (20-21 траўня) у Менску ладзіліся зусім розныя шахматныя імпрэзы: чэмпіянаты Беларусі па хуткіх шахматах сярод хлопчыкаў і дзяўчат, першынство краіны ў рашэньні шахматных кампазыцыяў.

«Хуткія шахматы» – баржджэй забава, чым мастацтва ці навука. Вынікі, паказаныя ў спаборніцтвах са скарочаным кантролем (30 або 15 мінут на партыю), ня сьведчаць аб рэальнай моцы шахматыста. Усё ж назавём маладых гульцоў, якім найчасьцей пасьміхалася ўдача: Вольга Салаўёва з Оршы, Кірыла Ступак зь Менску.

У палажэньні аб турніры рашальнікаў гаварылася аб «папулярызацыі шахматнай кампазыцыі» згодна з рэглямэнтам ФІДЭ і пад кіраўніцтвам Беларускай фэдэрацыі шахмат. Аднак апошняя не падбала ня тое што пра рэкляму, а нават пра годнае памяшканьне для першынства краіны. Чатырнаццаць рашальнікаў, многія зь якіх прыбылі ў Менск за свой кошт, доўга парыліся ў цесных вучэбных клясах на Маркса, 10.

Пераможцам у каторы раз выявіўся 57-гадовы майстар спорту Валер Фрыгін – намдырэктара па вучэбнай рабоце 227-й магілёўскай вучэльні. Ён страціў балы на двух- і троххадоўках, затое даў рады этудам, шматхадоўкам, задачам на зваротны і каапэратыўны мат. Судзьдзя ўручыў яму кубак з надпісам… «чэмпіянат Беларусі па шахматах 2004 году». Леташні трыюмфатар Аляксандар Булаўка выглядаў стомленым. Дарма што заданьні здаліся яму лёгкімі, да фінішу прадпрымальнік з Клічава прыйшоў другім. «Бронза» – у гомельскага інжынэра Віктара Зайцава.



Прызэрамі конкурсу сталі вядомыя шахматныя кампазытары, што вытлумачальна: маючы досьвед складаньня задач і этудаў, лягчэй разьвязваць чужыя. Аднак у Палацы шахмат мы назіралі відочную частку айсбергу: рашальніцтва ня ёсьць чыста кампазытарскай справай. Сотні, а мо тысячы беларусаў бавяць час за шахматнай дошкай, шукаючы хараства... Шкада, што на тое пакуль не зважаюць ні ў фэдэрацыі шахмат, ні ў Мінспорту, ні ў Мінкультуры.

ВР




РАШЫЦЕ ЗАДАЧУ

Мат за 2 хады.

Адказ: 1. Ke5! (падманлівы сьлед – 1. Фd6 Фb5!). Паводле арбітра Ўладзімера Сычова, адно з найскладанейшых конкурсных заданьняў. Cёлета на двуххадоўках пагарэлi такія «зубры», як браты Вадзім і Зьміцер Жылко, лідэр менскіх рашальнікаў Уладзімер Барташ.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка