Народныя гульні вучэбны дапаможнiк (вытрымкі з кнігі) Мінск 2002 Дзіцячыя гульні




старонка1/5
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.71 Mb.
  1   2   3   4   5

Алесь Лозка




Народныя гульні

вучэбны дапаможнiк


(вытрымкі з кнігі)

Мінск 2002


Дзіцячыя гульні

Гусі”, дзіцячая гульня, якая развівае спрыт і лоўкасць. Вядома і пад іншымі назвамі (“Гусі-лебедзі”, “Гусі і воўк”). “Гусіная матка” ў “полі” або на лаўцы кліча “гусей” (за 20—25 м): “Гусі, да дому!”. Гусі хорам пытаюцца: “А што дома?” – “Піці і есці, але ж ваўкі дзесьці!” – “А што ім рабіць?”. Адказваюць “ваўкі”: “Гусей давіць!”, а матка – “Шэры, белы, валахаты, уцякайце ўсе да хаты !”. “Ваўкі” ловяць “гусей”, якія не дабеглі да “маткі” (зап. М.Доўнар-Запольскі ў Пінскім павеце). Гульня праводзіцца некалькі разоў, пакуль не будуць злоўлены ўсе.

У іншых рэгіёнах існуюць свае варыянты. У в.Нікольск Менскага пав. П.Дземідовіч зафіксаваў гульню, у якой удзельнічалі акрамя “воўка” і “гусей”, яшчэ і “гаспадар”, што выганяў на пашу птушак. “Воўк” меў права схапіць з сваёй засады толькі аднаго “гуся” за адзін выган. У Гомельскай вобл. Гульня папулярная і цяпер. У ёй прысутнічае дыялог “маці” з “гусямі”: “Гусі, гусі!” – “Га-га-га!”—“Есці хочам?”—“Да-да-да! Шэры воўк за гарой не пускае нас дамоў”—“Дык ляціце!”.

Літ.: Гульні, забавы, ігрышчы / Скл. А.Лозка. Мн., 1996, 2000, 2003.
Заінька”, народная карагодная гульня. У Беларусі існуе некалькі варыянтаў з асобнымі назвамі (“Зайчык”, “У садочку”). У сярэдзіне карагода танчыць “заяц”, ён імкнецца выскачыць з кола (“Паскачы, зайка, ў дзірачку // Да выламі сабе да быліначку”), пры апошніх словах песні хапае каго-н. І становіцца на яго месца (зап. Г.Цітовіча); “заяц” выбірае з кола любога замест сябе (“Заінька, выбірай, // Шэранькі, выбірай” – Астравецкі р.); (“Зайчык, зайчык, паскачы, // На другога ўкажы” – Лельчыцкі р.), калі той, на каго ўкажа галоўны персанаж, не зловіць яго, застаецца працягваць гульню. Падобныя забавы пра зайца сустракаюцца на Поўначы, Урале, Зах., Цэнтр. і Паўдн. Расіі, Латгаліі, Украіне; сюжэты з вобразам зайца сустракаюцца і ў іншых славян: у Герцагавіне – “зечка кола”, у Польшы – гульня ў “Заёнчкі”. Этнограф А.Гура лічыць, што сувязь у іх “праследжваецца паміж шлюбнай, эратычнай і касмічнай сімволікай вобраза зайца, суадносіны яго са светам духаў”. Вобраз зайца паспаўсюджаны ў славянскай народнай культуры ў самых разнастайных формах.
Забавы

Свісток
Свісток (гулька, дудка), самаробны духавы музычны інструмент з дрэва. Вырабляўся вясною і летам з кары вярбы ці вербалозу. Асцярожна здымалася частка маладой і мяккай кары, на вызваленым белым ствале выразаліся сцізорыкам патрэбныя формы і зноў на месца насаджвалася кара з адной ці некалькімі ігравымі адтулінамі. Свісткі маглі рабіць усе дзеці.

Будова з гукарадам адносіць звычайны свісток у разрад дудак. Злучаныя побач два ці некалькі інструментаў, часцей на адной галінцы, -- называюць парныя дудкі. Недахоп падобных вырабаў заключаўся ў тым, што яны мала служылі – кара высыхала, трэскалася, і свісток прыходзіў ў непрыгоднасць. Асабліва свісткі выкарыстоўваліся на Вербны тыдзень.

Больш часу служылі свісткі і дудкі, вырабленыя са ствала маладой сасны, але яны патрабавалі і большага майстэрства. Іх рабілі дарослыя пастухі. Неабходна было ўмельства выкруціць стрыжань з роўнай галінкі без сучкоў, затым зрабіць на ім і трубцы патрэбныя нарэзы. Майстраваннем музычных інструментаў – дудак (а іх яшчэ называлі ў Беларусі пасвісцёламі, свірасцёлкамі, сапёлкамі, жалейкамі, шасцярухамі, пішчалкамі) займаліся здольныя падлеткі і дарослыя. Гэты занятак цягнецца са старажытнасці ў наш час, калі ўжо пачалі выразаць свісткі з бляхі.

Музычны інструмент добра адлюстраваны ў фальклоры («Прыехала Каляда ўвечары, прывезла дудак рэшата»).



Труба
Труба (берасцянка, дуда) – самаробны духавы музычны інструмент канічнай формы. Меў некалькі спосабаў вырабу. Сасновая трубка без стрыжня абкручвалася бяростай або бляхай. Найбольш простая труба выраблялася дзецьмі з кары алешыны, якая здымалася з дрэва ў пэўны перыяд і скручвалася ў канічную форму. Найчасцей ўстаўляўся і спецыяльны муштук для вуснаў, што вырабляўся з дрэва.

Трубой карысталіся пастухі, паляўнічыя, вайскоўцы, сяляне на каляндарных ігрышчах і музыкі. Выкарыстанне музычных інструментаў на ігрышчах асуджалася царкоўнікамі. Не раз ваенныя трубы ўпамінаюцца ў «Слове аб палку Ігаравым.»




Скаканне на дошцы
Рабілі прыстасаванне для дзіцячай забавы. Невялікая дошка клалася на палена. Двое дзяцей станавіліся на канцы і па чарзе падскоквалі. Іншы раз для раўнавагі гульцы трымаліся за рукі двух сяброў, што стаялі справа і злева, або – за верхнюю перакладзену плоту калі на ніжняй была пакладзена дошка.

Этнографы фіксавалі выкарыстанне забавы вясною: А. Сержпутоўскі на Палессі – на Благавешчанне (25 сакавіка), П. Дземідовіч ў Менскім павеце – на «Хрэсцы, Пералачпост» (у сярэдзіне Вялікага посту).

Міфілагічны сэнс забавы такі ж, як і вісячых гушкалак.

Арэлі
Прыстасаванне для гушканя вісячага тыпу. Называлі яшчэ гушкалкай, гайданкай. Найбольш простае наладжвалі пры варотах, у гумне, пад дрэвамі шляхам умацавання ўверсе двух або чатырох канцоў вяроўкі.

Вось як апісваюцца арэлі больш складанага тыпу, што ладзіліся ў Себежскім павеце Віцебскай губерні: «Закапваюцца ў зямлю два моцныя слупы вышынёю да двух сажняў (1 сажань – 2,1336 м. – А.Л.) у сажаннай аджлегласці адзін ад аднаго. Паміж слупамі ўстаўляецца вал, канцы якога выпускаюць за слупы на палову аршына (1 аршын – 0,7112 м. – А.Л.) Да гэтых канцоў прымацоўваюцца крыжападобна чатыры ручкі. У сярэднюю частку вала, што паміж слупоў, прыстасоўваюцца два крыжы на адзін-палову аршына адзін ад аднаго. Паміж кожным з гэтых крыжоў ладзіцца на слізкіх валіках сядалішча са спінкамі. За ручкі, прымацаваныя звонку слупоў да вала, паварочваюць вал, а з ім разам і сядзілішча, якія робяць круг у паветры паміж слупамі.

Пры пад’ёме ўверх і апусканні ўніз сядалішча жанчыны павінны старацца, каб не раззімаліся спадніцы. Сядаюць звычайна папарна – мужчына з жанчынаю. За 15-20 абаротаў вала плаціцца ад кожнага гульца пара яек або адна капейка.

Тут жа пры арэлях на пляцоўцы размяшчаюцца музыкі са скрыпкамі і гармонямі. Каля іх збіраецца кола аматараў патанчыць і пагушкацца на арэлях...» (запіс 1882-1890 гг.).

Гэтыя «ігрышчы», па звестках інфарматара, ладзіліся пры корчмах на Пятра, Паўла (29 чэрвеня с.ст.) і Іллю (20 ліпеня с.ст.). У запісах этнографаў: на Уласа (чацвер Масленічнага тыдня) – у Менскай губерні (П. Дземідовіч), ад Вялікадня да сенакосу – у Гродзенскім павеце (І. Карскі).

Па меркаванню пажылых людзей, гушкаюцца для таго, каб лён рос доўгі і моцны. У многіх народаў гушканне – даўні рытуал дзеля паскарэння росту пасеву; звязаны з эратычнай сімволікаю, сямейна-шлюбнай магіяй, якая абараняла дзяўчат і жанчын ад розных бедаў. Раней у Грэцыі арэлі наладжвалі ў доме маладых у першую нядзелю пасля вяселля. З цягам часу сакральны сэнс гушкання згубіўся. Арэлі лічыліся «бясоўскімі ігрышчамі». Сімяон Полацкі сведчыў, што раней гушкаліся ў гонар паганскіх багоў.

Старадаўнія пісмовыя і ілюстрацыйныя матэрыялы розных краін ўтрымліваюць звесткі пра арэлі. У французскім «Рамане аб Аляксандры» (XII ст.) на адной з мініяцюр адлюстраваны забавы на арэлях. Адзін раскачвае свайго сябра на арэлях, а трэці сядзіць на лаўцы з выцягнутай нагою або на спіне яшчэ аднаго гульца. Яго задача – утрымацца на вяровачных арэлях пры ўдары ступні.

Карагоды
Ляда
Гэта старадаўні гульнёвы танец (карагод). Падобныя да яго гульнёвыя карагоды і танцы «Проса» і «Баяры». Яны адлюстроўваюць пару выпальвання нашымі долёкімі продкамі лесу, г.зн. падрыхтоўкі да пасеву на іх проса і правядзення рытуальных ігрышчаў з мэтай ушанавання паганскіх багоў, каб радзіла на ніве і ў хаце.

У гульні «Ляда», запісанай ў XIX стагоддзі на Гомельшычне З.Радчанка, адзін карагод спявае «А мы ляда капалі, капалі...», другі – «А мы проса сеялі, сеялі...», затым – «А мы коней іспусцілі, іспусцілі...» (і першы карагод ловіць па чарзе дзяўчат з другога пасля кожнай страфы).

У гульнях «Проса» і «Баяры» ўдзельнікі падзяляюцца на два шэрагі, часей хлопцы і дзяўчаты становяцца ў супрацьлеглых партыях. Узяўшыся за рукі або палажыўшы іх на плечы сяброў, спяваюць дыялагічны тэкст. Дзве лініі танцуючых пачаргова наступаюць адзін на аднаго і адыходзяць на месца.

У карагодзе «Проса» спяваецца:

На аснове традыцый гэтых гульняў маглі ўтварыцца пазней гульні «Лянок» («А мы сеялі, сеялі лён»), «У каноплі» і іншыя на шлюбную тэматыку са сваім сюжэтам.

Крывы танок
Беларускі веснавы карагод. Ён вядомы таксама як «Крывы танец». У асноўным пашыраны ва ўсходняй часткі Беларусі. Пад спяванне песень дзяўчаты, узяўшыся за рукі, абыходзілі «крыва» трох удзельніц (або хлопчыкаў ці калочкаў, убітых у зямлю), якія размешчаны па кутках правільнага трохкутніка. Затым карагод замыкаў ланцуг. У многіх варыянтах тэкстаў расказваецца пра нялюбага мужа («Мой нялюбы ў гуслі грае» -- Веткаўскі р-н., «Разазлю, разазлю пастылага мужа» – Смаленская губ.); праяўляецца масленічная тэматыка («Дзеўкі кашу варылі, Жоўтым маслам палівалі, Белым сырам пасыпалі» – Веткаўскі р-н); казачная таямнічасць («Як выведам канец, то ўбачым той дварэц» – Лельчыцкі р-н.) і іншыя. Карагод паходзіць з глыбокай старажытнасці і звязаны з «паганскімі» шлюбнымі ігрышчамі, аб свабодзе якіх марылі ў песнях жанчыны («Пайду ў танок, саўю вянок»). Матыў згубленага вянка (сімвал дзявочай цнатлівасці) і «засеянага поля» (сімвал пладавітасці жанчын) – асноўная ідэя песень і дзеянняў карагода. Наяўнасць трох дзяцей (бывае і чатырох) пасярэдзіне карагода, магчыма, можна тлумачыць гіпотэзай акадэміка Б.А. Рыбакова пра яго «ромба-пункцірную кампазіцыю», якая схематычна азначала плоднасць зямлі і жанчын. У Гомельскім павеце таксама вадзілі «Крывы танок» і пад песню «Ой, венча, мой венча» («Ой, я цябе звіла, я цябе ды не насіла,... А мацюхна зняла, ды й нялюбаму дала» – зап. З. Радчанка). У Чарнігаўскай губерні беларусы вадзілі карагод «Лука» вакол трох хлопчыкаў, якіх затым падымалі вышэй галавы, «штоб доўга лён радзіў» (зап. М. Косіч). Выводзяць «крывулю» і з больш сучаснымі тэкстамі песень («Ой, на рэчцы, рэчцы там дзеўка гуляла») ў Веткаўскім р-не, які з’яўляецца эпіцэнтрам сучаснага бытавання «Крывога танка», як і карагод «Страла». Балетмайстар К. Мулер выкарыстаў матыў карагода ў балеце «Князь-Возера». На Масленым тыдні, калі ў асноўным вадзілі яго, быў так званы, Крывы чацвер, на які не рэкамендавалася нічога садзіць у агародзе, акрамя агуркоў і гарбузоў.

Адзін з варыянтаў «Крывога танца» быў запісаны М. Козенка ў в. Заброддзе Лельчыцкага р-на. У 1985 годдзе. «Перад пачаткам карагода вызначаюць трох дзяўчынак або маладзейшых дзяўчат і акрэсліваюць ім месца на гульнёвай пляцоўцы так, каб пры злучэнні паміж імі ліній атрымаўся трохкутнік. У час карагода дзяўчаты могуць стаяць або сядзець на зямлі. Усе ўдзельнікі карагода становяцца адзін за адным і злучалі рукі. Па камандзе першай карагодніцы ўсё ўдзельнікі рухаюцца ўперад услед за ёй, пачынаючы з правай нагі, адначасова спяваюць:

... І на Дуна, Дунаю

Дай у крывога танца,

Дай у крывога танца

Ці не выведуць дзеўкі конца.

Вялі, вялі, да не вывелі

Шчэ й учора з вячора,

Шчэ й учора з вячора,

З цёмненькай ночы,

З цёмненькай ночы,

З вечара да поўначы.

Першая карагодніца «простым крокам» вядзе ўсіх вакол трох дзяўчынак. Дагнаўшы апошнюю, першая карагодніца злучае з ёю рукі. Карагод працягваецца па замкнутаму ланцужку.»
Гульні і забавы.

Як бавіліся пастухі.
Пастушаства на Беларусі мае даўнія традыцыі, якія складаюцца з народных святаў і гульняў, звычаяў і абрадаў.

Фалькларыстамі мінулага зафіксавана нямала народных гульняў, забаў, якія выконваліся пераважна на святы пастухоў (Юр'я, Мікола і інш), або пастухамі ці пастушкамі «ў начным», ці недзе на выгане, у час пасьбы кароў, гусей ці іншай жывёлы. Асобны раздзел займаюць гульні, якія выяўляюць пастухоўскую тэматыку і выконваюцца не толькі на «прафесійнае» свята, але і «не- спецыялістамі» - пастухамі.

Абрадавай гульнёй з'яўляецца забава пастухоў на Ягор'еў дзень 6 траўня (мая), у якой асабліва ярка праяўляюцца магічныя дзеянні. Яна была зафіксавана У. Дабравольскім сярод беларусаў Смаленшчыны на мяжы ХІХ і ХХ стагодзяў. Тут пастух загадзя прызначаў ролі сярод падпаскаў («зайца», «сляпога», «калоду» і г.д.), што стаялі сярод статку, і абыходзіў іх.. Паміж пастухом і выканаўцамі роляў адбываюцца наступныя дыялогі:

--Заяц, заяц, ці горкая асіна?

--Горка!

--Дай Бог, каб і наша скацінка для звяроў была горка!..

--Сляпей, а сляпей, ці бачыш ты?

--Ня бачу!

--Дай Бог, каб і нашу скацінку ня бачыла звярынка!..

--Храмэй, а храмэй, ці дойдзеш ты?

--Не дайду!

--Дай Бог, каб і звярынка не дайшла да нашай скацінкі!..

--Замок, а замок, ці разамкнешся ты?

--Не, не разамкнуся!

--Дай Бог, каб у звера не разамкнуліся зубы ля нашый скацінкі...

--Калода, а калода, пувярнешся ты?

--Не павярнуся

--Дай Бог, каб і звер да нашай скацінкі не павярнуўся!

Падобны абыход паўтараецца тройчы, пасля чаго ўдзельнікі гэтага магічнага акту сядаюць і з'ядаюць рытуальную яечню, падрыхтаваную загадзя. У гэты дзень кароў прыводзілі з выгану раней, бо ў вёскі працягвалася пастухоўскае святкаванне з танцамі.

Ягор'еўская гульня падобна на веснавыя абрады першага выгану ў поле кароў (напрыклад, пры «запасванні гаўяда» на Палессі), дзе гаспадар браў ў рытуальную сумку хлеб, соль, «хрэшчык» (спечаны з цеста на Храшчатым тыдні), тры каменьчыкі, замок, бязмен, сякеру, курынае яйка, грамнічную свечку.

Гульні пастухоўскія характарызуюцца свабодай у выбары сродкаў і прыёмаў, складанасцю і цяжкасцю ўмоў, нават грубаватасцю. Гэта тлумачыцца тым, што дзеці былі пакінуты на прыродзе, знаходзіліся ў незвычайных абставінах (удалечыні ад хаты і бацькоў, у лесе ці ля яго ) і ім патрабавалася смеласць, дужасць, кемлівасць і іншыя якасці, што ўласцівы скаўцтву. Такія дзеці раслі не «мамінымі сыночкамі», яны маглі пастаяць за сябе, выжыць у цяжкім становішчы.

У пастухоўскіх забавах часта выкарыстоўваліся адпаведныя атрыбуты: аброць, вуздзечка, пуга, сцізорык, прыродныя сродкі (пянёк, куст, трава), у адпаведных гульнях – традыцыйныя прадметы-сімвалы (замок, грамнічная свечка) і інш.

Грубаватасць у гульнях заключалася ў тым, што той, хто прайграў, атрымліваў жорсткае пакаранне («праганялі» паміж ног і «жарылі» шапкамі па спіне, «еў» зямлю і г.д.). Вось, напрыклад, якое апісанне гульняў «Софік» і «Рэпа» (на Вілейшчыне) дае даследчык з Польшчы Ф. Сяліцкі:

«Тыпова пастухоўскай была гульня ў «Софік» (яе назва няясная): кідалі сцізорык з розных пазіцый, каб убіць яго ў зямлю. Той, хто прайграў, махаў нажом прад вуснамі, а пераможца кідаў яму ў рот кавалкі дзірвану з пяском. Гульню тую апісаў вялікі беларускі празаік Янка Брыль ва ўспамінах са сваіх пастушыных гадоў. Падобным чынам заканчвалася гульня ў «Рэпу». Адзін з удзельнікаў загадваў астатнім адвярнуцца, выцінаў дзірвак дыяметрам каля 5 см, потым клаў яго назад і маскіраваў. Пасля паказваў гульцам квадрат каля паўметра і прапаноўваў цягаць за траву, каб вырваць той дзірвак. Калі хтосьці трапіў, тры разы скубянуўшы, той выйграваў, калі не, то павінен быў «есці» тую «рэпу» (падзеленную на колькасць асоб, якія прайгралі), баронячыся ад яе сцізорыкам, як было сказана вышэй».

Гульняў на пастухоўскую тэматыку было шмат. Бадай, усім вядома «Гусі і воўк» («Гусі, гусі – Га, га, га!»). У пачатку стагодзя этнограф У. Дабравольскі на Смаленшчыне запісаў гульню «Бычка пасціць», у якой «пралля» (пераапрануты ў жаночае адзенне мужчына) прадзе і пасе бычка. Тэатралізацыяй вызначалася забава «Пастушок і авечкі», вядомая ў розных кутках Беларусі.


Каршун
Існуе нямала варыянтаў гэтай папулярнай ва ўсіх рэгіёнах Беларусі гульні, хаця аснова ў іх адна. Гульцы стаяць адзін за адным, трымаючыся за пояс папярэдняга. Мэта аднаго, які стаіць насупраць перад гэтым шэрагам, схапіць апошняга.

Такі просты сюжэт у варыянтах і аднолькавыя ўмовы гульні, запісаных у ХІХ ст. у вёсцы Хонава Быхаўскага павета, хаця тэксты маюць розныя назвы. У адным («Шчука») шчупак ловіць хвост, у другім («Гусі») гусак бароніць ад воўка гусей. У «Воўка і гусей» гулялі на Вілейшчыне.

У варыянце «Воўчы хвост» «пастушка» перашкаджае «воўку» злавіць «авечку». Яна мае права схавацца ўперадзе шэрагу – у такім выпадку пачынае выконваць ролю пастушкі. Тады былы воўк займае месца авечкі, а былая пастушка становіцца воўкам. У злоўленай, якая выходзіць з шэрагу, забіраецца фант.

У некаторых варыянтах гульні («Каршун», «Каршун і качкі») пададзены дыялог каршуна з маткай, якая абараняе качак.

--Каршун, каршун, што ты робіш?

--Ямку капаю.

--Нашто табе ямка?

--Каменьчыкі шукаю.

--Нашто табе каменьчыкі?

--Іголачкі вайстрыць.

--Нашто табе іголачкі?

--Мяшочкі шыць.

--Нашто табе мяшочкі?

--Каменьчыкі збіраць.

--Нашто табе каменьчыкі?

--Тваім дзеткам зубкі выбіваць.

Каршун ловіць качак.

Гульня ў мінулым зафіксавана пад рознымі назвамі ў многіх паветах: «Шуляк» (Слонімскі), «Груган» (Дзісенскі), «Крумкач» (Менскі), «Гусі» (Навагрудскі), «Крамясь», «Воўкі і авечкі» (Пінскі ), «Каршун» (Рэчыцкі і Быхаўскі), «Воўк і гусыня» (Вілейшчына), «Воўк» (Тураўшчына), «Кот» і інш.




Каляды
Для калядавання групуецца звычайна моладзь, якая вечарам ходзiць па вёсцы з вiншаваннем. Як "шчыпальнiкi" або запявала лiчыцца сярод каляднiкаў патрэбным чалавекам, так каляднiкi не абыходзяцца без дамарослага скрыпача, якi без перастанку наiгрывае часта на двухструннай сваёй скрыпцы дарогаю ад хаты да хаты i на двары гаспадароў. Падышоўшы пад акно або пад дзверы, адзiн з каляднiкаў просiць дазволу "спяваць Каляду", гаворачы: "Чi дома пан гаспадар? Чi велiш, пане гаспадару, Коледу заспеваты, чi так Коледы даты?" Атрымаўшы дазвол калядаваць, пытаюць: "Якую заспеваты песню?" Гаспадар назначае, што спяваць. Спяваюць звычайна пад вокнамi, некаторыя запрашаюць у хату; рэдка хто просiць спяваць болей адной песнi, таму што ў такiм выпадку патрэбна большае ўзнагароджанне. Звычайна за адну песню даюць пiрог, за дзве -- два, у заможных хатах акрамя пiрагоў даюць каляднiкам грошы, кiлбасы i сала, частуюць i гарэлкаю. Ходзяць каляднiкi з вечара да самай ранiцы. Калi дзе застаюць гаспадароў спячымi, каляднiкi крыкам сваiм падымаюць iх з ложкаў. Здараецца, хаця вельмi рэдка, што iм адмаўляюць калядаваць, кажучы: "У нас була Коляда" або: "Нэма дома господара". Певуны, цi таму што губляюць цераз гэта ўзнагароджанне, цi лiчаць адмову крыўдаю для сябе, а можа, прымаючы пад увагу i тое i другое разам, высмейваюць такiя хаты, накшталт гэтага:

У сiй хаты

Нэма чого даты:

Соломку тоўкуць --

Пырогы пэкуць.

Усе сабраныя пачастункi дзеляцца памiж каляднiкамi пораўну, аднаму толькi "шчыпальнiку" або запявале выдзяляецца большая частка.

(Булгаковский Д.Г. Пинчуки. СПб., 1890.)
Жанiцьба Цярэшкi
Нашы дзеўкi ды хлопцы чакалi Каляды i з-за iх каўбас, i з-за вячорак-гулянак, а асаблiва з-за гульнi "Жанiцьба Цярэшкi". Першы дзень Каляд наступiў -- i збiралiся мы ў якой-небудзь большай хаце, дзе гаспадары весялейшыя. Мы iх з году ў год "бацькамi" выбiралi: мужчыну за "бацьку", а жонку за "матку". Прыйдзем i пяём:

Просiмся прыйсцi ў вашу хацiначку,

Хочам зрабiць вечарыначку.

У вашай хаце пабыцi,

Нiчога не можам рабiцi.

Просiм вас татай з мамай пабыцi,

Будзем Цярэшку жанiцi.

Ну, яны й пускалi. Дзеўкi загадзя есцi збяруць, а хлопцы гарэлкi нанясуць. I пачынаем. Спачатку па парах збiралiся. Калi хлопец з кiм гуляў, то з той i "жанiў Цярэшку", а не -- так змовяцца, што будуць гуляць. Бярэ тады першым, хто смялейшы, сваю дзеўку за руку i вядзе да бацькоў. А тыя ўжо на куце сядзяць, дзед кажух вывярне ды ўздзене.

-- Тата, мама, хачу жанiцца!

-- Жанiся, сынок, жанiся, толькi цi ўмее твая дзеўка ткацi-працi, дзетак даглядацi?"

А якi гэта "жанiх" зганьбiць сваю каханку? "Умее", -- адкажа. Зайграюць тады музыканцiкi "Лявонiху", дзед-"тата" з дзеўкаю пад руку перакруцiцца, а баба-"матка" -- з хлопцам. За iмi пайшлi i другiя пары.

А якая дзяўчына вайстрэйшая на язык, дык i прыкажа, як "матка" пачне яе разглядаць:

Замуж выйсцi -- не напасць,

Абы замужам не прапасць.

Не ўмею нi працi, нi ткацi,

Толькi ўмею вашага сына цалавацi

ды грошыкi лiчыцi.

Калi захочаце мяне навучыцi,

Усё навучуся рабiцi,

Толькi замуж мяне вазьмiце.

А "матка" ёй:

-- Матрац не падушка,

Нявестка не дачушка.

I дзеўка тады:

-- Каморка не хатка,

Свякроўка не матка.

Цяпер i хлопцы ўмеюць прыказваць. Як пахваляць бацькi дзяўчыну, ён iм:

-- Дару зарплату тату,

каб памог збудаваць хату,

а маме арэнбургскi пуховы платок,

каб памагла гадаваць дачок.

I бацька з маткай не скупiлiся на пажаданнi:

-- Жадаем вам мех золата i торбу медзi,

каб былi здаровыя, як мядзведзi.

Каб пад палком вадзiлiся цяляткi,

а на палку -- рабяткi.

Як бацькi благаславяць усе пары, тыя становяцца адна за другой, рукi сашчэпяць i падымаюць уверх. Папераду "бацька" з "маткай". А тут "бацька" круць -- i ўцячэ. Баба за iм, пакуль не дагонiць. А дагонiць, тады сама ўцякае, дзед яе ловiць. А тады становяцца назад, за ўсiмi парамi. За iмi другая пара, трэцяя i гэтак далей, пакуль усе не пабегаюць.

А баба ды дзеўкi пяюць усялякiя песнi:

Цярэшка-Цярэшанька!

Малы мой пацешанька!

-- Не ўцякай, бабулечка,

(гэта ўжо як баба цi дзеўка ўцякаюць ад жанiхоў)

Бо я твой дзядулечка.

Цi я табе лапцей на плёў,

Цi я табе абор не вiў?

Лапцiкi лiповыя,

Аборкi шаўковыя.

Хто гэтую гару капаў?

Хто гэту дарожку таптаў?

-- Гэта Ванечка гару капаў,

Гэта Ванечка дарожку таптаў.

Да Валечкi ходзячы,

Канфетачкi носячы,

Канфетачкi-абараначкi,

Дзевачкам падманачкi.

На дварэ сабачка брэшаць,

А за мной суседзька чэшаць.

Часаў, часаў ды астаўся,

Ад штаноў матуз парваўся.

А напяюцца -- i за стол, i там пяюць, а хлопцы адводзяць сваiх дзяўчат дадому.

(Зап.Т.В.Валодзiна ў 1980 г. у в. Матырана Ушацкага

р-на.)
"Звязда" i "Вiфлеем"


На працягу Каляд у некаторых краях адбываюцца пераважна два роды гульняў. Моладзь ходзiць або са "звяздою", або з "Вiфлеем". Звязду майструюць так. На раму ад рэшата або сiта наклейваюць прамочаную салам або алеем паперу i замацоўваюць яе на падставачнай жэрдцы, каб зручна было пераносiць з аднаго месца на другое. Каб гэты круг меў выгляд зоркi, прымацоўваюць да яго ў некалькiх пунктах чатыры--шэсць пiрамiдальных "рагоў" i, дзеля прыгажосцi, абгортваюць iх рознакаляроваю папяроваю махрою.

Затым робяць новае невялiкае кола, па акружнасцi якога наклейваюць выразаных з паперы салдацiкаў, коннiцу або пяхоту. Гэтае колца замацоўваюць на палачцы. Калi цяпер мы ўставiм у раму "звязды" свечку (у астатняй частцы пакоя не павiнна быць агню) i будзем там паварочваць колца з наклеенымi салдацiкамi, то тым, хто стаiць з пярэдняга боку "звязды", уяўляецца, што iдзе бясконцая колькасць войска.

Наладжванне "Вiфлеема" больш складанае i абыходзiцца даражэй. За яго пагэтаму бяруцца заможныя хлопцы. Майструецца нешта накшталт скрынкi, верх якой раздзяляецца на такiя ж, як у "звязды", пiрамiдальныя "рогi", толькi большага памеру. Бакi i верх гэтай скрынкi ўпрыгожваюць рознымi святымi карцiнамi, якiя тычацца свята. Нiжнi бок яе, або падлога, робiцца з разрэзамi i адтулiнамi, i бывае засланы белымi мехавымi шкуркамi.

Рыхтуюцца з дрэва выявы людзей, якiя ўяўляюць сабой розных асоб: Iрада, трох каралёў, жонку Iрада, Смерць у выглядзе якога-небудзь шкiлета з касою, Iуду-срэбралюбца, Цыгана з мядзведзем i г.д. Выявы гэтыя прымацоўваюцца да дроту, якi можа вольна рухацца ў разрэзах падлогi. Вопытная рука, кiруючы гэтым дротам (незаўважна, безумоўна, для гледачоў), можа прымушаць нямыя лялькi рабiць рознага роду спектаклi. Тут паважаныя гледачы могуць убачыць i прагную да крывi Смерць, якая, не шкадуючы, сячэ свае ахвяры тупою касой, i займальную барацьбу Цыгана з мядзведзем, i своеасаблiвы танец Iрадыяды, i многае iншае.

Вясковы люд лiчыць падобныя вiдовiшчы вяршыняй задавальнення i асалоды. Майстры з гэтымi рэчамi ходзяць звычайна па вечарах да больш заможных гаспадароў, паказваючы iм сваё майстэрства, i атрымлiваюць нейкае ўзнагароджанне.

(Крачковский Ю. Очерки быта западнорусского селянина. М., 1874.)

  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка