Народная Воля №87 от 18. 05. 2004




Дата канвертавання17.03.2016
Памер66.44 Kb.
Народная Воля
№87 от 18.05.2004



Залатая падкова Львоўшчыны: замкi, мушкецёры i "пярцоўка"...

Журналiсту "Народнай волi" пашчасцiла на ўласныя вочы пабачыць старадаўнiя цэрквы i замкi Заходняй Украiны,а таксама паблукаць па прыгожых вулiцах Львова

Каб наведаць Украiну, ён раптоўна стаў дзяўчынай...

Унiкальную магчымасць паглядзець на Залатую падкову Львоўшчыны (дарэчы, менавiта так i называецца гэтая экскурсiя) беларусам прадаставiла турыстычнае агенцтва "Альтус-плюс", сумесна з маладзёжным грамадскiм аб'яднаннем "Гiсторыка".

Крыху больш за тры дзесяткi нашых землякоў адправiлiся ў чатырохдзённую вандроўку на камфартабельным аўтобусе. Трэба сказаць, што кампанiя падабралася даволi разнашэрсная: ад студэнтаў i матуль з дзецьмi да людзей сталага веку. Усiх нас аб'яднала адно - цiкавасць да гiсторыi. Некаторым, для таго каб стаць пасажырам гэтага аўтобуса, прыйшлося здзейснiць сапраўдны "подзвiг"... Так мой сусед па нумары ў львоўскiм гатэлi, студэнт БДУ Вадзiм (прозвiшча ён прасiў не называць), атрымаў права паехаць ва Украiну пасля перамогi ў даволi незвычайным конкурсе. На адной са сталiчных дыскатэк ён пераапрануўся ў жаночае адзенне, а потым у гэтым "прыкiдзе" выпiў бутэльку мiнеральнай вады хутчэй за iншых канкурсантаў. Вось на што iдуць людзi дзеля таго, каб свет пабачыць!..

Толькiна "рiднай" мове...

Да беларуска-ўкраiнскай мяжы мы дабралiся за шэсць гадзiн. Ужо тут мяне ўразiў высокi ўзровень нацыянальнай самасвядомасцi нашых паўднёвых сусе-дзяў. Памежнiкi, якiя правяралi дакументы, размаўлялi выключна на ўкраiнскай мове. Мiж iншым, за ўвесь час падарожжа па вулiцах розных украiнскiх гарадоў i мястэчак так i не давялося пачуць анiводнага рускага слова. Нават дзеткi, якiя яшчэ пехам пад стол ходзяць, лапочуць на ўкраiнскай мове. Карацей кажучы, нам, беларусам, да гэтага яшчэ цягнуцца i цягнуцца...

Сонца,якое адпускае грахi

Першым пунктам нашай экскурсiйнай праграмы было старадаўняе мястэчка Жоўква, заснаванае ў 1594 годзе гетманам Станiславам Жаўкеўскiм. У гiсторыю Украiны гэты чалавек увайшоў неадназначна: у 1596 годзе ён кiраваў падаўленнем паўстання Севярына Налiвайкi, а ў 1594 годзе ў сваiм маёнтку Жаўкеўскi даў прытулак бацьку Багдана Хмяльнiцкага, пасля таго як маёнтак Хмяльнiцкiх быў спалены зайздрослiвымi суседзямi. Дарэчы, некаторыя гiсторыкi лiчаць, што менавiта ў Жоўкве i нарадзiўся Багдан Хмяльнiцкi.

Большасць архiтэктурных помнiкаў Жоўквы былi ўзведзены ў XVII-XVIII стагоддзях. Сярод iх асаблiвай прыгажосцю вылучаецца касцёл святога Лаўрэнцiя, якi пабудаваны ў 1606 - 1618 гадах i адносiцца да эпохi позняга Рэнесансу. У самым цэнтры на падлозе храма - сонейка з рознакаляровага мармуру. Iснуе легенда аб тым, што, калi падчас лiтургii апусцiцца на каленi ў самым цэнтры гэтага сонейка i папрасiць аб адпушчэннi грахоў, то грахi абавязкова будуць адпушчаныя.

Акрамя гэтага храма, ў Жоўкве размясцiўся касцёл, якi ўяўляе сабой паменшаную копiю Вавеля - каралеўскага палаца, якi знаходзiцца ў Кракаве. Справа ў тым, што ў свой час Жоўква была адной з рэзiдэнцый польскага караля Яна III, таму зараз палякi прыязджаюць сюды, як на паломнiцтва, каб ушанаваць памяць сваiх славутых продкаў.

Манах-экскурсавод

Атрымаўшы першыя ўражаннi ад архiтэктурнай прыгажосцi Жоўквы, мы паехалi ў мястэчка Крэхiў. Тут знаходзiцца ансамбль Васiлiянскага манастыра з царквой Нараджэння Хрыстова.

Экскурсiю праводзiў служачы манастыра, якi расказаў, што Васiлiянскi манастыр быў заснаваны прыкладна ў 1612 годзе, калi сюды прыйшлi два манахi - Iоiл i Сiльвестр. Спачатку яны пабудавалi тут дзве драўляныя царквы, а потым, калi манахаў стала больш, Станiслаў Жаўкеўскi падараваў iм мясцовыя землi. Гэта i дазволiла заснаваць манастыр. Дакладнае месца, дзе яго трэба было ўзводзiць, манахам паказаў сляпы стары, якi меў дар прадбачання.

Дарэчы, у 40-я гады XVII стагоддзя тут жыў князь Уладзiслаў Сапега, якi загадаў манахам пабудаваць каменныя сцены вакол манастыра, каб абаранiць яго ад варожых нападаў.

Зараз манастырскi комплекс складаецца з царквы Святога Мiкалая, якая была пабудавана ў 1710 годзе, духоўнай семiнарыi, трох карпусоў келiй, абарончых муроў, вежаў-званiц i ўязной брамы.

Львоў - горадна Лысай гары

Наступны аўтобусны марш-кiдок кампанiя беларускiх турыстаў зрабiла па маршруце Крэхiў-Львоў.

Прыехаўшы ў Львоў, мы аператыўна ўладкавалiся ў аднайменным гатэлi, якi размяшчаецца ў самым цэнтры горада. Вольны час, якi заставаўся да экскурсii па Львове, кожны з нас выкарыстоўваў па-рознаму: хтосьцi адпачываў у нумары, хтосьцi гуляў па цiхiх вузенькiх вулiцах, дзе ў свой час праходзiлi здымкi ф?льма "Д'Артаньян i тры мушкецёры", а хтосьцi адразу наведаў краму "Фiрмови напоi", якая знаходзiцца побач з гатэлем. Найвялiкшую цiкавасць з велiзарнага асартыменту напояў у беларусаў, зразумела, выклiкала "пярцоўка" - нацыянальная ўкраiнская гарэлка. Бутэлька ёмiстасцю 0,5 лiтра каштуе 13 грывен i 40 капеек (1 амерыканскi долар - 5.грывен 23 капейкi. - Аўт).

Ужываць "пярцоўку" перад экскурсiяй не рызыкнуў нiхто. Як высветлiлася крыху пазней, гэта было абсалютна правiльным рашэннем. Бо азнаямленне з горадам пачалося з наведвання яго гiстарычнага цэнтра - Лысай гары. Для таго каб падняцца на яе вяршыню, трэба пераадолець не адзiн дзесятак прыступак. Мiж iншым, iх тут раней не было, i, як прызналася экскурсавод, шмат хто з вельмi цiкаўных i рызыкоўных турыстаў ламаў ногi... Але перад вiзiтам у Львоў прэзiдэнта Украiны Леанiда Кучмы вакол гары пабудавалi лесвiцу. Зараз гэтае месца чымсьцi нагадвае наш Курган славы. Калi падняцца на самы верх, то адсюль увесь Львоў бачны як на далонi.

У сучасным Львове знаходзiцца 66 бiблiятэк, столькi ж аптэк i цэркваў. Самай прыгожай у Львове лiчыцца царква Святога Юра. Iснуе некалькi легенд аб яе заснаваннi. Адна з iх сцвярджае, што ў 1280 годзе тут была пячора, дзе жыў князь Войшалк. У старасцi ён вырашыў замалiць свае грахi i прыняў пострыг у манахi. Па яго просьбе князь Леў, якому належаў горад, пабудаваў царкву з букавага дрэва.

У 1340 годзе, штурмуючы Львоў, Казiмiр III панёс значныя страты пад сценамi Святаюраўскага манастыра i, раззлаваны, загадаў пакараць манахаў смерцю, а манастыр спалiць. Аднак ужо праз год манастыр быў адбудаваны. А ў памяць аб пакараных манахах тут ў 1341 годзе быў усталяваны звон. Свой цяперашнi выгляд царква набыла ў 1744-1766 гадах намаганнямi архiтэктара Мерэцына i скульптара Пiнзэля. Зараз унутры царквы знаходзiцца незвычайная выява Хрыста. Калi глядзець на яе прама, то Iсус выглядае маладым, а калi адысцi крыху ўбок - ён ператвараецца ў ссiвелага чалавека.

Цэнтр Львова - скарбнiца разнастайных помнiкаў. Тут i оперны тэатр iмя вядомай спявачкi Саламеi Крушальнiцкай, i Львоўскi унiверсiтэт iмя Iвана Франко, помнiк Адаму Мiцкевiчу, i помнiк Тарасу Шаўчэнку... I шмат яшчэ чаго цiкавага...

Чорны замак Альшанскi -у Алеску

Пасля экскурсii па Львове ў нас зноўку быў вольны час. Нарэшце давялося пакаштаваць "пярцоўкi". Нягледзячы на ўсе мае запэўнiваннi аб тым, што падчас працы не п'ю, сусед па нумары ўгаварыў прыгубiць... Як высветлiлася, "пярцоўка" - вельмi моцны, але ў той жа час смачны напой. Нiякiх дрэнных наступстваў для арганiзма ранiцай не выявiлася.

З самага ранку апошняга экскурсiйнага дня мы паехалi ў Алескi замак. Для беларусаў гэта своеасаблiвае месца, бо менавiта тут здымаўся "Чорны замак Альшанскi" паводле Уладзiмiра Караткевiча.

Алескi замак - гiстарычны i архiтэктурны помнiк XIII - XVIII стагоддзяў. У XV - XVI ст ст. замак быў магнацкай рэзiдэнцыяй, а ў 1620 гадах яго перабудавалi ў духу iтальянскага Рэнесансу. У 1629 годзе тут нарадзiўся кароль Ян III, якi потым тут бываў i сабраў у гэтым замку шматлiкiя творы мастацтва.

Рэстаўрацыя замка адбылася ў 1965-1975 гадах. Пасля гэтага тут быў створаны музей-запаведнiк - аддзел Львоўскай галерэi мастацтваў. У музеi экспануюцца сотнi унiкальных твораў жывапiсу, скульптуры i прыкладнога мастацтва X-XIII стагоддзяў. Сярод iх iконы, партрэты, нацюрморты, мэбля, шпалеры i вялiкiя палотны (напрыклад, палатно "Бiтва пад Вiднем", якое займае ў адным з замкавых пакояў усю сцяну). З партрэтных прац беларусам, безумоўна, запомнiлася вялiкая выява Мiколы Патоцкага. Гэты чалавек паходзiў са знатнага роду, якому ў свой час належала 30 працэнтаў украiнскiх зямель. Аднойчы ў паездцы карэта Патоцкага перакулiлася, i ён хацеў застрэлiць кучара. Але першы раз у жыццi яго падвяла зброя. Тады разгневаны Мiкола запытаўся ў кучара: "Чаму я не здолеў цябе забiць?". Той адказаў, што ён малiўся Дапачаеўскай Боскай мацi. Пасля гэтага выпадку Патоцкi аддаў усе свае зберажэннi на пабудову цэркваў. Усяго каля 70 цэркваў i манастыроў ва Украiне пабудаваныя за грошы Патоцкага...

Радзiвiлаўскi след

Недалёка ад Алеска знаходзiцца мястэчка Падгорцы - туды мы i накiравалiся. Гэты замак пабудаваны ў 1637 - 1641 гадах. У замкавы ансамбль уваходзяць палац з бастыённымi ўзмацненнямi, уязная брама ды касцёл у стылi барока. Вакол замка, якi зараз знаходзiцца на рэстаўрацыi, - прыгожы лiпавы парк. Побач з падгорскiм замкам - касцёл святога Iосiфа, якi будаваўся для пахавання ўладальн?каў замка, але так нiхто i не быў у iм пахаваны.

Апошняй кропкай нашай насычанай экскурсii па Залатой падкове Львоўшчыны стаў замак у Золачыве. У свой час ён належаў Радзiвiлам.

Але ў гiсторыi гэтага замка былi i няпростыя часы - некалi тут размяшчаўся адзел НКУС, дзе нават у першыя днi Вялiкай Айчынай вайны яшчэ праводзiлiся расстрэлы арыштаваных...

Зараз тут знаходзiцца яшчэ адзiн аддзел Львоўскай галерэi мастацтваў. На падворку замка стаiць вялiкi познерэнесансны палац, а таксама кiтайскi палац. Але найвялiкшую цiкавасць у беларусаў выклiкалi каменнi, якiя знаходзяцца на замкавай тэрыторыi. У адным з iх мы ўбачылi дзiрку. Як нас запэўнiла экскурсавод, калi ўставiць палец у гэтую самую дзiрку, пакруцiць яго i загадаць жаданне, то яно абавязкова здзейснiцца. Паводле легенды, кожны палец на чалавечай руцэ "адказвае" за розныя сферы жыцця: ад дабрабыту ў камерцыйных праектах да перамог на любоўным фронце... Праўда, якi палец за што "адказвае" - нам не патлумачылi. Паабяцалi толькi, што калi мы прыедзем наступным разам, то сакрэты абавязкова будуць адкрыты...

Залатая падкова чакае Вас!

Мiж iншым, паважаныя чытачы, у Вас ёсць магчымасць самiм даведацца пра "каменныя сакрэты", а таксама навiдавоку пабачыць Залатую падкову Львоўшчыны. Бо ў гэты вялiкi рэпартаж не ўвайшло i дзесятай долi незабыўных уражанняў, што мы атрымалi ва Украiне.

Ад'езд у наступную вандроўку па маляўнiчых украiнскiх мясцiнах турагенцтвам "Альтус-плюс" i маладзёжным грамадскiм аб'яднаннем "Гiсторыка" запланаваны на 28 мая.

Так што заходзьце на мiнскую вулiцу Фабрыцыуса,9 у офiс 13, альбо тэлефануйце - 222-88-76. Прыемнага Вам адпачынку!

Вiталь ГАРБУЗАЎ.



Мiнск - Жоўква - Крэхiў - Львоў - Алеск - Падгорцы - Золачыў.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка