Народная Воля №210 от 05. 11. 2003




Дата канвертавання27.03.2016
Памер29.95 Kb.
Народная Воля
№210 от 05.11.2003



Запрашаем дакрануцца да гiсторыi

Беларускае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Гiсторыка" i турыстычнае агенцтва "Альтус-Плюс" арганiзоўваюць турыстычныя паездкi па цiкавых мясцiнах Беларусi, Украiны, Польшчы. Паездкi гэтыя - не "шоп-туры" i нават не бiзнес. Гэта жаданне дапамагчы людзям, якiх аб'ядноўвае адно - цiкавасць да гiсторыi. Сёння ў гасцях у "Народнай волi" - старшыня маладзёжнага грамадскага аб'яднання "Гiсторыка" Раман ЛЯЎКОЎСКI i дырэктар турыстычнага агенцтва "Альтус-Плюс" Юрый БЛАЖЭВIЧ.

Раман ЛЯЎКОЎСКI:

"Нас аб'ядноўвае цiкавасць да гiсторыi"

- Наша аб'яднанне iснуе ўжо амаль чатыры гады, - рассказвае Раман Ляўкоўскi. - Пачыналася з суполкi студэнтаў гiстарычнага факультэта Белдзяржунiверсiтэта, а зараз - болей дзесяцi рэгiянальных аддзяленняў у Магiлёве, Гомелi, Полацку, Брэсце, Баранавiчах, Вiцебску... Усяго налiчваецца каля 300 сяброў аб'яднання - гэта не толькi гiсторыкi, але i архiтэктары, палiтолагi, журналiсты, будаўнiкi... Асноўным накiрункам нашай працы лiчацца вандроўкi па гiстарычных месцах Беларусi. Днямi былi на Гродзеншчыне. Распрацоўваем i больш далёкiя рэгiёны - Польшчу, Украiну, паглядаем на Лiтву, Расiю, рэгiёны, якiя гiстарычна звязаны з Беларуссю.

- Канкурэнты ў вас ёсць?


- Не канкурэнты, а сяброўскiя арганiзацыi, якiя таксама пачалi распрацоўваць нашу iдэю - ладзiць вандроўкi, займацца прыбiраннем гiстарычных мясцiн. Прынамсi, я толькi радуюся гэтаму...


- Раман, а як пачалося супрацоўнiцтва "Гiсторыкi" з турыстычным агенцтвам "Альтус-Плюс"?


- Нам неабходна арганiзоўваць вандроўкi на прафесiйным узроўнi, таму i шукалi кантакты з турыстычнымi фiрмамi. I абсалютна выпадкова пазнаёмiлiся з дырэктарам "Альтус-Плюс" Юрыем Блажэвiчам. З тых часоў i iдзём разам па жыццi - мы распрацоўваем маршруты, падбiраем нейкiя цiкавыя для паездак днi, а агенцтва займаецца арганiзацыйнымi пытаннямi. I, скажу шчыра, нашым супрацоўнiцтвам я задаволены. Усiх нас аб'ядноўвае цiкавасць да гiсторыi сваёй зямлi.

Юрый БЛАЖЭВIЧ:

"Робiм усё дзеля таго,каб з гiстарычнымi мясцiнамi пазнаёмiлася як мага больш людзей"

- Юрый, калi шчыра, цi прыбытковая сёння для турыстычнай фiрмы такая справа, як арганiзацыя паездак па тых цi iншых гiстарычных мясцiнах?

- Скажу больш - часам нават стратная. Так здараецца, што пасля паездкi не можам нават "выйсцi на нуль" - хаця б дзеля таго, каб акупiць арэнду аўтобуса. Але ж, разумееце, iснуе культура Беларусi, ёсць яе гiсторыя, гiсторыя краязнаўства, архiтэктура... Дык вось асабiста мая пазiцыя такая: гэта грэх, калi ты можаш, але не хочаш дапамагчы сваiм землякам пазнаёмiцца са сваёй гiсторыяй.


- Колькi вандровак правялi за час супрацоўнiцтва з аб'яднаннем "Гiсторыка"?

- Шмат. Былi ў Ляхавiчах, запамяталiся цудоўныя вандроўкi ў Тураў, Оршу... На нясвiжскi фестываль адправiлi два аўтобусы з турыстамi. Праўда, там, на жаль, з-за хiбаў арганiзатараў людзi так i не змаглi нiчога пабачыць - нейкае масавае стаўпатварэнне было, а не фестываль. А вось паездка на рыцарскi фестываль у Гжэшаў, што пад Кракавам, удалася на славу. Турысты так i казалi: "Вялiкi вам дзякуй за паездку! Такога нават i не чакалi". Дарэчы, неаднойчы былi i ў самiм Кракаве - гэта ж не горад, а адзiн суцэльны музей! Адным словам, зроблена шмат - яшчэ больш задумак.

- Паездкi па Беларусi ў вас аднадзённыя?

- Так, i аднадзёнкi гэтыя дастаткова танныя - паездка каштуе каля 18 тысяч рублёў. Зрабiлi б яшчэ танней, але ж трэба нейкiм чынам хаця б арэнду аўтобуса акупiць. А за дзень, дарэчы, можна пабачыць вельмi шмат i пабываць не толькi ў адным месцы - выязджаем мы рана, а прыязджаем каля 12 гадзiн ночы.

- Чым парадуеце аматараў "гiстарычных" паездак у блiжэйшы час?

- У гэтую нядзелю былi ў вандроўцы па Гродзеншчыне, з 6 па 9 лiстапада будзем вандроўнiчаць па Украiне, па Львоўшчыне (адну ноч правядзём у львоўскiм гатэлi), якая вельмi багатая на розныя помнiкi гiсторыi. Дарэчы, мы ўжо арганiзоўвалi туды паездкi i ўсiх настолькi ўразiла добразычлiвасць тамтэйшых людзей да беларусаў. Вечарам пайшлi пагуляць, знайшлi месца, дзе слухалi музыку i весялiлiся. Уяўляеце, у цэнтры Львова мясцовая моладзь танчыла пад беларускiя песнi i ад усёй душы дзякавала нам!

- Юрый, калi хтосьцi захоча адправiцца ў вандроўку, да каго яму звяртацца?



- Звяртацца трэба па тэлефонах - 222-88-76, 222-88-61 (электронны адрас: altusplus@tut.by), дзе вам не толькi дадуць поўную iнфармацыю пра нейкую канкрэтную паездку, але i пры жаданнi могуць прапанаваць на ваш выбар любую iншую.

Алесь СВЯТЛАНIЧ.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка