Народная педагогіка І сутнасць новай мадэлі дашкольнага навучання І выхавання “этнасад”




Дата канвертавання01.05.2016
Памер106.06 Kb.
НАРОДНАЯ ПЕДАГОГІКА

І СУТНАСЦЬ НОВАЙ МАДЭЛІ

ДАШКОЛЬНАГА НАВУЧАННЯ І ВЫХАВАННЯ “ЭТНАСАД”

Народная педагогіка фарміравалася на працягу многіх стагоддзяў, а вывучэнне яе адносіцца да канца ХVІІІ стагоддзя, калі распачаўся збор вусна-паэтычнай творчасці. Як навука, беларуская этнапедагогіка, склалася ў наш час дзякуючы працам Г. Арловай, Г. Барташэвіч, А. Грымаця, М. Піліпенкі, Л. Ракавай і асабліва даследаванням шырокага кола народазнаўцаў (фалькларыстам, этнографам, мастацтвазнаўцам) мінулага і сучаснасці. Яна вывучае змест, сродкі, спосабы і метады традыцыйнага выхавання і навучання.

Добры пачатак укаранення ў адукацыйны працэс народных педагагічных традыцый быў закладзены ў 20-х гадах. Гэтаму плённа садзейнічала палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва адраджаемай Беларусі, што ўвайшла ў гісторыю пад назвай беларусізацыі. У адукацыйнай справе быў узяты накірунак на развіццё працоўнай школы і роднай мовы навучання. Дзяля падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі новых педагагічных кадраў пашыралася сістэма курсаў і гурткоў беларусазнаўства. У Менску і Маскве, напрыклад, яны праводзіліся з 1918 года. Акрамя таго, у 1921 годзе адкрыўся БДУ, і ў наступным – Інстытут беларускай культуры. Беларусізацыяй было ахоплена амаль ўсё насельніцтва: працоўныя калектывы, войска, урад...

Сярод педагогаў ішоў працэс пошуку шляхоў стварэння нацыянальнай школы на аснове ідэй народнай педагогікі, улічваючы вопыт Цеткі, К. Каганца, Я. Коласа і іншых. Станоўчым прыкладам выкарыстання прагрэсіўных ідэй народнай педагогікі ў навучальна-выхаваўчай працы з’явіліся «Программы советской единой трудовой школы 1-ой и 2-ой ступени» (Мн., 1919). Так, у планах па вуснай народнай славеснасці ўпершыню ў дакуменце рэкамендавалася вывучаць народную творчасць на роднай мове, самастойна адбіраючы з багатай спадчыны найбольш карыснае і прагрэсіўнае, выкарыстоўваючы рэгіянальны фальклорны матэрыял, вывучаючы прадмет паводле «працоўнага года-календара». Падкрэслівалася, што ў навучальна-выхаваўчы працэс уводзіцца «прынцып этнаграфічны, прынцып жывога бытавання з’яў вусна-народнай славеснасці» (с. 14). У прыватнасці, у гэтых планах значылася: «Знаёмства (заснаванае на асабістым вопыце вучняў) са з’явамі вуснай народнай творчасці. Жыццёвае бытаванне яе ў рамках народнага календара. Знаёмства з народным календаром...

Сустрэча вясны, вясенняя абрадавая лірыка (гульнявая і карагодная), вясеннія святы.

Абрады пахавання і памінання памёршых. Радуніца. Сямік, пахавальнае галашэнне.

Летнія святы, абрады і абрадавая лірыка, звязаная з земляробствам. Назіранні над адлюстраваннем асобы выканаўцы ў творах народнай славеснасці. Некаторыя назіранні над традыцыйнымі прыёмамі творчасці ў лірыцы, у эпасе...» 1.

Пры гэтым культурна-нацыянальны кампанент таксама ўлічваўся ў праграмах іншых прадметаў, напрыклад, гісторыі, матэматыцы, геаграфіі, музыцы і спевах. Вялікая ўвага надавалася народным гульням і гульнёваму элементу ў навучанні і выхаванні. Разглядаемыя праграмы (1919 г.) выглядаюць даволі прагрэсіўнымі нават для сучаснай педагагічнай навукі. Даводзіцца цяпер толькі шкадаваць, што курс на беларусізацыю, які станоўча ўплываў на развіццё і выкарыстанне народнай педагогікі і этнапедагогікі, як дэмакратычныя галіны эмпірычных ведаў беларусаў, якія паслядоўна выцякаюць з жыццёвага вопыту народа і здольныя на гарманічнае спалучэнне нацыянальных і міжнацыянальных педагагічных дасягненняў, быў гвалтоўна перарваны антынацыянальнымі рэпрэсіямі 30-ых гадоў. Такім чынам этнапедагогіка і беларуская педагагічная навука ў цэлым страціла ў вольным развіцці паўстагоддзя.

Новы перыяд беларусізацыі ў пачатку 90-ых гадоў заканамерна прывёў да павяртання да спрадвечных педагагічных традыцый нашага народа. Поруч з агульным нацыянальна-адраджэнскім уздымам у розных галінах дзейнасці спакваля развіваецца ідэя стварэння сапраўды нацыянальнай школы. Зноў, як і раней, пачалося з курса беларусазнаўства. Дарэчы, падобныя дысцыпліны былі ўключаны ў школьныя праграмы некаторых рэспублік былога СССР. На Украіне, дзе лепш захаваліся ў адукацыі народныя традыцыі і родная мова, чым у беларусаў, з 1991-92 навучальнага года «Народазнаўства» ўводзіцца ва ўсіх класах. Крыху пазней расейская мова пераводзіцца ў разрад неабавязковых прадметаў для вывучэння, факультатыўных курсаў.

З 1990 года ў асобных школах Беларусі пачало эксперыментальна вывучацца «Беларусазнаўства». Затым былі выпушчаны праграмы і метадычныя распрацоўкі курса ў чатырох зборніках2 для 1-11 класаў. Адзін толькі пералік іх раздзелаў красамоўна гаворыць аб насычаным змесце навучальных дапаможнікаў: «Беларускія народныя гульні, карагоды», «Фальклор, яго літаратурная апрацоўка», «Беларуская лялька», «Старажытныя абрады, звычаі, забавы. Беларускі народны каляндар»; «Легенды і паданні зямлі беларускай», «Народнае мастацтва»; «Краязнаўства»; «Этнаграфія беларусаў»; «Беларуская музыка», «Народнае дойлідства Беларусі».

У адным рэчышчы адраджэння паўстае і беларускамоўны дзіцячы сад. У 1990 г. выходзяць ратапрынтныя малатыражныя выданні для педагогаў дашкольных устаноў3, затым дапаможнік, які быў падрыхтаваны супрацоўнікамі яслей-сада № 376 г. Мінска4, і інш.

Якасна іншым шэрагам дапаможнікаў вылучаецца новая серыя «Бібліятэчка народных свят і прысвяткаў»5 для настаўнікаў і выхавальнікаў, якія знаходзяць у ёй матэрыялы як для падрыхтоўкі традыцыйных святаў, так і выкарыстання твораў народнай культуры, сродкаў народнай педагогікі на ўроках, у пазакласнай і пазашкольнай працы.

У праграмы навучальна-выхаваўчых устаноў пачаў уводзіцца нацыянальна-культурны кампанент і ў гэтым накірунку абнаўляўся змест падручнікаў. Стала вядома дзейнасць беларускіх педагогаў, цэлых калектываў, якія нямала дасягнулі ў нацыянальна-патрыятычным выхаванні, эфектыўным выкарыстанні сродкаў і метадаў народнай педагогікі. Такім з’яўляецца заслужаны работнік культуры Алесь Белакоз з Мастоўскага раёна, які ў сваёй Гудзеевіцкай школе яшчэ ў 1965 годзе заснаваў цэлы комплекс вясковых музеяў. У ім няўрымслівы настаўнік разам з вучнямі аформіў этнаграфічную экспазіцыю ў выглядзе сялянскай хаты, асобныя музеі (будынкі) лёну і народнага ткацтва, народнай медыцыны, літаратурна-краязнаўчы, гісторыі школы. І ўсё гэта плённа працавала на навучанне і выхаванне школьнікаў.

Такой жа арыгінальнай і па-свойму адметнай установай з’яўляўся Дулебскі дзіцячы дом-школа-дзіцячы сад Бярэзінскага раёна, якім кіраваў выдатнік асветы Мікалай Грудзінскі. Па вызначэнню лідэра ўстановы, галоўнай задачай яе з'яўляецца «выхаванне самасвядомых дзетак-беларусаў, адраджэнне беларускай народнай культуры, вывучэнне гістарычнай нацыянальнай і культурнай спадчыны роднага краю, адраджэнне народных промыслаў, вывучэнне народных гульняў, што азначае выхаванне дзяцей на народных традыцях, сродкамі народнай педагогікі».2 Дзяля вырашэння яе школьнікі вывучаюць факультатыўны курс «Спадчына роднага краю», які складаецца з шасці раздзелаў: старажытная Беларусь, гістарычная спадчына Бярэзінскага раёна, культурная спадчына раёна, экалогія раёна, Бярэзіншчына-партызанка, вёска Дулебы – старажытная вёска. Ва ўстанове працуе лялькавы тэатр, секцыя «Беларускія народныя гульні», гурткі пляцення, якімі кіруюць вясковыя ўмельцы, дзейнічае дзіцяча-дарослы гурт народнай песні «Дулебцы» і танцавальны калектыў «Лявоніха», працуе школьны завод «Дулебскія ўмельцы», што выпускае кухонныя наборы, драўляныя лыжкі, хлебніцы і інш. Педагагічны калектыў актыўна прапагандуе сваю дзейнасць, выпускае метадычныя дапаможнікі («Беларускія народныя гульні», «Народны лячэбнік» і інш). Выхаванне нацыянальнай свядомасці і музычна-эстэтычных схільнасцяў пачынаецца з дзіцячага садка, што знаходзіцца ў адным комплексе са школай і дзіцячым домам.

Як яскравы прыклад нацыянальна-патрыятычнага выхавання ў пазашкольнай працы стала вядома з 1990 года дзейнасць першага беларускамоўнага не піянерскага летніка «Грунвальд», які арганізаваўся гарадскім бацькоўскім камітэтам Мінска (існаваў з 1988 г.) ў Дзяржынскім раёне71. Былі адкрыты кафедры беларусазнаўства ў ВНУ і з'явіліся адпаведныя дапаможнікі па гэтаму курсу8.

На агульным фоне ўсё-такі недастатковай працы, на нашу думку, па развіцці роднай мовы і ўкараненні традыцый народнай педагогікі ў навучальна-выхаваўчы працэс цяпер усё ж маюцца ў кожным абласным цэнтры, сельскіх раёнах і гарадах узорныя дзіцячыя садкі, школы і іншыя ўстановы асветы, што працуюць у згаданым накірунку, дзейнасць якіх трымаецца на самаахвярным энтузіязме сапраўдных педагогаў і арганізатараў адукацыі.


***

З 2001 г. у Мінску на базе трох груп дашкольных устаноў № 187 і 195 (у 2002 г. у № 187 і 314) пачынае дзейнічаць міністэрская эксперыментальная пляцоўка па апрабацыі новай мадэлі дашкольнага навучання і выхавання пад нашым навуковым кіраўніцтвам. Адкрыццё эксперыментальнай пляцоўкі (ЭП) “Энасад” прадугледжана “Праграмай дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі” (Пастанова Міністэр. адукацыі РБ ад 27.08.2001 г. № 48)9.

Актуальнасць праблематыкі, якая ставіцца на вырашэнне ў дадзеным інавацыйным праекце, зыходзіць з фенаменальнай сітуацыі: пры наяўнасці ў Беларусі багатай традыцыйнай народнай культуры адсутнасці распрацаванай аптымальнай мадэлі дашкольнай установы, якая б паглыблена працавала на аснове фальклорных традыцый і мастацтва, шырокага прымянення сучасных прагрэсіўных тэхналогій адукацыі.

Канцэптуальныя палажэнні дзейнасці “Этнасада”. У аснове працы ляжыць базісная дзеючая праграма выхавання і навучання дзяцей у дашкольнай установе на беларускай мове, але з дамінуючым ухілам на вусную народную творчасць і традыцыйнае ўжытковае мастацтва, народную харэаграфію і гульні, фальклорныя спевы і музыку, лялькавы тэатр, а таксама з шырокім выкарыстаннем сучасных прагрэсіўных тэхналогій (камп’ютэрызацыя, замежныя мовы, Мантэсоры-педагогіка, “Першы крок” і інш.).

Арганізацыя навучання і выхавання ажыццяўляецца як у звычайных яслях-садзе, так і па прынцыпу дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці (што больш прыдатней) з дадатковымі гурткамі і студыямі.



Асноўная мэта і ідэя інавацыйнага праекта заключаецца ў стварэнні новай мадэлі дашкольнага навучання і выхавання “Этнасад”, у якім здзяйсняецца вядучая дзейнасць прынцыпу цеснай узаемасувязі нацыянальнага і агульначалавечага ў выхаванні, шырокім звяртанні да народнай педагогікі, нацыянальных традыцый і культуры.

Новая мадэль дашкольнай установы, якая па свайму зместу будзе адпавядаць нацыянальнай з улікам сусветных дасягненняў, стане пераходным звяном да “Этнашколы”., або іншай мадэлі ці віду ўстановы са спецыялізаванымі ўхіламі. Па праграме “Этнашколы” ў эксперыментальным рэжыме і інавацыйным праектам пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта Беларускага ўніверсітэта культуры Іллі Іванавіча Сучкова з пачатку мінулага дзесяцігоддзя працуюць Сеніцкая агульнаадукацыйная школа імя Янкі Купалы Мінскага раёна, СШ № 89 Мінска, да якіх затым далучыліся пачатковая школа № 6 Вілейкі, Дзямідавіцкая СШ Дзяржынскага раёна, а таксама сярэднія навучальныя ўстановы № 5 Наваполацка, № 41 Гомеля, № 15 Магілёва, № 3 Мінска. Навучальна-выхаваўчы працэс у іх грунтуецца на базе планаў сярэдніх школ з агульнаэстэтычным ухілам, што дазваляе дадаткова вывучаць дысцыпліны этнамастацкага цыклу: фальклорны тэатр, харэаграфічны фальклор, фальклорныя спевы і музыка, традыцыйнае ўжытковае мастацтва, а таксама шырока выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці народныя святы, абрады, гульні, іншыя сродкі і метады народнай педагогікі і накірункі, тыпу “Мастацтва вуснага слова”. Вопыт эксперыментальнай дзейнасці грунтоўна асвятляецца ў спецыяльнай серыі дапаможнікаў для настаўніка “Беларускі фальклор у школе”10.

Найбольш прыдатным тыпам установы, у якой аптымальна можна рэалізаваць задачы “Этнасада”, з’яўляецца дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці , прыкладнае палажэнне пра які было зацверджана Міністэрствам адукацыі і навукі ў 1995 г. (№ 410)11. Менавіта ў ім прадугледжаны павышаны ўзровень адукацыйных паслуг з паглыбленымі накірункамі ў дзейнасці, “стварэнне спрыяльных умоў для развіцця творчага, інтэлектуальнага патэнцыялу дзяцей дашкольнага ўзросту, засваенне культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа, агульначалавечых каштоўнасцей” (п. 2). Дзякуючы гэтым магчымасцям, неабходна ствараць дадатковыя гурткі і студыі вышэй названых накірункаў. Да таго ж, добра працуе на задуму абмежаваная напаўняльнасць груп: да 2 гадоў – 10 дзяцей; ад 2 да 3 гадоў – 15; ад 3 да 6—7 гадоў – 20 (рознаўзроставая група – 12 дзяцей).

Задачамі сацыяльна-педагагічнай інавацыі “Новая мадэль дашкольнага навучання і выхавання “Этнасад”

з’яўляюцца:



  • укараненне ў практыку дашкольнай установы дасягненняў навукоўцаў па этнаграфічнаму навучанню і выхаванню, выкарыстанні сродкаў і метадаў народнай педагогікі ;

  • падбор і адаптацыя фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу, стварэнне і апрабацыя індывідуальных спецыялізаваных праграм, тыпу “Матэматычны фальклор”, “Харэаграфічны фальклор”, “Лялькавы тэатр”, “Выцінанка” і г.д.

  • трансфармацыя міжнародных педагагічных навацый і здабыткаў на беларускамоўную глебу;

- распрацоўка новых падыходаў і матывацый для бацькоўскага ўсенавуча па сумесным выхаванні дзяцей ва ўмовах сучаснага сямейна-грамадскага вопыту;

- апрабацыя і пошук новых метадаў выкарыстання найбольш папулярных і дзейсных сродкаў навучання і выхавання (гульня, лялькавы тэатр, камп’ютар і інш.);



  • навукова-метадычнае забеспячэнне дзейнасці “Этнасаду”;

  • паступовае ператварэнне дзіцячага сада (цэнтра) ў навукова-метадычны і культурна-педагагічны цэнтр рэгіёна па навучанні і выхаванні дашкольнікаў на лепшых нацыянальных традыцыях з выкарыстаннем перадавога сусветнага вопыту;

  • стварэнне праграм навучання і перападрыхтоўкі кадраў “Этнасаду”, арганізацыя семінараў, канферэнцый і курсаў сумесна з ІПК, аддзеламі адукацыі, грамадскімі арганізацыямі;

  • папулярызацыя інавацыі ў сродках масавай інфармацыі.

Найбольшая колькасць дашкольных устаноў, якія ахоплены працай па новай мадэлі “Этнасад”, знаходзіцца ў Мінскай вобласці, а таксама – у Гродзенскай. Штогод Мінскі абласны інстытут удасканалення настаўнікаў праводзіць спецыялізаваныя курсы.

Неабходна ўспрыняць як стратэгічную задачу кожнаму супрацоўніку“Этнасада” і кіраўніку органаў адукацыі – сваёй сумленнай, самаахвярнай і творчай працай стварыць новую мадэль нацыянальнай дашкольнай установы, прэстыжную і канкурэнтаздольную ў сучасных умовах. Тады выжывем як нацыя і захаваем дзяржаўную незалежнасць.


У пачэснай справе выхавання будучага грамадзяніна-патрыёта вольнай Бацькаўшчыны няхай дэвізам будуць пранікнёныя словы верша народнага паэта Ніла Гілевіча:



Хай змалку прыйдзе да высновы,

Прызнанай людствам нездарма:

Мілей, чым гукі роднай мовы –

На свеце радасці няма.

Каб не запозна далучыцца

Да векавых яе акрас –

Аддай дзіця сваё вучыцца

У беларускі клас!

(«Маладой беларускай маці». 1996).



Алесь ЛОЗКА, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (тэл. х. 2740472).


11Больш падрабязна з праграмамі можна даведацца з кнігі Г. Арловай «Народная педагогіка ў выхаваўчай рабоце школы» (Мн., 1995. С. 23-31).

2 Беларусазнаўства / Кір. творч. калект. А. Лозка. Зб. № 1. Мн., 1992; Зб. № 2. Мн., 1993. Зб. № 3. Мн., 1993. Зб. № 4. Мн., 1994.

3 Канспекты заняткаў для выхавацеляў дзіцячых садоў /Уклад. А. Ю. Лозка. Мн.: АН БССР, 1990; Народныя святы: Для школ і дзіцячых садоў / Уклад. А.Ю. Лозка. Мн.: АН БССР, 1990.

4 Сцяжынка / Л.С. Марціновіч, Т.У. Юрэвіч, Л.У. Іўліева. Мн.: Нар. асвета, 1994.

5 Восеньскія святы/Уклад. А.Ю. Лозка. Мн., 1995. Зімовыя святы/Аўт.-укл. А. Аляхновіч, А. Лозка. Мн., 1999. Вясновыя святы/Аўт.-укл. А. Аляхновіч, А. Лозка. Мн., 2000.

26 Грудзінскі М. Як «буслы» вярнуліся ў гняздо: Адкрыўшы дзіцячы сад, школа вырашала праблему сацыяльную// Наст. газета. 1993. 10 ліст.


7


17Гл: Лозка А. Беларускі скаўтынг. Мн., 1997. Ён жа. Скаўтынг у летніку «Грунвальд»//Роднае слова. 1992. № 3. С. 59-62.

8 Беларусазнаўства: Навучальны дапаможнік БДУ / Навук. рэд. П. Брыгадзін. Мн., 1997; Саракавік І. Беларусазнаўства. Мн., 1998.

9 Упершыню надрукавана ў газеце «Наша слова». 2001. 12 снежня.

10 Беларускі фальклор у школе. 1—3 класы: Дапаможнікі для настаўніка / І. І. Сучкоў і інш. Мн., 1996; 2000; 2001.

11 Прыкладнае палажэнне аб дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці // Зборнік нарматыўных дакументаў Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь. 1995. № 12. С. 20—23.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка