Народная адукацыя Паводле дадзеных Віленскай вучэбнай акругі, у Рассохах у 1863 г




Дата канвертавання23.03.2016
Памер27.77 Kb.




Народная адукацыя
Паводле дадзеных Віленскай вучэбнай акругі, у Рассохах у 1863 г. адкрылі народнае вучылішча. Але ж тады Рассохі не ўваходзілі ў Кармянскую воласць.

У 1865 г. адкрываецца мужчынскае народнае вучылішча, якое размяшчалася ў грамадскім памяшканні. Пры вучылішчы праіснавала адзін год жаночае аддзяленне. Грошы на яго дзяржава не выдаткоўвала., сродкі – да 60 руб. – сабрала на яго патрэбы насельніцтва.

Зацвяржэнне “Правілаў аб царкоўнапрыходскіх школах” у 1884 г. дало магчымасць пашырыць сетку школ у воласці.

У 1888/89 навучальным годзе ў Кармянскай воласці налічвалася 14 школ, чатыры з іх – царкоўнапрыходскія. У іх налічвалася ўсяго 300 чалавек. І гэта ў той час, калі большасць насельніцтва не мела адукацыі!

Заняткі пачыналіся 1 кастрычніка пасля заканчэння палявых работ. Выкладанне вялося выключна на рускай мове. Над работай школы быў пастаянны нагляд царквы і паліцыі. Шмат вычэбнага часу адводзілася закону Божаму. Бібліятэк не было. На тэрыторыі воласці ў гэты ж тэрмін дзейнічалі 9 цэркваў і 3 сінагогі.

Кармянскае мужчынскае народнае вучылішча. Адкрыта ў 1865 г. Знаходзілася ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча штогод адпускалася 175 руб. З дзяржаўнага казначэйства. Настаўнік вучылішча з 1 верасня 1865 г. – Л. Р. Глыбоўскі, які закончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Утрыманне: 150 руб. у год і кватэра.Законанастаўнік з 1 лістапада 1872 г. святар Даніла Іванавіч Шышковіч, які закончыў Магілёўскую семінарыю. Жалаванне – 25 руб. у год.

Кармянскае жаночае народнае вучылішча. Адкрыта ў 1865 г. Знаходзілася ў тым жа доме, што і мужчынскае вучылішча. На ўтрыманне яго штогод адпускала 60 руб. мясцовае сялянскае таварыства. Настаўнічала ў ім С. Р. Глыбоўская. Яна закончыла Буйніцкае вучылішча для дзяўчат духоўнага звання. На пасадзе – з 1 кастрычніка 1865 г. Утрыманне: 60 руб. у год і кватэра.

Рэкта – Бычанскае народнае вучылішча Рэкцянсай воласці, сяло Быч (цяпер Акцяброва). Адкрыта ў 1851 г. Знаходзілася ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча штогод адпускалася 251 руб., сабраныя з былых дзяржаўных сялян.

Настаўнік вучылішча з 1 кастрычніка 1873 г. – Міхаіл Аўксентавіч Яндоўскі. Ён закончыў Магілёўскую семінарыю. Утрыманне: 150 руб. у год і кватэра.

Законанастаўнік – святар Іерафей Іванавіч Саульскі. Закончыў Магілёўскую семінарыю. Жалаванне – 25 руб. у год.

У апошняй чвэрці ХІХ ст. былі адкрыты царкоўна – прыходскія школы і школы пісьменнасці, аб чым сведчыць справаздача за 1888/89 навучальны год.



Царкоўна-прыходская школа ў ваколіцы Кароцькі. Знаходзілася ў сялянскім доме бясплатна. Настаўнікам і законанастаўнікам быў дыякан Яўграф Раманоўскі. Атрымліваў 40 руб. за вучэбны перыяд. Вучылася 27 хлопчыкаў. Дзяўчынкі не вучыліся.

Школа пісьменнасці ў ваколіцы Кароцькі. Знаходзілася таксама ў сялянскай хаце бясплатна. Настаўнічаў селянін Апанас Караткевіч, які атрымліваў ад бацькоў вучняў 25 руб. за вучэбны перыяд. Вучыліся 12 хлопчыкаў.

Царкоўна-прыходская школа ў вёсцы Сырская Буда. Размяшчалася ў наёмным доме. Настаўнічаў былы унтэр – афіцэр Павел Зайцаў, які атрымліваў за гэта ад таварыства 25 руб. Займалася 16 хлопчыкаў.

Школа пісьменнасці ў ваколіцы Сапажкі. Знаходзілася ў сялянскім доме бясплатна, настаўнічаў былы унтэр – афіцэр Сямён Емяльянаў. Бацькі вучняў плацілі яму па па 50 кап. Вучыліся 15 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка.

Школа пісьменнасці ў вёсцы Сырск. Размяшчалася яна ў наёмным доме. Настаўнічаў селянін Канстанцін Фёдараў. Атрымліваў ён 15 руб. за навучанне 21 хлопчыка.

Ператвораная царкоўна-прыходская школа ў вёсцы Ліцвінавічы знаходзілася ў пабудаваным для яе доме. Настаўнічала Валянціна Лепяшынская, якая заканчвала Магілёўскае жаночае духоўнае ведамства вучылішча і за работу атрымлівала ў год 100 руб. ад таварыства. Выкладаў закон Божы святар Мікалай Лепяшынскі. Вучыліся 21 хлопчык і 1 дзяўчынка.



Царкоўна-прыходская школа ў вёсцы Воронаўка адкрыта ў 1889 годзе. Размяшчалася ў сялянскай хаце. З 1910 г. навучанне ў школе стала бясплатным.

Аналагічныя школы былі і ў іншых валасцях, у паселішчах цяперашніх Каменскага, Стараградскага, Лужкоўскага, Барсукоўскага, Струкачоўскага сельскіх Саветаў.



(Паводле: В. Філімонава. Раённая кніга “Памяць”, ст . 55 – 56.).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка