Нарадзілася яна ў вёсцы Мазуршчына, што на Старобіншчыне (цяпер Салігорскі раён) у сялянскай сям’і. Успамінаючы пражытыя гады плача




Дата канвертавання13.06.2016
Памер28.08 Kb.





Нарадзілася яна ў вёсцы Мазуршчына, што на Старобіншчыне (цяпер Салігорскі раён) у сялянскай сям’і. Успамінаючы пражытыя гады – плача. Пра што ніколі не хоча нават і гаварыць, дык гэта пра гады ваеннага ліхалецця, самую жудасную падзею, якую давялося перажыць на вяку. Да вайны многія сем’і паспелі абжыцца,па тагачасных мерках нават разбагацець, а пасля доўга не маглі выпутацца з галечы і беднасці. Вайна працяла болем усё далейшае жыццё. Жыхарам Мазуршчыны пагражала знішчэнне ў пякельным агні ад рук карнікаў, якія ўварваліся на досквітку ў белых маскхалатах, залітых крывёю. Палілі, расстрэльвалі, каралі. Тады загінулі дзве яе сяброўкі, з якімі разам вучылася, марыла пра светлае будучае. І цяпер прабірае жах, калі ўспамінае, што клалася спаць у мірны час, а прачнулася ў ваенны і прыйшлося з маць ратавацца ад смерці ў лесе, у чужых хатах. Ды Бог мілаваў – уцалелі яны.

Пасля заканчэння вайны падалася ў Гомель да сястры. Хацела вучыцца. У педінстытуце, куды звярнулася дзяўчына, ёй адмовілі ў прыёме, бо не мела пры сабе ніякіх дакументаў аб заканчэнні школы, усё згарэла ў час вайны. Яе выручыў шчаслівы выпадак, ці то промысл Боскі у калідоры ўстановы сустрэўся былы настаўнік, што выкладаў некалі славеснасць у іх вясковай школе. Той пазнаў яе, уважліва выслухаў і дапамог уладкавацца з дакументамі. Так Вікторыя стала студэнткай фізіка-матэматычнага факультэта. Студэнцкія гады, часам галодныя і халодныя, помняцца толькі радаснымі, мо таму, што там засталася яе маладосць. Накіраванне атрымала ў Капыльскае РАНА, выкладала фізіку і матэматыку ў Быстрыцкай школе, пакуль не падышоў час ісці на заслужаны адпачынак. Капыльшчына стала для яе другой радзімай. Тут, у школе, сустрэла свайго суджанага, таксама настаўніка, які на многія гады сумеснага жыцця стаў ёй апорай і дарадчыкам. Чатырох дзетак падаравала яму Вікторыя Іванаўна. Жылі маладыя ў Калінаве, а працавалі ў Быстрыцы. Не маглі вызначыцца ў адным. У школе іх трымаў дружны калектыў, дзе хацелася працаваць. Яна і сёння са словамі ўдзячнасці ўспамінае дырэктароў установы Пятра Андрэевіча Каляду, Яўгена Гаўрылавіча Валністага і іншых педагогаў. А вёсачка трымала сваёй непаўторнасцю прыроды, дабрынёю яе жыхароў. 18 гадоў пражыла жанчына ў хаце свекрыві і, як цяпер прызнаецца, усяго хапала, але ж жылі, гадавалі дзяцей і будавалі пакрысе сваю сядзібу. У тыя гады, хоць і цяжка было будавацца, але людзі адзін аднаму дапамагалі. Наогул, як кажа Вікторыя Іванаўна, у вёсцы не было гультаёў. Яны ўмелі шанаваць працу, як, зрэшты, і ўсё, зробленае ўласнымі рукамі, умелі ашчадна распарадзіцца капейкай, любілі шчыра пачаставаць гасцей. Таму і вёсачка іх слыла прывабнай і ўтульнай. Тут была пачатковая школа і магазін, вялікі калгасны сад, сядзібы патаналі ў кветках. Людзі, што некалі насялялі вёску і потым пайшлі ў нябыт, безумоўна, пакінулі і прыкметны след на зямлі.

Амаль 22 гады прайшло, як засталася Вікторыя Іванаўна ўдавою. Гады, праведзеныя ў партызанскіх лясах, баявыя раненні наклалі адбітак і адзінага сына. Дачок падымала сама. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, жывуць у Мінску. Часам не могуць зразумець маці, чаму яна так прывязана да гэтай зямлі. А ёй тут не адзінока. Наведвае сацыяльны работнік, суседка калі-некалі зойдзе. Ні разу, нават на зіму, не пакідала гаспадыня сваёй хаты. Тут усё ёй роднае і дарагое. Гаспадаркі вялікай не трымае, ёсць куры, ды вартаўнік-сабака. І пчолы. Гэта яшчэ мужава забава. З той пары, як ён памёр, жанчына сама стала іх даглядаць. Людзі старэйшага пакалення прывыклі адчуваць сябе гаспадарамі. Кожнаму думаецца, што без іх руплівых рук асірацеюць і двор, і сад, і хата. Гэта і так. Вунь, на пасёлку, колькі стаіць пазабіваных хат. У Вікторыі Іванаўны шмат у характары аптымізму, ды і працаваць ёсць каму. Дзеці і ўнукі наведваюць, шануюць і падтрымліваюць яе пачцівую старасць.
Развітваючыся з намі, жанчына нібы падвяла вынік пражытаму: “Хапіла ўсяго: і слёз, і радасці, і ўцехі, і
перажыванняў. Жыць на свеце – гэта ж не золата важыць...” Што ж, лепш, мо, і не скажаш.
Слава працы

19 чэрвеня 2002г.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка