Нан беларусі, Мінск да гісторыі І этымалогіі бел. Хохлік ‘нячысцік’




Дата канвертавання17.03.2016
Памер111.71 Kb.
Ушакевіч Аляксандр Міхайлавіч Інстытут мовы і літаратуры

НАН Беларусі, Мінск


ДА ГІСТОРЫІ І ЭТЫМАЛОГІІ БЕЛ. ХОХЛІК ‘НЯЧЫСЦІК’
Вобраз хохліка ў адносінах да беларускай дэманалогіі па некалькіх прычынах можна назваць адметным. Па-першае, у адрозненне ад шэрагу іншых міфічных істот (такіх як, напр., дамавік, лесавік, вадзянік), хохліку ўласціва пэўная ўніверсальнасць і абагуленасць, таму часам яго імя можа выступаць як сінонім да “нячысціка”. Разам з тым хохлік не зусім абстрактны персанаж1 – народная фантазія традыцыйна прыпісвае яму шэраг уласцівасцяў: невялікі рост, гарэзлівы нораў і, што важна, адносная бяскрыўднасць у дачыненні да людзей, г. зн. яго свавольствы не нясуць нейкай істотнай небяспекі, а таму выклікаюць хутчэй паблажлівую ўсмешку, чым страх і боязь.

Абагулены характар гэтай дэманічнай істоты пакідае прастору для дэталізацыі і, так бы мовіць, “дамалёўвання” яго вобраза, чым, у прыватнасці, ахвотна карыстаюцца мастакі слова. Сяргей Кавалёў у п’есе-казцы “Хохлік” апісаў свайго загалоўнага персанажа як “маленькага барадатага дзядка ў стракатай апранасе”, “сярдзітага з выгляду, але добрага ў душы чалавечка з сямейства гномаў” [2, с. 125]. Ураджэнец Ашмяншчыны Антоні Эдвард Адынец у польскамоўным вершы “Хохлік” (1829) (які, дарэчы, можна лічыць першай пісьмовай згадкай гэтай міфічнай істоты) стварае такі вобраз нячысціка: “Хохлік я, жыву я між людзьмі заўсёды, / Іх дразню, ды толькі не раблю ім шкоды. / Падурэць люблю я, час на жарты трачу, / Хоць я невідомы, сам жа ўсё, ўсё бачу” (пераклад К. Цвіркі) [19, с. 353]. Як агульнае імя для шэрагу дробных дэманаў, відаць, ужываў найменне “хохлік” і Ігнат Храпавіцкі ў сваім навукова-публіцыстычным артыкуле “Погляд на паэзію беларускага люду” (“Русалкі ды хохлікі таксама бяруць свой пачатак у дахрысціянскую эпоху...” [20, с. 179]).

Такая нейтральнасць хохліка абумоўліваецца перш за ўсё тым, што яго імя не “прывязвае” гэтага нячысціка да пэўнай мясцовасці ці функцыі (як у выпадку згаданых дамавіка, палевіка, лесавіка ці хапуна і да т. п.), іншымі словамі, яго імя не мае выразнай матывацыі па месцы знаходжання ці роду заняткаў. Таму і змяшчае яго народная фантазія то ў лесе (як у прыведзеных прыкладах ці таксама ў аднайменным вершы Янкі Купалы: “Як зайграе ў лесе хохлік...” (“Хохлік”, 1911), то, наадвот, у людскім жытле (“хохликъ же – какой-то игривый чертенок, имеющий своё место пребывания за печкой, откуда он и пугает людей...” [22, с. 13]) альбо ў хлеве (“Хохлік, чорт, адна з адменаў хлеўніка. У Смаргонскім раёне хохліку прыпісваюцца нядобразычлівыя ўздзеянні на каня, на якім ён уночы катаецца і даводзіць яго да знямогі” [4, с. 499]). Кампрамісным рашэннем можна назваць “легенду” хохліка, створаную Юльюшам Славацкім у трагедыі “Ballandyna” (1834): у польскага аўтара хохлік – гэта “фантастычная асоба”, служка німфы Гапляны, летам ён жыве у лесе, выконваючы (хоць і неахвотна, з прычыны сваёй леннасці) загады азёрнай гаспадыні (дапамае лясным кузуркам, вызваляе з пастак птушак), а зімой спіць “u chłopa za brudnym przypieckiem, / Między garnkami, babą szczerbatą i dzieckiem” [27, c. 346].

Зазначым, што прыклады з польскамоўных і польскіх аўтараў мы прыводзім нароўні з беларускімі сведчаннямі, паколькі беларускае паходжанне польскага chochlik прызнавалася як польскімі энцыклапедыстамі ХІХ-га ст., так і пазнейшымі даследчыкамі (гл., напр., [25, с. 374], [29, с. 733]). Беларускае паходжанне chochlika пацвярджаюць таксама аўтары этымалагічных слоўнікаў польскай мовы [24, c. 63; 26, c. 72].

Беларускае слова ў польскай мове прынялося і актыўна ўжываецца да сённяшняга дня, у тым ліку і ў складзе ўстойлівага спалучэння chochlik drukarski ‘абдрукоўка’. І ў гэтым нам зноў жа бачыцца адметнасць хохліка (яго вобраза і назвы) сярод іншых міфічных істот беларускага пантэона – акрамя таго, што гэта ўласна беларускі персанаж, так бы мовіць, арыгінальны прадукт фантазіі тутэйшага насельніцтва, ён быў яшчэ і запазычаны народам суседнім, узбагаціўшы яго мову і культуру (апрача літаратуры, вобраз хохліка знайшоў адлюстраванне і ў польскай музычнай традыцыі – маецца на ўвазе аднайменны твор нашага земляка Станіслава Манюшкі). Рускай мове сёння вядомы вобраз хохліка, але для яе, як здаецца, ён “не родны”. Само слова ў значэнні ‘нячысцік’ фіксуецца ў слоўніку Ул. Даля з паметай “заходняе” [6, с. 1228], а значыць можа быць аднесена да беларускага моўнага арэалу. І. Тургенеў пераклаў на рускую мову назву казкі Шарля П’еро “Riquet à la houppe” як “Хохлик”, але да беларускага нячысціка гэта назва не мае непасрэднага дачынення, паколькі ў казцы апавядаецца не пра міфічную істоту, а пра дзіця, якое “родилось с небольшим пучком волос на голове, отчего его и назвали Хохликом”, г. зн. выкарыстанае Тургеневым слова – уласна рускае ўтварэнне (ад рус. хохол ‘чуб’). Якое ж паходжанне мае назва беларускага нячысціка?

На першы погляд, этымалогія бел. хохлік празрыстая: таксама, як і імя персанажа з казкі П’еро ў яе рускім варыянце, назва беларускай міфічнай істоты, хутчэй за ўсё, матывавана назоўнікам хахол ‘чуб’. На гэтым сыходзяцца аўтары як згаданых польскамоўных лексікаграфічных і энцыклапедычных крыніц, так і аўтары сучасных даведнікаў па рускай міфалогіі і дэманалогіі (гл. адпаведныя артыкулы ў працах М. Власавай, К. Каралёва [5, с. 286; 9, с. 216]), пры гэтым М. Власава дадае, што такая матывацыя для назвы “хохлік” была ўласціва, “прынамсі, моўнай свядомасці ХІХ–ХХ стст.”. На нашу думку, гэта надзвычай трапная і істотная заўвага.

Тое, што бел. хохлік ‘нячысцік’, зафіксаванае І. Насовічам, звязвалася са словам хахол ‘чуб’, практычна не выклікае сумненняў і ўскосна пацвярджаецца наяўнасцю ў той жа крыніцы субстантываванага прыметніка хохлáтый у значэнні ‘чорт, д’ябал’. Хоць называнне міфічнай істоты па яе знешніх прыкметах і не вельмі распаўсюджана ў анамастыконе беларускай дэманалогіі, але ўсё ж сустракаецца, параўн.: “при крупной необходимости чертыхнуть, взамен подлинных бесовских имен, употребляли иносказания: ён, той-самый, éтый-што, погáник, проклятик, рогатик, красавец хвостатый и проч.” [12, с. 8]. І ў плане словаўтварэння развіццё хахол ‘чуб’ → хохлік ‘нячысцік (чубаты)’ не сустракае вялікіх супярэчнасцяў, паколькі такая форма ўяўляе рэгулярны дэмінутыў да ўсх.-слав. хохол ‘чуб’ (што з аг.-слав. *chocholъ:*chochъlъ [21, с. 353]); ва ўсходнеславянскіх мовах ён функцыянуе паралельна з формай *хохолокъ:

*хохолокъ (стар.-рус. хохолокъ ‘?’ (1551 г.) [18, с. 1393], рус. хохолóкъ 1) памянш. да хохóлъ ‘асаблівы пук з валасоў ці пер’я на галаве’; 2) мн. л. ‘вельмі дробная рыба, якая прадавалася не на вагу, але мерай, як зерне’ [16, с. 410], бел. (брасл.) хахалóк ‘чубок’ [17, с. 292]);

*хохъликъ (рус. хóхлик памянш. да хохóлъ [16, с. 410], бел. хóхлік ‘тс’ [11, с. 683], укр. дыял. хíхлик ‘закручаны пірог без начынкі’ [1, с. 228]).

Тым не менш, пытанне заключаецца ў тым, ці суадносілася назва хохліка з назвай чуба ад самага пачатку альбо гэтая сувязь узнікла ў выніку рээтымалагізацыі (пераасэнсавання яго этымалогіі).

Падобнае пераасэнсаванне этымалагічных сувязяў, звязанае з узаемадзеяннем аманімічных каранёў, з’ява ў развіцці слоў нярэдкая. Часам яна можа суправаджацца фармальным прыпадабненнем каранёў, як гэта, дарэчы, адбылося і ў выпадку назвы хохліка. Так, у этнаграфічных і фальклорных працах Ч. Пяткевіча фіксуецца форма хоплік, паўстанне якой бясспрэчна звязана з уплывам дзеяслова хапаць і адпаведнам пераасэнсаваннем функцый хохліка: “Часта наракаюць на Дамавіка, што ён выхоплівае з-пад рук розныя прадметы і на хвіліну хавае іх ці пераносіць у іншыя месцы. ... “А дзе ж мая падплётка? Паглянь, аж дзе ляжыць; бач, куды запраторыў Хоплік (Дамавік) пракляты” (Пяткевіч Ч., Pietkiewicz, Cz. Bóstwa rolnicze w wierzeniach Białorusinów // Wiadomości ludoznawcze. 1933. Z. 1–2. S. 202–204) [цыт па 3, c. 26], Хоплік (Хохлік) – сярод назваў Чорта (Pietkiewicz, Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego: Materiały etnograficzne. Warszawa, 1938. s. 187–188) [цыт па 3, c. 121].

Магчыма, і дыял. кóхлік ‘коклюш’ уяўляе прыклад пераасэнсавання назвы хохліка пад уплывам гукапераймання, кшталту кох-кох. Такое меркаванне, аднак, будзе справядлівым толькі, калі прыняць, што дыял. хóхлік ‘коклюш’ [Медведский, С.И. Белорусский словарь. Толочино, 1910 (рукапіс); цыт. па 8] з’яўляецца вынікам семантычнага развіцця ‘нячысцік’ > ‘хвароба (коклюш)’, а не самастойным утварэннем.

Так ці інакш, пры існаванні “надзейнай” этымалогіі для беларускага слова хохлік ‘нячысцік’ (ад хахол ‘чуб’) шукаць іншае тлумачэнне яго паходжання нас прымусіла галоўным чынам тая акалічнасць, што назва хохліка не адпавядае найбольш пашыранай семантыка-дэрывацыйнай мадэлі, паводле якой у беларускай мове ўтвараюцца найменні міфічных істот (духаў, дэманаў), то-бок {назоўнік са значэннем месца} → {адпаведны прыметнік} → {назва адпаведнай істоты} (напр., лесавік, палявік, дамавік, хатнік, хлеўнік, лазнік, ёўнік, багнік і да т. п.). Падкрэслім, што гаворка вядзецца менавіта пра беларускую мову – назвы істот, накшталт русалка, баба-яга, кікімара, мара, больш старажытныя і адносяцца, прынамсі, да агульнаўсходнеславянскай спадчыны.

У такіх абставінах на ролю найбольш верагоднай базы для ўтварэння назвы хохліка (па фармальных і семантычных крытэрыях), на нашу думку, “падыходзіць” ст.-бел. *холхло ‘балаціна, балоцістая нізіна’. Само слова ў якасці імя агульнага не зафіксавана ні ў помніках старабеларускай мовы, ні ў сучаснай мове, але яго сляды захоўваюць, прынамсі, чатыры беларускія тапонімы: в. Хоўхлава (гістарычная форма Холхло) (Маладз. р-н), в. Хоўхла (Буда-Кашал. р-н), в. Хаўхоліца (гіст. Хаўхолец, Хальхольцы Вялікія) (Барыс. р-н), в. Хохлава (Навагр. р-н); і мікратапонім: Хаўхóлец м. ‘сенажаць, акружаная вадой (інфарм.)’ (Якшыцы, Бярэз. р-н) [10, с. 244]

Гіпатэтычны старабеларускі апелятыў *холхло мае польскі адпаведнік – chechło, пра які аўтары “Слоўніка геаграфічнага” распавядаюць наступнае: “Сhechłо – у старой мове значыла тое ж, што і нізкая, мокрая мясцовасць. Таму мокрыя лугі часам называлі Chechły. Яшчэ да сённяшняга дня ў народнай мове “chechłać” значыць ‘замочваць, праць бялізну’” [28, c. 550]. Ад пол. chechło, як і ад ст.-бел. *холхла, паходзіць шэраг мясцовых назваў: некалькі вёсак з назвай Chechło, аднайменны ручай, вёска Chechłówka, Chełchy – назва 9-ці вёсак у Макоўскім павеце.

Да падобных польскіх і беларускіх айконімаў, відаць, прымыкаюць і рус. (назва паселішча) Холохолна (1356 г.), (гідронім басейна Акі) Холохольня, Холохолка, Холохоленка), серб.-харв. стар. (назва сяла) (мн.) Hlaholi. Апошнія назвы аўтары “Этымалагічнага слоўніка славянскіх моў” узводзяць да прасл. *xolxoliti – “вытворнага ад першаснага імя *xolxolъ, што з’яўляецца рэдуплікацыяй тыпу *kolkolъ ад кораня *xoliti [‘чысціць; песціць’ – У.А.]” [23, с. 60–61].

Як і ў выпадку аг.-слав. *хoхolъ:*хoхъlъ, для прасл. *xolxoliti, верагодна, існаваў дублет *xolxъliti ці нават – з увагі на пол. chechło – *xъlxъliti, ад якога ўрэшце і ўтварылася ст.-бел. *холхло (*xolxъliti/*xъlxъliti → *холхло). У працэсе развіцця некаторыя вытворныя гэтага словаўтваральнага гнязда страчвалі -l- у першай частцы кораня (*xъlxъliti > *xъxъliti) – у выніку ў мове працягвалі існаваць варыянтныя формы (з -l- і без яго), альбо заставалася толькі адна з іх. Першы сцэнарый прадстаўлены ў беларускай мове, дзе побач з маладз. і буд.-каш. *Холхла існуе навагр. Хохлава, а таксама у (стара-)рускай, у якой, акрамя прыведзеных айконімаў (Холохольня, Холохолка, Холохоленка), быў таксама засведчаны дзеяслоў хохловати, хохлую ‘кіпець’: Яко рка огньна прдъ нимъ течеть, хохлоующи и попал\ющи (XV ст.) [18, с. 1393]. Другі сцэнарый (з захаваннем адной формы) дэманструе польская мова, дзе толькі chechło, chechłać (назва тыпу Chełchy хутчэй з’яўляецца вынікам метатэзы).

Такім чынам, бел. хохлік мог першапачаткова мець форму *холхлік/хоўхлік (хоць і не абавязкова) і абазначаць тое ж, што і багнік, г. зн. ‘балотны нячысцік’. У гэтым выпадку яго назва адпавядала б прадуктыўнай для беларускай мовы мадэлі ўтварэння імён нячысцікаў.

Яшчэ адной падставай для пошуку “іншай” этымалогіі беларускага хохлік для нас паслужыла “незвычайнае” значэнне, зафіксаванае для аналагічнага слова ў слоўніку Даля: хóхлики справлять ‘ладзіць хаўтуры’ [6, с. 1228]. Гэты прыклад паходзіць са Смаленшчыны, а значыць можа і павінен быць разгледжаны ў адносінах да беларускага моўнага арэалу і да бел. хохлік ‘нячысцік’. Паміж паняццямі ‘нячысцік’ (як прадстаўнік “таго” свету) і ‘памінкі’, як справядліва зазначае М. Власава [5, с. 286], сапраўды існуе пэўная сувязь, але яна, як здаецца, хутчэй інтуітыўная, і на самой справе не зусім відавочная. Вывядзенне імя нячысціка ад старажытнай назвы нізкай, мокрай мясціны, балаціны ў пэўнай ступені дазваляе патлумачыць гэту сувязь.

Рэч у тым, што яшчэ ў язычніцкую пару падобныя бязлюдныя, аддаленыя ад паселішчаў мясціны (таксама як і ўзвышшы ці астравы) нярэдка станавіліся месцамі язычніцкіх свяцілішчаў (капішчаў) [7, с. 560]. Адно з такіх, у прыватнасці, існавала непадалёк ад маладзечанскага Хоўхлава (“Лет 400 тому назад, в ¼ версты от с. Холхло, на возвышенной горе существовал языческий жертвенник” [з кнігі: Покровский, Ф.В. Археологическая карта Виленской губернии. Вильна, 1893; цыт. па 15, с. 38]), каля буда-кашалёўскай вёскі Хоўхла, паводле дадзеных 1910 г., існавалі курганы [13, с. 43]. Магчыма, смаленскі выраз хóхлики справлять нясе памяць аб старажытным звычаі ладзіць рытуальныя дзеянні на *холхле, г. зн. балаціне, толькі яго семантыка звузілася з язычніцкага абраду ўвогуле да канкрэтнага абраду хаўтураў.



Як бачна, больш пільная ўвага да паходжання назвы хохліка дазваляе раскрыць новыя грані яго вобраза і прапануе новы погляд на месца гэтай дэманічнай істоты ў сістэме каардынат народнай культуры.
Літаратура

  1. Аркушин, Г.Л. Словник західнополіських говірок. Т. 2 О – Я. – Луцьк, 2000.

  2. Беларуская драматургія. Вып. І. – Мн., 1994.

  3. Беларуская міфалогія. – Мн., 2001.

  4. Валодзіна, Т. Хохлік / Т. Валодзіна // Міфалогія беларусаў: Энцыкл. слоўн. – Мн., 2011.

  5. Власова, М. Новая Абевега русских суеверий. – СПб., 1995.

  6. Даль, В.И. Толковый словарь живого великорусского языка Владимира Даля. Т. 4. – 3-е изд., испр. и доп. – СПб., 1909.

  7. Зайкоўскі, Э.М. Свяцілішчы / Э.М. Зайкоўскі, Л.У. Дучыц, Э.А. Ляўко // Археалогія і нумізматыка Беларусі. – Мн., 1993.

  8. Картатэка Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы, Інстытут мовы і літаратуры АН Беларусі.

  9. Королев, К. Энциклопедия сверхъестественных существ. – СПб., 2002.

  10. Мікратапанімія Беларусі. Матэрыялы. – Мн., 1974.

  11. Насовіч, І.І. Слоўнік беларускай мовы. – Рэпр. выд. – Мн., 1983.

  12. Никифоровский, Н.Я. Нечистики. Свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе // Виленский Временник, кн. ІІ. – Вильна, 1907. – С. 3–103.

  13. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Буда-Кашалёўскага р-на. У 2 кн. Кн. 1-я. – Мн., 2001.

  14. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка г. Барысава і Барысаўскага р-на. – Мн., 1997.

  15. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Маладзечна і Маладзечанскага р-на. – Мн., 2002. – 792 с.

  16. Словарь церковно-славянского и русского языка. Т. 4. – 2-ое изд. – СПб., 1867.

  17. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Т. 5. – Мн., 1986.

  18. Срезневский, И.И. Словарь древнерусского языка. Т. 3. – Репр. изд. – М., 1989.

  19. Філаматы і філарэты. – Мн.: “Бел. кнігазбор”, 1998.

  20. Храпавіцкі І. Погляд на паэзію беларускага люду // ХІХ стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. Кніга другая. – Мн., 2000.

  21. Черных, П.Я. Историко-этимологический словарь русского языка. Т. 2. – 2-ое изд. – М., 1994.

  22. Шейн, П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 3. – СПб., 1902.

  23. Этимологический словарь славянских языков: Праславянский лексический фонд. Вып. 8. – М., 1981.

  24. Boryś, W. Słownik etymologiczny języka polskiego. – Kraków, 2005.

  25. Encyklopedyja powszechna: T. 5: C–Cul. – Warszawa: S. Orgelbrand, 1861.

  26. Sławski, F. Słownik etymologiczny języka polskiego. T. 1. – Kraków, 1952.

  27. Słowacki, J. Dzieła wybrane; t. 3 Dramaty. – Wrocław–Warszawa–Kraków–Łódź, 1989.

  28. Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. 1. – Warszawa, 1880.

  29. Wielka encyklopedya powszechna ilustrowana. T. XI: Cankow–Chomik. – Warszawa: S. Sikorski, 1893.

1 Прынамсі, гэта вынікае з агульнага аб’ёму сведчанняў аб хохліку, з якімі мы мелі дачыненне, тым не менш часам яго вобраз ідэнтыфікуецца даволі цьмяна, параўн.: “У запісах яго [хохліка – А.У.] выгляд неакрэслены – “можа які ці павук, ці што...” [4, с. 499]


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка