Намінацыя “Мой куток зямлі роднай” Лявоненка Ганна Уладзіміраўна




Дата канвертавання08.06.2016
Памер27.7 Kb.
Намінацыя “Мой куток зямлі роднай”

Лявоненка Ганна Уладзіміраўна

ДУА «Горкаўская сярэдняя школа Старадарожскага раёна», 8 клас


Лепшая вышывальшчыца нашай вёскі

Я мару стаць мадэльерам, таму з цікавасцю сачу за паказамі мод і распрацоўкамі новых калекцый адзення, накірункамі ў модзе.

Калі зазірнуць у калекцыі сучасных дызайнераў, можна заўважыць, што многія ўпрыгожваюць свае мадэлі вышыўкай. Мода вельмі капрызная і часта мяняецца, мы сустракаем і вячэрнія ўборы, вышытыя бісерам, і штодзённае адзенне: сукенкі, спадніцы, джынсы – прыгожа расшытыя каляровымі ніткамі. Часта вышыўка сустракаецца на бялізне, не забыты і жаночыя сумкі, боты і пальчаткі.

У інтэрнэце нават існуюць спецыяльныя сайты для заўзятых і пачынаючых вышывальшчыц, дзе можна знайсці не толькі вучэбны курс па вышыўцы крыжыкам і прыгожыя схемы, але і пазнаёміцца з “калегамі” па любімаму занятку, атрымаць карысныя парады ад “бывалых”, а таксама пры магчымасці дапамагчы ўжо новым сябрам.

Але не патрэбны ніякія сайты ў інтэрнэце, калі побач жывуць людзі, сапраўдныя прафесіяналы старажытнага віду рукадзелля, якія з бабульчыных куфраў могуць дастаць цудоўныя рэчы. І гэтыя рэчы проста ажываюць у нашых руках.

Пасля сустрэчы з Лідзіяй Іванаўнай Патоцкай і знаёмствам з яе работамі, вышыванне для мяне і многіх маіх сябровак стала любімай справай. Гэтая мілавідная, прыгожая жанчына, нягледзячы на свой узрост і зусім не лёгкае жыццё, знаходзіць час, каб прыйсці ў школу, расказаць нам пра сябе і сваё захапленне.

Лідзія Іванаўна адна з самых лепшых рукадзельніц вёскі Горкі Старадарожскага раёна. Нарадзілася яна ў 1937 годзе ў сялянскай сям’і. Яе маці Ірына Савельеўна не дачакалася мужа з вайны, засталася з трыма дзецьмі адна, сям’я не ведала нават, дзе пахаваны быцька. Брат Лідзіі Іванаўны, калі закончыў чатыры класы, пайшоў у калгас працаваць пастухом. Яна таксама дапамагала брату ў яго нялёгкай працы. Дзеці дапамагалі маці па гаспадарцы, пасцілі і даілі кароў. Вышываць Лідзія Іванаўна паспрабавала першы раз у пятнаццаць гадоў.

Ёй гэта вельмі спадабалася, але так як грошай на ніткі і тканіну ў сям’і не хапала, яна надоўга пакінула свой занятак. І толькі ў 1958 годзе, калі пачала працаваць у калгасе звенявой, а пасля ў брыгадзе паляводства, яна змагла вярнуцца да свайго захаплення.

Лідзія Іванаўна выйшла замуж, нарадзіліся дзеці. На вышыванне амаль не заставалася свабоднай часіны. Але маладая жанчына без гэтага ўжо не магла. Вышывала познімі вечарамі, калі дзеці ўжо спалі. Нагой калыхала калыску, а рукі стваралі прыгажосць. Яе дзяўчынкі падраслі і таксама ўзялі ў рукі іголкі з пяльцамі. Дачка Ірына Мікалаеўна, настаўніца пачатковых класаў Горкаўскай сярэдняй школы, на ўроках праз знаёмства з такім відам мастацтва, як вышыўка, далучае сваіх вучняў да культурных здабыткаў свайго народа, выхоўвае эстэтычны густ.

Лідзія Іванаўна ўспамінае, што адну карціну яна вышыла за чатыры дні, а ў асноўным такая работа займала два-тры тыдні.

Лідзія Іванаўна за сваё жыццё стварыла больш за сотню розных работ.

Нядаўна мы пабывалі ў яе ўтульным, цёплым, такім прыветлівым доме, які нагадвае музей рукадзелля. Перад намі вышытыя дэкаратыўныя і кухонныя ручнікі, посцілкі, накрыўкі, сурвэткі, абрусы і нават карціны. Нам асабліва падабаюцца карціны вышывальшчыцы, на якіх ажываюць жар-птушкі, розныя жывёлы, незвычайныя кветкі, пейзажы роднай прыроды, мілыя твары дзяцей.

А сама Лідзія Іванаўна з пяльцам і іголкай у руках вышывае крыжыкам незакончанную карціну, пры гэтым паказвае і расказвае дзяўчаткам, якія абступілі яе, як правільна рабіць крыжыкі, як дабіцца ідэальнага выварату без адзінага вузельчыка і толькі ў адным накірунку.



Жанчына прызналася, што рэдка цяпер бярэцца за пяльцы – падводзіць зрок. Але ўтрымацца ёй вельмі цяжка, рукі так і цягнуцца да рукадзелля. Яна прынялася за вязанне і паабяцала здзівіць нас праз некаторы час сваімі звязанымі рэчамі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка