«Нам засталася спадчына…» Аб ролі творчасці Я. Купалы і Я. Коласа у беларускай літаратуры




Дата канвертавання23.03.2016
Памер85.76 Kb.
Да 130-годдзя нараджэння народных

паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа
«Нам засталася спадчына…»
Аб ролі творчасці Я.Купалы і Я.Коласа у беларускай літаратуры

Якуб Колас і Янка Купала былі выразнікамі нацыянальнай самасвядомасці, народных пачуццяў; яны шырока раскрывалі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу і жыцця беларусаў, выявілі незвычайную сілу і творчую магутнасць беларускага слова.

Янка Купала – пераважна рамантык, Якуб Колас – рэаліст. Лірыка Янкі Купалы – гэта ліріка прарока, прадказальніка. Лірыка Якуба Коласа - перажыванні рэальнага, звычайнага, канкрэтнага чалавека.

Якуб Колас – адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры і стваральнікаў беларускай літаратурнай мовы. Шматграннасць яго таленту выявілася як у паэзіі, так і ў прозе, публіцыстыцы, у дзіцячай літаратуры. Якуб Колас заклаў асновы беларускага рамана. Ён – настаўнік некалькіх пакаленняў сучасных беларускіх пісьменнікаў.

Купалу мы ведаем як паэта і драматурга, аўтара цудоўных пьес «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо». Гэта ўзвышаны і рамантычны паэт. Любоў да Радзімы і ненавісць да яе прыгнятальнікаў гучалі на ўсіх этапах яго творчасці – ад пафасных вершаў «Мужык» і «Там» да шчырай і задушэўнай песні аб будучай перамозе над гітлераўскім фашызмам «Зноў будзем шчасце мець і долю».

Гістарычная заслуга Янкі Купалы і Якуба Коласа заключаецца перш за ўсё у тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўня перадавых літаратур свету, зрабілі яе агульнанароднай з’явай.



Беларуская літаратура – наш гонар, у ёй беларусы найбольш ярка праявілі сябе як нацыя. Купала і Колас зазірнулі ў душу беларусаў, паказалі іх характар, выказалі спадзяванні і надзеі, адвечную мару «людзьмі звацца».

Упершыню сустрэліся яны ў жніўні 1912 года пасля пяці гадоў завочнага знаёмства на хутары Смольня, дзе жыў Якуб Колас. Пра гэтую сустрэчу пісьменнікі не раз яшчэ згадаюць, напішуць вершы, артыкулы.

Пісьменнікі сябравалі сем’ямі. Два паэты былі неразлучнымі: у падарожжах, на сустрэчах з чытачамі, на розных урачыстасцях, на адпачынку.

З парады Купалы Колас зоймецца перакладам твораў Тараса Шаўчэнкі на беларускую мову і крытыкі назавуць іх лепшымі.

Амаль адначасова ім дадуць званні «народных».

Была ў класікаў творчая рэўнасць або творчае спаборніцтва – даследчыкі спрачаюцца да гэтага часу. Мы з Купалам думалі толькі аб адным – каб народ упэўнена стаяў на нагах. Мы ніколі не поўзалі па строфам адзін аднаго, але заўсёды раіліся”, - гаварыў Колас.

Якуб Колас і Янка Купала нарадзіліся яшчэ ў часы Расійскай імперыі. Іх значэнне для беларускага народа падобна рускаму генію Пушкіна.
Янка Купала.

Сапраўднае імя – Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Ён нарадзіўся ў ноч на Купалу (таму і псеўданім – Янка Купала) ў сям’і абяднелых шляхцічаў 7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка. Пачаў сваю адукацыю ў вандроўнага настаўніка, вучыўся на курсах ў Пецярбургу, у народным універсітэце ў Маскве. Каб жыць, працаваў вандроўным настаўнікам, пісарам, бібліятэкарам і інш.

Вершы пачаў пісаць у 1903 г. на польскай мове. Адзін з самых вядомых – “Мая доля” (1904).

Першы апублікаваны верш – “Мужык”(1905) з 1907 года друкаваўся ў газеце «Наша ніва», дзе быў у 1914 – 1915 гадах быў адказным рэдактарам, а таксама сакратаром часопіса “Вольны сцяг”.

Паэт цесна звязаў сябе з ревалюцыйна-вызваленчым рухам народных мас: назаўсёды ў сусветную літаратурную скарбніцу ўвайшлі яго творы “Курган”, “Бандароўна”, “Магіла Льва”, п’есы “Паўлінка” і “Раскіданае гняздо”.

Народным паэтам Янка Купала стаў у 1925 годзе, а праз тры гады быў назначаны акадэмікам АН БССР, узнагароджаны ордэнам Леніна.

Дзякуючы Янку Купалу на беларускай мове загучалі творы шматлікіх рускіх пісьменнікаў. Яго пяру належаць празаічны і паэтычны пераклады “Слова пра паход Ігаравы”, ён яскрава пераклаў творы А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава, М. Някрасава, А. Кальцова, І. Крылова і інш. У 1937 годзе на вечарыне, прысвечанай 100-годдзю са дня смерці паэта, прачытаў свой пераклад паэмы “Медный всадник”, які лічыцца вяршыняй яго перакладчыцкага майстэрства. А ў Ленінградзе ў 1937 годзе выступіў з артыкулам “Любімы паэт”, у якім адзначыў: “…мне хацелася б так пісаць, як пісаў любімы мною Пушкін”.

Янка Купала стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій улетку 1930 г. Яго рэгулярна выклікалі ў АДПУ, патрабавалі паказанняў пра “контррэвалюцыйную” арганізацыю “Саюз вызвалення Беларусі”, лідэрам якой ён нібыта быў. Супрацоўнікі АДПУ не пакідалі Янку Купалу ў спакоі да яго смерці.

Паэт трагічна загінуў у Маскве 28 чэрвеня 1942 года. Ён упаў з дзясятага паверха гасцініцы “Масква” ў лесвічны пралёт.

Калі яго праважалі ў апошні шлях, на папяровай стужцы навокал галавы былі напісаны словы зверша, якія сталі развітальнымі: “Мне сняцца сны аб Беларусі…”

У 1943 г. М. Танк напісаў верш з сімвалічнай назвай “ 28 чэрвеня”, апублікаваны ў газеце “Савецкая Беларусь” у чэрвені таго ж года, дзе ёсць словы:

Ты вечна будзеш сярод нас,

І непаўторнай тваё імя

Легендай стане у вяках,

Паходняй, што сваім праменнем

Паможа будучыні шлях

Прабіць наступным пакаленням.



А вось словы У. Караткевіча: “гэты чалавек усім створаным вярнуў народу годнасць, годнасць за сваё мінулае, сілу жыць у сённяшнім, мужнасць, каб глядзець у будучыню. Бываюць паэты большага ці меншага генія, больш ці менш моцнага ўплыву на розум і ўяўленне Чалавека, але для нас, беларусаў, ён адзін такі. Ён – Купала. І гэтым усё сказана”.
Якуб Колас.

Спараўднае імя – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Нарадзіўся ён 3 лістапада 1882 г. у засценку Акінчыцы недалёка ад Стоўбцаў у сям’і лясніка.

Адзін з першых вершаў “Вясна” напісаў у 12 гадоў. Нажаль, ён не захаваўся, але Якуб Колас добра запомніў, што напісаў яго пад ураджаннем прыгажосці роднай прыроды і народных песен. За гэты верш бацька даў малому Кастусю сярэбраны рубель – на той час вялікія грошы.

Вучыўся ён у народнай школе, у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, у Аляксандраўскім ваенным вучылішчы. Будучы студэнтам, Канстанцін Міцкевіч захапляўся творчасцю рускага пісьменніка Якубовіча-Мельшына. Асабліва яму падабаўся верш пра колас. Так, гартаючы кнігу Якубовіча-Мельшына, малады Канстанцін Міцкевіч і назваў сябе Якуб (овіч) Колас.

У 1906 г. у газеце “Наша доля” быў апублікаваны яго верш “Наш родны край”. Асноўнай тэмай яго паэзіі і прозы назаўсёды стала жыццё працоўнага сялянства.

Працаваў настаўнікам, школьным інспектарам. У савецкі час радаваўся, калі адкрыліся першы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны тэатр, Беларуская дзяржаўная бібліятэка, Акадэмія навук БССР, віцэ-прэзідэнтам якой ён быў з часу яе заснавання у 1929 г. па 1956 г.

У 1926 г. стаў народным паэтам Беларусі. Яму было ў той час сорак чатыры гады, дваццаць з якіх ён аддаў літаратурнай працы. Вельмі ўражвае аб'ём зробленага ім да сярэдзіны 20-х гадоў ва ўсіх жанрах літаратуры, асабліва ў паэзіі і прозе. Гэта такія кнігі, як зборнікі паэзіі «Песні жальбы» (1910) і «Водгулле» (1922), зборнікі прозы «Апавяданні» (1912), «Родныя з'явы» (1914) «Крок за крокам» (1925), «На рубяжы» (1925), «У ціхай вадзе» (1925), «Казкі жыцця» (1926), аповесці «У палескай глушы» (1923, першая частка трылогіі «На ростанях»), «На прасторах жыцця» (1926), такія стварэнні нацыянальнага паэтычнага генія ў буйных формах, як «Новая зямля» (1923) і «Сымон-музыка» (1925). Так, усё гэта, што стала адразу ж па абнародаванні нацыянальнай мастацкай класікай, да 20-гадовага юбілею творчага шляху Коласа было ўжо набыткам самых шырокіх працоўных мас Беларусі, карысталася, разам з творчасцю Янкі Купалы, усенароднай вядомасцю, папулярнасцю і любоўю.

Цяжка назваць у беларускай літаратуры іншы твор, дзе б так па-мастацку пераканаўча было паказана ўменне беларускага селяніна працаваць, высокае майстэрства яго працы, як гэта зроблена Коласам у паэме «Новая зямля». Вучоныя-літаратуразнаўцы не без падстаў называюць «Новую зямлю» першым беларускім раманам. Тое, што «Новая зямля» наш сапраўдны нацыянальны эпас, гэта несумненна. Ён створаны не калектыўным геніем, як у многіх іншых народаў, а працай аднаго вялікага паэта, і створаны ў іншы гістарычны час — у эпоху росквіту рэалізму ў літаратуры і мастацтве, таму і ўяўляе сабой тварэнне ў вышэйшай ступені арыгінальнае і вельмі своеасаблівае. Можна сказаць, што і ў сусветнай паэзіі XX стагоддзя гэта з'ява ўнікальная. Паэма-песня пра годнасць, розум і талент простага чалавека працы; пра цудоўную, адвечную любоў хлебароба да зямлі і да ўсяго жывога на ёй; мару пра свабоду і шчасце… У цэлым жа - вялікая кніга пра жыццё народа.



За цыкл патрыятычных вершаў перыяду Вялікай Айчынай вайны і паэму “Хата рыбака” ён быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Як вялікае агульнанароднае гора была ўспрынята смерць Якуба Коласа. Ён памёр 13 жніўня 1956 г. Было жніво… Смерць зрэзала гэты найдаражэйшы Колас роднай зямлі.

“Кнігі Коласа нам і калыскай і школай былі”, - гэтыя словы з верша Пімена Панчанкі паўтараюць і будуць паўтараць з цеплынёй і ўдзячнасцю новыя пакаленні.
Блізкія па сваіх поглядах і ідэалах, Купала і Колас былі вельмі рознымі па творчай манеры: у кожнага свой голас, стыль, свой непаўторны жыццёвы шлях, чалавечы характар, духоўны свет.

Але:


Без Коласа ў Купалы менш красы,

А без Купалы пабяднее Колас

Мікола Маляўка

Купала і Колас. Адны лічылі іх дзвюмя паловамі адной творчай луны, другія – адной душой, якая жыве ў дзвюх целах, а трэцція – лёдам і полымем беларускай літаратуры. Яны пазнаёміліся завочна ў 1907 годзе, калі Колас працаваў у рэдакцыі газеты “Наша Ніва”. І першыя вершы Купалы рэдагаваў менавіта Колас. Яны прыйшлі за подпісам “Янук Купала”.

Заўсёды беларускаму народу будзе патрэбна багатая і таленавітая спадчына Якуба Коласа і Янкі Купалы. Яны ганарыліся сваёй прыналежнасцю да беларускай нацыі і адначасова з вялікай павагай адносіліся да іншых народаў.

Беларусы – народ, якому засталася спадчына: родная зямля, родная мова, творчасць вялікіх песняроў, дзе ўсё паяднана – і памяць, і ўдзячнасць, і захапленне, і вера…


Упраўленне ідэалагічнай работы

Магілёўскага аблвыканкама,

Магілёўская цэнтральная гарадская бібліятэка імя К.Маркса


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка