Наколькі “празрыстымі” павінны быць тэсты цэнтралізаванага тэсціравання




Дата канвертавання01.05.2016
Памер58.93 Kb.


Наколькі “празрыстымі” павінны быць тэсты

цэнтралізаванага тэсціравання
Што значыць “празрыстасць” на цэнтралізаваным тэсціраванні?

Час ад часу прыходзіцца сустракацца з меркаваннем, што, маўляў, сістэма тэсціравання не “празрыстая”. Праўда, у кожнага апанента сваё разуменне “празрыстасці” ці “непразрыстасці”. На самай справе асобныя ўчасткі ў тэхналагічным працэсе ў нас у інстытуце закрытыя для пабочных асоб і “непразрыстыя”. І мы гэтым ганарымся, а не лічым нейкім недахопам.

Рэпетытары, як правіла, незадаволены тым, што не маюць магчымасці быццам бы ад імя грамадскасці праводзіць экспертызу базы тэставых заданняў. Калі гады два таму мы прапанавалі вядомым у краіне, публічным рэпетытарам пазнаёміцца з тэхналогіяй падрыхтоўкі і апрацоўкі матэрыялаў тэсціравання, то яны з крыўдай адмовіліся – маўляў, нас не экскурсіі цікавяць, а тэставыя заданні.

На жаль, асобныя калегі папракаюць нас у тым, што сістэма падліку балаў ім не зразумелая. Шкада, што і некаторыя нашы калегі-навукоўцы прытрымліваюцца такіх жа поглядаў. Здзіўляе і тое, што гэтая катэгорыя апанентаў часцей за ўсё атаясамлівае цэнтралізаванае тэсціраванне з выпускнымі экзаменамі за курс сярэдняй школы.

Давайце правядзём віртуальны экскурс па арганізацыі іспытаў, змесце тэставых заданняў і тэхналогіях падрыхтоўкі і апрацоўкі матэрыялаў.

Інстытут добра забяспечаны сучаснай тэхнікай па падрыхтоўцы і апрацоўцы (лістападборкі, хуткасныя сканеры, рызографы і інш.) тэставых матэрыялаў. Амаль усе працэсы, якія характарызуюцца аднатыпнасцю, аўтаматызаваны, што не толькі паскарае час падрыхтоўкі і апрацоўкі тэставых матэрыялаў, але і павышае інфармацыйную бяспеку: адсутнічае так званая “ручная” праверка.

Апісанне асобных праграм і методык размешчана на сайце інстытута.

Для ацэнкі рэзультатаў цэнтралізаванага тэсціравання прымяняецца вядомая ў краінах з выкарыстаннем тэставых тэхналогій у адукацыі так званая працэнтная шкала размеркавання мадыфіцыраваных першасных балаў. Поўнае апісанне гэтай шкалы, акрамя нашага сайта, размешчана ў асобных выданнях інстытута. Гэтая шкала не патрабуе спецыяльных ведаў для яе разумення. Абітурыент пасля іспытаў мае магчымасць самастойна зрабіць разлікі тэставага бала і ўдаставерыцца ў правільнасці свайго рэзультата. Важным паказчыкам гэтай шкалы з’яўляецца і яе высокая дакладнасць і дыферэнцыруючая здольнасць, што дазваляе бездакорна складаць рэйтынгавыя спісы абітурыентаў.

Фарміраванню базы тэставых заданняў папярэднічае вялікая падрыхтоўчая праца.

Функцыі макетаў педагагічных тэстаў кожны год выконвае так званая спецыфікацыя. У аснове адбору заданняў пакладзены адукацыйныя стандарты і праграмы ўступных іспытаў. Гэта пэўны звод патрабаванняў да тэматыкі тэставых заданняў, збалансаваных і прапарцыянальных зместу вучэбнага курсу.

Спецыфікацыі па кожным прадмеце штогод распрацоўваюцца метадыстамі інстытута. Далей яны разглядаюцца профільнымі спецыялістамі Міністэрства адукацыі і зацвярджаюцца Міністрам. Так спецыфікацыя становіцца нарматыўным актам як для супрацоўнікаў інстытута, так і для аўтараў і экспертаў, якія працуюць над зместам тэставых заданняў.

Аўтары, пасля выканання абавязацельстваў па распрацоўцы тэставых заданняў і перадачы іх інстытуту, губляюць свае правы на карыстанне гэтымі матэрыяламі. Яны ў адпаведнасці з заканадаўствам і нашымі дамоўленасцямі не могуць перадаваць гэтыя заданні трэцім асобам альбо размяшчаць іх у публічным друку на працягу 10 гадоў. Усе правы на карыстанне тэставымі заданнямі з гэтага часу пераходзяць да Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

Хачу звярнуць увагу на тое, што тэставыя заданні пры поўным захаванні патрабаванняў вучэбных праграм не з’яўляюцца нейкай копіяй звычайных пытанняў ці задач на замацаванне вучэбнага матэрыялу па пройдзенай тэме.

Гэта арыгінальныя і эксклюзіўныя, кароткія па змесце заданні з графічна выверанымі формуламі, схемамі і малюнкамі. Да заданняў абавязкова дадаюцца чатыры-пяць адказаў, прадстаўленых у адным стылі  так званых дыстрактараў, што адцягваюць увагу тэстуемых.

Такім патрабаванням да тэставых заданняў павінна адпавядаць і кваліфікацыя нашых аўтараў і экспертаў. Таму да іх прафесійнай падрыхтоўкі ў нас такія ж патрабаванні, як і да кандыдатаў на вакантныя пасады штатных супрацоўнікаў інстытута. Больш таго, кожны з пазаштатных супрацоўнікаў пісьмова прымае на сябе пэўныя абавязацельствы па захаванні канфідэнцыяльнасці.

У інстытуце распрацаваны звод правілаў па інфармацыйнай бяспецы для асоб, якія маюць непасрэднае дачыненне да тэставых матэрыялаў.

Месца працы аўтараў тэставых заданняў не абмяжоўваецца нашымі патрабаваннямі, а вось экспертыза тэстаў пазаштатнымі спецыялістамі выконваецца толькі ў памяшканнях інстытута ў прысутнасці адказных супрацоўнікаў.

Да адбору ва ўпраўленне штатных профільных спецыялістаў па распрацоўцы тэставых матэрыялаў мы таксама ставімся вельмі патрабавальна. Яны павінны бездакорна ведаць матэрыял па вучэбным прадмеце і адпавядаць нашым патрабаванням да захавання інфармацыйнай бяспекі. Кожны кандыдат на вакантнае месца абавязкова праходзіць праз тэставыя іспыты.

З матэрыялаў, якія прайшлі экспертызу, фарміруецца база тэставых заданняў. Поўны цыкл падрыхтоўкі заданняў, ад заключэння адпаведнага працоўнага пагаднення паміж інстытутам і аўтарскім калектывам да перамяшчэння іх у базу, складае 1,52  гады.

З гэтага часу з заданнямі базы, пасля выканання пэўных рэгламентаваных працэдур, можа працаваць толькі профільны спецыяліст. Перад чарговымі іспытамі, таксама па асобнай тэхналогіі, праводзяцца аўтаматычная выбарка і фарміраванне варыянтаў педагагічных тэстаў.

База ўвесь час папаўняецца новымі заданнямі. На працягу ўсяго года значная колькасць заданняў выкарыстоўваецца як на цэнтралізаваным тэсціраванні, у тым ліку ў рэзервны дзень, так і на рэпетыцыйным тэсціраванні.

Гэта можна параўнаць з кладоўкай нейкіх матэрыяльных каштоўнасцей, дзе ўвесь час змяняецца як наменклатура вырабаў, так і іх колькасць. Зафіксаваць нейкі іх спіс па найменнях і па колькасці нават на не працяглы час (месяц, квартал) немагчыма.

Вось у такім дынамічным стане знаходзіцца база заданняў цэнтралізаванага тэсціравання. Больш таго, са зменай вучэбных праграм, нават “касметычнай”, адначасова праводзіцца карэктыроўка тэкстаў заданняў. Іншы раз прыходзіцца ў тэксце задання трубы, па якіх вада запаўняе розныя басейны, замяняць на больш сучасныя сістэмы падачы і каналізацыі вадкасці. Такія ж маніпуляцыі выконваюцца і з тэкстам заданняў, дзе гаворка ідзе пра тэлеграмы. Сучасны абітурыент ужо не ведае, што ўяўляе сабой такая форма перадачы інфармацыі.

З улікам вось такіх тэхналагічных асаблівасцей база заданняў не можа, як прапануюць асобныя калегі, быць выданай у выглядзе нейкага зборніка задач, які выконваў бы адначасова ўніверсальныя функцыі метадычнага дапаможніка па падрыхтоўцы да ўступных іспытаў. Больш таго, зборнікі экзаменацыйных матэрыялаў прымальныя пры выніковых іспытах за курс базавай і сярэдняй школы, дзе выкарыстоўваецца крытэрыяльна-арыентаваны падыход у ацэньванні вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў.

Калі б нават не было ўказаных тэхналагічных перашкод, сама ідэя выдання зборнікаў тэставых заданняў контрпрадукцыйная.

Такі зборнік не дабавіў бы так званай “празрыстасці” тэстам, а стварыў бы мноства праблем. Спроба з выданнем аналагічнага зборніка па фізіцы прадпрымалася гадоў дзесяць таму, але, як кажуць, пацярпела фіаска: зборнік выдалі, аднак ён не стаў нават прататыпам аналагічных выданняў па цэнтралізаваным тэсціраванні. У першых выданнях было шмат памылак, наступныя былі якасна дапрацаваны. Разам з тым ён па канфігурацыі заданняў не змог бы выконваць плануемыя функцыі.

За зборнікамі з’явяцца адпаведныя рашэбнікі розных аўтараў, ды яшчэ з мноствам памылак. Кола рэпетытараў значна пашырыцца з ліку школьных настаўнікаў. У аснове адукацыйнага працэсу на ўроку гэтыя зборнікі заменяць падручнікі. І не таму, што падручнік будзе ўступаць зборніку як сродак навучання. Наперакор усім пастулатам дыдактыкі і псіхолаг-настаўнік захоча атрымаць імгненна станоўчы вынік. За рэзультаты цэнтралізаванага тэсціравання яго вучняў спросяць як бацькі, так і кіраўніцтва школы і органаў кіравання адукацыяй. Вось такая перспектыва наватарства.

І яшчэ часцей за ўсё прапановы аб выданні зборнікаў з заданнямі паступаюць ад тых, хто папракае нас за адсутнасць творчай складаючай у тэстах. Як жа спалучыць гэтыя антаганізмы (зборнікі і творчасць)? Нашы апаненты напэўна яшчэ не ведаюць.

Сярод краін былога Савецкага Саюза ідэя са зборнікамі была рэалізавана ў Азербайджане і Казахстане. Аднак з цягам часу яны былі вымушаны ад яе адказацца. Давайце будзем вучыцца на чужых памылках.

Тэхналагічна і змястоўна тэсты павінны быць “празрыстымі” настолькі, наколькі яны ствараюць умовы для аб’ектыўнай ацэнкі падрыхтаванасці абітурыентаў для працягу адукацыі.



М. С. Фяськоў


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка