Надзея Салодкая: «Каб пісаць, трэба разумець жыццё»




Дата канвертавання01.05.2016
Памер36.49 Kb.
Надзея Салодкая: «Каб пісаць, трэба разумець жыццё»

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровая грамадзянка Полацка Надзея Салодкая – аўтар шчымлівых, меладычных вершаў, што ўражваюць вытанчанасцю формы і філасафічнасцю зместу.

Пісаць Надзея Стэфанаўна пачала ў 49 гадоў і адразу заявіла пра сябе як сталы майстар слова. Часам здаецца, што яна перанесла ў вершы свой боль, які мужна трывае з часоў маладосці. Мае групу інваліднасці, амаль не можа хадзіць, але ніколі нікому не скардзіцца. Светла думае і светла, узнёсла піша. А сёння дзеліцца сваімі развагамі з нашымі чытачамі.
– Надзея Стэфанаўна, чаму чалавек пачынае пісаць?

– Я пачала ствараць вершы, маючы за спінай ладны па колькасці гадоў і падзей жыццёвы шлях. У далёкім юнацтве напісала каля паўтара дзясятка вершыкаў, і на тым мой імпэт закончыўся. Разумела, што нечага не хапае. Цяпер ведаю чаго: разумення жыцця. Аднаго жадання пісаць і ствараць мала, трэба, каб было Боскае пакліканне. Мне яно звалілася літаральна ў далоні і на мой пісьмовы стол тады, калі Усявышні вырашыў, што я «саспела». Прынамсі, я так думаю.


– Што маеце ў творчай скарбонцы сёння?

– Напісана многа вершаў, песень. Кнігі «Я ішла да сябе...», «Свечка жаліцца небу», «На ўзлёце малітвы», «Апошняя квадра», «На краю зимы», «Горсточка лета», «Святаград», «Пад тваёй таполяй», «Месца пад сонцам», «Прикосновение» і іншыя знайшлі свайго чытача. У кнігарнях, магу пахваліцца, іх ужо няма. Рыхтуюцца да друку новыя.


– Ці змянілася жыццё, калі да вас прыйшло слова?

– Думаю, што слова дало мне сілу, жаданне жыць. Разуменне і захапленне старых сяброў і прыток новых, таленавітых і шчырых. А потым палілася песня. Кампазітар і выканаўца Ізмаіл Капланаў, спявачка Нэлі Багуслаўска падхапілі мае вершы і разнеслі па эфіры ў выглядзе мілагучных песень. На жаль, Ізмаіл Львовіч пакінуў нас больш за год таму, заўчасна, неспадзявана, балюча... Новая мая кніга «Прикосновение» прысвечана яму.


– Вам пашчасціла сустрэць такіх людзей...

–Ізмаіл Львовіч Капланаў не дазваляў сабе нават коску ў вершы перанесці, выношваў нашы песні, узбагачаючы іх сваёй мелодыяй і выкананнем. Атрымлівалася прыгажа і пяшчотна.


А яшчэ вельмі беражліва, з трапяткім разуменнем адносіцца да слова Наталля Чацверыкова, полацкі кампазітар і выканаўца, якая напісала многа прыгожых песень на мае словы. Такое суладдзе двух творцаў надараецца не часта. Нядаўна я даводзіла аднаму «новаму» кампазітару, што словы «лёсы» і «плёсы» ў дачыненні да канкрэтнага радка – гэта розная філасофія. Не даказала, на жаль. Наўрад ці будзе ў нас з ім плённае супрацоўніцтва, ён, на мой погляд, глухі да слова...
– Што значыць кніга ў вашым жыцці?

– Мая маці была настаўніцай пачатковых класаў, дырэктарам вясковай пачатковай школы і педагогам ад Бога. Таму з кнігай у нашай сям’і заўсёды сябравалі. Чытаць мы, дзеці, пачыналі вельмі рана і літаральна праглыналі ўсё, што было дома і ў школьнай бібліятэцы. Кніжкі ў нас былі заўжды, маці пра гэта пільна рупілася. Няма сэнсу пералічваць іх, бо – многа. Недзе ў чацвёртым класе прачытала кнігу пра Паганіні. І тое душэўнае трымценне ад яе, ад героя часта адчуваю і зараз. Памятаю, прыбегла да маці, якая корпалася ў гародзе, і з захапленнем пачала расказваць пра тое, што вырабляў са сваёю скрыпкай той невядомы мне раней майстар. Трэба сказаць, што мой бацька быў досыць вядомы вясковы скрыпач у свой час, нават скрыпачкі сам вырабляў. Магчыма, адтуль ідзе сённяшняе зліццё майго паэтычнага слова з музыкай.

А ўжо дарослай, працуючы ў рэдакцыі полацкай газеты «Сцяг камунізму», упершыню прачытала «Каласы пад сярпом тваім» Ул. Караткевіча. I зноў – узрушэнне, адкрыццё: пісьменніка, беларушчыны, Бацькаўшчыны. Ці магла я тады ўявіць, што праз многа гадоў атрымаю за свае паэтычныя кнігі літаратурную прэмію імя Уладзіміра Караткевіча!
– Дзеля чаго нам трэба чытаць кнігі?

– Каб валодаць словам, любіць і шанаваць яго. На жаль, ранейшае захапленне насельніцтва масавым набыццём кніг (часам і дзеля «секцыйнага» інтэр’еру) мінула, гэта ўсе разумеюць. Кнігі з тых секцый цяпер выгружаюць у лепшым выпадку у букіністычныя аддзелы кнігарняў, а то і на гарышчы ці ў падвалы, а часам і на сметнікі.

Як ні круці, без кнігі чалавецтву пагражае бяспамяцтва. Угледзьцеся ў людзей, якія праводзяць увесь свой час у віртуальнай прасторы. Яны збяднілі сваю мову, не ўмеюць пісаць прыгожа і правільна, часам размаўляюць на нейкім брыдкім слэнзе. Ім бракуе жыццёвай сілы і прыгажосці.
– Пераважная большасць маладых людзей сёння мала чытаюць, для каго пісаць, калі няма попыту на мастацкае слова?

– Ёсць вельмі сур’ёзная небяспека прыніжэння каштоўнасці, вартасці кнігі. Я не кажу пра матэрыяльны кошт, тут сітуацыя вядомая. З аднаго боку, добрая кніга многім не па кішэні. З другога, яна стала занадта даступнай для выдання, і гэта катастрафічна знізіла якасць і значнасць зместу. Нібыта і добра, што ёсць такая свабода. Але ж адбываецца літаральна засмечванне кніжных паліцаў, розуму маладых і пакуль не дасведчаных. Ты ж паспрабуй даказаць пэўнаму школьніку, што вось тую канкрэтную кнігу не варта чытаць з-за нізкапробнасці яе зместу.

Але тут я не маю рэцэптаў выйсця, акрамя хіба выхавання мастацкага густу праз адукацыю, праз папулярызацыю сапраўды прыгожага жыццядайнага слова. І нашы бібліятэкі шчыруюць на гэтай ніве, захоўваючы і ўводзячы ў зварот добрую кнігу. Мы, паэты і пісьменнікі, ствараем і аддаем – толькі вазьміце, паспрабуйце зразумець. А там, глядзіш, прыйдзе і захапленне словам...

Яе Вялікасці Кнізе наканавана быць з чалавекам у якасці падручніка, дарадчыка, сябра, памяці, нашага спосабу выражэння свайго «я» ў творчасці. Інтэлект і інтэлігентнасць заўсёды былі неадрыўныя ад кнігі, гэтым мусіць сілкавацца любая нацыя. Будзе кніга жыць – не сумнявайцеся.



Ларыса Малашэня, «НС».


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка