Надрукавана




Дата канвертавання20.03.2016
Памер64.41 Kb.
Надрукавана: Акуліч У. Беларуская школа фізіякратыі: спроба рэканструкцыі // Управление в социальных и экономических системах: М-лы XV международной научно-практической конференции (6 июня 2006 г., г. Минск). – Мн.: Изд-во МИУ, 2006. – 304 c. С. 98-101

беларуская школа фізіякратаў: спроба рэканструкцыі

У. Акуліч, Мінскі інстытут кіравання

Слова “фізіякратыя” упершыню ўвёў ва ўжытак Мікалай Бадо ў сваёй працы “Апісанне натуральных законаў” (1767), а зацвердзіў Дзюпон дэ Нямур, ужыўшы яго ў назве сваёй кнігі “Фізіякратыя, альбо Прыродныя канстытуцыя найбольш выгаднага кіравання людзкім родам” (1768). Абодва француза неўзабаве наведалі ВКЛ (у 1768 і 1774 г. адпаведна). Таму, сама тэорыя і яе назва, сталі вядомыя мясцовым навукоўцам амаль адначасова з іх з’яўленнем.

Праўда, самі фізіякраты на чале з Ф. Кенэ называлі сябе “эканамістамі”, а слова “фізіякраты” у дачыненні да іх замацавалася ўжо пасля таго, як яго ўжыў А. Сміт. У гэтым сэнсе, калі глядзець па назве прафесіі, то сусветная эканамічная навука бярэ пачатак ад фізіякратаў. Гэта датычыцца і Беларусі. Напрыклад, прадстаўнік ужо класічнай школы палітэканоміі Ян Зноска ў прадмове да свайго падручніку “Навука палітычнай эканоміі паводле ўкладу Адама Сміта” (1811), адзначаў, што “маем ужо даўно выклад навукі так званых эканамістаў (ekonomiftów) пад назвай “навука прыроднага і палітычнага права, палітычнай эканоміі і права народаў” Гераніма Страйноўскага” [5, c. 4]. З назвы кнігі Г. Страйноўскага [4], якая ўяўляе сабой сістэмны выклад тэорыі фізіякратыі, таксама бачна, што фізіякраты не называлі сваю тэорыю “палітычнай эканоміяй”. Яны лічылі сябе вынаходнікамі новай навукі, якая выходзіла за межы толькі адной палітэканоміі. Таму, напрыклад, у тагачасную Польшчу іх тэорыя прыйшла пад назвай “навуковая сістэма Франсуа Кенэ”.

Першы выклад гэтай сістэмы ў Рэчы Паспалітай зрабіў будучы рэктар Віленскага унівэрсітэту Ян Снядэцкі (1756-1830), які на пачатку сваёй навуковай кар’еры выкладаў яе ў Кракаўскім калегіуме (1776). Другім быў Геранім Страйноўскі (1752-1815), які выкладаў яе ў Варшаўскім калегіуме ў перыяд 1778-1782 гг. Затым, калі з 1783 г. тэорыя фізіякратыі пачала выкладацца ў Віленскім універсітэце пад новую дысцыпліну ніяк не маглі знайсці адпаведную назву: спачатку яна мела назву “права натуры і народаў”, затым “права натуры, натуральнае права, палітычная эканоміка, права народаў”, “натуральнае і палітычнае права, эканоміка, права народаў”, “грамадская эканомія і права народаў”, “права натуры; эканомія”, “права народаў і эканомія”. Хоць увесь час гэта быў адзін і той жа курс, які па сведчаньні Йозефа Бялінскага, пераважна быў прысвечаны палітэканоміі [2]. Канчаткова ж палітычная эканомія была вылучана ў асобную дысцыпліну з адпаведнай назвай толькі ў 1811 годзе, калі яе пачаў чытаць Ян Зноска, і выкладаў там ужо не тэорыю фізіякратыі, а вучэнне Адама Сміта. Пасля таго, “прыроднае і палітычнае права” і “права народаў” таксама былі вылучаныя ў асобныя дысцыпліны.

Тэорыю фізіякратыі за ўвесь час у Віленскім універсітэце чыталі два выкладчыкі. Геранім Стайноўскі чытаў гэты курс да 1799 г., пакуль не стаў рэктарам (1799-1806) і не перадаў яго Сымону Малеўскаму (раней ў 1787-1789 гг. С. Малеўскі ўжо замяняў Г. Страйноўскага, калі той выязджаў на два гады ў Італію). Сымон Малеўскі (1759-1832) чытаў гэты курс да 1811 года, дабіўшыся павелічэння колькасці гадзін для выкладання ўсё яшчэ новай для Вільні навукі, пры гэтым увесь час ён выкладаў па падручніку Г. Страйноўскага [3, c. 52]. Сымон Малеўскі быў добрым адміністратарам, займаў ва ўніверсітэце розныя пасады – сакратара, дэкана, і нарэшце быў рэктарам (1816-1822), але не пакінуў пасля сябе навуковых прац.

У розныя часы ў ВКЛ існавалі тры асноўныя цэнтры распаўсюду і развіцця тэорыі фізіякратыі: Адукацыйная камісія (1773-1794), Гурток альбо салон фізіякратаў у Віленскім універсітэце (1774-1806) і Таварыства сяброў навук (1800-1812). Утварэнне Адукацыйнай камісіі (1773), першага ў Цэнтральнай Еўропе Міністэрства адукацыі, на рахунак якога былі перададзены маёмасць і сродкі ліквідаванага за год да гэтага Ордэна езуітаў, абумовілі пачатак станаўлення ў ВКЛ свецкай вышэйшай адукацыі, што ў сваю чаргу паспрыяла актывізацыі кантактаў з французскімі асветнікамі, у тым ліку і фізіякратамі. Першы старшыня гэтай камісіі, – Ігнат Якуб Масальскі (1729-1794), быў сябрам парыжскага гуртка фізіякратаў, і запрасіў у краіну ўплывовых прадстаўнікоў французскай школы фізіякратаў Мікаля Бадо (1730-1792) і Дзюпона дэ Нямура (1739-1817), якія адыгралі прыкметную ролю ў дзейнасці Адукацыйнай камісіі. Дзюпон дэ Нямур быў абраны нават ганаровым замежным сябрам Віленскага ўніверсітэту.

У 2-ой палове XVIII ст. беларускія вучоныя-гуманісты былі шчыльна інтэграваныя ў еўрапейскую навуковую супольнасць. Прыкладам таму ёсць цесныя сувязі паміж французскімі і беларускімі фізіякратамі. Напрыклад, Яўхім Храптовіч падчас свайго падарожжа ў Заходнюю Еўропу (1769-1772), наведаўшы сярод іншых краін і Францыю, асабіста пазнаёміўся з Франсуа Кенэ і Вікторам Мірабо. У перыяд з лістапада 1768 г. па верасень 1769 г. у ВКЛ у адным з маёнткаў Ігната Якуба Масальскага жыў і працаваў Мікаля Бадо, а у 1793 г. – гасціў унук Франсуа Кенэ. У 1771 г. у Парыжы Мікаля Бадо выдаў кнігу, якая складалася з двух частак ”Нарысы пра сучасны стан Польшчы і прычыны яе бедаў” і “Эканамічныя погляды грамадзян на Рэч Паспалітую”. У 1774 г. у адным з маёнткаў Адама Чартарыўскага жыў Дзюпон дэ Нямур.

Асобныя прадстаўнікі мясцовай школы фізіякратаў атрымалі пэўнае прызнанне ў Еўропе. Нямецкі фізіякрат Бадэн у лісце да Віктора Міраба называў Яўхіма Храптовіча “лепшым эканамістам-практыкам [1, с. 344], а Дзюпон дэ Нямур у лісце да А.Р.Ж. Цюрго (1727-1781) – пазначыў яго ў пераліку вядомых эканамістаў таго часу [там жа]. Магчыма, Анры Цюрго асабіста ведаў Яўхіма Храптовіча, бо пазней у 1802 г. беларускі фізіякрат выдаў пераклад яго асноўнай працы “Развагі аб стварэнні і размеркаванні багацця” (1766). Яшчэ адзін мясцовы фізіякрат – Геранім Страйноўскі быў вядомы за межамі краіны. Па рэкамендацыі Чэся Бекарыя (1738-1794), якога Йозэф Шумпэтэр ахрысціў італьянскім Адамам Смітам, тагачасны прафесар Віленскага ўніверсітэту стаў замежным сябрам Акадэміі навук Фларэнцыі (1787). Геранім Страйноўскі быў таксама абраны сябрам Пецярбургскага эканамічнага таварыства і Варшаўскага таварыства сяброў навук.

У апошняй чвэрці XVIII ст. у ВКЛ рабіліся шматлікія спробы правядзення рэформ паводле тэорыі фізіякратыі, як у прыватных маёнтках па ініцыятыве іх гаспадароў, так і на дзяржаўным узроўні. З прыватнаўласніцкіх рэформ, якія выклікалі шырокі розгалас, можна адзначыць праекты Паўла Бжастоўскага (1739-1827), Яўхіма Храптовіча (1729-1812), Міхала Карповіча (1744-1803), Францішака Карпінскага (1741-1825). На дзяржаўным узроўні, карыстаючыся ідэямі фізіякратыі і Асветніцтва, пераўтварэнні праводзілі – Антон Тызенгаўз (1733-1785) і Франц Нарвойш (1742-1819) на Гарадзеншчыне, Мацей Бутрымовіч (1745-1814) і Міхал Казімір Агінскі (1730-1800) на Піншчыне. Асобна трэба ўзгадаць праект Дзюпона дэ Нямура, які быў разлічаны для рэалізацыі ў маёнтках Адама Чартарыйскага ва Ўкраіне.

Асобна трэба сказаць пра праект у маёнтку Мерач на Віленшчыне. Яго аўтар Павел Бжастоўскі даў вольную сялянам, падзяліў паміж імі панскую зямлю; надзяліў іх правам распараджацца маёмасцю, дазволіў акрамя земляробства займацца рамёствамі і гандлем, пакідаць пры жаданні маёнтак; увёў сялянскае самакіраванне, стварыў заканадаўчую базу, сістэмы адукацыі, аховы здароўя і грамадскай бяспекі, судовую і крэдытную сістэмы. Яшчэ з савецкіх часоў склалася традыцыя, якая захоўваецца дагэтуль, залічваць Паўла Бжастоўскага да ліку сацыял-утапістаў, а ягоны праект ставіць побач з праектам ангельца Роберта Оўэна. На самой справе Павел Бжастоўскі быў прыхільнікам канцэпцыі фізіякратыі і носбітам ідэй Асветніцтва, адукаваным чалавекам свайго часу. Па-першае, у нечым падобныя пераўтварэнні былі праведзеныя і ў іншых маёнтках ВКЛ (напрыклад, праект фізіякрата Яўхіма Храптовіча, праект Міхала Карповіча ў маёнтку, падараваным яму фізіякратам Ігнатам Якубам Масальскім), і іх, чамусці, ніхто не называе ўтапічнымі. І там, і там, адносіны паміж сялянамі і землеўладальнікамі былі пастаўлены на рынкавы падмурак, гэта значыць – свабода, якую атрымалі сяляне не была абсалютнай, а прадугледжвала выплату імі грашовага чыншу. Іх аўтары кіраваліся, найперш, не дабрачыннасцю, а разлікамі выгад ад гаспадарчай дзейнасці. Таму праект Паўла Бжастоўскага, як і названыя вышэй, не толькі не скончыліся эканамічным крахам падобна праекту Роберта Оўэна, а, наадварот, яшчэ доўгі час вылучаліся сваім росквітам, калі ўжо існавалі пры новых расійскіх парадках і належылі новым гаспадарам. Па другое, змест і вынікі рэалізацыі праекту Паўла Бжастоўскага былі прыязна ўспрынятыя навуковай грамадскасцю: увесь гэты час (маёнтак быў набыты ім у 1767 г. і прададзены ў 1794 г.) ён займаў высокія дзяржаўныя пасады (быў канонікам віленскім – да 1773 г., вялікім пісарам літоўскім – да 1774 г. рэферэндарам духоўным ВКЛ – да 1787 гг., а пасля вяртання з вымушанай эміграцыі, маючы ад нараджэння 84 гады, стаў архідыяканам віленскім), а таксама быў абраны ганаровым сябрам Віленскага ўніверсітэту с запісам “доктар тэалогіі, знакаміты навуковец і філантроп” [2, c. 46]. Ён сапраўды меў грунтоўную адукацыю, вучыўся ў Рыме, сам перакладаў кнігі з італьянскай і французскай моваў, складаў геніалогію свайго роду, але, самае галоўнае, вёў навуковае апісанне свайго праекту. У сваіх паводзінах ён болей нагадваў Франсуа Кенэ, альбо нашага Яўхіма Храптовіча, чым Роберта Оўэна. Такім чынам, паводле сваіх эканамічных перакананняў і ўчынкаў Павел Бжастоўскі – гэта тыповы фізіякрат эпохі Асветніцтва, прадстаўнік беларускай школы фізіякратыі, але не сацыял-утапіст.

Такім чынам, ёсць падставы казаць пра існаванне ў тагачаснай беларускай і літоўскай дзяржаве Вялікім княстве Літоўскім мясцовай школы фізіякратаў, бо існавалі цэнтры, працы, лідэры і іх пэўнае прызнанне ў Еўропе (мал. 1).

Мал. 1. Беларуская школа фізіякратыі

Такія ж школы, як адгалінаванні французскай школы фізіякратаў, існавалі ў Нямеччыне, Польшчы, Аўстрыі, Швэцыі. Час яе распаўсюду на тэрыторыі Беларусі можна акрэсліць вузкімі і шырокімі межамі. Шырокія межы (1768-1812) – ад прыезду ў ВКЛ Мікаля Бадо, які азнаёміў навуковую грамадскасць з новай тэорыяй, да смерці Яўхіма Храптовіча, апошняга яе лідэра. Вузкія межы (1782-1810) – ад прыезду ў Вільню і пачатку яе выкладання Геранімам Страйноўскім і да сканчэння яе выкладу Сымонам Малеўскім у Віленскім універсітэце.

Літаратура.

1. Lipiński E. Historia polskiej myśli społeczno-ekonomicznej do końca XVIII wieku. Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk. 1975. – 464 s.

2. Bieliński J. Uniwersytet Wilenski (1579-1831). W 3 t. Kraków. 1899-1900. – 485 + 845 + 734 s.

3. Małewski Sz. Polityczna economie // Prospekt lekcyj w imperatorskim uniwersytecie Wilenskim od 1-go septembra w roku 1805 do 30 juniu w roku 1806. Wilno. 1806. – 262 s.



4. Strojnowski H. Nauka prawa przyrodzonego, politycznego, ekonomiki politycznej i prawa narodow. – Wilno, 1785. – 220 s.

5. Znoska J. Nauka Ekonomii politycznej podług układu Adama Smithа. – Wilno, 1811. – 314 s.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка