Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг




Дата канвертавання15.03.2016
Памер201.47 Kb.

powerpluswatermarkobject267626



Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар. навук. – тэарэтыч. канф., Мінск, 2010-1012 гг. // Пад навук рэд. Э. Расоўскай, А. Вялікага. – Мінск : І.П. Логвінаў, 2013. – с.242-250.

Ключавыя словы: гістарычная палітыка, Польшча, Савецкі Саюз, Беларусь, Заходняя Беларусь, “крэсы паўночна ўсходнія”, “Историческая память», Інстытут Нацыянальнай памяці, Instytut Pamięci Narodovej (IPN), Рыжскі мір 1921 г., пакт Молатава-Рыбентропа.
А. Вялікі
Гістарычная палітыка ў Беларусі: 1921-1939 гг.

Польскі накірунак.
Адным з важнейшых вынікаў распаду Савецкага Саюзу стала актыўнае “уключэнне” гісторыі ў палітыку. У былых саюзных рэспубліках з моманту обвешчання суверэнітэту пачаўся актыўны працэс станаўлення нацыянальнай гістарыяграфіі.

Стварэнне незалежных дзяржаў на постсавецкай прасторы вымусіла гісторыкаў разглядаць агульнае гістарычнае мінулае з улікам нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў тых краін, якія яны прадстаўляюць. Разам з тым, на што звяртаюць увагу замежныя даследчыкі: беларускай гістарыяграфіі прысутны найбольш талерантны1 і “мяккі” падыход у пераацэнцы узаемаадносін са сваімі бліжэйшымі суседзямі – Расіяй, Польшчай, Украінай. Так, напрыклад, сучасная польская гістарыяграфія разглядае і характарызуе ваенна-палітычныя падзеі 1939 г. у жорсткіх катэгорыях: гэта незаконны, не адпавядаючы ні міжнароднаму, ні ўнутранаму праву Польшчы акт, у выніку якога Польшча страціла значную частку сваёй этнічнай тэрыторы. Заходнебеларускія землі, уз’яднаныя ў 1939 г. з БССР, вызначаюцца як “крэсы ўсходнія” ці “паўночна-заходнія землі Другой Рэчы Паспалітай”, а Заходная Беларусь “так званая Заходняя Беларусь”; перыяд 1939-1941 гг. не інакш як “савецкая акупацыя, якая наступіла ў выніку змовы двух агрэсараў – Германіі і Савецкага Саюзу. Савецкі Саюз – гэта агрэсар, які разам з гітлераўскай Германіяй напаў і ажыццявіў “чацверты падзел Польшчы”.

Аднак, такі “мяккі” падыход айчыннай гістарыяграфіі стварыў пэўныя праблемы, якія праяўляюца ў тым, што канцэптуальна айчынная гістарыяграфія па ключавых пытаннях 1921-1939 гг. засталася на пазіцыях беларускай савецкай гістарыяграфіі у той час як польская гістарыяграфія канцэптуальна змяніла сваю пазіцыю ў гэтым пытанні, адмовіўшыся ад PRLаўскай спадчыны. У сувязі з гэтым мы да цяперашняга часу не можам знайсці пагадненне і паразуменне па спрэчных пытаннях. Гэта прыводзіць да таго, што не толькі гісторыкі старэйшага пакалення (Ул. Ладысеў, І. Палуян, Я. Новікаў і інш.), але і некаторыя маладзейшыя гісторыкі не бачаць сэнсу ў пошуках паразумення па спрэчных пытаннях. Так, напрыклад, айчынная даследчыца В. Матусевіч, якая займаецца, ў прыватнасці, даследваннем гістарычнай палітыкі, у артыкуле “Рыжская мірная дамова ў гістарычнай палітыцы і калектыўнай памяці беларусаў і палякаў адзначае, што “дзіўным падаецца прапанова распрацоўкі часовай канцэпцыі агульнай гісторыі палякамі разам з прадстаўнікамі часткі беларускага насельніцтва і польскай нацыянальнай меншасці Беларусі. […] Дасягнуць кампрамісу ў навуковым адлюстраванні гісторыі, а тым больш у грамадскім успрыманні падзей мінулага розных народаў не магчыма. І ці патрэбна ? Галоўным з’яўляецца не выпрацоўка агульнай гістарычнай карціны мінулага, а разуменне і павага пазіцый апанентаў у гістарычнай спрэчцы 2. (Выдзелена мной. – А.В.) Аднак на мой погляд, гэта “droga do nikond” (дарога ў нікуды), бо гэтая пазіцыя не стварае поля для пошуку кампрамісаў, а захоўвае і кансервуе існуючыя супярэчнасці паміж палякамі і беларусамі. Больш перспектыўным, адпавядаючым реаліям, з’яўляецца пазіцыя прафесара А. Смалянчука, які адзначае, што “у нацыянальнай гістарыяграфіі як і раней прысутнічае негатыўны вобраз паляка. Вельмі цяжка пераадольваюцца стэреатыпы расійскіх і савецкіх часов. Набор асноўных прэтэнзій да польскага суседа традыцыйны: паланізацыя сацыяльных вярхоў беларускага грамадства, аслабленне Беларуска-Літоўскай дзяржавы, палітыка нацыянальнай асіміляцыі 20-30-х гг. і г.д. Аднак, назіраецца відавочная эвалюцыя поглядаў гісторыкаў “нацыянальнага лагеру”. У прыватнасці яна праяўляецца ў жаданні зразумець суседа і разгледзець многія палітычныя падзеі прошлага як элементы сумеснай польска-беларуска-літоўскай гісторыі, у якой асноўныя дзейнічаючыя асобы былі ні толькі канкурэнтамі, але і партнерамі”3.

У сувязі з гэтым практычна ва ўсіх постсавецкіх рэспубліках з моманту набыцця суверэнітэту сярод гісторыкаў і шырокіх колаў грамадскасці распачаліся дыскусіі па ключавых падзеях мінулага, якія маюць ярка выражаны палітычны кантэкст. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ва ўзаемаадносінах з бліжэйшымі суседзямі. Не выключэнне з гэтага працэсу стала Беларусь і яе ўзаемаадносіны з Польшчай.

У сучасны момант актыўнае выкарыстанне гісторыі ва ўнутры і знешнепалітычных мэтах атрымала назву “гістарычная палітыка”. Яе вытокі сягаюць у пачатак 80-х г. калі канцлер ФРГ Г. Коль зрабіў важным элементам сваей палітыкі “маральна-палітычнага павароту” ревізію некаторых ключавых трактовак нядаўнага мінулага Германіі. Пад сцягам умацавання нямецкага патрыятызму гэта лінія павінна была ўзмацніць яго перамогу над сацыял-дэмакратамі ў сферы афіцыйнага гістарычнага дыскурсу. У час палемікі, якая неўзабаве пераўтварылася ў знакаміты Historikerstreit, г. зн. “спрэчка ці змаганне гісторыкаў”, крытыкі такой палітыкі далі ей назоў Geschichtspolitik4.

У 2004 г. група польскіх гісторыкаў, у палітычным плане блізкія да партыі “Права і Справядлівасць” заявіла аб неабходнасці правядзення ў Польшчы актыўнай гістарычнай палітыкі “polityka historyczna”. Яны свядома выбралі ў якасці лозунга літаральны пераклад таго паняцця Geschichtspolitik, якое ў Германіі выступала ў якасці негатыўнага ярлыка і ніколі не выкарыстоўвалася нават гісторыкамі, набліжаннымі да Г. Коля. Менавіта тады набыло ўсе больш шырокае выкарыстанне гісторыі ў палітычных мэтах для ўсіх краін усходняй Еўропы. Хутка паняцце гістарычная палітыка атрымала распаўсюджванне ў суседніх з Польшчай дзяржавах5.

Паколькі гістарычная палітыка актыўна выкарыстоўваецца на ўсей постсавецкай прасторы, то варта задацца пытаннем ці выкарыстоўваецца яна і як у адносінах да Польшчы існуючай уладай.

На гэтае пытанне трэба даць станоўчы адказ. Гістарычная палітыка, хаця мала хто ў Беларусі ўжывае гэты тэрмін, з уласцівымі для яе асаблівасцямі, актыўна выкарыстоўваецца існуючай уладай.

Гістарычная палітыка ў Беларусі ў параўнанні з Польшчай, Расіяй, Украінай мае як падабенствы так і значныя адрозненні. Так, ва ўсіх вышэйзгаданых краінах яна забяспечваецца значнымі адміністрацыйнымі, фінансавымі і інтэлектуальнымі ресурсамі і падтрымкай дзяржавы. У Польшчы, напрыклад, актыўна выкарыстоўваецца магутны патэнцыял Instytuta Pamięci Narodovej (IPN), аналагічная структура - Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) створана ва Украіне. Пры Прэзыдэнце Расійскай Федэрацыі (РФ) створана камісія па барацьбе з фальсіфікацыямі гісторыі. Акрамя гэтых адміністрацыйных структур, якія маюць вялізную дзяржаўную фінансавую падтрымку, гістарычную палітыку “абслугоўваюць” рознага кшталту фонды, неўрадавыя арганізацыі і г.д. Красамоўным прыкладам такой дзейнасці з’яўляецца, напрыклад, фонд “Историческая память», які ўзначальвае А. Дзюкаў (РФ). Пры тым, як сцвярджае расійскі даследчык гістарычнай палітыкі А. Міллер, магчыма толькі здагадваецца адкуль фонд А.Дзюкава атрымоўвае грошы на сваю вельмі актыўную і разнастайную дзейнасць6.

У Беларусі такога кшталту структур не існуе і забяспячэнне правядзенне гістарычнай палітыкі ўскладваецца на традыцыйныя навуковыя ўстановы і, ў першую чаргу, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, а так сама на гістарычныя факультэты вядучых ВНУ рэспублікі. Аднак, адсутнасць дастатковага навуковага патэнцыялу, які б разумеў і эфектыўна змог выкарыстоўваць тэхналогіі гістарычнай палітыкі, мізэрнае фінансаванне, робяць недастаткова эфектыўным удзел гэтых устаноў у яе правядзенні.

Характэрнай рысай гістарычнай палітыкі ў Беларусі, з‘яўляецца яе жорсткая ідеалагічная накіраванасць. Абгрунтаванне такога падыходу яскрава прагучала ў выступленні колішняга дырэктара Інстытута гісторыі НАН РБ А. Кавалені, які адзначыў, што “сення (2006 г. – А.В. ) мы павінны прызнаць не толькі памылковасць, але і шкоднасць для ўсяго грамадства прынятага ў 90-я гады XX ст. часткай навукоўцаў метадалагічнага тэзісу – дэпалітызацыя, дэпартызацыя, дэідэалагізацыя (выдзелена А. Каваленем. – А.В.). Будзе своечасовым не толькі прызнаць, але і адмовіцца ад гэтай тупіковай (выдзелена А. Каваленей. – А.В.) і разбуральнай (выдзелена А. Каваленей. – А.В.) метадалагічнай канцэпцыі. […] Развіцце грамадства без ідэалагічных арыенціраў, без жыватворнага компаса, які выпрацаваны за многія стагоддзі – самаашуканства і тупік. […] Гістарычная навука і ідэалогія заўседы ідуць побач, Яны маюць прамую дыялектычную сувязь. Гісторыя без ідэалогіі пераўтвараецца ў прымітыўную фактаграфію, простае апісанне мінулага. Ідэалогія без гістарычнага асэнсавання губляе свае карані, здольнасць быць матэрыяльнай сілай у грамадстве і дзяржаве. Таму ідэалогіі трох “Д” неабходна праціпаставіць – навуковасць, надпартыйнасць, надкласавасць і нацыянальна-дзяржаўны прыярытэт (выдзелена А. Каваленей. – А.В.)7.

Паколькі ідэалогія фарміруецца і падтрымліваецца дзяржавай то яе эфектыўнае функцыянаванне павінны забяспечваць “дзяржаўныя гісторыкі”, бо, на думку А. Кавалені, “такі падыход дазволіць проціпаставіць дзейнасці дэструктыўных сіл кансалідаваную падтрымку гісторыкаў дзяржаўнага курсу, які абрала Рэспубліка Беларусь”8.

Адным з эфектыўных метадаў гістарычнай палітыкі з’яўляецца актыўнае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурса. Так, напрыклад, улада абмяжоўвае доступ да архіўных матэрыялаў, а таксама захоўвае рэжым сакрэтнасці над многімі дакументальнымі матэрыяламі дзяржаўных архіваў. У ведамасныя архівы – Цэнтральны архіў КДБ РБ, архівы Міністэрства ўнутранных справаў РБ, Міністэрства замежных справаў РБ цяжка трапіць айчынным гісторыкам. Што ж датычць замежных даследчыкаў, то яны не маюць шанцаў працаваць у гэтых архівах. Гэта ў сваю чаргу вядзе да таго, што дакументальныя матэрыялы, якія прадстаўлены супрацоўнікамі гэтых архіваў для публікацыі ў зборніках дакументаў (у шэрагу выпадкаў дакументы публікуюцца з купюрамі), нельга праверыць і ўдакладніць тыя ці іншыя моманты.

Істотным элементам гістарычнай палітыкі з’яўляецца ўдзел дзяржаўных гісторыкаў у напісанні “правільных” падручнікаў для школ і ВНУ. Так, поводле Г. Сагановіча “зацверджанне сваей гістарычнай палітыкі новыя ўлады пачалі са школьных падручнікаў. У 1995 г. адразу ж пасля змены дзяржаўнай сімволікі і ўвядення расейскай мовы як дзяржаўнай, прэзыдэнтам былі зняты з адукацыі падручнікі па гісторыі, якія былі напісаны з нацыянальных пазіцый. […] Кантроль за зместам вучэбнай літаратуры быў ускладзены на спецыяльна створанную Дзяржаўную камісію па падручніках. […] Неўзабаве з‘явіўся (1998 г. – А.В.) і першы афіцыйны падручнік па гісторыі Беларусі для ўніверсітэтаў9, прадстаўлены грамадству як ідэалагічны адказ фальсіфікатарам з апазіцыі10. Ён утрымліваў вялізную колькасць памылак, алагізмаў і проста блытаніны, аднак, як падкрэслівалася, поўнасцю адпавядаў палітычнаму курсу А. Лукашэнкі”11. Яшчэ больш артадаксальным з’явіўся падручнік былога выкладчыка Магілеўскага педуніверсітэта Я. Трашчанка, які быў выдадзены Міністэрствам аддукацыі ў якасці падручніка для ўніверсітэтаў. Г. Сагановіч падкрэслівае, што “аўтар (Я. Трашчанок. – А.В.) актуалізаваў ідэйную спадчыну заходнерусізму і рэаніміраваў усе яго галоўныя прынцыпы: погляд на Беларусь як на частку Расіі, не маючай гістарычнай і культурнай самастойнасці, гепербалізацыю і ідэалізацыю ролі праваслаўя, ачарненне каталіцызму, асвятленне гісторыі Беларусі скрозь прызму сувязей з Расіяй і праваслаўем, проціпастаўленні яе Польшчы, як галоўнаму ворагу”12.

Асобна неабходна засяродзіць увагу на сучасных школьных падручніках па гісторыі, у якіх утрымліваецца інфармацыя аб падзеях 1921-1939 гг. У шэрагу падручнікаў ацэнка падзей 192139 гг. прынцыпова не адрозніваюцца ад ацэнак, якія былі сфармуляваны ў савецкі перыяд. Асноўная ўвага ў школьных падручніках надаецца палітычнай гісторыі. Значна меней адводзіцца месца культуры, звычаям, традыцыям польскага народу.

Гісторыя Беларусі ў 9 класе (1917-1945 гг.) прадстаўлена вучэбным дапаможнікам пад рэдакцыяй Ул. Сідарцова і С. Панова13. Польская дзяржава ўзгадваецца ў сувязі з польска-савецкай вайной. Аўтары адзначаюць, што на тэрыторыі, занятай польскімі войскамі быў устаноўлены “жорсткі акупацыйны рэжым, пры якім аднавілася памешчыцкае землеўладанне”, а прадстаўнікі савецкай улады і палітычные праціўнікі польскай улады ”падвергліся жорсткім рэпрэсіям”14.

Рыжскі мір (1921 г.) характарызуецца як саступка з боку савецкага ўраду, які вымушаны быў пайсці на перамовы і саступіць Польшчы частку Беларусі – Заходню Беларусь. Аўтары падкрэсліваюць, што: “ калі адна частка беларускага народа разам з іншымі народамі СССР стварала новы ўклад жыцця ў БССР, то другая яго частка знаходзілася ў складзе Польшчы, дзе іспытвала нацыянальны прыгнет. Гэтую несправядлівасць неабходна было ліквідаваць: адзін народ павінен быў жыць разам”15. Усе гэта выклікала ненавісць да прыгнятальнікаў і падымала народ на барацьбу за свае правы16.

Падзеі, якія папярэднічалі пачатку Другой сусветнай вайны – падпісанне пакта Молатава-Рыбентропа, аўтары разглядаюць як дакументы, якія “у пэўнай ступені садзейнічалі ўключэнню Заходняй Беларусі ў склад СССР і БССР”17. Характарызуючы пакт Молатава-Рыбентропа аўтары адзначаюць, што “у канкрэтных умовах таго часу дагавор быў правамоцны палітычна. Палітыка Германіі і Японіі, пазіцыя заходніх дэмакратый не пакідала Савецкаму Саюзу іншага выйсця”. Разам з тым, аўтары падручніка не паведамляюць, што 29 снежня 1989 г. на II з’ездзе Народных дэпутатаў СССР было прынята рашэнне аб тым, што Дагавор ад 23 жніўня 1939 г., а так сама Дагавор аб сяброўстве і граніцы паміж Германіяй і СССР і іншыя савецка-германскія дагаворы ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права страцілі сілу ў момант нападу Германіі на СССР. На гэтым жа з’ездзе быў асуджаны факт падпісання дадатковага пратаколу ад 23 жніўня 1939 г. і іншыя сакрэтныя дамоўленасці СССР з Германіяй. Сакрэтныя пратаколы былі прызнаныя несапраўднымі з моманту іх падпісання18.

Разглядаючы перыяд 1939-1941 гг. аўтары падручніка свядома не ўзгадваюць рэпрэсіі, дэпартацыі польскага насельніцтва з Заходняй Беларусі, растрэл польскіх афіцераў у Катыні.

Аднымі з важнейшых падзей XX ст. якія знаходяцца ў цэнтры ўвагі гістарычнай палітыкі з’яўляюцца наступныя: Рыжская дамова 1921 г.; Заходняя Беларусь у складзе Польшчы ў 1921-1939 гг.; вераснеўская кампанія1939 г. і ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР; Заходняя Беларусь у складзе БССР у 1939-1941 гг.

Асаблівая ўвага надавалася падзеям верасня 1939 г. у юбілейныя гады. Так, 14 верасня 1989 г. (50-ці гадовы юбілей) у Мінскім гаркаме КПБ адбылася сустрэча ветэранаў КПЗБ (М. Арэхвы, М. Танка і інш.) якія “выказалі крытычныя заўвагі з нагоды незаслужанага замоўчвання знамянальнай даты ў жыцці беларускага народа – ўз’яднання карэнных зямель у адзінай Беларускай дзяржаве” і прапанавалі адзначаць дзень уз’яднання 17 верасня, як гэта было і раней, ці 28 кастрычніка19. Аднак ні 17 верасня, ні 28 кастрычніка не задаволілі кіраўніцтва кампартыі Беларусі, якое палічыла мэтазгодным адзначаць гэтае свята 14 лістапада, калі 3-я пазачарговая сесія ВС БССР (1939 г.) прыняла закон “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР”. 1 студзеня 1990 г. Прэзыдыўм ВС БССР прыняў Указ “Аб аб’яўленні 14 лістапада Днем уз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР”20.

У гонар 60-ці годдзя (1999 г.) у Мінску у верасні па ініцыятыве НАН РБ правялі навуковую канферэнцыю, якая была прысвечана гэтай падзеі. Інстытут гісторыі НАН РБ выпусціў зборнік навуковых прац “Назаўседы разам”, а улада правяла ўрачыстае пасяджэнне пад лозунгам-ідэалагемай – “Единство Беларуси, освещенное историей и устремленное в будущее”21.

Да 70-ці годдзя гэтай падзеі (2009 г.) Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь быў выдадзены зборнік дакументаў у 2-х кнігах22, у якім адзначалася, што “асаблівае месца ў працэсах дзяржаўнага будаўніцтва нашай краіны займаюць падзеі верасня-кастрычніка 1939 г., калі быў пакладзены канец гістарычнай несправядлівасці – раз’яднанню беларускага народа”.

Якія ж канцэпты абавязкова прысутнічаюць калі размова ідзе пра гэтыя падзеі. Магчыма вылучыць два блокі гэтай праблемы. Першы, на які заўсёды звяртаецца ўвага – у верасні 1939 г. была выпраўлена гістарычная неправядлівасць 1921 г.; у Заходняй Беларусі існаваў жорсткі нацыянальны, сацыяльна-эканамічны, рэлігійны прыгнет беларусаў з боку польскай дзяржавы і класічны прыклад гэтага прыгнету – канцэнтрацыйны лагер у Бярозе Картузскай; З пачаткам Другой сусветнай вайны Савецкі Саюз узяў пад абарону адзінакроўных братоў-беларусаў. У гэтым блоку беларусы Заходняй Беларусі і ўвогуле Заходняя Беларусь выступае як “ахяра”, а палякі і польская дзяржава як “прыгнятальнікі”.

Другі бок практычна заўседы выпадае з поля зроку, асабліва пры юбілейных святкаваннях – палітычныя рэпрэсіі, у ходзе якіх да палякаў прымянілі прынцып калектыўнай адказнасці і ў 1940-1941 гг. у ходзе 4-х департацыйных акцый дэпартавалі з Заходняй Беларусі каля 135 тыс. чалавек; правядзенне прымусовай калектывізацыі; індактрынацыя насельніцтва і г.д. Характэрна, што на ўрачыстасцях, прысвечанных 60-ці годдзю ўз’яднання Прэзыдэнт Беларусі А. Лукашэнка ў сваей прамове ні адным словам не ўзгадаў пра гэтыя балючыя і для беларусаў і для палякаў праблемы, аднак шмат увагі надаваў залежнасці беларусаў ад “польскіх паноў-асаднікаў” “жорсткай палітыкі паланізацыі і каталізацыі беларусаў”, “стагнацыі эканомікі Заходняй Беларусі, у той жа час як у БССР актыўна развівалася прымысловасць і сельская гаспадарка” і г.д. 23

У гэтым выпадку дзяржава свядома не “заўважае” гэтай праблемы і не жадае браць на сябе адказнасць і віну за “ахвяр-палякаў”, частка з якіх у 1939 г. мо супраць сваей волі сталі грамадзянамі Беларусі. Аднак тут відавочна як вылучаецца адно, што выгадна дзяржаве “заходні беларус – пакутнік і ахвяра”, і замоўчваецца другое – “дзяржава-прыгнятальнік паляка”. Гэтую палітыку магчыма ахарактарызаваць як палітыку “забывання” невыгадных для дзяржавы і ўлады падзей і фактаў. Аднак неабходна памятаць, што з сярэдзіны 30-х г. “[…] савецкі ўрад фактычна адмовіўся ад ролі пратэктара славянскіх нацыянальных меншасцеў у Польшчы. Гэта было зроблена ў форме адмовы карыстацца нормамі міжнароднага права і трыбунай Лігі нацый для абароны правоў гэтых меншасцей. З таго часу да восені 1939 г. беларуская тэма знікал са сферы савецкай дыпламатыі, хоць і засталася не некаторы час адной са сфер дзейнасці Камінтерна”24.

Адным з моцных прапагандысцкіх штампаў, які заўседы прысутнічае пры абмеркаванні падзей верасня 1939 г., з’яўляецца абвінавачванне польскага боку ў “тэррытарыяльных прэтэнзіях і планах” перагляду граніц, устаноўленных у 1939 г. і замацаваных пасля Другой сусветнай вайны. Пры тым, такога кшталту выказванні гучаць на самым высокім узроўні. Так, у студзені 2011 г. на нечарговай сесіі палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь былі выказаны абвінавачванні ў адрас Польшчу ў наяўнасці тэрытарыяльных прэтэнзій25. У кастрычніку 2011 г. у час сустрэчы з расійскім журналістам было падкрэслена, што “яны (г.зн. Польшча, палякі. – А.В.) спяць і бачаць, што граніца Польшчы каля Мінска праходзіць. Яны ніяк не могуць згадзіцца сення, што граніца там за Гродна. Гэта ж усходнія “крэсы”26.

Тэма прэтэнзій палякаў на частку тэрыторыі Беларусі прагучала і ў час правядзення “круглага стала” у рэдакцыі Савецкай Беларусі”, які адбыўся 29 сакавіка 2012 г., пад назвай “Дарога паміж Варшавай і Мінскам”. У абмеркаванні гэтай праблемы прынялі ўдзел акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН РБ А. Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі НАН В. Даніловіч, галоўны рэдактар часопіса Адміністрацыі Прэзідэнта РБ “Беларуская думка” В. Гігін, супрацоўнік Інстытута Нацыянальнай бяспекі І. Валахановіч і выкладчык Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта І. Палуян. І. Палуян падкрэсліў, што “вядома, што на працягу многіх лет у Польшчы дзейнічаюць асобныя групіроўкі палітычнай накіраванасці, якія заявілі аб сваіх прэтэнзіях на частку нашай тэрыторыі. Я маю на ўвазе тэрыторыю былой Заходняй Беларусі. Яны нават сення называюць яе “крэсамі ўсходнімі”. Гэта значыць усходнімі акраінамі Польшчы. Нават без ніякага ўспаміну аб беларусах у названні гэтых зямель”27. Калі карэспандэт СБ запытаў І. Палуяна “Напэўна, неабходна адзначыць, што гэта пакуль вузканацыяналістычная, а не афіцыйная пазіцыя”, то апошні адказаў, што “калі такія размовы не абвяргаюцца, то на самай справе яны падтрымліваюцца”.

На гэтай жа прэс-канферэнцыі прагучалі словы аб мемарыялізацыі як падзей 1939 г., так і асоб, якія з’яўляліся іх актыўнымі ўдзельнікамі. Так, В. Гігін зазначыў, што “на жаль у нас няма ні адзінага помніка, прысвечанага ўз’яднанню беларускага народу. Як няма і прыстойных помнікаў Веры Харужай, Прытыцкаму … Скора спаўняецца 100 год з дня нараджэння Максіма Танка. А ен быў сапраўдным песняром вызвольнай барацьбы народа Заходняй Беларусі. […] Танк быў ганаровым грамадзянінам Мінску, і па мойму, заслугоўвае манумента ў Мінску, роўнага помнікам Купале, Коласу і Багдановічу”28.

Абвінавачванне Польшчы ў тэрытарыяльных прэтэнзіях паўстала калі Варшава прыняла закон аб “Карце паляка”. У інтэрпрэтацыі афіцыйнага Мінску гэта з’явілася варожжым дзеяннем у дачыненні да беларускай дзяржавы, якое супярэчыла міжнароднаму праву і пагражала стабільнасці грамадскіх і нацыянальных адносін у Беларусі. Так, “Савецкая Беларусь” 1 лютага 2009 г. надрукавала артыкул пад загалоўкам “Зяленая карта”, дзе выказвалася меркаванне, што “Карта паляка” ў выніку павінна прывесці да далучэння заселенай польскай меншасцю Гародзеншчыны да Польшчы”29.

Разам з тым, частка беларускіх гісторыкаў разглядаюць вераснеўскія падзеі 1939 г. як сумесную германа-савецкую агресію супраць Польшчы як незалежнай дзяржавы30. Так, прафесар Р. Лазько адзначыў, што “[…] аб’яднанне аказалася магчымым у выніку змовы двух дыктатараў А. Гітлера і І. Сталіна, якія меньш за ўсе думалі пра інтарэсы беларускага народа. Цана аб’яднання была вялікая – у сталінскім ГУЛАГу – але у 1939 г. іншага варыянта не заставалася. […] Аб’яднанне Беларусі стала лагічным наступствам развалу Версальскай сістэмы”31.

Прафесар Ул. Снапкоўскі, характарызучы падзеі 1939 г., якія прывялі да ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР падкрэслівае, што “нацыянальнае ўз’яднанне было дасягнута экстрэмальнымі сродкамі ў надзвычайна складаных міжнародных абставінах. Яно было ажыццяўлена праз гвалтоўнае парушэнне Рыжскага мірнага дагавору 1921 г. і ліквідацыю Польскай дзяржавы, з’явілася вынікам зговару дыктатарскіх рэжымаў Сталіна і Гітлера. Літаральна праз некалькі тыдняў уз’яднанай Беларусі давялося заплаціць за “вызваленчы паход” Чырвонай Арміі перадачай Віленшчыны з Вільняй Літве, а потым і іншых беларускіх зямель, якія былі ўключаны ў склад Літоўскай ССР”32.

Крытычны падыход да падзей 1939-1941 гг. характэрны для восьмага нумара “Arche” за 2009 г., цалкам прысвечанага падзеям верасня 1939 г.33. Адзначу, што я ні разу не сустракаў ні на адной прэс-канферэнцыі, якія ладзіліся ў рэдакцыі “Савецкай Беларусі”, Інстытуце гісторыі НАН Беларусі з удзелам гісторыкаў выказванне, кшталту выказвання беларускага гісторыка А.Вашкевіча: ”час міжваеннай “Рэчы Паспалітай” быў цягам XX ст. адзіным перыядам у існаванні беларускай нацыі, калі яе частка жыла ў межах еўрапейскай дзяржавы з больш-меньш рэальным самакіраваннем і дэмакратычным выбарным заканадаўствам. Выбары восені 1922 года ў польскі Сейм былі адзінымі перад 1994 годам дэмакратычнымі выбарамі, у якіх маглі ўдзельнічаць беларусы і вынік іх яскрава засведчыў патэнцыял беларускага нацыянальнага руху”34.

Крытычна ставіцца да падзей верасня 1939 г. А. Трафімчык, які ставіць пад сумніў “справядлівасць” уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, ажыццяўленага па сцэнару Масквы. Разам з тым, ён не адмаўляе таго факту, што “уз’яднанне”, “аб’яднанне”, “далучэнне” ўсе роўна б адбылося, бо да гэтага вяла логіка гістарычнага працэсу развіцця беларускай нацыі35.

Адзначу, што погляды часткі айчынных гісторыкаў, якія разыходзяцца з афіцыйна падтрымліваемым дзяржавай канцэптамі, друкуюцца пераважна ў матэрыялах канферэнцый, недзяржаўных СМІ і інтэрнэцце.

У гэтай сувязі хацелася б прывесці выказванне вядомага беларускага вучонага-філолага А. Ліса, які заўважыў: “Што тычыцца міжваеннай тэматыкі, то хачу адзначыць, што заходнебеларускі вопыт мала яшчэ вывучаны ў практычным сэнсе. Кнігі І. Палуяна і У. Ладысева, прысвечаныя заходнебеларускай тэматыцы, далека яе не вычэрпваюць. Патрэбна сістэмнае вывучэнне, сучасны падыход. Інтэллектуальныя здабыткі там вельмі значныя. Добра было б, каб маладыя гісторыкі комплексна, сур’ёзным калектывам сабраліся і на сучасным навуковым узроўні напісалі некалькітомную гісторыю культурнага і палітычнага жыцця ў Заходняй Беларусі. Думаю гэта было б вельмі карысна для маладого пакалення і адыграла б сваю ролю ў нацыятворчым працэсе”36.



Гіcтарычная палітыка, якая, праводзіцца дзяржавай звужае прастору для дыялогу і навукова абгрунтаваных дыскусій беларускіх і полськіх гісторыкаў па ўсяму спектру гэтай складанай і для беларусаў, і для палякаў праблеме.


1 Национальные истории в советском и постсоветских государствах / под ред. К. Аймермахера, Г. Бордюгова. – Москва: АИРО-XX б, 1999. 445 с.

2 Матусевіч В. Рыжская мірная дамова ў гістарычнай палітыцы і калектыўнай памяці беларусаў і палякаў / Bialorukie Zeszyty Historyczne #36, Bialystok, 2011. – s.129.

3 Смалянчук, А. … С.204

4 Гл. Миллер А. Власть и история. http:// www.globalaffairs.runumber/Vyzow-izproshlogo-15354;

5 Там сама

6 Гл.Россия: власть и история. http:www.historyfoundation.ru/media_item..php?id=413

7 Новейшая история (1991-2006 гг.): государство, общество, личность: материалы науч.- теорет. конф. (Минск, 29 сентября 2009 г.) /Нац. акад. наук Беларуси. – Минск: Белорус. наука, 2006. – С.81.

8 Новейшая история (1991-2006 гг.): государство, общество, личность: материалы науч.- теорет. конф. (Минск, 29 сентября 2009 г.) /Нац. акад. наук Беларуси. – Минск: Белорус. наука, 2006. – С.84.

9 Маецца на ўвазе: Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.2. Люты 1917 г. – 1997 г.: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Я.К.Новіка, Г. С. Марцуля. – Мн.: Універсітэцкае, 1998. – 464 с.

10 Маецца на ўвазе: Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2 / М.П. Касцюк, І.М. Ігнаценка, У.І. Вышынскі і інш. Інстытут гісторыі АНБ. – Мн.: Беларусь, 1995. – 560 с.

11 Гл. Саганович Г. Историческая политика в постсоветской Беларуси / http://www.russkiivopros.com/?pag=one&id_278&katcsl=442

12 Там сама

13 История Беларуси, 1917-1945 гг.: уч. пособие для 9-го класса учреждений, обеспечивающих получение общ. сред. образования, с русским языком обучения с 12-летним сроком обучения / В.Н. Сидорцов, С.В. Панов; под ред. Н.С. Сташкевича; пер. с бел. яз. Т.Н. Короткой. – Мн.:, БГУ, 2006. – 215 с.

14 Там же, с.43.

15 Там же, с.59.

16 Там же, с.113.

17 Там же, с.129.

18 Снапкоўскі У.Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі. Вуч. дапам. для студэнтаў фак. міжнар. адносін: У 2 ч. Ч.2. Ад канца XVIII да пачатку XX ст. / У.Е Снапкоўскі. – Мн.: БДУ, 2004. – С.134.

19 Назаўседы разам: да 60-ці годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мінск: БелЭН, 1999. – С. 247-248.

20 Там сама, С.248.

21 Единство Беларуси, освещенное историей и устремленное в будущее. Выступление Президента Республики Беларусь А.Г. Лукашенко на торжественном собрании, посвященном 60-летию воссоединения Западной Беларуси с БССР 18 сентября 1999 г. Документы. Минск, “Беларуская Энцыклапедыя”, 1999. 78 с.

22 “Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі …” Верасень 1939 г. – 1956 г.: дакументы і матэрыялы. У 2 кн. Кн. 1. Верасень 1939 г. 1941 г. / Склад.: У Адамушка [і інш.]. – Мінск, Беларус. навука, 2009. – 340 с.; “Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі …” Верасень 1939 г. – 1956 г.: дакументы і матэрыялы. У 2 кн. Кн.2. Ліпеь 1944 г. 1956 г. / Склад.: У Адамушка [і інш.]. – Мінск, Беларус. навука, 2009. – 301 с.

23 Гл. Единство Беларуси, освещенное историе и устремленной в будущее. Выступление Президента Республики Беларусь А.Г. Лукашенко на торжественном собрании, посвященном 60-летию воссоединения Западной Беларуси с БССР 18 сентября 1999 г. Документы. Минск, “Беларуская Энцыклапедыя”, 1999. 78 с.

24 Лазько Р. Крах версальскай сістэмы … С.6.

25 Гл. http://www.interfaks.by/news/Belarus/86782

26 Гл. http://president.gov.by/press107111.html

27 Гл. СБ. Беларусь сегодня. Дорога между Варшавой и Минском. http://sb.by.print/post/128643

28 Там сама

29 Белорусский ежегодник 2008. Сборник обзорных и аналитических материалов по развитию ситуации в Республике Беларусь в 2008 г. / Сост. и ред. А. Паньковский, В. Костюгова, Минск, 2009. – С.92.

30 Гл. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795-2002). – Мн.: “Энцыклапедыкс”. – 2003. – С.298-299.

31 Лазько Р. Крах Версальская сістэмы ў Еўропе і аб’яднанне Беларусі / Беларускі гістарычны часопіс, № 11. – 2009, С.7.

32 Снапкоўскі У.Е. Гісторы знешня палітыкі Беларусі: вучэб. дап. для студэнтаў фак. міжнар. адносін: У 2 ч. Ч.2. Ад канца XVIII да пачатку XX ст. / У.Е Снапкоўскі. – Мн.: БДУ, 2004. – С.135.

33 Гл.“Arche” №8, 2009. 17 верасня 1939 г.: Антрапалёгія ўз’яднання.

34 Там сама, С.6

35 Гл. А. Трафімчык “Аб’яднанне Беларусі ў 1939 г. і гістарычная справядлівасць. / http://arche.by/by/page/science/12-16

36 “Arche” №8, 2009. 17 верасня 1939 г.: Антрапалёгя ўз’яднання. – С.422



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка