Надрукавана: Беларускі гістарычны часопіс, №6, 2014. – С. 3-10. Анатоль Вялікі




Дата канвертавання17.03.2016
Памер199.17 Kb.

powerpluswatermarkobject866117


Надрукавана: Беларускі гістарычны часопіс, №6, 2014. – С.3-10.

Анатоль Вялікі

Анатоль Вялікі, нарадзіўся 29.02.1956 г., кандыдат гістарычных навук (2001), дацэнт кафедры гісторыі Беларусі БДПУ імя М. Танка, вядучы навуковы супрацоўнік НАРБ. Даследуе гісторыю беларуска-польскіх, польска-беларускіх узаемаадносін XX ст., гісторыю архіваў і архіўнай справы ў Беларусі. Аўтар трох манаграфій і 115 публікацый па тэме навуковых інтарэсаў.

К.Каліноўскі і паўстанне 1863-1864 гг. у ідэалогіі КПБ.

Другая палова 1920-50-хх гг.
Дзейнасць вядомых асобаў, а таксама падзеі, якія аказвалі значны, а ў некаторых выпадках нават вызначальны ўплыў на лёсы народаў і краін і па прашэсці многіх дзесяцігоддзяў аказваюцца запатрабаванымі асобнымі палітыкамі і ўладамі ў цэлым для дасягнення пэўных мэтаў. У гісторыі Беларусі яскравым прыкладам гэтага з’яўляюцца адносіны да паўстання 1863—1864 гг., а таксама да асобы яго кіраўніка ў Літве і Беларусі Кастуся Каліноўскага. На працягу існавання БССР яны не раз мяняліся ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў краіне. У артыкуле на аналізе дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь разглядаюцца падыходы ЦК кампартыі Беларусі да вышэйадзначанай праблемы. Адзначым, што на пазіцыю партыйнага кіраўніцтва Беларусі рашаючым чынам уплывала пазіцыя вышэйшага палітычнага кіраўніцтва Савецкага Саюза. Таму, прымаючы тое ці іншае рашэнне, у КПБ заўсёды ўлічвалі пазіцыю ВКП(б) і падтрымлівалі тую “генеральную лінію партыі”, якая выпрацоўвалася ў Маскве.

Упершыню канцэптуальна пункт гледжання палітычнага кіраўніцтва Савецкага Саюза на паўстанне 1863—1864 гг. быў агучаны ў рэцэнзіі, напіснай ад імя рэдакцыі на зборнік дакументаў “1863 год в Минщине” (1928 г.), апублікаванай на старонках №2 за 1928 г. штотыднёвіка “Трыбуна Радзецка” (друкаванага органа Польбюро пры ЦК ВКП(б). У ёй аўтары зборніка, у прыватнасці, абвінавачваліся ў “[…] тэндэнцыйным падборы матэрыялу, у сентыментальнай ідэалізацыі паўстання і сентыментальна-слёзным патрыятызме ў “франка-пэпээсаўскім, калі ўвогуле не ў інстытуцкім духу”, поўнай адсутнасці “класава-пралетарскага падыходу да пытання” і марксісцкага метаду даследавання. У заключэнні адзначалася, што “кніга выдадзена не толькі не ў нашым духу, а хутчэй у духу варожым пралетарскай ідэалогіі” і ў ёй прасочваюцца погляды “чужыя, нават варожыя камуністычным поглядам”1.

Наступны зварот да пытання адбыўся праз год, у 1929 г., калі ў рэспубліцы працавала камісія ЦК ВКП(б) пад кіраўніцтвам старшыні Цэнтральнай кантрольнай камісіі (ЦКК) Украіны і адначасова наркам рабоча-сялянскай інспекцыі (РСІ) УССР В.Затонскага, якая “абследвала практыку правядзення нацыянальнай палітыкі ў БССР”. На гэты раз крытыцы падвергнуўся У.Ігнатоўскі за працу “Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX стагоддзя”, а таксама за артыкулы “Паўстанне 1863 г.” і “Ліквідацыя паўстання 1863 г.”[2, арк.264]. Зразумела, крытычныя заўвагі і палітычныя высновы тычыліся як непасрэдна У.Ігнатоўскага, так і падзей паўстання, і асобы К.Каліноўскага. В.Затонскі ў сваім дакладзе аб выніках абследавання нацпалітыкі ў БССР, накіраваным у ЦК ВКП(б) летам 1929 г., у прыватнасці адзначаў, што: “Адзіны пункт, па якому ўзніклі спрэчкі ў друку — гэта гістарычнае даследванне т. Ігнатоўскага аб паўстанні 1863 г. На думку кіраўніка гістпарта С.Агурскага Ігнатоўскім была дадзена неправільная класавая ацэнка і дапушчана ідэалізацыя аднаго з деячаў паўстання К.Каліноўскага, які вылучаецца ў якасці лідэра народнага беларускага руху і прамога прадвесніка рэвалюцыі XX стагоддзя[…] Дыскусія засталася незавершанай. К. Каліноўскі, прыкладна ў асвятленні гісторыі Ігнатоўскага з істотным нацыялістычным духам падаецца шырокім масам у п’есе такой жа назвы, якая ідзе на сцене Белдзяжтэатра ў Мінску”2.

*Маецца на ўвазе п’еса вядомага беларускага рэжісёра Я. Міровіча “Кастусь Каліноўскі”, якая ўпершыню была пастаўлена на сцэне БДТ-1 у 1923 г.

Аб тым, што над У.Ігнатоўскім навісла пагроза, сведчыў той факт, што яго нават не запрасілі на сход вучоных-гісторыкаў 12 чэрвеня 1929 г., на якім выступаў В.Затонскі3. І гэта пры тым, што У.Ігнатоўскі з’яўляўся членам бюро ЦК КП(б)Б і ўзначальваў Інбелкульт. В. Затонскі ў сваім выступленні на гэтым сходзе, вылучыў 11 пунктаў, якія паказвалі памылкі У. Ігнатоўскага пры асвятленні гісторыі Беларусі. Чатыры пункты, з гэтых адзінаццаці, непасрэдна датычыліся паўстання 1863 г. і асобы К.Каліноўскага. У выніку, У.Ігнатоўскі прызнаў сваю віну, падкрэсліўшы, што “адступіў ад марксісцкіх пазіцый і класавых падыходаў на перспектыву развіцця дзяржавы, народа і нацыі”.

Пасля сходу ён, сустрэўся з В.Затонскім і паспрабаваў растлумачыць сваю пазіцыю па шматлікіх пытаннях, у тым ліку па праблеме паўстання 1863 г. Пасля гэтага ён 22 чэрвеня 1929 г. дадаткова напісаў запіску В.Затонскаму, дзе прызнаў, што праца “Гісторыя Беларусі ў XIX — пачатку XX стст.” мае “шмат ідэалагічных памылак і фактычных недахопаў”3. У прыватнасці, ён падкрэсліваў, што “зусім няправільна прыпісваецца народніцтва так званым “хлапаманам” канца 50-х і 60-х гг., дзякуючы чаму ў чытача кнігі складваецца зусім памылковае разуменне сутнасці народніцтва. Глядзі артыкулы “Паўстанне 1863 г.”, “Ліквідацыя паўстання 1863 г.”, “Беларускі рух у 50-х, 60-х і 70-х гг.”4. Далей у запісцы адзначалася, што “пры правільнай у агульных рысах пастаноўцы пытання аб паўстанні 1863 г. у Польшчы і Беларусі не падкрэслены належачым чынам яго нацыянал-дэмакратычны, дробна-буржуазны характар, дзякуючы чаму складваецца такое ўражанне, што Канстанцін Каліноўскі з’яўляўся кіраўніком выключана беларускага сялянства; не прыведзена адмоўная характарыстыка польскіх паўстанцаў з перапіскі паміж Марксам і Энгельсам; не адзначаны клерыкалізм (уніяцкі і каталіцкі) чырвоных у Беларусі, аднак справа ў тым, што ў мяне пад рукамі не было адпаведных матэрыялаў”5.

У дадзеным выпадку важна тое, што У. Ігнатоўскі зразумеў “правільнасці пазіцыі партыі” адносна асобы К. Каліноўскага і паўстання 1863—1864 гг. і прызнаў, што не адзначыў належным чынам “нацыянал-дэмакратычны і дробна-буржуазны характар паўстання”. У заключэнні запіскі было адзначана, што памылкі ў апісанні падзей 1863—1864 гг. былі выпраўлены ў тэзісах даклада ў Камуністычнай акадэміі і ў артыкуле аб паўстанні, надрукаваным у часопісе “Бальшавік Беларусі” (1929 г.)6.

Тым не менш, В.Затонскі запатрабаваў прынясення публічнага пакаяння (што было характэрна для таго часу). Гэта было зроблена: запіска з’явілася на старонках газеты “Звязда” — друкаванага органа ЦК КП(б)Б, што сведчыла аб поўным прызнанні У.Ігнатоўскім сваіх тэарэтычных “памылак”.

Разумеючы ўсю сур’ёзнасць вылучаных супраць яго абвінавачанняў у верасні 1929 г. У.Ігнатоўскі напісаў ліст у ЦК КП(б)Б, Каміэт партыйнага кантролю (КПК) і Цэнтральную кантрольню камісію (ЦКК) ВКП(б), дзе прывёў наступную цытату з даклада В.Затонскага: “Адзіны пункт, па якому ўзніклі спрэчкі ў друку — гэта гістарычнае даследванне Ігнатоўскага аб паўстанні 1863 г. На думку кіраўніка гістпарта С.Агурскага Ігнатоўскім была дадзена неправільная класавая ацэнка і дапушчана ідэалізацыя аднаго з дзеячаў паўстання К. Каліноўскага, які вылучаецца ў якасці лідэра беларускага народнага руху і прамога прадвесніка рэвалюцыі XX ст.”. Аб тым, якую “ацэнку” работам У.Ігнатоўскага даў С.Агурскі, сведчыць ліст У. Ігнатоўскага ў ЦК КП(б)Б, дзе ён піша, што “мая работа аб паўстанні 1863 г. знаходзіцца ў рукапісу. Там няма прыпісанай мне ўстаноўкі. Акрамя гэтага т. Агурскі маёй работы не чытаў і яго заява — гэта поўная фантазія, якая мае характар паклёпу”7.

Аднак неўзабаве сам С.Агурскі быў абвінавачаны ЦК КП(б)Б у “прынцыповым скажэнні гістарычных падзей 1863 г.”, паколькі ў кнізе “Рэвалюцыйны рух у Расіі” не надаў належнае значэнне “рэвалюцыйнаму паўстанню 1863 г.”, а таксама прыпісаў арганізацыю паўстання “памешчыкам і духавенству і адначасова дапусціў сцверджанне аб пасіўнасці і нават контррэвалюцыйнасці настрояў беларускага сялянства”8.

Далейшы лёс У.Ігнатоўскага склаўся трагічна. На кастрычніцкім 1930 г. пленуме ЦК КП(б)Б ён быў выключаны з бюро і ЦК КП(б)Б. Пасля гэтага 26 снежня 1930 г. ён быў зняты з пасады прэзідэнта АН БССР, а 22 студзеня 1931 г. у адпаведнасці з рашэннем парткалегіі ЦКК як “нацыянал-ухіліст” быў выключаны з партыі. Заключнае абвінавачванне фармулявалася наступным чынам: У сувязі з агульнай палітычнай лініяй і дробна-буржуазнымі ідэалагічнымі пазіцыямі і варожжымі ідэямі буржуазна-кулацкага нацыянал-дэмакратызму Ігнатоўскі ў сваіх літаратурных, тэарэтычных і гістарычных працах выказваў антыпралетарскія і антыпартыйныя погляды, вядучы гаворку аб замене класавай барацьбы нацыянальнай барацьбой, распрацоўваў тэорыю адраджэння, тэорыю адсутнасці эксплуататарскіх класаў у Беларусі, адмаўляў пралетарскі характар Кастрычніцкай рэвалюцыі і савецкай улады, прыніжаў ролю партыі, а таксама ідэалізаваў дробнабуржуазныя партыі”9. Пасля такіх абвінавачванняў У.Ігнатоўскі застрэліўся ў сваёй кватэры 4 лютага 1931 г.

У 1930-я гг. ацэнка паўстання 1863 г. як нацыянал-дэмакратычнага і дробна-буржуазнага заставалася ў сіле. Аднак Вялікая Айчынная вайна кардынальным чынам змяніла пазіцыю ЦК ЦК(б)Б у гэтым пытанні. Асоба К. Каліноўскага стала адным з важных сімвалаў у супраціўленні і барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі.

У айчыннай гістарыяграфіі трывала замацаваўся стэрэатып, что з асобай К.Каліноўскага звязана дзейнасць у Беластоцкай і Гродзенскай абласцях партызанскіх брыгады і атрада імя К.Каліноўскага10, створаных у 1943 г. У гэтым жа годзе П.Броўка напісаў свой вядомы верш, у якім былі такія радкі: “На Беларусі па вёсках ідуць пагалоскі // Гавораць, з’явіўся Кастусь Каліноўскі”. У 1943 г. імя К. Каліноўскага як аднаго з “народных вождей, руководителей восстаний в борьбе за свое достоинство, за свою честь и свободу узгадвалася разам з прозвішчамі С.Налівайкі, І.Галоты, Крывашапкі, Гаркушы, В.Вашчылы ў лісце “Обращение воинов-белоруссов к партизанам и партизанкам, ко всему белорусскому народу”11. Дададзім, што акрамя вышэйадзначаных брыгады і атрада ў 1943 г. таксама дзейнічалі партызанскія атрады імя К. Каліноўскага, брыгады імя А.Неўскага і імя Шчорса Баранавіцкай вобласці і 25-й брыгады імя П. Панамарэнкі Мінскай вобласці12.

У сувязі з гэтым лагічна паўстае пытанне — чаму менавіта ў 1943 г. з’явіліся партызанская брыгада і атрады імя К.Каліноўскага, а ў літаратуры пачалі ўзгадваць і паўстанне 1863 г. і асобу К.Каліноўскага як “народнага правадыра”?

Для разумення гэтага неабходна звярнуцца да падзей восені 1942 г. У жніўні 1942 г. П.Панамарэнка — начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР) і першы сакратар ЦК КП(б)Б — накіраваў на імя І.Сталіна дакладную запіску аб стварэнні дзвюх беларускіх армій агульнай колькасцю 154 тыс. чалавек. Кожная армія павінна была складацца з шасці стралковых дывізій. Дывізіям прапаноўвалася прысвоіць наступныя назвы: “1-я дывізія імя М.Грыцаўца, 2-я — імя Л.Даватара, 3-я — імя М.Гастэла, 4-я — імя М.Фрунзе, 5-я — імя Ф.Смалячкова, 6-я — імя Ц.Бумажкова, 7-я — імя М.Сільніцкага, 8-я — імя К.Каліноўскага (выдзелена мной. — А.В.), 9-я — імя Вярхоўнага Савета БССР, 10-я — імя А.Талаліхіна, 11-я — імя В.Ванеева, 12-я — імя В.Наркевіча. У склад дывізіі павінны былі ўвайсці тры палкі, агульнай колькасцю 10 370 чалавек. У дывізію імя К.Каліноўскага, у прыватнасці, павінны былі ўвасці Беластоцкі, Гродзенскі і Навагрудскі палкі13. Як вядома, у свой час менавіта на гэтых тэрыторыях найбольш актыўна дзейнічалі паўстанцы. П.Панамарэнка асабліва падкрэсліваў, што “палкам, якія ўваходзяць у дывізіі, прысвойваюцца назвы, звязаныя з гістарычнымі традыцыямі […]. Брыгадам прысвойваюцца прозвішчы верных сыноў беларускага народа — Герояў Савецкага Саюза і традыцыйных герояў беларускага народу. Напрыклад, 1-я брыгада імя Кастуся Каліноўскага”14. Салдаты кожнай дывізіі павінны былі мець уласную форму, якая ў цэлым не адрознівалася ад формы салдат Чырвонай арміі, аднак вылучалася б такімі знакамі адрознення як нагрудны знак, павязка, кант, колер шапкі. Акрамя гэтага, кожная дывізія павінна была мець сваю ўласную песню. У арміі планавалася выдаваць газету “За свабодную Беларусь” на беларускай і рускай мовах. Больш за тое, у запісцы П.Панамарэнка апеляваў да гістарычнага мінулага беларускага народа, яго гераічнай барацьбы з іншаземнымі захопнікамі: “У асаблівасці павінны быць прадуманы мерапрыемствы па выхаванню традыцый у кожным палку, у сувязі з прысвоенным яму прозвішчам. У Полацкім палку абавязкова павінна мець месца работа па асвятленню традыцый беларускага народа ў іх сумеснай вызвольнай барацьбе разам з рускім народам супраць іншаземных захопнікаў. На гэтых прыкладах павінен выхоўвацца полк”15. Першы сакратар ЦК КП(б)Б таксама падкрэсліваў, што “ў гады вайны моцна ўзрасла нацыянальная самасвядомасць беларусаў, умацаваліся глыбокія сувязі і любоў да рускага народа”16.

Як бачна, характарыстыкі, што замацаваліся ў беларускай гістарыяграфіі і грамадскай думцы на рубяжы 1920-х — 1930-х гг., з пачаткам вайны падвергліся карэннаму пераасэнсаванню. Кастусь Каліноўскі, на думку першага сакратара ЦК КП(б)Б П.Панамарэнкі (а значыць і ў ідэалогіі КП(б)Б), стаў “верным сынам”, “народным героем беларускага народа”.

Паўстае пытанне, хто прапанаваў П.Панамарэнку ідэю абвясціць К.Каліноўскага народным героем беларускага народа. Можна меркаваць, што П.Панамарэнка наўрад ці самастойна прыйшоў да такой высновы. Для гэтага ён не настолькі добра ведаў гісторыю Беларусі. На наш погляд, агучаная ідэя належала вядомаму беларускаму гісторыку, акадэміку У.Перцаву. Паспрабуем пацвердзіць гэтае меркаванне.

У 1944—1945 гг. адзін за адным выйшлі тры артыкулы У.Перцава, прысвечаныя асобе К.Каліноўскага і падзеям паўстання 1863—1864 гг. У іх гісторык. характарызаваў К.Каліноўскага як “самага яркага, самага адданага, самага таленавітага дзеяча беларускага паўстання ў час польскай рэвалюцыі 1863 г.”, які “аднолькава горача змагаўся супраць царскай Расіі і супраць панскай Польшчы”17. Таксама ў публікацыях адзначалася, што К.Каліноўскі “намагаўся надаць рэвалюцыйнаму руху ў Беларусі самастойны рэспубліканскі і дэмакратычна-сялянскі характар, спадзяючыся ў выніку рэвалюцыі стварыць на роднай беларускай зямлі вольныя, прасякнутыя духам дэмакратычнай роўнасці парадкі, пры якіх працоўным масам жылося б лёгка і радасна”18. У заключэнні У.Перцаў пісаў, што К.Каліноўскі — “слаўны (в оригинале – славный) дзеяч беларускага рэвалюцыйнага руху, ўся дзейнасць якого была адданым і бястрашным служэннем свайму народу”19.

У іншым сваім артыкуле У.Перцаў падкрэсліваў, што “ён (К.Каліноўскі. — А.В.), адзін з першых падняў сцяг палітычнай самастойнасці Беларусі і абараняў правы беларускага народу на яго ўласную незалежную дзяржаўнасць […]. Каліноўскі стаяў за стварэнне незалежнай Літоўска-Беларускай рэспублікі, незалежнай ад панскай Польшчы і ад прыгонніцка-самаўладнай царскай Расіі, […] добра памятаючы, што незалежнае існаванне Беларусі было звязана з вызваленнем сялянства ад панскай улады і надзяленнем яго зямлёй”20.

Характарызуючы нацыянальныя погляды К.Каліноўскага, ён падкрэсліваў, што “К.Каліноўскі падзяляў пазіцыю “Колокола” Герцэна ў польскім пытанні, а менавіта: 1) права Польшчы на аддзяленне ад Расіі і самастойнае існаванне; 2) надзяленне сялянства зямлёй без выкупу, радыкальнае рашэнне аграрна-сялянскага пытання як умова вызвалення Польшчы; 3) поўная свабода і самавызначэнне для беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў”21.

Калі мы чытаем такія высновы і ацэнкі паўстання 1863—1864 гг. і асобы К.Каліноўскага, адразу ж узнікае думка, што наўрадці У.Перцаў узяў на сябе адказнасць і самастойна пераасэнсаваў ролю і месца асобы К.Каліноўскага ў гісторыі Беларусі. Гэта магло быць зроблена толькі з дазволу першага сакратара ЦК КП(б)Б і адначасова Старшыні СНК БССР П.Панамарэнкі. У сувязі з гэтым магчыма сцвярджаць, што менавіта У.Перцаў быў тым чалавекам, які ў 1942 г. падказаў П.Панамарэнку вылучыць К.Каліноўскага на ролю нацыянальнага героя, што і было зроблена.

Праўда, такая нацыянальна афарбаваная характарыстыка паўстання і асобы К. Каліноўскага пратрымалася нядоўга — ўсяго да восені 1947 г. Да 30-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі Беларускі дзяржаўны тэатр оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы “Кастусь Каліноўскі” (кампазітар Д.Лукас, аўтар лібрэта М.Клімковіч), якая была цёпла і прыхільна сустрэта крытыкай. У рэцэнзіях, у прыватнасці, адзначалася, што К.Каліноўскі — “нацыянальны герой беларускага народу, кіраўнік сялянскага паўстання супраць цара і памешчыкаў”22.

Аднак, ужо ў канцы лістапада—пачатку снежня 1947 г. на XV пленуме ЦК КП(б)Б сакратар Кампартыі Беларусі па ідэалогіі М.Іаўчук абрынуўся з крытыкай на перабольшанне нацыянальных асаблівасцей у гісторыі Беларусі. Ён, у прыватнасці, адзначыў: “Найбольш небяспечным ва ўмовах нашай рэспублікі відам нізкапаклонства і рабалепства перад заграніцай, перад капіталізмам заўсёды была і пакуль яшчэ застаецца незжытая да канца ідэалогія нацыяналістаў — беларускіх, польскіх, украінскіх, яўрэйскіх. Нацыяналісты былі і застаюцца лакеямі замежных капіталістаў, рабалепствуючых перад заграніцай, ганьбячы гонар нашага народа, здраднікамі яго нацыянальных інтарэсаў […]. У мэтах канчатковага пераадолення памылак нацыяналістычнага характару ў галіне гісторыі Беларусі, ЦК КП(б)Б павінен прыняць меры да таго, каб работнікі гістарычнай навукі БССР стварылі марксісцкую працу па гісторыі Беларусі. […]. Упраўленне прапаганды ЦК павінна прыняць меры да таго, каб нашыя кадры атрымалі ў бліжэйшы час тэзісы па важнейшых пытаннях гісторыі БССР, а праз год-паўтары бальшавіцкую навуковую працу па гісторыі Беларусі, каб ёй маглі карыстацца выкладчыкі гісторыі, работнікі навукі і мастацтва, наш партыйны актыў”23. М.Іаўчук наўпрост не ўзгадваў асобу К.Каліноўскага і падзеі паўстання 1863—1864 гг., аднак было зразумела, што, ствараючы “бальшавіцкую працу” па гісторыі Беларусі, нельга будзе абмінуць і падзеі 1863 г., і асобу К.Каліноўскага.

У студзені 1948 г. была створана камісія (якая павінна была распрацаваць “Тэзісы асноўных пытанняў гісторыі БССР”), увайшлі вядомыя беларускія гісторыкі У.Перцаў, С.Нікольскі, Н.Каменская, Я.Карнейчык, А.Воранава і пакуль яшчэ мала каму вядомы К.Шабуня. Кіраўніком камісіі быў прызначаны міністр адукацыі П.Саевіч. З ЦК КП(б)Б працу камісіі “курыравалі” партыйныя функцыянеры — В. Малін, А. Малочка і Е. Бугаеў.

Паўстанне 1863—1864 гг. і асоба К.Каліноўскага прыцягнулі асабліва пільную ўвагу партыйных ідэолагаў. У сакавіку 1948 г. сакратар ЦК КП(б)Б па ідэалогіі М.Іаўчук запатрабаваў, каб яму была падрыхтаваная аналітычная запіска па гэтым пытанні. Запіску пад назвай “Аб дзейнасці Кастуся Каліноўскага” падрыхтаваў канстультант упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б К.Шабуня24. У ёй, у прыватнасці, адзначалася, што пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў акадэмікам У.Перцавым былі напісаны тры артыкулы, прысвечаныя асобе К.Каліноўскага, дзе аўтар ахарактарызаваў К.Каліноўскага як “самага яркага, самага адданага, самага таленавітага дзеяча беларускага паўстання ў час польскай рэвалюцыі 1863 г.”25. Далей К.Шабуня паўтарыў асноўныя высновы У.Перцава пра паўстанне і асобу К.Каліноўскага, а ў сваіх высновах у канцы запісцы звярнуў увагу на тое, што “ў артыкулах У.Перцава маюцца недахопы дваякага характару. Адны з іх вядуць па лініі некаторага перабольшання гісторыі, іншыя — па лініі перабольшання нацыянальнага моманта ў паўстанні 1863 г.”26. Галоўны недахоп публікацый У. Перцава кансультант упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б К. Шабуня ўбачыў у тым, што “першай і галоўнейшай рысай дзейнасці К. Каліноўскага была (паводле публікацый У.Перцава. — А.В.) барацьба за дасягненне дзяржаўнай самастойнасці Беларусі, г.зн. нацыянальны момант. Наўрад ці гэта правільна. К.Каліноўскі, перш за ўсе, звяртаўся да сялянства з заклікам барацьбы супраць памешчыкаў. Нацыянальны момант у паўстанні 1863 г. у Беларусі і дзейнасці К.Каліноўскага значна перабольшаны”27. Пасля азнаямлення з запіскай К.Шабуні М.Іаўчук у заўвагах да “Тэзісаў… ” (1948 г.) даў такую ацэнку паўстання і асобы К. Каліноўскага: “Рух у 1863 г. у Беларусі меў аграрна-дэмакратычны, сялянскі характар. У Польшчы паўстанне мела нацыянальна-вызвольны характар і мела сваіх прыхільнікаў. К.Каліноўскі спрабаваў іх аб’яднаць. Пастаноўка нацыянальнага пытання ў Каліноўскага неправільная, памылковая (выдзелена мной. — А.В.)”28. Як бачым, погляды К.Шабуні і М.Іаўчука па гэтым пытанні цалкам супалі.

Да верасня 1948 г. у ЦК паступілі заўвагі членаў камісіі і вучоных-гісторыкаў да “Тэзісаў асноўных пытанняў гісторыі БССР”. У “Тэзісах…” падзеі 1863 г. і асоба К. Каліноўскага трактаваліся наступным чынам: “Адказам сялянства на іх рабаванне з боку памешчыкаў пры правядзенні рэформы былі масавыя сялянскія хваляванні, якія выліліся ў 1863 г. у сялянскае паўстанне супраць палякаў. На чале гэтага паўстання стаяў рэвалюцыянер-дэмакрат К.Каліноўскі (выдзелена мной. — А.В.). […] Аднак, неабходна адзначыць, што К. Каліноўскі не меў яшчэ ясных, дакладна сфармуляваных палітычных поглядаў […]. Сялянскае паўстанне ў Беларусі ў 1863 г. прыняло шырокія памеры. Сялянскае паўстанне ў 1863 г. у Беларусі супала ў часе з паўстаннем у Польшчы, якое мела нацыянальна-вызвольны характар і мела сваіх прыхільнікаў у Беларусі сярод польскай шляхты. Вядучы барацьбу супраць прыгоніцтва, сялянства Беларусі адмоўна адносілася да польскага шляхецкага руху да двух прычынах: 1. Удзельнікі гэтага паўстання (памешчыкі-палякі), як і яго кіраўнікі не ставілі мэтай паўстання знішчэнне прыгоніцтва з перадачай памешчыцкай зямлі сялянам; 2. Лозунгам польска-шляхецкага паўстання ў Беларусі было патрабаванне аднаўлення Польшчы ў граніцах 1772 г., што азначала адрыў ад Расіі і вяртанне яе пад уладу Польшчы. Гэты лозунг был варожжы беларускаму народу. Узначальвая сялянскую барацьбу супраць прыгнятальнікаў-памешчыкаў К.Каліноўскі разам з тым, вылучаў памылковае патрабаванне нацыянальнай незалежнасці Літвы і Беларусі і стварэнне Літоўска-Беларускай рэспублікі. Гэта патрабаванне было памылковым, таму што толькі сумесная барацьба рускага і беларускага народа супраць самаўладдзя і прыгоніцтва магла забяспечыць сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа як і ўсіх народаў Расіі […]. Характарызуючы дзейнасць К. Каліноўскага, неабходна падкрэсліць, што заклікі да рэвалюцыйна-дэмакратычнай барацьбы за “зямлю і волю”, барацьба супраць прыгоніцтва былі галоўным зместам яго дзейнасці. Гэтыя заклікі былі найбольш блізкія і зразумелыя сялянам. Нягледзячы на асобныя часовыя хістанні ў бок замірэння з польскім шляхецкім кіраўніцтвам паўстання К.Каліноўскі заставаўся сялянскім рэвалюцыйным дэмакратам” (выдзелена мной. — А.В.)29.

Такім чынам, у “Тэзісах асноўных пытанняў гісторыі БССР” назіраўся адыход ад той характарыстыкі поглядаў К.Каліноўскага, якая гучала ў запісцы П.Панамарэнкі 1942 г., артыкулах У.Перцава 1944—1945 гг.: што К. Каліноўскі “нацыянальны”, “народны” герой, “славуты сын беларускага народа”. У “Тэзісах…”, а значыць і ў ідэалагічнай канцэпцыі Кампартыі Беларусі ён стаў “сялянскім рэвалюцыйным дэмакратам”, а паўстанне пераўтварылася ў “польска-шляхецкае паўстанне”.

Напачатку 1950-х гг. “Тэзісы…” былі заменены паўнавартаснай “Гісторыяй Беларусі”. Да 1951 г. былі падрыхтаваныя два яе тамы, якія рэцэнзаваліся ў ЦК КПБ. Ацэнкі паўстання 1863—1864 гг. і асобы К.Каліноўскага ў гэтым выданні канцэптуальна не адрозніваліся ад ацэнак, сфармуляваных у “Тэзісах…” 1948 г.30. У снежні 1952 г. на нарадзе ў ЦК абмяркоўваліся сутнасць і змест гэтых тамоў, характарыстыка была станоўчая. Аднак, нягледзячы на згоду ЦК КПБ выдаць гэты двухтомнік, праца над ім зацягнулася амаль на 6 год.

У сувязі з гэтым цікава прасачыць эвалюцыю поглядаў У.Перцава, які адмовіўся ад тых ацэнак паўстання і асобы К.Каліноўскага, якіх прытрымліваўся ў 1944—1945 гг. Вось што, напрыклад, пісаў У. Перцаў аб К. Каліноўскім у сакавіку 1954 г.: “К.Каліноўскі жыў і дзейнічаў як сялянскі дэмакрат, які засвоіў перадавыя ідэі рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў. Пазней беларускія нацыяналісты спрабавалі растлумачыць барацьбу Каліноўскага супраць царскага ўрада як барацьбу супраць рускага народа і зрабіць з яго прыхільніка адрыва Беларусі ад Расіі. Аднак, у сапраўднасці, як бачна з паказанняў Каліноўскага Віленскай следчай камісіі, ён змагаўся толькі з царскім урадам, а не з рускім народам, і верыў, што вызваленная ад прыгоніцкага і самаўладнага прыгнёту Расія дасць свабоду і беларускаму народу. Таму, погляды Каліноўскага адпавядалі спрадвечным памкненням беларускага народа — уз’яднацца з вялікім рускім народам”31.

Цяпер немагчыма дакладна ўстанавіць, калі У.Перцаў быў больш сумленны ў сваіх навуковых поглядах — у 1944—1945 гг., ці амаль праз дзесяцігоддзе, у 1954 г. Аднак можна меркаваць, што акадэмік дакладна зразумеў палітычную кан’юнктуру, якая склалася напрыканцы 1940-х — пачатку 1950-х гг. Тады пачалася “халодная вайна”, разгарнулася барацьба з “бязроднымі касмапалітамі”, рознага кшталту “нацыяналістамі” — беларускімі, польскімі, яўрэйскімі, на якіх абрынуўся ў 1947 г. на XV пленуме ЦК КП(б)Б М.Іаўчук. Адстойваць тэзіс аб К. Каліноўскім як нацыянальным, народным героі стала палітычна небяспечным. Таму У.Перцаў адрокся ад сваіх поглядаў і прыняў афіцыйна абвешчаную пазіцыю Кампартыі Беларусі ў гэтым пытанні. Ён публічна выказаў свой пункт гледжання, які супадаў з афіцыйна прынятым, што стала вызначальным на дзесяцігоддзі, амаль да сярэдзіны 1980-х г.

Такім чынам, можна канстатаваць, што перыяд другой паловы 1920-х канец 40-х г. характарызаваўся значнымі зменамі ў трактоўках падзей 1863—1864 гг. і асобы К.Каліноўскага: ад “рэвалюцыянера-дэмакрата” і “кіраўніка сялянскага паўстання” – да “нацыянальнага”, “народнага героя беларускага народа”. У канцы 40-х у беларускай гістарыяграфіі зноўку вярнуліся да да характарыстыкі К. Каліноўскага як “рэвалюцыянера-дэмакрата”. Гэта было звязана з пачынаючай набіраць сілу канцэпцыямі і ідэалагемамі, якія запанавалі ў Савецкім Саюзе, аб “сціранні міжнацыянальных граняў”, “гармоніі міжнацыянальных адносін”, “стварэнні “савецкага чалавека”. У гэтых канцэпцыях нацыяналізму, а адсюль і “нацыянальным героям”, як, напрыклад, К. Каліноўскі, не мелася месца. Улічваючы гэтыя тэндэнцыі спачатку ў “Тэзісах …”, а потым і ў “Гісторыі Беларусі”, якія ствараліся пад пільным кантролем ЦК КПБ трывала замацавалася вышэйзгаданаяа характарыстыка Кастуся Каліноўскага.

Гэта прыводзіла да таго, што ў другой палове 1950-х — 1980-я гг. тэмай паўстання пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага і ўзнікнення вытокаў беларускай нацыянальнай ідэі займаліся ў асноўным філолагі і літаратуразнаўцы32.

Нягледзячы на вялікі корпус дакументальных матэрыялаў, якія ўжо ўведзены ў навуковы зварот айчыннымі гісторыкамі, гэтая праблема далёка не вывучана. І гэта, у прыватнасці, паказваюць дакументы ЦК КПБ, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Яны значна дапоўняць, а магчыма ўнясуць пэўныя карэктывы ў гісторыю даследавання паўстання 1863—1864 гг. і поглядаў К.Каліноўскага, асабліва ў тэарэтычным плане.

Рэзюмэ: Паўстанне 1863-1864 гг., а таксама асоба яго кіраўніка Кастуся Каліноўскага заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі беларускіх гісторыкаў. На працягу існавання БССР пазіцыі айчынных гісторыкаў да гэтай падзеі, а таксама да постаці К. Каліноўскага не раз мяняліся ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў краіне. У артыкуле на аналізе дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь разглядаюцца падыходы ЦК кампартыі Беларусі да вышэйадзначанай праблемы. Перыяд другой паловы 1920-х канец 40-х г. характарызаваўся значнымі зменамі ў трактоўках падзей 1863—1864 гг. і асобы К.Каліноўскага: ад “рэвалюцыянера-дэмакрата” і “кіраўніка сялянскага паўстання” – да “нацыянальнага”, “народнага героя беларускага народа”. У канцы 40-х беларуская гістарыяграфія характарызавала К. Каліноўскага як “рэвалюцыянера-дэмакрата”. Гэта было звязана з пачынаючымі набіраць сілу канцэпцыямі, якія запанавалі ў Савецкім Саюзе, аб “сціранні міжнацыянальных граняў”, “гармоніі міжнацыянальных адносін”. У гэтых канцэпцыях нацыяналізму, а адсюль і “нацыянальным героям”, як К. Каліноўскі, не мелася месца. Улічваючы гэтыя тэндэнцыі ў беларускай гістарыяграфіі трывала замацавалася вышэйзгаданая характарыстыка К. Каліноўскага.
Ключавыя словы: К. Каліноўскі, паўстанне 1863-1864 гг., польска-шляхецкае паўстанне, “1863 год в Минщине”, “Тэзісы асноўных пытанняў гісторыі БССР”, ідеалогія, П. Панамарэнка, У. Перцаў, Беларуская армія, ЦК КП(б)Б.

Літаратура і крыніцы



1 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НА РБ). Ф. 4п, воп. 1, спр. 3734, арк. 1. Материалы к заседанию секретариата ЦК КП(б)Б о рецензии на изданную Инбелкультом книгу «1863 год в Минщине», о расколе в ППС, о выборной кампании в Польше, письма советника полпредства СССР в Польше и другие. Декабрь 1927 — декабрь 1928 гг.

2 Там жа. Ф. 15, воп. 28, спр. 22, арк. 49. Протоколы президиума фракции Академии наук, Президиума Инбелкульта, Заявления Игнатовского Всеволода в ЦК КП(б)Б и другие материалы. 1927—1930 гг.

3 Там жа. Ф. 4п, воп. 1, спр. 4711, арк. 2. Стенограмма совещания научных работников-коммунистов по вопросу нацполитики в БССР. 12 июня 1929 г.

4 Там жа. Ф. 4п, оп.1, д.4328, л.687.

5 Там жа. Арк. 688.

6 Там жа. Арк. 689.

7 Там жа. Ф. 4п, воп. 1, спр. 3734, арк. 50.

8 Гісторыкі і ўлада: нацыятворчыя працэсы і гістарычная палітыка ў Беларусі XIX—XX ст. / пераклад з ням. Л.Баршчэўскага; навук рэд. Г.Сагановіч. СПб., 2003. С. 263—264.

9 Там жа. С. 292.

10 Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь1941- июль 1944): Краткие сведения об орг. структуре партиз. соединений, бригад, (полков), отрядов, (батальонов) и их личном составе / Манаенков А.Л., Горелик Е.П., Маркова А.Ф. и др. Мн., 1983. С. 672.

11 НАРБ. Ф. 1330, воп. 1, спр. 2, арк. 203. Листовки, обращения и воззвания партийных и комсомольских организаций и партизан Белоруссии. Июль 1943 г. — июнь 1944 г.

12 Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь1941- июль 1944): Краткие сведения об орг. структуре партиз. соединений, бригад, (полков), отрядов, (батальонов) и их личном составе / Манаенков А.Л., Горелик Е.П., Маркова А.Ф. и др. Мн., 1983. С. 692—693.

13 НАРБ. Ф. 4п, воп. 33а, спр. 225, арк. 82. Материалы по вопросу создания Белорусской армии. Август—октябрь 1942 г.

14 Там жа. Арк. 100.

15 Там жа. Арк. 102.

16 Там жа. Арк. 65.

17 Там жа. Арк. 345.

18 Там жа. Арк. 346.

19 Там жа. Арк. 346.

20 Там жа.

21 Там жа. Арк. 347.

22 Алоўнікаў В. Кастусь Каліноўскі. Звязда, 1947. 14 лістапада. С. 2.

23 НАРБ Ф. 4п. воп. 20, спр. 244. арк. 210—214. Стенограмма XV пленума ЦК КП(б)Б Белоруссии. 27 ноября — 1 декабря 1947 г.

24 Там жа. Воп. 47, спр. 183, арк. 343—356. Докладные о проведении совещания преподавателей, директоров и секретарей партбюро Вузов. Материалы конференции по изучению торфяных ресурсов БССР. Отчет и план института истории партии ЦК КП(б)Б. 5 января 1948 г. — 24 марта 1948 г.

25 Там жа. Арк. 345.

26 Там жа. Арк. 346.

27 Там жа. Арк. 356.

28 НАРБ. Ф. 4п, воп. 47, спр. 244, арк. 282.

29 Там жа. Арк. 346.

30 Гісторыкі і ўлада: нацыятворчыя працэсы і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ—ХХ ст. С. 338.

31 Яноўская, В. Акадэмік Ул. Перцаў аб ролі Кастуся Каліноўскага ў Беларускай гісторыі: змена поглядаў пад уплывам савецкай рэчаіснасці / Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі: Матэрыялы міжнар. Навук. канф., Мінск, 25 верасня 2009 г. Мн., 2011. С. 173.

32 Там жа. С. 137.

33 Унучак А. 1963 г.: як у БССР адзначалася 100-годдзе паўстання 1863—1864 гг. і 125-годдзе з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага // Беларускі гістарычны часопіс, 2013, № 2. С. 14.


 Маюцца на ўвазе артыкулы Ул. Перцава надрукаваныя ў: часопіс “Беларусь”, 1944, №2; газета “Сталинская молодежь”, №36, 1945 г.; “Полымя”, №9-10, 1945 г.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка