Надрукавана: arche, №10, 2014 г., с. 94-125. Ключавыя словы




старонка1/3
Дата канвертавання30.03.2016
Памер0.53 Mb.
  1   2   3

powerpluswatermarkobject343614


Надрукавана: ARCHE, №10, 2014 г., с.94-125.
Ключавыя словы: перасяленне, дэпартацыя, трансфер насельніцтва, аптацыя, эвакуацыя, беларуска-польскія перасяленні, Другая сусветная і Вялікая Айчынная войны, савецка-польская граніца, Польшча, СССР, БССР.
Анатоль Вялікі
Беларусь у еўрапейскіх перасяленчых працэсах:

другая палова 30-х – канец 50-х гг. XX ст.
Вядомая польская даследчыца К. Керстэн у адным са сваіх артыкулаў адзначыла, што XX стагоддзе для мільёнаў людзей Цэнтральнай і Усходняй Еўропы стала “сталеццем перасяленцаў”1. На самай справе, адным з важнейшых вынікаў двух сусветных войнаў, што адбыліся ў XX ст., стала змяненне дзяржаўных межаў у Еўропе, якія, аднак, не заўсёды супадалі з этнічнымі. Гэта вымушала мільёны людзей добраахвотна ці прымусова перасяляцца ці быць пераселенымі з адной краіны ў другую. Другая сусветная вайна спрычынілася да таго, што тройчы ў/і з Беларусі перасялялася насельніцтва.

Ідэя перасялення насельніцтва была прапанавана ў 1916 г. швейцарцам французскага паходжання Ж. Мантадонам. На яго думку, гэта быў прамы шлях да рэалізацыі канцэпцыі этнічна аднароднай нацыянальнай дзяржавы2. На Версальскай мірнай канферэнцыі пры ўсталяванні новых граніц узнікла праблема нацыянальных меншасцей, якія заявілі аб сабе ў новых дзяржавах - Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі ды іншых. Для рашэння гэтай праблемы былі прапанаваны два варыянты: а) перасяленні і б) гарантыі сва- боднага развіцця нацыянальных меншасцей. Аднак пасля Першай сусветнай вайны толькі на Балканах рашыліся на перасяленне нацыянальных меншасцей. Прыкладам сталі падпісаная ў 1919 г. у Нейі грэчаска-балгарская, а ў 1923 г. у Лазане - грэчаска-турэцкая канвенцыі3. Разам з тым, як падкрэсліла расійская даследчыца Л. Мілякова4, ні адзін з еўрапейскіх палітыкаў не прапанаваў практыку перасялення нацыянальных меншасцей у іншых рэгіёнах Еўропы, акрамя Балкан. А балканскі вопыт разглядаўся ў той час негатыўна, улічваючы, перш за ўсё, вялікія эканамічныя затраты, якія выклікала гэтая акцыя.

Ідэю перасялення насельніцтва выкарыстала фашысцкая Германія, калі ў час акцыі «Zuruck nach Reich» каля аднаго мільёна немцаў было пераселена ў Германію з Італіі, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Заходняй Беларусі, Малдавіі, Венгрыі і іншых краін5. Пачатак Другой сусветнай вайны, з’яўляўся адначасова пачаткам першай перасяленчай акцыі, якая непасрэдна закранула Беларусь. У выніку падзелаў сфер уплыву паміж СССР і Германіяй, a таксама ўсталявання граніцы паміж гэтымі краінамі, паўстала i пытанне аб немцах, рускіх, украінцах, беларусах, паляках, якія жылі па абодва бакі граніцы. 16 лістапада 1939 г. у Маскве было падпісана савецка-германскае міжурадавае пагадненне аб эвакуацыі ўкраінскага, беларускага, рускага і русінскага насельніцтва з акупаванай тэрыторыі Польшчы, а нямецкага, польскага, украінскага насельніцтва з тэрыторыі Беларусі6. Бакі пагадзіліся пачаць эвакуацыю з дня падпісання пагаднення і скончыць яе да 1 сакавіка 1940 г. Для ажыццяўлення «эвакуацыі» была створана Змешаная камісія і прызначаны савецкія і нямецкія ўпаўнаважаныя. Месцазнаходжаннем галоўных упаўнаважаных з’яўляліся: савецкага-Луцк, нямецкага - Холм і Яраслаў. 4 снежня 1939 г. у Беластоцкую вобласць прыбыў нямецкі раённы ўпаўнаважаны з 30-ццю супрацоўнікамі, якія павінны былі ажыццяўляць эвакуацыю. У выніку перамоў, якія адбыліся паміж нямецкім і савецкім раённымі ўпаўнаважанымі, была дасягнута дамоўленасць, што нямецкі раённы ўпаўнаважаны будзе знаходзіцца у Бельску, а тэрытарыяльныя ўчасткі ў м. Супрасль Беластоцкага, в. Ізорка Ломжынскага, в. Ізабеліна Ваўкавыскага паветаў і м. Гайнаўка Бельскага павета7. Адзначым, што ў Германію перасяляліся выключна немцы, пры чым перасяленне адбывалася толькі з Брэсцкай і Беластоцкай абласцей. Астатніх немцы лічылі непажаданым «элементам» і забаранілі выезд у Германію. Так, за перыяд працы змешанай савецка-германскай камісіі з Беластоцкай вобласці ў Германію выехала (дадзеныя па стану на 5 студзеня 1940 г.): немцаў - 5335 чалавек, палякаў - 108, украінцаў - 10, рускіх-8, чэхаў-18.

1 сакавіка 1940 г. бакі планавалі скончыць эвакуацыю, але гэта зрабіць не ўдалося з-за вялікай колькасці жадаючых перасяліцца ў Германію. У далейшым гэтую акцыю спыніла Вялікая Айчынная вайна. Адзначым, што ў Нацыянальным архіве РБ знаходзіцца нязначная частка дакументальных матэрыялаў, якія не могуць даць поўнага ўяўлення аб “эвакуацыі”, што ажыццяўлялася з Беластоцкай і Брэсцкай абласцей БССР. Да цяперашняга часу дакладна невядомы колькасны, нацыянальны, прафесійны, узроставы, сацыяльны, маёмасны стан тых, хто змог пераехаць у Германію, а таксама тых, хто пераехаў у БССР i г. д. Больш істотным, на наш погляд, з’яўляецца наступнае. Беларусь не мела ніякага дачынення да савецка-германскага пагаднення аб «эвакуацыі» i не нясе адказнасці за “эвакуацыю” насельніцтва, якая ажыццяўлялася з яе тэрыторыі дзвюмя таталітарнымі дзяржавамі - Германіяй і Савецкім Саюзам. Разам з тым, ужо напачатку Другой сусветнай вайны Беларусь была ўцягнута ў перасяленчыя працэсы, якія набылі надзвычай вялікія памеры пасля яе заканчэння.

Ідэя масавых перамяшчэнняў знайшла падтрымку ў палітычных колах розных краін у час Другой сусветнай вайны. Адным з найбольш актыўных яе прыхільнікаў з’яўляўся Прэзідэнт Чэхаславакіі Э. Бенеш. У 1942 г. ён адзначаў, што «немагчыма пабудаваць моўна і нацыянальна аднародную дзяржаву без шырокага перасялення насельніцтва9. Прыхільнікамі перасяленняў насельніцтва ў пасляваеннай Еўропе з’яўляўся шэраг амерыканскіх і англійскіх грамадскіх і палітычных дзеячаў. Так, намеснік Дзяржсакратара ЗША С. Уоллес падкрэсліваў, што «праблемы меншыняў не могуць быць вызначаны праз граніцы і новыя тэрыторыі. Насельніцтва павіна быць пераселена пад міжнародным кантролем, нават тады, калі ў перасяленне будуць уцягнуты мільёны людзей»10. С. Уоллес, што вельмі важна для разглядаемай праблемы, у абмене насельніцтвам бачыў «канструктыўнае рашэнне польска-савецкіх пагранічных пытанняў». Сугучную пазіцыю займаў і міністр фінансаў ЗША Дж. Моргентаў. Ідэя перасяленняў насельніцтва знайшла адлюстраванне ў праграмных дакументах Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі. Так, у дакладзе аб пасляваенным развіцці Еўропы, падрыхтаваным Нацыянальным камітэтам гэтай партыі ў маі 1944 г. падкрэслівалася, што «арганізаваны трансфер (перамяшчэнне, перасяленне) насельніцтва ў найбліжэйшы пасляваенны перыяд павінен быць адным з элементаў лепшых міжнародных сувязей у пазнейшы перыяд»11.

Планы заходніх саюзнікаў аб неабходнасці перасялення насельніцтва з тэрыторый, якія адышлі да СССР у 1939 г., узніклі пасля тага, як Савецкі Саюз цвёрда заявіў, што Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна застануцца ў складзе СССР12.

Абмяркоўваючы ўвесь спектр «польскага пытання» - аб савецка-польскай граніцы, тэрыторыі, якая павінна была адысці да Польшчы - усе зацікаўленыя бакі (ЗША, Вялікабрытанія, СССР, Польскі Камітэт Нацыянальнага Вызвалення (ПКНВ), лонданскі эмігранцкі ўрад) усве- дамлялі, што вызначэнне дзяржаўнай граніцы непазбежна патрабуе прывяд- зення ў адпаведнасць з ёй і этнічнай граніцы паміж дзвюмя краінамі. Гэтая задача магла быць вырашана толькі адным шляхам - арганізаваным перасяленнем насельніцтва. У сувязі з абмеркаваннем праблемы перасялення насельніцтва з беларуска-польскага памежжа, неабходна звярнуць увагу на адзін прынцыповы момант. Усе зацікаўленыя бакі, аб якіх згадвалася вышэй, перш за ўсё, турбавала праблема прыналежнасці тэрыторыі, а не людзей, якія падлягалі перасяленню. Лёсы соцень тысяч людзей па абодва бакі мяжы, ix жаданні, волевыяўленне не прымаліся ў разлік. Аднак для перасяляемых людзей гэтая акцыя мела, па словах беларускага даследчыка М. Бяспамятных, «катастрофагенны» характар”13.

Ініцыятарам пытання перасялення насельніцтва, якое пражывала ў беларуска-польскім памежжы, з'явіўся англійскі бок. Літаральна за некалькі дзён да Тэгеранскай канферэнцыі міністр замежных спраў Вялікабрытаніі А. Ідэн накіраваў 22 лістапада 1943 г. у Кабінет Міністраў мемарандум, у якім абгрунтоўвалася пазіцыя Вялікабрытаніі ў пытанні аб савецка-польскай граніцы. А. Ідэн вылучыў прапанову, каб на маючай адбыцца ў Тэгеране канферэнцыі яе ўдзельнікі абмеркавалі праблему аб перасяленні насельніцтва, якое апынецца па абодва бакі савецка-польскай граніцы14. Прапанова А. Ідэна ў час Тэгеранскай канферэнцыі была падтрымана Прэзідэнтам ЗША Ф. Рузвельтам, які на апошнім пасяджэнні канферэнцыі (1 снежня 1943 г.) запытаў I. Сталіна: «Ці будзе магчымым арганізаваць у добраахвотным парадку перасяленне палякаў з тэрыторый, якія адыходзяць да СССР». I. Сталін вельмі коратка адказаў: «Гэта можна будзе зрабіць»15.

Значную дынаміку гэтаму працэсу надаў У. Чэрчыль, які на пачатку 1944 г. двойчы звяртаўся да I. Сталіна па гэтым пытанні. Так, у лісце, накіраваным I Сталіну 1 лютага 1944 г., ён паведамляў, што на перамовах з членамі ўрада С. Мікалайчыка аб усходняй граніцы Польшчы, якая праходзіць па лініі Керзана, палякі патрабавалі гарантый ад вялікіх дзяржаў, што «у раёнах, якія павінны быць уключаны ў Савецкую Расію, тым палякам, якія таго пажадаюць, будзе аказана садзеянне ў іх выяздзе на новае месца жыхарства»16. Больш канкрэтна гэтая праблема была закранута ў новым пасланні У. Чэрчыля, накіраваным I. Сталіну 27 лютага 1944 г. У ёй паведамлялася, што польскі ўрад (эмігранцкі - А.В.), у выпадку ўсталявання мяжы па лініі Керзана жадаў бы «узгадніць працэдуру абмену насельніцтвам паміж Польшчай і Савецкім Союзам і працэдуру вяртання на Радзіму грамадзян гэтых дзяржаў. Гэта адпавядала б тым запэўненням, якія Вы далі мне»17. У гэтым жа лісце У. Чэрчыль запэўніваў I. Сталіна, што Англія на міжнароднай канферэнцыі, якая павінна адбыцца пасля вайны, будзе падтрымліваць СССР, калі ён падпіша з урадам Польшчы пагадненне, якое будзе ўтрымліваць пункт аб абмене насельніцтвам.

У. Чэрчыль адстаіваў гэтую ідэю перад лонданскім эмігранцкім урадам. У канцы студзеня 1944 г. Ст. Мікалайчык паведамляў Дэлегатуры ў Польшчы, што: «Англійскі ўрад выступае за моцную, незалежную, нацыянальна аб’яднаную Польшчу ў граніцах, якія прыкладна супадаюць з лініяй Керзана. У гэтым выпадку адбылося б перасяленне ўсіх палякаў з усходніх раёнаў краіны і вяртанне палякаў, якія былі вывезены ў Расію з Польшчы, а таксама высяленне (usunięcie) з Польшчы украінцаў і беларусаў»18 . Аднак польскі ўрад у эміграцыі і падначаленыя яму структуры, асабліва АК, адмовіліся прыняць прапанову Вялікабрытаніі аб змяненні граніцы на ўсходзе і «кампенсацыі», калі б гэта адбылося, у выглядзе перасялення насельніцтва.

Адзначым, што ідэя перасялення беларусаў на ўсход ад лініі Керзана разглядалася рознымі палітычнымі сіламі Польшчы як адзін з варыянтаў ра- шэння беларускай праблемы. Так, Стронніцтва Народовэ (SN), а таксама Стронніцтва Працы (SP) прадугледжвалі, што ў выніку перамогі Савецкага Саюза над Германіяй частку беларускага насельніцтва неабходна будзе перасяліць з тэрыторыі Польшчы ў СССР19. Напачатку 1942 г. урад Ул. Сікорскага абмяркоўваў пытанне аб магчымасці перасялення нацыянальных меншасцей з краіны пасля вайны20. На завяршальным этапе Другой сусветнай вайны Дэлегатура ў Польшчы і камандаванне Арміі Краёвай схіляліся да прыняцця менавіта такога варыянта. Так, у аналітычнай запісцы адцзела знешніх зносін Дэлегатуры ў Польшчы, у якой разглядалася прабле- ма нацыянальных меншасцей у Польшчы (у давераснёўскіх граніцах), аднос- на беларусаў падкрэслівалася, што: «верагодна, і з беларусамі [...] не ўдасца дасягнуць узгодненага існавання пад адным дахам. Гэта значыць, неабходна лічыцца з тым, што з часам беларуска-польскія адносіны пагоршыліся б. Гэты погляд, як і неабходнасць набыцця свабоднай зямлі для сялян-палякаў, гаворыць за тое, каб беларускае насельніцтва перасяліць далей на ўсход - на тэрыторыю савецкай Беларусі21.

Ідэя перасялення нацыянальных меншасцей з Польшчы падтрымлівалася таксама значнай часткай польскага грамадства, якое лічыла, што паколькі Польшча вымушана была «аддаць» усходнія тэрыторыі Савецкаму Саюзу, а палякі павінны былі выехаць з іх, то аналагічна ўкраінцы, беларусы, рускія павінны былі выехаць з Польшчы22.

Пазіцыю У. Чэрчыля падзяляў і падтрымліваў Прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт. Напярэдадні канферэнцыі ў Маскве (кастрычнік 1944 г.), у якой удзельнічалі I. Сталін, У. Чэрчыль, С. Мікалайчык і прадстаўнікі ПКНВ, ён у лісце, накіраваным С. Мікалайчыку, завяраў, што «калі ў сувязі з новымі граніцамі Польскай дзяржавы польскі ўрад і польскі народ жадалі б правесці перасяленне нацыянальных меншасцей з Польшчы ці ў Польшчу, то ўрад Злучаных Штатаў нічога не меў бы супраць і па магчымасці аказваў бы caдзейнічанне гэтаму перасяленню»23.

Часовы ўрад нацыянальнага адзінства Польшчы ўлічваючы, што і Англія і ЗША падтрымліваюць яго намаганні ў справе перасялення палякаў з СССР у Польшчу, усё больш настойліва падкрэсліваў неабходнасць вяртання палякаў на радзіму. Так, Прэм'ер-міністр Часовага урада Польскай Рэспублікі Э. Асубка-Мараўскі, выступаючы 2 студзеня 1945 г. на сесіі Краёвай Рады Нарадовай (КРН) заявіў, што ўсталяванне непасрэдных дыпламатычных адносін з Украінай, Беларуссю і Літвой аблегчыць нам узаемнае правядзенне добраахвотнага абмену насельніцтвам, якое назаўсёды радыкальна вырашыць нашыя складаныя нацыянальныя адносіны»24.

У Патсдаме важным з’яўлялася пытанне аб перасяленні насельніцтва ў рамках рашэння «польскага пытання». Кіраўнікі ЗША, Вялікабрытаніі, СССР падкрэслілі, што «тры ўрады заклапочаны тым, каб дапамагчы Польскаму часоваму ўраду нацыянальнага адзінства ў справе лягчэйшага вяртання ў Польшчу ўсіх палякаў, якія знаходзяцца за граніцай і жадаюць вярнуцца ў Польшчу»25. Адзначым, што на Патсдамскай канферэнцыі не быў вызначаны механізм яго рэалізацыі, як напрыклад, адносна высялення номцаў з Польшчы. Так, паводпе арт. XII Патсдамскіх рашэнняў немцы павінны былі быць “выселены з Польшчы»26. Адносна перасялення палякаў кіраўнікі краін «вялікай тройкі» далі польскаму кіраўніцтву толькі вусныя гарантыі падтрымкі іх намаганняў у вяртанні палякаў на радзіму.

Адным з важнейшых вынікаў Другой сусветнай вайны сталі вымушаныя міграцыі насельніцтва, якія мелі і ў сучасны момант маюць розныя вызначэнні: перасяленні, высяленні, абмен насельніцтвам, аптацыі, дэпартацыі, этнічныя чысткі. Аб масавым перамяшчэнні насельніцтва сведчыць той факт, што у іх было ўцягнута звыш 25 млн. чалавек27. Так, у 1944-1947 гг. адбылося планавае высяленне, якое у асобных выпадках прыняло формы дэпатрацыі каля 3,3 млн. немцаў з перададзеных Польшчы тэрыторый Германіі; высяленне ў 1945-1948 гг. каля 2,9 млн немцаў з чэшскіх прыгранічных тэрыторый у Германію і Аўстрыю; высяленне каля 1 млн немцаў з Венгрыі, Румыніі, Славакіі і Югаславіі ў Германію; перасяленне ў 1944-1946 гг. каля 2,2 млн палякаў з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ў Польшчу; высяленне ў 1945-1947 гг. каля 500 тыс. украінцаў, якія пражывалі заходней лініі Керзана на тэрыторыю СССР і на польскія заходнія землі; перасяленне ў 1944-1948 гг. звыш 170 тыс. венграў з Славакіі, Югаславіі і Закарпацкай Украіны ў Венгрыю і г. д.28. Як вынікае, другая хваля перасялення насельніцтва з Беларусі, якая адбывалася ў 1944-1946 гг., мела агульнаеўрапейскі характар і з’яўлялася яго неад’емнай часткай.

Даследуемая праблема патрабуе ўдакладнення тэрмінаў, якія выкарыс- тоўваюцца прадстаўнікамі розных гістарыяграфій. Сучасная айчынная і замежная гістарыяграфія - польская, украінская, расійская, аамерыканская, нямецкая адносна масавых працэсаў перамяшчэння насельніцтва ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны ўвогуле, і, у прыватнасці з/і ў Беларусь, ужывае розныя тэрміны: «рэпатрыяцыя», «эвакуацыя», «абмен насельніцтвам», «перасяленне», «дэпартацыя», «этнічная чыстка», «высяленне», «трансфер» (transfer of population), «аптацыя»29. Такі шырокі тэрміналагічны «разбег» у вызначэнні абумоўліваецца аб’ектыўнымі прычынамі - недастатковасцю распрацаванасці тэмы, і, у значнай ступені, суб’ектыўнымі - залежнасцю даследчыка ад пануючых у дзяржаве поглядаў і грамадскай думкі на гэты працэс у цэлым і на яго асобныя элементы. Аднак навейшыя публікацыі замежных і айчынных гісторыкаў вымушаюць яшчэ раз вярнуцца да гэтай праблемы з-за яе прынцыповасці і важнасці не толькі для айчыннай гістарычнай навукі, але і для беларускай грамадска-палітычнай думкі. У сучасны момант некаторыя нямецкія і амерыканскія гісторыкі, якія даследуюць гісторыю Беларусі, актыўна выкарыстоўваюць і абгрунтоўваюць тэзіс аб тым, што перасяленне насельніцтва, якое адбывалася паміж БССР і Польскай Рэпублікай у 1944-1946 гг. XX ст., - гэта «дэпартацыі» і «этнічныя чысткі» тэрыторыі заходнебеларускага рэгіёну ад «польскага элемента». Так, вядомы нямецкі гісторык Б. К’яры, адносна перасялення палякаў з БССР у Польшчу адзначае, што «з гэтага пачаўся працэс этнічных чыстак у Беларусі, у выніку якіх каля 274 тыс. асобаў былі пераселены ў Польшчу»30. Знакаміты амерыканскі даследчык Т. Снайдэр у сваіх працах31 падкрэслівае, што «на тэрыторыях, што да вайны належылі Польшчы, нацыянальныя пытанні вырашаліся пры дапамозе этнічных чыстак».

Разам з тым, вядомы амерыканскі даследчык Дж. Шэхтман, спецыяліст у галіне масавых перамяшчэнняў насельніцтва ў пасляваеннай Еўропе ў сваіх двух працах32, якія не страцілі каштоўнасці да цяперашняга часу, аналізуючы працэс абмену насельніцтвам паміж БССР і Польшчай у 1944-1946 гг. нават не падымае гэту праблему. Сучасны амерыканскі даследчык Н. Неймарк, у фундаментальнай працы33 падрабязна разглядаючы праявы этнічных чыстак у Еўропе ў XX ст., не ўзгадвае Беларусь сярод тых краін, нацыянальныя меншасці якіх падвергліся «этнічным чысткам» ці «дэпартацыям» у час масавых пасляваенных перамяшчэнняў насельніцтва ў Еўропе. Амерыканскія даследчыкі Э. Брыгсс і П. Клэвін у працы, прысвечанай гісторыі Еўропы найноўшага часу звяртаюць увагу, што найбольшы размах перамяшчэнні насельніцтва закранулі Польшчу, што ў значнай ступені абумоўлівалася рашучасцю польскіх улад дасягнуць нацыянальнага адзінства пасляваеннага польскага грамадства. Аднак перамяшчэнне насельніцтва з СССР (не вы- дзяляюць асобна перасяленне насельніцтва паміж БССР і Польшчай), яны не разглядаюць як этнічныя чысткі ці дэпартацыі34. Расійскі даследчык П. Палян таксама не разглядае абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай як «этнічную чыстку» ці «дэпартацыю». На яго думку, тэта была «аптацыя» насельніцтва, звязаная з адыходам часткі тэрыторыі Польшчы да Савецкага Саюза35. Гэтую выснову падтрымлівае і айчынны гісторык П.Брыгадзін36. Разам з тым, прыкладам дэпартацый стала высяленне немцаў з ІІольшчы37 пасля Другой сусветнай вайны, а таксама правядзенне польскімі ўладамі аперацыі «Вісла»38 (1947 г.) па высяленню ўкраінцаў з іх этнічных тэрыторый.

Свядомае выкарыстанне гісторыкамі тэрмінаў, якія нясуць негатыўнае грамадска-палітычнае гучанне (дэпартацыя, этнічная чыстка), мае на мэце фарміраванне думкі аб злачыннасці і неправамернасці перасяленчых акцый, а таксама аб юрыдычнай, маральнай, фінансавай адказнасці за іх правядзенне і тых крыўд, якія былі нанесены перасяленцам у выніку іх ажыццяўлення. Аднак гэты падыход не мае навукова абгрунтаваных доказаў, а базуецца больш на эмоцыях. Так, навуковая аб’ектыўнасць не дазваляе, напрыклад, характарызаваць абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай як «этнічную чыстку» ці «дэпартацыю» палякаў. Прынцып добраахвотнасці перасялення дамінаваў на ўсім яго працягу. Адмовы дзесяткаў тысяч зарэгістраваных палякаў ад перасялення, потым паўторная іх рэгістрацыя, адмаўленне ад рэгістрацыі і выезду і непрыняцце рэпрэсіўных мер у дачыненні да тых, хто гэта зрабіў, магчымасць перавозу маёмасці і грошай, права выбару месцажыхарства ў Польшчы і многае іншае не даюць асновы сцвярджаць, што перасяленне - гэта этнічная «чыстка» ці «дэпартацыя» польскага насельніцтва.

На наш погляд, найбольш адэкватным пры характарыстыцы працэсу, што адбываўся паміж БССР i Польшчай у 1944-1946 гг. з'яўляецца тэрмін, які шырока ўжываўся ў міжнароднай практыцы дыпламатамі, палітолагамі, сацыёлагамі, юрыстамі, гісторыкамі - трансфер (transfer of population), гэта значыць узаемны абмен насельніцтвам ці перасяленне, якое адбывалася на аснове двух ці шматбаковых міждзяржаўных пагадненняў. Суб’ектамі пагаднення маглі выступаць краіны, паміж якімі адбываўся абмен, а таксама краіны, якія выступалі яго ініцыятарамі і гарантамі. Узаемны абмен на- сельніцтвам, і ў гэтым існуе супадзенне поглядаў сярод замежных даследчыкаў, уключае такія важнейшыя элементы, як: а) вызначэнне групы людзей, якія падлягаюць арганізаванаму перасяленню з краіны іх пражывання ў іншую краіну на аснове міжнароднага права і міждзяржаўных пагадненняў з мэтай стварэння гамагенна аднародных дзяржаў; б) фінансава-эканамічныя ўзаемаразлікі дзяржавы з перасяленцамі за нерухомую і рухомую маёмасць, якую яны пакідалі на папярэднім месцы пражывання. Абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай поўнасцю адпавядаў гэтым патрабаванням. Ён ажыццяўляўся на аснове двухбаковага беларуска-польскага пагаднення ад 9 верасня 1944 г. і дадатковага пратакола да яго ад 25 лістапада 1945 г. пры гарантыях падтрымкі яго ажыццяўлення з боку СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, якія былі дадзены польскаму ўраду на Патсдамскай канферэнцыі. Пасля правядзення абмену насельніцтвам з боку БССР і Польшчы былі праведзены ўзаемаразлікі абедзвюх краін з насельніцтвам за маёмасць, якую яны пакінулі на папярэднім месцы пражывання.

Такім чынам, аналіз тэрмінаў, якія ўжываюцца пры характарыстыцы перасяленчых працэсаў, адбываўшыхся паміж БССР і Польшчай дае нам магчымасць сцвярджаць, што ў 1944-1946 гг. адбываўся ўзаемны абмен насельніцтвам ці перасяленне польскага насельніцтва з БССР у Польшчу, а беларускага з Польшчы ў БССР.

Характэрнай асаблівасцю гэтага перасялення з’яўляецца той факт, што Беларусь выступала на міжнароднай арэне ў якасці суб’екта міжнародных адносін. Унясенне змен у Канстытуцыю БССР (1944 г.), якія прадаставілі ёй права ажыццяўленне самастойнай знешнепалітычнай дзейнасці, стварэнне Наркамата замежных спраў (НКЗС) у гэтым жа годзе, дазволілі ёй падпісаць 9 верасня 1944 г. Пагадненне, а 25 лістапада 1945 г. дадатковы Пратакол да яго, якія з’яўляліся да 1989 г. адзінымі міжнародна-прававымі актамі, што падпісала БССР з замежнай дзяржавай - Польшчай39. Польскія гісторыкі крытычна ставяцца да “самастойнасці” люблінскага ўрада, створанага выключна па ініцыятыве І.Сталіна, адмаўляюць яму ў міжнароднай правасуб’ектнасці інакш як марыянетачным яго не называюць. Аднак, дэ-факта менавіта “люблінцы” і ўрад БССР не толькі падпісалі двухбаковя пагадненні, але і ажыццявілі абмен насельніцтвам, што было прызнана міжнароднай супольнасцю, а таксама прызнаецца айчыннымі і замежнымі гісторыкамі. Такім чынам, перасяленчая акцыя 1944-1946 гг. ажыццяўлялася на аснове двухбаковага беларуска-польскага Пагаднення і дадатковага Пратакола да яго. Яна выконвалася на аснове рашэнняў міжнародных канферэнцый перыяду Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, гарантамі якіх выступалі перш за ўсё СССР, ЗША і Вялікабрытанія.

Аналіз крыніц і літаратуры дае магчымасць сцвярджаць, што ўдзел кіраўніцтва БССР у выпрацоўцы ўмоў беларуска-польскага пагаднення быў мінімальны. Так, Старшыня СНК БССР і адначасова першы сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка, які падпісаў ад імя БССР гэтае пагадненне, быў запрошаны 8 верасня 1944 г., (г. зн. усяго за адзін дзень да яго падпісання) у Люблін з тым, каб азнаёміцца і ўдакладніць некаторыя яго пункты40.

Пагадненне прадугледжвала неабходнасць «эвакуацыі» усіх грамадзян беларускай, украінскай, рускай і русінскай нацыянальнацей, пражываючых у Беластоцкім, Аўгустоўскім, Сакольскім, Шчучынскім, Ломжынскім, Высока-Мазавецкім, Бельскім, Бяла-Падляскім паветах і іншых паветах Польшчы [...] і ўсіх палякаў і яўрэяў, якія знаходзіліся ў польскім грамадзянстве да 17 верасня 1939 г. і пражывалі ў заходніх абласцях Беларусі і жадалі перасяліцца на тэрыторыю Польшчы»41. Як вынікае, перасяленне адбывалася на аснове прынцыпа нацыянальнай прыналежнасці і грамадзянства. Яно мела 3 раздзелы, якія ўключалі 22 артыкулы, якія вызначалі нацыянальнасць, пачатак і заканчэнне перасялення, ільготы, якія атрымлівалі перасяленцы, колькасць рухомай маёмасці, што дазвалялася браць з сабой, а таксама маёмасць, што забаранялася да вывазу, транспартныя расходы, памеры кампенсацыі за пакінутую рухомую і нерухомую маёмасць, работнікаў, якія займаліся перасяленнем, іх службовыя абавязкі, правы і г. д.

У пагадненне неаднаразова ўносіліся дапаўненні і змяненні. Так, пагад- ненне прадугледжвала, што перасяленне павінна было пачацца 15 кастрычніка 1944 г. і скончыцца 1 лютага 1945 г. Потым гэты тэрмін па абаюднай згодзе прадоўжылі да 1 мая 1945 г. Аднак гэта былі нерэальныя тэрміны. За такі кароткі час немагчыма было стварыць апараты ўпаўнаважа- ных, падрыхтаваць неабходную дакументацыю, растлумачыць людзям мэты і задачы перасяленчай акцыі, забяспечыць перасяленцаў транспартам і г. д. На польска-беларускіх перамовах уВаршаве (24 лістапада 1945 г.) было прынята рашэнне аб прадоўжанні тэрміна перасялення да 15 чэрвеня 1946 г.42

Працэс перасялення адразу ж трапіў пад пільны кантроль НКДБ і НКУС БССР. Аналіз асабовага складу прадстаўнікоў СНК БССР па перасяленні паказвае, што абсалютная большасць з іх з’яўлялася супрацоўнікамі органаў НКУС і НКДБ. Так, напрыклад, намеснікам Галоўнага прадстаўніка СНК БССР па перасяленні У. Царука з’яўляўся П. Алышаў, які раней працаваў старшым аператыўным упаўнаважаным 3 ад- дзялення 1 аддзела 2 упраўлення НКДБ БССР, а памочнікам М. Елісееў - намеснік начальніка аддзела НКУС БССР43. Памочнікамі Я. Захарава, кіраўніка Навагрудскага райпрадстаўніцтва, з’яўляліся I. Нявераў - аператыўны ўпаўнаважаны крымінальнага вышуку ўпраўлення НКУС рэспублікі і Р. Эверт - аператыўны ўпаўнаважаны Мірскага РА НКДБ.. Кантроль спецслужбаў за перасяленчым працэсам з’яўляўся абгрунтаваным крокам улад. Па-першае, кіраўніцтва рэспублікі не магло пакінуць без кантролю працэс перамяшчэння соцень тысяч людзей праз дзяржаўную мяжу ва ўмовах вайны. Па-другое, на сілавыя органы была ўскладзена задача не толькі забеспячэння аховы насельніцтва, якое перасялялася ў абодвух накірунках, але і «ўзяцце на аператыўны ўлік тых, хто перасяліўся з Польшчы ў БССР, а таксама стварэння з іх ліку неабходнай колькасці агентуры з мэтай паўсадзённага назірання за імі» (перасяленцамі. - А.В.)44. Па-трэцяе, складанасцю грамадска-палітычнай сітуацыі ў заходнім рэгіёне Беларусі на заключным этапе Вялікай Айчыннай вайны і ў першыя пасляваенныя гады. Галоўным чынам гэта было звязана з дзейнасцю польскага падполля, а таксама панаваннем у значнай часткі насельніцтва антысавецкіх на строяў. Так, па афіцыйных дадзеных, у Заходняй Беларусі 70 % вёсак з перавагай польскага насельніцтва негатыўна ставіліся да савецкай улады і знаходзіліся пад уплывам польскіх падпольных структур - Арміі Краёвай (АК)45. Па-чатвертае, кантроль спецслужбаў за перасяленчым працэсам абумоўліваўся таксама неабходнасцю каардынацыі дзейнасці па недапушчэнні легальнага выезду ў Польшчу ўдзельнікаў AK. Так, начальнік пагранічных войскаў НКУС Беларускай ваеннай акругі генерал-маёр К. Антонаў паведамляў у ЦК КП(б)Б (снежань 1945 г.), што: «кіраўніцтвам АК шырока выкарыстоўваюцца легальныя магчымасці выезду ў Польшчу. Апошнія вельмі часта выязджаюць па фіктыўных документах, якія атрымоўваюць у савецкіх і польскіх органах па эвакуацыі і рэпатрыяцыі. [... Жадаючы вывесці з-пад аператыўнага ўдара расканспірапіраваныя банды і кіраўнікоў АК, камандаванне АК у сваіх майстэрнях вырабляе фальшывыя эвакадакументы, па якіх яны легальна выязджаюць у Польшчу, дзе ўладкоўваюцца на жыхарства. Так, на КПП Ласосна ў жніўні-верасні гэтага года было затрымана 28 чалавек з дакументамі, якія зроблены ў майстэрні Віленскага абводу АК»46.

Пачатак перасялення вызначыў сукупнасць фактараў, якія вымушалі палякаў ад’язджаць з Беларусі. Найбольш значнымі з’яўляліся сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя, этнічныя, канфесійныя, міжнародныя, роднасныя і іншыя. Усе яны дзейнічалі адначасова як паасобку, так і сукупна. Для аднаасобнага сялянства непрымальнай стала палітыка савецкай улады ў галіне сельскай гаспадаркі, скіраваная на правядзенне калектывізацыі, высокія стаўкі падаткаў, штогадовыя дзяржаўныя пазыкі, абавязковае выкананне дзяржаўных планаў паставак дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцы і г. д. Пераехаць у Польшчу пажадала значная частка інтэлігенцыі, у прыватнасці настаўнікі, якіх не задавальняла палітыка савецкай улады ў галіне адукацыі. Так, у выніку рэарганізацыі польскіх школ у рускія і беларускія іх колькасць ca 114 у 1944 г. скарацілася да 22 у 1947 г.47 [153, арк. 42], а да 1949 г. навучальнага года ў заходнебеларускім рэгіёне не засталося ні адной польскамоўнай школы48.

Важнай прычынай, якая вымушала палякаў перасяляцца, з’яўлялася рэпрэсіўная палітыка савецкай улады ў дачыненні да іх. Так, у Брэсцкай і Пінскай абласцях ў снежні 1945 г. органы НКУС і НКДБ правялі «аперацыю па выяўленні і арышту варожага польскага элемента», пасля якой прадстаўнікі СНК БССР па перасяленні адзначалі, што «настроі насельніцтва (польскага. - А.В.) рэзка змяніліся ў бок выезду»49.

Важны уплыў на прыняцце рашэння аб перасяленні аказваў канфесійны фактар. Кіраўнік Ваўкавыскага райпрадстаўніцтва паведамляў У. Царуку, што «той факт, што па Ваўкавыскім райпрадстаўніцтве зарэгістраваліся на выезд усе ксяндзы (8 чалавек і тры арганісты) адыграла істотнае значэнне ў патоку падачы заяў грамадзянамі на выезд у Польшчу»50 [256, арк. 262].

Важным фактарам, уплываўшым на перасяленчы працэс, з’яўляўся фак тар польскага падполля, якое адразу ж негатыўна ўспрыняло падпісанае беларуска-польскае пагадненне аб перасяленні насельніцтва і пачало актыўна супрацьдзейнічаць яго ажыццяўленню. Формы, метады, тактыка, якія выкарыстоўваліся падполлем, былі разнастайнымі і залежалі ад указанняў і дырэктыў польскага эмігранцкага ўрада. Уплыў польскага падполля на перасяленне дазваляе вылучыць два перыяды, якія кардынальна адрозніваліся адзін ад аднаго. Першы перыяд пачаўся з моманту абвяшчэння ўмоў пагаднення і пачатку рэгістрацыі насельніцтва (кастрычнік-снежань 1944 г.) і працягваўся да Крымскай канферэнцыі (люты 1945 г.), на якой была вызначана савецка-польская граніца. Ён характарызуецца тым, што польскі эмігранцкі ўрад не пакідалі надзеі на вяртанне ўсходняй граніцы, якая існавала напярэдадні 17 верасня 1939 г. Падполле, выконваючы яго загад скіроўвае дзейнасць на забарону палякам рэгістравацца і выязджаць у Польшчу. Кіраўніцтва рэспублікі ў лістападзе 1944 г. паведамляла ў ЦК ВКП(б), што «маюцца факты, якія сведчаць аб тым, што агенты лонданскага эмігранцкага ўрада вядуць працу супраць перасялення, і ў часткі палякаў існуе нежаданне перасяляцца»51. У Гродна «абвесткі вывешываліся 7 дзён запар, і да раніцы кожнага дня ніводнай абвесткі не заставалася. 3 боку польскіх бандытаў былі пагрозы аб тым, што хто зарэгіструецца, будзе знішчаны»52. Гэта прыводзіла да таго, што ў Гродзенскай вобласці «у раёнах абсалютна ніхто не рэгістраваўся, ім (палякам. - А.В.) было сказана, што тут будзе Польшча, і граніца будзе праходзіць па Дняпру»53. Пасля Крымскай канферэнцыі, зразумеўшы, што граніцы канчаткова вызначаны і пераглядацца не будуць, тактыка падполля кардынальна мяняецца. Другі этап (люты 1945 г. -чэрвень 1946 г.) характарызуецца тым, што падполле прыкладае намаганні, каб усё польскае насельніцтва зарэгістравалася i выязджала ў Польшчу. Гродзенскае райпрадстаўніцтва паведамляла У. Царуку, што «пасля Крымскай канферэнцыі, дзе было заяўлена, што граніца Польшчы на ўсходзе будзе праходзіць па лініі Керзана [...] польскія белабандыты ўзяліся за новую агітацыю. Польскае насельніцтва пад пагрозай зброі вымушалі рэгістравацца і пераязджаць у Польшчу. Такія факты асабліва назіраліся ў Воранаўскім раёне, дзе зарэгістравалася на выезд амаль 100 % усяго насельніцтва раёна»54.

Сукупнасць усіх гэтых фактараў прывяла да таго, што з кастрычніка 1944 па 1 мая 1945 г. з заходніх абласцей Беларусі на выезд у Польшчу зарэгістравалася 11 947 гаспадарак, якія налічвалі 379 117 чалавек55. Лічбы, якія характарызавалі сацыяльны стан зарэгістраваных, сведчаць, што іх абсалютную большаць склала аднаасобнае сялянства. Гэта было зака- намернай з'явай, бо большасць насельніцтва заходніх абласцей пражывала ў сельскай мясцовасці. Пэўнай нечаканасцю можа быць той факт, што другі paдок за сялянствам занялі рабочыя, трэцюю - саматужнікі56.

Вялікая колькасць жадаючых перасяліцца ў Польшчу вымусіла кіраўніцтва рэспублікі перагледзець сваю пазіцыю ў перасяленчым працэсе. Пазіцыя КП(б)Б ад нейтральнага стаўлення восенню-зімой 1944-1945 гг. з сярэдзіны 1945 г. эвалюцыянуе ў бок жорсткага кантролю і запаволення перасяленчага працэсу. Зразумеўшы, што масавы ад’езд з заходняга рэгіёну працаздольнага насельніцтва, вываз значнай колькасці маёмасці адмоўна ўплывае на яго сацыяльна-эканамічнае становішча, партыйна-савецкае кіраўніцтва Беларусі прымае захады па абмежаванні выезду палякаў з рэспублік. Гэты крок з’яўляўся па-свойму лагічным і абгрунтаваным. Акрамя страты працаздольнага насельніцтва рэспубліка, якая знаходзілася ў надзвычай складанай эканамічнай сітуацыі, несла істотныя матэрыяльныя, фінансавыя, эканамічныя страты. Так, напрыклад, перасяленцы вывезлі ў Польшчу (па стану на 15 чэрвеня 1946 г.) 24 441 каня, 5112 кароў, 47 746 авечак і коз, 47 449 свіней, значную колькасць сельскагаспадарчага інвентару57. Для пасляваеннай Беларусі вываз такой колькасці жывёлы быў вельмі адчувальны. Дастаткова нагадаць, што напачатку 1945 г. 42% калгасаў мелі ад 2 да 10 коней на гаспадарку. Ba ўсходнія вобласці БССР у 1943 г. было завезена 13 тыс. коней, 30 тыс. галоў буйнай рагатай жывёлы, 130 авечак, 50 тыс. коней. У 1945 г. у рэспубліку было пастаўлена 70 тыс. коней, 109 тыс. кароў58, а ў гэты ж час з рэспублікі вывозілася вялізная колькасць жывёлы, якой i так не хапала, асабліва ва ўсходніх абласцях.

Па рашэнні ЦК КП(б)Б у заходніх абласцях былі створаны змешаныя камісіі (ЗК), галоўнымі мэтамі якіх з’яўлялася праверка заяў грамадзян на выезд у Польшчу і недапушчэнне перасялення беларусаў-католікаў, якія пад выглядам палякаў намагаліся перасяліцца ў Польшчу. Змешаныя камісіі, выконваючы гэтае рашэнне, пачалі выкрэсліваць беларусаў-католікаў і тых грамадзян, якія зарэгістраваліся не па вызначаных беларускім бокам дакументах. Так, у выніку працы ЗК па Глыбоцкім райпрадстаўніцве з 17 583 зарэгістраваных сямей 10 932 прызналі беларускімі, што склала 65 % ад усёй колькасці зарэгістраваных. Толькі 6651 сям’я была прызнана польскай, а значыць, мела права на перасяленне59. Грамадзян, якія не з’яўляліся на пасяджэнне ЗК для разгляду іх пытання аб нацыянальнасці, аўтаматычна прызнавалі беларусамі.

Такі падыход прывёў да таго, што пры пераглядзе рэгістрацыйных спісаў толькі летам 1945 г. было пераправерана звыш 30 тыс. заяў, з якіх ЗК палякамі палічылі толькі каля 15%, астатнія разглядаліся як беларусы-католікі, «трапіўшыя пад ўплыў нацыяналістычных элементаў», і таму не мелі права на перасяленне60.

У сувязі з гэтым, адзначым наступнае. Некаторыя айчынныя гісторыкі ў цяперашні час прытрымліваюцца пункту гледжання, што ў 1944-1946 гг. у Польшчу выехалі не палякі, а беларусы-католікі ці касцельныя палякі. Так, 3. Шыбека сцвярджае, што ў Польшчу выехала 232,2 тыс. чалавек, большасць якіх склалі беларусы61. 3 ім салідарны А. Сідарэвіч, які адзначае, што ў Польшчу выехалі: «гэтак званыя касцёльныя палякі - этнічныя беларусы каталіцкага веравызнання»62. У сувязі з гэтым адзначым наступнае. Паняцце «беларус-католік», «касцёльны-паляк» гэта не юрыдычна-прававыя паняцці. Міжнародная практыка перасяленчых акцый, якія адбываліся ў XX ст., за вы ключэннем перасялення немцаў, ажыццяўляемых нацыстскай Германіяй у рамках акцыі «Zuruk nach Reich», адбываліся на аснове двух фундаментальных прынцыпаў - грамадзянскай i нацыянальнай прыналежнасці. Безумоўна, канфесійны фактар улічваўся, але з’яўляўся другарадным. Кіраўніцтва СССР-БССР усведамляла, што значная частка людзей у заходніх абласцях БССР з’яўляецца па веравызнанні каталікамі. Аднак на міжнародных канферэнцыях перыяду Другой сусветнай вайны, асабліва на Крымскай i Патсдамскай, дзе, у прыватнасці, абмяркоўвалася пытанне аб перасяленні палякаў з тэрыторый, якія адыйшлі да СССР, гаворка ішла аб перасяленні польскага насельніцтва, якое мела да 17 верасня 1939 г. грамадзянства Другой Рэчы Паспалітай. Hi аб якіх католіках, касцельных-паляках, апалячаных беларусах i г. д., нават i не ўзгадвалася. Гэта значыла, што ўзаемнае перасяленне адбывалася на аснове прынцыпу грамадзянскай i нацыянальнай прыналежнасці. Гэты прынцып стаў асновай арт. 1 беларуска-польскага пагаднення ад 9 верасня 1944 г., у якім бакі зафіксавалі неабходнасць «эвакуацыі ўсіх палякаў і яўрэяў, якія састаялі ў польскім грамадзянстве да 17 верасня 1939 г. і пражывалі ў заходніх абласцях БССР». Менавіта прынцып грамадзянскай і нацыянальнай прыналежнасці, як найбольш адпавядаючы міжнароднай практыцы, стаў асновай i для ўзаемнага перасялення насельніцтва паміж БССР і Польшчай.

Выніковыя дадзеныя сведчаць, што агульныя тэндэнцыі, якія склаліся з пачаткам перасялення захаваліся да яго заканчэння 15 чэрвеня 1946 г. Усяго зарэгістравалася на выезд у Польшчу 156 497 сямей, якія налічвалі 535 284 чалавекі. Аднак паміж зарэгістраванымі і тымі, хто змог выехаць у Польшчу, існавала значная дыспрапорцыя. 10 486 сямей (ці 7,29 %), агульнай колькасцю 39 044 чалавек палічылі беларусамі-католікамі і выключылі i рэгістрацыйных спісаў, бо яны не мелі права на перасяленне. Па розных прычынах адмовіліся ад перасялення 73 500 сямей (49,52 %), якія налічвалі 265 088 чалавек. Толькі 72 511 сямей (45,05 %), агульнай колькасцю 241 152 чалавек пераехалі ў Польшчу63.

Прынцыповых змяненняў не адбылося сярод сацыяльнага, прафесійнага, узроставага складу перасяленцаў. Як і раней, абсалютную большасць за рэгістраваных і пераселеных склалі селяне - 55 554, другую - рабочыя -12 678, трэцюю - саматужнікі - 8791. Далей па ўбываючай: служачыя - 6561, чыгуначнікі - 2380, настаўнікі - 2233, інжынерна-тэхнічныя работнікі - 732, урачы -484, святары - 313, іншыя - 58 492. Не адбылося змяненняў і на полу. Большасць перасяленцаў склалі жанчыны, якіх налічвалася 87 915, мужчын адпаведна - 60 303. Значную частку ад’ехаўшых склалі дзеці да 16-ці гадовага ўзросту - 90 56464.

Колькасныя паказчыкі сведчаць, што перасяленне насельніцтва, якое ажыццяўлялася у 1944-1946 гг., у гісторыі Беларусі савецкага перыяду з’явілася адной з самых масавых страт насельніцтва. Звыш 240 тыс чалавек добраахвотна, без прымусу прынялі рашэнне аб змяненні грамадзянства і пераездзе на месца жыхарства ў Польшчу. Людскія страты, панесення рэпублікай падчас перасялення, ні колькасна, ні якасна не магло кампенсаваць перасяленне белорусаў з Беласточчыны. Колькасць выехаўшых у Польшчу ў 1944-1946 гг. неабходна лічыць беззваротнымі стратамі насельніцтва, якія панесла Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Украінскія гісторыкі яшчэ у 90-х гг. XX ст. прыйшлі да высновы, што ўзаемнае перасяленне насельніцтва паміж УССР і Польшчай неабходна разглядаць як страты насельніцтва Украіны ў час Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайнаў65.

Беларуска-польскае пагадненне ад 9 верасня 1944 г. прадугледжвала магчымасць перасялення грамадзян беларускай, украінскай, рускай і русінскай нацыянальнасцей, пражываючых у Беластоцкім, Аўгустоўскім, Са- кольскім, Шчучынскім, Ломжынскім, Высока-Мазавецкім, Бельскім, Бяла-Падляскім паветах і іншых раёнах Польшчы, якія пажадаюць перасяліцца ў Беларусь. Аднак, распачаўшы працу па ўліку і рэгістрацыі беларускага насельніцтва на Беласточчыне ўпаўнаважаныя СНК БССР па перасяленню сутыкнуліся з нежаданнем абсалютнай большасці беларусаў пераязджаць у Польшчу.

Так, упаўнаважаны па Сямяціцкім райпрадстаўніцтве А. Лакціёнаў у запісцы, накіраванай Галоўнаму упаўнаважанаму I. Кругліку адзначаў, што, «калі праводзілі ўлік беларускага насельніцтва, справа даходзіла да вялікіх кур’ёзаў і смехатворнага становішча: некаторыя адмаўляліся называць сваё прозвішча, некаторыя бязбожна хлусілі, некаторыя аб’яўлялі сябе палякамі, а некаторыя проста збягалі з дому па некалькі разоў, калі да іх накіроўваліся прадстаўнікі па рэгістрацыі. Таму журнал формы № 15 (журнал, у які ўносілі анкетный дадзеныя. - А.В) - дакумент вялікай гістарычнай важнасці, але лічыць яго пунктуальна-дакладным не даводзіцца»66.

Тым не менш, упаўнаважанымі СНК БССР на Беласточчыне было ўлічана 36197 беларускіх, рускіх, украінскіх гаспадарак агульнай колькасцю 136 526 чалавек. 3 іх ліку абсалютную большасць - 72 % складалі беларусы67. Аднак да выніковых лічбаў аб колькасці беларусаў, прыведзеных раённымі ўпаўнаважанымі СНК БССР і польскімі ўладамі, улічваючы складанасць працы па ўліку насельніцтва, трэба адносіцца з пэўнай крытычнасцю і, магчыма, лічыць, што беларускага насельніцтва ў Беласточчыне было ўсё ж больш, чым зафіксавана пры ўліку.

Як і пры перасяленні з БССР у Польшчу, на Беласточчыне фактар польскага падполля адыгрываў істотную ролю. Ён з’яўляўся адным з найбольш істотных, які вымушаў частку беларусаў да перасялення. 3 пункту гледжання падполля беларусы з’яўляліся групай насельніцтва, на якую абапіралася ў 1939-1941 гг. савецкая ўлада, а ў час нямецкай акупацыі - савецкія партызаны. Пасля вызвалення Польшчы ад немцаў існаванне на Беласточчыне беларусаў стварала патэнцыяльную магчымасць для яе аб’яднання з БССР68. Тэрор з боку падполля прыводзіў да тага, што, як адзначаў Галоўны ўпаўнаважаны I. Круглік, «сяляне-беларусы настолькі запалоханыя, што многія з іх, асабліва мужчыны, сыходзяць на ноч з дому, хаваюцца ад банд, у шэрагу месц збіраюцца групамі і арганізуюць узброеную самаахову». Аднак і арганізацыя самааховы не гарантавала бяспекі. Так, I. Круглік паведамляў, што «22 верасня 1945 г. і вёсцы Раманаўка Сямяціцкага павета бандыты забілі беларуса А. Філіманюка, які рыхтаваўся да выезду. 11 кастрычніка (1945 г.) жыхар вёскі Бацікі Сямяціцкага павета Федарук прыбыў у мястэчка Чарэмху да раённага ўпаўнаважанага і запісаўся на выезд у БССР. Вяртаючыся дамоў у ноч з 11 на 12 кастрычніка, ён быў забіты бандытамі. 21 кастрычніка банда колькасцю 150 чалавек акружыла беларускую вёску Студзёнка. Пры гэтым збівалі насельніцтва, забралі ў сялян, падрыхтаваных да эвакуацыі, 23 кані, 15 павозак, некалькі галоў буйной рагатай і дробнай жывёлы»69 .

Брутальныя злачынствы ў адносінах да беларусаў Беласточчыны здзейсніў атрад Нацыянальнага Ваеннага Саюза (НЗС), які ўзначальваў Ра- муальд Райс («Буры»). Так, 26 студзеня 1946 г. яго атрад ў вёсцы Заляшаны Бельскага павета сагнаў ў адзін будынак жыхароў, які потым падпалілі. У гэты ж дзень атрад «Бурага» правёў «пацыфікацыйную» акцыю ў вёсцы Вулька Выганаўска (гміна Бранск), 3 студзеня - у вёсцы Канцавізна (гміна Завыкі Беластоцкага павета). Па сведчаннях уцалелых ад пагромаў жыхароў вёскі Зане, перад пачаткам аперацыі іх вёску акружылі моцным кардонам, які не даваў магчымасці ўцячы. Атрад рабаваў маёмасць, падпальваў дамы, якія належалі беларусам70. Аб жорсткасці тэрору сулраць беларускага насельніцтва сведчыць запіска намесніка Галоўнага ўпаўнаважанага СНК БССР М. Джагарава, у якой адзначалася, што «у раёнах мястэчак Ьранск, Гарадзіск, Топчава, Вышкі, Востраў-Мазавецкі па-ранейшаму працягваецца разгул банд. Толькі па адной Гарадзіскай гміне за апошнія два месяцы бандытамі разорана, абрабавана да 150 беларускіх гаспадарак»71.

Азначым, што за ўвесь перыяд перасялення ахвярамі тэрору падполля злачынных груповак сталі 500 беларусаў, якія зарэгістраваліся на перасяленне. Так, за 1945 г. толькі па 5 паветах Беластоцкага ваяводства было «забіта 229 беларусаў, прымусова забрана ў лес 14 чалавек, абрабавана 256 гаспадарак. Акрамя гэтага, у беларускага насельніцтва бандамі адабраны сотні галоў жывёлы, сотнi тысяч грошай, адзенне, харчаванне»72 . За ўвесь перыяд перасялення было забіта 8 і паранена 15 упаўнаважаных СНК БССР. Акрамя гэтага, звыш 1000 беларускіх гаспадарак былі абрабаваныя як падполлем, так і бандыцкімі групоўкамі73. Адзначым, што стаўленне беларускага кіраўніцтва да праблемы падполля i яго ахвяр характарызавалася дваістасцю і непаслядоўнасцю. 3 аднаго боку, яно не магло не рэагаваць на факты забойстваў, рабаўніцтваў, гвалту як перасяленцаў, так і ўпаўнаважаных СНК БССР. 3 другога - значна занізіла як чалавечыя, так і матэрыяльныя страты, панесеныя беларусамі. Так, у запісцы міінстра замежых спраў БССР К. Кісялёва, накіраванай у маі 1947 г. загадчыку 4 Еўрапейскім аддзелам МЗС СССР Л. Аляксандраву, паведамлялася, што ў час перасялення 5 упаўнаважаных СНК БССР былі забітыя, два параненыя, а 283 гаспадаркі на шляху ў БССР былі абрабаваныя. У сувязі з гэтым урад БССР патрабаваў ад урада Польшчы кампенсаваць страты абрабаваным у памеры 10 млн рублёў. Сем’ям забітых упаўнаважаных Польскі Урад павінен быў сплаціць грашовую кампенсацыю і выплачваць пенсіі за страту кармільца74. Аднак аналіз выніковага пратакола, падпісанага беларускім і польскім бакамі аб сканчэнні тэрміну перасялення (май 1947 г.), не ўтрымлівае пунктаў аб матэрыяльнай кампенсацыі з боку Польшчы за страты, панесеныя перасяленцамі і ўпаўнаважанымі СНК БССР у час перасялення. Незразумелым з’яўляецца і той факт, чаму К. Кісялёў так занізіў колькасць абрабаваных і загінуўшых беларусаў.

Рэгістрацыя беларускага насельніцтва на перасяленне паказала, што жаданне перасяліцца ў БССР выказала меншасць ад усёй колькасці ўлічаных беларусаў на Беласточчыне. I. Варвашэня на пачатку студзеня 1945 г. паведамляў К. Кісялёву, што ў Бельскім райпрадстаўніцтве з улічаных на 1 студзеня 1945 г. 10 000 гаспадарак толькі ад 1861 паступілі заявы на перасяленне. Аналагічная сітуацыя назіралася ў Цэханавецкім райпрадстаўніцтве, у якім, як адзначаў I. Варвашэня: «За 5 месяцаў работы, з кастрычніка 1944 г. па сакавік 1945 г, па Цэханавецкім райпрадстаўніцтве сабрана ўсяго 42 заявы на эвакуацыю і адпраўлена ў СССР 33 гаспадаркі»75. У БССР пераязджала галоўным чынам бядняцкая частка сялянства а таксама былы партыйна-савецкі актыў. Адзначым, што гэта група насельніцтва не мела выбару, бо галоўным чынам супраць іх быў скіраваны тэрор польскага падполля. Так, I. Круглік паведамляў К. Кісялёву, што вясной і летам 1945 г “у большасці эвакуіраваліся тыя беларускія сем’і, якім з-за штодзённых нападаў банд у далейшым заставацца на месцы стала немагчымым і небяспечным. У гэтую групу ўваходзіць найбольш перадавая частка вёскі былыя савецкія работнікі, актывісты, сем’і савецкіх партызан і іншыя”76.

Выніковыя дадзеныя аб перасяленні беларусаў з Польшчы ў БССР (па стану на 15 чэрэвеня 1946 г.) паказалі, што большасць улічаных беларускіх гаспадарак не пажадалі пераехаць у БССР і засталіся ў Польшчы. У Беларусь перасялілася ўсяго 8015 гаспадарак, якія налічвалі 27 409 чалавек77. У сувязі з тым, што ўрады Беларусі i Польшчы згадзіліся прадоўжыць перасяленне да 31 снежня 1946 г., то з Польшчы ў БССР да снежня 1946 г. выехала яшчэ 379 грамадзян. Такім чынам, канчатковая лічба беларусаў, якія перасяліліся ў БССР склала 27 806 чалавек78.

Характэрным для перасялення беларусаў з Беласточчыны з’яўляецца тое, што ў першую чаргу ў БССР пераехаў былы савецка-партыйны, камсамольскі, прафсаюзны актыў, якому з-за пагрозаў падполля заставацца ў Польшчы стала немагчыма. Разам з ім у БССР пераехала бяднейшая частка аднаасобнага сялянства, якая не бачыла для сябе эканамічных перспектыў заставацца ў Польшчы.

Перасяленчая акцыя паказала эвалюцыю поглядаў ваяводскіх уладаў Беласточчыны ў адносінах да беларусаў-перасяленцаў. 3 другой паловы 1945 г. ваяводскія ўлады былі зацікаўлены ў поспеху перасяленчай акцыі. У мэтах стварэння аднанацыянальнай дзяржавы ваяводскія ўлады Беласточчыны з другой паловы 1945 г. разглядаюць беларусаў як «непажаданы элемент», які павінен быў або пераехаць у БССР, або стаць «палякамі праваслаўнага веравызнання». Таму стаўленне да перасялення, ад нейтральнага ў яго пачатку, эвалюцыянуе ў бок ціску на беларусаў з тым, каб прымусіць іх вые- хаць у Беларусь. 3 сярэдзіны 1945 г. стала відавочным, што большасць беларусаў, нягледзячы на актыўную агітацыйна-прапагандысцкую працу ўпаўнаважаных СМ БССР, ціск з боку уладаў, пагрозу з боку падполля, зрабіла свой выбар на карысць Польшчы і не пажадала выехаць у савецкую Беларусь.

Абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай, які ажыццяўляўся ў 1944-1946 гг., не дазволіў усім жадаючым перасяліцца ў Польшчу. Гэты працэс па волі кіраўніцтва Савецкага Саюза амаль на дзесяцігоддзе быў прыпынены. Аднак перагляд знешнепалітычнай дактрыны Крамля ў другой палове 50-х г і прызнанне кіраўніцтвам СССР «прамых памылак, у тым ліку і ва ўзаемаад носінах паміж сацыялістычнымі краінамі, парушэнняў і памылак, якія прыніжалі прынцып раўнапраў’я ў адносінах паміж сацыялістычнымі краінамі», давала магчымасць узнавіць перасяленчы працэс паміж Савецкім Саюзам і Польшчай. Для абедзвюх краін аднаўленне перасяленчага працэсу мела надзвычай важнае ўнутры і знешнепалітычнае значэнне. Для палітычнага кіраўніцтва СССР ва ўмовах «хрушчоўскай адлігі» гэты крок вёў да паляпшэння двухбаковых савецка-польскіх адносін. Hi з адной краінай «народнай дэмакратыі» Савецкі Саюз не меў такіх складаных і «балючых» адносін як з Польшчай. Польскае грамадства і палітычнае кіраўніцтва ПНР далёка не так ўспрымалі падзеі верасня 1939 гг, масавыя дэпартацыі па- лякаў з заходніх абласцей СССР у 1939—1941 гг., i катынскую трагэдыю, як гэта хацелася б кіраўніцтву СССР. Гэта ўносіла значную напружа насць у савецка-польскіх адносінах. Адным з аптымальных рашэнняў, якія вялі да паляпшэння савецка-польскіх адносін, станоўча ўспрымаліся б польскім грамадствам, ліквідавалі многія праблемы, станавілася вызваленне палякаў з лагераў, спецпасяленняў і іх рэпатрыяцыя ў Польшчу. Таму для палітычнага кіраўніцтва Савецкага Саюза адным з найбольш прымальных варыянтаў, якія вялі да паляпшэння двухбаковых адносін, з’яўлялася прыняцце рашэння аб рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з СССР у ПНР.

Аднаўленне перасяленчага працэсу мела яшчэ больш важнае значенне для польскага кіраўніцтва, якое ва ўмовах хрушчоўскай «адлігі» заявіла аб значнай колькасці палякаў, якія знаходзіліся ў Савецкім Саюзе. Па падліках польскага боку ў СССР знаходзілася звыш 1,5 млн. палякаў. Таму польскае кіраўніцтва настойвала на іх рэпатрыяцыі. Гэты фактар з’яўляўся адным з важнейшых у савецка-польскіх адносінах ва ўмовах хрушчоўскай «адлігі», адпавядаў унутрыпалітычным інтарэсам кіраўніцтва ПНР і ўсяго польскага грамадства79. Праблема рэпатрыяцыі палякаў з Савецкага Саюза яднала ўсе слаі польскага грамадства. Палітычнае кіраўніцтва Польшчы вымушана было ўлічваць гэтыя настроі і прыслухоўвацца да грамадскай думкі. Польскія гісторыкі Б. Кацка i С. Стэмпка80, Ю. Сядлецкі81, М. Рухневіч82 і іншыя адзначаюць, што грамадская думка палякаў, як унутры краіны, так і па-за яе межамі (польская эміграцыя), вымусіла польскі ўрад ініцыяваць перад кіраўніцтвам СССР пытанне аб рэпатрыяцыі палякаў, якія знаходзіліся ў СССР. Ціск «знізу», пачынаючы з 1955 г., станавіўся ўсё больш настойлівым і патрабавальным.

У гэтай сітуацыі Беларусь чакала

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка