Надрукавана: Акуліч У. А




Дата канвертавання21.03.2016
Памер135.57 Kb.
Надрукавана:
Акуліч У.А. Беларуска-украінскія навуковыя повязі ў галіне развіцця класічнай палітэканоміі (ХІХ ст.) // Теоретичні та прикладні питання економіки. . Збирнік наукових праць. Випуск 12. – К.: ВПЦ “Киівській універсітет”, 2007. 419 с. – С. 389-395
Беларуска-украінскія навуковыя повязі ў галіне развіцця класічнай палітэканоміі (ХІХ ст.)

Акуліч У.А., Інстытут эканомікі НАН Беларусі, к.э.н.

Анализируются отношения и связи между белорусскими и украинскими учеными-экономистами в развития классической политэкономии в ХІХ в.
Relations and communications between the Belarus and Ukrainian scientists-economists in developments of classical political economy in ХІХ century are analyzed.
Два гады таму, на V міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імені Тараса Шаўчэнкі, былі ўжо прадстаўленыя агульныя вытокі развіцця беларускай і ўкраінскай эканамічных навук, якія ў асноўным ахоплівалі час існавання Віленскага ўніверсітэту [1]. У той публікацыі быў разгледжаны ў асноўным час, калі распаўсюджваліся ў мясцовай эканамічнай думцы канцэпцыі меркантылізму і фізіякратыі (за часамі Рэчы Паспалітай), паказана гістарычнае супадзенне паміж закрыццём Віленскага і адкрыццём Кіеўскага ўніверсітэтаў, якое спарадзіла паток беларускіх студэнтаў у бок Украіны з мэтай атрымання вышэйшай адукацыі, а таксама былі ўкладзены кароткія звесткі пра вучоных-эканамістаў ураджэнцаў Беларусі, для якіх пазней Кіеўскі ўніверсітэт стаў alma-mater. З таго часу высветліліся некаторыя новыя звесткі аб беларуска-украінскіх повязях, якія ў асноўным датычацца часу станаўлення і развіцця ў Беларусі і ва Ўкраіне класічнай школы палітэканоміі, і якім у асноўным і прысвечаны гэты артыкул.

Быў час (1803-1832), калі тры украінскія губерніі (Кіеўская, Падольская і Валынская) разам з беларускімі губерніямі ўтваралі адзіную Віленскую навучальную акругу, якую паміж іншым, узначальвала так званая ўкраінская партыя ў складзе А. Чартарыйскага, Ф. Чацкага і Г. Калантая (якія, праўда, лічылі сябе польскімі патрыётамі). Гэта садзейнічала ўзаемнаму ператоку студэнтаў і выкладчыкаў у яе межах. Так на рэктара Віленскага ўніверсітэту быў вылучаны ўраджэнец Украіны Геранім Страйноўскі (які раней у 1785 г. выдаў першы падручнік па палітэканоміі ў Вялікім княстве Літоўскім); яго брат Валеры Страйноўскі, вядомы фізіякрат, быў абраны ганаровым сябрам Віленскага ўніверсітэту.

Былі таксама прыклады абмену і ў адваротным накірунку: так выпускнік Віленскага ўніверсітэту Міхал Хонскі (1779-1855), які быў родам з тагачаснай Беларусі (з-пад г. Аўгустова, цяпер у Польшчы), па пратэкцыі Ф. Чацкага ў 1806 г. быў накіраваны ў Крэмянецкі ліцэй, дзе заняў пасаду прафесара прыроднага права і палітэканоміі. З таго часу, на працягу 25 гадоў, а менавіта да канца існавання гэтага ліцэя, ён выкладаў там палітэканомію, прычым яго лекцыі, па звестках Й. Бялінскага, карысталіся поспехам у студэнтаў [2]. Хонскі быў аўтарам некалькіх уласных арыгінальных прац, галоўнай з якіх лічыцца яго манаграфія “Уплыў падаткавых сістэм на дабрабыт народаў і іх палітычны быт” (1816) [3]. Пасля закрыцця Крэмянецкага ліцэя яму прапаноўвалі выкладаць палітэканомію ў Кіеўскім універсітэце, але ён адмовіўся, застаўся жыць у сваім уласным доме і працягваў займацца навукай. Большасць ідэй Хонскі чэрпаў з прац Ж.Б. Сэя, Д. Рыкарда, Дж. Мак-Калуха, але ягоным асноўным правадніком быў А. Сміт. Напрыклад, асноўнымі крыніцамі багацця Хонскі лічыў працу і эканомнасць (заўвага. раней так называлі вытворчасць працы).

Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэту (1832), каб нечым замяніць яго, планавалася адкрыць ліцэй у г. Орша ў Беларусі. Такі ж ліцэй планавалася адкрыць і ў Кіеве. Гэтыя дзве установы па планам царскіх уладаў павінны былі забяспечваць патрэбы ў вышэйшай адукацыі выхадцаў з усіх заходніх губерній, падрыхтаваных да гэтага ў гімназіях Беларускай і Кіеўскай навучальных акруг. Але сродкі авансаваныя на гэтыя два ліцэі былі аб’яднаныя, і замест дзвух ліцэяй ў 1834 г. быў адкрыты адзін Кіеўскі ўніверсітэт. Фактычна атрымалася так, што, у галіне вышэйшай адукацыі, цяпер ужо беларускія губерніі былі далучаны да Кіеўскай навучальнай акругі. Цяпер ужо беларускія студэнты ехалі вучыцца ў Кіеў (як раней украінскія студэнты ў Вільню), лепшых з беларусаў пакідалі на працы ў Кіеўскім універсітэце, а выпускнікі гэтага ўніверсітэту размаркоўваліся на выкладчыцкую працу (напрыклад, у Горыгорацкі земляробчы інстытут, аб чым будзе сказана ніжэй).

К моманту закрыцця Віленскага ўніверсітэту там ужо паспела скласціся ўласная традыцыя развіцця навукі палітычная эканомія, гісторыя якой складалася з мясцовай школы фізіякратыі (1782-1810), асноўнымі прадстаўнікамі якой былі Г. Страйноўскі, Я. Храбтовіч, І.Я. Масальскі, С. Малеўскі, і з мясцовай класічнай школы палітэканоміі (1810-1832), асноўнымі прадстаўнікамі якой былі Я. Зноска, Я. Вашкевіч, М. Ачапоўскі, Ст. Будны. Як ні дзіўна гэта сёння гучыць, але пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэту, працяг уласнай традыцыі ў развіцці класічнай палітэканоміі ў Беларусі, удалося падтрымаць у многім дзякуючы яе станаўленню і развіццю ў Кіеўскім універсітэце. Прынамсі, уплыў мясцовай класічнай школы палітэканоміі Кіеўскага ўніверсітэту на развіццё класічнай палітэканоміі ў Беларусі ў 40-60-я гады ХІХ ст. быў самым моцным.

У адзіным цэнтры развіцця фундаментальнай эканамічнай навукі, які захоўваўся ў Беларусі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, Горыгорацкім земляробчым інстытуце, не было ніводнага выкладчыка, ні з Пецярбургскага ўніверсітэту, ні з Маскоўскага ўніверсітэту, а ўсе трое выкладчыкаў, якія мелі дачыненне да палітэканоміі, – Іван Азарэвіч, Аляксандр Гінцэль і Юлій Янсан, былі выпускнікамі Кіеўскага ўніверсітэту (апошні яшчэ і ўраджэнец Кіева). З іх Гінцэль і асабліва Янсан – відавочна былі вучнямі І. Вернадскага і М. Бунге.

Пэўнай таямнічасцю акутана прызначэнне на пасаду ад’юнкт-прафесара палітэканоміі Ю. Янсана, якое адбылося ў 1861 годзе. Справа ў тым, што на гэту пасаду планаваўся выпускнік Горыгорацкага земляробчага інстытута Аляксандр Есакаў (лепшы выпускнік 1853 г., які сярод нямногіх атрымаў вучоную ступень агранома і адзін з 53 выпускнікоў таго году – медаль за поспехі ў навуцы), які спецыяльна дзеля гэтага на два гады (1860-1861) быў накіраваны ў Нямеччыну з мэтай удасканалення ведаў у навуцы палітэканомія. Трэба адзначыць, што ў замежную стажыроўку ў той час адпраўлялі адзінкавых выкладчыкаў (так, за ўсю гісторыю Горыгорацкага інстытута яе прайшлі ўсяго шэсць чалавек). Але пасля стажыроўкі, замест таго, каб прыступіць да выкладання палітэканоміі у Горы-Горках, А. Есакаў аб’явіўся ў Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі ў якасці ад’юнкт-прафесара па агранаміі, а замест яго ў Горы-Горках з’явіўся Ю. Янсан. З-за адсутнасці адпаведных крыніц, сёння застаецца толькі гадаць чаму так адбылося (можа Есакаў падаваў такія надзеі, што яго забралі ў Маскву? але чаму тады ён выкладаў не тую навуку да якой рыхтаваўся, і чаму ў канцы 1860-х г. ён увогуле пакінуў навукова-выкладчыцкую дзейнасць?), але праца ў Горыгорацкім земляробчым інстытуце Ю. Янсана стала адной з яскравых старонак развіцця класічнай палітэканоміі ў Беларусі ў другой палове ХІХ стагоддзя.

Падчас працы ў Горы-Горках Ю. Янсан падрыхтаваў магісцерскую дысертацыю на тэму “Значэнне тэорыі рэнты Рыкарда ў навуцы палітычная эканомія” (1864), якая была ім абароненая ў тым жа годзе ў Санкт-Пецярбургскім унівэрсітэце. Надрукаваў артыкул “Эканамічная аснова пазямельнага даходу” (1862) у часопісе “Эканаміст”, які выпускаў І. Вернадскі. Нарэшце, уласныя запіскі, па якім ён выкладаў палітэканомію ў Горыгорацкім земляробчым інстытуце былі апублікаваны ў выглядзе падручніка па палітэканоміі ў 1865 г. [4]. Ужо падчас працы ў Санкт-Пецярбурзе ён захоўваў інтарэс да Ўкраіны і Беларусі. На замову імператарскага Вольнага эканамічнага таварыства ён выдаў пяць кніг эканоміка-статыстычнага характару, прысвечаных развіццю гандля хлебам у розных месцах Украіны і Беларусі (Пінску, Берасці, Адэсе, і інш.). Яшчэ ў адной сваёй кнізе “Вопыт статыстычнага даследвання аб сялянскіх надзелах і плацяжах” ён аналізаваў становішча сялян пасля адмену прыгону на прыкладзе беларускіх і ўкраінскіх губерній.

Менавіта ў перыяд працы ў Горы-Горках Ю. Янсан спецыялізаваўся галоўным чынам на палітэканоміі, у той час, як пасля пераезду ў Санкт-Пецярбург, стаў займацца пераважна праблемамі статыстыкі, у выніку чаго пазіцыяніруецца расійскімі гісторыкамі эканамічнай думкі больш як статыстык. Будзе лагічным, калі вывучэнне эканамічнай спадчыны Ю. Янсана, а таксама яго жыццёвага шляху падчас навучання ў Кіеўскім універсітэце і працы ў Горыгорацкім земляробчым інстытуце, стане спецыялізацыяй беларускіх і украінскіх гісторыкаў-эканамістаў. Янсан з’яўляўся прадстаўніком класічнай палітэканоміі. Па яго палітэканамічным працам можна заўважыць, што на фарміраванне яго эканамічных поглядаў паўплывалі яго настаўнікі, – І. Вернадскі і М. Бунге. У сваіх працах часцей, чым на каго іншых, ён спасылаецца на А. Сміта, Д. Рыкарда, Ж.Б. Сэя, Дж. Мак-Калуха, Ф. Басціа і Г. Кэры.

Увогуле ж палітычная эканомія выкладалася ў Горы-Горках у перыяд 1842-1864 гг. (да таго часу, пакуль інстытут ня быў зачынены за ўдзел яго студэнтаў і выкладчыкаў у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863-1864 гг.). Першыя 15 гадоў яе выкладаў І. Азарэвіч (праўда тады яна называлася ў гэтым інстытуце “энцыклапедыя камеральных навук”). Пры гэтым аснаўной спецыялізацыяй Азарэвіча было правазнаўства (напэўна, ён скончыў юрыдычны факультэт, бо з’яўляўся кандыдатам права). Акрамя палітэканоміі і статыстыкі, ён выкладаў прадмет законазнаўства. Навуковым накірункам яго працы была распрацоўка праблемы ўдасканалення расійскага заканадаўства. У 1855 г. на вучоным з’ездзе ў Горы-Горках ён агучыў вынікі сваіх распрацовак, але яго прамова ў выглядзе падрыхтаванага артыкула не была дапушчана да друку ў часопісе “Запіскі Горыгорацкага земляробчага інстытута” па цэнзурных меркаваннях. Па сведчанні гісторыкаў, той артыкул змяшчаў разбор расійскага заканадаўства, але яго рукапіс пакуль ня знойдзены. На карысць таго, што Азарэвіч аддаваў перавагу менавіта правазнаўству сведчыць таксама той факт, што калі ён ужо быў у гадах і яму цяжка было выкладаць усе тры дысцыпліны, то ў 1855-56 навучальным годзе ён адмовіўся ад статыстыкі. Палітэканомію большую частку часу Азарэвіч чытаў па падручніку А. Бутоўскага “Народнае багацце альбо асновы палітычнай эканоміі” (1847). Вядома таксама, што дзейнасць Азарэвіча на выкладчыцкай ніве добра цанілася кіраўніцтвам інстытута: доўгі час ён з’яўляўся намеснікам старшыні Вучонага савету інстытута; у 1853 г. за выслугу гадоў яму быў прысвоены статус надворнага саветніка, а ў 1856 г. – калежскага саветніка.

Яшчэ адзін выкладчык – Аляксандр Гінцэль (магчыма быў родам з Ліфлянтскай губерніі) таксама меў непасрэднае дачыненне да палітэканоміі. Ён прыехаў з Кіева ў 1853 г. і адразу ўзначаліў кафедру кадастра і люстрацыі. Ужо на той час ён з’яўляўся тытулярным саветнікам. Чытаў па ўласным запіскам такі прадмет, як “кадастр і люстрацыя”, дзе разглядаліся некаторыя пытанні з палітэканоміі, – аб пазямельным даходзе, працоўнай сіле, капітале. Яму належыць змястоўны цалкам палітэканамічны артыкул “Аб умовах, якія ўплываюць на велічыню пазямельнай рэнты” (1855), які быў надрукаваны ў часопісе “Запіскі Горыгорацкага земляробчага інстытута”. З шасці вучоных з’ездаў, якія адбыліся ў Горы-Горках, на чатырох, Гінцэль абіраўся вучоным сакратаром. Ён быў адзін з арганізатараў і заўзятараў Навуковага выкладчыцка-студэнцкага клубу, які дзейнічаў пры Горыгорацкім інстытуце, і адной са сваіх мэтаў ставіў дабівацца аднаўлення Віленскага ўніверсітэту. Гінцэль карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод студэнтаў. У выніку за падтрымку ва ўдзеле іх у паўстанні ён і быў сасланы ў Сібір, дзе яго сляды губляюцца.

Акрамя забеспячэння кадрамі Горыгорацкага земляробчага інстытута, станаўленне і развіццё класічнай палітэканоміі ў Кіеўскім універсітэце, паўплывала на падтрыманне развіцця класічнай палітэканоміі ў Беларусі, стымулюючы, альбо падтрымліваючы намаганні яе асобных прадстаўнікоў. Так, апошні загадчык кафедры палітэканоміі ў Віленскім універсітэце Ян Вашкевіч, дзякуючы таму, што прэтэндаваў на заняцце кафедры палітэканоміі і статыстыкі ў Кіеўскім універсітэце, быў вымушаны аднаўляць свой канспект лекцый. Тамушта згодна з выстаўленымі патрабаваннямі, прэтэндэнт павінен быў напісаць твор, у якім трэба было выкласці: гісторыю палітэканоміі як навукі, прасачыць яе эвалюцыю, даць крытычную адзнаку поглядаў яе асноўных прадстаўнікоў; выкласці асноўныя палажэнні з гэтай навукі, якіх прытрымліваецца сам аўтар; прыстасаваць гэтыя палажэнні да вырашэння праблем развіцця народнай гаспадаркі Расійскай імперыі [5, c. 743-744]. І хоць вядома, што па збегу абставін Я. Вашкевіч вымушаны быў саступіць гэтае месца І. Вярнадскаму, але сёння той рукапіс, прадстаўлены Я. Вашкевічам у 1843 г. ў Кіеўскі ўніверсітэт, мае высокую навуковую каштоўнасць, бо яго знаходка дазваліла б аднавіць поўную карціну ў развіцці класічнай палітэканоміі ў Беларусі ў ХІХ ст. (а таксама б упісала яшчэ адну слаўную старонку ў развіццё класічнай палітэканоміі ва Ўкраіне ў той жа перыяд).

Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэту на вучобу ў Кіеў пераехала шмат студэнтаў з Беларусі. Адным з іх быў Іван Ястржэмбскі, адзін з самых актыўных беларускіх палітэканомаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя (1814-1883). У папярэдняй нашай публікацыі [1, с. 47] паведамлялася, што ён скончыў Харкаўскі ўніверсітэт. Так яно і было, але дагэтуль, на працягу года, ён пабыў яшчэ і студэнтам Кіеўскага ўніверсітэту. Большасць сваіх фундаментальных прац ён апублікаваў у часопісе “Эканаміст”, які выпускаў і рэдагаваў І. Вернадскі, і які напісаў адну з прадмоў да працы Ястржэмбскага (чаго ён, дарэчы, звычайна не рабіў). У такім супрацоўніцтве не было б нічога дзіўнага, калі б не тыя абставіны, што за год да сваіх першых публікацый Ястржэмбскі вярнуўся з ссылкі з Сібіры, і не меў права амаль да канца жыцця пакідаць межы свайго роднага Рэчыцкага павету ў Беларусі. Ёсць меркаванне, што І. Ястржэмбскі і І. Вернадскі былі добра знаёмыя яшчэ дагэтуль, калі абодва працавалі ў Пецярбурзе, і, магчыма, не ў апошнюю чаргу сыграла тое, што паходзілі з адных краёў. Бо ў часопісе “Эканаміст” І. Вернадскі даволі часта даваў месца беларускім аўтарам, чым садзейнічаў развіццю эканамічнай думкі ў Беларусі.

Яшчэ два ўраджэнцы Беларусі, Дзмітры Жураўскі (нар. пад беларускім Магілёвам) і Уладзімір Дамброўскі (нар. у Гомлі), у сваю чаргу мелі пэўнае дачыненне да станаўлення класічнай палітэканоміі ў Кіеўскім ўніверсітэце. Першы быў сябрам М. Бунге, добра ведаў І. Вернадскага, бо ўваходзіў разам з імі ў склад статыстычнага аддзелу спецыяльна створанай пры Кіеўскім універсітэце Камісіі для апісання губерній Кіеўскай навучальнай акругі, а другі – выкладаў на працягу двух гадоў (1843-1844) палітэканомію ў Кіеўскім універсітэце, пакуль яшчэ не вярнуўся са стажыроўцы І. Вернадскі. Па праву сёння, і Дз. Жураўскі, і У. Дамброўскі лічацца ўкраінскімі эканамістамі [5, c. 736], бо пакінулі след у справе станаўлення навукі палітэканоміі ў Кіеўскім універсітэце (і пакінулі б большы, калі б не кароткае жыццё абодвух), як і па праву не забываецца сёння, што яны з’яўляліся ўраджэнцамі Беларусі [5, с. 762].

Такім чынам, у асобах І. Азарэвіча, А. Гінцэля, Ю. Янсана, а таксама іх вучняў (А. Людагоўскага, А. Бажанава), адбыўся працяг у Беларусі уласнай традыцыі развіцця класічнай палітэканоміі, якая была не на доўга перапынена пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэту. Пры гэтым, галоўныя вучоныя-эканамісты, якія развівалі класічную палітэканомію ў Беларусі ў 40-60-х гг. ХІХ ст. – Я. Вашкевіч, І. Азарэвіч, А. Гінцэль, Ю. Янсан, І. Ястржэмбскі, сваімі лёсамі так ці іначай былі звязаны з Кіеўскім універсітэтам, а некаторыя з тых, хто стаяў у вытокаў развіцця класічнай палітэканоміі ў Кіеўскім універсітэце, – Дз. Жураўскі, У. Дамброўскі, так ці іначай былі звязаны лёсам з Беларуссю.

На працягу ўсяго артыкула нездарма падкрэслівалася, што ў 40-60 гг. ХІХ ст., і ў Беларусі, і ва Ўкраіне, развівалася менавіта класічная палітэканомія. Бо сёння для сучасных вучоных-эканамістаў Беларусі і Ўкраіны асабліва важна ведаць гісторыю развіцця як раз айчынай класічнай палітэканоміі. Гэта той самы шлях, які здольны вярнуць сучасную беларускую і ўкраінскую эканамічныя навукі ў кантэкст развіцця сусветнай эканамічнай навукі, падняць статус тэарэтычнай эканамічнай навукі ў абедзвух краінах. Многія з сучасных эканамістаў не ўсвятляюць, наколькі даўно былі распрацаваныя многія палажэнні, якія складаюць падмурак сучаснай эканамічнай тэорыі. Каб у гэтым упэўніцца дастаткова азнаёміцца з працамі прадстаўнікоў класічнай палітэканоміі ХІХ ст.: у свеце – А. Сміта, Д. Рыкарда, Ж.Б. Сэя, Дж.С. Міля, у Беларусі – Я. Вашкевіча, Ю. Янсана, ва Ўкраіне – І. Вернадскага, М. Бунге, у Расіі – А. Бутоўскага, І. Горлава.

Узяць хоць бы сучасную праблему канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Што новага можа сказаць пра гэта сучасная эканамічная тэорыя, акрамя як звярнуцца да распрацаванай ужо класікамі тэорыі міжнароднага гандлю. У якасці ілюстрацыі прывядзём вытрымкі з падручніку Ю. Янсана, дзе ён прыводзіць аргументы тых, хто, па яго словах, ва ўсе часы выступаў за абмежаванне канкурэнцыі і свабоднага гандлю, каб падтрымаць мясцовых вытворцаў:


  • свабода гандлю ёсць пустая тэорыя, мара касмапалітаў (заўвага. сёння адзін з галоўных аргументаў; калі нехта нічога ня можа супраціпаставіць лагічным выкладкам тэорыі міжнароднага гандлю на карысць выгаднасці свабоднага гандлю, ён, звычайна, апеліруе да таго, што яна ўяўляе сабой спрошчаную абстрактую мадэль, якая ня мае дачынення да сапраўднай эканомікі).

  • пры свабодзе гандлю народ слабейшы ў эканамічным развіцці робіцца даннікам іншых народаў, а менавіта, мясцовы спажывец пералічвае частку даходу на карысць замежнага вытворцы;

  • пры свабодзе гандлю непазбежна назапашванне мясцовых тавараў на ўнутраным рынку і наплыў замежных тавараў;

  • свабода гандлю наводніць вытворчасць замежнымі капіталамі, а свае застануцца без размяшчэння;

  • пры свабдзе гандлю дзяржава губляе мытныя даходы, становіцца ў залежнасць ад іншых дзяржаў: яе палітычная самастойнасць падвяргаецца рызыке, а ў ваенны час яна разыкуе застацца без неабходных для яе тавараў.

  • пратэкцыянізм патрэбны таму, што неабходна утрымліваць у дзяржаве грошы (заўвага. па сучаснаму кажучы, замежную валюту);

  • пратэкцыянізм патрэбны таму, што развіццё, асабліва перапраапрацоўчай прамысловасці, патрабуе выхавання і нагляду; вытворчыя сілы не могуць расці ў няроўнай барацьбе с замежнай канкурэнцыяй [4, с. 230].

Заўважым, што гэта практычна поўны пералік аргументаў сучасных эканамістаў, якія сёння выступаюць за пратэкцыянізм (часта, дарэчы, апраўдываючыся такімі “патрыятычнымі” словазлучэннямі, як “канкурэнтаздольнасць нацыянальнай эканомікі” ці “нацыянальная эканамічная бяспека”). Аднак, гэтыя аргументы Янсан лічыў сафізмамі, пабудаванымі на абрывістых дадзеных, людзьмі, якія маюць памылковае ўяўленне пра сутнасць грошаў і гандлю, пра значэнне дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў народную гаспадарку. Аргументацыя Янсана ясная і пераканаўчая: “гандаль, калі толькі ён свабодны, ня можа схіляцца ні да чыёй шкоды: ён узаемна выгадны” [4, с. 230].

Ня менш пераканаўчай выглядае аргументацыя Янсана і на карысць прыцягнення замежнага капіталу: “капітал ня ёсць грошы; грамадства, зацікаўленае ў павелічэнні капіталаў, нічога не выйграе ад павелічэння колькасці грошаў (менавых знакаў). Капітал не можа быць нічым заменены. Капітал – гэта частка вырабленага багацця, якая прызначана для вытворчасці новага багацця. Капітал ня мае нацыянальнасці, ён належыць таму, хто яго апладатварае” [4, с. 265]. На думку Янсана, там дзе шмат капіталаў, там труд лепей аплочваецца, тамушта: па-першае, павелічэнне капіталаў павялічвае попыт на труд; па-другое, той жа труд дае больш пры дапамозе капіталу; па-трэцяе, пакупная здольнасць труда павялічваецца пры таннасці вырабаў [4, с. 265].

Як трапна адзначаў Янсан, “абарона працы народу заўсёды абарочваецца ў абарону нямногіх вытворцаў за кошт спажыўцоў”. Янсан жа заўважае, што лепшая забота дзяржавы заключаецца ў тым, каб “даць магчымасць мець насельніцтву танныя і добрыя сродкі для задавальнення патрэб і выгадна размяшчаць свой труд; пратэкцыянізм жа дае менавіта супрацьлеглае [4, c. 227]. Далей ён працягвае, “для працаўніка важна не грашовая велічыня яго заробку, а таннасць і разнастайнасць тавараў, які ён задавальняе свае патрэбы: а гэтыя разнастайнасць і таннасць не сумяшчальныя з сістэмай пратэкцыянізму” [4, c. 229]. Вучоны-эканаміст прыводзіць наступны, зразумелы і сёння, прыклад: працаўнік, які атрымоўвае 50 капеек у дзень і якога ставяць у неабходнасць набываць айчыныя тавары, цана якіх складае 30 капеек, у той час, як ён, пры свабодзе гандлю, мог бы набыць замежныя за 20 капеек, лішаецца часткі сваёй уласнасці: у яго аднімаюць 1/5 частку яго заробку. На думку Янсана, “свабода можа нашкодзіць толькі таму вытворцу, які не прывык да яе, якога трымае ў дзіцячым узросце, ляноце, няздольнасці, чужое апякунства, адсутнасць саперніцтва, няразвітасць народнай гаспадаркі і адукацыі” [4, c. 219].

Вытрымкі з працы прадстаўніка класічнай палітэканоміі Ю. Янсана, прынамсі паказваюць, што прыводзіць аргументы на карысць рынкавай гаспадаркі, гэта не толькі ўдзел заходняй эканамічнай тэорыі, але гэта добра ўмелі рабіць у дамарксісцкі перыяд і прадстаўнікі мясцовай класічнай палітэканоміі. Заўважым пры гэтым, што адставанне гаспадаркі Расійскай імперыі ад заходнееўрапейскіх краін было ў той час ня меншым, чым зараз складае адставанне гаспадарак Беларусі і Украіны ад тых жа краін. Такім чынам, наяўнасць уласных агульных традыцый і навуковых повязей у развіцці класічнай палітэканоміі ў ХІХ ст., дае сёння падставу беларускім і украінскім эканамістам да супрацоўніцтва ў справе яе лепшага засваення, асабліва тым эканамістам-тэарэтыкам, якія распрацоўваюць такі накірунак у сучаснай эканамічнай навуцы, як гісторыя айчынай эканамічнай думкі.


Літаратура:

  1. Колупаев В.А. Общие истоки белорусской и украинской экономических наук: ретроспективный анализ // Теоретичні та прикладні питання економіки. Збирнік наукових праць. Випуск 6. – К.: ВПЦ “Киівській універсітет”, 2005. – 287 с. С. 43-50

  2. Bieliński J. Uniwersytet Wilenski (1579-1831). Kraków, 1899. Т2.

  3. Chonski M. O wplywie systematow podatkowania na stan zamoznasci narodow i ich byt polityczny. – Krzemieniec, 1816.

  4. Янсон Ю.Э. Краткий курс политической экономии. Пособие для слушающих лекции по этому предмету. СПб.: тип. А. Головачева, 1865. – 320 с.

  5. Історія економічних учень: Підручник / За ред. В.Д. Базилевича. – К.: Знання, 2004. – 1300 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка