Над Белай Руссю белы бусел




Дата канвертавання13.05.2016
Памер113.03 Kb.
Фальклорнае падарожжа

Над Белай Руссю – белы бусел”


1 чыт. Беларускія краявіды…

Перазвоны азёр і бароў,

Над палеткамі бульбы і жыта –

Песня велічных курганоў.


2 чыт. Гэта наша зямля дарагая,

Гэта нашы лугі і палі,

Над якімі спрадвеку лунае

Бусел – сімвал бяссмерця зямлі.


3 чыт. Блакіт нябёс і белы бусел,

І кветкі ў полі, як абрус…

Мой край завецца Беларуссю

А сам я – хлопец –беларус!


Песню “Буслік” на сл. У.Мазго, муз. Т.Моўчан вык. Кацярына Крук.
1 вяд. Белы бусел. Хто не ведае гэту цудоўную птушку. Нават назва яе пераклікаецца з назвай нашай краіны – Беларусь – Белая Русь.

2 вяд. Белы бусел з’яўляецца крылатым сімвалам нашай краіны, сімвалам неба, сонца, святла, увасабленнем дабрыні і прыгажосці для чалавека. Яго прылёт з выраю ў наш блакітна-зялёны край азначае прыход доўгачаканай вясны,новых спадзяванняў.

Чытальнік:

Ён вярнуўся здалёк,

Бусел белакрылы,

У свой родны куток,

У куточак мілы.

Да гнязда, дзе ён рос

На страсе хаціны.

Каля белых бяроз,

На зямлі белых рос

Буслава айчына.

А забыць айчыну

Проста немагчыма

В.Жуковіч

1 вяд. З дзяцінства знаёмы ўсім нам бусліны клёкат. Буслы ў казках, песнях, вершах. Буслы ў дойлідстве, ткацтве, жывапісу.

2 вяд. У гэтай птушцы ёсць нешта такое, што застаўляе задумвацца аб яе прызначэнні на нашай беларускай зямлі. Як бы нездарма бусел увабраў у сабе тры традыцыйныя для Беларусі колеры: белы, чорны і чырвоны.

Чытальнік.

Над Белай Руссю –

Белы бусел

З даверам выпрастаў крыло.

А гэта значыць,

Белай Русі

Прасцяг ашчодраны святлом.

Над Белай Руссю –

Белы бусел

Ладуе спраўнае гняздо.

А гэта значыць,

Белай Русі

Жыць, нібы поўны песень дом.

Над Белай Руссю –

Белы бусел

Галубіць прагных буслянят.

А гэта значыць,

Белай Русі

Не ведаць чорных бур і страт.

Над Белай Руссю –

Белы бусел

З бусліхай у вышыні нябёс.

А гэта значыць,

Белай Русі

Наканаваны шчасны лёс.

В. Лукша

Над Белай Руссю – белы бусел”


2 вяд. Бусел здаўна лічыцца птушкай шчасця, сімвалам дабрабыту той сям’і, у двары якой ён пасяліўся.

Чытальнік:

Няма радзімы без бацькоўскай

хаты;

Бусліны клёкат – гэта родны дом;



Ты будзеш жыць шчасліва

і багата,

Калі над хатай буслава гняздо.

А летнім днём блакіт нябёс

бясконцы

І воблакі – мелодыя без слоў,

І над зямлёю роднай наша сонца,

І крылле прамяністае буслоў.


1 вяд. Дзеці, а ці ведаеце вы легенду, як з’явіліся буслы.

Чыталькік. Вандраваў калісьці па белым свеце Бог. І заблукаў ён да нас у Беларусь. Бачыць – прыгожая тут зямля. Векавыя пушчы, ураджайныя палеткі, не злічыць рэк і азёраў, бруістых крыніц са сцюдзёнай вадой… Адно кепска: развялося шмат усякіх паўзучых гадаў. Няма ад іх жыцця ні людзям, ні жывёліне. Паспачуваў Бог нашым прашчурам. Узяў вялізную торбу і сабраў туды рознае плюгаўства. Ніводнай жабы і гадзюкі не пакінуў.

Торба аказалася цяжкай і паклікаў Бог на дапамогу хлопца, які касіў сена на лузе. Узваліў Бог яму торбу на спіну ды загадаў не развязваць па дарозе. А дзяцюк, як на тое, аказаўся вельмі цікаўны і развязаў торбу. Гады вылезлі і распаўзліся зноў па ўсёй зямлі.

Вядома, Бог не захацеў другі раз з імі пэцкацца. Начапіў ён парожнюю торбу неслуху – касцу на плячо – выправіў яго збіраць выпушчанае плюгаўства. Толькі дзяцюк злавіў першую жабу – ператварыўся ў бусла.

З таго часу і дыбае бусел , нібы касец, па лугах-балотах. Босы, з чырвонымі нагамі, у белай кашулі і з чорнаю торбай за спіной. Потым Бог злітасцівіўся над небаракам, паслаў яму на дапамогу жонку-бусліху і дзетак-буслянят. А жыць дазволіў у вёсцы сярод чалавечага роду. Людзі таксама памятаюць пра гэта, таму не крыўдзяць буслоў, шануюць іх, як братоў сваіх меньшых.



2 вяд.А вось якое паданне існуе ва ўкраінскім фальклоры пра тое, чаму менавіта буслы прыносяць дзяцей.

Калі татары напалі на сяло, то многіх жыхароў забілі, а астатніх забралі ў палон. А немаўлят кінулі на папрялішчы.

Убачылі гэта буслы, узялі дзяцей у дзюбы і падняліся з імі высока ў неба. Далёка разнёсся дзіцячы плач, пачулі яго воіны і кінуліся ратаваць

сем’і – дагналі арду і адбілі сваіх родных.

1 вяд. Буслы – вельмі клапатлівыя бацькі. Больш за месяц бусел і бусліха па чарзе насіджваюць кладку. А калі вылупіцца малое, то абавязкова адзін з бацькоў дзяжурыць у гняздзе.

2 вяд. Калі вельмі горача, дарослая птушка, паўраскрыўшы крылы, абараняе сваіх птушанят ад прамых сонечных промняў. А ў дождж бацькі закрываюць буслянят сваім целам.

Чытальнік.

Бусел праводзіў заняткі:

– Слухайце, бусляняткі:

Дома пакіньце страх,

Смела рабіце ўзмах.

З кола ўзлятайце стралой,

Дзюбу трымайце прамой.

Зробіце круг –

Сядзьце на луг!

Не забывайце парадку –

Мякка рабіце пасадку…

Хто праляціць прыгожа –

Першым паснедаць зможа.

Той, хто не слухаў бяседу,

Будзе чакаць да абеду.

Хто ж атрымае двойку –

Будзе працягваць да вечара

стойку.


Клёк-клёк!

Ці зразумелі ўрок?

Помніце, Кляка і Клёка,

Восень ужо недалёка!

Круцяць малыя насамі:

“Ведаем гэта самі.

Ды хоць разок яшчэ, тата,

З намі палётай над хатай.

Нам ад твайго крыла

Смеласці больш і святла…”



М.Чарняўскі “Урок”
Інсцэніроўка верша

Бусел: Завітаў да вас на свята,

Чуў, чакалі вы мяне.

Тут над рэчкаю сасонкі,

Ручаёк пляскоча звонкі.

Без любімае старонкі

Аніколі мне не жыць.

Перш за ўсё

Пачнём знаёмства.

Сам адсюль я,

Не адтуль,

І завуся –

Клекатун.



Вяд. Добра ўсё мы зразумелі –

Сябраваць прыемна вельмі.

Ты без компаса і карты

Шлях знаходзіш на экватар.

Абляцеў амаль паўсвету,

Бачыў з вышыні планету.



М.Мятліцкі.

Хлопчык: Бусел-бусел, клёка-клёка,

Дзе ты жыў?



Бусел: Я жыў далёка:

За гарамі, за лясамі,

Там, дзе Ніл, на поўдні самым.

Хлопчык: Што за Ніл?

Бусел: Рака такая,

Нібы мора, гаманкая,

А ў тым Ніле, хлопчык мілы,

Ёсць страшыдлы-кракадзілы.



Хлопчык: Як жа ты там бусел жыў?

Бусел: Я ня жыў – усё тужыў,

Дзе б ні быў, дзе б ні лятаў,

Родны краў успамінаў.

А. Дзеружынскі

Хлопчык: Я хачу, каб з намі бусел жыў.

Каб са мной заўсёды ён дружыў.


Вяд. Буслік, буслік, прылятай,

З намі трошкі пагуляй.


1 вяд. Дзеці, вы будзеце жабкамі, станавіце ў круг. А ты, Бусел, стой нерухома, жабак выглядай. Я кажу: “Буслік, Буслік, дзе ты быў?”, а ты адказвай:

На балоце жаб лавіў,

Дзве злавіў, дзве згубіў,

Астатнія спужаліся,

У балоце схаваліся.

Пасля гэтых слоў дзеці ўцякаюць ад бусла, хаваюцца, а бусел даганяе іх. Гульня паўтараецца некалькі разоў.

2 вяд. А ці ўсе ведаюць, што ў белага бусла ёсць брат – чорны бусел? У чорнага бусла шмат агульнага з белым: звычкі, “манеры”, асаблівасці палёту, бацькоўская клапатлівасць.

1 вяд. Па-першае, знешні выгляд: пер’е амаль цалкам чорнае, адлівае металічным, фіялетавым, зялёным, карычневым і медным адценнем. Белыя толькі грудка і жывот. Па-другое, чорныя буслы, у адрозненне ад белых, адлятаюць на поўдзень па аднаму. Пра характар і манеры гэтай птушкі вельмі добра напісаў у сваім вершы “Чорны бусел” Віктар Гардзей :

Чытальнік.

Чорны бусел, а інакш – бацян,

Любіць глуш і векавыя нетры.

Да гнязда праз багну і бур’ян

Шлёпае наўпрост за кіламетры.

Ах, манішка! Беленькі паркаль.

Чорны фрак і боты-скараходы.

Гэткі франт балотны, ды, на жаль,

Бегаць па гасцях не мае моды.

Бачыш дуб на востраве стары?

Там гняздо – бухматая збудова –

З рознага ламачча, а ўнутры

Выслана падсцілкаю пуховай.

Прыйдзе чэрвень – не бярэ і сон.

Дзеткі, знацца, з добрым апетытам,

Сцеражыся, жаба і трытон:

Бацяны толькі ікнуць сыта.

Часам смешна: ломячы лазу,

Велікан , адзіны ў сваім родзе,

Ловіць трапяткую страказу

Ці маляўку на падсохлым бродзе.

Дзесьці белы бусел-клекатун

Водзіць карагоды чарадою.

Гэты ж, чорны, скончаны маўчун –

Не азвецца нават раніцою.

І тады, калі ляціць на Ніл,

Не лякае цішыню балота,

Ды яму куточак адвечны міл,

І яго не мучыць адзінота.

З выраю вярнуўшыся, дзівак

Перш за ўсё дзе-небудзь у зацішку

Дзюбаю абгладзіць чорны фрак

І пачысціць белую манішку.
2 вяд. У беларускім фальклоры ёсць таксама паданні пра паходжанне чорных буслоў. На адно з іх Валянцін Лукша напісаў вельмі прыгожую вершаваную казку. Дзеці, давайце ўзгадаем яе змест.

1 вяд. Чорны бусел занесены ў Чырвоную кнігу. У Бярэзінскім запаведніку налічваецца каля 20 пар чорных буслоў, якія штогод прылятаюць у свае гнёзды.

2 вяд. Наш фальклор багаты на прыказкі, прымаўкі, загадкі, прыкметы, павер’і, прыродныя з’явы пра буслоў.

Дзеці, прадоўжыце, калі ласка, прыказкі:

Не згарыш ніколі, браце, калі …ёсць буслы на хаце.

Бусел на страсе – …ліха абнясе.

Бусел гняздо вядзе – … вёску бяда абыдзе.

Пакрыўдзіш бусла – … наклічаш бяду.

Дзе бусел вядзецца – … там шчаслівае месца.

Бусел прыляцеў – … вясна будзе.


1 вяд. А зараз адгадайце загадкі, якія прынёс з сабою Бусел:

  1. Даўганосы землямер

Схапіў жабу за каўнер,

Па траве павалачыў, у канаве намачыў.

Вострым носам дзюбануў,

Уздыхнуў – і праглынуў. (Бусел)


2. Не доктар, а дрэвы лечыць. (Дзяцел)
3.Стукае, грукае, а нідзе яго не відаць. (Гром)
4. Хоць і страшная гадзюка –

Дужа не турбуйся:

Мігам спляжыць гэту злюку

Доўгай дзюбай … (бусел)

5. Не агонь, а пячэцца. (Крапіва)
6. Праз горы, даліны,праз тысячу сёл

З далёкай краіны вярнуўся пасол.

Спаважны, чыноўны, ён стаў на страсе,

У ботах чырвоных, каб бачылі ўсе. (Бусел)


7. Царэўна ў няволі, у цёмнай каморы,

А косы на сонцы, на вольнай прасторы. (Морква)


8. Пяць братоў у адным доме жывуць. (Рукавічка)
9. Растае сняжок, ажывае лужок, дзень прыбывае, калі гэта бывае? (Вясной)
10. Што ў нашым краі так паважаюць,

Што другім хлебам называюць? (Бульбу)


11. Чырвоная дзюба, чырвоныя пяты.

На лузе – цыбаты, у небе – крылаты. (Бусел)


2 вяд. А памятаеце дражнілку пра бусла?

Буслік, буслік-клекатун

Цягаў бабу за каўтун,

Цягаў, цягаў, валачыў

І ў балоце намачыў.
Персанаж Бусліка прысутнічае ў калыханцы, што ідзе па тэлебачанню.

Збеглі зайкі ўсе ў лясы,

Змоўклі птушак галасы

І буслы ў гняздо схавалі

Свае доўгія насы…
1 удзельнік. Здаўна старыя людзі па паводзінах буслоў вызначалі прыродныя з’явы. Так лічылася, калі бусел выкідае з гнязда яйка, то год будзе ўраджайны. Калі выкіне птушаня – галодны.

Калі буслоў многа па балоце ходзіць, то лета будзе мокрае, няма буслаў на балоце – сухое.

Буслы высока круцяцца – будзе яснае надвор’е.

Калі жаваранкі і буслы з поўдня рана вяртаюцца – на ільняных палетках ураджай багаты будзе.

Існуе і такое павер’е, што перад адлётам у вырай, буслы забіваюць сваіх слабых таварышаў.

2 удз. Ёсць такія прыкметы: калі дзяўчына ўбачыць бусла аднаго, то будзе яшчэ дзеўкаваць, а калі двух, то выйдзе сёлета замуж

Дзе бусел гнездзіцца, то там перуны не б’юць і град не падае.

Як бусла ўбачыш у палёце, то будзеш птушкаю ўвесь год лётаць, дужы і бадзёры.

3 удз. А яшчэ існуе павер’е-пажаданне: каб буслы заўсёды вяліся, то, зацягнуўшы барану ці кола на страху або дрэва, трэба пакласці ў гняздо грошы. Нельга скідваць гнёзды буслоў, тады чалавек за гэта будзе пакараны.
Бібліятэкар. Агляд літаратуры

Прагляд малюнкаў і фотаздымкаў
1 вяд. Каб мы з вамі маглі любавацца роднай прыродай, усе людзі павінны ахоўваць, берагчы ўсё жывое на зямлі, у тым ліку і такіх прыгожых птушак, як чорныя і белыя буслы, каб сябры нашы меншыя не засталіся толькі ў вершах, малюнках і фотаздымках.
2 вяд.

Ёсць добрае буслінае каханне.

Буслянка – гэта школа выхавання:

Як жыць, дружыць

І ў вырай адлятаць…

І нам з буслоў не сорам прыклад браць.



1 вяд.

Буслы да нас вясною зноўку вернуцца,

Як на зямлі прадзюбнецца трава.

Без чалавечай і буслінай вернасці



Няма ні дабрыні, ні хараства.
Песню “Аист на крыше” з рэп. С.Ратару вык. Наталля Крук


Выкарыстаная літаратура.


  1. Зямля стаіць пасярод свету… Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кніга 1. – Мн.: Маст. літ., 1996

  2. Бусел: Беларуская народная гульня.// Мастацтва. 1997. - №2. – С.68.

  3. Лебедзева М. Крылатыя сімвалы. // Родная прырода. – 1991. - №3.- С.23.

  4. Кавалёва Л. Над Белай Руссю – белы бусел: адкрыццё клуба “Буслік” у дзіцячай бібліятэцы №7. // Бібліятэка прапануе. – 2009. - №5. – С.11 -12.

  5. Касцючкова І. Над Белай Руссю – белы бусел: экалагічная гадзіна// Бібліятэка прапануе. – 2008. - №2. – С.15 – 18.

  6. Вясёлка: апавяданні, казкі, вершы. – Мн., 1997. 224 с.

  7. Мятлюк Т. Свята прылёту бусла // Пачатковае навучанне. – 2011. – №3. – С.76 – 79.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка