Нацыяналізм у свеце. Даведнік. Часткі 1 ірляндзкая рэспубліканская армія: у барацьбе за свабоду




старонка1/5
Дата канвертавання15.03.2016
Памер0.96 Mb.
  1   2   3   4   5
Нацыяналізм у свеце. Даведнік. Часткі 1-2.


ІРЛЯНДЗКАЯ РЭСПУБЛІКАНСКАЯ АРМІЯ: У БАРАЦЬБЕ ЗА СВАБОДУ
"Усё магчыма ў гэтай краіне, акрамя капітуляцыі"

IRA
Гэтая выспа (70 тыс. кв. км.), якую яшчэ называюць Зялёнай і якую кёльты, продкі сучасных ірляндцаў, засялілі яшчэ ў ІV ст. да н.э., мае няшчасьце быць суседам Вялікабрытаніі. Пачынаючы з 1169 г. ангельцы рабілі туды спусташальныя паходы. Толькі Олівер Кромвель "скараціў" аўтахтоннае насельніцтва Ірляндыі з 1,5 млн. чал. у 1646 г. да 850 тыс. у 1652 г. У 1845 - 47 гг. у выніку голадамору на выспе памерла каля 1 млн. чалавек, а яшчэ каля 1,5 млн. эмігравалі. Цяпер у ЗША жыве ірляндцаў болей, чым у Бацькаўшчыне. "Ачышчаныя" землі не засталіся пакінутымі: яны масава засяляліся ангельцамі. Здавалася , што фізычна зьнішчаны, абяскроўлены і асіміляваны народ ня выжыве. Але здарылася нечаканае: пад ціскам непрымірымай барацьбы IRA каланізатары вымушаны былі прызнаць незалежнасьць Ірляндыі, але ейны паўночны ўсход - ОЛЬСТЭР - пакінулі сабе. З 1969 г. IRA цэнтр сваёй дзейнасьці пераносіць на гэтую тэрыторыю і з таго часу тут ідзе бесперарыўная барацьба за волю.

Восем стагоддзяў беспасьпяхова намагалася Ангельшчына пакарыць Ірляндыю й ірляндцаў.

Зямля гарэла пад нагамі й не было канца ахвярам з абодвух бакоў. Здавалася, што рэкі пралітай чалавечай крыві прымусяць абедзьве суседнія дзяржавы не адмаўляць сабе ды сваім народам мець мір. Але паўночная частка в. Эйрэ не здавалася, метраполія - не адступала..

Першы "экспедыцыйны" корпус у Ірляндыю адправіў яшчэ кароль Генрых ІІ у 1169 годзе. І з таго часу ня мелі гэтыя землі ў Паўночнай Ірляндыі спакою ды міру. У ХІІ ст. тэрыторыя Ольстэру была ўжо падпарадкавана ангельскай кароне. Дэградацыя кіруючай касты ды пастаянныя канфлікты паміж кланамі ірляндзкіх правадыроў Ленстэра й Ольстэра прыводзяць да таго, што ў ХІІІ ст. ірляндцы ўжо мелі на сваёй шыі цяжкае ярмо Плантагенэтаў. Народ стагнаў у ярме, а "вожди" , якія ніяк не маглі знайсьці паміж сабою паразуменьня, толькі й ведалі, што пасылалі да Папы Рымскага ганцоў са "сьлёзнымі" лістамі пра дапамогу, жалючыся на ангельцаў: " ... яны са сваёй сілаю напалі на наш народ і намагаліся поўнасьці яго зьнішчыць...". Такая бесхрабетнасьць ды блізарукасьць "вождей" ірляндзкага народу, іх няздольнасьць аб'яднацца й падняць народ на супраціў захопнікам урэшце-рэшт прывялі да трагічных вынікаў.

Ужо ў 1541 годзе ангельскі кароль Генрых VІІІ прымае тытул караля Ангельшчыны й Ірляндыі. Хуткімі тэмпамі ідзе каланізацыя тэрыторый, ствараюцца пейлі (ангельскія калёніі), зьнішчаецца кланавасьць, ідзе насаджэньне новай "нацыянальнай" вярхушкі. Вынікі такой безапеляцыйнай палітыкі Ангельшчыны ў адносінах да сваёй калёніі адгукаецца яшчэ й сёньня крывавымі сутычкамі на вуліцах гарадоў Паўночнай Ірляндыі ды незатухаючаю "вайной у натоўпе", адгалоскі якой усё часьцей у апошні час чуе ў сябе Ангельшчына.

А тады гэта вылілася толькі ў асобныя выбухі паўстаньняў, асабліва пад кіраўніцтвам Шона О'Нейла ды Дэсманда ў 1579-1583 гг., Цірона й Пірканэля ў 1595 - 1603 гг. Часьцяком прычынай гэтых паўстаньняў служыла міжканфесыйная барацьба ды прагненьне аднавіць "даўнія свабоды". На жаль, паразы ірляндцаў у гэтых паўстаньнях прывялі да канчатковай канфіскацыі іхных земляў ды засяленьне іх каляністамі, зьнішчаюцца рэшткі ірляндзкай кіруючай касты. Пад час апошняга паўстаньня ў 1595-1603 гг. намесьнік ангельскае кароны лорд Маўнтджой рабіў справаздачу каралеве Лізавеце з Ірляндыі: "Вашай Вялікасьці няма чым кіраваць у гэтай краіне, хіба што горамі пеплу ды мёртвымі". Але, нягледзечы, камандуючы ангельскаю арміяю ў Ірляндыі Дж. Орманд атрымае загад ад 23 лютага 1641 году, у якім гаворыцца:

"разбураць, забіваць, зьдзіраць скуру й зьнішчаць паўстанцаў усімі сродкамі й магчымасьцямі". Ірляндзкі народ працягвае сваю барацьбу, не зважаючы на жорсткасьць ангельцаў, яна нават набірае больш дакладнай скіраванасьці. Пачынаючы з гэтага й сёньня нескладаюць зброю, ян не хаваюцца ў "крайнія" хаты, яны абараняюць Бацькаўшчыну ад захопнікаў.

Прайграўшы ў адкрытых вайсковых дзеях, каторыя разгортваліся пад час вышэйзгаданых паўстаньняў, ірляндцы вымушаны былі перайсьці да падпольнай барацьбы. Увесь гэты час не затухаюць выбухі паўстаньняў, чыніцца адчайны супраціў акупантам. Гінуць нязломныя, на зьмену ім прыходзяць новыя байцы. Барацьба набірае ўжо арганізаваныя формы. Утвараюцца першыя арганізацыі й братства. Пастаянна тэрарызуюць захопнікаў і уласных здраднікаў таемныя сялянскія арганізацыі "Белыя хлопцы", "Хлопцы Сьвітанку", "Рыббаніты". Агульнаэўрапейскія палітычныя працэсы сярэдзіны-канца ХІХ ст. не абыходзяць і Ірляндыю. Адбываецца "нацыянальнае абуджэньне" ірляндцаў, вынікам чаго стала ўзьнікненьн новых арганізацыяў "Маладая Ірляндыя" (заснавана ў 1842 г.) ды "Ірляндзкае рэвалюцыйнае братства" (заснавана ў 1858 г.). Увесь гэты час незатухаюць паўстаньні. У 1848 годзе ірляндцы б'юць захопнікаў пад кіраўніцтвам Ф. Лаларома ды Дж. Мітчэла. Зноў параза, зноў барацьба. З узьнікненьнем "Ірляндзкага рэвалюцыйнага братства" актывізуюцца феніі. Пры спробе паўстаньня ў 1867 г. феніі схіляюцца да тэрору як формы барацьбы.

Пачатак ХХ ст. характарызуецца для Ірляндыі актывізацыяй барацьбы за самакіраваньне на сваёй уласнай зямлі. У 1905 г. Артурам Грыфітсам засноўваецца партыя Шын Фейн ("Мы Самі"), якая ў супрацьвагу ідэі самакіраваньня вылучае ўжо ідэю поўнай нацыянальнай незалежнасьці. У гэты час працэсы нацыянальнага самавызначэньня ірляндцаў выклікаюць рэзкую занепакоенасьць у жыхароў Ольстэру, дзе ўжо тады большасьць складаюць перасяленцы - ангельцы (пераважна пратэстанты) ды тыя, хто ўжо адназначна ўсьведаміў сябе ангельцам. Сярод іх пачынаюць стыхійна ўтварацца т. зв. "самаабаронныя аддзелы", якія пачынаюць узбройвацца. Ствараецца Юніанісцкая Ліга. Барацьба набывае лакальны характар. І галоўнаю арэнаю яе перадусім становіцца Ольстэр.

Адбываюцца першыя крывавыя сутычкі паміж юніаністамі (назва ад "Юніан Джэк" (назва ангельскага сьцягу)) ды ірляндцамі каталікамі. У супрацьвагу бандам юніаніста Карсана, якія затэрарызавалі каталіцкае насельніцтва Ольстэру, пачынаюць стварацца й першыя паўвайсковыя фармаваньні ірляндцаў. Так у канцы 1913 году па ініцыятыве "Ірляндзкага рэвалюцыйнага братства" ствараецца арганізацыя "Ірляндзкія валанцёры".

У 1919 г. яшчэ зусім маладая партыя Шын Фейн перамагае на выбарах у брытанскі парлямант. Яна атрымала 73 месца са 105 "ірляндзкіх". Перамога гэтай партыі, яшчэ сапраўды маладой, засьведчыла ў першую чаргу не слабасьць ворагаў, а толькі поўную падтрымку выбаршчыкамі лёзунгаў, з якімі партыя ішла на выбары. Найгалоўнейшымі зь іх былі - палітычная самастойнасьць Ірляндыі ды спрыяньне разьвіцьцю нацыянальнай прамысловасьці. Справа ў тым, што пасьля падзелу Ірляндыі вузкасьпецыяльная прамысловасьць Ольстэру (суднабудаўніцтва, швейная прамысловасьць) амаль цалкам былі арыентаваны на ангельскі рынак збыту й поўнасьцю залежалі ад кан'юктуры Ангельшчыны. У эканамічных адносінах Ольстэр зьяўляўся толькі прыдаткам для метраполіі. Вось чаму й сёньня становішча ў Паўночнай Ірляндыі такое, што большасьць ейных прадпрыемстваў належыць ангельскаму капіталу. Пра засільле іншаземнага капіталу сьведчаць афіцыйныя дадзеныя: каля 45% вялікіх фірм і прадпрыемстваў належаць Ангельшчыне, 20 % - ЗША, 10% - капіталу краінаў "Агульнага рынку".

Здавалася б, пры такім разкладзе ў ірляндзкай дэлегацыі ў ангельскі Вестмінстэр можна было разьлічваць на вырашэне набалелых пытаньняў парляманцкім шляхам. Але брытанская акупацыйная ўлада ды юніаністы давялі становішча ў Ольстэры да такога крызісу, што вырашэньне пытаньняў не магло адбыцца шляхам перамоваў ці нейкага галасаваньня. Пачалася барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць. Вось таму катэгарычна не пагаджаючыся з палітыкай Брытаніі на землях Ольстэру, дэпутаты ад Шын Фейн адмовіліся браць удзел у рабоце брытанскага парляманту. 21 сьнежня 1919 г. яны правялі паседжаньне першага ірляндзкага устаноўчага сходу. Незважаючы на тое, што 36 з 73-х абраных ад Шын Фейн дэпутатаў знаходзіліся ў астрозе ды на актыўнае байкатаваньне з боку юніаністаў, сход усё-такі адбыўся. На ім была прынята Дэкларацыя незалежнасьці Ірляндыі, якая абвяшчала аднаўленьне Ірляндзкае рэспублікі ды стварэньне Ірляндзкага нацыянальнага парляманту (Дойла). Прэзыдэнтам ды кіраўніком ураду Ірляндзкае рэспублікі становіцца Эймон дэ Валера (1882 1973 гг). Ён выхадзец з вайсковай арганізацыі "Ірляндзкія валанцёры", актыўны ўдзельнік і кіраўнік Дублінскага паўстаньня 1916 году, за што быў асуджаны акупацыйнаю ўладаю да расстрэлу, якое потым памянялі на пажыцьцёвае пакараньне. З 1917 г. - лідэр партыі Шын Фейн. У 20-х гадах узначальваў войска рэспубліканцаў ў грамадзянскай вайне супраць прыхільнікаў падзелу Ірляндыі. З 1959 году й да сваёй сьмерці займаў пасаду прэзыдэнта Ірляндыі.

Афіцыйны Лёндан не прымусіў сябе доўга чакаць. У верасьні 1919 г. ангельская ўлада абвясьціла ірляндзкі парлямант ды ўрад па-за законам ды забараніла дзейнасьць усіх партыяў і арганізацыяў праірляндзкай арыентацыі. Так пачалася ангельска-ірляндзкая вайна 1919 -1921 гг. Вось з гэтага моманту пачынаецца гісторыя Ірляндзкай Рэспубліканскай Арміі (IRA).

Створаны аддзелы IRA пасьля падпарадкаваньня міністэрству абароны Ірляндыі арганізацыі "Ірляндзкія валанцёры" ды іншых паўвайсковых і самаабаронных структур. Ужо 01. 09. 1919 г. аддзелы IRA пачынаюць напады на казармы ангельскіх войск ды паліцэйскія ўстановы. З боку ангельцаў ды юніаністаў пачынаецца беспрэцэдэнтнае паляваньне на ірляндцаў-каталікоў. Так, толькі 21 лістапада 1920 г. на стадыёне ў Дубліне ангельцамі было расстраляна 73 мірных жыхара. У самы разгар баявых дзеяньняў, у сакавіку 1920 года, Вестмінстэр прыняў Акт пра кіраваньне Ірляндыяй. Гэтым законам быў зацьверджаны парлямант для шасьці графстваў Ольстэру (Антрым, Арма, Дэры, Даўн, Фермана ды Цірон). Фактычна, гэтым ангельцы хацелі трохі нармалізаваць сытуацыю ды "купіць" ірляндцаў. Але нязломная IRA працягвала баявыя дзеяньні, іх не цікавілі нейкія частковыя рашэньні. Яны хацелі перамогі!

Да восені 1920 г. IRA выбіла каралеўскія войскі практычна з усіх населеных пунктаў Ірляндыі. А ўжо ўлетку аддзелы IRA вырасьлі колькасна да 100 тысяч чалавек. Працягваецца крайняя палярызацыя грамадзтва. "Вока за вока, кроў за кроў". Юнаністы схіляюцца да крывавых пагромаў і жорсткіх ганеньняў на ірляндцаў-каталікоў у Ольстэры. У лістападзе 1920 г. атрымаў афіцыйнае вызнаньне Лёндану як сіла "забесьпячэньня парадку" т. зв. "корпус ольстэрскіх дабраахвотнікаў", які ўрад Лойда Джорджа расцэньваў як сваю "пятую калёну" у Ольстэры. Гэтая арганізацыя добра фінансавалася, была матарызаванаю ды ўзброенаю. Звычайна, складалася х юніаністаў ды іх прыхільнікаў.

23 сьнежня 1920 г. пасьля гучнай цэрымоніі падпісаньня акту пра кіраваньне Ірляндыяй, ангельскім каралём Георгам V падзел Ірляндыі быў узаконены. Урад шасьці графстваў ачоліўперакананы юніаніст Дж. Крэйг. Так, толькі абвясьціўшы незалежнасьць, Ірляндыя, знаходзячыся ў вогнішчы вайны, практычна яе згубіла. Лёндан жа працягваў палітыку генацыду адносна ірляндцаў. Як і раней, Ангельшчына вырашыла канчаткова прыбраць Паўночную Ірляндыю да сваіх рук.

Да бунтуючага Ольстэру накіроўваліся перасяленцы, пераважна ангельцы ды шатляндцы. Будынкі для іх пад-час пагромаў вызвалялі юніаністы, а грошы на адпраўку першага эшалону сабралі лёнданскія буржуа.

У такім становішчы вясной 1921 г. на выбарах у парлямант Паўночнай Ірляндыі перавагу ўжо атрымалі юніаністы (40 мандатаў з 52 - х). Але вайна працягваецца й ідзе з пераменным посьпехам. Разбурэньні ды колькасныя ахвяры прымушаюць частку кіраўніцтва Шын Фэйн (Косгрэйв, Колінз) пайсьці на кампраміс з ангельцамі. 6 сьнежня Грыфітц ды Колінз з аднаго боку ды Лойд Джордж, Чэмберлен ды Чэрчыль з іншага падпісалі ў Лёндане дагавор паміж Ангельшчынай і Ірляндыяй. 7 студзеня 1922 г. юніанісцкая большасьць ў парляманце Ірляндыі ўхваліла дамову. Супраць яе выступіла толькі IRA ды непрымірымая частка Шын Фэйн. Само падпісаньне гэтага дагавору і стала прычынай расколу ў Шын Фэйн на тых, хто ўскладваў надзею на перагаворны працэс, і на тых, хто спадзяваўся толькі на сілу, падмацаваную зброяй. Праз два месяцы пасьля гэтых падзей аддзелы IRA пачалі актыўныя вайсковыя дзеяньні. Гэтым яны пачынаюць грамадзянскую вайну, гэтым яны ставяць сябе па-за законам. Цяпер супраць іх усе - і "свае", і юніаністы, і ангельцы. Тады Катал Эўлдзінг (адзін з кіраўнікоў IRA) скажа: " мы змагаліся за незалежнасьць Ірляндыі, ня маючы для гэтага нейкага пляну, мы плянуем толькі саму барацьбу, мы ніколі не маглі спадзявацца на посьпех, таму што мы ніколі не плянавалі дасягненьня посьпеху".

У пекле гэтай вайны нават былыя сябры апынуліся па розныя бакі барыкады. Так, дэ Валера выступае за працяг барацьбы й ачольвае войскі рэспубліканцаў, у той жа час яго былы пабрацім па барацьбе яшчэ па дублінскаму паўстаньню 1916 г. Колінз 22.08.1922 г. гіне ад куль IRA. Яны не даравалі яму падпісаньня дагавору 6 сьнежня 1921 г.

Скарыстаўшыся часовым перамір'ем з некаторымі лідарамі рэспубліканцаў, новы рэспубліканскі ўрад Дж. Крэйга праводзіць выбары ў Дойл, ухваляе Канстытуцыю, робіць выгляд міралюбства ... і ў той жа час аддае загад пра наступленьне на падразьдзяленьні IRA.

Сілы былі няроўныя. З 28 чэрвеня да 5 ліпеня 1922 году абараняўся Дублін. Геройскі загінуў К. Бруге - вайсковы міністар рэспубліканцаў. Расстраляны лідары IRA О'Конар ды Мэлоўз. Дэ Валера (які, дарэчы, служыў у IRA звычайным маёрам) як прэзыдэнт ды кірашнік ураду незалежнай Ірляндыі аддае загад пра пераход IRA у падпольле, працягваючы вайну шляхам тэрору.

У сваю чаргу юніаністы, адчуваючы смак перамогі, пераходзяць да жахлівых пагромаў. Так, у перыяд з 21 чэрвеня 1921 г.да 18 чэрвеня 1922 году яны забілі 428 ірляндцаў-каталікоў, 1766 чалавек - цяжка паранілі, каля 9 тыс. чал.- згубілі работу, каля 24 тыс. чал. - згубілі сваё жыльлё ў выніку пагромаў. Цікава, як парлямант Паўночнай Ірляндыі рэагаваў на падзеі, што адбываліся. У сакавіку 1922 г. юніанісцкая большасьць ў парляманце прымае "Акт пра грамадзянскія паўнамоцтвы", дзе ўлада і паліцыя атрымала дазвол праводзіць без санкцыі арышты асобаў ды трымаць іх пад арыштам неабмежаваны тэрмін без прад'яўленьня абвінавачаньня. Паліцыі дазвалялася уваходзіць у жыльлёвыя памяшканьні ў любы час ды праводзіць ператрусы без папярэджаньня, збдзяйсьняючы пры гэтым цялесныя пакараньні. Улада ж у выпадку "беспарадкаў" мела права ўводзіць камэнданцкую гадзіну ды забараняць правядзеньне розных сходаў, нават кірмашоў. Гэты "акт" меў сьпіс "незаконных" арганізацыяў, у якім адной з першых была IRA. У 1932 годзе ён быў заменены "Законам пра надзвычайныя паўнамоцтвы". А ў сьнежні 1956 г. як дадатак да гэтага "закону" урад увёў сыстэму інтэрнаваньня - пазбаўленьне свабоды без суда і сьледзтва.

Але й пасьля такога ціску IRA працягвае дзейнічаць. На пагромы юніаністаў IRA адказвае забойствам прэм'ер-міністра О'Хігінса 10 ліпеня 1922 г. А ўжо пры актыўнай дапамозе IRA у студзені 1932 г. на выбарах перамагае партыя Фіана Файл (у перакладзе "жаўнеры долі"), заснавальнікам якой быў усё той жа дэ Валера. У гэты ж час магчымаю стала рэабілітацыя IRA. Яна адразу ж пачынае актыўныя баявыя дзеяньні супраць Ангельшчыны, праводзячы мытна-памежную вайну на працягу 1932 - 1938 гг. Адчуваючы ўзмацненьне ўплыву IRA, Лёндан арганізуе брудныя правакацыі. Так, улетку 1932 г. ды восеньню 1934 г. імі арганізуюцца ды фінансуюцца т. зв. Выступленьні "сініх кашуляў" ад партыі Фінэ Гэйл. Набіраючы сілы, IRA жорстка прыдушвае гэтыя антыдзяржаўныя выступы. Атрады "сініх кашуль" расфармаваны, дзейнасьць кампартыі забаронена.

У перыяд 2 -ой сусьветнай вайны, хоць урад Ірляндыі афіцыйна заняў нейтралітэт, матывуючы яго тым, што ня можа мець аніякага саюзу з Ангельшчынай, усё-такі паддаўся на прамы ціск Лёндану й забараніў дзейнасьць IRA. Кіраўніцтва IRA трапляе ў канцлягеры. Але пасьля заканчэньня вайны, ужо ў пачатку 50-х гадоў IRA зноў заявіла пра сябе, пачаўшы баявыя дзеяньні на мяжы з Ольстэрам. У тыя гады было праведзена каля 600 баявых акцый. Напрыканцы 50-х гадоў кіраўніцтва IRA бярэ ўдзел у стварэньні Асацыяцыі грамадзянскіх правоў у Паўночнай Ірляндыі. Парушэньне гэтых правоў у Ольстэры набрала такі размах, што нават заўсёды "неўважлівая" эўрапейская "супольнасьць" зьвярнула на іх увагу, пачаўшы сьледзтва ў камісіі Эўрапейскага Суду. Гэта ўжо пазьней (18 студзеня 1978 г.) Эўрапейскі суд прызнае, што Вялікая Брытанія цалкам вінаватая ў парушэньні арт.3 Эўрапейскай канвенцыі пра правы чалавека і нясе адказнасьць за жорсткае і прыніжаючае годнасьць чалавека абыходжаньне з затрыманымі і вязьнямі ў Паўночнай Ірляндыі. Тэрор акупацыйных войск і юнаністаў супраць мірнага насельніцтва насіў адкрыта нематываваны характар. Людзей хапалі і забівалі толькі за тое, што яны католікі, што яны ірляндцы. Перапалоханы паўночнаірляндзкі ўрад, каб неяк зьмякчыць сытуацыю, набіраецца мужнасьці і абвяшчае па-за законам арганізацыю, на руках якой найбольш крыві нявінаватых людзей - "корпус ольстэрскіх дабраахвотнікаў". У той жа час абаронца ірляндзкага насельніцтва IRA знаходзіцца ў падпольлі ды дзейнічае па-за законам яшчэ з часоў грамадзянскай вайны 1922-1923 гг.

Знаходзячыся ў такіх умовах, пад пастаянным ціскам, адчуваючы небясьпеку для свайго жыцьця на кожным кроку, звычайна ж не ўсе змаглі вытрымаць напружаньне і тэмп барацьбы і ў Шын Фэйн, і ў самой IRA. У 1970 г. IRA распадаецца на два лягеры - т.зв. "афіцыйная" IRA, каторая прыпыніла збройную барацьбу і перайшла да прапагандовай работы ў масах, ды "часовая" IRA, кторая засталася вернаю сваім ідэям ды тактыцы вядзеньня збройнай барацьбы супраць прыгнятальнікаў. Трэба адзначыць, што ў сярэдзіне 70-х гадоў "афіцыйная" IRA увогуле прыпыніла сваю дзейнасьць, так у поўнай меры і ня выканаўшы сваёй місіі, але гэтаму спрыялі яшчэ і дзеяньні былых сяброў па зброі з "часовай" IRA, каторыя не змаглі прабачыць здрады ідэалам барацьбы за свабоду Бацькаўшчыны і не ўпускала магчымасьці ўдарыць "афіцыйнікаў". Барацьба працягваецца. І гэтая вайна працягваецца, не затухаючы ні на адзін дзень. Вайна на татальнае зьнішчэньне з боку адных, вайна, як адзіны спосаб абароны з боку іншых. Ангельцы і тады, і зараз апраўдваюцца, што яны вымушаны трымаць вялікія вайсковыя ды паліцэйскія сілы толькі для "захаваньня спакою ды міру на вуліцах гарадоў Паўночнай Ірляндыі". Што яны такія міралюбныя ў адносінах да ірляндцаў-каталікоў і даўно б іх мелі за паслухмяных "малодшых братоў", калі б ня гэтая IRA. А яны такія законапаслухмяныя, што не зрабілі б ніводнага стрэлу ў Ольстэры, калі б не пастаянная стральба ды правакацыі з боку IRA. Такім чынам праводзілася й праводзіцца подлая кампанія на стварэньне ў сьвядомасьці грамадзкасьці сьвету скрыўленага вобразу "ірляндзкіх тэрарыстаў-галаварэзаў, кроважэрныя маньякаў". І гэтаму вераць. І ўжо сёньне кожнае ўзгадваньне пра IRA суправаджаецца ў прэсе абавязковым - "тэрарызм". Хоць, як раней, гэтак і зараз гэтым хлопцам па вялікаму рахунку ўсё-роўна, як нехта іх называе, яны працягваюць абараняць свае сем'і, сваё права на свабоду, сваю Бацькаўшчыну. Адзінае, што яны робяць, - гэта адэкватна адказваюць на тэрор ды беззаконьне.

Сёньня гэтае імя стала сымболем у Ірляндыі. Сымболем веры, ахвярнасьці, нязломнасьці і гераізму. Роберт Сэндс загінуў пад-час галоднага страйку палітвязьняў ольстэрскай турмы Мэйз - гераічнай эпапеі, якая працягвалася доўгія 216 дзён і начэй. Турэмнае пекла пад назваю "ЭЙЧ-БЛОК" (H-BLOCK) стала апошнім бастыёнам на полі бою для дзесяці няскораных ірляндцаў.

Яны былі тымі, хто змог месца заключэньня ператварыць у фартэцыю духу, хто ня склаў рук і не згубіў веры. Пратэстуючы супраць парушэньня правоў чалавека, супраць акупацыі Бацькаўшчыны ангельцамі й этнацыду, яны абвясьцілі бестэрміновую галадоўку, дамовіўшыся, што калі нехта з галадаючых памрэ, яго месца займе палітвязень-аднадумец.

Дэпутат Бобі Сэндс быў першым. Ён аддаў юнае жыцьцё за СВАБОДУ І ГОДНАСЬЦЬ народу. ГЭТА АДБЫЛОСЯ 5 ТРАЎНЯ 1981 ГОДУ.

Цынічныя падлюгі з ангельскай "дэмакратычнай" прэсы абазвалі юнака бяздумным фанатыкам, але сьвет жахнуўся, калі з фартэцыі Мэйз павезьлі труну за труной.

Запомніце гэтыя імёны: БОБІ СЭНДС, ФРЭНСІС Х'ЮЗ, РАЙМОНД МакКРЫШ, ПАТРЫК О'ХАРА, ДЖОЗЭФ МакДОНЭЛ, МАРЦІН ХЭРСАН, КЭВІН ЛІНЧ, КАЙРЭН ДАХЕРЦІ, ТОМАС МакІЛВІ, МАЙКЛ ДЭВІН. Іх узрост: 25, 24, 26, 32, 27, 32, 28 ...

Да беларусаў цяжка даходзіць сэнс такіх рэчаў. Мы звыклі змагацца перамовамі, галасаваньнем, інтрыгамі, плачамі, песьнямі, адзначэньнем сумных дат, канферэнцыямі ды фуршэтамі...

Калі вы застанецеся сам-насам са сваім сумленьнем, узгадайце гэтых хлопцаў з Ольстэру, якія для Бацькаўшчыны аддалі ўсё.
Яны не будуюць аніякіх ілюзіяў адносна сваёй будучыні, яны проста выдатна, у адрозьненьне ад нашых бульбашоў ведаюць і ўсьведамляюць гісторыю СВАЙГО народу ды СВАЁЙ дзяржавы. Гісторыю узаемаадносінаў няскоранай калёніі ды агрэсіўнай метраполіі. А яны былі заўсёды надзвычай "сяброўскімі".

За часы ўзаемаадносін Ольстэру ды метраполіі каталіцкае насельніцтва, аснову якога складалі ірляндцы, практычна ня ведала спакою, яно ня мела нармальнага разьвіцьця. Па афіцыйным падлікам, у кожнай чацьвёртай ірляндзкай сям'і ёсьць загінуўшыя й параненыя, інтэрнаваныя або вязьні. Масавае беспрацоўе, небывалы паўсядзённы ціск з боку пратэстанцкай большасьці, адкрытае беззаконьне з боку Ангельшчыны практычна паставілі ірляндцаў у бязвыхаднае становішча - смерць з-за кута або дэпартацыя з аднаго боку ды збройны супраціў з іншага. Але засталася пэўная колькасьць тых наіўных, хто яшчэ верыў у нейкую справядлівасьць ды "дэмакратыю", або тых, хто ратуючы сябе пайшоў на супрацоўніцтва з каланізатарамі. Самі ж ангельцы працягвалі адзначацца сваёй "міратворчасьцю" і ў заканадаўстве, і ў практычнай частцы сваёй дзейнасьці. Ірляндцы, узятыя ў клешчы паміж юніаністамі ды ангельцамі-захопнікамі, не маглі ні на што разьлічваць, акрамя барацьбы. Вядома, як напрыклад, у 1967 г.практычна было праігнаравана волевыяўленьне ірляндцаў пад-час выбараў. Яны ня ведалі пра гэта, але схема была надзвычай простай - у сьпісы для ўдзелу ў галасаваньні ў ангельскі парлямант, выбарчымі камісіямі (якія вядома з каго складаліся) было занесена 909841 чалавек, у Стормант (паўночнаірляндзкі парлямант) - 933724, у той час, як на выбарах у мясцовыя ворганы ўлады праходзіла па сьпісах усяго 694483 чалавекі. Усё гэта адбывалася ў Ольстэры, і такім чынам голас ірляндцаў адназначна заставаўся ў меншасьці. Далей гуляць у "дэмакратыю" маглі толькі дурні. Далейшыя падзеі, якія разгарнуліся ў Паўночнай Ірляндыі, цалкам падцьвярджаюць гэта.

Калі ў верасьні 1970 г. "аб'яднаны камітэт бясьпекі", у які ўвайшлі прадстаўнікі паўночнаірляндзкай улады ды ангельскіх экспедыцыйных войск, прыняў рашэньне "жорстка падаўляць кожнае выступленьне супраць юніанісцкага рэжыму", тады толькі IRA зноў узялася за зброю. Усіх іншых чакала масавая дэпартацыя 1971 году і карная аперацыя "Дэметрус". У тым жа 1971 г., у траўні, міністар абароны Ангельшчыны лорд Боніэл дакладваў у ангельскім парляманце, што вайскоўцам дазволена адкрываць агонь, "калі яны будуць лічыць гэта неабходным для абароны свайго жыцьця". "Томі" ня прымусілі сябе доўга чакаць. На вуліцах Ольстэру пачалася бясконцая стральба. Улетку 1971 г. у Дэры ангельскімі жаўнерамі быў забіты малады ірляндзец Барні Уот. Ён ня быў байцом IRA, ён проста пераходзіў вуліцу ў забароненым месцы, а яшчэ ён быў каталіком. Гэтага аказалася дастаткова, каб атрымаць кулю. Ужо на наступны дзень у ірляндзкім гета вышыхтоўваліся чэргі да дзьвярэй, на якіх віселі надпісы: "Уступай у IRA!" На забойства Уота IRA адказала забойствам ангельскага жаўнера. У гэтых хлопцаў словы з канкрэтнымі справамі не разыходзіліся ніколі.

Ангельцы ды іх пасобнікі ў сваю чаргу адпавядалі яшчэ большым тэрорам і беззаконьнем. Толькі з верасьня 1969 г. да студзеня 1972 г. праз турмы ў Ольстэры прайшлі каля 1200 чалавек. Людзі, каторыя выйшлі адтуль, былі ўжо зусім іншымі, яны ўжо па-іншаму глядзелі на ўсё, што адбывалася ў іх краіне, яны без ваганьняў ішлі ў IRA. Ангельцы здагадваліся пра гэта, але ня ведалі, як іншым спосабам можна было б апусьціць ірляндцаў на калені. А зрабіць гэта можна было б толькі зьнішчыўшы IRA. Таму бясконца працягваліся пагромы, арышты, забойствы... Але нават халодныя муры вялікіх гарадоў Ольстэру сьведчылі сваімі надпісамі, што барацьба не на жыцьцё, а на сьмерць працягваецца: "Ні на дзюйм!", "Да той пары, пакуль мы ня сталі вольнымі, мы ўсе ў вязьніцы!"


У бедных каталіцкіх кварталах і акругах, дзе масавае беспрацоўе, злачынцы, ірляндцы дэпутатамі абіраць толькі хлопцаў з IRA, каб хоць неяк зьберагчы іх ад турмы парляманцкай "недатыкальнасьцю".

У будынках ірляндцаў на сьценах партрэты жывых і мёртвых лідэраў Шын Фэйн, вайсковыя плякаты IRA. Ірляндцы хочуць, каб іх Бацькаўшчына была вольнай і адзінай для ўсіх ірляндцаў-каталікоў. Яны ніколі ня выберуць дэпутатам ангельскага юрыста. Яны нікога ня выберуць, акрамя дэпутата-рэспубліканца.

Гэта - іх нацыянальнае пакліканьне, доўг за Нацыю перад Богам, абавязак перад продкамі і нашчадкамі і іх карма...

"Таталітарныя тэндэнцыі заходняга грамадзтва робяць традыцыйныя шляхі пратэсту неэфектыўнымі і, магчыма, нават небясьпечнымі, паколькі яны захоўваюць ілюзію вяршэнства народу" (Герберт Маркузэ).


На пачатку 70-х гадоў, з прыходам да ўлады партыі Фіана Файл склаліся спрыяльныя ўмовы для нармалізацыі сытуацыі ў Паўночнай Ірляндыі. У гэты час выходзіць з падпольля IRA. І вось тут ангельскія "міратворцы" паказваюць сваё сапраўднае аблічча. Спачатку ў Дэры 30 студзеня 1972 г. ангельскія вайскоўцы расстрэльваюць мірную дэманстрацыю, каторая выступіла з лёзунгамі абароны правоў чалавека. "Крывавая нядзеля" Дэры ўразіла ўвесь сьвет. І "увесь сьвет" змог толькі памахаць "дрэннаму ангельскаму хлопчыку" пальчыкам! Пісклявы голас "абаронцаў дэмакратыі і правоў чалавека" і раней тануй у стрэлах на вуліцах Ольстэру, але ў тыя дні ў Лёндане нават не зьвярнулі ўвагу. Бо ўжо ў лютым 1972 г. ангельскі парлямант ухваліў закон, згодна з якім брытанскія ваяры не маглі быць прыцягнутыя да судовай адказнасьці за насільле ў адносінах да жыхароў Паўночнай Ірляндыі. Так узаконьваліся забойствы ды арышты, так узаконьваўся генацыд ірляндцаў-каталікоў. Лёндан ня быў зацікаўлены ў нармалізацыі абстаноўкі, бо інакш яму давялося б ісьці з гэтых земляў прэч. "Томі" адпрацоўвалі спаўна грошы дзяржаўнага скарбу, але кожны дзень "ольстэрскай вайны" абыходзіўся ў дзесяткі тысяч фунтаў стэрлінгаў. Урэшце- рэшт усё скончылася ў тым жа 1972 годзе роспускам ольстэрскага парляманту і ўвядзеньнем вайсковага становішча. 30 сакавіка 1972 года ангельскі парлямант ухваліў законапраект пра ўвядзеньне ў Паўночнай Ірляндыі прамога праўленьня Лёндану. У пратэстанцкіх кварталах гэтую навіну сустрэлі сьпевамі гімну "Я нарадзіўся пад Юніан Джэк", у каталіцкіх кварталах Белфаста і Дэры пачалася аперацыя "Матормэн". Гэта была сапраўдная вайсковая аперацыя з удзелам бронетэхнікі, 13 тысяч ангельскіх жаўнераў, 9 тысяч карнікаў з "Палку абароны Ольстэру" ды 6 тысяч паліцэйскіх супраць звычайнага мірнага каталіцкага насельніцтва. Так заўсёды было ў Ольстэры. Брытанскія парашутысты, якія прайшлі Конга, Індыю ды іншыя канфліктныя зоны, тут павышалі сваю "прафэсыйнасьць" на мірным насельніцтве. Калі ў верасьні 1969 г. узята прыступам каталіцкае гета Фолс-роўд, то байцы IRA, якія знаходзіліся там з мэтаю абароны насельніцтва гэтага кварталу, мелі ўсяго адзін аўтамат "томпсан", адну стрэльбу ды адзін пісталет.

І яны абараняліся! Увогуле, гатоўнасьць ісьці на сьмерць дзеля сваёй справы, дзеля вызваленьня Бацькаўшчыны ад ангельскага прыгнёту ўласьціва ірляндзкім патрыётам на працягу ўсёй гісторыі барацьбы. Выявы гераізму тут сустракаем ня толькі на вуліцах гарадоў ды ў каталіцкіх гета Паўночнай Ірляндыі, а нават у турмах, дзе самыя жорсткія пыткі ангельскіх акупантаў ня могуць зламаць ірляндзкіх патрыётаў.



Яшчэ ў мінулым стагоддзі феніі (чальцы Ірляндзкага рэвалюцыйнага братства) заклалі стойкія традыцыі працягу барацьбы нават у турмах. Цэлыя пакаленьні маладых рэспубліканцаў выхоўваліся на прыкладзе Герэнса МакСуайні. Мэр ірляндзкага горада Корк, баец IRA, быў кінуты ў турму. Мак Суайні загінуў пасьля 74 - дзённай галадоўкі, пакінуўшы як запавет такія словы: "ПЕРАМАГАЕ НЯ ТОЙ, ХТО НАНОСІЦЬ МАЦНЕЙШЫЯ ЎДАРЫ, А ТОЙ, ХТО МОЖА БОЛЬШ ВЫТРЫМАЦЬ... Ня выключана, што акупанты не дадуць нейкі час дзейнічаць. У такім выпадку барацьба зводзіцца да пытаньня пра трываласьць. ТОЙ, У КАГО ПЕРАКАНАНЬНІ БОЛШ ЦЬВЁРДЫЯ, - ПЕРАМОЖА." А вось вытрымка з дакументу, які выдала IRA напачатку 70-х гадоў пад назваю "Наша стратэгія. Як выйграць вайну": "вайсковая акцыя - пры пэўных абставінах ды пры пэўнай сытуацыі - адзіны тып рэальнай палітычнай акцыі. Партызаны ведаюць, што час працуе на іх..."

У пачатку 70-х гадоў пачаў адчувальна ўзрастаць уплыў IRA. Шэрагі арміі пастаянна павялічваліся. Чарговым сьведчаньнем новага вітка рэакцыйнай палітыкі стаў прыняты брытанскім парлямантам у 1973 г. "Закон пра Паўночную Ірляндыю", дзе, акрамя іншага, было сказана, што гэтая правінцыя будзе заставацца складовай часткай Злучанага Каралеўства "... да той пары, пакуль гэтага будзе жадаць простая большасьць насельніцтва Ольстэру". Зважаючы на той факт, што яшчэ з часоў падзелу Ірляндыі прырост ірляндзкага насельніцтва і яго фактычная колькасьць у адрозьненьне ад перасяленцаў, юніаністаў ды "прыкамандыраваных" пастаянна зьмяншалася, становіцца зразумелым, што гэты закон канстытуцыйна замацоўвае за Ольстэрам статус калоніі, таму што большасьць гіпатэтычна адназначна арыентуецца на Ангельшчыну. Пасьля такіх "рэверансаў" афіцыйнага Лёндану ў бок пратэстанцкай большасьці яшчэ больш "развязваліся" рукі. Ідуць ужо ня толькі пагромы ў каталіцкіх кварталах, але нават узброеныя паўвайсковыя арганізацыі пратэстантаў пераймаюць выкананьне паліцэйскіх функцый. На ўсіх перакрыжаваньнях яны крычаць, што іх тэрор ёсьць толькі адказам на дзеяньні IRA. Але тое, што яны робяць нават не падобна на тэрор, ідзе проста татальнае зьнішчэньне, тактыка "вызваленьня тэрыторый". Гэта прымушае ў канцы 1974 г. кіраўніцтва IRA абвясьціць прыпыненьне агню ў Ольстэры. Лідэры IRA заявілі, што перамір'е будзе сталым толькі тады, калі ангельскія войскі ды пратэстанцкая большасьць спыняць рэпрэсіі ў адносінах да мірнага каталіцкага насельніцтва. Але да ініцыятывы IRA на прыслухваюцца, таму што ня хочуць мець гутаркі з "тэрарыстамі". Эскалацыя напружанасьці працягваецца. У адказ на пагромы ды забойствы 21 ліпеня 1976 г. IRA арганізавала забойства новапрызначанага пасла Ангельшчыны ў Ірляндыі. А ў жніўні 1976 г. IRA забівае сваяка ангельскай каралевы лорда Маўнтбэтэна. Цяпер, пасьля ўсяго гэтага ініцыятыўна пачынае дзейнічаць Ангельшчына. У Ольстэр сьцягваюцца новыя вайсковыя аддзелы, няспынна працягваюцца арышты. на 1 сакавіка 1976 г. у турмах Ольстэру налічвалася каля 1500 вязьняў са статусам "спецыяльная катэгорыя". Калі ў 1969 г., пад-час бурных ольстэрскіх падзей у турмах знаходзілася каля 600 чалавек, то да сярэдзіны 1981 г. іх колькасьць дасягнула 2500 чалавек. Брытанскі рэпрэсіўны апарат на тэрыторыі Ольстэру разгарнуў тытанічную дзейнасьць. Вядома, што ў распараджэньні брытанскіх спецслужб знаходзіцца нават кампутарная картатэка на больш чым 40 % дарослага насельніцтва Ольстэру. Гэтая картатэка даволі складанай сыстэмы знаходзіцца ў кампутарным цэнтры Лісберна. Стварэньне яе абышлося ў 500 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Афіцэры ангельскіх спецслужб бяруць актыўны ўдзел ня толькі ў стварэньні паўвайсковых тэрарыстычных пратэстанцкіх арганізацый, але і непасрэдна імі кіруюць. У прыватнасьці, вядомы факт пра ўдзел у рабоце кіроўнай рады т.зв. "Асацыяцыі аховы Ольстэру" на працягу некалькіх гадоў афіцэра брытанскай вайсковай выведкі Эм-Ай-Бі, які ня толькі ўдзельнічаў ў кіраваньні арганізацыяй, але й даваў пратэстантам неабходную інфармацыю, аператыўныя дадзеныя.

Але, што гэта за армія, якая не хацела б выйграць вайну. І гераічная IRA, нязломная IRA працягвае барацьбу. Складваецца ўражаньне, што правакацыі ды ціск ворагаў увогуле не закранаюць Арганізацыю. Чоткая арганізацыйная пабудова, жалезная дысцыпліна, адданасьць сваёй справе і, вядома ж, штодзённая дапамога насельніцтва ірляндзкіх каталіцкіх кварталаў - вось галоўныя складовыя посьпеху IRA.

Цікавымі ў гэтым кантэксьце ёсьць два моманты з гісторыі дзейнасьці IRA. Таму што, ня гледзечы на ўсе свае намаганьні ды дапамогу шматлікіх бандаў пратэстантаў, ангельская акупацыйная армія практычна на працягу ўсяго часу барацьбы з IRA так і не змагла нанесьці ёй рашучага, сьмяротнага ўдару. Хоць колькасная перавага, узброенасьць ды спрыяньне з боку ўладных структур як у самім Ольстэры, так і ў Ангельшчыне былі проста ўражваючымі. Разумеючы марнасьць усіх намаганьняў, ангельцы часьцяком выкарыстоўвалі стары выпрабаваны метад - імплантацыю ў арганізацыю сваіх агентаў. Што ж, час паказаў, што і такая дзейнасьць гэтых "хруняў" не дапамагла акупантам. У арганізацыйным пляне IRA аказалася на вышыні.

IRA заўсёды дзейнічала па прынцыпу: "уваход талер, выхад - два", праводзячы грунтоўны дабор, вышкал і практычную праверку сваіх кадраў. Грунтоўнае вывучэньне і практычнае прымяненьне найлепшых прац па канспіралогіі ды пастаяннае знаходжаньне ў ольстэрскім экстрэмуме, дзе кожны няўдалы крок, нявернае дзеяньне каштуюць табе і тваім паюрацімам жыцьця, зрабілі з чальцоў Арганізацыі практычна няўлоўных змагароў.

Існавала некалькі схем псыхалягічнай, маральнай ды практычнай праверкі людзей. Тыя, хто прайшоў праз такое "тэставаньне", прайшоў праз пэўны этап барацьбы, станавіўся ў Арганізацыі сваім. Гэтыя людзі ўжо не маглі існаваць па-за межамі Арганізацыі. Іх жыцьцё - гэта пастаянная барацьба! І ні кроку ўбок. Але ня ўсе былі здатныя стаць на такі шлях. У Арганізацыі была створана такая абстаноўка ды адносіны паміж людзьмі, што практычна дзейнасьць правакатараў і здраднікаў ня мела шансаў на посьпех. Іх пастаянна выяўлялі і амаль заўсёды зьнішчалі. Баевікі IRA мецілі гэтых "хруняў" выстралам у патыліцу. Гэта было свайго роду пасьмертнае кляймо, каб ні ў каго не ўзьнікала сумневу, што гэта не выпадковая ахвяра гэтай "вайны ў горадзе", або проста сьляпая куля. Іншым цікавым фактам ёсьць вядомасьць пра тое, як у 1980 г. IRA перахапіла дакумент з грыфам "зусім сакрэтна", падрыхтаваны для міністэрства абароны Ангельшчыны вайсковай выведкай у Паўночнай Ірляндыі, дзе, акрамя ўсяго іншага, гаварылася: "... IRA практычна немагчыма нанесьці вайсковую паразу". Брытанцы на сваёй уласнай скуры, кожны дзень пераконваліся, што маюць справу ня з нейкімі "калгаснікамі" з віламі ў руках, а з арганізаванымі і вышкаленымі ідэйнымі байцамі. Брытанскі генарал Гловер сам прызнаў той факт, што ім вельмі складана, бо маюць справу з "дасьведчанымі, далекагляднымі ды рашучымі людзьмі".

На той зямлі, дзе ідзе вайна, пра іх ня толькі ўсе ведаюць, пра іх складаюць песьні, лягенды, вершы. І сёньня ў Белфасце ды ў іншых гарадах сьпяваюць песьні пра герояў з IRA. Пра тое, як з плавучай турмы "Мэйдстоўн" зьбеглі сем байцоў IRA, пра тое, як баевік ІRA Фрэнсіс МакГітан спакойна выйшаў з канцтабару, пераапрануўшыся ў сутану сьвятара, пра тое, як Айвар Бэл выехаў за браму турмы ў кузаве самахода, заваленага сьмецьцем. У тым жа канцтабары зямля нагадвае сыр, настолькі яна прарэзана ў розных накірунках тунэлямі, якія прарылі вязьні. Рыхтуючыся да пабегу, яны ўхітраліся праводзіць туды нават сьвятло і цяпло.Акцыі ІRA заўсёды адрозьніваліся непаўторнасьцю ды станавіліся вядомымі далёка за межамі Паўночнай Ірляндыі. Так, цікаваю ёсьць гісторыя пра тое, як знойдзена ў вестыбюле падарванага ў чарговы раз гатэлю "Эўропа" улётка-заява IRA, якая мела назву "Гатэль "Эўропа" падарваны ў 28 раз". Гэты, самы "круты" у Белфасце гатэль (12 паверхаў, 250 нумароў), будаўніцтва якога абышлося ў 3 млн. фунтаў стэрлінгаў ахоўваўся з асаблівай увагай. "Таму, выбухі ў гатэлі,- заяўляе IRA,- гэта нашая перамога над жаданьнем акупацыйнай арміі ўсталяваць грунтоўную сыстэму аховы цэнтра Белфаста. Ён (цэнтр) быў і застаецца нашым".

У іншым выпадку, калі ў ангельскай турме Вэйкфілд памёр, абвясьціўшы галадоўку, баевік IRA Фрэнк Стэг, то па загаду акупацыйнай улады яго пахавалі ў графстве Мэйо на звычайных могілках. Сям'я Стэга ды яго сябры байкатавалі пахаваньне. Могілкі кругласутачна ахоўвалі ангельскія жаўнеры; на магілу былі навалены вялікія цэментныя пліты, каб цела Стэга не змаглі выкрасьці. І ўсё ж труна з целам была выкрадзена ды перанесена на могілкі,дзе пахаваны толькі байцы IRA. Арганізацыя не пакідае сваіх нават калі яны ўжо мёртвыя. Існуе некалькі могілак, на каторых можна хаваць толькі чальцоў IRA. Сымбалічнымі ёсьць надпісы на магільных плітах пахаваных тут людзей: "Пакуль у Ірляндыі ёсьць гэтыя магілы, у паняволенай Ірляндыі ніколі ня будзе міру." Гэтыя словы з прамовы заснавальніка IRA патрыка Пірса: "Яны думаюць, што ўмяртвілі Ірляндыю... Але яны дурні! Яны забілі нашых феніяў, і пакуль у Ірляндыі ёсьць... (прамова на пахаваньні О'Донавана Росі ў 1915 г.) Праз год і сам Патрык Пірс быў расстраляны. Ня гледзечы на пару года, гэтыя могілкі заўсёды прыбраныя, на іх шмат кветак. калі прыходзяць людзі, амаль ніколі не чуваць плачу. Каля кожнай магілы, дзе пахаваны баевік IRA, усталяваны шпіль. У гадавіну сьмерці байца на шпілю каля яго магілы падымаюць трох каляровы рэспубліканскі сьцяг. "Я загінуў за свабоду Ірляндыі" высечана на плітах кожнай магілы. І далей нумар батальёну, а таксам дата, не, ня сьмерці, а "загібелі пры выкананьні аперацыі".

IRA - арганізацыя паўвайсковая. "Брыгады", "батальёны", "роты", а пасьля рэарганізацыі ў 1977 г. падзелена яшчэ і на "зьвязы". У кожным горадзе Ірляндыі звычайны таксіст можа быць лейтэнантам IRA, а бармэн ці паэт - маёрам. Выдаюць дзьве газэты: "Валанцёр" ды "Рэпаблікэн Ньюс" і шмат баявых лісткоў, характэрнай тэмаю для якіх ёсьць заявы: "... Партызанская вайна павінна насіць характар вайны на спусташэньне, а яе суб'ектамі павінны стаць ня толькі ўзброеныя сілы ворага, але й яго прыватная ўласнасьць, камунікацыі, прадстаўнікі судовай улады ды назіральнікі ў турмах, прапагандысты..."

Арганізацыя зьяўляецца сталай, паколькі пераважную большасьць складаюць людзі адных перакананьняў, адной веры, ды па нацыянальнай прыкмеце пераважаюць ірляндцы. Арганізацыя дапамагала станаўленьню рабочага руху ў Ірляндыі ды падтрымлівала праваабарончыя арганізацыі. Розныя "дасьледчыкі" дзейнасьці IRA сьцьвярджаюць пра тое, што IRA, якая стаіць на прынцыпах адстойваньня сацыяльных правоў ірляндцаў, ёсьць "сацыялістычнай" па сваёй сутнасьці. Зразумела, што такіх нязломных змагароў за свае ідэі хацелі б мець у сваім табары ўсе, нават камуністы. Але, як заўсёды, яны атрымалі рашучы адпор з боку IRA. Лідэры IRA і Шын Фэйн адназначна выказаліся па гэтаму поваду. Джэры Адамс (лідэр Шын Фэйн, ня так даўно абраны дэпутатам ангельскага парляманту): "Ніякага ўплыву марксізму ў партыі няма. Я ня ведаю нікога ў арганізацыі, хто быў бы марксістам..." Яшчэ больш катэгарычным быў Джо Кахіл (адзін з лідараў IRA): "Мэта нашай арганізацыі - рэспубліка без сацыялістычных ды камуністычных ідэй".

Рэальную дапамогу ў барацьбе сваіх кроўных братоў за свабоду Бацькаўшчыны аказвае замежная дыяспара. У ЗША жыве каля 40 мільёнаў грамадзян ірляндзкага паходжаньня. У Нью-Ёрку, Бостане, Філадэльфіі, Чыкага пасьля царкоўных служб пускаюць па колу скрыню, куды ўсе жадаючыя ахвяруюць грошы для забесьпячэньня дзейнасьці IRA. Вядомы выпадак, калі для дастаўкі зброі з Амэрыкі ў Ольстэр ірляндзкая дыяспара купіла адзін з даражэйшых авіяляйнераў "Куін Элізабет - 2". Хто сумняваецца, што такі народ пераможа.

Сёньня ўжо і самі брытанцы баяцца ірляндзкіх патрыётаў. Калі ў ангельскім парляманце пачаліся дэбаты - ці ўводзіць сьмяротную кару для чальцоў IRA, якіх абвінавачваюць у тэрактах супраць Вялікай Брытаніі, то першымі, хто выступіў катэгарычна супраць была выведка "сіл бясьпекі" у Ольстэры. Вядома ж, рабілі яны гэта не з пачуцьця альтруізму ды гуманнасьці.

"На ўсё прыходзіць час расплаты". Памяць ня дасьць патухнуць ірляндзкаму агню сьвятой барацьбы да перамогі. У акупаванай Паўночнай Ірляндыі няма рэчы, больш каштоўнай чым "Томпсан" ды плякат, які яшчэ з 20 -х гадоў вісіць у кожным дублінскім будынку. Плякат мае назву: "Чаму яны загінулі?" І ідзе пералік прозьвішчаў нацыянальных герояў Ірляндыі, якія загінулі за яе свабоду. Пачынаецца сьпіс з дня сьмерці Брайна Боры - 1014 год, потым Шон О'Ніл - 1567, Уолф Тон - 1789. Усяго пералічана 17 прозьвішчаў, а пад імі подпіс: "Яны загінулі за вызваленьне старэйшага палітычнага вязьня ў сьвеце - Ірляндыі!" І сёньня гэты сьпіс ня мае канца...

Алесь Хаменка

  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка