Нацыянальныя вобразы свету і чалавека ў паэзіі Віктара Бокава і Уладзіслава Арцёмава




Дата канвертавання29.03.2016
Памер191.56 Kb.
Барысюк Таццяна Пятроўна, г. Мінск
Нацыянальныя вобразы свету і чалавека

ў паэзіі Віктара Бокава і Уладзіслава Арцёмава

(пасля 1986 года)
Традыцыі почвеніцтва, закладзеныя Фёдарам Дастаеўскім, Апалонам Грыгор’евым і Мікалаем Страхавым у ХІХ ст., працягнутыя Васіліем Бяловым, Валянцінам Распуціным, Васіліем Шукшыным і інш. у ХХ ст. [1], у сучаснай рускай паэзіі прадстаўляюць таксама Станіслаў Куняеў, Юрый Лошчыц, Юрый Кузняцоў, Уладзіслаў Арцёмаў, Уладзімір Карпец [2], да якіх можна далучыць і Віктара Бокава. У беларускай прозе другой паловы ХХ ст. блізкай да светапоглядна-эстэтычных установак гэтага напрамку была творчасць Б. Сачанкі, І. Пташнікава, В. Казько, В. Карамазава і інш. [3, с. 347].

Сваё. Віктар Бокаў (1914-2009) у адным з вершаў так вызначаў сваю этнічную ідэнтычнасць: “Я чистый сибиряк…” [4, с. 130], бо з’яўляўся карэнным (аж да прадзедаў) жыхаром Падмаскоўя [5, с. 362]. Аднак на фотапартрэтах паэта заўважаюцца татарскія рысы (вочы, бровы, скулы). У адным з вершаў ён так і пісаў: “За что я татарские скулы ношу?” [6, с. 101]. Акідваючы рэтраспектыўным позіркам мінулае Расіі, ён бачыў бытавую беднасць простых сялян і адначасова іх моц і нязломнасць, калі трэба абараняць айчыну ад нашэсця акупантаў: “Россия – хаты и лачуги, / Засуха, бедность, недород», «…Русь раздета донага», «Она ж – и Муромец в кольчуге, / когда злой варвар у ворот» [7, с. 38] («Россия»). Спрабуючы адказаць на пытанне, каму належыць Расія, В.Бокаў разважаў, што “Давно Россия не из русских, / Примкнувших к ней не перечесть!” [8, с. 24]. Расію аўтар параўноўваў з коўдрай з розных клінняў-шматкоў: “Она – мордва, она – татары, / Она – алмазы якутов” [8, с. 24], яна – і ваяўнічыя чачэнцы. Расія, паводле меркавання В.Бокава, – гэта тое, што аб’ядноўвае ўсе прысутныя ў ёй нацыянальнасці аўрай дабра, велічы і славы (“Кому принадлежит Россия?..”). Прыводзіў прыклады літаратараў з прымесямі чужых крывей, якія ўзбагацілі рускую культуру: “Куприн – татарин, / Лермонтов – шотландец, / А Пушкин – негр…”, “Жуковский – турок, / Тютчев – итальянец…” [9, с. 372] (“Куприн – татарин…”).

Айчыннае маўленне (яго павольнасць, выбуховасць, азарэнні) ён параўноўваў з плынню ракі: “Живая речь течёт, как Волга…” [9, с. 227] з аднайменнага верша. Рускую аўру, адметна-нацыянальныя каларыт і мелодыку адчуваў паэт у валагодскім оканні сваёй абранніцы (“Вологодское оканье – музыка речи!..”). У вершы “Осень – это не обуза…” В.Бокава разам са словам “арбуз” ужываецца, як сінонім, яго дыялектны (Растоўская, Валгаградская, Смаленская вобласці) эквівалент “кавун”, тоесны беларускаму. Асаблівую прыгажосць В.Бокаў чуў у гучанні назваў кветак (иван-да-марья) і гарадоў (Волагда, Кастрама) і лічыў: “В России не место словесному блуду, / От этого Пушкин тебя уберёг!” [10, с. 33] (“В России цветы называют…”). Рускія мужчыны, паводле думкі аўтара, рашучыя, гарачыя (“Мужские рубахи распахнуты яростно…”), а жанчыны – узнёсла-рамантычныя і цнатлівыя (пра гэта сведчыць і сімволіка белага колеру) (“А белые женские платья, / Как ландыши в купах берёз”) [10, с. 33].

Уладзіслаў Арцёмаў (1954) нарадзіўся ў Беларусі ў вёсцы Лысуха Мінскай вобласці. Член Саюза пісьменнікаў Расіі і галоўны рэдактар часопіса “Москва”. У “Слове о Маршале Жукове” аўтар выяўляе вобраз нацыянальнага героя, легендарнага маршала як асілка і бясстрашнага абаронцу айчыны. Яго вобраз стылізаваны пад казачна-былінны. Маршал выступае як асілак, вораг – у вобразе вялікага цмока, зло персаніфікавана ў вобразе птушкі, якая спапяляе позіркам. Твор заканчваецца слаўнай перамогай маршала, якога вітае радасны народ. Паколькі “Светлый всадник” названы кнігай вершаў і паэм, гэты твор усё ж падобны не на паэму, а больш на быліну ці на заўленае аўтарам у назве “Слова…”.

Чужое. В.Бокаў, згадваючы мангола-татарскае нашэсце на Русь, гаворыць пра захаванне татарскіх элементаў у рускай лексіцы (слова “ятаган”) і генетыцы (колер і форма вачэй жыхароў Казані, сталіцы Рэспублікі Татарстан, суб’екта Расійскай Федэрацыі) (“На Русь когда-то двигались монголы…”). Гэта тое чужое, якое абрусела і стала ўспрымацца як прыгожае, хоць і крыху экзатычнае: “Ах, до чего красивые татарки, / Бери подрамник и портрет пиши” [11, с. 282]. У рускамоўных тэкстах беларуса паводле месца нараджэння У.Арцёмава, натуральна, сустракаюцца беларусізмы: “вырей” у значэнні “поўдзень”, куды лётаюць перазімаваць птушкі, “не бачит” (“Сон о детстве”), “жито” (“Белая рубаха”). Гэту лексіку, відаць, трэба лічыць для яго чужой, бо пісьменнік ідэнтыфікуе сябе як рускага (па светапоглядзе, менталітэце, культурных арыенцірах). Хоць, магчыма, падсвядома, згаданыя беларусізмы дарагія яго сэрцу як успамін пра родных і пра дзяцінства.

Для заморскага жыцця В.Бокаў знайшоў гумарыстычнае, трапнае, фанетычна падобнае слова,– “заморыш” (“Жизнь заморская – заморыш!..”). У гэтым вершы паэт гаварыў, што бачыў і Парыж, і Рым і не быў асабліва ўражаны іх прыгажосцю. Затое мясціны Радзімы (Калуга, Сапажок, рэкі Амур і Дзвіна), яе жыхары (дзяўчына ля калодзежа, царкоўны служка з малітвамі, злосны сабака) запалі ў яго памяць надоўга. Таму, зрабіў выснову аўтар, “…Ты, Россия, для меня!” [11, с. 301]. Ужо ў іншым вершы В.Бокаў згадаў пра наведванне, акрамя Рыма і Парыжу, Чэхаславакіі і Японіі, але з размовы са знаёмай яго лірычны герой зрабіў выснову, што непараўнальнае з гэтым задавальненне – гэта есці рускі селядзец (“Я был в Чехословакии…”). У іншым творы, зноў пасля згадкі пра вандроўкі па свеце, пасля роздумаў пра рускае хлебасольства і рускія стравы, сцвярджаў: “Нет! Западу не сделать нашей копии / И никогда России не понять!” [12, с. 227] (“А я всё тот же!..”). У сваім “Письме в Нью-Йорк” (1996) Бокаў размаўляў з сынам-бізнесменам, які з’ехаў у Амерыку. Аўтар перакананы, што сам ніколі не эміграваў бы туды, бо сонца там яму не свеціць, нягледзячы на тое, што калісьці быў сасланы на катаргу ў Сібір. Так паэт культываваў усё рускае (прыроду, людзей, стравы), зніжаючы значнасць усяго замежнага.



У нацыянальным паэтычным мастацтве В.Бокаў вылучаў непаўторную рускую паэзію: “Стихи – святое колдовство / В малиновых закатах вечера. / В них вера жизни, божество, / Без них в России делать нечего!” [12, с. 264]. Па-почвеніцку аўтар культывуе вёску, гаворачы пра яе вялікае значэнне ў нараджэнні вялікіх талентаў народных: “Лучших людей рождает провинция! / Там крапива растёт без идей! / Уж такая сложилась традиция / Там готовить толковых людей!” [13, с. 80]. Для прыкладу з вялікіх прыводзіў Ламаносава і Мендзялеева. Не жадаючы пакрыўдзіць гараджан, называў яскравых геніяў, народжаных у Маскве (Пушкін і Лермантаў) (“Лучших людей рождает провинция!..”). Ён высока цаніў непаўторную рускую паэзію: крылатую лёгкасць стылю [14, с. 303], размоўны рытм [14, с. 171] і вялікашаманства [14, с. 436] Пушкінскай, здабыццё з вен – Ясенінскай, грымучую трубагласнасць – Дзяржавінскай [14, с. 428] (“Мне пишется свободно и легко…”). Рускую лірыку паважаў ён і за яе высокі духоўны патэнцыял, за пазбяганне нецэнзурнай лексікі, за прыгажосць і за аўтарскае майстэрства. Менавіта сялянская мова, па Бокаву, сапраўдная, бо блізкая да прыроды, бо адухоўлівае матэрыю: “Язык крестьянина – филолог, / Живая речь, как свет над очагом” [15, с. 104] (“Соха крестьянина – хороший археолог…”). Ідэнтыфікаваўшы сябе з нацыянальнай паэзіяй, ён лічыў адным з найвышэйшых дасягненняў адлюстраваць у ёй дух, своеасаблівую рытмічнасць поля і мора: “В ямбах моих не поместится поле, / А до гекзаметра как дотянуться? / Плещется стих мой, как Чёрное море, / Мне с этой силой не разминуться” [16, с. 320]. Думкі пра тое, што паэзія павінна быць бліжэй да зямлі і народа, – таксама почвеніцкія: “Поэтом быть всерьёз захочешь, / Носителем больших идей – / Вставай поближе к дому, к почве, / К простым словам простых людей. / Не бойся быта и корыта, / Фабричных труб и проходных” [17, с. 194]. “Рускія паэты” з аднайменнай паэмы У.Арцёмава з’яўляюцца прарокамі, іх спадчына ўзвышае душы чытачоў, а самі яны маюць цяжкі, нават трагічны лёс (называюцца або ўгадваюцца па апісаннях Клюеў, Гумілёў, Лермантаў, Пушкін, Ясенін, Маякоўскі, Васільеў), што многія з іх “красивых баб любили” [18]. Мяркуючы па назве, гэты зборны партрэт і ёсць найбольш характэрнай сутнасцю сапраўднага рускага паэта, высокадухоўнага празорцы, здольнага яскрава кахаць і прынесці сябе ў ахвяру інтэнсіўнаму творчаму згаранню.

Сярод спрадвечна-рускіх старажытных літаратурных жанраў В.Бокаў высока цаніў быліну, перад чытачамі якой ажывала слаўнае жыццё продкаў і подзвігі былых асілкаў (“Былину можно портить переводом…”, “Россия – имя женское…”). Твор такога жанру, з характэрнай паэтыкай напісаў і ён сам (“Микула”, 1999). Герой быліны – асілак Мікула з Мурама, увасабленне народных маральных і сацыяльных ідэалаў (працавіты і паспяховы ў справах (“златопахарь”, “…Сыпалась мука и пёкся хлебушек!”), прыгожы (“…Локоны на лбу теснились весело…”), здольны да яскравага слова (“златоуст”), абаронца айчыны (“…Защищал земелюшку от ворога…”) [19, с. 296-297]. Аўтар ужывае характэрныя для былін стараславянізмы (“златопахарь”, “златоуст”, “златосельский”, “ворог” замест “враг”), устойлівыя фальклорныя выразы (“сыра земля”, “ракитов куст”), памяншальна-ласкальныя варыянты лексем, азначаючых прыродныя абъекты і чалавечыя ўласцівасці (“полюшко”, “земелюшка”, “силушка”).

Творы не толькі літаратуры, але і выяўленчага мастацтва натхнялі В. Бокава на напісанне вершаў. Яго лірычнаму герою прыемна сузіраць рэчы з рускім арнаментам: “На столе моём сахарница, / Роспись из хохломы” [19, с. 125] або зробленыя з захаваннем рускага духу (“Дымочка”, пра дымкаўскую гліняную цацку, “Богородская резьба” пра Багародскую цацку, “Самоварная Тула…”). У. Арцёмаў успрымае як нацыянальны ўбор – кашулю з вышыўкай, якая нагадвае беларускі арнамент: “Вышей мне рубаху синими цветами, / Житом, васильками, ну а по краям – / Чистыми ключами, звонкими ручьями, / Что текут, впадают в море-океан” (“Белая рубаха”, 2006) [20]. Да ўведзеных у кантэкст твора зрокава і слыхаваўспрымальных фактараў паэт далучае пахавыя і тактыльныя: “Вышей бор смолистый, земляничный запах, / Чтоб забилось сердце гулко, горячо… / Прилетят ли пчёлы, сядут на рубаху, / Прилетит кукушка, сядет на плечо…[20]. Акрамя згаданых, падключае смакавыя асацыяцыі: “Вышей мне рубаху песней журавлиной, / Утренним туманом, ледяной росой, / Красною калиной, сладкою малиной, / А ещё рябиной, горькою такой…» [20]. Прычым вышытая кашуля – гэта не толькі ўпрыгожанне мужчыны, але і паказчык яго душэўнай сувязі з каханай (пра гэта – у другой частцы твора). Рытмічным малюнкам, дзвюма часткамі, дзе ў першай апісваецца вышыўка, а ў другой паказваецца сувязь з каханай і прыводзіцца прыметнік “жураўліны”, твор мне нагадаў дыпціх Анатоля Сыса “Сэрца”, надрукаваны ў анталогіі лірыкі “Крыніцы” 1998-га года. Запамінальнымі прыкметамі дыпціха А.Сыса былі цытаты ў першых радках кожнай часткі з твораў двух сучасных беларускіх паэтаў. У першай частцы ён прывёў радкі з верша Алеся Філіповіча “Мне на сэрцы золатам / Вышывалі краты”, а ў другой – радок “О каб сэрца жураўлінае…” Міколы Купрэева. Вобраз расліннай вышыўкі раней за У.Арцёмава (у 1992-м годзе) выкарыстоўваў і В.Бокаў: “Мой воротник льняной под лён цветущий вышит, / Лён стал цвести и воротник цветёт” [21, с. 198]. Паколькі лён – распаўсюджаная расліна і для Беларусі, то вышыўкі з выявамі гэтых кветак традыцыйныя і для нашай краіны.

У “казачцы” (аўтарскае жанравызначэнне) “Про тульского Левшу и про царя Петра Алексеевича” В. Бокаў услаўляў кемнасць і майстравітасць цара Пятра Першага Вялікага і тульскага рамесніка Ляўшы, з якім цар сябраваў. Бокаў згадваў, што Ляўша вучыўся майстэрству ў Англіі, і зрабіў высновы: “Русь мастеровита, / Хоть и сермяжно-лапотна. / Как к яблоне, привита / К ней культура Запада” [21, с. 350]. Зрабіў выснову і пра таленавітасць рускага народа ў сферы мастацтва: “Русская душа / Плясея и песенница…” [21, с. 351]. (Заўважым, што В.Бокаў на паэтычных вечарынах і фестывалях песні часта выконваў свае творы, асабліва блізкія да прыпевак, пад акампанемент балалайкі). Расія для гэтага аўтара – краіна класікаў, вялікіх мастакоў і паэтаў (“Россия – это пасеки…”).



Вобразы прыроды. В.Бокаў народжаны ў вёсцы, і ўсе вясковыя рэаліі для яго дарагія настолькі, што асацыіруюцца з самой паэзіяй. Цытую: “Поэзия! Сегодня лён зацвёл! / Всё поле стало синеглазым”, “Шумит старинный самовар, пьём чай с малиной…”, “…И как укропом пахнет в огороде”, “Петух с забора, как солист, запел…” [21, с. 198]. У гэтага паэта сялянскага паходжання асабліва яскравыя, нават эратычныя, эмоцыі выклікала рускае поле: “И пашня лежит, как жена, / И дышит любовною грудью” [21, с. 276]. Для аўтара лес – зялёны храм і месца для пошуку грыбоў [21, с. 199]. З усіх рускіх дрэў В.Бокаў асабліва шанаваў бярозу: “Берёзонька! Песня моя белоствольная…”, “То мёдом пахнешь, то ржаною ковригою, / То древней иконой, то мудрою книгою…”, яна – “…Богиня высокой любви первозванная!” [21, с. 212]. Але і дуб для яго – дрэва рускае, велічнае, высакароднае, ахоўнік навакольнай прасторы: “Дуб, да это целый трон…”, “Каждый жёлудь, как патрон. / Каждый лист – виолончельный!”, «Дуб, да это богатырь, / Святогор или Добрыня. / Он хранит родную ширь, / Стережёт поля родные», «Дуб – да это целый храм…», «Дуб, да это дядя мой, / Хлебороб и хлебопашец…» [21, с. 233]. Сярод рускіх страў лірычны герой В.Бокава аддае перавагу вінегрэту, у якім “…Отчаянно звонко капуста хрустит” [21, с. 275] і бульбе гарачай, “пальцамі лупленай” [21, с. 294]. З рускіх свойскіх жывёл вылучаў аўтар карову з яе інстынктыўным мацярынскім клопатам пра сваіх дзяцей (“Телёнок”, “Как тебе после отёла, коровушка?..”). Не забыў паэт пра рускіх птушак (сарока, дзяцел, сава, каршун, грак, верабей, івалга, малінаўка, салавей), у кожнай з якіх назваў адметныя паводзіны і адрознае ўспрыманне іх галасоў людзьмі (“Посмотрю на птиц небесных…”). Аўтар любіў паэзію Ясеніна, сялянскую па сутнасці, у якой ён адчуваў, што воз пахне канапляным алеем і бярозавым венікам. І, проціпастаўляючы гарадскі тэхнізаваны свет і вясковы натуральны, бачыў перспектыўнасць апошняга: «Вся сила современного Антея / Не в космосе – в навозе и земле!» («Есенин мне всё ближе, всё дороже…») [22, с. 39]. Лірычны герой В.Бокава вучыцца ў прыроды – у яе крыніц – не застойвацца, а цячы, г.зн. – развівацца, мяняцца, чуйна адгукацца на яе змены: “Перехожу ручей, / Вода о камни бьётся. / И целый сноп лучей / На дне его смеётся” (“Есть радость родников...”) [22, с. 40]. Паэт процістаўляў прыроду, якая хоць чымсьці адрозніваецца («пристанционные берёзы, / Пристанционные киоски») – ад безаблічнага натоўпу людзей (паказальная семантычна-ацэначная рыфма “толпа”-“глупа”), які ходзіць па чыгуначнай станцыі, у шэрых паліто, з авоськамі і ўвасабляе сабой мясцовы “народ” (“Пристанционные берёзы...”) [22, с. 38-39]. Здаецца, што не толькі чыста вясеннія прыкметы прыроднага абнаўлення, але і аўтарская прага вясковага адраджэння Расіі паспрыялі напісанню верша “Взрываются почки от жажды жить…”. Звярніце ўвагу на наступныя радкі: “Раззвенелась небесная ясь, / Солнце всю землю собой ослепляет” [23, с. 298] – гэта як гімн шматфарбнасці і светламу (святому?) арэолу Расіі. Рост травы аўтар параўноўваў з асілкавым, а гул чмяля ў яго – “…как ангел трубящий…” [23, с. 298]. Апошні вобраз выклікае асацыяцыю пра Страшны Суд, што “вызначае лёс грэшнікаў і праведнікаў” [24]. Калі знікнуць фізічна і маральна здаровыя асілкі на Русі, то неўзабаве знікне, папярэджваў аўтар, і сама краіна. Расію Бокаў асацыятыўна ідэнтыфікаваў з пасекамі, прасторамі, дарогамі і далеччу, сланечнікамі, падарожнікамі і лапухамі, нівамі, сабалямі і рысямі (“Россия – это пасеки…”). Расія – гэта і руская тройка: “Комья снега врассыпную, / Холодок лицо знобит. / Тройка мчит напрпалую, / Вихрем снег из-под копыт” [25, с. 180] (“Тройка”). Вобразы званочка пад дугой, бяскрайніх палёў навокал ажыўляюць намаляваны аўтарам пейзаж. Спрабуючы разгадаць загадку Расіі, ключ да яе аўтар бачыў пераважна ў яе адметнай прыродзе: “Россия! Ты славишься росами…”, “…Ты яблочный любишь налив. / Ты любишь восходы с закатами…”, “А сосны твои корабельные / Былины под гусли поют. / Просторы твои беспредельные / Нас, русских, в дорогу зовут” [26, с. 459] (“Загадка России”). Па першым радку гэтага верша (“Россия! Ты славишься росами…”) зразумела, што аўтар выводзіў сваю этымалогію слова “Расія” – ад “расы”, якая выклікала ў яго замілаванне.

Прыродны свет У.Арцёмава кантрасны. Ён заўважае і навакольную прыгажосць рускіх краявідаў (“…Заливные, многоцветные, весенние луга”, “…Золотые те, ржаные те, пшеничные поля”) – і ў той жа час не можа закрыць вочы на тое, што выклікае адчай: “По погостам, по курганам память срублена да скошена, / Раскурочены могилы, гробовая тишина…” [27, с. 69] (“На Волге”). Бяспамяцтва да ўсяго, звязанага з радзімай, вырастае з бяспамяцтва пра мацярынскі клопат, пра чалавека ўвогуле. Так, у вершы “Памінкі” У.Арцёмаў апісвае сітуацыю, калі людзі, праводзіўшы маці свайго аднавяскоўца на той свет, п’яныя, смяюцца, спяваюць, граюць на гармоніку, як быццам забыўшы, з якой нагоды за сталом сабраліся. Прыгажосць прыроды, на думку Арцёмава, можа заўважыць ва ўсіх дэталях пілігрым (“Ходун”). Спачатку, у першай частцы твора, аўтар гаворыць: “Сорок дней ходил я по дороге” [27, с. 94], у другой жа частцы “я” заменена на “ён”, лірычны герой замяняецца персанажам. Чаму вандроўнік больш відушчы ў прыродных з’явах і працэсах, чым звычайны селянін або гараджанін? На гэта У.Арцёмаў адказвае так: “…Может быть, душа имеет свойство / Для прозрений избирать – безбытность…” [27, с. 99].



Вобразы культуры. У сучаснай рускай паэзіі часта можна сустрэць вобразы культуры (храмаў, цэркваў) як сімвал духоўнага адраджэння Радзімы. Рэлігійнасць, этнічныя культурныя архетыпы як умову захавання цэласнасці нацыянальнай культуры разглядае Эдуард Дубянецкі, называючы сярод іх рускія вобразы “града Кіцежа”, “святой Русі”, беларускія вобразы “роднай зямелькі”, “роднай хаткі”, міфалагічныя і рэлігійныя сюжэты і вобразы, адлюстраваныя ў літаратурных творах [28, с. 31].

Для В. Бокава таксама радзіма ўвасабляла сабой поліфанію вобразаў, адлюстраваных у знакавых творах літаратуры, фальклора, жывапісу, рэлігійных абрадах: “Россия! Лучина, свекровью залитая, / Кручина, с ямщицким тугим кушаком, / Часовенка с возгласом тихим “Храни тебя!”, / Тяжёлые сбитые пятки бродяг-босяков” [29, с. 294]. І хоць вясковае жыццё і традыцыі ў канцы ХХ ст. былі занядбаныя з-за пераезду сялян ў горад, тым не менш паэт верыў у невычарпальнасць і актуальнасць вясковага свету Расіі: “…спасители есть и надёжны твои родники” [29, с. 294]. У гэтай краіне кантрастаў “В церковной росписи святые, / А где-то грешники стоят. / А где-то тут тропа Батыя / И затонувший Китеж-град. / И каменные изваянья / Безносых, диких скифских баб” [29, с. 295]. Паэт хацеў падкрэсліць, што ў Расіі пераплятаюцца традыцыі заваёўнікаў і родныя, хрысціянская вера – з язычніцтвам. Кантраст ствараюць таксама старажытныя лапці і сучасныя фальбоны, «…звончатые гусли деда…» «…И пьяный окрик с хрипотцой» [29, с. 295] мясцовага мужыка. З пастаянных рускіх перамог В.Бокаў вылучаў і ўзвялічваў замацаваную хрысціянствам – “…Терпеть и крест судьбы нести!» [29, с. 295]. Блізкая да Бокаўскай і выснова У.Арцёмава пра тое, “…Что русский путь – есть крест и Воскресенье!” [30, с. 66] (“Перед ордынским игом”). Што рускім трэба не баяцца замежнага ворага і абараняць ад яго сваю праваслаўную радзіму, “…Чтоб через муки – в славе возродиться!..” [30, с. 66]. Малітва і любоў – вось якая, паводле В.Бокава, зброя Расіі ў імя захавання яе нацыянальнай ідэнтычнасці [31, с. 341]. Крытык Генадзь Круглякоў невыпадкова звязвае высокую рэлігійнасць гэтага паэта з месцам яго нараджэння ў Язвіцах Маскоўскай вобласці, якая “…знаходзіцца ў дваццаці вярстах ад Троіца-Сергіевай лаўры, духоўнага цэнтра рускага праваслаўя…” [32, с. 360]. Названая лаўра (як і цэрквы Расіі ўвогуле) ачышчае энергетыку навакольнай прасторы, гулам званоў нагадвае пра існаванне Бога: “А звон разливается, тихо объемля / Далёкие дали, родные поля” [33, с. 29] (“Троица”). Акрамя таго, на думку Бокава, храмы ўпрыгожваюць пейзаж: “Половину неба у России / Занимают купола церквей. / Хорошо им плавать в небе синем, / Кланяется им святая рожь с полей” (1995) [цыт. па: 34, с. 361]. Таксама – у Арцёмава: “Церкви белые поплыли, словно лебеди, / Над широкою, глубокою, бескрайнею водой” [35, с. 69] (“На Волге”). Вернемся да вышэйзгаданага вобраза горада Кіцежа. Гэта вядомая легенда пра рускую Атлантыду, калі Гасподзь, каб гэты слаўны горад адданых вернікаў не быў захоплены і знішчаны Батыем, зрабіў яго нябачным да надыходу Страшнага Суда. Лічыцца, што горад патануў. Лірычны герой аднаго з вершаў В.Бокава вельмі хоча пабачыць легендарную таямніцу: “Китеж! Выплыви, что ли, скорей, / Мы не изрубим твоих царей, / Мы не тронем твоих царевен…”, бо “Наши вятичи сердцем добры, / Зла не взяли они из орды!” [36, с. 81].



Вобраз самаахвярнага царкоўнага дзеяча малюе ў “Слове плачэўным аб пратапопе Авакуме” Уладзіслаў Арцёмаў. Авакум Пятровіч, старавер, раскольнік, аўтар вядомага “Жыція…”, не прыняў рэформы царкоўных абрадаў, праводзімых патрыярхам Ніканам, і быў на пятнаццаць гадоў высланы ў Табольск, пасля – у Даурыю, у Мезень, у Пустазёрскі астрог, потым, нескароны, спалены ў зрубе за крытыку цара Аляксея Міхайлавіча і патрыярха Іаакіма. У.Арцёмаў робіць наступныя высновы: што волі на зямлі няма, толькі на небе [37, с. 55], што на Русі распаўсюджаны жанр плачу па памерлых пакутніках (у гэтым творы ёсць частка “Плач протопопицы”, які можна жанрава суаднесці з плачам Яраслаўны са “Слова аб палку Ігаравым” (тым больш што абодва тэксты маркіраваны як “Словы…”). Паэт задумваецца, ці апраўданы былі такія ахвяры гэтага гераічнага чалавека. І прыходзіць да высновы, што любоў Госпада да яго праведнікаў бывае “страшнай”. Твор жанрава суадносіцца і з заяўленым у назве “Словам плачэўным…”, і з жыціем, што рэдка ў наш час. З жыціем, бо твор напісаны пра кананізаванага ў 1916 годзе стараабрадчай царквой Белакрыніцкай Згоды праваслаўнага пакутніка, пасля яго смерці, узвышаным стылем, блізкім да стылю адпаведнага жанра. Хіба што адсутнічае расповед пра цуды, здзейсненыя ім пры жыцці або з’яўленыя пасля яго смерці. Як мы ведаем, “Жыціе пратапопа Авакума” яшчэ меней за Арцёмаўскае было падобным на гэты жанр: яно было напісана ім самім і не заканчвалася смерцю, г.зн. з’яўлялася аўтабіяграфіяй, ён быў тады некананізаваны, бо жывы, мова твора была грубай і спрошчанай.

Тэма кахання. Руская мілосць валодае вялікай натхняльнай моцай. Вынікам стану закаханасці Віктара Бокава сталі “…моментальные, / Сверхвесенние стихи” [38, с. 89]. Калі каханая ўмее прабачаць мужчыну яго недахопы і памылковыя ўчынкі, у таго ладзіцца праца, уздымаецца настрой і павялічваецца жыццёвая і творчая энергія: “Приди ко мне, скажи мне вновь / Единственное слово – милый. / Я сразу с головы до ног / Нальюсь и соками и силой!” [38, с. 169]. Пра вялікае значэнне каханай і яе пачуццяў для паэта сведчыць наступнае яго выказванне: “Твоей любви не заменяет / Библиотека в сто томов!” [38, с. 179]. Лірычны герой Бокава зачараваны знешняй прыгажосцю сваёй абранніцы: «Властно в плен берёт поэта / Частокол твоих ресниц» [38, с. 89], «…Решительно ресницы загнуты…» [38, с. 106], «А брови, чёрные, как птаха, / Порхают смело по лицу», «Уверенно ты ставишь ногу. / Как ветер Каспия, вольна» [38, с. 90]. З гэтых апісанняў становіцца зразумела, які менавіта тып жаночай прыгажосці імпануе паэту. Дарэчы, пад такое апісанне падыходзіць знешнасць жонкі паэта Аляўціны Іванаўны. Душэўны свет абранніцы паэта напоўнены яснасцю, святлом, дабрынёй і пяшчотай [38, с. 96] (“Женщина дальняя”). Прызначэнне жанчыны ў сям’і, паводле В.Бокава, “…для лада, / Для того, чтоб счастливой быть”, яе месца – “…в тихом углу у свечей!” [38, с. 115]. Яна не павінна кіраваць мужчынам, прыніжаць яго, разбураць яго душу (“Редко женщина не диктатор…”). Яна павінна нараджаць дзяцей: “Женщины превыше гимна! / Гимн – деторождение!” [38, с. 240]. (Заўважым, што сам паэт са шматдзетнай сям’і.) Яшчэ жанчына павінна быць клапатлівай, быць святлом для родных і блізкіх (“Говорили: она прозреет…”). У сюжэтным вершы “Катилось колечко…” да яго лірычнага персанажа прыйшла дзяўчына з імем Расія і папрасіла яго стаць яе мужам. Так і зрабілі. “Любовью живут, / Красотой, удивленьем, / И счастливы оба / И ждут прибавленья” [38, с. 152]. Такімі, відаць, былі ўяўленні паэта пра шчаслівае сямейнае жыццё рускага чалавека.

Прыём псіхалагічнага паралелізму, характэрны для фальклорнай паэтыкі, часты і ў Віктара Бокава, што сведчыць пра свядомую фальклорную стылізацыю яго лірыкі. Так, напрыклад, верш “Спит рученька твоя на белой простыне…” увесь пабудаваны з улікам гэтага прыёму: пасля двух радкоў апісання (рыс партрэту каханай, элементаў прыроды) ідуць два радкі апісання стасункаў лірычнага героя з абранніцай: “Вся горенка в берёзах, словно в Троицу. / И волшебством лесным благоухает. / И так душа прекрасно беспокоится, / И ни на миг любовь не утихает!” [38, с. 157]. Заўважым, што прыгожымі і дарагімі сэрцу паэта з’яўляюцца руская прырода (бяроза) і праваслаўныя хрысціянскія традыцыі (святкаванне Троіцы). Рускаму каханню ўласціва і экспрэсіўная страснасць, відаць, не слабейшая за іспанскую. Такія нястрымныя парыванні ў жаночага персанажа з верша Віктара Бокава: “Решительность твоих бровей, / Нацеленность прямого взгляда. / Приказ: возьми или убей! / Да это же страшнее яда! / Стрелой я к дереву пришит, / В темницу заключён серьёзно” [38, с. 94]. Або: «Жгётся крапива, / Как твой поцелуй» [38, с. 107]. Рашучыя сексуальныя парыванні і ў лірычнага героя-мужчыны: “Скрипят телеги / Как по нотам”, «От близости / Я задыхаюсь. / Сначала согрешу, / Потом покаюсь! / Кровь бьёт / В свой колокол, / Со звоном…» [38, с. 122]. Рускаму каханню ўласціва ахвярнасць. Паводле У. Арцёмава, рускі закаханы мужчына даруе абранніцы нават здраду (напрыклад, калі жанчына з “Балады пра капітана” кінула апошняга, не дачакаўшыся з рэйсу). Рускія вялікі жыццязначны сэнс надаюць пачуццю кахання, лічачы, што нават “умирать с любовью / Веселей, чем жить но без любви” [39] (“Девочка и мальчик”).



Такім чынам, В.Бокаў і У.Арцёмаў ідэнтыфікуюць сябе як рускіх, выяўляюць рускіх мужчын рашучымі і гарачымі, абаронцамі Айчыны, а жанчын – летуценнымі і цнатлівымі. Расію малююць як дзяржаву шматнацыянальную, чые многія геніі маюць іншанацыянальныя карані. Расіяне маюць адметныя маўленне і мову: оканне, дыялектызмы, выразна нацыянальную рускую лексіку. Бокаў заўважае татарскія рысы ў рускай лексіцы і генетыцы, культывуе ўсё рускае ў процівагу ўсяму замежнаму. Нацыянальнымі героямі, паводле У.Арцёмава, можна лічыць маршала Жукава і пратапопа Авакума. Аўтары высока ацэньваюць нацыянальнае мастацтва (паэзію, баладу, народную цацку, вышыўку), рускую прыроду і стравы. Храмы ўспрымаюць як сродак духоўнага выхавання сучаснікаў. Рускае каханне ў іх натхняльнае, страснае, ахвярнае і даравальнае.
Літаратура


  1. По́чвенничество [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D0%BE%D1%87%D0%B2%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D0%B8%D1%87%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%B2%D0%BE. – Дата доступа: 21.01.2014.

  2. Кабылкова, А.А. О писателях-почвенниках: [письмо Т.П. Борисюк] [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://mail.google.com/mail/u/0/?pli=1#inbox/141fe21ea129d79f. – Дата доступа: 28.10.2013.

  3. Крикливец, Е.В. Традиции почвенничества в русской и белорусской прозе второй половины ХХ века (на примере творчества А.Астафьева и В.Козько) / Е.В. Крикливец // Беларуска-руска-польскае супастаўляльнае мовазнаўства, літаратуразнаўства, культуралогія: зб. навук. арт. / Склад.: Г.М. Мезенка, С.У. Нікалаенка; пад навук. рэд. Г.М. Мезенка. – Віцебск : ВДУ імя П.М. Машэрава, 2013. – 398 с. – С. 347-349.

  4. Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 384 с.

  5. Кругляков, Г. Под золотым сияньем Лавры: [Послесловие] / Г. Кругляков // Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 383 с. – С. 360-368.

  6. Боков, В. День за днём: Стихотвораения / В. Боков. – М.: Молодая гвардия, 1991. – 160 с.

  7. Боков, В. Есть радость родников: Стихи / В. Боков // Наш современник. – 1990. – № 12. – С. 38-40.

  8. Боков, В. Жизнь – радость моя: Избранное / В.Боков. – М.: Эллис Лак, 1998. – 672 с.

  9. Боков, В. Повечерье: Новая книга лирики / В. Боков. – М.: Эллис Лак 2000, 2002. – 480 с.

  10. Боков, В. Жизнь – радость моя: Избранное / В.Боков. – М.: Эллис Лак, 1998. – 672 с.

  11. Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 384 с.

  12. Боков, В. Повечерье: Новая книга лирики / В. Боков. – М.: Эллис Лак 2000, 2002. – 480 с.

  13. Боков, В. Жизнь – радость моя: Избранное / В.Боков. – М.: Эллис Лак, 1998. – 672 с.

  14. Боков, В. Повечерье: Новая книга лирики / В. Боков. – М.: Эллис Лак 2000, 2002. – 480 с.

  15. Боков, В. Любовь моя, Россия!: [стихотворения] / В.Боков. – М.: Эллис Лак, 1994. – 208 с.

  16. Боков, В. Повечерье: Новая книга лирики / В. Боков. – М.: Эллис Лак 2000, 2002. – 480 с.

  17. Боков, В. Весенние звоны: Новая книга стихов / В.Боков. – М.: Моск. рабочий, 1989. – 238 с.

  18. Артёмов, В. Русские поэты [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.stihi.ru/2008/02/18/1411. – Дата доступа: 14.01.2014.

  19. Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 384 с.

  20. Артёмов, В. Белая рубаха : стихотворение [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.stihi.ru/2006/02/08-844. – Дата доступа: 14.01.2014.

  21. Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 384 с.

  22. Боков, В. Есть радость родников: Стихи / В. Боков // Наш современник. – 1990. – № 12. – С. 38-40.

  23. Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 384 с.

  24. “Страшны Суд” // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 15: Следавікі – Трыо / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 2002. – 552 с. – С. 204.

  25. Боков, В. Стою на своём!: Новая книга стихов / В. Боков. – М.: Советский писатель, 1992. – 272 с.

  26. Боков, В. Повечерье: Новая книга лирики / В. Боков. – М.: Эллис Лак 2000, 2002. – 480 с.

  27. Артёмов, В. Светлый всадник: Стихотворения, поэмы / В. Артёмов. – Москва: Современник, 1989. – 128 с. – (Новинки «Современника»).

  28. Дубянецкі, Э.С. Культуралогія : Энц. давед. / Э.С. Дубянецкі. – Мінск : БелЭн, 2003. – 384 с.

  29. Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 384 с.

  30. Артёмов, В. Светлый всадник: Стихотворения, поэмы / В. Артёмов. – Москва: Современник, 1989. – 128 с. – (Новинки «Современника»).

  31. Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 384 с.

  32. Кругляков, Г. Под золотым сияньем Лавры: [Послесловие] / Г. Кругляков // Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 383 с. – С. 360-368.

  33. Боков, В. Жизнь – радость моя: Избранное / В.Боков. – М.: Эллис Лак, 1998. – 672 с.

  34. Кругляков, Г. Под золотым сияньем Лавры: [Послесловие] / Г. Кругляков // Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 383 с. – С. 360-368.

  35. Артёмов, В. Светлый всадник: Стихотворения, поэмы / В. Артёмов. – Москва: Современник, 1989. – 128 с. – (Новинки «Современника»).

  36. Боков, В. Жизнь – радость моя: Избранное / В.Боков. – М.: Эллис Лак, 1998. – 672 с.

  37. Артёмов, В. Светлый всадник: Стихотворения, поэмы / В. Артёмов. – Москва: Современник, 1989. – 128 с. – (Новинки «Современника»).

  38. Боков, В. Чистый четверг: Стихи, песни / В. Боков. – М. : Изд-во ЭКСМО-Пресс, 2001. – 384 с.

  39. Артёмов, В. Девочка и мальчик [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://www.stihi.ru/2006/04/28-61. – Дата доступа: 14.01.2014.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка