На подступах да галоўнай тэмы (аднаактовыя п'есы Андрэя Макаёнка)




Дата канвертавання27.03.2016
Памер104.95 Kb.
НА ПОДСТУПАХ ДА ГАЛОЎНАЙ ТЭМЫ

(аднаактовыя п'есы Андрэя Макаёнка)

В. І. Яцухна

Аб месцы і ролі, аб укладзе, які зрабіў Андрэй Макаёнак ў беларускую, а таксама ва ўсю савецкую драматургію, сказана шмат, і сказана доказна, пераканаўча. Але некаторыя моманты творчага шляху драматурга, і асабліва першапачатковы этап, у паказе даследчыкаў крыху спрошчаныя. На гэта ўказвае С. Лаўшук у прадмове да Збору твораў А. Макаёнка. «У нашым літаратуразнаўстве, - піша ён, - склалася трывалая думка, што А. Макаёнак без ніякіх ускладненняў, імкліва і лёгка ўвайшоў у літаратуру. І як доказ звычайна нагадваюць: першая „поўнаметражная" п'еса „На досвітку" пастаўлена тэатрам імя Янкі Купалы ў 1951 годзе, а праз два гады з выхадам сатырычнай камедыі „Выбачайце, калі ласка" папулярнасць маладога драматурга перасягнула межы і рэспублікі, і ўсёй савецкай краіны. Што ж, ён і сапраўды не заседзеўся ў літаратурных чалядніках. Ды справа ў тым, што „На досвітку" была далёка не першай яго шматактовай п'есай. А. Макаёнак адносіўся да ліку тых мастакоў, якія вельмі патрабавальна ставяцца да ўласнай творчасці. Лепш не пісаць зусім, чым пісаць пасрэдна. Менавіта гэты максімалісцкі прынцып вымусіў яго адмовіцца ад публікацыі першых шматактовых п'ес „Ворагі" і „Выйгрыш". Гэткі ж лёс напаткаў і драму „Узыходы шчасця". Апрача згаданай драмы ім да 1951 года было напісана яшчэ чатыры шматактовыя п'есы і да дзесятка аднаактовых. На жаль, многія з іх згарэлі ў час пажару на дачы». П'есы “Ворагі", „Выйгрыш" і „Узыходы шчасця", тэксты якіх захаваліся, безумоўна дачакаюцца свайго аналізу, вызначыцца іх месца ў ідэйна-творчай эвалюцыі Макаёнка-драматурга. Што ж датычыць аднаактовак, то яны пры не зусім прыязным стаўленні да іх з боку некаторых даследчыкаў таксама патрабуюць свайго па магчымасці болыш поўнага ідэйна-эстэтычнага аналізу, бо менавіта аднаактовыя п'есы паклалі пачатак драматургічнай дзейнасці Макаёнка. У іх пісьменнік вучыўся майстэрству стварэння вострых, грамадска значных канфліктаў і сітуацый, пабудове багатага на стылёва-лексічныя адценні і выразнага дыялога, наданню дзеянню дынамізму і імклівасці развіцця, абмалёўцы яркіх, каларытных вобразаў і характараў.

Першым творам Макаёнка, які трапіў у друк, стала аднаактовая п'еса „Добра, калі добра канчаецца" (1945). Задума яе нарадзілася пад уздзеяннем, з аднаго боку, непераадольнага жадання тварыць, якое валодала пісьменнікам яшчэ ў дзяцінстве, і непасрэднага сацыяльнага заказу часу - з другога. Працуючы сакратаром Гродзенскага гаркома камсамола, Макаёнак сутыкнуўся з востраю няхваткай драматургічнага матэрыялу для мастацкай самадзейнасці. Змагацца з дэфіцытам ён вырашыў уласнымі сіламі. Так і з'явілася аднаактоўка, якая адразу ж трапіла на самадзейную сцэну, а крыху пазней на конкурсе, аб'яўленым Упраўленнем па справах мастацтва пры СНК БССР, была адзначана дыпломам і грашовай прэміяй.

Дзеянне п'есы „Добра, калі добра канчаецца" адбываецца ў вёсцы адразу пасля вайны і грунтуецца на часовых непаразуменнях, якія ўзнікаюць паміж героямі. Маладой і прыгожай дзяўчыне-ўдарніцы Фросі, якая вярнулася з раённай нарады перадавікоў працы, бацькі паведамляюць, што яе каханы Павел вярнуўся з фронту, але не сам, а з жонкай. Крыху пазней з такой жа навіной з'яўляецца і сяброўка Фросі. Рэакцыя дзяўчыны даволі звычайная ў такіх выпадках: яна плача, кідаецца ў адчай, бацькі ж і сяброўка суцяшаюць Фросю. Аднак праз некаторы час высвятляецца, што дзяўчына, якая прыехала разам з Паўлам, не даводзіцца яму жонкай. Яна толькі супра- ваджае Паўла, як параненага. Акрамя таго, Павел запрасіў Кацю (так завуць дзяўчыну, што прыехала з ім) на сваё вяселле з Фросяй, бо яна, калі Павел быў цяжка паранены, дала яму сваю кроў, а таксама даглядала і выхаджвала пасля ранення. Непаразуменні знікаюць, усё заканчваецца добра, і Павел з Фросяй рыхтуюцца да вяселля. Сюжэт п'есы, а дакладней, яе фабула, як бачна, нескладаная, як, дарэчы, і канфлікт, пакладзены ў аснову твора. Але ўжо тут назіраюцца некаторыя асаблівасці, у прыватнасці здольнасць да стварэння камедыйна-сатырычных сітуацый, уменне карыстацца сакавітым народным словам, ёмістасць і лаканічнасць дыялога, якія стануць характэрнай адзнакай п'ес Макаёнка.

У аснове большасці аднаактовак Макаёнка ляжаць, як правіла, грамадска значныя праблемы і калізіі. „Магчыма, некаторыя з гэтых праблем, - як зазначае Я. Усікаў, - сёння гучаць ужо не так актуальна, але ў свой час яны мелі бясспрэчнае значэнне"2. 3 гэтым нельга не пагадзіцца. Так, напрыклад, у канцы 40 - пачатку 50-х гадоў людзі па закліку партыі пераязджалі працаваць з горада ў вёску, каб дапамагчы калгасам кадрамі спецыялістаў. Гэтай тэме, а таксама тэме будаўніцтва ўвогуле новай вёскі (вёскі-аграгорада, як называлі ў той час) прысвечаны аднаактовыя п'есы „Перад сустрэчай" і „Жыццё патрабуе (Будні сакратара райкома)". Абедзве яны напісаны ў 1950 г.

П'еса „Перад сустрэчай" з'яўляецца камедыяй палажэнняў з кананічнай блытанінай герояў, іх намераў і паводзін, а ў канцы - „пазнаваннем". Камедыйная калізія яе будуецца вакол жадання старшыні аднаго з калгасаў Пракапчука „здабыць" для сваёй гаспадаркі агранома і наступнай барацьбы яго з тымі ўяўнымі, як потым высвятляецца, перашкодамі, што ўзніклі на шляху да ажыццяўлення гэтага жадання. Пракапчук, які клапоціцца аб тым, каб калгас быў забяспечаны кваліфікаванымі спецыялістамі, даведваецца, што лепшы брыгадзір гаспадаркі, маладая і працавітая дзяўчына Тамара, збіраецца замуж за агранома. Яго самога, вядома, Пракапчук не бачыў. Такім чынам, перспектывы асабістага жыцця Тамары супадаюць з вытворчай неабходнасцю: калгасу якраз вельмі патрэбен аграном. Але падчас ад'езду Тамары і яшчэ аднаго з лепшых брыгадзіраў Міхася Задорнага ў Маскву для атрымання ўзнагарод у калгасе з'яўляецца малады чалавек па прозвішчу Вярбіцкі. Яго спачатку прадстаўляюць як карэспандэнта, хаця на самай справе ён прыехаў сюды для таго, каб паглядзець гаспадарку, дзе збіраецца працаваць аграномам пасля шлюбу з Тамарай (з ёй Вярбіцкі пазнаёміўся на адной з раённых нарад, і яны пакахалі адзін аднаго). Пракапчук гасцінна і ветліва прымае „карэспандэнта", расказвае яму аб калгасных справах, дзеліцца думкамі аб перспектывах развіцця гаспадаркі. Калі ж Вярбіцкі заяўляе, што мае намер жаніцца на Тамары, так і не сказаўшы Пракапчуку, хто ён на самай справе і з якой мэтай прыехаў у калгас, старшыня катэгарычна выказваецца супраць гэтага шлюбу і нават абураецца, бо гэта рушыць усе яго планы.

Пракапчук. Ага! Дык вось ты, што-о! Вось які ты карэспандэнт! Добра ж, добра, даражэнькі! Я ж цябе ажаню. А! І вочы замазвае... (Іранічна.) Брыгады яго цікавяць, „ураджай", „новыя людзі", „арганізацыя", „планы на будучае". Самага патрэбнага мне чалавека задумаў з калгаса звезці. (Грозна.) Не дам дзяўчыну абы-куды! Мне аграном патрэбен! „Карэспандэнт"!..

М а р ы й к а. І зусім ён не карэепандэнт, Сямён Макаравіч.

Пракапчук. Я пра яго больш і слухаць не хачу! Хай хоць чорт лысы будзе. (Сярдзіта.) Па вачах бачу, што чмут, (Іранічна.) „Жаніх”. Дзяўчына стала ў людзі выходзіць, ёй разгон трэба, поле калгаснае, а ён звезці задумаў. У яго пакойчыку фікусы-пікусы паліваць. Жа-ані-іх!.. Я цябе зараз ажаню!3

Яшчэ большую няяснасць у справу ўносіць запозненая тэлеграма з Масквы, у якой Міхась і Тамара паведамляюць, што вяртаюцца дамоў, і просяць старшыню рыхтавацца да багатага вяселля. Вярбіцкі ў некаторым непаразуменні, бо думае, што Тамара збіраецца замуж за Міхася. Пракапчук жа выкарыстоўвае тэлеграму як сродак барацьбы супраць „карэспандэнта". І толькі перад самым прыездам Міхася і Тамары прасвятляецца, што ў тэлеграме справа ішла аб вяселлі Міхася з яго каханаю дзяўчынай, а Тамары - з Вярбіцкім. Змяняе свой гнеў і абурэнне на радасць і Пракапчук, калі даведваецца канчаткова, хто такі на самай справе Вярбіцкі і з якой сапраўд-най мэтай ён прыехаў у калгас.

У аднаактоўцы „Жыццё патрабуе (Будні сакратара райкома)" Макаёнак імкнуўся паказаць дзейнасць сакратара раённага камітэта партыі Сяргея Пятровіча па аднаўленню пасляваеннай гаспадаркі. Галоўны герой п'есы ўсяго сябе аддае справе, умела кіруе жыццём раёна, умее правільна ацэньваць чалавечыя і арганізатарскія якасці людзей, не церпіць гультайства, коснасці і застою ў рабоце. Ён уважлівы да паўсядзённых спраў і клопатаў людзей і, галоўнае, умее заглянуць таксама і наперад, у будучыню. Драматург у творы засяроджвае ўвагу на эпізодзе з будаўніцтвам цагельнага завода, так патрэбнага калгасам. Сяргей Пятровіч стараецца давесці да свядомасці тых кіраўнікоў, якія не разумеюць неабходнасці будаўніцтва завода, што падобныя погляды няправільныя, бо пры гэтым не ўлічваюцца перспектывы развіцця гаспадарак раёна ў цэлым. Праз вобраз кур'ершы райкома маладой дзяўчыны Надзі аўтар спрабуе вырашыць праблему калгасных кадраў: яна ідзе пр'ацаваць у калгас, дзе, на яе думку, зможа больш прынесці карысці, лепш рэалізаваць свае магчымасці. Тое ж збіраецца зрабіць і яе каханы шафёр райкома Вася.

Нельга гаварыць аб надзвычай высокіх мастацкіх вартасцях п'есы „Перад сустрэчай", але ўсё ж такі ў параўнанні з ёю п'еса „Жыццё патрабуе" крыху слабейшая: тут наглядаецца пэўная статычнасць дзеяння разам з некаторай зададзенасцю і ілюстрацыйнасцю, акрамя таго аўтар паспрабаваў вырашыць цэлы шэраг праблем, што ў маленькім творы, ды яшчэ ў драматургічным, амаль немагчыма.

Асэнсаванню сельскай рэчаіснасці канца 40 - пачатку 50-х гадоў прысвечана і аднаактоўка „Аксеніна цялушка" (1951). У ёй Макаёнак імкнуўся паказаць зрухі ў свядомасці працаўнікоў вёскі, эвалюцыю іх поглядаў у бок пераважання грамадскіх, калектывісцкіх інтарэсаў над асабістымі і прыватнаўласніцкімі. Гэта пісьменніку не зусім удалося. Калгасніку Макару, які працуе на жывёлагадоўчай ферме, для выканання плана па атрыманню стопрацэнтнага прыплоду ад даглядаемых ім кароў, што, па словах старшыні калгаса, гарантуе ўдзел ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы і ўзнагароду, не хапае аднаго цяляці. І Макар употай ад жонкі Аксені адводзіць на ферму ўласную цялушку. Аксеня, даведаўшыся пасля непрацяглых пошукаў ад суседа Кандрата, які бачыў, як Макар вёў цялушку на ферму, хто вінаваты ў прапажы, пачынае дакараць мужа. Макар жа ў сваім учынку нічога дрэннага не бачыць, а жонку абвінавачвае ў сквапнасці і несвядомасці:

Макар. Для цябе гаспадарка — твая цялу-у-шачка... (Макар аж прысеў, паказваючы, якая гэта дробязь — цялушачка. ), а для мяне калгас — гаспадарка, ферма — гаспадарка, сто сорак кароў і сто сорак цялят - гаспадарка.

А к с е н я. Дык і ўжо і карову туды зацягні.

Макар. Патрэбна там твая гэта балалайка старая. Можа, цябе зацягнуць?

Аксеня. Мака-ар! Ты, відаць, хочаш мяне раззлаваць...

Макар. Сквапнасць твая, несвядомасць івая ўпоперак горла мне стала. Не цялушачка мне трэба, не курынае гняздо. План ірэба выканаць, каб гады праз два ферма была на 200, на 300 галоў, каб малака і масла хапала ўсім колькі хочаш. Разумееш ты ці не?

А к с е н я. Дык ці ты адной нашай цялушачкай накорміш?

Макар. Не адна, а сто саракавая. Ад ста сарака кароў сто сорак цялятак! Ты ведаеш, што гэта значыць? На Усесаюзную выстаўку пашлюць! Старшыня абяцаў!

Нельга поўнасцю прымаць высновы Аксені наконт таго, што сапраўдны гаспадар павінен у двор цягнуць, да сябе грэбці. Але нельга зразумець і метады Макара, якія ён ужывае, дбаючы пра тое, каб малака і масла хапала ўсім, тым болей што ў памкненнях яго не апошнюю (калі не галоўную) ролю адыгрывае асабісты момант - жаданне паехаць на Усесаюзную выстаўку і атрымаць там узнагароду. А. Пакровец, рэцэнзуючы ў свой час некаторыя аднаактовыя п'есы беларускіх драматургаў, у тым ліку і „Аксеніну цялушку" Макаёнка, зазначыў наступнае: „Калі Макар шляхам ашуканства думае выканаць план жывёлагадоўлі, то мы не можам паверыць у правільнасць яго ўчынку як станоўчага героя".

Першай шматактовай п'есай Макаёнка, якая ўбачыла святло рампы, стала драма „На досвітку". У ёй драматург распрацаваў тэму класавай барацьбы ў пасляваеннай Францыі. П'еса была пастаўлена тэатрам імя Янкі Купалы ў 1951 г. Першай жа ўвогуле п'есай Макаёнка, якая асэнсоўвала замежную тэматыку, з'явілася аднаактоўка „Крымінальная справа". Яна таксама датуецца 1951 г., але напісана крышку раней, чьш драма „На досвітку". У аснове сюжэта п'есы „Крымінальная справа", пабудаванай як камедыйна-сатырычны дыялог, ляжыць амаль што анекдатычны факт: следчы ФБР Хартлі абвінавачвае старога дворніка Сміта Хола ў нелаяльнасці да палітычнага ладу ЗША. Абвінавачванні грунтуюцца на тым, што Хол, змятаючы па загаду мэра горада пыл са скульптуры прэзідэнта перад мэрыяй, нібыта „зняважыў" асобу дзяржаўнага дзеяча, бо „тыцкаў" скульптуры пад нос венікам, „біў" яе.

X а р т л і. Вы неаднаразова публічна абражалі самога прэзідэнта.

Хол. Хто? Я?

Хартлі. Так, вы.

Хол. Містэр Хартлі, ды ў нашым горадзе ніхто так не клапоціцца аб на-шым прэзідэніде аб яго чыстаце, як я.

Хартлі. Ага, усё ясна. Вы чырвоны. Вы лічыце, што наш прэзідэнт брудны.

X о л. Быў брудны, а цяпер не.

X а р т л і. Так і запішам: „прэзідэнт брудны"...

X о л. Не прэзідэнт, а ... істукан... ну, балван гэты... як яго? Бюст.

Хартлі. Ага... Запішам: „прэзідэнт — істукан, балван".

X о л. Ды не тое я сказаў.

Хартлі. Якраз тое, што мне трэба. (Запісвае.) Далейшае нам вядома, так што раю вам шчыра прызнацца. Вы кожную раніцу, на вуліцы, публічна, перад вокнамі мэра горада сцёбалі венікам па твары нашага прэзідэнта. Так? Папярэджваю, нам усё вядома.

У працэсе далейшага допыту следчы Хартлі прыходзіць да вываду, што абвінавачванні ў адрас Хола беспадстаўныя, але „для карысці і следства" лічыць патрэбным пасадзіць яго на некаторы час у турму. „Крымінальная справа" - адна з лепшых аднаактовых п'ес Макаёнка. „Досыць лаканічная, скандэнсаваная, сціснутая да памераў сатырычнай мініяцюры, актуальная па тэматыцы і праблематыцы, гэтая сцэнка, - піша Я. Усікаў, - набыла характар сапраўднага памфлета на амерыканскі лад жыцця, на фальшывую амерыканскуй дэмакратыю".

Сярод аднаактовак Макаёнка ёсць такія, у якіх закранаемая тэматыка і праблематыка ўвогуле больш не сустракаецца ў творчасці драматурга. Да названых п'ес адносяцца „Першае пытанне" (1950) і „На шырокія прасторы" (1958).

У цэнтры п'есы „Першае пытанне" - вучні старэйшых класаў, якія, будучы прынцыповымі, адмаўляюць у прыёме ў камсамол свайму сябру і аднакласніку Вове. Маральны воблік яго, паводзіны, а менавіта стаўленне да вучобы, самаўпэўненасць, высакамернасць у адносінах з аднакласнікамі, зневажанне дома маці, яе працы не адпавядаюць тым патрабаванням, якія прад'яўляюцца сапраўдным камсамольцам. На думку сяброў і аднакласнікаў Вовы, яму неабходна выправіцца і толькі тады думаць аб уступленні ў камсамол.



Адзіны драматургічны твор Макаёнка, дзе непасрэдна закранаюцца эстэтыка-літаратурныя пытанні, - гэта аднаактоўка „На шырокія прасторы". Як адзначае С. Лаўшук у каментарыях да чацвёртага тома Збору твораў А. Макаёнка, у якім змешчаны сатырычныя сцэны, напісанне п'есы з'явілася своеасаблівым завяршэннем вуснай палемікі з крытыкам Я. Герцовічам, які ў пагрозліва-аглабельным стылі разнёс спачатку апавяданне А. Кулакоўскага „Сад", а потым у рэцэнзіі „Чорнымі фарбамі" (Літ. і мастацтва. 1958. 21 чэрв.) жорстка раскрытыкаваў яго ж аповесць „Дабрасельцы", беспадстаўна абвінаваціўшы яе аўтара ў апалітычнасці і іншых грахах. Макаёнак, які сам дасканала ведаў жыццёвыя праблемы, добра ўсведамляў турботы, беды і штодзённыя клопаты простага чалавека-працаўніка, не мог не заўважыць, што пазіцыя крытыка не проста кан'юнктурная. Зацятаму апаненту Кулакоўскага бракавала звычайнай прафесіянальнай добрасумленнасці, якая вымагала аб'ектыўнай ацэнкі з'яў рэчаіснасці, шырыні погляду на жыццё». Загадчык аддзела крытыкі і бібліяграфіі газеты Меерцовіч з п'есы „На шырокія прасторы" нават не чытаў кнігу Антона Глыбы, напісаную, на думку літсупрацоўніка гэтай жа газеты Івана Буева, студэнткі-практыканткі Галіны і некаторых іншых, добра, з веданнем жыцця, сапраўдных яго праблем і супярэчнасцей. У сваіх жа меркаваннях наконт ідэйных і мастацкіх вартасцей кнігі Меерцовіч кіруецца думкамі, выказанымі яму ў тэлефоннай размове людзьмі ўплывовымі, якія папрасілі яго змясціць у газеце адмоўную рэцэнзію на даную кнігу. Да ўсяго гэтага надзвычай стасуюцца і ўласныя погляды Меерцовіча на літаратуру, згодна якім „... кожную з'яву ў літаратуры і мастацтве трэба ацэньваць з пункту гледжання сусветнай літаратуры, сусветнага мастацтва. Трэба падняцца вышэй над нашай надзёншчынай, траскатнёй, параўноўваць усякую рэч з творамі вялікіх мастакоў..."
На шырокія прасторы праўдзівага адлюстравання і асэнсавання надзённых праблем сучаснасці заклікаў сваім творам драматург, пратэстуючы супраць звужаных, кабінетных поглядаў на факты жыцця і літаратуры.

Безумоўна, нельга перабольшваць, але ў той жа час нельга і прымяншаць значэнне і месца аднаактовых п'ес у творчай спадчыне Макаёнка. Яны хоць і не сталі прыкметнай з'явай беларускай драматургіі, але для пісьменніка былі добрай творчай школай. Разам з першымі шматактовымі п'есамі аднаактоўкі з'явіліся тымі творчымі прыступкамі, па якіх Андрэй Макаёнак узняўся да сапраўдных вышынь мастацкага асэнсавання надзённых праблем сучаснасці.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка