«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог » і пры канцы ўсяго і чалавека і сусвету будзе слова




старонка5/5
Дата канвертавання30.04.2016
Памер1.04 Mb.
1   2   3   4   5

– Кленчу Твайму сэрцам чутаму ценю

Радасцю незлічоных вякоў.

Ушанаваць сляды летуценю

Не батыкальных Тваіх ступакоў;


– Ойча,

Твайго беспачатку Айчына

Днее сузор’евым каласком.

Думаць дазволь пра Цябе аблачынна,

У цемры зацепліцца хоць вугальком;
– О любасны Хрыстос,

Свет у Табе ўваскрос.

Тваіх вачэй святло
З бясконцасці прыйшло.

Гэтыя фрагменты з асноўных твораў падобнага плану паказваюць працэс індывідуалізацыі жанру малітвы ў паэзіі Рыгора Барадуліна. Спалучэнне ўзнеслых клічных зваротаў з канкрэтыкай зямной і дрыготкасцю растайных вобразаў падкрэслівае адметны шлях паэта да ўсведамлення і раскрыцця інтымна-духоўных адносін рэальнай асобы да Бога. Не адрываючыся ад класічнай канвы кананічнага ўзору, малітоўная лірыка беларускага паэта пазбягае выразнай стылізацыі і тым болей пераймання, напаўняючыся выключна адметным, барадулінскім спалучэннем рэлігійна-містычнага, эмацыянальнага, высокамаральнага, выключна-нябеснага, і ў той жа нават рэальна-зямнога пачаткаў.



Падзячная – удзячнасць за атрыманае благодеяние. У Р.Барадуліна гэта творы “Кайна ўдзячны”, “Прымі”, “Дзякуй Госпаду за дазвол”. Менавіта ў апошняй найбольш яскрава ўвасоблены адметнасці падобнай разнавіднасці:

Дзякуй Госпаду за дазвол

Папрысутнічаць на бяседзе,

Дзе на ўсіх засцілаўся стол,

Дзе прыткнуўся я

Збоку недзе.


Дзякуй Госпаду за дазвол

Слова мовіць на той бяседзе,

Дзе стагнаў ад рогату стол,

Сум яшчэ не прасіўся ў суседзі.


Дзякуй Госпаду за дазвол

Затрымацца на той бяседзе,

Дзе трымаўся,

Як плот за кол,

Змрок за зорку ў капытным следзе.
Час усё скапыціў наўкол.

Свет цямнець навучыўся ў медзі.

І прыходзіць канец бяседзе.
Дзякуй Госпаду за дазвол!

Бо, як сказана ў Евангеллі, уста глаголят от избытка сердца. Жывыя словы гаворацца, калі ў душы ёсць жыццё, ёсць Бог.

Словы ўдзячнасці за жыццё на гэтым свеце будуць рассыпаны практычна па ўсіх творах Р.Барадуліна (згадаем, што малітвы аднаго матыву сустракаюцца вельмі рэдка, часцей за ўсё традыцыйна змешваюцца два, а то і тры асноўных матывы ў структуры аднаго твора). У вышэй адзначаным прыкладзе мы бачым, як класічная форма ўдзячнасці пераплятаецца з адметнай манерай Барадуліна-паэта, што вядзе да арганічнага паяднання ўзнёслага і прыземленага, нябеснага і рэальнага, што надае гучанню твора адметны каларыт, які не выклікае ніякіх унутраных пярэчанняў, бо кожны вольны, як пісаў апостал Павел, выбраць адметную форму для выказвання ўдзячнасці Тварцу.

Найбольш распаўсюджаны від малітвы – прашэнне. У ім чалавек прызнае свае грахі, сваю слабасць, а таму просіць Бога дапамагчы пераадолець усе перашкоды на шляху да шчасця і вечнага жыцця. (“Ойча праведны”, “Чым далей...”, “Мяно”, “Магчыма, пабачыць здолею”, “Маленне за Беларусь”, “Вераю”. Маленне аб дараванні заглушае ўсе іншыя парыванні:

Як жа Табе, божа цярплівы,

Здакучыў я просьбам:

Бесперастаннымі

За кожны каласок

З Твае нівы,

За кожны зорчын

Помірг драмлівы

На калені

Думкамі і сэрцам стану я.
– Гасподзь! Затрымацца дазволь

На гэтай грэшнай зямлі.

Зрабі ласкавейшы мой боль

Душы раўнавагу пашлі.


– Ойча праведны, памажы

Быць пакорным тваім іспытам.

Адвядзі мяне ад мяжы

Між жыццём і спаміж нябытам.


Параўнаем падобныя творы з некаторымі іншымі ўзорамі. Бадай толькі ў “Молитве” М. Цветаевай парушаны каноны звароту і просьбы, што сведчыць аб няспеласці духоўнай, выразнай позе аўтаркі. Узор гэты характарызуе малітвы-антыпросьбы, што былі даволі моднымі ў еўрапейскай традыцыі пералому стагоддзяў:

Христос и бог! Я жажду чуда

Теперь, сейчас, в начале дня!

О, дай мне умереть, покуда

Вся жизнь как книга для меня.
Ты мудрый, ты не скажешь строго:

«Терпи, ещё не кончен срок».

Ты сам мне подал – слишком много!

Я жажду сразу – всех дорог!..
Люблю и крест, и шёлк, и краски,

Моя душа мгновений след…

Ты дал мне детство – лучше сказки

И дай мне смерть – в семнадцать лет.

Можа таму так трагічна скончылася зямное жыццё Марыны Цвятаевай: Отверстая могила их гортань языками своими злобствуют. А Эразм узмацніў: Сердце – гробница; гортань и уста – вход в гробницу.

Рыгор Барадулін вельмі часта выходзіць за межы толькі прыватных просьбаў, бо ў яго баліць душа за ўсё жывое на зямлі:

Божа, паспагадай усім,

І магутнаму, і слабому,

І відушчаму, і сляпому,

Каб у згодзе жылося ім.
Божа, паспагадай усім,

Каб вайной не йшоў

Брат на брата,

Каб ржавела сякера ў ката,

Каб вячэраю пахнуў дым.
Божа, паспагадай усім,

Каб цяплелі пагляды людскія,

Каб у старца не кралі кія,

Нічыіх не кралі Радзім.


Да любові, да чысціні,

Да святла, да святога ўлоння,

Усявышні, і заўтра, і сёння,

Заблуканыя душы вярні.

Самымі дасканалымі і ўзнёслымі ўяўляюцца малітвы. І асабліва за родную Беларусь (“Маленне за Беларусь”, “Вераю”), дзе Р. Барадулін па-новаму ўзнаўляе велічныя купалаўскія традыцыі:

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі;

Распетаю буду маліцца душою

Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

Не вылі над роднай зямлёй, нада мной.

Гэтыя творы з’яўляюцца малітвамі ў вышэйшым сэнсе слова, дзякуючы іх асаблівай эмацыянальнасці, інтанацыі светлага смутку, нават далікатнасці, над якімі валадарыць промень адвечнай надзеі, а пейзажная дэталь (часцей за ўсё нябачная) або градацыя псіхалагічных перажыванняў індывідуалізуе сітуацыю малітвы Р.Барадуліна, нібы Давід, уздымае лад песни восхождения (так называюць псалмы 119-133), каб следам за вялікім псалматворцам яшчэ раз захапіцца справай Божай: Яко узрю небеса, дела перст твоих, луну и звезды, яже ты основал еси... (Псалом 8:4).

Паколькі беларуская мастацкая традыцыя ўвасаблення біблейскіх міфалагем нераспацаваная так шырока і змястоўна, як нават у братоў-славянаў, то Р.Барадулін вымушаны быў арыентавацца на ўласна-нацыянальныя фальклорна-духоўныя дасягненні і ўзоры ў суседніх літаратурах. Першае асабліва праявілася ў цыкле “З застрэшша мамінае хаты”, дзе аўтар згадвае ўспрыняцце Чыстага Чэцвера (“Да ўсходу сонца”), велікоднага яечка (“Вялічка”), угодную Богу Тройцу (“На Сёмуху”), дае ўласнае тлумачэнне народным звычаям (“Траецкія дзяды”, “...З маленства ў наш сад”, “Божанька”, “Беларусь – ты мой сон велікодны”), згадвае некаторыя мясцовыя легенды і паданні (“Блаславёны спадман”, “Крывіцкае паданне”, “Нікому”, “Вушацкія прысмеркі”). Падчас ён выкарыстоўвае народную паэзію іншых народаў (“Свяцейшая панна” з польскай, “Святая ноч” з нямецкай). З Міхаіла Лермантава беларускі паэт перакладае славутую малітву “Выхожу один я на дорогу”, дзе дамінуе выходзіць спрадвечная сумота хрысціянскай душы, якая шукае свайго Бога (“Што ж мне так балюча, так надрыўна? Што чакаю? Жаль бярэ па чым?); З Івана Буніна “Новы храм”, дзе апісанні алтара павінны напомніць Ісусу Хрысту зямныя песні, “парог і сонца Назарэта, Варштат і кубавы хітон”; З Дзмітрыля Меражкоўскага “Хрыстос ускрэс!”, дзе светлая радасць галоўнага свята кантрастуе з ганьбай і жабрацкасцю чалавечага жыцця, якое Хрыстос, па-сапраўднаму ўваскрошы, сустрэў бы толькі слязамі. Падобнымі зваротамі Р.Барадулін шукаў адпаведную форму зварота да Бога, аналізаваў уласны і нацянальны менталітэт, пытаючы, якой танальнасцю можна гаварыць з Дэміургам. І, нарэшце, прыходзіць да вываду, што Бог – гэта ў першую чаргу клапатлівы Бацька, што першым абавязкам лічыць глядзець сваіх не заўсёды разумных, але так любімых дзетак. І ў якога можна папрасіць, якому можна заўсёды пакаяцца і паспавядацца, якому нават можна пажадаць сіл і здароўя ў гэтай нялёгкай справе. Падобны вобраз Бога выключна адметны ад грозных багоў у спадчыне Байрана, Гётэ, Пушкіна, Лермантава, Ён выразна болей зямны і чалавечы.

Падобнай трансфармацыі падвяргаюцца і шматлікія біблейскія міфалагемы. Так, славутае МEMENTO замяняе выразным ПОМНІ!:

І гаворачы з быдлаю,

Помні пра Біблію.

І мроячы мрою светлую,

Помні пра апраментную.

Рупячыся ў кляцьбе,

Помні і пра сябе.

Эразм шматкроць папярэджваў, што в божественных Писаниях есть тайны, в которые Бог не хотел, чтобы мы прникали глубже; если мы попытаемся в них проникнуть, то чем глубже мы продвинемся, тем больше будет тумана, и мы таким образом, узнаем непостижимое величие божественной премудрости и немощь человеческого разума. Гэта добра ўсвядоміў Рыгор Барадулін, які шмат разоў спрабаваў спасцігнуць неспасцігальнае. Згадаем фрагменты з паасобных філасофскіх твораў:

– Вечнасць на імгненне не зважае, Кожны сам сабе – былы сусед. І свая душа – радня чужая. Чалавек самотны, як сусвет;

– Дзе першы смех пан папярхнуўся плачам;

– Чалавецтва адзіны чалавек, Якога Паўтарае ў незлічоных абліччах Люстэрка ілюзіёну зямнога;

– Неба карае зняверцаў сурова – Як ад мёртвага дрэва кара, Ад душы адстае наканаваная мова;

– Ці гэта людзі – Маладыя дровы, якія Вечнасць паліць, Каб сагрэцца?;

– Што вячней, ці неба, ці зямля? Не адкажа дзень, ні цень чмяля Думай, покуль можна, бо пасля Зможа ўсіх сцюдзёная зямля;

– Жыццё – адчынены астрог, Але не выйсці нам з астрога. Ідзём сюды з усіх дарог. Ключы ад волі ў Пана Бога;

– Каб людскі не зводзіўся род, Вечным семем засеяны свет гаротны. І няма на зямлі сірот, Бо па небе Бацька Бог Несмяротны;

– Цікаўнасць, трымаючы ўсё на прыкмеце, Пытаецца ў вечара з-за спіны, Ці ёсць у пані Вечнасці дзеці. Як ёсць, Дык якія і хто яны?;

Менавіта чалавечая цікаўнасць, а таксама жаданне падыходзіць да разумення нават выключна незразумелых і недаступных пастулатаў з дапамогай выключна чалавечных паняццяў прыводзіць і да з’яўлення псеўдагісторый і тэорый тыпу Кода да Вінчы, у якіх Хрыстос ужо да такой ступені чалавек, што мае сям’ю і дзяцей, што кардынальна супярэчыць Евангеллям і асновам хрысціянства. Гэта не новае памкненне вывесці на першы план менавіта плоцевую сутнасць, плоцевы пачатак Хрыста, хаця яшчэ Апостал Павел, які бачыў Збавіцеля ў целе, не лічыў гэта надзвычай істотным: “Хотя мы и знали Христа во плоти, теперь уже не знаем”. Ён патрабуе ісці за Духам Збавіцеля, а не ягоным целам. Плоць без духу не дапамагае, бо Іуда і абдымаў Хрыста, і цалаваў Яго. Бяда, што мы слухаем слова Божае цялеснымі вушамі, а не ўнутранымі. Менавіта таму плача душа нашая, бо мы, бачачы, не бачым, і, чуючы, не чуем: Невелико дело идти плотскими ногами по стопам Христа, но очень велико – следовать за Ним в любови. Далучэнне да Духу дапамагае вырасці крылам у душах, абуджаных Любоўю, толькі так можна ўзняцца ад цела да духу, ад пачуццёвага да спасцігаемага розумам, ад уяўна складанага да простага і зразумелага. Рыгор Барадулін аналізуе падобную праблему, але нязменны ў сваіх высновах:

Раптам бы

Закахаўся Хрыстос.

Што б тады сталася

З небам і долам?

Трэба было адвярнуцца анёлам,

Каб не сурочыць расчуленых слёз.
Мусіла быццам якою яна,

Каб не прагнала

Думку пра сына

І ў аблачын на пялюшкі прасіла

Трошкі кужэльнага палатна?
Чуў,

Як ад жарсці заходзіўся дол.

Неба цяплела здагадкай пачутай.

Пэўна, на шлюб

Толькі з босай пакутай

І атрымаў Ён ад Бацькі дазвол...

Праблема пошуку адпаведнай формы для адлюстравання глыбока зместу біблейнай сімволікі пастаянна хвалюе паэта, у практыцы якога надзвычай арганічна спалучаюцца старажытныя класічныя жанры і наватарскія структуры. Сярод першых, акрамя згаданых псалмаў і балад, трэба згадаць і надзвычай жорсткую форму класічнага санета. У “Палыновыя санеты” Р.Барадуліна ўвайшло 23 творы, што ўжо пазбаўляе права на вянок санетаў. Але, насуперак тэорыі, перад намі сапраўдны класічны вянок, дзе галоўнае – не колькасць радкоў у тэксце і колькасць саміх тэкстаў, а агульны настрой, які кіруе структурай і паэтыкай кожнага з маленькіх вітражоў, што ў рэшце рэшт складваюць агульную палыновую атмасферу быцця на зямлі і падрыхтоўкі да новага жыцця. Звычайна ў класічным вянку санетаў кампазіцыйнай асновай становіцца апошні санет – магістрал (праўда, бываюць выпадкі, што магістралам твор адкрываецца). Па сутнасці, і першы твор, і апошні ў цыкле Рыгора Барадуліна ёсць магістралы, бо скандэсавана выказваюць пачуцці паэта, што сугучны адчуванню кожнага чалавека, які спазнаў сваю нявечнасць у сусвеце, з якім патрэбна хутка развітацца:

Усё жыццё, як дзень адзін, прайшло.

Усё, што мучыла і хвалявала,

Перагарэла, ўціхлася трывала.

З цямніцы цені выйшлі на святло.

Таіць свой позірк перастала зло.

Змяя спакусы прыхавала джала,

Старацца лёсу засталося мала,

І паскупела ў шчодрасці кубло.
Спагады палахлівыя галіны

Дрыжаць і ахінаюць цішыню,

Даўно паразумеліся правіны.

Смялее страх, як цёмнае пытанне,

Ды падстаўляе радасць даланю

Пад лівень сонечны на развітанне.

Палын пасівеў не ад самоты, бо тут сівеюць і валуны, і завірухі, сівеюць Млечны і нявечны шлях; сівыя крушні крушацца ад скрухі; начэюць мроі груганамі; у крылаў памяці слабее ўзмах; на зямлю і ў сціхлую душу прыходзяць халады гаспадарамі; змерзлае рэха крадзецца дварамі; жыццё ад смутку гіне без хваробы; глухога бытавання марны хлуд Рос палынова, сціснуў валунова; конь засмяяўся смехам непадкутым; араллёй паснедалі плугі; усё жыццё – туга па тым жыцці.

Перад намі высокапаэтычная праекцыя жыцця, дзе спалучыліся вытокі, рэальнасць і ўяўленні пра будучыню, якая чакае ўсіх, хто меў шчасце і няшчасце жыць на зямлі. У такім стане ўжо не думаецца аб тым, што прырода бывае жывой і не жывой – яна ўся жывая: “Падперці неба не церпіцца дыму; І святы йдуць марознаю хадою. І трызніць лугам сена на стале; Іграла сонца, ажывала тло; Ішлі па небе продкі, як аблокі; Ад славы камянеюць вершаробы; Сонца закацілася, як Мама.

Глыбокія развагі аб уласнай долі зямной прыводзяць паэта да выключна-філасофскай, глыбока паэтычнай, прарочай карціны будучыні:

А тут набытае пакінем тут.

Там давядзецца ўсё пачаць нанова.

А ці спатрэбіцца там нават слова,

Каб абжываць незразумелы кут.

Глухога бытавання марны хлуд

Рос палынова, сціснуў валунова.

А там, відаць, няўлоўная выснова

Цяжэй гнясціме воблакам пакут.

Таму туды раней за нас матулі

Ідуць, каб зноў вучыць сваіх малых,

Каб там на іх нядобра не зірнулі.

Мы там прыдбаем звычкі незямныя,

Набудзем іншы зрок ды іншы слых,

Сябе забудзем, а душа заные.

Маці паміраюць першымі, каб падрыхтаваць месца для дзяцей – якая глыбокая філасофія. Раней ён пісаў, што на клады мусім накіравацца ў апратцы сваёй жа працы, каб нас пазналі дзяды.



Р. Барадулін стварыў уласную паэтычную форму, якую назваў “Ахвярынкі” (цыкл мае эпіграф “Пусці ў душу Хрыста...”). Знешне ахвярынка падобная на хоку ці танка, складаецца з трох ці двух радкоў, але не мае цвёрдай колькасці складоў. Афарыстычнасцю сваёй блізкая да Прытчаў Саламонавых, бо літаральна ў адным сказе скандэнсавана глыбокая філасофская думка і ідэальны распацаваны мастацкі вобраз. Аналізаваць іх змест і вобразнасць практычна немажліва, застаецца толькі захапляцца выключным майстэрствам паэта і паступова аналізаваць патаемную мудрасць:
Галінка трымае расу навісу –

Баіцца абразіць зямлёй красу.
Быццам чорнаму буслу,

Душы

Просіцца затаіцца у глушы.
Белую аблачынку вішні,

Здаецца, выдыхнуў Усявышні.

І ў цямніцы ружа расцвітае,

Толькі ўсмешка ўжо ў яе

Не тая.
Думка просіцца ў ісціны на пастой,

Наблукаўшыся

Па сцежках вякоў сіратой.
А ўсё ж цікава:

Ад часу ўцякаем мы

Ці час ад нас уцякае.
Мы – толькі пыл на далані пустыні.

Здзьмухнецца пыл –

І даланя астыне...
У чыстым небе спаміж вершалінак

Павук шчырэе без адпачынку,

Каб выткаць хоць ценькую аблачынку.
Мароз цвікі забівае без малатка.

Дарога санная грэецца ў лесе.

Змяняецца ўсмешка маладзіка.
Лілея на лісту, як на плытку.

Здаецца, што нахабнаю рукою

Касу ў вясёлкі зараз распляту.
Апошні страх заікнецца смехам.

І ў поцьмах душы зварухнецца туга,

Як леташняя трава пад снегам.
Ніткай, трошкі таўсцейшай за гук,

Човен мой разам з возерам хоча

Прывязаць да хмурынкі павук.
Галодны досвітак снедае рэхам,

Пацягваючыся ў сне.

Бяздомны сабака грэецца брэхам.
Гэта ўсцешыць вока і Прарока:

Гронка бэзу, як грудка цнатлівая,

Вырываецца з кофтачкі змроку.
Старасць – гэта маладосць,

Якая сябе гукае.
Бясконцасць стагуе

Стагоддзяў стагі,

Каб нябыт анямеў ад зялёнай тугі.
Усё, што дае, назад забірае.

Таму й маладзее зямля сырая.
Глуха.

Цьмее звыкла смутак воўчы.

Завіруха выплакала вочы.
Леў

За жытло не прымае хлеў.
Шчодрая рука

Толькі ў жабрака.
Ціха з памяці адыходзяць імёны

Дрэў, птушак, сяброў.

Жоўтым робіцца колер зялёны...
Я цяпер, як апошні колас.

З самых родных яшчэ засталіся

Бацька Бог ды ад мамы Голас.
Перастварэнне біблейскіх міфалагем у паэзіі Р.Барадуліна – знамянальнейшы этап як у творчай эвалюцыі народнага паэта, так і беларускай літаратуры ў цэлым, якая яшчэ раз сцвердзіла сваю еўрапейскасць.





1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка