На матэрыяле парэмій




Дата канвертавання27.03.2016
Памер63.45 Kb.


Арсень Ліс (Мінск, Беларусь)
НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АБ МЕНТАЛІТЭЦЕ БЕЛАРУСА:

НА МАТЭРЫЯЛЕ ПАРЭМІЙ

Слова "менталітэт", вытворнае "ментальнасць" паходзіць ад лацінскага "mens" – розум, вобраз мыслення, душэўны склад чалавека, групы соцыуму, этнічнай супольнасці. Філасофскае азначэнне менталітэту мае на ўвазе "глыбінны ўзровень калектыўнай і індывідуальнай свядомасці, які ўключае і бессвядомае" 1. Ментальнасць, паводле У.П. Візгіна, фарміруецца ў залежнасці ад традыцый культуры, сацыяльных структур і ўсяго асяроддзя жыццядзейнасці чалавека і сама ў свой чарод іх фарміруе, выступаючы як спараджальны пачатак..." 2

Навуковае асэнсаванне менталітэту мяркуе пазнанне чалавека ў яго духоўнай, сацыяльнай, грамадскай сутнасці. Менталітэт этнасу, такім чынам, гэта – сістэма суджэнняў народа пра свет, анталагічныя праблемы быцця чалавека як прадстаўніка этнічнай супольнасці.

Структура менталітэту ўлучае цэлы шэраг паняційных сэнсаў-складнікаў. Іх можна класіфікаваць паводле філасофскіх, маральна-этычных катэгорый. З улікам жа таго, што гэта шырокія катэгарыяльныя паняцці дыферэнцуюцца на семантычна вузейшыя сэнсавыя адзінкі, іх мэтазгодна разглядаць паводле апошніх. У структуры этнічнага менталітэту існуе пэўная іерархія яго паняційных складнікаў, каштоўнасных ментальных катэгорый, практычна яна мае агульную схему ў розных этнічных менталітэтах, паколькі градацыя ментальных адзінак грунтуецца паводле каштоўнасных іх параметраў. Натуральна, на першы план вылучаюцца найбольш экзістэнцыйна важныя паняцці-катэгорыі.

"Найбольш усеагульнай ідэяй вуснапаэтычнай творчасці беларускага народа,  піша філосаф, вядомы беларусазнаўца У.М. Конан,  яе пафасам з'яўляецца пошук праўды, якая ў народным уяўленні была ідэалам, сэнсам жыцця і адначасова ўвасаблялася ў пачуццёвы вобраз" 3. Тэзіс аб прыярытэце паняцця "праўды", праўдзівасці ў іерархічнай структуры менталітэту беларуса традыцыйнага грамадства паслядоўна пацвярджаецца зводам парэмій.

Прыказкай "на праўдзе свет стаіць" у форме маральнага імператыву выказана дамінантная пазіцыя светаразумення традыцыйнага беларуса, адначасова – ментальная ўстаноўка этнасу 4. У беларускай прыказкава-прымаўкавай спадчыне асэнсоўваецца метафарычная прырода паняцця "праўда". У народнай свядомасці катэгорыя "праўда" – суб'ект існага, сапраўднага ў жыцці. Яна існуе аб'ектыўна: "Не чалавек родзіць праўду, праўда сама нараджаецца" (Янк., 155). Прыказкай "праўда на агні не гарыць і ў вадзе не тоне" метафарычна трапна сцвярджаецца моц праўды як катэгорыі быцця, яе адвечнасць, незнішчальнасць" 5.

Фундаментальнасць, неадольнасць праўды-справядлівасці ў субстанцыйнай яе іпастасі – сталая тэма народнай афарыстыкі. "Праўду не закапаеш (не схаваеш)" (Янк., 156), "праўда наверх выдзе" (F., 246), "праўда няпраўду перацягне" (Рап., 238). Этнічная ментальнасць беларуса дэманструе катэгарычнае непрыманне няпраўды: "Лепш праўда спаліць, чым ліха пахваліць" (Янк., 110), "лепей горкая праўда, як салодкая мана" (Рап., 235). Праўда, праўдзівасць чалавека – крытэрый яго існасці, сумленнасці, грамадскай вартасці. Адсутнасць праўды, шчырасці ў характары, паводзінах чалавека – маркер негатыўнай ацэнкі яго народам. Народная свядомасць знаходзіць трапнае яскрава-вобразнае пазнанне-азначэнне непраўдзівасці чалавека: "Як з каменя вады, так з яго праўды" (F., 246). Павучальна выказваецца катэгарычная засцярога-парада: "Згубіўшы праўду і сам прападзеш" 6.

Наогул беларускія парэміі абсалютна адназначна арыентуюць на праўду як адзіна годны, апраўданы шлях чалавека ў яго зямным бытаванні: "З праўдаю найдалей зайдзеш", "Праўдаю ўсей свет пройдзеш і назад вернешся" (F., 246, 247), "Праўда з дна марскога вынясе" (Рап., 238). Праўдзе як увасабленню праўдзівасці, сапраўднасці няма альтэрнатывы. Яна наўпрост апазіцыйна падману, ад якога народная свядомасць катэгарычным імператывам засцерагае чалавека: "Падманам свет пройдзеш, але назад не вернешся" (Грынбл., 2, 313). Разам з тым сацыяльны і, пэўна, не ў меншай ступені гістарычны досвед народа насуперак максіме "на праўдзе свет стаіць" падказвалі выснову-ісціну іншага зместу: "Чыя сіла, таго і праўда" (F., 277).

У прынцыпе бальшыня ўстановак беларускага этнічнага менталітэту суадносна з маральна-этычным кодэксам народа, сістэмным у сваёй аснове. У пераважнай бальшыні яны маюць агульначалавечы быційны сэнс, гуманістычную скіраванасць, адметныя адно сваім беларускамоўным паэтычна-вобразным афармленнем. Так, уведзеная ў навуковы ўжытак І.І. Насовічам беларуская максіма "што сабе не міла, таго і другому не зыч" у часовым вымярэнні ўзыходзіць, пэўна, да эпохі Старога запавету, Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста 7. Яе ж сэнсавая глыбіня, дыдактычная прагматыка раскрываюцца праз метафорыку ў прыказцы "Не капай на чалавека яму – сам упадзеш 8, або ў яе варыянце "Не капай яму другому, бо сам увалішся" (Рап., 202). Дарэчы, прыведзеная тут прыказка вылучаецца ранняй, 1517 год, яе фіксацыяй у пісьмовай крыніцы. Францыск Скарына ў прадмове да перакладзенай ім кнігі Свяшчэннага Пісання "Эсфір" інтэрпрэтаваў дадзеную ісціну ў дачыненні да біблейскага персанажа Амана:

Не копай под другом яму,

Сам ввалишся в нее

Не став, Амане, Мардухею шибенице,

Сам повиснеш на ней. 9

Беларускі першадрукар, славуты асветнік-гуманіст, філосаф, дбаючы пра "посполитое доброе", грамадскае дабро, рупіўся "людям посполитым… к пожитку и ко размножению добрых обычаев" даць плён мудрасці свяшчэнных кніг. У сваіх прадмовах і пасляслоўях да Бібліі, перакладзенай на старабеларускую мову, вялікую ўвагу ўдзяліў маралі, праву, распаўсюджанню гістарычных ведаў. У сваёй асветніцкай дзейнасці  абапіраўся на айцоў хрысціянскай царквы, антычных філосафаў ды  на  традыцыйную духоўную культуру ўласнага этнасу. Пры гэтым, у жыцці,  служэнні грамадству, тытанічнай працы асветніка яскрава выявіў менталітэт беларуса-ліцвіна эпохі высокага еўрапейскага Адраджэння.

Прыказкі "Жыццё пражыць – не поле перайсці", "Паміраць збірайся, а жыта сей" – дзве філасофскія мініяцюры экзістэнцыяльнага сэнсу. Як і многія іншыя парэміі, яны маюць некалькі паасобнікаў. "Жытку пражыць – не поле перайсці" абсалютна тоесны сэнс у палескім дыялектным варыянце, зафіксаваным А.Сержпутоўскім 10.

У публікацыі Е. Раманава ў гэтай жа прыказцы заходняя лексема "жыццё" заменена на лексему "век" у разуменні "чалавечы век": "Век пражыць – не поле перайціць, не пальцам пераківаць" 11. І ў запісе Я. Рапановіча "Век пражыць – не поле перайсці" (Рап.. 162). Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў абедзвюх частках прыказкавай структуры, пададзеных А. Сержпутоўскім і Я. Рапановічам,  аднолькавы лік націскных складоў. Гэта прыдало прыказкавай мініяцюры рытмічна-паэтычнай гармоніі, у канчатковым выглядзе – роздумную інтанацыю гучання, што цалкам адпавядае зместу філасофскага па сутнасці фальклорнага твора.

Што да іншых варыянтаў прааналізаванай парэміі, такіх як "Жыццё пражыць – не песеньку спець" (Янк., 187), "Жыццё пражыць – не лапці сплесці" (Рап., 164), "Жытку пражыць – не люльку выкурыць" (Сержп., 70), то яны маюць розныя семантычныя адценні, але, мабыць, не дасягаюць той сэнсавай ёмістасці і дасканалай мастацкай выразнай формы, як парэмія "Жыццё пражыць – не поле перайсці". І гэта адбылося не таму, што паняцце "поле" семантычна шырэй, а таму, што ў фальклоры яно мае не толькі прамы, але і пераносны сэнс, зыходны з міфапаэтычнай генетычнай асновы традыцыйнай свядомасці.

Парэмія "Паміраць збірайся, а жыта сей" – жыццесцвярджальная паводле ідэі, анталагічная зместам, моцная заключаным у сабе сацыяльным аптымізмам. Філасофскі сілагізм, выснаваны ў выяве-абразку з дапамогай вобразнага кампанента "жыта", што для беларускага земляроба ўвасабляла хлеб, а ў традыцыйнай культуры мела семантыку сімвала жыцця. Наказ чалавеку пры самай скрутнай перспектыве не пераставаць рабіць асноўнае, выконваць свой абавязак паўтарае парэмія, аналаг прыведзенай – "На вайну ідзі, а поле ары" (Сержп., 235).

Характэрна, калі парэмія "Не капай перад іншым ямы..." мела прамыя аналагі ў культуры ледзь не ўсяго еўрапейскага рэгіёна, прынамсі, зафіксавана ў зборніках парэміёлагаў Саламона Рысінскага, Амоса Каменскага, то прыказка "Паміраць збірайся, а жыта сей" пры яе агульналюдскай культурнай сэнсавай значымасці мае вузейшы, лакальнейшы арэал бытавання.

Ува ўсіх жанрах традыцыйнай культуры беларускага этнасу вылучаюцца, сцвярджаюцца, акцэнтуюцца перадусім такія рысы чалавечага характару, як разумнасць, маральнасць, працавітасць. У парэміях вобразная выява чалавека разумнага (homo sapiens), дасканалага (homo minis) увасоблены характар, светапогляд, менталітэт беларуса з выразлівай паўнатой і пластычнасцю, а з-за афарыстычнай формы – яшчэ і нагляднай бачнасцю, пазнавальнасцю.




1 Визгин В.П. Ментальность // Новая философская энциклопедия. М.: Мысль, 2001. Т. 2. С. 525.

2 Тамсама.

3 Уладзімір Конан. Выбранае. Мн., 2009. С. 130.

4 Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi Litewskiej. Warszawa, 1936. T. 4. S. 246.

5 Рапановіч Яўген. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі. Мн., 1974. С. 238.

6 Аксамітаў Анатоль. прыказкі і прымаўкі. Мн., 2002. С. 287.

7 Святое Евангелие. М., 2009. С. 34. п. 12.

8 Носович И.И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1877. С. 99.

9 Скарына Францыск. Творы: прадмовы, сказанні, легенды апакафісты, пасхалія / Уступны артыкул, падрыхтоўка тэкстаў, каментарыі, слоўнік А.Ф. Каршуноў. Мн., 1990. С. 71.

10  Сержпутоўскі А.К. АІМЭФ, ф. 9, воп. 2, спр. 21, л 70.

11 Романов Е.Р. Древние пословицы // Записки С.-Зап. ОРГО. Кн. 1. Вильно, 1910. С. 216.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка