На базе сш №38 сабраліся ўсе зацікаўленыя ў пытаннях прафілактыкі спецыялісты, каб падзяліцца вопытам І праблемамі І спланаваць сваю далейшую дзейнасць




Дата канвертавання15.03.2016
Памер22.32 Kb.
На базе СШ №38 сабраліся ўсе зацікаўленыя ў пытаннях прафілактыкі спецыялісты, каб падзяліцца вопытам і праблемамі і спланаваць сваю далейшую дзейнасць.

Удзел у мерапрыемстве прынялі і прадстаўнікі Астравеччыны – намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алеся Казіміраўна Кашко, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Астравецкага райвыканкама Тэрэса Мар’янаўна Драган, начальнік інспекцыі па справах непаўналнетніх Руслан Іосіфавіч Гайдуль, намеснік галоўнага ўрача Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Барысавіч Радзько і класны кіраўнік Гудагайскай школы Ірына Мікалаеўна Жалток.

Адкрыла канферэнцыю намеснік начальніка Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Уладзіміраўна Курганская, якая прааналізавала вынікі анкетавання па схільнасці да ўжывання псіхатропных рэчываў. І вынікі гэтыя прымушаюць задумацца…

У бліжэйшы час плануецца адкрыць у Гродзенскай вобласці спецыялізаваную ўстанову для тых, хто ўжывае наркатычныя і псіхатропныя рэчывы.

Падчас канферэнцыі была прааналізавана сітуацыя з выкарыстаннем наркатычных рэчываў. За апошнія пяць гадоў колькасць людзей, якія іх ужываюць, значна павялічылася. Калі ў 2013 годзе ў Гродзенскай вобласці было зафіксавана 334 новыя выпадкі ўжывання наркотыкаў, то ў 2014 годзе – ужо 1364 чалавекі сталі рабамі гэтай смяротна небяспечнай залежнасці, прычым больш за 82% з іх – гэта моладзь ва ўзросце да 25 гадоў. А 32% складаюць непаўналетнія, самаму малодшаму з якіх усяго 8 гадоў.

Сёння наркотыкі часта распаўсюджваюць з дапамогай інтэрнэту. І калі ў мінулым годзе ў Гродзенскай вобласці было выяўлена 7 такіх інтэрнэт-магазінаў, то за 10 месяцаў бягучага года – ужо 17.

– І тым не менш праблема застаецца, – сцвярджае намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Алеся Казіміраўна Кашко. – Былі выяўлены выпадкі, калі наркотыкі раскладваліся ў патаемных месцах на тэрыторыі школ. Менавіта таму прадстаўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў звярталіся за дапамогай да настаўнікаў. І ў бліжэйшы час на базе інстытута развіцця адукацыі запланавана правесці для педагогаў цыкл лекцый, якія дапамогуць выяўляць схільнасць у падлеткаў да ўжывання наркотыкаў і псіхатропных рэчываў.

Статыстыка сцвярджае, што 20% людзей ніколі не спрабавалі наркотыкі і не збіраюцца гэтага рабіць, столькі ж – ужывалі і будуць ужываць, а 60% – гэта пераходная катэгорыя людзей, якая пры спрыяльнай сітуацыі можа трапіць пад уздзеянне наркотыкаў ці псіхатропных рэчываў. І таму вельмі важна папярэдзіць непапраўнае.

На думку некаторых выступаючых, зрабіць гэта можна, калі працаваць і з дзецьмі, і з іх бацькамі.

Так, святар Павел Каспяровіч, кіраўнік Гродзенскай епархіі, упэўнены, што бацькоўскія сходы толькі тады прыносяць карысць, калі праводзяцца ў міні-групах.



– Агульнашкольныя бацькоўскія сходы, на якіх выступаюць і міліцыя, і ўрачы, і прадстаўнікі інспекцый па справах непаўналетніх, і іншыя – гэта добра, але працаваць трэба асобна, індывідуальна з кожнай групай, – упэўнены Павел Каспяровіч.

Пасля канферэнцыі ўсіх запрасілі на секцыі. Тут сваімі напрацоўкамі дзяліліся педагогі школ, якія непасрэдна працуюць з дзецьмі і іх бацькамі. Вопыт работы па фарміраванні сацыяльна адказных паводзін вучняў праз развіццё школьных аб’яднанняў дзяцей і дарослых прадставіла ў тым ліку і класны кіраўнік Гудагайскай СШ Ірына Мікалаеўна Жалток.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка