Мяч з сілай урэзаўся ў крыжавіну варот, падскочыў пару разоў уверх-уніз і паволі пакаціўся насустрач, а потым, як заварожаны, спыніўся на белай адмеціне пенальці




старонка3/3
Дата канвертавання12.05.2016
Памер435.33 Kb.
1   2   3

* * *

Адвячорак за акном спусціўся непрыкметна. У прыцемку растварыліся абрысы дамоў, зліліся з цемрай кроны дрэў...

Вадзік чуў, як Віка прымала душ, пасля сушыла валасы фенам. Не хацелася ўставаць, каб уключыць святло. 3 магнітафона лілася лёгкая музыка. На сэрцы было суцішна і хораша.

Яна прайшла ў канец пакоя, уключыла таршэр, вярнулася і села побач:

— Мае з'ехалі ў вёску. Заўтра вернуцца. Я крыху пабойваюся адна.

— Наймі вартаўніка, — усміхнуўся Вадзік і лёгка абняў за плячо.

— А ты? — яна не адхінулася, а, здаецца, нават прытулілася да яго грудзей. Чорныя пасмы валасоў пахлі ландышам, прыемна казыталі Вадзікаву шчаку.

— Я з радасцю застаўся б, але заўтра гульня, фінал кубка, і мне трэба выспацца.

Яна нічога не сказала, але, як здалося Вадзіку, крыху адкаснулася ад яго шчакі.

— Віка, ты не крыўдуй. Я пасля бяссоннай ночы ног не пацягну. А хлопцы што скажуць? Нам жа за кубак, калі выйграем, званні майстроў спорту свецяць.

— Вадзік, я ўсё разумею, але...

— Што "але", што? Мілая ты мая... — Вадзік прытуліў яе, пачаў цалаваць.

Яе губы, спачатку халодныя, нясмела адказалі, пасля пацяплелі, сталі гарачымі, пачалі страсна шукаць яго зубы, язык... Вадзік, хмялеючы, цалаваў шчокі, вочы, шыю. Рукі міжволі пайшлі ніжай, адчуваючы пад шаўковым халацікам яе цела, распусцілі завязкі... Віка выдыхнула і абвіла яго шыю рукамі, пальцамі цярэбячы валасы, пагладжваючы шчокі. А ён, забыўшыся на якім свеце, расхінуў халацік, пачаў цалаваць саскі грудзей, упадзінку між імі...

Віка застагнала і раптам спружынна рванулася з яго рук:

— Не, Вадзік, не! Толькі не цяпер... — быццам ашаломленая, захінула крысо шоўку, узяла завязкі на банцік.

— Выходзь за мяне замуж, Віка, — Вадзік хацеў прытуліць яе зноў, але яна далікатна адвяла яго руку.

— Табе ж часу не будзе жаніцца. Вунь паклонніцы адбою не даюць: аўтографы, фатаграфіі. Кожны дзень — дзве трэніроўкі. А пасля — зборы, раз'езды. За мячом свету не бачыш, — Віка ўстала, уключыла агульнае святло.

— Што праўда, то праўда: трэніроўкі, раз'езды, зборы... Такое жыццё ў футбалістаў. I іх жонкам не пазайздросціш: чакай, што заўтра прыедзе, каб раніцай зноў адправіць у дарогу. А вось "свету за мячом не відаць"... Я не сказаў бы... Можа, дзякуючы яму, я свет і ўбачыў. Нават з табой праз мяч пазнаёміўся. Помніш?

— Помню, — Віка рукамі страсянула пасмы валасоў, хітнула галавой, роўна рассыпаючы іх па плячах. — Пайшлі на кухню, я цябе чаем пачастую.

Вада ў чайніку закіпела. Віка кінула шчопаць змельчаных лістоў і кветак у пузаты збаночак, да верху заліла кіпенем:

— Ведаеш, колькі ў заварцы лекаў? Лічы: лісты парэчкі, маліны, сунід, кветкі чабору, мята, ліпавы цвет, трава-зуброўка і мацярдушкі. О, колькі ўсяго — восем! Сястра яшчэ зверабой кідае.

— Смачна, — Вадзік прыхлёбваў духмяны гарачы напой упрыкуску з пячэннем. — А ведаеш, Віка, я не жартую: выходзь за мяне замуж.

— А жыць дзе будзем? Ты падумаў...

— Калі выйграем у "Аякса", нам абяцалі кватэры даць. Спачатку хаця б аднапакаёўку. А там — відаць будзе. Так што згаджайся, я два разы не прапаноўваю, — Вадзік усміхнуўся.

— За сённяшні вечар ты два разы і прапанаваў, — Віка пальцам дакранулася да кончыка яго носа.

— I праўда. Значыць, Бог троіцу любіць. Чакай... Была палова дванаццатай, калі ён ішоў на метро.



* * *

Леанід Мікалаевіч Вадзіка Ясінскага ў асноўны састаў не паставіў: "Адпачні перад гульнёй з галандцамі. Мы сёння і без цябе павінны выйграць. Пабудзь у запасе, хай маладыя сябе пакажуць".

Вадзік не пярэчыў, але не мог уседзець на лаўцы запасных. Няма нічога больш цяжкага, чым бачыць, як каманда атакуе саперніка, надзейна авалодаўшы цэнтрам поля, і не можа забіць. Выжыльваецца сярэдняя лінія, носяцца ў прарывы два нападаючыя, а мяч, як закляты, не ідзе ў вароты. Барысаўскія нападаючыя, адышоўшы назад, адбіваюцца разам з абаронай, не думаючы пакуль што аб нападзенні. Ціха, заняўшы амаль сектар, сядзяць, балельшчыкі, што на дзесятку аўтобусаў прыехалі з раённага гарадка. Стыне ў варотах Жэня Макевіч, дынамаўскі варатар. Яму сёння па-сапраўднаму нават і не білі. Хіба што разы два, ды і то далёка ўбок. Эх, выйсці б зараз на поле яму, Вадзіку, падхапіць мяч, абвесці на хуткасці аднаго, другога і штосілы гахнуць па чужых варотах, каб аж сетка затрапятала ў якім-небудзь вугле! Але не, Леанід Мікалаевіч і не думае рабіць замену, спакойна назірае за гульнёй.

Два нулі на табло, як здзіўленыя вочы, праводзяць ігракоў у падземны пераход пасля першага тайма.

У перапынку галоўны трэнер падказвае памылкі, просіць больш біць па варотах здалёк, робіць перастаноўкі ў лініях. Замен — ніякіх. Хлопцы, апусціўшы гетры на нагах, расслаблена слухаюць, адпачываюць, палошчуць горла мінералкай.

У другім тайме дынамаўцы зноў атакуюць. Некалькі разоў з метраў трыццаці б'е Валера Рахавец. Адзін раз мяч пралятае над перакладзінай, другі раз варатар з цяжкасцю пераводзіць яго на вуглавы. Б'юць здалёк Валодзя Малянскі і Валодзя Белы — варатар адбівае. Барысаўская каманда амаль не пераходзіць цэнтр поля, трымае абарону. А часу да канца тайма застаецца ўсё менш і менш. Зноў дынамаўцы наносяць некалькі ўдараў па варотах — міма! Калі на табло застануцца нулі, будуць яшчэ два дадатковыя таймы па пятнаццаць хвілін. Свісток галоўнага суддзі сведчыць аб гэтым.

Два маленькія таймы таксама праходзяць безвынікова. За хвіліну да канца Леанід Мікалаевіч дае сігнал Вадзіку: "Раздзявайся!" Хуценька скінута трыко: ён гатовы выйсці. Нехта са сваіх запускае мяч на цэнтральную трыбуну. Аўт! Ясінскі замяняе Насевіча, замяняе, бо і сам ведае, што пенальці — гэта гульня нерваў. Колькі разоў на трэніроўках ён адточваў, вывяраў удары ў ніжнія і верхнія вуглы, біў, як аўтамат, але па-свойму, з хітрасцю і падрэзкай. Таму і стаў, як кажуць, штатным пенальцістам. Свісток не даў нават разагрэцца. Цяпер — па пяць пенальці. Хто каго, чыя возьме?

Ажывіліся балельшчыкі Барысава, убачыўшы, што з'явіўся шанс выйграць, узнялі лозунг "Кубак — наш!"

Леанід Мікалаевіч назваў прозвішчы ігракоў, якія павінны біць пенальці: Белы, Міцкевіч, Рахавец, Малянскі, Ясінскі.

Першымі білі барысаўчане. Жэня Макевіч не ўгадаў напрамак удару. Забіў гол і Белы. Шэсць наступных удараў дынамаўцаў і іх сапернікаў таксама былі трапныя. Праўда, адзін мяч дынамаўскі варатар мог узяць, але той, слізгануўшы па далоні, усё ж уляцеў у ніжні вугал. Пяты пенальці біў Іван Занкавец, цэнтральны абаронца БАТЭ. "Ну, гэты заб'е, — падумаў Вадзік. — Удар — як з гарматы!" Занкавец разбегся і штосілы ўлупіў па мячу. Удар пайшоў амаль па цэнтру верхам. Макевіч выкінуў руку ўверх, кулаком падбіў мяч. Той стукнуўся ў перакладзіну і адляцеў у поле. Стадыён замёр: адзін удар вырашыць усё!

Вадзік акуратна паставіў мяч на белую паметку і рашыў, што будзе біць з падрэзкай. Разбегся, моцна замахнуўся... Ступня правай нагі пайшла ўправа, а з ёй рвануўся ўлева варатар. У апошні міг "шчочка" нагі падрэзала мяч улева і той лёгка чыркануў у правы ніжні вугал ад галкіпера: як кажуць, развёў па розных вуглах.

Стомленая каманда падхапіла дынамаўскага варатара, пачала падкідаць уверх. Вадзіка паляпвалі па плячах: "Малайчына!"

Табло высвечвала цяжкую перамогу: 5—4.

* * *

На другі дзень да стадыённых касаў нельга было прабіцца. Людзі чакалі па некалькі гадзін з надзеяй, што выкінуцьастаткі білетаў, але на акенцах няўмольна бялелі вывескі: "Білеты прададзены". Бессаромныя перакупшчыкі шнырылі між натоўпу, ціха прапаноўваючы білеты па двайной цане. Многія балельшчыкі, баючыся застацца за агарожай стадыёна, куплялі.

Сямён Міхайлавіч з Максімам пастаялі крыху ля стадыёна і паволі пайшлі па алеі бліжняй вуліцы.

— Заўтра стадыён будзе поўны. Білетаў няма.

— Значыць, будзе падтрымка нашым.

— Я хвалююся трохі: весці рэпартаж між нашымі камандамі — адно, а вось на міжнародным узроўні — другое. Мала вопыту яшчэ.

— Дарэчы, я глядзеў па тэліку апошнюю гульню на кубак. Знарок не пайшоў, каб цябе паслухаць. Скажу табе, няблага... Асабліва з інфармацыяй.

— Я і да "Аякса" быццам падрыхтаваўся... Толькі лепшыя каментатарскія аддаюць галандцам. А я нават і не ведаю, адкуль буду весці...

— Так і павінна быць: усё лепшае — гасцям. Ды я не пра гэта. Хочаш, некалькі заўваг табе зраблю? Не пакрыўдзішся?

— Наадварот, буду ўдзячны.

— Дык вось, у пачатку другога тайма абавязкова паўтары саставы па лініях і пазіцыях. Коратка раскажы пра небяспечныя моманты ў першым тайме. Можа, хто спазніўся да экрана, пачаў глядзець гульню пасля перапынку. Лічы вуглавыя ля тых і другіх варот. Стаў кропкі ці палачкі на паперцы, тады не памылішся. I яшчэ. Паўтарай час ад часу, якая хвіліна гульні ідзе.

— Згодны, дарагі, згодны. Заўтра ўсё гэта ўлічу.

— Яшчэ паслухай. Не бойся ранейшых слоў: стопер, хаўбек, інсайд, афсайд. Ды і сённяшняе "плеймейкер" не забывай. Ты ж помніш, калі сустракаліся "Мілан" і "Ювентус", якая бойня ішла між Бобанам і Зіданам. Іменна яны ўсё вырашалі.

— Магчыма, ты і праў. Але каб не перабаршчыць... Дарэчы, сёння я быў у Камітэце. Мне водгукі на рэпартаж аддалі. Пісьмаў трыста. Я прачытаў сотню, астатнія не паспеў. У асноўным хваляць, пішуць: малайцы беларусы, што пачалі весці футбол на роднай мове, так, як гэта робяць украінцы, літоўцы, грузіны. Некалькі пісьмаў з падзякай маці: паслухаў сын рэпартаж і ўзяўся вучыць беларускую мову.

— А ваенныя?

— Ёсць некалькі пісьмаў. Просяць вярнуцца да рускай: не ўсе словы разумеюць.

— Нічога, прывыкнуць і вывучаць. Усё ж на полі відаць.

— Ёсць адно пісьмо ад маладых студэнтаўжур-налістаў. Я яго з сабой захапіў. 0, слухай: "Таварыш каментатар! Увядзіце ў свой рэпартаж такія словы, як брама, а не вароты; не варатар, а брамнік; замест штрафной пляцоўкі — карная пляцоўка; не прама-заць, а спудлаваць; не вуглавы ўдар, а кутавы ляп".

— Ну-ну, Сямён, увядзі. Тады ўся Беларусь ад такіх ляпаў ляжа ад смеху.

Яны ішлі не спяшаючыся, гаварылі пра тое, што нашым будзе цяжка, бо не паспеюць добра адпачыць, набрацца сіл. Але вера ў родную каманду жыла, як і вера ў заўтрашнюю перамогу.



* * *

Леанід Мікалаевіч аб'явіў асноўны састаў, назваў запасных. Пачыналі гульню тыя ж, што і ў Амстэрдаме.

— Галандцам губляць няма чаго і, я думаю, яны пойдуць наперад. Першыя пятнаццаць мінут гуляем ад абароны. Пры адборы мяча ззаду не касіць. Асабліва на іх палавіне. Не бойцеся ісці ў барацьбу, гуляйце на апярэджанне. I падстрахоўка адзін аднаго — не забывайце пра гэта. Не сцягвацца ў цэнтр, флангі не агаляць...

* * *

Віка прыйшла да гульні за хвілін дваццаць, збегла па лесвіцы між сектараў, праціснулася па запоўненым радзе, села на сваё крэсла. Гучала музыка, у праходах беглі з марожаным балелыпчыкі. Табло, настрачыўшы прозвішчы брыгады суддзяў з Італіі, застыла ў чаканні супрацьстаяння двух магутных краін.



* * *

Сямён Міхайлавіч узяў у рэжысёра спецпропуск і правёў у каментатарскую Максіма:

— Толькі матам не загні. Мікрафон адчувальны, любы гук паляціць у эфір.

Маленькі звужаны пакойчык каментатарскай, пульт, манітор, два стулы... Акно было не па цэнтру поля, а насупраць левай штрафной. Цяжка будзе ўлавіць палёт мяча, калі будуць біць па гэтых варотах.



* * *

Ван Ваныч сядзеў у шыкоўнай ложы з журналістамі і былымі футбалістамі. Навісь казырка стадыёна надзейна закрывала ад нечаканага дажджу. Ён не пайшоў бы сёння на стадыён, але даўнія ўспаміны аб сваёй маладосці і боль суперажывання перамаглі, адарвалі яго ад каляровага экрана тэлевізара. Ды і як не пайсці, калі сёння выйдзе на поле яго каманда, хай нават і быўшая.



* * *

Як і гаварыў галоўны трэнер, галандцы адразу ж павялі шырокія атакі на вароты "Дынама", стараючыся змяць рады абароны, нанесці галявы ўдар.

Хлопцы гулялі спакойна, падстрахоўваючы адзін аднаго. Упэўнена, без памылак узмываў у паветра на выхадах Макевіч. Яго варатарскі настрой і кураж заўсёды перадаюцца камандзе.

* * *

Вадзік адыйшоў назад, у паўабарону. Але тады, калі мяч аказваўся ў сваіх, тут жа рваў на свабоднае месца, чакаючы паса. I некалькі разоў Валера Рахавец закідаў яму мяч на выхад, але рослыя абаронцы не далі апярэдзіць сябе, адзін раз затрымаўшы рукамі, а другі раз груба збіўшы з ног недазволеным прыёмам. Суддзя тут жа справядліва паказаў аднаму з іх жоўтую картачку.



* * *

У голасе каментатара не знікае трывога: — Атакуюць галандцы. Навес у штрафную — Сіваліхаў у высокім скачку выйграе ў Махласа, але атака працягваецца, ван дэр Луер б'е — мяч ідзе вышэй варот. Адчуваецца, што каманда яшчэ не адыйшла ад кубкавай сустрэчы, што была тры дні назад. Як шкада, што тая сустрэча не была перанесена на больш позні час. Тут, я думаю, трэба кінуць папрок у адрас федэрацыі футбола рэспублікі.



* * *

Па стадыёну пайшла "хваля". Балельшчыкі ўставалі і тут жа садзіліся. За імі ўставалі і садзіліся наступныя. Праз колькі секунд усё пачыналася спачатку: зноў уставалі і садзіліся першыя. Здалёк цэнтральная трыбуна нагадвала стракатае возера з трохбальным штормам, гатовае выплеснуцца, выліцца праз цагляны бар'ер і затапіць зялёны востраў з ігракамі. Хвалі ішлі адна за другой, не змаўкала нечая труба, разпораз вырываліся з рук яркія шары, узмывалі ў глыбіню неба.



* * *

Валодзя Малянскі перахапіў мяч, сам пайшоў па левым краі. Вадзік пачаў адцягвацца ў цэнтр, два абаронцы рушылі за ім, агаляючы фланг. Аддаць мяч пакуль не было каму і Валодзя размашыста вёў яго па зялёнай стрыжцы травы. Варатар нешта крычаў, махаў рукой. Не цяжка было здагадацца, што ён падганяў свайго абаронцу сустракаць Малянскага, а не адцягвацца назад. I той рвануў, бо мог быць не закрыты ўдар з вугла штрафной. Рвануўся ўправа і Вадзік. Валодзя, ведаючы гэта, тут жа навесіў мяч на дальні вугал штрафной. Ясінскі развярнуўся і ў падзенні цераз сябе моцна прабіў. Прызямляючыся на рукі, адчуў, што не забіў. Варатар быў на месцы.



* * *

Віка ціснула ад хвалявання сумачку і ціха шаптала: "Вадзік, міленькі, забі! Ты ж умееш". Але Вадзік не забіў. Яна разгарнула паперку "Сцімарола", кінула адну жвачку за шчаку. Прыемны мятны смак пачаў ахалоджваць і супакойваць хваляванне. Успацелыя далоні перасталі церабіць сумачку, спакойна леглі на калені джынсаў. Яна пачынала разумець, чаму гэтыя людзі не сядзяць ля тэлевізараў, а ідуць сюды, на стадыён. Ідуць, каб даць разрадку свайму целу, выплеснуць у крыку і галасе свае эмоцыі.



* * *

Галоўны трэнер адчуваў, што ў каманды няма той свежасці і лёгкасці, якія былі раней. Папярэдняя гульня, упартая і зацяжная, зрабіла сваё, прынёсшы стомленасць; забраўшы імпэт ігракоў. Але не апраўдаешся гэтым, калі за табой стаіць гонар краіны. Разапніся, выкладзіся і выйграй! Вось чаго прагне стадыён і чакаюць тыя, хто сядзіць ля тэлевізара. I трэба выкласціся, трэба выйграць!

* * *

Першы тайм закончыўся. На поле выбеглі падлеткі ў сініх і белых футболках. Кожнаму з іх было не больш дзесяці гадоў. Лоўка перапасоўваючы мяч, яны весялілі публіку, паказваючы неблагую абводку і трапныя ўдары па варотах. Хто ведае, можа гадоў праз сем-восем хто-небудзь з іх выйдзе на поле ў аснове "Дынама", каб магутнымі ўдарамі прымушаць здавацца варатароў і даводзіць да шаленства балельшчыкаў.



* * *

— Усё нармальна, — Леанід Мікалаевіч адклаў мяч убок. — Беражыце сілы, хаця б мінут дваццаць. Як і гулялі ад абароны, так і гуляйце. У другой палове тайма я папрашу вас паказаць усё, што можаце. Выкладзіцеся да канца, вы ж — мужчыны! Давайце пакажам сваю гульню, хуткую, імклівую, без зацяжкі часу. На вас сёння глядзіць уся Беларусь.

* * *

Другі тайм зноў пачаўся атакамі "Аякса". Вопытны Махлас рваўся па цэнтру, але Сіваліхаў з Рахаўцом не давалі яму разгарнуцца, выйсці на ўдарную пазіцыю. Кіпяціўся і злаваўся, губляючы мяч, семнаццацігадовы ван дэр Ваарт. У той жа сітуацыі аказаўся і старэйшы на чатыры гады ван дэр Гун: яго надзейна закрыў Арцёмаў. Галандцы ішлі і ішлі наперад, добра помнячы: не забіваеш ты, забіваюць табе.



* * *

Ван Ваныч цёр левую грудзіну, масажыраваў вялікі палец левай рукі: ныла сэрца. Пасля не выцярпеў і дастаў з кішэні валідол, палажыў пад язык. Бачыў, як гуляюць і стараюцца хлопцы. Няма слоў, Леанід Рахавец зрабіў класную каманду: адточаныя пасы, гульня ў абароне, адкідкі мяча дакладна, без аглядкі. У рэспубліцы, безумоўна, ёй роўных няма. А выхад на Еўропу пакуль, можа, і заранаваты. У іх там — грошы, могуць любую зорку закупіць. А ў нас усе свае, дамарошчаныя. 3 часам і да гэтых хлопцаў прыйдуць вопыт, практыка, адшліфуецца тэхніка.

На сэрцы трохі палягчала, адпусціла. Ван Ваныч выцер хусцінкай узмакрэлы лоб, зноў засяродзіўся на гульні.

* * *


Валера Рахавец, капітан каманды, за пятнаццаць хвілін да заканчэння гульні перадаў як па ланцужку: "Пара!" Адкуль узяліся сілы ў партнёраў? Быццам з'явілася другое дыханне, быццам і не было напружанага змагання больш за паўтара тайма. Каманда, прыціснутая да сваёй штрафной, раптам выпрамілася, актывізавалася, у адзін дотык перадаючы між сабой мяч. Загулялі, як на трэніроўцы ў квадрат. Пачалі ўзнікаць вострыя моманты ля галандскіх варот. Бартэз мітусіўся між штангаў, пакрыкваў на абаронцаў, але зрабіць нічога не мог. Дынамаўцы нахрапіста лезлі ў гушчу штрафной, прадзіраліся праз частакол ног, білі без падрыхтоўкі...

Сямён Міхайлавіч за дзесяць хвілін да канца гульні адключыў пульт, скінуў пінжак, ціха шапнуў Максіму:

— Адкрый акно...

Максім крутнуў дзве ручкі зажымаў і фрамуга на стрыжнях на пядзю адыйшла ад падаконніка. Свежае паветра хлынула ў пакой, шкло з боку трыбуны імгненна запацела. Засталіся толькі чыстымі два вугалкі зверху. Сямён Міхайлавіч разгубіўся, а пасля ўключыў пульт, залез на стол і, гледзячы ў чысты вугалок, стаў прадаўжаць рэпартаж. Калі мяч перайшоў на другую плавіну поля, перамясціўся ў другі вугалок акна. А Максім больш нічога не бачыў, толькі слухаў сяброўскі голас:



— Удар Малянскага — мяч трапляе ў варатара. Паўторны ўдар Вадзіма Ясінскага...

* * *

Мяч з сілай урэзаўся ў крыжавіну варот, падскочыў пару разоў уверх-уніз і паволі пакаціўся насустрач, а потым, як заварожаны, спыніўся на белай адмеціне. Пенальці! Вадзік паскорыў бег і з сілай замахнуўся правай нагой, уклаўшы ва ўдар злосць і напружанне штодзённых трэніровак. Мяч увінціўся ў сетку варот.
1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка