Мяч з сілай урэзаўся ў крыжавіну варот, падскочыў пару разоў уверх-уніз і паволі пакаціўся насустрач, а потым, як заварожаны, спыніўся на белай адмеціне пенальці




старонка2/3
Дата канвертавання12.05.2016
Памер435.33 Kb.
1   2   3

* * *

Вадзік не падвёў, забег у інтэрнат да Вікі вечарам. Дамовіліся, што раніцай паедуць у вёску да яго дзеда.

У шэсць гадзін сустрэліся пад электрычным табло чыгуначнага вакзала, узялі білеты да Стоўбцаў і назад, а праз паўгадзіны электрычка імчала іх сярод зялёных палёў, каля дачных пасёлкаў. На адкосах буяў шматфарбны дыван кветак. У адкрытыя акенцы цёпла ўрываўся трапяткі вецер, гулліва кулдэшыў і віхрыў чубы і пасмы людскіх прычосак. Было вяснова і хораша, калі хочацца спяваць і жыць, ляцець у разліў асмужанага небакраю.

Паўтары гадзіны праляцелі хутка. А хвілін праз дваццаць сіні ЛАЗ імчаў іх у прынёманскую вёску.

Дзед Міхась, убачыўшы іх, паклаў сякеру на калоду, пайшоў насустрач:

— А-а-а, унучак завітаў. Год не быў, насіла цябе недзе нялёгкая... — Вадзіка абнялі моцныя жылістыя рукі, прытулілі да грудзей. — А дзе ж ты такую чараўніцу адшукаў?

— Віка я... — сказала дзяўчына нясмела і засаромелася.

— Ну-ну, не чырваней. Бачу я: у дружбе вы добрай, як іголка з ніткай. Так яно і павінна быць. А ты, дачушка, сумку во распакуй, я свайго чаго прынясу, перакусім.

— Дзед Міхась, у нас усё ёсць: курыцу купілі, каўбасу, хлеб і фрукты, — Вадзік разволіў замок сумкі, пачаў вымаць прадукты.

— 0, дык у вас тут цэлае багацце! А ці елі вы калі-небудзь курыцу, запечаную ў гліне?

Вадзік з Вікай пераглянуліся:

— Не, ніколі.

То я вас навучу, як рабіць гэта. Віка, памый яе пад кранам. А ты, Вадзік, збегай у хату, прынясі маянэз з халадзільніка.

Дзед Міхась схадзіў у варывеньку і вярнуўся з часнаком і нейкімі прыправамі ў шклянцы. 3 веранды прынёс міску і соль, пачаў саліць прамытую курыцу. Ачышчаныя долькі часнака дробна парэзаў і пачаў церці імі па тулаву курыцы. Праз хвілін пяць памыў рукі пад кранам і схадзіў на граду, нарваў маладога кропу, спаласнуў яго і запхнуў на месца курыных вантробаў.

— Пайшлі ў агарод, там і кулінарыць будзем. На кастравішчы стыў жалезны вобад ад машыны. Побач заміж лаўкі на двух бярозавых калодах ляжаў дубовы брус. Дзед Міхась узяў з-пад страхі шырокую фанеру, капануў з карыта дзве лапаты прыгатаванай гліны, паліў яе вадой:

— Віка, вазьмі лыжку, абмаж мяса маянэзам, а я з гліны замяшу цеста, — лоўкія рукі расціскалі кавалкі гліны, і, калі яно размякчэла, палажылі на фанеру, распляскалі ў вялікую аладку. — Кладзі птушку сюды, на гліну.

Дзед Міхась загарнуў тушку глінай, прыдаў ёй форму калабка і апусціў на дно вобада:

— Цяпер кладзіце касцёр.

Сухія трэскі заняліся адразу, сівы дымок паплыў уверх. Вадзік з Вікай сядзелі на дубовай лаўцы, усміхаліся адзін аднаму, падкладвалі ў кола сухія ражны і пасечаныя бацурбэлкі. Праз паўгадзіны гліняны калабок перавярнулі, зноў акружылі агнём. А дзед Міхась прынёс самаробны столік і зэдлік. На засланай сурвэтцы з'явіліся тры кубкі малака, лусты нарэзанага хлеба, паляндвіца і самаробная каўбаса, тры талеркі з відэльцамі.

Агонь дагарэў. Дзед Міхась надзеў на рукі рабочыя рукавіцы, выцягнуў з прыску на фанеру зацвярдзелы мурзаты калабок.

— Ну, дзеці, смаку будзе не абабрацца! — размахнуўся і, як па вялікім грэцкім арэсе, стукнуў вялікім рашпілем. Гліна раскалолася на дзве часткі. Мяса яшчэ шыпела і пыхкала такім смачным пахам, што ў маладых аж слінка пацякла.

— Ну і дзед, ну і кулінар! — Вадзік нажом пачаў дзяліць утушанае мяса.

— Мне толькі крылле, бо я нядаўна паснедаў.

— I мне многа не кладзі.

Сочнае мяса раставала ў роце. Такога смаку Віка не адчувала ніколі. Ела яна куры, паджараныя ў духоўцы на бутэльцы і на блясе, ела такое ж мяса на шампурах, але ўсё гэта і блізка не стаяла ў параўнанні з сённяшнім прысмакам. Ела і шчасліва ўсміхалася.

* * *

Яму пазванілі, калі была чарговая гульня на першынство рэспублікі, далі пропуск, правялі ў вольны каментатарскі пакой. Да гульні заставалася гадзіна. За трыццаць хвілін да пачатку гульні ў судзейскім памяшканні трэнеры запішуць асноўныя саставы каманд, запасных. Сямён Міхайлавіч узяў блакнот, ручку і пайшоў па лесвіцы ў бок пад'язных варот. Там — раздзявалкі і судзейскі пакой.

Праз хвілін пятнаццаць галоўныя трэнеры запоўнілі судзейскі пратакол. Сямён Міхайлавіч і яшчэ журналістаў пяць хуценька перапісалі прозвішчы ігракоў. Назад ён пайшоў па рэкартанавай дарожцы стадыёна, мінуў міліцэйскае ачапленне, па лесвіцы між сектараў падняўся ў каментатарскую. Здаецца, усё проста, нічога лішняга: стол з пультам, навушнікі — мікрафон, збоку на падстаўцы — манітор. Са свістком суддзі сеў на стул, уключыў магнітафон:

— Добры вечар, дарагія сябры! Мы запрашаем вас на мінскі стадыён "Дынама", дзе ў чарговым туры першынства Беларусі па футболу сустракаюцца каманды "Дынама" Мінск — "Шахцёр" Салігорск, — хваляванне адступіла з першым ударам мяча, як некалі ў гульні. — Хто ж выйшаў сёння на футбольнае поле? Нашы госці выступаюць у чырвоных футболках і белых трусах. На варотах...

Голас Сямёна Міхайлавіча ліўся роўна і спакойна, пераходзіў на хутчэйшы тэмп пры небяспечных сітуацыях ля варот. Але гола пакуль не было. Гарнякі абараняліся ўсёй камандай, гулялі на адбой. Блакітна-белыя памалу нагняталі ціск, шукаючы шчасце на флангах, з прастрэламі ў штрафную. Ішлі наперад абаронцы, білі здалёк. Але мяч не ішоў у вароты або яго адбіваў варатар. Сямён Міхайлавіч ведаў, што гульня зменіцца, зменіцца рэзка пасля першага забітага мяча. У невялікіх пярэрвах, калі мяч вылятаў за бакавую лінію, ён даваў статыстыку: выйгрышы, забітыя галы... — усё тое, што хвалявала простага балельшчыка ля блакітнага экрана. Нарэшце дынамаўцы размачылі вароты "Шахцёра". Ішла дваццаць трэцяя мінута. Валера Рахавец па цэнтру абвёў аднаго, другога, замахнуўся, а пасля нечакана аддаў пас направа Валодзю Малянскаму, а той нізам прабіў уздоўж варот. 3-за абаронцаў выскачыў Ясінскі і без падрыхтоўкі левай укалаціў мяч у верхні левы вугал. Такія ўдары не бяруцца. Гол быў эфектны. Стадыён бурліў ад радасці. А Сямён Міхайлавіч злавіў сябе на думцы: "Якія Валера, Валодзя? Добра, што не прамы эфір, а толькі магнітафон. Такога панібрацтва балельшчык не пацерпіць, скажа: "А ты што, разам з імі ў футбол гуляў?" Трэба быць уважлівым.

У перапынку Сямён Міхайлавіч успомніў, як некалі Озераў не заўважыў, што мяч уляцеў у сетку з другога боку штангі і залічыў гол, а пасля, убачыўшы сваю памылку, збянтэжана апраўдаўся, загнуўшы мат: "..., не было". Відаць, яму пасля гэтага перапала ад начальства, бо наступныя гульні каменціраваў другі. Успомнілася і першая памылка Левітана на тэлебачанні, пра якую ён успомніў на адной з сус-трэч. Славутаму дыктару, голас якога наводзіў жах на фашыстаў у час вайны, трэба было расказаць, як у возеры танула жанчына і яе выратаваў міліцыянер. А Левітан страшна любіў коней: іпадром, скачкі, любога каня мог па клічцы назваць. I вось садзіцца за мікрафон, пачынае: "В озере тонула лошадь..." I замоўк. Божухна, думае, што ён заляпіў у эфір? Трэба заўважыць, што ў каментатара, дыктара, вядучага павінна быць імгненная рэакцыя. I ў Левітана яна была выдатная. Схамянуўшыся, пасля секунднай паўзы ён прадоўжыў: "А рядом тонула женщина..." I расказаў, як міліцыянер сігануў у ваду і выратаваў яе. Выйшаў Левітан са студыі і пахваліўся: гэта ж трэба, заляпіў у эфір такую памылку, але выкруціўся. I ўсё было б, як кажуць шыта-крыта. Ды праз тры-чатыры дні прыйшлі сотні пісьмаў: "женщину спасли, а что стало с лошадью?" Прыйшлося Левітану выступіць яшчэ раз і сказаць, што "лошадь выплыла сама".

Другі тайм пачаўся атакамі салігорцаў. Ім не было чаго губляць, а перамогу трэба шукаць каля чужых варот. Дынамаўцы гэтага толькі і чакалі, раз за разам урываючыся ў штрафную пляцоўку праз аголеныя тылы. У выніку — яшчэ тры забітыя галы. Два — на рахунку Ясінскага, адзін забіў Уладзімір Малянскі.

Пасля свістка ён выключыў апаратуру і магнітафон. Дома сёння ж пераматае стужку і некалькі разоў праслухае запісаны рэпартаж.



* * *

Ён раптам паплыў, як у ружовым тумане, правальваючыся ў бязважкі палёт...

— Ці не заснуў ты тут? — магутная рука пляснула па спіне. Іван Аўдзеевіч ад нечаканасці аж падскочыў. Громаў, голы і расчырванелы, узвышаўся над ім. — Пара, даражэнькі, у парылку, венікі чакаюць.

У парылцы два дзябёлыя мужыкі паклалі яго на фанерны шчыт, лінулі ў пячурку конаўку вады і гарачая пара напоўнілася пахам зёлак. У два венікі, дубовы і бярозавы, пачалі адпрацоўваць яго плечы і ногі. Венікі то ўзляталі пад самую столь і з размаху хвасталі па гарачым целе, то атрасалі на скуру ліпкае лісце, то моцна прыціскаліся да галёнак і сярэдзіны, быццам у гэтым прыпары хавалася нейкая магія ці чарадзейства. Ён ад задавальнення крахтаў і стагнаў, а венікі нястомна пякелілі рукі і азадак, быццам не было ім супынку. Потым дужыя мускулы падхапілі яго, знеслі на рашотку падлогі. Як з туману, выйшаў у адкрытыя дзверы, ступіў колькі крокаў па слізкіх плітках і, як мяшок з пяском, бухнуўся ў прахалоду басейна. Плаваў з асалодай, адчуваючы, як сіла напаўняе адлупцаванае цела. Калі выйшаў з вады, нехта накінуў прасціну, завязаў, як рымскаму патрыцыю, на плячы. Громаў чакаў яго ля філянговых дзвярэй. Убачыў, пазваў рукой: маўляў, ідзі за мной.

У невялікім зальчыку стаяў накрыты стол з каньякамі, гарэлкамі, рознымі прыкускамі.

— Ну, міласціва прашу! А то выгаладаліся з дарогі, — па-гаспадарску сеў за стол Громаў.

Акрамя Івана Аўдзеевіча, селі на шырокія лавы яшчэ трое. Нікога з іх ён не ведаў. Ды і нашто гэта? Сёння вып'юць яны, а заўтра адсудзіць ён і з'едзе на год, а то і назаўсёды.

Громаў наліў у чаркі маскоўскай 'Тжэлкі", падняў сваю:

— Дарагія мае, харошыя! Давайце вып'ем за дружбу, за тую дружбу, якая ў кожнай нагодзе памагала б і падтрымлівала б.

Гарэлка пайшла лёгка. Запітая таматным сокам, нават не запяршыла ў гарачым горле. Відэлец паімкнуўся падчапіць што-небудзь для прыкускі, але, нерашуча спыніўся: ад застольнага багацця разбягаліся вочы. На двух шырокіх талерках чырванела асятрына, ружавелі скрылі паляндвіцы, тоўстымі чорнымі каўбасамі дымілася крывянка, у глыбокіх чашках стаяла ікра чорная і чырвоная...

— Бяры-бяры, смялей... — Громаў падчапіў кавалак балыка і цалкам закінуў у шырокую пашчу. — Яшчэ юшка будзе і шашлыкі.

— Дзякуй, Мікалай Антонавіч. Я вазьму.

Трое маўчалі, толькі спраўна ўпляталі застольныя прысмакі.

Громаў зноў наліў:

— Ну, Іван Аўдзеевіч, другі кілішак давай за тваю восеньскую пуцёўку на Канары. Крыштальны завод памог выдзеліць.

Іван Аўдзеевіч аж не паверыў вушам, але адбіў звон падстаўленай чары:

— Дзякуй вялікі, Мікалай Антонавіч... Я ўсё зраблю...

Трэцюю паднялі за дзяўчат, як сказаў Громаў, за чмяліх, за любоў. Потым чары згубілі лік і ён цьмяна помніў, як піў юшку і еў шашлык, п'яна паўтараў адно і тое ж:

— Ды я іх заўтра... Заўтра я іх... Падай мне хоць зборную Бразіліі, я сплаўлю і яе.

Потым, захмялелы, з некім цалаваўся, і не помніў, як вялі яго наверх, асцярожна палажылі ў пасцель. Пасля да яго зайшла голая незнаёмка, горача выцалоўвала ўсе часцінкі цела, нешта шаптала і катурхала, але ён заснуў.

Назаўтра пасля перамогі гаспадароў поля шыкоўная "Волга" звезла Івана Аўдзеевіча, абкладзенага пакункамі і падарункамі, у Мінск.

* * *

Дзед Міхась вымыў рукі, выцер іх ручніком:

— Касцёр сам датлее, ачахне, а я вам сваё багацце хачу паказаць.

Віка з Вадзікам таксама падняліся, спаласнулі рукі.

Дзед адкрыў шырокую прыбудоўку за хатай, запрасіў маладых:

— Я — цясляр і сталяр, а пра лепшае не мар. Песню пра сябе такую склаў. Гэтым і жыву. Давесак да маёй пенсіі. Раблю людзям судзіны, бочкі, а хто і дзяжу ці ражку закажа. Бывае, і кубел папросяць зрабіць, сала ж трэба недзе пакласці. А жанкі фаскі і кадоўбчыкі любяць заказваць. У іх добра грыбы саліць. Нядаўна ў Вераб'я бура ліпу заваліла, то я выкупіў яе. Хлопцы бензапілой парэзалі. 3 яе кадоўбчыкі выйдуць — закачайся! Праўда, марокі многа: усю сэрцавіну трэба выдзеўбці, каб толькі абалонь засталася, ды і дно падагнаць — справа не лёгкая. Ды і што яно лёгка. Бочку дубовую зрабіць — намучышся колькі: клёпкі падагнаць так трэба, каб нідзе шчылінкі не было, дно паставіць і абручы нацягнуць. Каб пасля ні адна гаспадыня не зганіла. А гэта вось — на сцяне і на паліцах — мае памочнікі.

Дзед Міхась расказваў, а Віка дзівілася, колькі трэба ўсякага інструменту для сталярнага рамяства. На варштаце ляжалі розныя сякеры, малыя і вялікія. Тут жа мясціліся калун і склюд для расколвання калодак і вычэсвання брусоў. На сцяне віселі пілы лучковыя, піла-нажоўка і піла-белачка. На паліцы ляжалі фуганак і рубанак, шархебель, паўкруглая калёўка і баран з двума ручкамі. На другой сцяне ад акна віселі скобля і струг, розныя свярдзёлкі, вугольнікі і лінейкі. А дзед паказваў, браў у рукі той ці іншы інструмент, быццам па-сапраўднаму рабіў работу.

— Бачыце, колькі загатовак у мяне нарыхтавана,

— дзед Максім паказаў на прыслоненыя да сцяны розных памераў драўляныя кавалкі. — Кожнае дрэва сваю душу і характар мае. Адно — мяккае, другое

— цвёрдае. Запалкі, напрыклад, з асіны і топаля робяць. Яны добра колюцца. А вось добры паркет з дуба і ясеня атрымліваецца. Гэты вось аловак, якім я лініі адзначаю, робяць з кедра ці ядлоўца. Сасна смаловая на палубы караблёў ішла. А хаты з яе — як званы. Каб лазню зрабіць, лепшага за асіну матэрыялу не знойдзеш. Бяроза і бук для прыкладаў зброі ідуць: яны цвёрдыя і не трэскаюцца. Мая баба некалі галаўны боль пад бярозай лячыла: пастаіць паўгадзіны пад ёй, ствол пагладзіць — лёгка адразу стане. Ды і я, калі моташна, нездаровіцца, іду пад крону дуба, шурпаты ствол рукамі пешчу. Як бачьш праходзіць слабасць. Дуб сілу дае.

Вадзік слухаў і дзівіўся, адкуль дзед столькі ведае. Жыццё, відаць, навучыла, мноства тайнаў прыроды адкрыла. Ды з пакалення ў пакаленне, ад майстра да майстра перадаваліся гэтыя тонкасці, беражліва захоўваліся ў народных умельцаў, каб ад паўзабытага зноў адрадзіцца ў сучаснасці. Быў ён сяды-тады на дачах сваіх сяброў, бацькі якіх усярэдзіне ўсё з дрэва зрабілі. А на адной бачыў нават свяцільнік у форме кола з воза.

Дзед Максім браў у рукі брускі, гладзіў заскарузлымі далонямі, паказваў спілы розных дрэў, гадавыя кольцы на іх, зноў расказваў пра кадкі і кубельцы... А Вадзіку чамусьці ўяўлялася іхняя каманда, ігракі, падагнатыя адзін да аднаго, як клёпкі ў дзедавай бочцы, надзейна і гожа...

Вечарам Віка з Вадзікам з'ехалі з вёскі апошнім аўтобусам.

* * *

Ля стадыёна гулі і спрачаліся балельшчыкі. Кожны даказваў сваё, але ўсе сыходзіліся на адным: у першай гульні на выездзе будзе цяжка. Галандскі "Аякс" дома будзе рваць і кідаць, але перамогу не выпусціць.

— Гэта — не жартачкі, — гарачыўся высокі бландзін. — У нашых міжнароднага вопыту няма, адзін імпэт. У галандцаў — тэхніка і ігракі, як на падбор. А варатар? Чэмпіён свету і Еўропы! Паспрабуй забі такому.

— А ты помніш, як Францыя Бразілію раскалаціла? Хаця ўсе зараней ёй чэмпіёнства аддавалі, — невысокі таўсцячок расхінуў куртку. — I тут можа быць тое ж.

— Ну ты і загнуў! У нас жа такога, як Зідан, няма пакуль. Не веру я, што нашы ў наступны круг вый-уць. Не дараслі яшчэ.

— Хлопцы, хлопцы, супакойцеся. Мяч круглы і ўсякае можа быць. Вядома, "Аякс" гуляе класна. Але і нашы ім нервы папсуюць, — чырванашчокі кірпаты мужчына паправіў гальштук, газетай паказаў у бок футбольнага поля. — Я трэніроўку іх учора глядзеў. Хлопцы — закачайся! Рыўкі, удары, абводка... Сярэдняя лінія, як заведзеная працуе. Ды і абарона па росту іхнім не ўступае. Нападзенне, праўда, слабейшае. Адзін Ясінскі не выцягне: зажмуць, закрыюць ці пакалечаць. Але — пачакаем. Не трэба адчайвацца.

Гаворка з Кубка чэмпіёнаў пераскоквала на свой чэмпіянат, плыла ў даўнія ўспаміны, зноў вярталася назад.

— Ну, адгуляюць там, у Галандыі, нават няхай пару мячоў прайграюць. А што дома? Перад адказнай сустрэчай — фінал свайго кубка. Куды федэрацыя глядзіць? Можна было б і перанесці. Ці ж сляпыя яны? Хто ж перад такой гульнёй за тры дні кубак прызначае? Здурнелі...

— Што праўда, то праўда. Ці ж паспеюць яны сілы аднавіць. Кажуць, федэрацыя ўперлася, не хоча пераносіць: кажуць, дата нашага кубка была раней вядомая...

— А што важней — наш ці еўрапейскі? Тут і гаварыць няма чаго. Хіба што грошы не апошняе слова маюць: у нас — меншыя, там — вялікія. А, можа, хлопцы самі згадзіліся? Хто яго ведае.

— Можа, і так. Тут — выйграюць. На наступны год у Кубку кубкаў згуляюць. А там праляцяць. Дык чаго і ўпірацца?

Невысокі таўсцячок павярнуў гаворку на іншую тэму:

— Многае, хлопцы, ад судзейства залежыць. Там судзіць немец, а тут — італьянец. Калі не купілі іх, то ўсё справядліва павінна быць.

— А колькі іх купляюць! Кінулі мільён зялёных — і засудзіць. Пляваць яму, што дыскваліфікацыя свеціць. Да канца жыцця, як сыр у масле, жыць будзе.

— I гэта бывае, — высокі чарначубы мужчына гадоў пад сорак праціснуўся наперад. — Цяпер не толькі суддзю можна купіць, але і ўсю каманду. Гадоў пяць назад і я гуляў на першынство рэспублікі. У нападзенні, за мінскую "Арбіту". Апошняя гульня нам заставалася ў Барысаве. Мы і так бронзу заваявалі, нічога больш не свяціла. Барысаўчане, калі выйгравалі ў нас, на адно ачко Бабруйск абыходзілі і станавіліся чэмпіёнамі. Трэнеры, відаць, перагаварылі і дамовіліся: калі мы здадзім гульню, шаснаццаць крыштальных ваз нам падораць. Ну, пускаем у першым тайме адзін. У другім асабліва не ўпіраемся. А я тады ў нападзенні гуляў па левым краі. За мінут дзесяць да канца нехта мне ўразрэз закінуў. Выходжу я к варотам і думаю: "Трэба ж як-небудзь прамазаць". Размахваюся, а мяч у апошні міг ад нейкай купіны падскочыў і ў мяне з нагі зрэзаўся. Я абамлеў: у самую "дзевятку" ляціць! Варатар застыў, як укапаны. Слава Богу, мяч па перакладзіне чыркнуў і за вароты вылецеў. Хлопцы на віскі пальцамі паказваюць: ты што, дурны? Трэба ж яшчэ адзін тады прапускаць. Адыйшоў я бліжэй да абароны і там да свістка дагуляў. А пасля ад'ехаліся мы ад стадыёна — іхні ПАЗік нас дагнаў. У стружках і апілках нам перадалі шаснаццаць велізарных ваз. Не падманулі.

— Такое і цяпер бывае. Толькі стаўкі большыя. Асабліва ў канцы чэмпіянату. Аддаюць ачкі камандам знізу табліцы, каб не вылецелі з вышэйшай лігі. I не дакажаш. На маёй памяці такога не было.

Балельшчыцкія спрэчкі і ўспаміны спыняў толькі прыцемак.

* * *

Леанід Мікалаевіч напісаў у федэрацыю заяўку аб пераносе фіналу кубка паміж мінскім "Дынама" і барысаўскім БАТЭ на пазнейшы час. Праз тры дні каманда самалётам вылятае ў Амстэрдам, а ніякай інфармацыі няма. Разоў дзесяць галоўны трэнер набіраў тэлефон федэрацыі, але трубку ніхто не падымаў. Нарэшце дазваніўся да галоўнага суддзі, але той адфутболіў яго да Бутакова: ён кіруе, рашае і ўсё ведае. "Ну і ліха з ім! Прыляцім, тады і дазванюся". За дзень да адлёту Леанід Мікалаевіч сабраў каманду на трэніровачнай базе. Былі тут другі трэнер, масажыст і ўрач. Як заўсёды, перад адказнымі гульнямі ён праводзіў тэарэтычныя заняткі, выбіраў тактыку на гульню, настройваў каманду. Не толькі настройваў, а і супакойваў сябе. Бо часта пасля напружаных паядынкаў, калі прыязджаў дадому, гадзіны дзве-тры не мог есці і піць. Лягчэй было некалі гуляць на полі, чым перажываць за каманду...

— Абарона будзе зонная. Сіваліхаў чуць ззаду, у ролі чысцілыпчыка. Белага з нападзення адцягнем назад, чацвёртым паўабаронцам. Бліжай к цэнтру адыдзе і Насевіч. Ясінскі — блукаючы форвард. Нікога не баяцца, яны такія ж, як і мы. Нават ёсць маладзейшыя — ван дэр Гун і ван дэр Ваарт. Першаму — дваццаць адзін, а другому ўсяго семнаццаць. Каманда ў іх вопытная, зладжаная. Таму пастарайцеся не даваць спакойна прымаць мяч. Хай адчуваюць ваша дыханне. Без патрэбы не фаліць, асабліва на іхняй палавіне. Жэня Макевіч, на выхадах адбівай не па цэнтру, а к бакавым. Калі пайшоў на мяч, ідзі да канца, не тузайся. Першы тайм гуляем толькі ад абароны. Дарэчы, Сакалоўскі, як нага?

— Нічога, цярпіма. Грэю ў баракамеры, масаж і расціраю фіналгонам.

— Калі пагоршае — гавары.

— Пакуль нармальна.

Абароне быць уважлівай, асабліва пры навесах. У росце мы ім не прайграём. У сярэдзіне мяч аддаваць толькі адкрытаму іграку або ісці на абводку. Яны ўмеюць абараняцца. Вось давайце паглядзім відэазапіс гульні "Аякса" з НЕКам.

Леанід Мікалаевіч паставіў касету, шчоўкнуў пультам. Хлопцы ўважліва сачылі за гульнёй. Амстэрдамцы з першых мінут пайшлі ў наступленне. Падключаліся абаронцы, стараліся хаўбекі, закідаючы ў прарыў мячы. I ў першым тайме два галы забілі самыя маладыя, пра якіх гаварыў галоўны.

— Ну што? Уражвае?

— Каманда як каманда, — пацепнуў плячыма Малянскі.

— А Махлас?

— Класны ігрок! Выдзяляецца.

— Вось за ім вока ды вока трэба.

— Валера, — галоўны зірнуў на малодшага брата, — калі мяч будзе ў іх, бяры яго персанальна. Сёння закончым. За тры дні да гульні гарачы душ не прымаць, з дзяўчатамі не спаць. Трэніроўка заўтра, як звычайна.



* * *

Перад залікамі ўспомнілася Вадзіку яго паступленне на філфак. Першы экзамен — сачыненне — ён напісаў на вольную тэму і атрымаў пяцёрку. Літаратуру прымаў доктар навук, паэт Сяргей Бойка. Далікатны і памяркоўны, ён сваім мякка-пявучым галаском заварожваў студэнтаў на лекцыях, прыдумваючы часам самыя неверагодныя версіі гісторыі напісання твораў. На экзамене мог задаць такое пытанне, якога і блізка яны не праходзілі. Асабліва любіў смакаваць тое, па чым пісаў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Таму студэнты штудзіравалі яго навуковыя працы, перагортвалі яго зборнікі паэзіі.

Першае пытанне ён адказаў выдатна, бо вельмі любіў ананімную паэму "Тарас на Парнасе". Сяргей Антонавіч уважліва выслухаў і амаль праспяваў: "Ну-ну, выдатна! Пераходзім к другому пытанню". Творчасць свайго земляка, народнага паэта Якуба Коласа ён ведаў, як свае пяць пальцаў. Ды і брыдка было не ведаць, калі заслужаная настаўніца з класа ў клас паўтарала: "Каго-каго, а творчасць Канстанціна Міхайлавіча, нашага, роднага, трэба ведаць". I ведалі, ведалі яго жыццёвы шлях, доўга маглі расказваць яго вершы і ўрыўкі з паэм напамяць. Таму Вадзік адказваў, як рэпу сек. А ў канцы зусім ашарашыў выкладчыка, сказаўшы, што калі б не было турэмнага зняволення песняра, то не было б яго лепшых твораў — "Новай зямлі", "Сымона-музыкі" і трылогіі "На ростанях". Доктар навук аж падняў рукой акуляры на лоб, уважліва ўгледзеўся ў белабрысага абітурыента, але не запярэчыў. Не ведаў тады Вадзік, што экзаменатар сваю кандыдацкую па першай паэме пісаў. Калі шок яго крыху прайшоў, ён папрасіў назваць сучасных паэтаў, якія найбольш падабаюцца. Вадзік пералічваў іх упэўнена, але экзаменатар маўчаў. I тады ён выпаліў: "Сяргей Бойка..." — "Не-не, мяне не трэба, — пачырванеў Сяргей Антонавіч. — Вам — пяцёрка".

Гісторыю прымаў высокі суровы загадчык кафедры. Гусарскія вусы, густая чупрына з зацярушанай сівізной, пільны позірк... — усё гэта кідала бедных абітурыентаў у дрыжыкі. Пра яго хадзілі легенды. Расказвалі, што ён часам пакідаў студэнта аднаго ў аўдыторыі, выходзіў перакурыць, а пасля вяртаўся, вымаў з-пад стала магнітафон, адкручваў стужку назад і ўважліва слухаў адказ.

Вадзіка тады ён не збіў з панталыку: "Будзеш рыхтавацца ці адказваць адразу?" — "Магу і адразу". — "Цікава. Адкуль ты родам?" — "Са Стаўбцоўскага раёна". — "Чаму Стоўбцы Стоўбцамі называюцца?" Хлопец расказваў пра тое, што вычытаў некалі ў легендзе: пры ўездзе ў горад стаялі тры стаўбы, адсюль і пайшла назва. "А вось ты едзеш у сталіцу, пасярэдзіне дарогі — Койданава. Адкуль яго чорт прынёс?" Прыйшлося ўспомніць, што ў тысяча дзвесце сорак першым годзе, калі Батый заваёўваў Русь, Койдан са сваімі нукерамі і цьмою, а дакладней — войскам, рынуўся на Белую Русь. Ля Крутагор'я ён быў разбіты. "А вось ты прыехаў у Мінск. Адкуль такая назва з'явілася?" Расказваў пра тое, што чытаў: рака Менка, па якой прыплывалі купцы і мянялі тавары. Адсюль і пайшло: Менеск — Менск — Мінск. "Чаго ты прэшся на гэты філфак? Ідзі на гістфак", — сказаў напаследак "гусарскі вус" і паставіў "выдатна".

Залікі Вадзік здаў за два дні, а экзамены здасць пасля гульні з "Аяксам". Не першай, а другой, дома.



* * *

Гульня з галандцамі была цяжкай. За дзень да яе марскі цыклон прынёс пранізлівы вецер. Бухматыя хмары плылі над стадыёнам, высейваючы дакучлівае мроіва дажджу. I ўсё ж на гульню прыйшло тысяч дваццаць. Не змаўкалі трашчоткі, раўлі трубы, іскрылі бенгальскія агні. Усе чакалі магутнага разгрому нейкіх там задрыпаных беларусаў. Перадматчавыя спецвыпускі газет давалі шматлікія інтэрв'ю футбалістаў, трэнераў, былых галеадораў, і ва ўсіх сцвярджалася: заб'юць, толькі адзінае пытанне — колькі? Толькі вопытны Махлас адмахнуўся ад рэпарцёраў: каманда саперніка непрадказальная, гульня пакажа.

Першы тайм, як і чакалі, пачаўся рашучымі атакамі гаспадароў. Тактыка была простая: як мага хутчэй забіць, ашаламіць. Пакуль не ачомаюцца, правесці яшчэ два-тры мячы, а ў другім тайме давесці разгром да канца. Вёрткія нападаючыя галандцаў прарываліся па краях і, не раздумваючы, падавалі ў штрафную. Сакалоўскі, Сілаў, Арцёмаў выйгравалі паветраныя дуэлі. Пару разоў, баючыся лавіць слізкі мяч, адбіў яго Макевіч. Зноў і зноў "Аякс" ішоў наперад, дынамаўцы ўмела перакрывалі подступы да штрафной, гулялі на апярэджанне, не даючы саперніку прайсці па цэнтру. Флангавыя навесы і прастрэлы пакуль нічога не давалі. Хіба толькі адзін раз, калі мяч слізгануў па галаве Сакалоўскага і апаў на лініі варатарскай пляцоўкі, ван дэр Гун мог прабіць па варотах. Але і ён не чакаў такога падарунка, а Косця Сіваліхаў тут жа адправіў мяч на левы край Малянскаму. Уладзімір адкінуў яго Рахаўцу. Вадзік, адчуваючы, што будзе падача, рвануўся на правы край. Валера не прамарудзіў, адразу ж падаў на вугал штрафной. Ясінскі выскачыў з-за абаронцы, і не даючы апусціцца мячу, прабіў. Стадыён анямеў і ахнуў. Чорна-белае ядро чыркнула па бакавіне штангі і вылецела за лінію поля. Сотні грудзей аблегчана выдыхнулі. Пакаціліся рэдкія апладысменты. Ішла трыццатая хвіліна. На табло свяціліся нулі. Так і закончыўся першы тайм.

У другой палавіне сустрэчы "Аякс" памяняў гульню. Убачыўшы, што падачы з левага і правага краю нічога не прыносяць, галандцы пачалі нагнятаць ціск па цэнтры. Цяпер уся гульня ішла праз Махласа. Ён, як вопытны дыспетчар, умела дырыжыраваў мячом, разыгрываючы "сценкі", імкліва адкрываўся, тут жа атрымліваючы мяч, смела ішоў на абводку. Але і да гэтага дынамаўцы былі гатовыя: Леанід Мікалаевіч прадказваў такі варыянт. У цэнтры паўабароны здвоіліся Рахавец з Насевічам. Падцягнуўся да іх у адну лінію і Дудко. Па краях выкладваліся Белы з Ма-лянскім. Паўабарона з пяці футбалістаў павінна была вытрымаць. Толькі адзін Ясінскі снаваў між галандскіх паўабаронцаў, чакаючы зручнага моманту. Раней ці пазней ён павінен з'явіцца. Прыціснутая да варот дынамаўская спружына калі-небудзь ды выпраміцца, пашле сваё вастрыё нападзення — Вадзіка Ясінскага — да амстэрдамскіх варот. I ён дачакаўся. Галандскія абаронцы падцягнуліся да цэнтра поля, забыўшы той, першы момант ля сваіх варот. Адбіўшы чарговую атаку, мяч падхапіў Малянскі і, пачуўшы слова "Кінь!", паслаў мяч верхам за цэнтральны круг. Пярэдні абаронца ў скачку не дацягнуўся да яго. Вадзік рвануўся за спіну праз падстаўленую нагу чысцільшчыка, пераскочыў, вырваў знарок прыхопленую футболку з рукі апошняга і панёсся насустрач варатару. Бартэз не рушыў наперад, чакаў зручнага моманту, каб выйсці і скараціць вугал удару. Да штрафной заставалася метраў пяць. Варатар рвануўся насустрач. Вадзік прабіў — Бартэз сходу нырнуў уніз улева і кончыкамі пальцаў дацягнуўся да мяча. Гэтага хапіла, каб той не ўляцеў у сетку, прайшоў побач са штангай. Стадыён апладзіраваў — і Бартэзу, і Ясінскаму. А Вадзік сплюнуў ад роспачы: "Таўкач! Такога моманту можа і не быць. Трэба было біць мацней, мяч цяжкі". Праўда, ніхто з партнёраў не папракнуў.

Галандскія футбалісты раптам зноў змянілі тактыку: пры першым жа нязначным сутыкненні пачалі прытворна падаць. Але нямецкі суддзя гульню не спыняў, паказваючы, што парушэнняў не было. Надзея атрымаць такім чынам штрафны паблізу варот ці вымучыць пенальці знікла. Гульня перайшла ў спакойнае русла. Фінальны свісток арбітра зафіксаваў нулявую нічыю. Футбалісты "Аякса" пакідалі стадыён, панурыўшы галовы. Гледачы свісталі. А дынамаўцы ішлі ў раздзявалку гордыя, у вачах свяцілася радасць. Яны сёння выстаялі. Дома будзе лягчэй.

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка