Мяч з сілай урэзаўся ў крыжавіну варот, падскочыў пару разоў уверх-уніз і паволі пакаціўся насустрач, а потым, як заварожаны, спыніўся на белай адмеціне пенальці




старонка1/3
Дата канвертавання12.05.2016
Памер435.33 Kb.
  1   2   3
ПЕНАЛЬЦІ
Аповесць

Мяч з сілай урэзаўся ў крыжавіну варот, падскочыў пару разоў уверх-уніз і паволі пакаціўся насустрач, а потым, як заварожаны, спыніўся на белай адмеціне — пенальці! Варатар, не дацягнуўшыся да мяча ў адчаянным кідку, бяссільна ляжаў ля штангі. Абаронцы застылі, бо ведалі, што гэты не прамахнецца, такі момант не выпусціць. Суддзя паднёс свісток да губ: пасля ўдару рука ўпэўнена пакажа на цэнтр.

Такі мяч можна было забіць па-рознаму. Тры думкі імгненна мільганулі ў галаве... Можна было падхапіць мяч і рыўком уварвацца з ім у сетку, не баючыся, што варатар падымецца і перашкодзіць. Можна было шчочкай нагі лёгка качануць мяч у пустыя вароты, пусціць яго нават па цэнтру — і ніхто не перагародзіць яму дарогу. Гэтыя два шляхі — самыя лёгкія і надзейныя. Але Вадзіку хацелася забіць з шыкам, з сілай прыклаўшыся да мяча, укалаціць эфектна, магутна, каб наструненая сетка спружынна адкінула стракатае ядро назад, у поле. Такіх удараў і чакае стадыён, дзеля іх балелыпчыкі з ранку займаюць чаргу ў касы або запознена перакупліваюць білеты. Ён добра ведаў гэта. I таму дзве першыя думкі імгненна зніклі. Вадзік паскорыў бег і з сілай замахнуўся правай нагой...

* * *

Яшчэ і цяпер у яго вобліку было нешта юнацкае, маладое. Густы чуб, перавіты сівізной, прыгожа навісаў над разлётам броў. Вочы — глыбокія, удумныя, як быццам у іх вірах прытомлены клад вопыту і мудрасці, які — не-не, дый выблісне ў зрэнках гарачымі іскрынкамі... Роўны, з ледзь прыкметнай гарбінкай нос збераглі сотні падзенняў і паветраных дуэляў. Хаця рэдка хто з футбалістаў — о, колькі такіх выпадкаў ён мог успомніць! — заканчваў футбольную кар'еру, не пазнаўшы смаку крыві, тупы боль пераломаў, цягучых, вярэдлівых вывіхаў і расцяжэнняў. Губы — як ад прыкусу, налітыя, вычарчаныя... Упарты, злёгку раздвоены падбародак...

Гэта ён такі, калі глядзець збоку, з левага пляча. А калі з правага... Адразу ж успомніцца заліхвацкі казак, адважны і суровы, з шабляй, у парыве лёту на ўдалым кані. Глыбокі шрам, што рвана пралёг ад кутка губ да самага вока, яшчэ больш падкрэслівае гэтае падабенства. Роўныя сцяжкі сіне-белых швоў на шраме, як лесвіца, вядуць у памяць, у той далёкі красавіцкі матч з палякамі...

— Брыйся хутчэй, а то бульба астыне! — паклікала з кухні жонка.

Леанід Мікалаевіч апошні раз правёў лязом па шчацэ, падставіў станок пад струмень вады...

I тады цякла вада... Па шчоках, губах, вісках...

Але гэта было пасля, як яго вынеслі за поле... А перад гэтым... Што ж было перад гэтым?

Тры хвіліны заставалася да канца гульні. Тры хвіліны і — па нулях... Атакі глухлі на подступах да штрафной палякаў. Амаль уся каманда адцягнулася на сваю палавіну поля, выстраіла трайны заслон, які пераадолець было не так лёгка. Высокія абаронцы гасцей усе верхавыя мячы ўмела адбівалі, а тыя, што навешваліся на вароты, спакойна лавіў варатар. I вось тут Слава Паронін, левы крайні нападзення, прастрэліў нізам у штрафную. Мяч ішоў не напрамую, а ад падрэзкі рабіў дугу ў бок адзінаццаціметровай адзнакі, ад варатара. Таму варатар і не пайшоў на гэты нізкі, падкручаны мяч. Абаронцы звыкліся, што ўсе мячы ішлі толькі ў бок варот...

Ён рвануўся на гэтую перадачу на апошнім выдыху сіл. Імгненна ацаніў момант: прамы ўдар не пойдзе — стопер закрыў шлях і варатара; прабіць левай або правай ён не паспее — не дацягнецца; левы вугал варот на метр—паўтара адкрыты... Адштурхнуўся і нырнуў уніз, укладаючы ўсё ва ўдар галавой. Прабіў і не бачыў, як нечая буца запазнілася адбіць мяч і па інерцыі дайшла да віска... Не бачыў, як мяч слізгануў у ніжні вугал варот упрыцірку са штангай... Не чуў, як хутка прагучаў судзейскі свісток...

Па шчоках, губах, вісках цякла вада... А, можа, і кроў...

Але гэта было даўно, ой, як даўно...

* * *

Колькі разоў бачыў Сямён Міхайлавіч, як хітра і тонка пляце свае цянёты павук-крыжавік. Між дрэў ці галін ён сваю першую нітку замацоўвае адразу ўверсе, пасля спускаецца з ёй і пачынае раскалыхвацца, пакуль не захопіць бакавы ствол. Але самае цяжкае для яго — нацягнуць папярочку, нацягнуць туга, каб сетка пасля адчувальна вібрыравала ад лёгкага дотыку ахвяры. Нарэшце, калі аснова рамкі гатова, крыжавік пачынае пускаць радыяльныя павуціны-промнікі, а пасля лёгка злучае ўсе радыусы канцэнтрычнымі кругамі. Не ўсе ніткі, з якіх сплецена сетка, аднолькавыя: пасярэдзіне, дзе сядзіць павук, яны гладкія, сухія і шаўкавістыя, а вось далей ад цэнтра — клейкія, з мноствам вузялкоў.

Нешта падобнае на павучыныя цянёты пляце на футбольным полі і трэнер. Нябачныя задумы і хады хітра перанітоўваюцца ў яго галаве і вачах, а пасля ажываюць у імклівым росчырку ног і ўдараў. Ён — хітры павук, а каманда — тонкая крыжаванка камбінацый і задум, распрацаваная зараней, добра прадуманая, з нечаканай імправізацыяй для саперніка.

Сямён Міхайлавіч сядзеў пад казырком прэсаўскай ложы, пустой і ціхай, глядзеў на белыя лініі стадыёна і думаў пра ўчарашняе пісьмо, што прыйшло з тэлерадыёкамітэта. Што таілася за некалькімі радкамі, набранымі на камп'ютэры: "Просім Вас з'явіцца да старшыні камітэта для аказання пасільнай дапамогі"? Якой дапамогі? Для чаго? Ды і чым мог дапамагчы ён, сталы мужчына, магутнаму тэлебачанню і радыё краіны? Гадаць марна — тое, што плаваць на беразе, і Сямён Міхайлавіч лёгка прыўзняўся і пайшоў да гурта прыстадыённых балельшчыкаў, што з самай раніцы да вечара таўкліся пад навіссю ліп, да хрыпаты спрачаліся аб футболе, успаміналі розныя эпізоды і здарэнні даўнішніх матчаў, меркавалі аб нялёгкім лёсе роднага "Дынама" ў вышэйшай лізе...

— Во ім, а не машыны і кватэры! — каржакаваты чорны лахмач з шызым носам тыцнуў дулю недзе ўверх. — Адразу трэба гульню паказаць. А то пачнуць зараз залятаць усім... Як разваліўся СССР, то і футбол разваліўся!

— Ну не скажы... — тонкі бландзін расхінуў куртку, разволіў на шыі тонкі шалік. — Вось толькі цяпер і пачынаецца футбол. У раённых гарадах ён падцягнецца да ўзроўню сталічнага. Бо цяпер — не першынство нейкай вобласці ці сельскага таварыства, а краіны. Гучыць! Ды і фундатары аб'явяцца, спонсары знойдуцца. От убачыце! Ці ж не прэстыж якому-небудзь Мазыру ці Бабруйску ў чэмпіёны выбіцца? А далей — Еўропа, кубкі... Хочаш — не хочаш, а падцягвацца трэба, каб не пляснуцца тварам у гразь.

— Э, браток, — мужчына нападпітку ўскулдэшыў грыву рыжых валасоў, — футбол то будзе, і я не сумняваюся, але ж расцягнуць лепшых, як піць даць, расцягнуць. Там, у Расіі, рубель даўжэйшы, чым у нас. А за мяжой і далярамі трасянуць, мерсамі-шмерсамі пераманяць.

— Нічога, маладыя падрастуць. Беларусь на таленты ніколі не была бедная.

Сямён Міхайлавіч у душы парадаваўся адкрытай балелынчыцкай трывозе і перажыванням, хацеў бы яшчэ паслухаць, але стрэлкі гадзінніка беглі імкліва і трэба было ісці дахаты.

* * *

У кожнага футбаліста былі свае прымхі і забабоны. Многія верылі, што перад гульнёй нельга брыцца. Амаль кожны футбаліст пачынаў абуваць буцы з левай нагі, а пасля ёй жа ступаў на зялёны газон футбольнага поля. Было яшчэ многа тонкасцей і нюансаў, у якія верылі маладыя душы. Усё гэта, відаць, пайшло ад перамог і паражэнняў, калі самай нязначнай звычцы ці дэталі надавалася асаблівае значэнне, пераходзіла нават у культ. Ад старэйшых гэтыя манеры перабіралі маладзейшыя, вакол мяча і футбалістаў віталі тайны, пасля перарасталі ў легенды.

У Вадзіка Ясінскага забабонаў не было. Ён не верыў, што не выгалены пушок на шчацэ, завязаны шнурок на левай буцы маглі аказацца прычынай перамогі. Перад пачаткам сезона ён папрасіў Леаніда Мікалаевіча даць яму футболку з трынаццатым нумарам, ад якога так адгароджваліся хлопцы. I ці то жартам, ці сур'ёзна, "чортаў тузін" быццам аберагаў яго ў гульнях: меніскі і ахілы пакуль не сустракаліся з шыпамі, а цела яго, мускулістае і наструненае, у гэтым сезоне не зведала яшчэ вярэдлівых сінякоў і балючых пісягоў. Праўда, без штуршкоў і сутыкненняў не абыходзілася, як і ў кожнай гульні, але ўсё гэта праходзіла чыста, без траўмаў. I Вадзік верыў, што своечасовая рэакцыя, тонкая інтуіцыя, нейкае падспуднае прадбачанне, што з гадамі выпрацоўваюцца ў кожнага футбаліста, значаць куды больш, чым старыя прымхі. Імклівы бег, высокі скачок, дрыблінг і трапны ўдар — вось што павінна быць у сапраўднага інсайда. I тонкае прадбачанне... Прадбачанне развіцця атакі, прадбачанне двух-трох хадоў наперад, прадчуванне адскоку мяча...

Чэмпіянат рэспублікі ішоў вяла і нецікава. Дынамаўцы лёгка грамілі раённыя каманды, у якіх не было надзейнай трэніровачнай базы, вялікіх спонсараў і нават добрых футбольных палёў. Быццам смеючыся, яны на выездах забівалі ў вароты саперніка па пяць-шэсць галоў, забівалі на любы густ, часам з выдурненнем, на спрэчку: у левы ці правы верхні вугал. А дамашнія матчы праходзілі амаль пры паўпустых трыбунах: балельшчык зараней ведаў, каго чакае разгром. Праўда, у тых гарадках, дзе раскінуліся магутныя заводы і камбінаты, дзе мясцовыя бажкі і магнаты кідаліся ў амбіцыю — маўляў, і мы тут не лыкам шытыя! — закуплялі ў Расіі ці на Украіне футбольных "варагаў", там супраціўленне было больш адчайным, там перамога давалася з натугай і цяжкасцю. Але такіх гарадкоў было два-тры. I вось гэтая лёгкасць выйграшаў магла размагніціць, аслабіць каманду. Ды і нашто выжыльвацца і выпінацца, калі тры ачкі можна ўзяць малой крывёю? Вось аб чым перад кожнай сустрэчай напамінаў галоўны трэнер. Леанід Мікалаевіч прайшоў такую футбольную школу, што вельмі тонка адчуваў настрой каманды. А хваляванні гэтыя забягалі наперад, у будучую майскую сустрэчу на Кубак чэмпіёнаў з галандскім "Аяксам". Вось дзе будзе праверка каманды, вось дзе сутыкнуцца два погляды на футбол. I перамагчы дома і ў гасцях будзе ой як нялёгка.

Ведаў гэта і Вадзік. Ведаў і ўкладаў у трэніроўкі ўсю сілу, выкладваўся да сутаргі ў нагах, калі стомленае цела прасіла адпачынку і цёплага ліўня душа, прахалоды басейна...

Віка плакала. Плакала ад крыўды, што так даўно не бачыла Вадзіка.

"Хаця б пазваніў... Ці забег бы... Можна падумаць, што ў яго і хвіліны вольнай няма. Лепшы бамбардзір, лепшы забівала... — слёзы цяклі яшчэ больш, рэдкія ўсхліпванні скаланалі цела. — А чаго я плачу? Ці ж ён мой муж? Дурніца! Хто я яму: жонка, любоўніца? Рассіропілася на першай сустрэчы, захапілася... Такі прыгожы, такі славуты! А дзе тая слава дзенецца, як закончыць гуляць ці нагу зломіць? Цьфу-цьфу, не трэба! Што я яму зла жадаю, так яшчэ і нагаворыш... Ды і я добранькая. Чаму сама яго не наведала, на футбол не схадзіла? Нябось фанаткі праходу не даюць... Не, трэба нешта рабіць!"

Віка рашуча ўстала, страсянула грывай валасоў, зірнула ў люстэрка: прыпухлае падвочча, размазаныя цені вейкаў, вочы злосныя і пустыя... Адвярнулася, каб не бачыць сябе такую, пайшла ў ванны пакой, уключыла душ...

Праз гадзіну ў падземны пераход метро ўбегла прыгожая ўсмешлівая дзяўчына. Блакітныя джынсы вабна аблягалі яе стан, пад колер джынсаў — світэр, тонкая куртачка і сумка цераз плячо. Хто сказаў бы, што нядаўна яна, зарумзаная і растроеная, адкінула ручнік, мокры ад слёз? Юнакі, убачыўшы яе, раскрыленую і натхнёную, аглядаліся, быццам бачылі шчаслівую птушку ў вольным палёце. Аглядаліся і мужчыны. Ды і як было не аглянуцца, калі побач ішла незямная прыгажосць!

Віка вынырнула з метро і праз хвілін дзесяць была ля стадыёна. Ля ўваходу ў раздзявалкі сядзеў пасівелы мужчына. Магутная постаць яго, ацяжараная гадамі, скалыхнулася, зірнула на дзяўчо. Быццам каржакаваты дуб заўважыў матылька:

— Хутка прыедуць... Сёння тут трэніроўка. Зайшоў вось паглядзець... Усе ж мае, былыя... Сядай во побач.

Віка ведала (Вадзік успамінаў аднойчы), што гэта — былы трэнер Ван Ваныч. Не паспела яна прымасціцца на лаўцы, як у расчыненыя вароты пад'ехаў "Ікарус". Пярэднія дзверы расчынілася, першым без сумкі выйшаў галоўны трэнер:

— А, Сан Саныч... Дзень добры! Не сядзіцца ў хаце...

— Не сядзіцца, Лёня. Прыйшоў глянуць на сваіх арлоў. Хутка ж з галандцамі бойня будзе.

— Вось і паглядзім, якія яны арлы.

Віка ўстала. Хлопцы ў спартыўных касцюмах з велізарнымі сумкамі выскаквалі з аўтобуса і знікалі ў падтрыбунным калідоры. Вадзік выйшаў апошнім. Прывітаўшыся з Сан Санычам, хацеў нырнуць у дзверы, але нешта спыніла яго ў апошні міг, прымусіла азірнуцца:

— Віка, ты?

— Як бачыш. Прыйшла зірнуць на форварда, аслепленага славай...

— Ну, слава славай, а я сапраўды не мог зазірнуць к табе: двухразавыя трэніроўкі, а хутка і сесія...

— I ўсё ж... — Віка закінула сумачку на плячо.

— Віка, мілая, я прыйду да цябе ў суботу. З'ездзім куды-небудзь на прыроду. — Вадзік перахапіў сумку другой рукой. — Чакай мяне. I не думай нічога кепскага.

Блакітнае неба прарэзаў белы след рэактыўнага самалёта. А над стадыёнам голас Эдзіты П'ехі вы-водзіў радок паўзабытай песні: "На тебе сошёлся клнном белый след..."


Старшыня Камітэта бліснуў шкельцамі акуляраў на Сямёна Міхайлавіча, адклаў кіпу папераў на край стала:

— Я чуў, Сямён Міхайлавіч, вы некалі ў футбол гулялі?

— Гуляў, але даўно. За данецкі "Шахцёр". Паехаў туды на заробкі, як кажуць, за доўгім рублём. У адзін з выхадных загаралі мы з сябрам на пляжы. А побач з намі два прафесіяналы раскручвалі звычайных аматараў на маленькіх варотах. Гулялі на піва. Не выцерпелі мы з Максімам і выйшлі супраць іх. За дваццаць хвілін хто больш каму заб'е. Я за сябе не баяўся: абводка, бег, удар... А вось Максім слабейшы крыху быў. Адным словам, мы ім пяць забілі, а яны нам два. Яшчык піва мы выйгралі. Ды не ў піве справа. Запрасілі яны мяне на трэніроўку "Шахцёра". Я з'ездзіў. Трэнер адразу ж мяне за дубль паставіў. У першай жа гульні я масквічам забіў. Пасля і другім калаціў. У аснову пачалі ставіць...

— Ну, дык вы ведаеце футбол не па чутках, але і самі прайшлі праз яго тонкасці.

— Прыйшлося прайсці, можа, і далей бы пайшоў. Але ў гульні з грузінамі, калі я ў падзенні біў галавой па варотах, абаронца двума нагамі скочыў на маё прадплечча. Пахавыя кольцы паляцелі, а руку ледзь прышылі. Вось і закончылася мая кар'ера ў футболе.

— А цяпер?

— А цяпер:

Я здоров, потому что я болен,

Но лечиться не стоит труда.

Первый раз заболел на футболе

И болельщиком стал навсегда.

— Адным словам, любоў — вечная?

— Выходзіць, так.

Старшыня камітэта ўзяў прыгожую самапіску з залатым пяром, ліст паперы, чыркануў на ім тры лініі, падобныя на вароты, выкругліў перад імі футбольны мяч:

— А калі я прапаную вам весці на тэлебачанні рэпартажы?

— Так, адразу? А на якой мове?

На роднай, беларускай. А да сапраўднага рэпартажу разоў колькі праведзяце на магнітафон. Запішаце, праслухаеце, зробіце аналіз памылак... Ну і, вядома, статыстыкай валодаць трэба...

— За гэта я не баюся. Мы з Максімам па чарзе кожны тур распісваем: галы, папярэджанні, пропускі. Рабіць няма чаго, вось і падлічваем. Толькі...

— Што толькі?

— Генадзь Мікалаевіч, мяне бянтэжыць яшчэ і тое, як хлопцы са спартыўнай гэта ўспрымуць? Скажуць: уварваўся, наш хлеб забраў... У іх жа — адпрацоўка, ганарар...

— Сямён Міхайлавіч, хай вас гэта не бянтэжыць. Есць іншыя віды — гандбол, тэніс, хакей. Ім працы хопіць. А наконт ганарару... Не такія ўжо там шалёныя грошы, каб за іх крыўда была. Ды вы і футбол ведаеце, і мову. А яны няхай вучацца. Выспеюць — выйдуць у эфір і яны.

— Калі так, згодны.

— Вось і добра. Вам пазвоняць, выпішуць пропуск на футбол, пазнаёмяць з апаратурай. Пастарайцеся не хвалявацца. Успомніце рэпартажы Сіняўскага, Озерава. Не ўсё адразу робіцца. Было б жаданне, а вопыт з часам прыйдзе.
* * *

Да міжнароднага судзейства яго так і не дапусцілі. А цяпер было позна: пераваліла за сорак. Гады ляцяць, як птушкі. Праўда, і іх крыло рознае. Бывае, хвасяне па вачах так, аж іскры пойдуць, а іншы раз пагладзіць ласкава, шыкоўна... I ўсё ж... Ён — старшыня федэрацыі, камандзір усяго футбола. Ці ж хто запярэчыць яму, калі выбера для судзейства тройку-пяцёрку гульняў? Заслужыў жа за столькі гадоў. Маладыя за вочы крычаць: чаму ён, а не яны? Эх, даражэнькія! Пра вопыт забываць не трэба. За плячыма — сотні адсужаных матчаў. Колькі свісткоў злізаў, колькі мячоў сувенірных сабраў! А хто яны? Смаркачы! Выскачкі! 3 лайсменаў на поле ўчора толькі выйшлі, а ўжо сваё гнуць. Фігу ім! Выстрэнчваць ім не буду. Бач чаго захацелі: дай ім Бабруйск, Мазыр, Барысаў... Гарады магутныя, прамысловыя, а значыць — і багатыя. Маладыя хай у галыцьбу едуць, а я набегаўся за свае гады.

Так думаў Бутакоў, пад'язджаючы на электрычцы да барысаўскага вакзала. Спецыяльна пакінуў у Мінску свой "мерс", паехаў, як усе, у таўкатні і духаце. Паехаў, каб не думалі, што з-за сваёй выгоды паліць дзяржаўны бензін. Паехаў, бо ведаў, што назад прывязуць на легкавушцы. I не проста прывязуць, а захмеляць і падарункамі абложаць. Але трэба было яшчэ адсудзіць, "стварыць", як той казаў, перамогу.

Калі людская мітусня трохі схлынула, да яго падбеглі два ўвішныя незнаёмцы, падхапілі сумку:

— Як даехалі, Іван Аўдзеевіч? У крыўдзе мы, у крыўдзе. Маглі б і пазваніць, машыну прыслалі б. Ад пад'езда да пад'езда давезлі б. Але што мы стаім? Нас жа чакаюць, пайшлі...

— А дзе ж сам, Громаў?

— Прыехаў, Іван Аўдзеевіч, сам. У машыне чакае.

— Ну, тады іншая справа. А то, я думаў, заганарыўся, на простых смяротных і глянуць не хоча.

"Таёта", новенькая і серабрыстая, стаяла на другім баку прывакзальнай плошчы. За крокаў дзесяць заднія дзверцы яе адкрыліся, з сядзення ледзь вышчалілася фігура пад кілаграмаў сто пяцьдзесят, пайшла насустрач:

— Рады, рады бачыць на нашай гасціннай зямлі...

— А я думаў: мэр ад славы "помэр"...

— Жывы, жывы пакуль... А слава — як мёд: спачатку салодкі, а пасля — гарчэй за палын. Ды і хвіліны вольнай няма, за гарадскімі клопатамі.

— I ў мяне іх не менш.

— Але — усе ў машыну!

"Таёта" ліха рванула з месца, лёгка панеслася па гарадскіх вуліцах, абганяючы запыленыя аўто, быццам гэта былі не легкавушкі, а рознакаляровыя каларадскія жукі. Праз хвілін дзесяць выехала за стары горад, паімчала па гладкай шашы, мінула ўзлесак, шмыганула праз парэнчаты масток і ўзляцела на горку. Атулены з усіх бакоў выноснымі соснамі, пасярод паляны стаяў каляровы церам. Прыгожыя аканіцы, выкрунтасныя балкончыкі, пералівістыя вітражы...

— Іван Аўдзеевіч, сюды, сюды праходце. Парылачка нас чакае. — Громаў па-сяброўску паляпаў па плячы, узяў пад локаць. Ну і яшчэ сёе-тое, вядома...

У прадбанніку пахла паранай ліствой бярозы, аднекуль цягнула водарам завараных зёлак. Іван Аўдзеевіч хутка раздзеўся, мітусліва закрыў прасцінай схільнае да атлусцення цела.

— Смялей-смялей, спачатку вунь у той кабінцы прыляжце... — Громаў паказаў на зялёныя дзверы.

Іван Аўдзеевіч зайшоў, лёг на белае палатно канапы спінай. Матавае святло паўзмрочна асвятляла кабінку. Праз хвіліну дзверы адкрыліся і з падносам у руках зайшла даўганогая красуня. Самыя вабныя часціны цела закрываў белы купальнік.

— Ляжце на жывот, калі ласка, рукі апусціце і расслабцеся.

Чуў, як яна адкрыла адну баначку, відаць, пальцам чарпанула нейкую мазь, расцерла ў руках. Пальцы лёгка дакрануліся да шыі, быццам па клавішах піяніна, пабеглі ніжай, ніжай, потым вярнуліся на лапаткі... Яе далоні гладзілі рукі, паясніцу, дробнымі шчыпкамі гналі кроў уніз. Пах, здаецца, абляпіхі прыемна супакойваў, здымаў напружанне і стому. А пальцы рабіліся ўсё смялейшымі і мацнейшымі, ішлі па ягадзіцах, бёдрах, закончвалі свой шлях на ступнях, зноў вярталіся назад. Пах абляпіхі змяніла лаванда. Яму ўспомніліся сінія кветачкі на градзе нечай дачы. Потым пах ружы казытнуў яго нос. А рукі ігралі, зачароўвалі і гаілі пунсовае цела, рукі напаўнялі яго нутро абуджальнай сілай, ускалыхвалі мроі і ўяўленне. Іван Аўдзеевіч з-пад рукі зірнуў на прыгожыя выявы яе ног і раптам паплыў, як у ружовым тумане, правальваючыся ў бязважкі палёт...
* * *

Леанід Мікалаевіч ведаў, як цяжка пазбавіцца ад эйфарыі. Лёгкія перамогі супакойвалі каманду, нараджалі настрой высакамернай перавагі, калі на любую каманду можна глядзець пагардліва, быццам у любой гульні саперніка можна шапкамі закідаць. Галоўны трэнер бачыў, як нялёгка далася хлопцам лучнасць усіх ліній, падстрахоўка і замена ў час правалаў, зонная абарона і імгненныя контратакі. Самы хуткі ігрок на полі — мяч, любіў паўтараць ён. Бачыш, што напарнік адкрываецца, выходзіць на лепшую пазіцыю — зрабі пас яму. У двухбаковых трэніроўках каманда старалася праводзіць усе камбінацыі на высокай хуткасці, вырываючы імгненне, каб дацягнуцца да мяча, прабіць нагой ці галавой. Так яно і павінна быць. Добрага стопера трэба апярэдзіць на долю секунды, апярэдзіць рыўком, скачком або падзеннем. Ад гэтага часцей за ўсё рашаецца лёс большасці гульняў. Помнілася яму, імкліваму інсайду, адна з кубкавых сустрэч. Абарона саперніка, як сцяна, адбівала ўсе іх спробы скалыхнуць сетку. Ні праходы па цэнтру, ні навясныя падачы з флангаў не давалі выніку. Бездакорна гуляў чысцілыпчык, усе верхавыя мячы гасілі абаронцы, а тыя рэдкія ўдары, што ішлі ў вароты, браў варатар. Так бы і дайшла справа да пасляматчавых пенальці, каб не адзін эпізод напрыканцы гульні. Леанід Мікалаевіч помніў, як ён рвануўся з нечых чэпкіх рук і памчаў насустрач прастрэлу з правага фланга. Вочы міжволі адзначылі, як варатар тузануўся на выхадзе, пасля, прыпыніўшыся, усё-такі пайшоў на мяч. Чуць запознена рынуўся на мяч і цэнтральны абаронца. Але нейкі міг у апошніх дваіх быў згублены. Усе трое ўзмылі ўверх. Ён тады апярэдзіў усіх і прабіў. Чужая галава стукнула б яму ў вісок, але кулак варатара баксёрскім ударам трапіў у сківіцу свайго абаронцы і адхіліў галаву ад скроні. Мяч ляжаў у варотах, стопер у непрытомнасці ляжаў на траве. 3 вугалка яго губ сачылася кроў...

Каманда працавала да сёмага поту. Як змей, кідаўся на мяч у варотах Жэня Макевіч. Быццам аралі поле, пласталіся ў падкатах абаронцы — Арцёмаў і Сілаў, Сіваліхаў і Сакалоўскі. Як чаўначкі, снавалі між нападаючых, стараючыся перахапіць мяч, паўабаронцы — Дудко, Рахавец, Малянскі. Адкрываючыся, у адзін дотык пасавалі мяч нападаючыя — Белы, Насевіч і Ясінскі. Стараліся запасныя.

Гэта была ўжо другая трэніроўка. На першай, ранішняй, Леанід Мікалаевіч паганяў іх у зале на трэнажорах, са штангай, а пасля, як расслабленне, правёў між імі баскетбольную двухбакоўку. Цяпер жа ішла адпрацоўка першага паса на хуткасці, удараў па варотах без падрыхтоўкі. Не зніжаючы тэмпу, ён па ходу падказваў, патрабаваў, нават часам пакрыкваў. Пакрыкваў не злосна, а так, па-бацькоўску, бо ведаў, што гэта падхлісне, змусіць старацца і выкладвацца да канца. У будучай гульні з галандцамі будзе нялёгка, у гасцях і дома. Эх, здаецца, выйшаў бы і ён зараз на поле, падхапіў бы мяч, сваім фірменным дрыблінгам абвёў аднаго, другога, трэцяга, развярнуўся б і ўкалаціў бы мяч у левы ці правы верхні вугал! Вось гэта быў бы клас! Так яно і было некалі, у маладосці. А цяпер... Цяпер хуткасць не тая, сілы паменшала, хаця тэхніка засталася. Паспрачаўся ж аднойчы з Макевічам, хто заб'е больш з дзесяці пенальці. Не так ён хацеў гэтага, як варатар. Падначваць пачаў: маўляў, слабавата. Ох і ўзгарэўся ён тады! На пяць пляшак каньяку перабіў руку. Варатар мандражнуў, пачаў аднеквацца. Але хлопцы настаялі: сам жа хацеў! Папрасіў буцы ў Валеры Рахаўца, свайго малодшага брата, бо ведаў: яны аднаго памеру. Пераабуўся. Каб цікавей было, рашылі біць пенальці не ўсе адразу, а па адным, па чарзе. Каманда стала з бакоў. Ёй што? Пасля пасмяецца з адного ці другога. Леанід Мікалаевіч ведаў слабасці свайго варатара, таму два першыя ўдары пусціў пад левую руку ў ніжні вугал. I прапусціў два ад Макевіча. Але адчуў, што спалохаўся ён: а што, калі не заб'е? Ды і ўдары ішлі на сілу, а не па вуглах. Трэці пенальці Леанід Мікалаевіч прабіў у правы верхні вугал. Прабіў, як некалі на чэмпіянаце СССР. Нага і буца не падвялі. Мяч дакладна пацягнуў сетку ў "дзевятцы". I сам прапусціў трэці, але ўбачыў, як адкрыта ідзе нага варатара пры ўдары, не мяняючы ступню ў апошні міг. Чацвёрты і пяты таксама леглі ў сетку. I яго, і варатара. А вось забіўшы шосты, рашыў, што пара браць. 3 замахам нагі Макевіча ступіў управа, упаў і выцягнутай рукой адбіў мяч ля ніжняга вугла. Хлопцы зараўлі: гэта ж трэба, як запраўскі варатар! Макевіч яшчэ больш захваляваўся. Прапусціўшы сёмы пенальці, рашыў біць у другі вугал. Ведаў гэта і галоўны трэнер. У адчаянным кідку зноў дацягнуўся да мяча і адбіў. Хлопцы заіржалі. А лік стаў сем-пяць на карысць галоўнага. Восьмы і дзевяты забілі абое. Заклад быў выйграны. Але заставаўся яшчэ адзін удар. I Леанід Мікалаевіч рашыў, калі ўдасца, дабіць хвалюна. А дакладней — апазорыць. Разбегся і штосілы прабіў нізам проста Макевічу ў ногі. Варатар такога падвоху не чакаў, ступіў управа і ў апошні міг стрымаўся, не ўпаў, але вярнуць правую нагу назад было не ў яго сілах. Мяч праляцеў між ног. "Ну і дзірка!" — рагаталі хлопцы. Але за насмешкамі і рогатам зусім іначай зірнулі на трэне-ра. I запаважалі яшчэ больш.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка