Мой прадзед, радавы Шашко Аляксандр Андрэевіч, загінуў 12 сакавіка 1945 г




Дата канвертавання12.05.2016
Памер29.99 Kb.
«Нашу памяць трывожныя будзяць званы» – так называецца раздзел нашага краязнаўчага кутка, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Усе дакументы і экспанаты, тут сабраныя, гавораць нам аб гэтым: “Мы павінны помніць” .

Помніць пра тых, хто не вярнуўся з вайны. А такіх у вёсках нашага сельскага савета было 112 чалавек. На гэтым стэндзе вы бачыце фотаздымкі 11 з гэтых людзей. Вось, напрыклад, фотаздымак Суботкі Сяргея Іванавіча. Разам з братамі Анатолем і Міхаілам яны пайшлі на вайну і загінулі. У іх мамы засталіся толькі дакументы аб тым, што два яе сыны прапалі без вестак, адзін у маі, а другі ў кастрычніку 1944 г. Калі і дзе загінуў Міхаіл, невядома. З сям’і Кругліка Міхаіла на вайне загінунулі таксама два сыны - Круглік Уладзімір і Круглік Аляксей.

Не дачакалася з вайны свайго мужа, з якім пражыла толькі некалькі месяцаў, Хлябовіч Марыя Мікалаеўна. Ён таксама прапаў без вестак у жніўні 1944 г.

А фотаздымак Раманоўскага Міхаіла, які ён з ваеннага вучылішча паспеў прыслаць яшчэ да вайны , яго нявесце прыйшлося ў гады акупацыі хаваць на вышках пад саломай, каб ён не трапіў на вочы немцам .Таму ён у вельмі дрэнным стане і захоўваецца ўжо старэнькай бабуляй Мальвінай.

Пра гісторыю гэтага фотаздымка вучаніца нашай школы Касіловіч Екацярына, праўнучка бабы Мальвіны, напісала нарыс “Фотаздымкі з сямейнага альбома “, які быў надрукаваны ў школьнай газеце “Большая перемена” і ў раённай газеце “Сцяг Кастрычніка” ў нумары, прысвечаным 60 –годдзю Вялікай Перамогі. На гэтым фотаздымку - Бабок Канстанцін Іванавіч, ён працаваў настаўнікам у нашай школе перад вайной.

А гэты стэнд прысвечаны Шаўцовай Аляксандры Сяргеяўне. Яна працавала старэйшай піянерскай важатай у нашай школе.У час вайны яна стала членам партызанска – камсамольскага падполля. Яна была сувязной партызанскага атрада імя Дзяржынскага. Шаўцова А.С. была спалена фашыстамі разам са школай у 1943 годзе. Піянерская дружына нашай школы носіць імя Шаўцовай А.С.


Мой прадзед, радавы Шашко Аляксандр Андрэевіч, загінуў 12 сакавіка 1945 г.

На гэтым стэндзе знаходзяцца ваенныя фотаздымкі нашых землякоў-ветэранаў ( Вялікага Леаніда Іосіфавіча: два яго браты таксама ваявалі , але дадому не вярнуліся).

Побач з фотаздымкамі Шавяля Канстанціна Ігнатавіча два лісты с фронту, што атрымала яго цётка, якая жыла на неакупаванай тэрыторыі.

На стэндзе толькі фотаздымкі часоў вайны. А навогул ветэранаў вайны па нашаму сельскаму савету ў 1968 годзе было 52 чалавекі. На фотаздымках унізе мы бачым нашых ветэранаў у 1985, у год 40-годдзя Перамогі. У гэтым альбоме фотаздымкі і звесткі пра іншых ветэранаў. Наш краязнаўчы гурток працуе над тым, каб гэты матэрыял папаўняўся.

Вельмі дарагімі экспанатамі для нас з’яўляюцца ўзнагароды Кругліка Сяргея Сямёнавіча. Ён - наш зямляк , закончыў лётнае вучылішча, быў удзельнікам абароны Ленінграда, за што атрымаў медаль “За абарону Ленінграда”. Сяргей Сямёнавіч быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума медалямі “За баявыя заслугі” . Пасля вайны Сяргей Сямёнавіч працаваў настаўнікам у нашай школе, ён выкладаў гісторыю і геаграфію.

І яшчэ адзін вельмі дарагі экспанат – вось гэты альбом. Гэта кніга, якую напісаў Канстанцін Бандарэнка пра свайго брата – Сяргея Бандарэнка. Сяргей Аляксандравіч Бандарэнка перад вайной працаваў акцёрам у калгасна–саўгасным драматычным тэатры ў горадзе Дзяржынску. Дзяржынскі ваенкамат прызваў яго ў армію, калі пачалася вайна. Родныя пасля вайны даведаліся, што ён прапаў без вестак. Брат шукаў людзей, якія б маглі расказаць што-небудзь пра Сяргея, і напісаў пісьмо ў нашу раённую газету “Сцяг Кастрычніка”. На гэта пісьмо адгукнуўся Шавель Міхаіл Ігнатавіч, наш зямляк, які разам з Сяргеем Бандарэнка трапіў у палон 26 чэрвеня 1941 года. У сваіх пісьмах да Канстанціна Бандарэнкі Міхаіл Ігнатавіч расказвае пра жахі нямецкага палону, у якім ён быў да канца вайны. Вось радкі з яго ліста: (зачытаць)


І яшчэ аб адной старонцы вайны расказвае раздзел “Нашу памяць трывожныя будзяць званы”. З нашых вёсак, як і з усёй Беларусі, фашысты вывозілі маладых людзей у Германію ў якасці рабочай сілы. Вось такія цынічныя аб”явы былі расклеены па беларускіх гарадах і вёсках. У іх угон людзей на чужыну называецца мабілізацыяй, а рабаўніцтва – канфіскацыяй маёмасці. З нашага сельскага савета было вывезена 117 чалавек. Не ўсе яны вярнуліся дадому. Гэтыя фотаздымкі прывезла дадому Круглік Вера Сямёнаўна. Ёй пашанцавала трапіць работніцай у добрую нямецкую сям’ю. Гэта - яе гаспадыня , а гэта – горад, дзе яна была. А Навіцкаму Анатолю Аляксандравічу пашанцавала менш: ён трапіў на ваенны завод у Нарвегію, працаваў за калючым дротам. Гэты фотаздымак зроблены пасля вызвалення.

Вось так адгукнулася Вялікая Айчынная вайна ў лёсах нашых землякоў.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка