Мой Пінск. Маё каханне”




Дата канвертавання15.03.2016
Памер131.25 Kb.


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт

Краязнаўчая работа

Мой Пінск. Маё каханне”

Падрыхтавала

студэнтка III курса

факультэта Міжкультурных камунікацый

групы 312

Цітавец Аліна Сяргееўна

Мінск 2012

Змест

Уступ……………………………………………………………………………2



  1. Першае знаёмства з Пінскам. Гісторыя…………………………………..3

  2. Галоўная плошча Пінска…………………………………………………..6

  3. Шпацэр па Газу……………………………………………………………..7

  4. Сімвал горада над Пінай…………………………………………………...8

  5. Вуліца, па якой бегала я ў дзяцінстве……………………………………..9

  6. Пінская шляхта……………………………………………………………11

Заключэнне…………………………………………………………………….12

Спіс выкарыстанай літаратуры………………………………………………13

Дадатак………………………………………………………………………...14

Уступ


Маё сэрца без астатка належыць усёй Беларусі, яе краявідам, гісторыі, мястэчкам… Асаблівую цеплыню я адчуваю знаходзячыся ў Мінску, дзе я жыву і вучуся, хораша мне ў бабулінай вёсцы Малы Вязок, што каля Крупак, куды я ездзіла кожнае лета адпачываць. Аднак значная частка маёй душы, душы мінчанкі, належыць таксама і Пінску, гораду, які по гучанні так падобны да сталіцы. Менавіта з Пінску пачалася мая асабістая гісторыя і гісторыя маёй сям'і. Тут жыла мая маці. Тут пазнаёмілася яна з маім бацькам, сталічным хлопцам, які прыехаў да нейкіх сваякоў на вяселле. Тут пачалося іх каханне. Мае бацькі, бывае, часам падаюцца ў успаміны і распавядаюць пра тое, як ляталі яны адзін да аднаго на самалёце. 6 рублёў, 2 гадзіны – і ты ўжо ў Пінску ці ў Мінску. Зараз гэтыя самалёты ўжо не лятаюць, бо Пінск разрастаўся з цягам часу, побач з аэрадромам пачалі з'яўляцца дамы і з-за шуму яго зачынілі… Маці амаль адразу пасля майго нараджэння прыляцела са мной у Пінск да маёй бабулі і мы жылі там каля 5 месяцаў. Потым мы вярнуліся ў Мінск, але часта наведвалі бабулю з дзядуляй і маіх цётак. Так цікава склаўся лёс, што мая маці, пакінуўшы Пінск, сталіцу Палесся, горад сярод балот, пасялілася ў Мінску па адрасе завулак Меліярацыйны.

Сустрэла сваё першае каханне ў Пінску і я. На жаль, наша каханне не прайшло іспытаў адлегласцю ў 300 кіламетраў, бо мы былі зусім яшчэ «зялёныя» для сур'ёзных адносінаў. Але гэта быў цудоўны час поўны трывожнага хвалявання, які пакінуў глыбокі след у маім жыцці. І па сённяшні дзень Пінск нагадвае мне тыя далёкія пачуцці поўныя пяшчоты і свежы пах бэзу. Падарожжа са змрочнага Мінску ў цёплы Пінск заўседы абяцала нешта рамантычнае, бо вясна ў Пінску заўсёды пачынаецца раней…



  1. Першае знаёмства з Пінскам. Гісторыя

Пінск – старажытны беларускі горад, які знаходзіцца на сутоках рэчак Піна і Прыпяць. Лічыцца, што горад атрымаў сваю назву ад ракі Піна. Назва ракі мае славянскую аснову «пін», якая азначае «прыпынак, прыстань, вір у рацэ, гаць». Таксама існуюць і іншыя тлумачэнні назвы ракі, напрыклад ад слова «пена», што пляскалася на ўзбярэжжы, ці ад лацінскага слова «пінус» – «хвоя», хвоі ў вялікай колькасьці раслі на берагах рэчкі. Першы пісьмовы ўспамін пра Пінск (Пінеск) змяшчаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» і датуецца 1097 годам. У той час Пінск належыў князю Святаполку Кіеўскаму. Горад з'явіўся на скрыжаванні важных вадзяных гандлёвых шляхах “з вараг у грэкі”, якія звязвалі Падняпроўе з Валынню і западнымі польскімі і нямецкімі землямі. А пінскія балоты, што акружалі горад, зрабілі старажытны Пінск амаль непрыступным для ворагаў. Мінавіта гэтыя балоты лічацца дном міфічнага «Герадотава мора».

Сведчанні першых стагоддзяў існавання Пінска схаваны пад зямлёй. Рэшткі старажытнага замка зараз знаходзяцца пад цэнтральнай плошчай Пінска. Тут у 1997 годзе, калі святкавалі 900-годдзе Пінска была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з гербам і надпісам: «Адсюль пачынаўся наш горад над Пінай». Дарэчы Пінска атрымаў свой герб разам з магдэбурскім правам ад караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя 12 студзеня 1581 года. Выглядае ён так: у чырвоным полі залаты лук, сталёвае джала стралы накіравана ўправа.

У горадзе захавалася частка яго старадаўняй радыяльна-паўкальцавой планіроўкі. Шмат вуліц, зразумела, зніклі, але тыя, што з'явіліся трошкі пазней на месцы абарончых рвоў, захаваліся да нашых дзён. У скверы, які стварылі ў гонар 900-годдзя Пінска, быў пабудаваны падобны на каплічку памятны знак, прызначаны нагадваць аб усіх знішчанных архітэктурных шэдэўрах Пінска. Але гэта не значыць, што Пінск не мае архітэктурных помнікаў. Па захаванасці даўняй планіроўкі, архітэктурных помнікаў і радавой гістарычнай забудовы Пінск займае сёння другое месца ў краіне пасля Гродна. Увогуле тут налічваецца 44 гістарычна-культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Да сярэдзіны ХІІ ст. Пінск знаходзіўся ў складзе Тураўскага княства, быў аднім з яго важнейшых гарадоў. З 2-й палавіны ХІІ ст. горад – цэнтр удзельнага Пінскага княства. У XIII ст. Пінск зрабіўся цэнтрам Пінска-Тураўскай епархіі. У 1263годзе ўпершыню згадваецца праваслаўны храм пры манастыры ў прадмесці Лешча – рэлігійны і асветніцкі цэнтр Піншчыны.

З пачатку ХIV ст. горад увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага. У 1566 г. Пінск – павятовы цэнтр Берасцейскага ваяводства.

У першай палове XVII ст. горад налічваў каля 6000 дамоў і 30 000 жыхароў. Пасля неаднаразовых пажараў і разбурэнняў Пінск амаль поўнасцю заняпаў. У 1648 г. Пінск быў заняты паплечнікам Б. Хмяльніцкага палкоўнікам М.А. Нябабам, якога падтрымала насельніцтва навакольных вёсак і бяднейшыя жыхары горада. Толькі пасля асады і ўпартага штурму войскі Януша Радзівіла ўвайшлі ў Пінск.

Частка Пінска была разбурана ў 1706 г. па загаду шведскага караля Карла XII. Толькі ў канцы XVIII ст. горад пачынае адбудоўвацца, у чым немалая ініцыятыва належыла пінскаму падстарасце Бутрымовічу. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Пінск знаходзіцца ў складзе Расіі.

З верасня 1915 г. па студзень 1919 г. Пінск акупіраваны нямецкімі войскамі, потым тут усталёўваюцца бальшавікі. У сакавіку таго ж года горад быў заняты легіянерамі Пілсудскага. Пінск уваходзіў у склад абвешчанай 25 сакавіка 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліпені 1919 г. сюды вяртаецца Чырвоная Армія, а з канца верасня 1920 г. улады мяняюцца ізноў. Паводле Рыжскага дагавора, у 1921-1939 гг. Пінск знаходзіўся ў складзе Польшчы і з'яўляўся павятовым цэнтрам Палескага ваяводства. З 1939 г. – у складзе БССР. У снежні 1939 г. - студзені 1940 г. – цэнтр Пінскай вобласці, потым раённы цэнтр Баранавіцкай вобласці. З 1954 г. – раённы цэнтр Брэсцкай вобласці. Сёння Пінск – горад абласнога падпарадкавання, цэнтр раёна.

Пінск сённяшні перарос вежы сваіх касцёлаў і цэркваў. Захаваўся гісторыка-архітэктурны цэнтр горада. Яго аснова – радавая забудова канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў. Гэта каля 200 дамоў, што знаходзяцца па вуліцах Леніна, Савецкай, Заслонава, Харужай, Горкага, Завальнай. Архітэктурна-мастацкія накірункі і будаўнічыя дасягненні эпох унеслі ў воблік Пінска рысы пластычнага барока, строгага класіцызму, сталічнага шыкоўнага мадэрну, мудрагелістага эклектызму, практычнага заходняга канструктывізму.

Велічна пазіраюць на сучасны горад "архітэктурныя ветэраны" – калегіум езуітаў (ХVІІ ст.), касцёл Карла Барамея (ХVІІІ ст.), касцёл Унебаўзяцця панны Марыі і кляштар францысканцаў (XVI - ХVІІІ ст.). На берасцейскім шляху знаходзіцца прыдарожная капліца (ХVІІ ст.).

Менавіта гэтая спадчына майстэрства старадаўніх дойлідаў стварае фон, на якім развіваецца сучаснае горадабудаўніцтва. Новыя пабудовы набываюць рысы былых стыляў, абмяжоўваюцца па этажнасці, захоўваецца прынцып радыяльна-паўкальцавой планіроўкі кварталаў гістарычнага цэнтра.


  1. Галоўная плошча Пінска

Каб пазнаёміцца з Пінскам і зразумець яго, трэба пачынаць гэтае самае знаёмства з галоўнай плошчы, таму што менавіта з гэтага месца пачала сваю гісторыю сталіца Палесся.

Зараз плошча Леніна не нагадвае нам асаблівае гістарычнае месца, бо амаль усе яе скарбы схаваны пад зямлёй. І зусім не бронзавы помнік Леніну будзе дамінантай гістарычнага цэнтра Пінска. Тое, што адразу прыцягвае вашу ўвагу, калі вы трапляеце сюды – гэта іезуіцкі калегіум.

Комплекс іезуіцкага калегіума і касцёла займаў галоўнае месца з ансамблі гістарычнага цэнтра горада. Сваім з'яўленнем ён значна змяніў выгляд Пінска – па-першае, дзеля яго будаўніцтва прышлося знесці некалькі праваслаўных цэркваў, па-другое, да яго ад замка перайшла роля планіровачнага цэнтра горада. Ансамбль іезуіцкага кляштара быў грандыёзных маштабаў. Касцёл святога Станіслава быў самым вялікім ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Архітэктурны стыль належыў барока, а галоўны фасад меў незвычайную стылістыку – з абодвух бакоў фасада былі пабудаваны крылы-аркады. На жаль гэты цудоўны крылаты храм значна абгарэў падчас Другой сусветнай вайны, а пры рэканструкцыі плошчы ў 1953 годзе быў узарваны. Да нашых дзён ад комплекса захаваўся толькі будынак калегіума – самы стары будынак Пінска. Разам з калегіумам у Полацку, калегіум у Пінску займаў найвышэйшую ступень сярод іншых падобных устаноў у Беларусі. Пры калегіуме існавала друкарня, тут знаходзілася старэйшая на Палессі аптэка. Тут з'явіўся і першы школьны палескі тэатр.

У савецкія часы ў будынку калегіума размяшчалася шмат устаноў, што ўратавала калегіум ад знішчэння. Пасля рэстаўрацыі ў 1995-1996 гг. сюды пераехаў Музей Беларускага Палесся.



  1. Шпацэр па Газу

На самы вялікі будынак у горадзе, касцёл святога Станіслава, былі сарыентаваны ўсе галоўныя вуліцы Пінска – Брэсцкая, Першамайская (раней Пецярбуржская) , Леніна (раней Францысканская). Самая старажытная з іх – вуліца Леніна. Гэтая вуліца больш за іншыя пінскія вулачкі захавала сваю старадаўнюю забудову канца XIX – першай паловы XX стст. Амаль на ўсіх будынках тут вы можаце ўбачыць дошкі “Гісторыка-культурная каштоўнасць”. У мінулым гэта не толькі адна з пяці брукаваных вуліц ва ўсім горадзе, але і адзіная, якая мела тратуары. Менавіта тут любілі і любяць гуляць, ці, як раней казалі “шпацыраваць па Газу (з ідзіш “газ” – вялікая, галоўная вуліца) пінчукі і пінчучкі. Вуліца была цэнтрам грамадскага жыцця, тут размяшчаліся банкі, гасцініцы, магазіны, рэстараны, кавярні, невялічкія майстэрні.

Пачынаецца вуліца з адноўленай гасцініцы “Англійскай”. На калоне пры рэстаўрацыі захавалі надпіс даваенных часоў «A.L. Goldberg Sprzedasz Komisowy». У той час у Пінску было шмат гасцініц, а “Англіская” была самай лепшай. У кожным пакоі быў тэлефон, таксама ў будынку знаходзіўся рэстаран «Ritc», магазін і рэстаран-кабарэ «Парадыз».

Ідучы далей па вуліцы Леніна адразу кідаюцца ў вочы асаблівасці яе забудовы. Тут шмат эклектыкі, якая існуе побач з мадэрнам і канструктывізмам, бо вуліца з драўлянай паступова ператваралася ў каменную, перабудова праходзіла павольна, і за гэты час змянялася “архітэктурная” мода.


  1. Сімвал горада над Пінай

Знаходзячыся ў гістарычным цэнтры Пінска нельга не залюбавацца ансамблем былога кляштара францысканцаў. Гэта той своеасаблівы сімвал горада, які пазнаеш ужо здалёк. Кляштар з'яўляецца адным за самых вялікіх архітэктурных ансамбляў Беларусі ў стылі барока.

Яго гісторыя пачынаецца ў XIV ст., калі ён быў заснаваны па фундацыі князя пінскага і тураўскага Жыгімонта Кейстутавіча і яго жонкі Ганны Мазавецкай. Тады ён быў драўляным і таму часта гарэў.

Мураваны касцёл Унебаўзяцця панны Марыі быў пабудаваны ў XVIII ст. на месцы драўлянага храма. Яго ўзвядзенне пачалося ў 1706 годзе па фундацыі караля Жыгімонта І Старога і яго жонкі Боны Сфорцы. Вельмі багаты і разнастайны інтэр'ер касцёла. Вялікую алтарную апсіду і 6 капліц у бакавых нефах упрыгожвае драўляная пазалочаная разьба – каля сотні скульптурных элементаў. Асноўны акцэнт зроблены на велічным галоўным алтары, у цэнтры якого размешчана жывапісная карціна «Унебаўзяцце Марыі» (копія з вядомага іспанскага жывапісца Б.Э. Мурыльё). Касцёл славіцца сваім арганам – адным з самых старэйшых у Беларусі.

Ансамбль дапаўняе вежа-званіца XIX ст. Перад галоўным фасадам устаноўлена скульптура Іісуса Хрыста «Ессе Hommo».



  1. Вуліца, па якой бегала я ў дзяцінстве

Вуліца Кірава і плошча Кірава – яшчэ адзін прыклад старажытных месцаў Пінска з багатай гісторыяй. Гуляючы тут, мы трапляем на некалькі стагоддзяў назад у эпоху Яна Кароля Дольскага – заснавальніка былога прадмесця Пінска Каралін. Тут мы знойдзем яшчэ адзін помнік архітэктуры барока – касцёл Карла Барамея. Касцёл быў узведзены для манахаў ордэну камуністаў, прыбыўшых сюды ў 1695 годзе з Паўночнай Італіі па запрашэнні Дольскага. Каралінскі кляштар камуністаў быў адзіным не толькі на Палессі, але і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Спачатку кляштар быў драўляным, а ў 1770 годзе яго пачалі адбудоўваць з цэглы. Прайшло ўжо болей за 200 гадоў, а касцёл амаль не змяніўся. У ім спалучаюцца элементы барока і замкавага дойлідства папярэдняй эпохі. Як і раней касцёл нагадвае мініяцюрную крэпасць са сценамі таўшчынёй болей за 2 метры.

У канцы XVIII ст. кляштар камуністаў прыйшоў у заняпад, а ў 1836 годзе яго дзейнасць спынілася. У 1992 годзе ў ім адкрыўся гарадская канцэртная зала. З 2000 года тут працуе гарадскі камерны аркестр, тут праводзяцца музыкальныя фестывалі старадаўняй і сучаснай музыкі, тут размяшчаюцца выстаўкі прафесійных і самадзейных мастакоў. За час свайго існавання канцэртная зала стала празнаным цэнтрам культурнага жыцця Пінска.

Плошча Кірава раней мела назву “Пулноцная” (Паўночная). У сярэднявечным Пінску дзесьці тут знаходзіліся паўночныя гарадскія вароты. Адсюль добра праглядваюцца мяжы Пінска XVI – XVII стст.: вул. Равецкая, якая займае месца былога абароннага рва і вул. Завальная, якая размяшчалася за мяжой Пінска, за валам. Сёння гістарычная плошча, дзе сустракаюцца 6 вуліц: Завальная, Горкага, Заслонава, Равецкая, Кірава і Ленінградская, з’яўляецца прыкладам старажытнай радыяльна-кальцавой планіроўкі, якую ў мінулым меў Пінск.

Упрыгожаннем плошчы з’яўляецца будынак былога пазямельна-сялянскага банка, пабудаванага ў 1920-х гг. у стылі неакласіцызму.




  1. Пінская шляхта

На вуліцы Веры Харужай знаходзіцца прыгожы будынак Палескага драматычнага тэатра. Афіцыйнае адкрыццё тэатра адбылося 14 сакавіка 2006 года. Будынак, у якім знаходзіцца тэатр з’яўляецца помнікам архітэктуры XIX ст. стылю мадэрн. Раней тут размяшчаўся кінатэатр “Казіно”. Гэты будынак быў адноўлены, знешні воблік быў захаваны амаль цалкам, а інтэр’ер поўнасцю змянілі для работы ў сучасных умовах. Зараз тут знаходзіцца зала на 110 чалавек, фае і кафэ. Візітнай карткай тэатра з’яўляецца спектакль “Пінская шляхта” па п’есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гэта вельмі гарэзлівая, смешная і, разам з тым, надзвычай пазнавальная гісторыя на тэму жыцця мясцовай беларускай шляхты. У спектаклі шмат музыкі, танцаў, акцёрскай фантазіі і сцэнічнага майстэрства – гэта сапраўды незабыўнае феерычнае дзеянне, якое мае сваю ўнікальную асаблівасць: гледзячы гэты спектакль у Пінску, мы маеце цудоўную магчымасць паслухаць месную жывую гаворку пінчукоў. У якім яшчэ беларускім тэатры вы такое пачуеце?

І калі казаць пра пінскую шляхту, зараз яна набыла для мяне новыя нечаныя рысы, бо рыхтуючы матэрыял для работы я знайшла артыкул, які распавядаў пра прозвішчы пінскіх шляхцюкоў і ўбачыла там прозвішча майго дзеда з боку маці – Палюховіч. Матэрыял для артыкула быў узяты з кнігі Грушэўскага А.С. “Пінскае Палессе XIV-XVI стст. Гістарычныя нарысы”. Там паведамляецца пра Полюха Лук’яна, які атрымаў зямлю ў сяле Сернікі Пінскага павета і які потым за працавітасць быў уведзены ў шляхту каралевай Бонай Сфорцай у XVІ ст. Маці на гэта сказала мне, што мой прадзед быў сапраўды з Сернікаў. Вось такі сюрпрыз.

Заключэнне

Пінск, як і іншы горад з даўняй гісторыяй на самой справе «неабдымны». Яго нельга абысці за адзін дзень і атрымаць поўнае аб ім уяўленне. Нават я, колькі разоў была ў ім, але ўсё працягваю знаёміцца з ім. У сваёй рабоце я паведаміла пра тыя месцы, у якіх была сама. Больш успамінаў у мяне звязана з вуліцай Кірава , набярэжнай і блізкіх да яе вуліц. Я амаль ніколі не карысталася транспартам у Пінску, мы заўсёды аглядалі горад пешшу.

Цікава, але ў той год, калі я яшчэ вучылася ў гімназіі і ўдзельнічала ў алімпіадзе па беларускай мове і дасягнула апошняга рэспубліканскага ўзроўню, камітэт вырашыў правесці апошні этап у Пінску – такое было нечаканае супадзенне. Для алімпіяднікаў былі арганізаваны аўтобусныя экскурсіі, але яны мне не спадабаліся. Было вельмі холадна, бо гэта было зімой, аўтобус быў вельмі стары, экскурсавод гаварыла вельмі ціха, і вадзіцель з ёю часта спрачаўся. Адзінае, ад чаго я атрымала задавальненне, быў спектакль «Пінская шляхта» на меснай гаворцы. Я параўноўвала тую экскурсію са звачайнай маёй прагулкай па горадзе з маім каханым восенню за год да гэтага, калі таксама было холадна і нават не было автобуса, дзе можна было пагрэцца, і прыходзіла да высновы, што знаёміцца з Пінскам трэба толькі так – «шпацыруючы па Газу» з каханым.

Назаўсёды ў памяці застанецца павольная Піна ў тумане, старыя будынкі, маё першае каханне і першае раставанне. Работа прывяла мяне да нечаканых высноў, мабыць мае продкі былі са шляхты? Так ці не, але здаецца, Пінск падрыхтаваў для меня нешта новае і цікавае, таму, я спадзяюся, я здолею знайсці якія-небудзь звесткі аб маёй сям'і і паглыбіцца ў свой радавод.

Спіс выкарыстанай літаратуры:


  1. Жучкевич В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск. Издательство БГУ. 1974 г.

  2. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI – пачатак XX ст.). – Мн.: Полымя, 1998.

  3. "Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік". Мінск, "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", 1993 г.

  4. Габрусь Т. В. "Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока". Мінск, "Ураджай", 2001 г.

  5. Грушэўскі А.С. “Пінскае Палессе XIV-XVI стст. Гістарычныя нарысы”. Кіеў. 1903 г.

  6. www.pinsk-history.ru

  7. www.globus.tut.by /pinsk/index.htm

  8. www.ipinsk.by

  9. www.vpinsk.by

Дадатак


Герб Від на сучасны Пінск

Пінск на малюнках Напалеона Орды.

Касцёл святога Станіслава і калегіум іезуітаў

Сучаны выгляд калегіума іезуітаў і плошчы Леніна

Уезд ў Пінск

Рака Піна

Памятны знак у скверы ў гонар 900-годдзя Пінска

Забудова вуліцы Леніна

Забудова вуліцы Леніна

Палескі драматычны тэатр

Касцёл Унебаўзяцця панны Марыі і кляштар францысканцаў

Касцёл Карла Барамея







База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка