Мне ад казкі тваёй нібы з’ясніўся свет, Хоць навокал бясконца-асенняя слота




Дата канвертавання06.07.2016
Памер15.95 Kb.
ДЫПЦІХ
1.
Мне ад казкі тваёй нібы з’ясніўся свет,

Хоць навокал – бясконца-асенняя слота,

І лісты паўсцілалі мінулага след

Штогадовай сваёй незямной пазалотай.


Мокры горад чакаў памяркоўнай зімы

(Што ўжо лета чакаць, як даўно лістападзіць!)

Можа й добра, што ўсё-ткі спаткаліся мы,

Каб адно аднаму паспрыяць і парадзіць,


Каб трывогу суцішыць-суняць ля шчакі,

Каб паверыць у тое, што шчасце магчыма.

Можа, дзень проста выдаўся сёння такі,

Калі свет распагоджвае казкай жанчына.


Мне той казкі ніколі, бадай, не забыць.

Столькі жарсці праменілі грудзі, калені!..

Так хацелася побач да раніцы быць,

Нібы два матылькі – і не больш, і не меней.


Трапятаць ля агню найспакуслівых мрой

У падораным лёсам надзей Светлаградзе

І не здолець мяжу заступіць, за якой

Чысціня саступае дарогу пажадзе...


Хай лісты паўсцілалі мінулага след

Штогадовай сваёй незямной пазалотай,

Мне ад казкі тваёй нібы з’ясніўся свет,

Хоць навокал – надзіва сцюдзёная слота...


2.
Нібы цэлая вечнасць – мой дзень без цябе...

Да фантазій тваіх ва ўспамінах імкнуся.

Наш вячэрні развіт – як даніна журбе,

Бо калі ў тую казку я болей вярнуся.


Зноў калі да рукі дакранецца рука

Так шчымліва-пяшчотна і светла-дрыготка

І ўзгрукоча-ўзвірыць адзіноты рака,

Калыхаючы ў хвалях юрлівасці лодку?


Зноў калі насалоду падорыш вачам

Любавацца табою не назіркам – блізка,

Адчуваць голаў твой у сябе ля пляча,

Цалаваць цябе ўсю – да апошняе рыскі?..


Ды ўсё роўна душа так суцешна пяе...

А маглі б не спаткацца ні ўчора, ні потым...



Так і мрояцца чорныя вочы твае

На асеннім прыпынку пад назвай “Самота”.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка