Мнагазначнасць і аманімія




Дата канвертавання18.03.2016
Памер96.16 Kb.
Галіна Ціванова

Мнагазначнасць і аманімія


ў старабеларускай лексікаграфіі
Старажытныя лексікаграфічныя крыніцы пры вывучэнні гісторыі лексікі займаюць асобае месца, паколькі ў іх не толькі фіксуецца слова, але і ў пэўнай ступені адлюстроўваюцца лінгвістычныя назіранні складальніка.

Даследаваць старажытную лексіку можна ў розных аспектах. Так, адным з накірункаў сучасных даследаванняў гісторыі лексікі з’яўляецца лінгва-кагнітыўны. Пры такім падыходзе на аснове рознабаковага аналізу ўжывання лексемы ў старажытных тэкстах робяцца спробы рэканструкцыі канцэптуальных уяўленняў тагачасных носьбітаў мовы. Базавым пастулатам пры разглядзе фактычнага матэрыялу пісьмовых помнікаў тут з’яўляецца сцвярджэнне аб цэльнасці светасузірання, недыферэнцаванасці, нерасчлянёнасці ўспрыняцця свету чалавекам сярэдневякоўя1. У навуцы апошніх гадоў усталявалася думка аб сінкрэтызме семантыкі мнагазначных слоў у свядомасці чалавека XVI-XVIIстст. (у прыватнасці жыхара Маскоўскай дзяржавы) 2.

Не беручыся адказваць за ўяўленні сярэднестатыстычнага жыхара Вялікага княства Літоўскага, паспрабуем прасачыць адлюстраванне слоў, маючых некалькі значэнняў, а таксама знешне падобных слоў з рознай семантыкай у старабеларускіх слоўніках.

Самымі раннімі спробамі лексікаграфічнай практыкі з’яўляюцца так званыя “глоссы” – тлумачэнні асобных незразумелых слоў на палях старонкі. Вельмі шырока выкарыстоўвалі гэты выдавецкі прыём Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мялецій Сматрыцкі. Зразумела, што “глоссы” на палях іх выданняў утрымлівалі звычайна па аднаму адпаведніку да асобных слоў з пэўнага кантэкста. Таму, нават калі б гэта слова патэнцыяльна і было мнагазначным, пра адлюстраванне мнагазначнасці гаварыць там не выпадае.

Самы першы з вядомых старабеларускіх слоўнікаў – рукапісны “Лексисъ съ толкованіемъ словенскихъ словъ просто», створаны ў другой палове XVI стагоддзя і апублікаваны архімандрытам Амфілохіем у “Чтениях в Императорском обществе истории и древностей российских при Московском университете” ў 1884 годзе, – таксама, як правіла, ўтрымлівае адназначныя тлумачэнні асобных царкоўнаславянізмаў, не зразумелых тагачаснаму чытачу.

Тым жа мэтам служыць і “Лексисъ, сирhчь реченія, въкратъцh събраньны и из словенского языка на простый рускій діялектъ истолъклваны” Лаўрэнція Зізанія (Тустаноўскага), выдадзены ў Вільні ў 1596 годзе. Тут выбраныя з рэлігійных кантэкстаў словы перакладаюцца на мову жыхароў Вялікага княства Літоўскага шляхам падбору аднаго адпаведніка альбо некалькіх сінонімаў, якія дэманструюць літаратурную і размоўную, уласнабеларускую і іншамоўную стыхіі. У “Лексисе” загалоўнае слова аддзяляецца ад тлумачэння коскай (для зручнасці мы дадаем яшчэ і шрыфтавыя вылучэнні): лицемhр, wблuдный (Зіз., 41); месть, помста (Зіз.,42); м#тен¿е, трвога (Зіз.,43) - баснь, казsка, слово, байка (Зіз., 96б); вhті#, риторъ, оратор, красномовsца (Зіз, 98б). Відавочна, што абмежаванасць рэлігійнай тэматыкай кантэкстаў, з якіх браліся словы для рэестравай часткі слоўніка, часта не дапускала рэалізацыі ўсіх значэнняў мнагазначных слоў. І тым не менш царкоўнаславянскія полісеманты ў “Лексісе” Лаўрэнція Зізанія спарадычна адзначаны. Аўтар пры адсутнасці лексікаграфічнай традыцыі афармляе іх у адным радзе з сінонімамі да асноўнага значэння: жизнь, живот, живность, выховане (Зіз.,33), часцей аддзяляе ад сінонімаў далучальным злучнікам: живот, мешsкане, и тыж скарбъ, грошh (Зіз., 33). Часам, падкрэсліваючы адрознасць значэнняў, афармляе як асобныя слоўнікавыя артыкулы, размешчаныя адзін за другім:



дuхъ, вhтръ

дuхъ, агãлъ

дuх, дыхан¿е

дõъ, äша (Зіз.,104б). Аналагічным чынам аформлены і полісемант страсть, терплhнье; страсть, взрuшене, ефектъ; страсть, бhда; страсть, qпадок (Зіз., 119б).

Яшчэ больш цікавых назіранняў над семантыкай слова знаходзім ў слоўніку Памвы Бярынды, які мае назву “Лексиконъ славеноросскій и именъ тлъкованіе”, выдадзеным у Кіеве ў 1627 годзе і перавыдадзеным у Куцеінскай друкарні ў 1658. Гэты слоўнік поўнасцю ўвабраў у сябе “Лексіс” Лаўрэнція Зізанія і значна (амаль у 10 разоў) перавысіў яго па аб’ёму. Змест яго не толькі шырэйшы і больш разнастайны, але і ўключае шмат цікавых заўваг лінгвістычнага характару.



“Лексикон” Памвы Бярынды яскрава паказвае здольнасць аўтара вылучаць у слове некалькі значэнняў. У адрозненне ад “Лексиса”Лаўрэнція Зізанія тут полісеманты афармляюцца ў адзін слоўнікавы артыкул. Пры адсутнасці традыцыі нумараваць значэнні аўтар уводзіць іх з дапамогай разнастайных злучнікаў: Бл̃гопр¿атный: до прин#т# лацный, и тыжs вд#чныи, милый (Бяр., 6); Бuмага: Баволна, папhръ, албо вс#ка# м#ккота (Бяр., 10); Вина: Емлен¿е, причина, албо uхо, рuко#ть вс#кои речи, албо подложен¿е, непщеван¿е, основан¿е, wбдръжан¿е, ключка, извhтъ, или повод(Бяр., 14); Знаменіе: Знакъ, п#тнw, знам# грhха, або знаменик, що нимs просфwры знаменuют, або печатs, также гасло (Бяр, 52). Часам аўтар выкарыстоўвае прыём свайго папярэдніка і афармляе асобныя значэнні аднаго слова як самастойныя слоўнікавыя артыкулы. Паказальным у гэтым плане з’яўляецца абстрактны назоўнік мысль, пададзены ў “Лексіконе” як чатыры артыкулы: Мысль: сила дш̃евнаа, которою мыслимо, то естs uмъ, разумъ, или дш̃а. Мысль:h#н¿е) мыслhнье, помышленье. Мысль: тое mо мыслимо, "кw наприклад, впала ми та# мысль, то есть тое що мышлю. wмылила м# та# мысль: то ест, тое чомъемъ мыслилъ, и w чомъ мелъс# старалъ. Мысль: помышлене, подобанье. "кw наприклад: кs мысли комu uчинити що, маетъ вhдати що с# панu подобаетъ, и що емu смакuетъ. Помышлен¿е, предс#вз#те мыслsное. uмыслu приложhне до "кои речи. розмова, мова, рахованье, бачене, замкнене, пам#тане…(Бяр., 82). У дадзеным выпадку аўтар дэманструе высокі ўзровень лінгвістычнага мыслення: ён выразна размяжоўвае паняцці ‘здольнасць да мыслення’, ‘працэс мыслення’, ‘аб’ект мыслення, змест думак’, ‘задума, праект’, пры гэтым для дакладнай перадачы адценняў значэння ўжываюцца сінонімы, каментарый ў дужках, ілюстратыўныя сказы.

Памва Бярында заўважае уласцівасць асобных слоў у пэўных кантэкстах выражаць дадатковыя сэнсавыя адценні. Пераносныя ўжыванні слова ён суправаджае паметай метаф.: Близнецъ: Близн#к δίδίμος. метаф: дводuшен купно и двоеuмен, зодіе ма¿ево, планета нбснаа (Бяр., 7). Тут аўтар адзначае першаснае значэнне ‘блізня’, якое пры пераносным ужыванні характарызуе таго, хто мае дзве душы і два розумы, інакш кажучы, крывадушнага, няшчырага чалавека.

Размежаванне аманіміі і мнагазначнасці – праблема складаная, канчаткова не вырашаная сучасным мовазнаўствам. Асабліва цяжка вызначыцца са словамі, якія маюць адну праформу, і толькі інтуіцыя падказвае, калі пераносныя значэнні разышліся настолькі далёка, што страцілася сувязь з агульнай, першаснай ідэяй. Памва Бярында заўважае наяўнасць гэтай з’явы і адлюстроўвае ў слоўніку, як пераносныя значэнні слова, так і амонімы. Так, у артыкуле Глава ён адзначае тры значэнні гэтага слова: першае – роздhлъ, другое - пераноснае значэнне: реч наиголовнhйшаа и найвышшая; і нарэшце даецца трэцяе значэнне: албо голова. Канечне, сёння мы б гэтыя дэфініцыі пераставілі месцамі, таму што лагічней на першае месца ставіць прамое значэнне, а потым - яго метафарычны перанос. Але ёсць свая логіка ў арганізацыі артыкула і ў Бярынды: ствараючы перакладны слоўнік “словенскіх” слоў, ён ставіць на першае месца самае частотнае ў пісьмовых крыніцах і самае адрознае ад гаворкі сваіх сучаснікаў словаўжыванне. Першаснае значэнне ‘галава’, відавочна, было зразумелым яго суайчыннікам, і аўтар ўключае яго ў слоўнік толькі дзеля таго, каб звярнуць увагу на факт наяўнасці ў слове некалькіх значэнняў. Сучасны слоўнік рускай мовы, дзе гэты стараславянізм ужываецца і сёння, падае гэтыя словы як амонімы: Глава І - устар. Голова, перан. Кіраўнік; Глава ІІ – раздзел.3

Відавочна, што ў XVII стагоддзі яшчэ не выпрацавалася традыцыя адрознага афармлення ў слоўніку амонімаў і мнагазначных слоў. Аднак лексічныя амонімы звычайна падаюцца ў “Лексіконе” асобнымі артыкуламі:



Дhло: qчинокъ, справа, робота, скuтокъ.

Дhло: Рwсс¿йски и полски стрhлба велика# зоветс#. Метаф: хитрость, здрада. Удакладненне аўтара “росийски и польски… зовется” з’ўляецца паказчыкам пашырэння дадзенай лексемы, паколькі гэты назоўнік са значэннем ‘гармата’ адзначаецца ГСБМ з 1515 г.4 Прычым у некаторых выпадках аўтар “Лексикона” асобую ўвагу звяртае на адрозненні ў графічным афармленні: Бл̃го: добро. Благw: Гды пишетс# без титлы, вs рwсской мовh значитъ: не гараздъ, недобре, qломне, зимно, лhниво, гнюсне, не wхотне, блhдо, сине, mо трuпhю фарбu мает (Бяр., 4).

Іншыя віды амонімаў таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў “Лексіконе”. Так, у артыкуле Sолъ першым значэннем адзначана кароткая форма прыметніка sлый, а другім – амонім, форма роднага склону множнага ліку назоўніка зло са значэннем ‘бяда’ (swлъ: мнwжhд); аналагічна Вдовъ: вдовый чловек, вдовец. Вдwвъ, мнwж: Вдовицъ (Бяр.,12).

Увогуле амаформы Бярында вылучае даволі паслядоўна і афармляе часцей за ўсё як асобныя артыкулы. Так, Ей - гэта і сцвярджальная часціца, якая мае старабеларускія адпаведнікі Такъ конечне, заисте, без вонтпен# [без сумнення – Г.Ц.], певне, заправды, і Ей - форма давальнага і меснага склонаў указальнага займенніка " ‘яна’ (па-старабеларуску давальны і месны склоны: ~й, оной) (Бяр., 41).

Часам амаформы змяшчаюцца ў адным артыкуле. Так, у артыкуле И адзначаюцца тры значэнні злучальнага злучніка (съюзъ есть злучаюч¿й), што пацвярджаецца яшчэ і ілюстрацыямі: спалучальнае (справедливый не крывдит и не лихвитъ), пералічальнае (милый б̃u и аг̃глм и людемъ тыжъ), уступальнае (значитъ а, "кw, и егда въстрuбил, а Гды затрuбил). Потым у тым жа артыкуле чацвёртым значэннем падаецца марфалагічны амонім – указальны займеннік И, его ў форме вінавальнага склону (Бяр.,41).

Дакладна паказваюцца ў “Лексіконе” адрозненні амографаў. Так, у артыкуле Вредъ спачатку называецца канкрэтнае значэнне: вродъ, бол#чка; адзначаецца пераноснае ўжыванне: Метаф: шкода, uтрата, wбраза; потым тлумачыцца пераноснае, абстрактнае значэнне: (грhхъ) нарuшенье, зопсоване; і перакладаецца ўстойлівы выраз: Вредъ неuдобъ лhкuемъ: неuлhчонаа хороба. Пасля гэтага артыкула аўтар падае форму множнага ліку ад першага значэння (Вре́ди: бол#чки), а потым, паказваючы адрозненне націску, прыводзіць графічны амонім - дзеяслоў (Вреди́: Повел: шкодь, псuй) (Бяр., 17). Аналагічны прыклад: Жили́ще: мешканье, домъ і Жи́лище: … жила (Бяр.,44). Тут аўтар “Лексікона” так захапіўся назіраннямі над знешнім падабенствам розных слоў, што, парушаючы алфавітны парадак, прыводзіць яшчэ і паронім Жи́лицh: маленьк¿и жилки, албо артир¿и, то есть стежки дuха, wгорнhне дх̃а (Бяр., 44).

Як бачым, у “Лексіконе” аўтарам выносяцца ў загаловак артыкулаў непачатковыя формы слоў, пры чым слоў, відавочна знаёмых чытачу, якія не патрабавалі тлумачэння, паколькі належалі і старабеларускай мове (ей ад яна, золъ ад зло, вре́ди ад вредъ і вреди́ ад вредити, жилицh ад жилица і г.д.). Робіцца гэта свядома, робіцца менавіта для таго, каб звярнуць увагу карыстальніка слоўніка на з’явы знешняга супадзення ці падабенства слоў (або форм слоў) пры адрозненні іх значэнняў.

Такім чынам, старабеларуская лексікаграфічная практыка XVI - XVII стагоддзяў абвяргае тэзіс аб сінкрэтызме семантыкі сярэдневяковага слова: ужо ў “Лексісе” (1596 г.) Лаўрэнція Зізанія знайшлі адлюстраванне мнагазначныя словы. Памва Бярында не толькі дыферэнцыруе значэнні полісемантаў, але і паказвае магчымасці слова набываць іншае значэнне ў кантэксце. Больш таго, складальнік “Лексікона” (1627 г.) уважліва аналізуе адносіны формы і зместа слова (супадзенні ці падабенствы розных слоў ў напісанні, у вымаўленні, у асобных граматычных формах), прадугадваючы гэтым развіццё лексікалагічнай думкі.



1 В.В.Колесов. Древняя Русь: наследие в слове. – Спб., 2000; Колесов В.В. Философия русского слова. – Спб.: Юна, 2002.

2 Соловьева Н.В. Лексика войны и мира в русской деловой письменности конца XVI - XVII вв: лингво-когнитивный аспект. – Автореф. канд. диссерт. – Мн., 2005. – с.с.6,8,12.

3 Ожегов С.И. и И.Ю.Шведова. Толковый словарь русского языка. – М.,1996.

4 Гістарычны слоўнік беларускай мовы. – вып.8. – Мн., 1987. - с.35.

Апублікавана ў зб. Сучасныя праблемы беларускай лексікалогіі і лексікаграфіі: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (НАН РБ, 21-22 лістапада 2005г.) – Мн., ВТАА “Права і эканоміка”, 2006. – с.297-303




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка