Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова адукацыі




старонка7/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.73 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Для рэгулявання кадравых пытанняў у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі ўнесены змяненні і дапаўненні ў пастанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 11 мая 2006 г. № 11 «Аб рабоце з кіруючымі кадрамі ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь»; Інструкцыя аб парадку разгляду пытанняў, звязаных з падборам кандыдатур і падрыхтоўкай дакументаў для прызначэння (вызвалення), узгаднення прызначэння (вызвалення) кіруючых кадраў на пасады, якія ўключаны ў кадравы рэестр Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама заключэння кан­трактаў пры іх прызначэнні на пасады, афармлення асабістых спраў выкладзена ў новай рэдакцыі ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 29 верасня 2010 г. № 35.

Трэба адзначыць, што ў 2010 г. распрацаваны рад важных для сферы культуры праектаў нарматыўных прававых актаў — праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь» (прыняты ў першым чытанні) і ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб кінематаграфіі», указаў Прэ­зідэнта Рэспублікі Беларусь аб некаторых пытаннях падаткаабкладання і аб некаторых мерах стымулявання развіцця кінематаграфіі і іншых, праца па дапрацоўцы якіх, а таксама па распрацоўцы новых, будзе працягвацца ў 2011 г.

А. П. Вешторт,
начальнік юрыдычнага аддзела
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Міжнароднае культурнае супрацоўніцтва

Культура і культурная разнастайнасць сталі культурным капіталам, які з’яўляецца адным з важнейшых рэсурсаў краіны. Як падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, выступаючы на IV Усебеларускім народным сходзе, «культура фарміруе дух нацыі».

У гэтай сувязі становіцца надзвычай важным навучыцца жыць у новым культурным асяроддзі, набываць міжкультурныя веды і знаёміцца з суседзямі, іх гісторыяй, традыцыямі, культурай. Для гэтага трэба наладзіць новы дыялог.

Міністэрства культуры падтрымлівае развіццё новай стратэгіі культурнай дзейнасці, якая стымулюе мабільнасць, умацоўвае супрацоўніцтва, заахвочвае дыялог, дыскусіі і канса­лідуе транснацыянальныя сувязі, — стратэгію, заснаваную на новым партнёрстве.

На фоне агульнаеўрапейскага культурнага ландшафту культура нашай краіны можа разглядацца як унікальная па ступені захаванасці сваіх аўтэнтычных форм, этнічнай культуры, жывога песенна-музычнага фальклору, традыцыйных рамёстваў, шматжанравага прафесійнага мастацтва і мастацкай творчасці. Усё гэта дае падставы ладзіць цесныя кантакты ва ўсіх галінах культурнага жыцця з сусветнай грамадскасцю, з краінамі-суседзямі, весці з імі ўзаемазацікаўлены дыялог.

Звернемся да некаторых канкрэтных фактаў з практычнай дзейнасці Міністэрства культуры. На працягу 2010 г. міністэрствам арганізаваны і праведзены шэраг мерапрыемстваў у форме Года і Дзён культуры Беларусі ў замежных краінах, у тым ліку Расіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Венгрыі, Казахстане, Літве, Украіне, Кітаі.

Да прыкладу, 5 красавіка 2010 г. у Дзяржаўным акадэ­мічным Вялікім тэатры Расіі падчас цырымоніі адкрыцця Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі прайшоў спектакль «Легенда аб Уленшпігелі» ў выкананні артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У Дзяржаўным цэнтральным музеі сучаснай гісторыі Расіі з гэтай нагоды экспанавалася выстаўка «Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі».

На цырымоніі адкрыцця прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ўдзельнікам Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі агучыў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь П. П. Латушка.

Прывітальнае слова ад імя Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Д. А. Мядзведзева было агучана Міністрам культуры Расіі А. А. Аўдзеевым.

У рамках Года культуры на працягу 2010 г. у розных гарадах Расіі адбыліся шматлікія мерапрыемствы з удзелам вядо­мых беларускіх калектываў і выканаўцаў, майстэрства, нацыянальны каларыт і прафесіяналізм якіх былі высока ацэне­ны расійскімі гледачамі.

Цырымонія закрыцця Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі прайшла 29 лістапада 2010 г. у Канцэртнай зале імя П. І. Чайкоўскага. У гала-канцэрце май­строў мастацтваў Беларусі ўдзельнічалі ансамбль музыкі, песні і танца «Белыя росы» Гродзенскай абласной філармоніі і дзіцячы калектыў народнай студыі саломапляцення «Натхнен­не» аддзела культуры Клецкага раённага выканаўчага камітэта Мінскай вобласці. У Траццякоўскай галерэі экспанавалася мастацкая выстаўка з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння І. Ф. Хруцкага.

У чарговы раз былі пацверджаны моц і стабільнасць культурных кантактаў паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай у час правядзення Дзён культуры нашай краіны ў КНР у кастрычніку 2010 г., што супала з правядзеннем Нацыянальнага дня Рэспублікі Беларусь на Сусветнай вы­стаўцы «ЭКСПА–2010» у Шанхаі.

Магутны творчы дэсант майстроў мастацтваў нашай краіны заваяваў сэрцы і душы кітайскіх гледачоў і падчас удзелу ў культурнай праграме на Сусветнай выстаўцы «ЭКСПА–2010» у г. Шанхаі. Разнастайныя культурныя мерапрыемствы праходзілі з удзелам творчых калектываў і выканаўцаў з усіх аблас­цей рэспублікі.

Прыкметны след у культурным жыцці беларусаў пакінулі ў 2010 г. Дні культуры Сірыі і Туркменістана ў Беларусі, праведзеныя ўпершыню за гісторыю суверэнных двухбаковых адносін.

У рэспубліцы шырока адзначалася 600-годдзе Грунвальдскай бітвы. Да ўдзелу ў мерапрыемствах у г. Навагрудку ў чэрвені 2010 г. быў запрошаны шэраг замежных гасцей.

16 снежня 2010 г. да ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця пасля рэканструкцыі Замкавага комплексу «Мір» таксама былі за­прошаны шматлікія прадстаўнікі суседніх краін, сярод якіх Міністр культуры Літоўскай Рэспублікі А. Гялунас, кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў Літвы, Польшчы, Украіны, Швецыі, дэлегацыя дэпутатаў Сейма Літвы, дырэктары вядучых музеяў Літвы.

Немалаважную ролю ў наладжванні і ўмацаванні двухбаковых кантактаў, у развіцці ўзаемавыгадных абменаў і пошуку патэнцыяльных партнёраў па культурным супрацоўніцтве іграюць і візіты кіраўніцтва Міністэрства культуры Беларусі ў замежныя краіны. Такія візіты даюць магчымасці абменьвацца з замежнымі калегамі думкамі аб стане і перспектывах развіцця двухбаковага культурнага супрацоўніцтва, абмяркоў­ваць шляхі і асноўныя кірункі развіцця двухбаковых сувязей.

Звернемся да канкрэтных прыкладаў з практычнай дзейнасці Міністэрства культуры. Так, у кастрычніку 2010 г. Міністр культуры П. П. Латушка прыняў удзел у юбілейным XXV пасяджэнні Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў–удзельніц СНД, у якім прынялі ўдзел міністры культуры Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдо­вы, Расіі, Таджыкістана, Украіны, прадстаўнікі Міждзяр­жаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў–удзельніц СНД, Выканкама СНД.

Падчас пасяджэння былі разгледжаны 19 пытанняў, па якіх прыняты адпаведныя рашэнні. Пры абмеркаванні пытання аб культурных сталіцах Садружнасці была прадстаўлена інфармацыя аб рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца 2010 года», якая праводзілася Рэспублікай Беларусь у г. Полацку. З улікам гэтага ад Рэспублікі Беларусь у якасці пілотнага праекта «Культурныя сталіцы Садружнасці» на 2011 г. прапанаваны для разгляду г. Гомель.

Удзельнікі пасяджэння падтрымалі таксама прапановы Міністэрства культуры Беларусі і прынялі адпаведныя рашэнні па пытанні стварэння рабочай групы па распрацоўцы праекта канцэпцыі стварэння Цэнтра захавання аб’ектаў су­светнай спадчыны дзяржаў–удзельніц СНД.

На пасяджэнні прынята рашэнне аб удзеле міністраў культуры дзяржаў–удзельніц СНД у Сусветным форуме па міжкультурным дыялогу ў красавіку 2011 г. у Баку (Азербай­джан), адобраны праект асноўных мерапрыемстваў су­пра­цоўніцтва ў галіне культуры да 2015 г.

У гэты ж перыяд Міністр культуры прымаў удзел у рабоце першага пасяджэння Савета па культуры пры Інтэграцыйным Камітэце ЕўрАзЭС, якое прайшло ў г. Маскве. Членамі Савета разгледжаны і прыняты рашэнні па пытаннях, якія адносіліся да рэгламенту работы Савета, асноўных кірункаў супрацоўніцтва дзяржаў–членаў ЕўрАзЭС у галіне культуры на 2011—2012 гг., падрыхтоўкі і правядзення ў маі 2011 г. у Астане (Казахстан) II Фестывалю культур народаў ЕўрАзЭС, магчымасцей збліжэння і гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў у сферы культуры для забеспячэння роўнага доступу да культурнай спадчыны дзяржаў–членаў ЕўрАзЭС. Прыняты графік правядзення пасяджэнняў Савета на 2011—2012 гг., у адпаведнасці з якім у другім паўгоддзі 2011 г. трэцяе пасяджэнне Савета плануецца правесці ў Беларусі.

Удзельнікі пасяджэння былі праінфармаваны Міністрам культуры Беларусі аб дасягненнях сучаснага беларускага мастацтва, аб маштабных мерапрыемствах, якія праводзіліся ў 2010 г. у рамках Года культуры Беларусі ў Расіі.

На ўмацаванне і пашырэнне супрацоўніцтва ў сферы культуры скіраваны таксама і двухбаковыя сустрэчы кіраўніцтва Міністэрства культуры Беларусі з замежнымі калегамі.

Так, у г. Віцебску ў ліпені 2010 г. адбылася рабочая сустрэча і прайшлі перамовы Міністра культуры Рэспублікі Беларусь П. П. Латушкі з Міністрам культуры Расійскай Федэрацыі А. А. Аўдзеевым. Па ініцыятыве беларускага боку былі абмеркаваны арганізацыйныя пытанні закрыцця Года культуры Беларусі ў Расіі, змест і прымальныя тэрміны мерапрыемства. У сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння пратакола аб супрацоў­ніцтве паміж міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі на 2008—2010 гг. суразмоўцы дамовіліся аб распрацоўцы праекта міжведамаснай праграмы супрацоўніцтва на чарговы перыяд.

Таксама ў ліпені ў г. Віцебску прайшлі перамовы П. П. Латушкі з Міністрам культуры і турызму Украіны М. А. Кулынякам. На іх адбыўся зацікаўлены абмен думкамі па актуальных пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы культуры. У прыватнасці, суразмоўцы дамовіліся аб правядзенні ў канцы верасня 2010 г. у гарадах Кіеве і Львове Дзён культуры Беларусі ва Украіне. Беларускім бокам было ініцыявана абмеркаванне складу і дзейнасці Сумеснай Беларуска-Украінскай камісіі па пытаннях вывучэння, уліку і інвентарызацыі культурных каштоўнасцей, створанай згодна з міжурадавым пагадненнем аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, якое было падпісана 29 красавіка 2010 г. у г. Мінску. Міністры абмеркавалі таксама пытанні, звязаныя з адкрыццём помніка У. Караткевічу ў г. Кіеве.

На працягу года прайшлі перамовы Міністра культуры Беларусі з міністрамі культуры Літвы, Польшчы, Сербіі, Чэхіі, Латвіі, кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў Італіі, Чэхіі, Славакіі, Сірыі, Ірана, Грузіі, Украіны, паслом Мальтыйскага ордэна, дырэктарам Бюро UNESCO ў Маскве.

У 2010 г. Міністэрства зрабіла пэўныя крокі ў кірунку далучэння краіны да рэгіянальнай праграмы Савета Еўропы «Кіеўская ініцыятыва», у якой удзельнічаюць Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова і Украіна. У верасні 2010 г. усе краіны — члены праграмы падтрымалі далучэнне Беларусі да «Кіеўскай ініцыятывы». Чакаецца, што падчас міжнароднай канферэнцыі міністраў культуры Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны «“Кіеўская ініцыятыва” ў кантэксце “Усходняга партнёрства”. Новыя стратэгіі, новыя ўдзельнікі», якая пройдзе вясной 2011 г. ва Украіне, будуць абмеркаваны практычныя захады па ўзгадненню сумесных дзеянняў і рэалізацыі канкрэтных мерапрыемстваў.

Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў распачалі рэалізацыю праекта «Беларусь сёння». У межах праекта плануецца штогод перадаваць у фонды 5-і буйнейшых бібліятэк свету каля 100 лепшых кніг айчынных выдавецтваў — камплект выданняў, які будзе ўсебакова адлюстроўваць сацыяльна-эканаміч­нае і палітычнае жыццё нашай краіны, яе шматвекавую гісторыю і культуру, дапаможа жадаючым завочна пазнаёміц­ца з жывапіснымі краявідамі Беларусі. Першай замежнай бібліятэкай у рэалізацыі праекта стала Бібліятэка Кангрэса ЗША. У будучым плануецца перадача камплектаў кніг нацыянальным бібліятэкам Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі і інш.

Важным інструментам рэгулявання працэсаў у галіне міжнародных культурных сувязей па-ранейшаму застаецца фарміраванне дагаворнай базы раўнапраўнага міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. З гэтай мэтай на працягу 2010 г. Міністэрствам падрыхтаваны і падпісаны міжурадавае Пагадненне аб культурным супрацоўніцтве з Францыяй, міжурадавае Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны з Украінай, праграмы супрацоўніцтва з міністэрствамі культуры Літвы, Сірыі, Украіны, Расіі, Камітэтам па культуры г. Масквы.

Аднак трэба прызнаць і тое, што беларуская культура яшчэ мае нявыкарыстаныя магчымасці і нявычарпаныя рэзер­вы для далейшага ўмацавання прывабнага вобраза краіны. Як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка на IV Усебеларускім народным сходзе, «патэнцыял нацыянальнай культуры недастаткова выкарыстоўваецца для фарміравання і ўмацавання міжнароднага іміджу краіны».

Няма сумнення, што пазітыўная рэпутацыя Беларусі ў свеце як краіны з высокім духоўна-маральным патэнцыялам грамадства, высокім узроўнем развіцця ўсіх форм самабытнай традыцыйнай і сучаснай культуры будзе садзейнічаць станаўленню аўтарытэту дзяржавы і даверу да яе як да на­дзейнага партнёра і ў іншых сферах жыцця, такіх як палітыка, эканоміка, права, станоўча паўплывае на інвестыцыйны клімат, развіццё міжнароднага турызму, міграцыйныя працэсы і інш.

У гэтай сувязі Міністэрства культуры лічыць важным працяг­ваць ажыццяўленне сваёй дзейнасці па наступных кірунках:

— стымуляванне гастроляў беларускіх тэатраў, артыстаў оперы, балета, эстрады, сімфанічных аркестраў, выставак беларускіх мастакоў за мяжой. У справе рэкламна-інфармацыйнага суправаджэння гэтых мерапрыемстваў важная роля належыць дыпламатычным прадстаўніцтвам краіны за мяжой;

— арганізацыя культурных акцый у замежных краінах, у першую чаргу ў суседніх краінах і стратэгічных партнёраў Беларусі. Важным уяўляецца пашырэнне іх у краінах Еўрапейскага саюза;

— удзел у праектах у рамках ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства». Міністэрства культуры лічыць важным пашырэнне ўзаемадзеяння і з Саветам Еўропы ў сферы культуры, удзел у праектах і праграмах Савета Еўропы, адкрытых для краін, якія не ўваходзяць у склад членаў арганізацыі, і заснаваных на прынцыпе роўнага далучэння бакоў. Тут вельмі важная роля належыць установам і арганізацыям сферы культуры, іх ініцыятыве і зацікаўленасці да ўдзелу ў сумесных праектах з еўрапейскімі партнёрамі;

— пашырэнне сеткі беларускіх культурных цэнтраў у замежных краінах, дзейнасць якіх павінна не толькі быць скіравана на павышэнне інфармаванасці аб падзеях у рэспубліцы і правядзенне культурных мерапрыемстваў, але і спрыяць развіццю эканамічных стасункаў. У бліжэйшыя часы іх сетка можа пашырыцца за кошт адкрыцця цэнтраў у Расійскай Федэрацыі, Літоўскай Рэспубліцы, Латвійскай Рэспубліцы, Федэратыўнай Рэспубліцы Германія;

— арганізацыя стажыровак рэжысёраў тэатра, кіно і канцэрт­ных мерапрыемстваў, рэстаўратараў і экспертаў па пытаннях захавання гісторыка-культурнай спадчыны, вывучэнне вопыту замежных краін у справе стварэння сістэмы прадзюсарства ў сферы культуры;

— развіццё культурных сувязей з беларускай дыяспарай у розных краінах свету і дзейнасць у сферы аховы інтарэсаў суайчыннікаў у галіне культуры і мастацтва;

— святкаванне знамянальных гістарычных дат і юбілеяў асоб, якія належаць да агульнай гістарычнай спадчыны Беларусі і замежных краін. Бліжэйшымі мерапрыемствамі ў гэтым кірунку могуць стаць у 2011 г. святкаванне 120-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча і ў 2012 г. — 130-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа;

— ушанаванне памяці класікаў беларускай літаратуры і культуры ў замежных краінах, выданне твораў беларускіх аўта­раў на замежных мовах.

Але Міністэрства культуры не можа «ісці ў адзіночку» ў сваіх асноўных ініцыятывах без такіх важных партнёраў, як Міністэрства замежных спраў, дыпламатычныя прадстаў­ніцтвы краіны за мяжой, мясцовыя органы ўлады.

Рэгіёны краіны могуць адыграць вялікую ролю ў справе развіцця міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Выкарыстанне магчымасцей мясцовых органаў выканаўчай улады павінна спрыяць арганізацыі культурных абменаў, развіццю прыгранічнага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, па­брацімскіх сувязей, садзейнічаць развіццю ўнутранага і міжнароднага культурнага турызму. Як сведчыць практыка, прафесійныя калектывы, творчыя саюзы і калектывы мастацкай самадзейнасці рэгіёнаў краіны здольны годна прадстаўляць рэспубліку як ў сумежных краінах, так і ў краінах далёкага замежжа.

Мы ўпэўненыя, што сумесныя намаганні здольны прынесці плён у справе папулярызацыі беларускай культуры за мяжой і ў стварэнні прывабнага вобразу Беларусі ў свеце праз знаёмства з яе культурай.

Выступаючы за развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, наша дзяржава нязменна зыходзіць з таго, што такое супрацоўніцтва павінна ажыццяўляцца на аснове глыбокай павагі да суверэнітэту, законаў кожнай краіны, да культуры, нацыянальных асаблівасцей, звычаяў і традыцый кожнага народа, а таксама ўзаемнай выгады.

Менавіта культурнае супрацоўніцтва здольна ў будучым забяспечыць значны прарыў на шляху народаў да мірнага суіснавання і аб’яднання стваральных намаганняў.

М. В. Кажура,
начальнік аддзела міжнародных сувязей
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Інфармацыйнае забеспячэнне сферы культуры

Медыяпіяр культурнай прасторы

Газета «Культура»

2010-ы стаўся годам выхаду медыяпраектаў рэдакцыйна-выдавецкай установы «Культура і мастацтва» на новы ўзровень рэалізацыі. Сведчаннем таму — стварэнне на базе РВУ Інфармацыйнага цэнтра «Культура-інфа».

Няспыннае развіццё сучасных тэхналогій запатрабавала канцэнтрацыі іх магчымасцей у адзінай прасторы тэматычнай прэс-пляцоўкі, што з’яднала, з аднаго боку, шырокі спектр аператыўных звестак пра падзеі ў сферы культуры і мастацтва, а з іншага — прадаставіла магчымасць праз найбольшую колькасць каналаў інфармавання давесці яе да шыро­кай грамадскасці.

Інфармацыйны цэнтр «Культура-інфа» мае на мэце спрыяць інфармацыйнаму забеспячэнню сферы культуры на Беларусі і за яе межамі, бо адной з самых важных яго функцый, у тым ліку, будзе з’яўляцца стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы для беларускіх дыяспар у іншых краінах. Дзякуючы «Культура-інфа» айчынныя ўстановы сферы, суполкі бела­русаў замежжа займелі магчымасць анансаваць свае мера­прыемствы, распаўсюджваць навіны па сродках масавай інфармацыі рэспублікі. Плануецца рабіць інфармацыйныя рассылкі, дапамагаць праводзіць інфармацыйна-культурную палітыку ў дачыненні да нацыянальных аб’яднанняў за мяжой.

Інфацэнтр якраз і заняў даную нішу. Тут праходзяць прэс-канферэнцыі, арганізоўваюцца «гарачыя лініі», у тым ліку з кіраўніцтвам Міністэрства культуры, дзеячамі культуры і мастац­тва. На сувязь з рэдакцыяй газеты «Культура» чытачы цяпер выходзяць праз відэаканферэнцыю, чат.

Гэтыя магчымасці актыўна выкарыстоўваюцца і пры кантактах з беларусамі замежжа. Забеспячэнне іх паўнавартаснымі звесткамі пра культурнае жыццё рэспублікі — адна з цэнтральных задач Інфацэнтра, дзе ўжо адбываюцца сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары краін блізкага і далёкага замежжа як непасрэдна ў сценах установы, так і праз правядзенне відэаканферэнцый з нашымі суайчыннікамі ў рэжыме он-лайн.

Інфацэнтр скантактаваў журналістаў цэнтральных СМІ рэспублікі, якія на сваіх старонках вядуць, у тым ліку, культурную тэматыку, у фармаце прэс-клуба. Ужо адбыліся яго пасяджэнні. У абмеркаванне праблем сучаснага дакументальнага кінамастацтва выліўся прагляд новых стужак РУП «Бел­арускі відэацэнтр». Надзённыя пытанні развіцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» узнялі на сустрэчы прэс-клуба прадстаўнікі вядучых выданняў і тэлеканалаў, кіназнаўцы.

Фармат Інфацэнтра, апроч названых пазіцый, прадугледжвае правядзенне рэгулярных «круглых сталоў». Апошні з іх, прысвечаны развіццю маладой айчыннай драматургіі, адбыўся ў канцы 2010 г. Ён стаў своеасаблівым падсумаваннем дыскусіі пра сучасную беларускую драматургію, якая разгарнулася на палосах «Культуры» па ініцыятыве рэдакцыі.

Дзякуючы дзейнасці Інфармацыйнага цэнтра на новых тэхнічным і камунікацыйным узроўнях наладжаны рэгулярныя он-лайн-канферэнцыі, да ўдзелу ў якіх запрашаюцца работнікі культуры рэгіёнаў. Менавіта такая форма стасункаў дазваляе казаць як пра шырокі ахоп аўдыторыі, так і пра максімальна дакладны зрэз надзённых пытанняў, што цікавяць работнікаў сферы культуры, спрыяе іх кантактам у рэжыме рэальнага часу.

Грунтоўны падмурак для працы Інфацэнтра быў закладзены цягам паўгадовага творчага марафона — Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў «Зорка ўзышла над Беларуссю». На базе РВУ «Культура і мастацтва» дзейнічаў прэс-цэнтр спаборніцтва. Акрамя інфармацыйных паведамленняў аб падрыхтоўцы ўдзельнікаў на старонках газеты «Культура», на сайце www.kimpress.by ў адпаведнай рубрыцы выхо­дзілі рэпартажы з месца падзей і фотапостэры. Дарэчы, мена­віта яны і аздобілі фае Беларускай дзяржаўнай філармоніі на фінальных урачыстасцях конкурсу.

Інфармацыйны цэнтр «Культура-інфа» напаўняе сваю Internet-старонку на сайце www.kimpress.by. Гэтая вэб-прастора разглядаецца як перспектыўнае медыйнае поле для пашырэння ўплыву на Internet-аўдыторыю праз камп’ютарныя тэхналогіі і выхад на новыя эфектыўныя і творчыя праекты.

За адзін з іх у 2010 г. газета «Культура» атрымала Гран-пры Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Ліцера». Гэтай прэстыжнай прафесійнай узнагародай «Культура» адзначана ў намінацыі «Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў» за праект «Дыміліся франтоў дарогі...», які быў прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі.

Сярод творчых праектаў газеты «Культура» ў 2010 г. вылучым наступныя. Па-першае, гэта «Закон крэатыву: фармат якасці». Праект у рамках райвыканкамаўскіх лятучак, ініцыяваных рэдакцыяй на ўзроўні старшыняў і намеснікаў старшыняў райвыканкамаў, дазваляе не толькі абмеркаваць праблематыку сферы культуры ў рэгіёнах, але і атрымаць ад прадстаўнікоў мясцовай улады канцэптуальнае бачанне перспектыў развіцця пэўнага рэгіёна, а часам — нават кан­крэтныя рашэнні па пытаннях, агучаных у час сустрэчы з карэспандэнтам «Культуры». Рубрыка ад пачатку мае інтэрактыўны фармат, структура яе выбудоўваецца, так бы мовіць, ад прыватнага (меркаванняў жыхароў раёна) да агульнага (той самай канцэпцыі развіцця рэгіянальнай культуры).

Другі арыгінальны праект цягам 2010 г. рэалізуецца на старонках «Культуры» пад рубрыкай «Вяртанне імёнаў». Пад гэтым брэндам, які збірае мастацтвазнаўчыя матэрыялы пра вядомых мастакоў, народжаных зямлёй беларускай у розныя стагоддзі, чые творы складаюць «залаты фонд» сусветнай скарбніцы мастацтва, выйшла ў свет каля 40 артыкулаў.

У цэнтры ўвагі газеты «Культура» цягам 2010-га былі многія падзеі сацыякультурнага і грамадска-палітычнага жыцця краіны. Гаворка — пра асвятленне праз прызму культурных здзяйсненняў такіх знакавых падзей года, як выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, IV Усебеларускі народны сход, грамадска-культурная акцыя «Беларусь — гэта мы!», пачатак узвядзення новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і збор сродкаў на гэтую ўсенародную справу. Газета пастаянна адсочвала падзеі ў культурнай сталіцы Беларусі–2010 — горадзе Полацку.

Пад пільнай увагай журналістаў «Культуры» знаходзілася тэма рэстаўрацыйных работ у Замкавым комплексе «Мір». Нашы карэспандэнты пастаянна выязджалі ў старадаўні замак, адсочвалі ход работ, рыхтавалі артыкулы, рэпартажы і фотарэпартажы з «аб’екта ўвагі № 1» у 2010 г.

У буйны праект па падтрымцы ініцыятывы Міністэрства культуры аб зборы сродкаў на правядзенне кансервацыі рэшткаў Навагрудскага замка праз продаж білетаў грашова-рэчавай латарэі «Скарбніца» склаўся шэраг публікацый і акцый рэдакцыі. Зрэшты, тэма захавання гісторыка-культурнай спадчыны — адна з цэнтральных на палосах рубрыкі «Соцыум». З больш чым сотні публікацый трэцяя іх частка прысвечана менавіта ёй.

Чытачам запомніліся і ўжо традыцыйныя спецвыпускі газеты, прымеркаваныя да значных падзей у культуры краіны. Сёлета яны былі прысвечаны ўручэнню прэмій «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, ХІХ Міжнароднаму фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», XVII Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю «Лістапад», Дню беларускага пісьменства ў Хойніках, Дню работнікаў культуры, выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за 2009 г., стану беларускага эстараднага мастацтва, інстытуту прадзюсіравання і інш. Спецыяльны выпуск газеты на рускай мове суправаджаў Год культуры Беларусі ў Расіі.

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка