Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова адукацыі




старонка5/8
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.73 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8

Прафесійнае мастацтва

Тэатральнае мастацтва

Сёння ў нашай краіне дзейнічаюць 27 розных па жанравым кірунку дзяржаўных тэатраў сістэмы Міністэрства культуры, у тым ліку 2 музычных, 18 драматычных, 7 лялечных. Высокі статус «нацыянальны» маюць 4 тэатры, званне «заслу­жаны калектыў Рэспублікі Беларусь» — 7 тэатраў.

Трэба адзначыць, што творчыя калектывы апынуліся ў складаных умовах рэканструкцыі і тэхнічнага перааснашчэння тэатраў. Зачыніўся на рэканструкцыю і рамонт будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Раман­туюцца будынкі Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Тым не менш у дадзеных абставінах тэатральныя калектывы павінны не толькі захаваць глядацкую аўдыторыю, але і павышаць мастацкі ўзровень спектакляў.

У 2010 г. тэатры рэспублікі працягвалі працу па пастаноўцы новых спектакляў. Сапраўднай падзеяй культурнага жыцця краіны сталі спектаклі: «Не мой» па А. Адамовічу і «Translations» Б. Фрыла ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы, «Пане Каханку» А. Курэйчыка ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага, «Інфляцыя пачуццяў» М. Рудкоўскага ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, «Шчасце Лізы і Ягора» Г. Марчука ў Мазырскім драматычным тэатры імя І. Мележа. Адбыліся таксама прэм’еры спектакляў «Квартэт» Р. Харвуда, «Я буду зоркай» С. Кавалёва, «Вечар беларускіх вадэвіляў» па творах Я. Купалы, М. Чарота, Л. Родзевіча, «Вельмі простая гісторыя» М. Ладо ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа; «Адамавы жарты» С. Навуменкі паводле Л. Родзевіча і Ф. Аляхновіча, «Лета» А. Дзялендзіка, «Сонечка» А. Паповай па Ф. Дастаеўскаму ў Рэспуб­ліканскім тэатры беларускай драматургіі; «Дзева і Смерць» Э. Дорфмана, «Рускія вадэвілі» П. Грыгор’ева і П. Фё­дарава, «Эсфір» Л. Уліцкай, «Эдып» А. Мінчуковай у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага.

Тэатральная афіша для дзяцей у 2010 г. таксама папоўнілася новымі спектаклямі, якія атрымалі шчырае прызнанне маленькіх гледачоў. Гэта спектаклі «Гісторыя двух сабак» Я. Конева, «Квакі і Квокі» Я. Лёгкіна ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, «Брык і Шуся шукаюць лета» Т. Сявец, «Тры парсючкі» па С. Міхалкову ў Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача.

Значнымі падзеямі культурнага жыцця рэгіёнаў сталі прэм’е­ры спектакляў па матэрыялах беларускай класікі, п’есах сучасных беларускіх драматургаў: «Свінтус Грандыёзус, альбо Хто смяецца апошнім» К. Крапівы ў Мінскім абласным драматычным тэатры; «Не пакідай мяне» А. Дударава (рэжысёр С. Карбоўскі) у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск); «Кавалер руж» А. Курэйчыка (рэжысёр В. Еранькова) у Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

Упершыню Міністэрства культуры ўдзельнічала ў прыватным тэатральным праекце, які быў ажыццёўлены Сучасным мастацкім тэатрам пад кіраўніцтвам У. Ушакова. Спектакль «Мінск — я люблю цябе» па драматычных мініяцюрах маладых беларускіх драматургаў Д. Балыка, А. Курэйчыка, М. Руд­коўскага пастаўлены маладымі беларускімі рэжысёрамі, закранае праблемы сучаснага светаадчування маладых беларусаў, адчування сябе як часцінкі нацыі, якая пражывае на гэтай зямлі і будуе сваю будучыню. Гэта — спектакль-фесты­валь, які з цягам часу можа змяняцца, папаўняцца новымі драматычнымі творамі. Плануецца трансфармацыя спектакля ў гарадскі фестываль сучаснага тэатральнага мастацтва, у якім прымуць удзел тэатры са спектаклямі на тэмы жыцця сучаснікаў.

Разумеючы, што тэатральнае мастацтва рэспублікі павін­на іграць больш значную ролю ў культурным і грамадскім жыцці краіны, Міністэрства культуры з мэтай заахвочвання беларускіх тэатраў да творчых эксперыментаў, стварэння новых пастановак, павышэння прафесійна-творчага ўзроўню тэатральных калектываў выступіла з ініцыятывай правядзення Рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная тэатральная прэмія». Прапанову падтрымаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, і 29 верасня 2010 г. была прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1404 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб правядзенні Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва “Нацыянальная тэатральная прэмія”». Конкурс плануецца правесці ў 2011 г.

У 2010 г. за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва быў пастаўлены спектакль «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Караткевіча ў Магілёўскім абласным тэатры лялек. Спектакль быў прымеркаваны да юбілею знакамітага пісь­менніка і пастаўлены з мэтай выклікаць цікавасць дзіцячай і падлеткавай аўдыторыі да гісторыі Бацькаў­шчыны. Прэм’ера адбылася 26 чэрвеня 2010 г. Спектакль меў вялікі поспех, аб чым сведчаць шматлікія водгукі прэсы.

На пастаноўку новых спектакляў па дзяржаўнаму заказу ў 2010 г. Міністэрствам культуры было выдзелена з рэспубліканскага бюджэту каля 500 млн рублёў.

Дзяржаўныя тэатры ў 2010 г. актыўна гастралявалі і прымалі ўдзел у міжнародных фестывалях.

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы ў рамках Міжнароднага Чэхаўскага фестывалю ажыццявіў сусветнае гастрольнае турнэ са спектаклем «Вяселле» А. Чэхава: Азербайджан (г. Баку), Францыя (гг. Парыж, Шэрбур, Д’еп, Луўе) і Іспанія (г. Мадрыд). З гэтым жа спектаклем тэатр прымаў удзел у Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа» (у г. Брэсце ў верасні). Са спектаклем «Пінская шляхта» В. І. Дуніна-Марцінкевіча тэатр гастраляваў у Польшчы (г. Вар­шава), Літве (г. Вільнюс).

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага прымаў удзел у тэатральных фестывалях у г. Санкт-Пецяр­бургу, Уладзіміры (Расія), гастраляваў у г. Валгаградзе (Расія), Вільнюсе (Літва).

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа таксама актыўна прымаў удзел у замежных і рэспубліканскіх тэатральных фестывалях («Смаленскі каўчэг», Расія; Міжнародны пленэр «Марк Ротко»), гастраляваў па Беларусі: на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра (г. Мала­дзечна), Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прадстаўляў беларускае тэатральнае мастацтва за межамі Беларусі на працягу 2010 г. у гарадах Беласток, Гайнаўка, Бельск-Падляскі (Польшча), Херсон (Украіна), прымаў удзел у міжнародных тэатральных фестывалях: «Мельпамена Таўрыі» (г. Херсон, Украіна), «Залатая Хорціца» (г. Запарожжа, Украіна), «Смаленкі каўчэг» (г. Смаленск, Расія) і інш.

Гомельскі абласны драматычны тэатр прыняў удзел у Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (г. Бранск, Расія і г. Чарнігаў, Украіна), дзе народная арты­стка Беларусі Л. К. Лаўрыновіч за ролю ў спектаклі «Хросная маці» атрымала дыплом «За лепшую жаночую ролю», а спектакль А. Дударава «Чорная панна Нясвіжа» — дыплом «За лепшы спектакль».

Мінскі абласны драматычны тэатр правёў абменныя гастро­лі з Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск), разам з Гарадскім маладзёжным тэатрам г. Гомеля прымаў удзел у II Рэспубліканскім фестывалі славы беларускай зброі «Наш Грунвальд», дзе атрымаў галоўны прыз сярод тэатральных калектываў за спектакль «Паланэз на развітанне», прадстаўляў беларускае тэатральнае мастацтва на VIII Маскоўскім міжнародным фестывалі тэатраў аднаго акцёра.

Актыўнае фестывальнае жыццё было ў Гродзенскага абласнога тэатра лялек: XII Міжнародны фестываль рускіх тэатраў краін СНД і Балтыі «Сустрэчы ў Расіі» (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя), VI Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек (г. Мінск), VII Міжнародны фестываль дзіцячых і маладзёжных тэатраў «Выграшэк» (г. Сувалкі, Рэспубліка Польшча), V фестываль тэатраў Цэнтральнай Еўропы «Суседзі» (г. Люблін, Рэспубліка Польшча), XXXV Міжна­родны тэатральны фестываль у г. Замосць (Рэспубліка Польшча), фестываль вулічных спектакляў «Вулічныя вакацыі» (г. Друскінінкай, Літоўская Рэспубліка), сяброўскі візіт у Вільнюскі лялечны тэатр «Lele» (г. Вільнюс, Літоўская Рэспубліка).

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Брэсцкі тэатр лялек» прыняў удзел у 6-і міжнародных тэатральных фестывалях. Са спектаклем «Месяц Сальеры» паводле трагедыі А. Пушкіна ўдзельнічаў у XVII Міжнародным фестывалі тэатраў для дзяцей (г. Субоціца, Сербія), дзе атрымаў дыпломы за лепшую рэжысуру і лепшую мужчынскую ролю, а таксама персанальны прыз за лепшы спектакль. З гэтым жа спектаклем выступіў на XXIV Міжнародным фестывалі лялечнага мас­тацтва (г. Бельска-Бяла, Польшча). На ХІV Сусветным фесты­валі тэатраў лялек (г. Прага, Чэхія) у другі раз заваяваў Гран-пры. На Міжнародным фестывалі «Пятрушка Вялікі» (г. Ека­цярынбург, Расія), які праходзіў пад дэвізам «Тэатр лялек — тэатр мастака», галоўны прыз за мастацкае вырашэнне таксама атрымаў спектакль «Месяц Сальеры». На VI Беларускім міжнародным фестывалі тэатраў лялек (г. Мінск) тэатр паказаў прэм’ерны спектакль «Русалачка» паводле Г. Х. Андэрсэна.

На развіццё і ўмацаванне міжнародных творчых сувязей вялікі ўплыў аказалі тэатральныя фестывалі і форумы, якія зрабілі яркім і насычаным культурнае жыццё рэспублікі.

З 22 па 27 сакавіка 2010 г. на базе Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра прайшоў Міжнародны маладзёжны форум «М@art.кантакт», мэта якога — знаёмства гледача са спектаклямі аб моладзі і паказ лепшых сцэнічных работ па праблемах, якія хвалюць моладзь. У форуме прынялі ўдзел тэатры з 6-і краін: Беларусі, Расіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Украіны. 15 спектаклей фестывальнай праграмы наведалі 2600 чалавек.

У маі 2010 г. адбыўся VI Беларускі міжнародны фестываль тэатраў лялек. Фестывальныя паказы прайшлі на 5-і пляцоўках сталіцы: на сцэнах Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя М. Горкага, Новага драматычнага тэатра і Палаца Рэспублікі. Падчас правядзення фестывалю ў гледачоў і творцаў была выдатная магчымасць даведацца пра найноўшыя здабыткі ў галіне тэатральнай дзейнасці і вызначыць шляхі, па якіх развіваецца беларускае і сусветнае мастацтва лялечнага тэатра. Праграму фестывалю склалі спектаклі і для дасведчаных сталых тэатралаў, і для маленькіх гледачоў, якія толькі адкрываюць для сябе чароўны свет тэатра лялек. Яны ўяўлялі найбольш яркія творы лялечнага мастацтва апошняга часу. У фестывалі прымалі ўдзел тэатры «Агора» (г. Сэнт-Віта, Бельгія), Беластоцкі тэатр лялек, Латвійскі тэатр лялек, Міні-Тэатр (г. Любляны, Славенія), Чамадан-дуэт «КВАМ» (г. Санкт-Пецярбург, Расія), Кемераўскі тэатр лялек, Архангельскі абласны тэатр лялек, Палтаўскі тэатр лялек, «Тэатр у чамадане» (г. Талін, Эстонія). Падчас правядзення фестывалю ў Мінску глядач мог пазнаёміцца і з творчасцю ўсіх айчынных тэатраў лялек: былі прадстаўлены найбольш адметныя спектаклі, створаныя выдатнымі лялечнымі калектывамі з Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Маладзечна і Мінска.

З 11 па 18 верасня ў г. Брэсце прайшоў Міжнародны тэат­ральны фестываль «Белая Вежа» на базе Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола, прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння А. П. Чэхава, заснавальніка сучаснага тэатральнага мастацтва. У ім удзельнічалі тэат­ральныя калектывы з 21 краіны свету: Беларусі, Азербайджана, Аўстраліі, Арменіі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Венесуэлы, Германіі, Славеніі, Ізраіля, Індыі, Ірана, Італіі, Літвы, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Таджыкістана, Украіны, Узбекістана. Беларускае мастацтва прадстаўлялі тэатры з Мінска і абласных цэнтраў: Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, Новы драматычны тэатр г. Мінска, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, Гродзенскі абласны драматычны тэатр, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Нацыя­нальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь і інш. На фестывалі былі паказаны спектаклі па творах А. П. Чэхава.

У 2010 г. у прафесійных тэатральных калектывах актыўна ішла работа з творчай моладдзю. Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Я. Коласа праводзіліся штогадовыя чытанні п’ес беларускіх аўтараў «Школьны тэатр», у якіх прынялі ўдзел навучэнцы школ г. Віцебска і вобласці. Гэта мера­прыемства штогод дазваляе тэатру выяўляць таленавітых маладых людзей з мэтай далейшага папаўнення трупы тэатра і накіравання найбольш перспектыўных на вучобу ў тэатральныя ВНУ краіны.

Плённа працаваў Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Спектаклі па творах маладых беларускіх аўтараў у супрацоўніцтве з маладымі рэжысёрамі вызначаліся актуальнасцю праблематыкі і пошукам эксперыментальных форм у галіне тэатральнага мастацтва, што спрыяла развіццю нацыянальнага тэатра.



Музычнае мастацтва, канцэртная дзейнасць

Істотныя зрухі былі ўласцівы для сферы музычнага мастацтва і канцэртнай дзейнасці. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2010 г. № 542 «Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў» спрасціў працэс арганізацыі і правядзення канцэртаў: адменена сістэма выдачы пасведчанняў на права арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства, створаны ўмовы для развіцця сістэмы рэалізацыі білетаў праз сетку Internet.

У лістападзе 2010 г. адчыніў свае дзверы пасля рамонту Беларускі дзяржаўны цырк.

Як самая буйная канцэртная пляцоўка краіны пачаў працаваць комплекс «Мінск-арэна», на якім выступілі такія зоркі сусветнай эстрады, як Элтан Джон, група «Ramstein» і інш.

З мэтай стымулявання развіцця сферы эстраднай музычнай творчасці Міністэрства культуры выступіла з ініцыятывай правядзення ў рэспубліцы сумесна з тэлеканалам СТВ конкурсу «Нацыянальная музычная прэмія». Прапанову падтрымаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 24 снежня 2010 г. была прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1885 «Аб правядзенні рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная музычная прэмія”». Конкурс адбу­дзецца ў 2011 г.

Сёння канцэртную дзейнасць у рэспубліцы ажыццяўляюць 16 дзяржаўных канцэртных арганізацый рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання, якія аб’ядноўваюць каля 1500 чалавек. Актыўна і плённа дзейнічаюць буйнейшыя творчыя калектывы — Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі», Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» і інш.

Мінулы год у музычным мастацтве адзначаны не толькі правядзеннем на высокіх мастацкім і арганізацыйным узроў­нях традыцыйных фестываляў і мерапрыемстваў, але і ўвасабленнем у жыццё праектаў новага фармату.

Амаль усе калектывы і выканаўцы годна прынялі ўдзел у грамадска-культурнай акцыі «Беларусь — гэта мы», якая прайшла па ўсёй краіне і завяршылася ў снежні вялікім маладзёжным канцэртам на ТАА «Манеж» у г. Мінску.

На працягу года лепшыя творчыя сілы краіны сталі ўдзельнікамі культурнай акцыі «Полацк — культурная сталіца 2010 года».

Цікавасць і станоўчыя водгукі грамадскасці, сродкаў масавай інфармацыі выклікала ажыццяўленне новых праектаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь: Вялікі навагодні баль; паказ упершыню ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў спектакля «Чужое багацце нікому не служыць» Я. Голанда, які 250 гадоў таму быў па­стаўлены ў гэтым палацы; правядзенне ў г. Нясвіжы «Вечароў беларускай оперы і балета ў палацы Радзівілаў», у час якіх адбыліся спектакль «Шапэніяна» Ф. Шапэна, канцэрты салістаў оперы. Гэтыя мерапрыемствы павінны спрыяць пачатку новай добрай традыцыі — здзяйсненню ў Радзівілаўскім замку оперна-сімфанічных праектаў, якія стануць аб’ек­там прыцягнення турыстаў.

Яркай падзеяй у культурным жыцці Беларусі стаў Першы Мінскі калядны оперны форум, на які было запрошана больш за 150 замежных артыстаў, дырыжораў, крытыкаў з 8 краін, у тым ліку з Расіі, Украіны, Сербіі, Іспаніі і інш. Два тэатры — Нацыянальная Латвійская опера і Маскоўскі тэатр «Новая опера» імя Я. Колабава — прывезлі спектаклі «Травіята» Дж. Вердзі і «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні. У праграму былі ўключаны 3 спектаклі беларускай оперы, вядучыя партыі ў якіх выканалі замежныя салісты. Завяршыўся форум грандыёзным гала-канцэртам з удзелам зорак сусветнай опернай сцэны, салістаў беларускай оперы, сімфанічнага арке­стра і хору тэатра.

На працягу года на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета адбыліся аншлагавыя выступленні Санкт-Пецярбургскага бале­та Барыса Эйфмана, Тбіліскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя З. Паліашвілі, ажыццёўлены праект народ­нага артыста Расіі А. Ліепы «Рускія сезоны XXI стагоддзя» і інш.

Вельмі насычаным і плённым вызначыўся гэты год у калектыве Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Рэпертуарную афішу ўзбагацілі новыя сцэнічныя пастаноўкі, кожная з якіх выклікала цікавасць гледачоў і спецыялістаў. Важнымі падзеямі ў тэатральным жыцці рэспублікі сталі прэм’еры опер «Набука» Дж. Вер­дзі, «Тоска» Дж. Пучыні, балета «Трыстан і Ізольда» Р. Ваг­нера. Да 200-гадовага юбілею Ф. Шапэна быў пастаўлены балет «Шапэніяна». Адноўлены некаторыя спектаклі, сярод якіх «Хаваншчына» М. Мусаргскага, «Князь Ігар» А. Барадзіна і інш.

Тэатр прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычных і культурных праектах «Беларусь — гэта мы», «Полацк — культурная сталіца 2010 года», у адкрыцці Года культуры Беларусі ў Расійскай Федэрацыі.

Гэты год адзначаны актыўнай гастрольнай дзейнасцю як у рэспубліцы, так і за яе межамі. Оперная трупа са сваімі спектаклямі гастралявала ў Бельгіі, Нідэрландах, Эстоніі. Балетныя спектаклі паказаны ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Егіпце, Італіі, Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Мексіцы. Сімфанічны аркестр гастраляваў у Іспаніі.

З мэтай развіцця беларускага музычнага мастацтва штогод Міністэрствам культуры набываюцца творы беларускіх кампазітараў. У 2010 г. па дзяржаўнаму заказу набыта каля 180 арыгінальных твораў, аранжыровак і аркестровак для нацыянальных і акадэмічных калектываў на суму каля 170 млн рублёў.

Сістэматычна па дзяржзаказу набываюцца творы на беларускай мове да новых праграм вядучых калектываў у жанрах харавой, вакальнай і вакальна-інструментальнай музыкі. Гэта цэлы пласт музычна-паэтычных твораў, якія займаюць значнае месца ў нацыянальным музычным акадэмічным мас­тацтве.

Трэба адзначыць, што ўсе буйныя сачыненні апошніх гадоў, творы камерных жанраў выконваюцца на розных сцэнічных пляцоўках Беларусі, галоўнай з якіх з’яўляецца Беларуская дзяржаўная філармонія.

Толькі на яе сцэнах у кожным канцэртным сезоне выконваюцца 250—300 твораў беларускай музыкі розных жанраў. За апошні год былі праведзены канцэрты памяці Ігара Паліводы, а таксама аўтарскія вечары С. Картэса, В. Карэтнікава, М. Марозавай, В. Капыцько.

2010 год прайшоў пад эгідай ХV з’езда Беларускага саюза кампазітараў, і прыярытэты пры фарміраванні канцэртных праграм былі адданы выкананню беларускай музыкі.

Падчас фестываляў «Беларуская музычная восень», «Мінская вясна» традыцыйна адбыліся прэм’еры новых сачыненняў, прагучалі найбольш вядомыя творы кампазітараў у выкананні вядучых салістаў і калектываў рэспублікі. Дзяржаўны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны камерны аркестр, Акадэмічная капэла імя Р. Шырмы, ансамбль салістаў «Класік-Авангард» і іншыя калектывы прапагандуюць беларускае прафесійнае музычнае мастацтва і ў нашай рэспубліцы, і па-за яе межамі. Так, Прэзідэнцкі аркестр прадставіў у г. Берліне прэм’еру твора Г. Гарэлавай, а опера С. Картэса «Мядзведзь» была пастаўлена ў г. Навасібірску і разам з чэхаўскай операй «Юбілей» ў Маскоўскім камерным музычным тэатры Б. Пакроўскага, сімфоніі Д. Смольскага былі цёпла сустрэты публікай Южнай Карэі. У Польшчы прагучалі творы Я. Паплаўскага, Д. Лыбіна і інш.

Спіс твораў і новых беларускіх праграм, якія падрыхтаваў за гэты час Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М. Фінберга, уражваюць. У кастрычніку 2010 г. калектыву за значны ўклад у развіццё беларускай культуры і мастацтва прысвоена званне «акадэмічны» і пацверджаны статус «нацыянальны». Калек­тывам створаны 27 новых тэматычных канцэртных


пра­грам, падрыхтаваны і праведзены 15 фестываляў у раённых гарадах амаль усіх абласцей краіны, асноўныя з іх: «Заслаўе–2010», «Музы Нясвіжа», «Чачэрскія сустрэчы», «Тураў–2010», «Мірскі замак», «Мсціслаў–2010», «Пінскія спатканні», «Гасцёўня Напалеона Орды» (г. Іванава), «Мінскі джаз», «Шлягеры на ўсе часы», «600-годдзе Грунвальдскай бітвы» (г. Навагрудак), «Славянскі базар у Віцебску». Усяго ж за год адбыліся 92 канцэрты ў розных кутках рэспублікі.

Аркестр першым у краіне адзначыў новымі канцэртнымі праграмамі юбілеі выдатнага беларускага літаратурнага творцы У. Караткевіча і вялікага польскага кампазітара Ф. Ша­пэна. Адгукнуўся калектыў аркестра на рэспубліканскія культурныя ініцыятывы: Рэспубліканскі конкурс маладых тален­таў «Зорка ўзышла над Беларуссю», «Год Ф. Шапэна ў Беларусі», «Беларусь — гэта мы!», «Полацк — культурная сталіца Беларусі 2010 года».

Калектыў аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы прафесара М. Фінберга апантаны ідэяй адраджэння беларускай музычнай спадчыны. Ён падараваў сваім прыхільнікам сустрэчы з музыкай Н. Орды, М. Ельс­кага, С. Манюшкі, М. Чуркіна, М. Карловіча, Л. Абе­ліёвіча, Я. Голанда, М. К. Агінскага, В. Шаматула, Радзівілаў, Я. Глебава, Г. Вагнера, Дз. Смольскага і інш.

Большасць выканаўцаў і калектываў сістэмы Міністэрства культуры з’яўляюцца шчырымі папулярызатарамі беларускай музыкі і мовы. Гэта карпатлівая праца па арганізацыі і правядзенню дзясяткаў канцэртаў, падрыхтоўцы новых праграм. Так, у лістападзе 2010 г. у Палацы Рэспублікі адбылася прэм’е­ра і здымкі (СТВ) новай праграмы Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» на вершы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы «Шчаслiвасць», прысвечанай 70-годдзю заснавальніка ансамбля «Песняры», народнага артыста СССР У. Мулявіна, ажыццёўлены выпуск кампакт-дыска з аднай­меннай назвай. Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча падрыхтавана і прадстаўлена ў незвычайнай інтэрпрэтацыі прэм’ера оперы І. Лучанка «Гусляр».

Сярод аўтараў песень — народныя артысты Беларусі І. Лучанок, Л. Захлеўны, Э. Зарыцкі, В. Раінчык, В. Іваноў, папу­лярныя кампазітары А. Елісеенкаў, Д. Даўгалёў, А. Атрашкевіч, М. Сацура, Я. Паплаўская, І. Цвяткова.

Беларуская дзяржаўная філармонія ў 2010 г. актыўна працягвала дзейнасць па абслугоўванню насельніцтва гарадоў і вёсак Беларусі, прапагандзе дасягненняў сусветнага і айчын­нага музычнага мастацтва. Адным з гучных новых праек­таў Белдзяржфілармоніі стала «Ноч музыкі», праведзеная з удзелам айчынных і замежных выканаўцаў.

Ансамблем «Класік-Авангард» былі падрыхтаваны і выкананы ўнікальныя праграмы, прысвечаныя творчасці У. Караткевіча, а таксама 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.

Гэты год адзначаны ў рэспубліцы і шматлікімі міжнароднымі фестывалямі, якія адыгралі значную ролю ў развіцці музыч­нага мастацтва Беларусі. Адным з буйных культурных праектаў рэспублікі па-ранейшаму застаецца Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». У 2010 г. Міністэрства культуры сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй рэалізавалі новыя падыходы пры падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю, дзякуючы чаму з’явілася сучасная і яркая сцэнаграфія, канцэрты фестывалю адрозніваліся большай эфектнасцю і відовішчнасцю. На 11 фестывальных пляцоўках адбыліся 70 мерапрыемстваў, якія наведала звыш за 180 тыс. чалавек. У фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі 34 краін свету.

У кастрычніку прайшоў V Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. У рамках фестывалю адбыліся канцэрты знакамітых музыкантаў сучаснасці — Ю. Башмета, Д. Любімава (Расія), П. Бадуры-Шкоды (Аўстрыя), Г. Крэмера (Латвія–Германія), Д. Брунэла (Італія), камернага аркестра «Салісты Масквы» і інш.

У снежні адбыўся І Міжнародны фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае». Падчас фестывалю выступілі легендарныя артысты — У. Співакоў, Д. Мацуеў, камерны аркестр «Віртуозы Масквы», маладыя беларускія музыканты і інш.

У сферы эстраднага мастацтва значных поспехаў дабіліся выхаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна. Прымаючы ўдзел у шматлікіх міжнародных конкурсах, салісты Цэнтра дабіліся прызнання. Андрэй Кунец у 2010 г. заваяваў Гран-пры ХIII Адкрытага конкурсу выканаўцаў новай дзіцячай песні «Дзень нараджэння» (г. Санкт-Пецяр­бург, Расія); Злата Ларчанка заняла I месца ў VI Міжнародным фестывалі-конкурсе маладых талентаў «Крымскія хвалі» (г. Феадосія, Украіна) і ў Х Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» (г. Клімавічы), на VIII Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе «Віцебск–2010» стала лаўрэатам III ступені; Ліза Мураўёва заваявала I месца ў чатырох конкурсах — XIII Адкрытым конкурсе выканаўцаў новай дзіцячай песні «Дзень Нараджэння», IX Міжнародным дзіцячым вакальным конкурсе «Sing baby–2010» (г. Анікшчай, Літва), V Міжнародным фестывалі-конкурсе «Вясёлка зорак–2010» (г. Варна, Балгарыя), Міжнародным конкурсе тэлерадыёкампаніі «Мір» «Як запальваюцца зоркі» (г. Мінск) і III месца ў XI Міжнародным дзіцячым фестывалі «Сонца–Радасць–Прыгажосць» (г. Несебр, Балгарыя); Карына Жуковіч стала ўладальніцай дыплома III ступені VI Міжнароднага фестывалю-конкурсу маладых талентаў «Крымскія хвалі», атрымала дыплом II ступені V Юбі­лейнага Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці «Акно ў Еўропу» ў намінацыі «Эстрадна-джазавы вакал» (г. Санкт-Пецярбург, Расія).

Выяўленчае мастацтва

У рэспубліцы склалася пэўная сістэма дзяржаўнай падтрым­кі беларускага выяўленчага мастацтва. З мэтай актуалізацыі каштоўнасці і ўнікальнасці выяўленчага мастацтва, паказу разнастайнасці яго кірункаў і жанраў, самабыт­насці беларускай мастацкай школы ўпершыню Міністэрствам культуры арганізавана Рэспубліканская выстаўка «Зямля пад белымі крыламі». У гэтым маштабным праекце былі задзейнічаны ўсе буйныя выставачныя залы мастацкіх музеяў і галерэй Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва, Слуцка. У рамках праекта адбыўся абмен выстаўкамі паміж абласцямі. Усяго 47 мера­прыемстваў прайшлі з верасня па снежань 2010 г. на 19 пляцоўках. Гэта мастацкая акцыя дала магчымасць не толькі аднавіць творчыя сувязі паміж мастакамі розных рэгіё­наў, але і прыцягнуць да выяўленчага мастацтва ўвагу шырокага кола гледачоў.

Выстаўка стала сапраўдным штуршком для актывізацыі мастацкага жыцця ў Беларусі і закранула вялікую колькасць мастакоў розных пакаленняў і школ. Яна адкрылася 3 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, 30 верасня яе наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які адзначыў яе высокія мастацкія вартасці. Кіраўнік дзяржавы акрэс­ліў важныя праблемы развіцця выяўленчага мастацтва ў рэспубліцы: стварэнне ў Мінску Цэнтра сучаснага мастац­тва, паляпшэнне ўмоў творчай дзейнасці мастакоў, асабліва маладых творцаў, папулярызацыя выяўленчага мастацтва з мэтай узмацнення яго ролі ў краіне, прэзентацыя яго за мяжой, запатрабаванасць мастакоў у рэгіёнах, праблемы набыц­ця твораў мастацтва ў рэгіёнах, павышэнне прафесійнага ўзроўню мастакоў і інш.

Адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці Міністэрства культуры з’яўляецца набыццё твораў мастакоў для фарміравання Музейнага фонду рэспублікі. У 2010 г. Міністэрствам культуры набыта твораў на суму каля 200 млн рублёў, за кошт фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва — на суму 180 млн рублёў.

Шмат зроблена з мэтай годнага прадстаўлення беларускага мастацтва за мяжой. Толькі ў 2010 г. былі паказаны: выстаўка графікі — у Казахстане, Венгрыі; выстаўка маладых мастакоў — у г. Маскве; выстаўка работ І. Хруцкага з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея — у гг. Вільнюсе і Парыжы; выстаўка фотамастакоў — у г. Кіеве; выстаўка сучасных беларускіх мастакоў — у г. Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эмі­раты).

У 2010 г. быў створаны помнік Уладзіміру Караткевічу для г. Кіева, адкрыты помнік героям вайны 1812 г. у г. Полацку, надмагільны помнік народнаму артысту Беларусі В. Сіда­раву.

М. І. Казловіч,
начальнік упраўлення мастацтваў
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Кіна- і відэамастацтва

Айчынная кінематаграфія дзякуючы захаванню ў рэспубліцы вытворчасці кінавідэапрадукцыі, дзяржаўнай сеткі кіна­відэапракату і развіццю тэлевізійных каналаў з’яўляецца сёння самым даступным для насельніцтва відам мастацтва і эфектыўным інструментам мэтанакіраванага ўздзеяння на аўдыторыю гледачоў.

Кіраўнік дзяржавы надае асаблівую ўвагу развіццю кінагаліны. Ім была ўхвалена канцэпцыя развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2009—2014 гг.

У верасні 2010 г. адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з дзеячамі культуры па пытаннях развіцця кінематаграфіі, па выніках якой падпісаны адпаведны пратакол даручэнняў. З мэтай іх выканання Дэпартаментам па кінематаграфіі падрыхтаваны праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь».

У законапраект уключаны нормы аб вытворчасці фільмаў па дзяржаўнаму сацыяльна-творчаму заказу і аб нацыянальным фільме, прадугледжаны патрабаванні, якія прад’яўляюцца да вытворчасці фільмаў па дзяржаўнаму сацыяльна-творчаму заказу, дэтальна ўрэгуляваны ўмовы вытворчасці нацыя­нальных фільмаў.

Пасля прыняцця Закона будзе распрацавана новае палажэнне аб фільме, які ствараецца па дзяржаўнаму сацыяльна-творчаму заказу. Адначасова ў развіццё норм праекта Закона распрацаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб некаторых мерах стымулявання развіцця кінематаграфіі», у якім дэталюецца прапанаваны парадак пакрыцця прадзюсарскіх рызыкаў, умовы ільготных крэдытаў.

Істотнае значэнне для развіцця кінематаграфіі мае таксама і Указ Кіраўніка дзяржавы «Аб некаторых пытаннях падатка­абкладання», які стварае сістэму стымулявання паступ­лення ў сферу культуры (у тым ліку ў кінавытворчасць) дадатковых фінансавых сродкаў.

Урадам Рэспублікі Беларусь прынята распрацаваная Міністэрствам культуры пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 чэрвеня 2010 г. № 947 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 красавіка 2001 г. № 616», у якой усталявана, што пры аплаце за сцэнарыі бакі маюць права самастойна вызначаць парадак разліку (у тым ліку авансавыя плацяжы), урэгулявана пытанне выплат узнагароджання гука­рэжысёру.

З 1 студзеня 2011 г. уступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 верасня 2010 г. № 457 «Аб падтрымцы асобных арганізацый культуры і ўнясенні змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 1999 г. № 770». Вызначаны парадак нарматываў фінансавання арганізацый культуры, у тым ліку арганізацый кінематаграфіі, якія займаюцца пракатам і паказам фільмаў.

Распрацавана і зацверджана Урадам Палажэнне аб парадку дзяржаўнай рэгістрацыі і дзяржаўнай класіфікацыі фільмаў і выдачы дазволаў на выкарыстанне фільмаў у рамках кінематаграфічных мерапрыемстваў.

Міністэрствам культуры падрыхтаваны праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб ўнясенні змяненняў у склад рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленню прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці.

Аблвыканкамамі па ўзгадненню з Міністэрствам культуры былі ўнесены змяненні ў палажэнні аб абласных экспертных камісіях па прадухіленню прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці.

Міністэрствам культуры распрацавана ўзгодненая з заці­каўленымі органамі дзяржаўнага кіравання сістэма прыярытэтаў пры фарміраванні дзяржаўнага сацыяльна-творчага заказу на вытворчасць фільмаў на конкурснай аснове.

На працягу апошніх трох гадоў кінастудыя «Беларусьфільм» і Беларускі відэацэнтр стабільна павялічваюць выпуск фільмапрадукцыі. За 2010 г. былі створаны 12 поўнаметражных мастацкіх, 74 дакументальных і 7 анімацыйных фільмаў.

З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці і акупнасці фільмаў Міністэрствам культуры праведзена наступная рабо­та.

1. Зменены падыходы да планавання фільмавытворчасці. Абавязковай складаючай кожнага кінапраекта стала наяўнасць бізнес-праграмы з вызначэннем усіх форм распаў­сюджання фільма, тэрмінаў і долі пакрыцця выдаткаваных бю­джэтных сродкаў, з абгрунтаваннем камерцыйнай яго эфектыўнасці. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву з тэлеканаламі.

2. Выключнае значэнне ў павышэнні акупнасці вытворчасці фільмапрадукцыі мае супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. У міжнародных кінафестывалях, якія праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, прымаюць удзел замежныя прадзю­сары і рэжысёры, з якімі вядуцца перамовы.

У апошні час па ініцыятыве Міністэрства культуры прапра­цоў­ваецца магчымасць удзелу польскага прадзюсара С. Юзвіка ў пастаноўцы 4-серыйнага тэлевізійнага мастацкага фільма і кінаверсіі «Каласы пад сярпом тваім» (па матывах аднайменнага рамана У. Караткевіча). Адначасова Міністэрства культуры вядзе перамовы з польскім кінарэжысёрам К. Занусі па рэалізацыі на базе кінастудыі сумеснага беларуска-польскага тэлепраекта (разгледжаны сінопсіс і запрошаны літаратурны сцэнарый). Праводзіцца праца па рэалізацыі дамоў­ленасці аб супрацоўніцтве ў сферы фільмавытворчасці з сербскім кінарэжысёрам Э. Кустурыцам. Прапрацоўваецца магчымасць стварэння за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы беларуска-расійскага 4-серыйнага тэлевізійнага фільма і кінаверсіі «Чорны замак Альшанскі».

3. Павышаны патрабаванні да маркетынгавай палітыкі, эффектыўнасці рэкламных кампаній, узроўню правядзення кінамерапрыемстваў (у тым ліку міжнародных), укараненню новых форм інфармацыйна-рэкламнай працы. З Міністэрствам інфармацыі дасягнута дамоўленасць аб аператыўным і сістэматычным асвятленні ходу рэалізацыі буйных кінапраектаў.

4. Працягваецца поўнамаштабная тэхнічная мадэрнізацыя вытворчай базы кінастудыі. Укараняецца выкарыстанне лічбавых тэхналогій вядзення здымак і мантажу фільмаў; асвой­ваецца выраб высакаякаснай камп’ютарнай графікі і спецыяльных эфектаў.

Мадэрнізацыя абсталявання прадстаўляе новыя тэхнічныя магчымасці для павышэння канкурэнтаздольнасці беларускіх фільмаў шляхам якаснага павышэння іх аўдыявізуальнай прывабнасці.

5. Распачаты канкрэтныя дзеянні па павышэнню кваліфікацыйнага ўзроўню творчых і тэхнічных работнікаў кінастудыі і Белвідэацэнтра.

Міністэрствам культуры з мэтай паніжэння сабекошту вырабляемай фільмапрадукцыі кінастудыі і Белвідэацэнтра па­стаўлена задача мінімізаваць агульнастудыйныя выдаткі, у тым ліку аптымізаваць штатную колькасць персаналу (у першую чаргу кіраўніцтва), а таксама актывізаваць маркетынгавую дзейнасць з выкарыстаннем сучасных метадаў вывучэння патэнцыяльнага рынку збыту прадукцыі.

Асаблівая ўвага кінастудыі і Белвідэацэнтра накіравана на скарачэнне тэрмінаў вытворчасці фільмаў, раўнамерную і максімальную загрузку на працягу каляндарнага года ўсіх вытворчых цэхаў і падраздзяленняў, а таксама павелічэнне аб’ёму вытворчасці фільмапрадукцыі за кошт прыцягнення пазабюджэтных сродкаў.

У 2010 г. на фільмавытворчасць з бюджэту выдаткавана звыш 25,4 млрд рублёў, а на набыццё тэхналагічнага абсталявання — 3,2 млрд рублёў.

З мэтай падрыхтоўкі кінематаграфічных кадраў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у красавіку 2010 г. быў адкрыты факультэт экранных мастацтваў на базе існуючых кафедр рэжысуры экранных мастацтваў і аператарскага майстэрства экранных мастацтваў, а таксама створана новая кафедра менеджменту, гісторыі і тэорыі экранных мастацтваў.

Праводзілася праца па арганізацыі майстар-класаў расійскімі кінематаграфістамі падчас іх знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь.

Сумесна з зацікаўленымі распрацаваны план правядзення на бязвыплатнай і дагаворнай аснове практычных заняткаў, вучэбных і вытворчых практык студэнтаў факультэта экранных мастацтваў з выкарыстаннем тэхнічнай базы Інстытута журналістыкі БДУ і навучальна-вытворчага цэнтра БДУ, а таксама кінастудыі, Белвідэацэнтра і тэлеканалаў на 2010/2011 навучальны год.

З мэтай папулярызацыі беларускай фільмапрадукцыі за мяжой былі праведзены Дні кіно Рэспублікі Беларусь у Расіі, Казахстане, Украіне, Літве.

У 2010 г. кінематаграфісты Беларусі былі адзначаны 52 узнагародамі на 33 фестывалях, сярод якіх II Міжнародны фестываль кіно для дзяцей пад дэвізам «Адзінства і мір праз адукацыю» (г. Лакнау, Індыя), XIX Міжнародны кінафэст «Залаты Віцязь» (г. Масква), Міжнародны фестываль акцёраў кіно «Сузор’е» (г. Кастрама), фестываль анімацыйных фільмаў «Лапута» (Японіі), Міжнародны тэлекінафорум «Разам» (г. Ялта), XIX Адкрыты фестываль кіно краін СНД, Латвіі, Літвы і Эстоніі «Кінашок–2010» (г. Анапа), XVI Бярдзянскі міжнародны кінафэст, Міжнародны дзіцяча-юнацкі кінафэст «Шлінгель» (г. Берлін, Германія) і інш.

У Рэспубліцы Беларусь праведзены XVII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лiстапад», XIII Міжнародны фестываль ані­мацыйных фільмаў «Анімаёўка–2010» (г. Магілёў).

Адбыўся VII Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў у г. Брэсце. Гран-пры фестывалю атрымаў мастацкі фільм «Ваўкі» вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм» (рэж. А. Колбышаў). Аргкамітэт фестывалю заснаваў прыз «За прапаганду беларускіх фільмаў» сярод кінавідэапракатных арганізацый краіны. Пераможцам у намінацыі стаў кінапракат Мінскай вобласці. У рамках фестывалю праведзены 28 творчых су­стрэч, абслужаны 7,8 тыс. гледачоў.

З 21 лістапада 2010 г. на экранах кінатэатраў рэспублікі пачаўся паказ сумеснага беларуска-расійскага мастацкага фільма «Брэсцкая крэпасць», які ўпершыню быў створаны за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы.

Кінапаказ у рэспубліцы ажыццяўляецца на 1711 кінаўстаноўках, дзейнічаюць 133 кінатэатры, відэапаказ ажыццяў­ляецца на 683 відэаўстаноўках, 426 з іх знаходзяцца ў сель­скай мясцовасці.

Па выніках 11 месяцаў 2010 г. наведвальнасць кінавідэасеансаў склала 14 298,4 тыс. гледачоў. Тэмп росту платных паслуг да аналагічнага перыяду 2009 г. склаў 130,1 %.

У 2010 г. прымаўся шэраг мер па пераўтварэнню кіна­тэатраў у сучасныя забаўляльныя комплексы. У кінатэатрах гарадоў Барысаў, Брэст, Гомель, Гродна, Ліда і Мінск усталяваны сістэмы лічбавага 3D-кінапаказу.

Працягнута праца па павелічэнню аб’ёмаў дадатковых паслуг у кінатэатрах, абнаўленню інтэр’ераў і стварэнню для наведвальнікаў максімальна камфортных умоў.

У абласцях падрыхтаваны планы абсталявання гукавымі сістэмамі «Dolby-sterea» кінатэатраў у гарадах з насельніц­твам больш за 50 тыс. жыхароў. У Брэсцкай і Магілёўскай абласцях усе гарады з насельніцтвам больш за 50 тыс. жыхароў маюць кінатэатры, абсталяваныя сістэмай «Dolby». Сёлета мадэрнізаваны гукавыя сістэмы ў кінатэатрах гарадоў Кобрын і Пружаны Брэсцкай вобласці, Жлобін і Хойнікі Гомельскай вобласці. Да 2015 г. плануецца абсталяваць залы кінатэатраў ва ўсіх такіх гарадах па рэспубліцы вышэйназванымі сістэмамі.

У 2010 г. кінавідэапракатнымі арганізацыямі рэспублікі набыты 55 відэапраекцыйных сістэм і 16 аўтамабіляў для кінаабслугоўвання сельскага насельніцтва.

Кінавідэапракатнымі арганізацыямі рэспублікі ўведзена практыка паказу замежных фільмаў на ўмовах бясплатнага атрымання матэрыяльных носьбітаў з наступным пералікам дыстрыб’ютару за дадзеныя правы не больш за 50 % валавага збору.

Міністэрствам культуры сумесна з аблвыканкамамі, Мінгарвыканкамам, кінастудыяй і Белвідэацэнтрам рэалі­зуюцца меры па правядзенню адзінай рэпертуарнай палітыкі ў дзяржаўных кінавідэапракатных арганізацыях, а таксама комплексныя мерапрыемствы кінастудыі і Белвідэацэнтра па стварэнню і выкарыстанню рэкламнай прадукцыі новых беларускіх фільмаў.

Выпуск у пракат новых беларускіх фільмаў суправаджаецца шэрагам газетных публікацый, інфармацыйных паведамленняў па радыё і тэлебачанні і іншымі рэкламнымі мера­прыемствамі.

У кінатэатрах і на кінаўстаноўках рэспублікі рэгулярна праводзяцца сеансы з паніжаным коштам квіткоў для дзяцей і сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва.

Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па прадухіленню прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці пры Міністэрстве культуры 14 фільмаў не рэкамендаваны да распаў­сюджвання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выдадзены заключэнні на 80 кінавідэастужак з узроставым абмежаваннем публічнага паказу «акрамя асоб да 18 гадоў».

Міністэрствам культуры падрыхтаваны праект Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2011—2015 гг., якім прадугледжана комплекснае развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы кінавідэапракатных арганізацый рэспублікі. Асноўная мэта — адрамантаваць і мадэрнізаваць усе кінатэатры рэспублікі да 2015 г.

Важнай задачай з’яўляецца стварэнне роўных умоў для гарадскіх і сельскіх жыхароў у доступе да паслуг культуры.

А. М. Бязуглы,


намеснік начальніка ўпраўлення кінавідэамастацтва
Дэпартамента па кінематаграфіі
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Кадры культуры

Стратэгія развіцця краіны дыктуе неабходнасць актыўнай кадравай палітыкі, пастаяннага ўдасканалення гэтай працы, падрыхтоўкі якаснага рэзерву дзеля вылучэння на кіруючыя пасады, арганізацыі зладжанай сістэмы навучання, павышэння кваліфікацыі кадраў.

Асноўнымі кірункамі кадравай палітыкі ў сацыяльна-культурнай сферы з’яўляюцца:

— падрыхтоўка (навучанне) спецыялістаў, стварэнне ўмоў для павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства;

— вывучэнне прафесійных характарыстык работнікаў, выяў­ленне сярод іх найбольш ініцыятыўных і высокапрафе­сійных дзеля вылучэння на кіруючую пасаду, фарміравання рэзерву;

— прагназаванне запатрабавання ў кадрах кіруючага звяна і павышэнні яго кваліфікацыі.

Асноўную каштоўнасць у галіне культуры складаюць кадры — кіраўнікі і спецыялісты, творчыя асобы, якія штодзённа забяспечваюць дзейнасць устаноў культуры і мастацтва. У сі­стэме Міністэрства культуры налічваецца 8951 установа культуры, у тым ліку 40 — рэспубліканскага падпарадкавання і 8911 — рэгіянальнага, у іх працуюць 63,8 тыс. чалавек, з якіх 48,2 тыс. — без рабочых прафесій.

Улічваючы важнасць культуры ў жыцці народа, грамадства прад’яўляе асобыя патрабаванні да работніка культуры, які павінен мець адпаведны ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі.

Кадравы састаў сферы культуры характарызуецца стабіль­насцю. З кожным годам узрастае колькасць работнікаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, што з’яўляецца якасным паказчыкам кадравага патэнцыялу. На сё­нняшні дзень 46 % работнікаў маюць вышэйшую, а 43 % — сярэднюю спецыяльную адукацыю, 11,1 % працуючых — практыкі.

Пераважная большасць работнікаў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў культуры маюць значны стаж працы ў сферы культуры і толькі 11,3 % працуюць менш за 3 гады.

Лепшы паказчык укамплектаванасці спецыялістамі з адпаведнай адукацыяй маюць установы культуры і мастацтва г. Мін­ска (93,8 %) і Гродзенскай вобласці (91,6 %), які з’яўляецца вышэй рэспубліканскага.

Узровень адукацыі кадраў культуры у Гомельскай, Мінскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцях ніжэй сярэдняга рэспубліканскага паказчыка.

На сучасным этапе застаецца актуальнай праблема кам­плектавання ўстаноў сферы культуры кадрамі з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Адным з прыярытэтных кірункаў работы з кадрамі ў галіне культуры з’яўляецца павышэнне прафесійнай кваліфікацыі і кампетэнтнасці кіраўнікоў і спецыялістаў.

У 2010 г. адпаведна Плана павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў культуры прайшлі павышэнне кваліфікацыі 1505 чалавек пры плане 1425 (43 катэгорыі спецыялістаў галіны культуры), перападрыхтоўку — 372 спецыялісты па такіх спецыяльнасцях, як «інструментальная народная музы­ка», «бібліятэказнаўства і бібліяграфія», «менеджмент сацыякультурнай сферы», «рэкламная інфармацыя і камунікацыя», «гукарэжысура», «мастацтва харэаграфічнае», «рэжы­сура святаў і відовішчаў», «дызайн графічны», «эстрадны вакал».

І. В. Анціпенка,


загадчык сектара кадравай работы
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Установы адукацыі сферы культуры.


Таленавітая моладзь Беларусі

Дзяржаўная адукацыя ў сферы культуры і мастацтва мае ўстойлівую сістэму, якая захоўвае прынцып пераемнасці і бесперапыннасці навучання. Пачатковае, сярэдняе спе­цыяльнае і вышэйшае звёны як часткі гэтай сістэмы трывала ўзаемазвязаны, паспяхова функцыянуюць і забяспеч­ваюць роўны доступ атрымання мастацкай адукацыі.

Сістэма складаецца з 523 дзіцячых школ (музычных, харэа­графічных, тэатральных, мастацтваў), 21 сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы, 3 вышэйшых навучальных устаноў. Іх мэтанакіраваная дзейнасць дазваляе рыхтаваць спецыялістаў для ўсіх сфер культуры, па ўсіх кірунках і жанрах мастацтва і ў цэлым задавальняе патрэбу ўстаноў культуры рэспублікі ў кадрах.

Галоўную ролю ў сістэме мастацкай адукацыі краіны адыгрываюць 3 вышэйшыя ўстановы адукацыі — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. Яны набылі статус буйных культурных і навуковых цэнтраў, дзе сканцэнтраваны значны педагагічны і навукова-творчы патэнцыял. Штатны прафесарска-выкладчыцкі састаў ВНУ складаюць 689 чалавек, сярод якіх 25 дактароў навук, 186 кандыдатаў навук, 58 прафесараў, 236 дацэнтаў.

Такі патэнцыял дазваляе рыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў для ўсіх рэгіёнаў рэспублікі. Дзейнічае двухузроўневая сістэма падрыхтоўкі кадраў. Навучанне вядзецца па 5-і профілях адукацыі («Мастацтва і дызайн», «Гуманітарныя навукі», «Педагогіка», «Сацыяльная абарона», «Камунікацыі»), па 30 спецыяльнасцях, у тым ліку ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў — па 16 спе­цыяльнасцях і 41 напрамку спецыяльнасці і спецыялізацыі, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — па 13 і 26, 11 і 39 адпаведна.

У ВНУ вучацца 8378 студэнтаў, у тым ліку на дзённай форме — 5081, завочнай — 3297. Колькасць студэнцкай моладзі ў ВНУ галіны за апошнія 2 гады павялічылася на 4,5 %.

У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы ў структуры акадэміі мастацтваў з красавіка 2010 г. арганізавана дзейнасць факультэта экранных мастацтваў, на якім вучацца 421 студэнт, у тым ліку 241 — на дзённай форме навучання. Па спецыяльнасцях факультэта распрацаваны адукацыйныя стандарты, іншая неабходная вучэбна-пра­грамная дакументацыя. Для забеспячэння якаснай падрыхтоўкі кадраў да выкладання спецыяльных дысцыплін прыцягнуты вядучыя майстры краіны ў галіне кінамастацтва, вядомыя практыкуючыя спецыялісты ў сферы культуры і мастацтва. Паступова вырашаецца праблема ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы факультэта.

ВНУ галіны сумесна са спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі пачалі работу па павышэнню якасці падрыхтоўкі кадраў шляхам арганізацыі стажыровак маладых выкладчыкаў і навучання найбольш таленавітых студэнтаў у вядучых прафесараў і спецыялістаў замежных ВНУ. Рашэннем Кіраўніка дзяржавы падтрыманы заяўкі ВНУ галіны на выдзяленне адпаведнага гранта. Запланавана навучанне выкладчыкаў па спецыяльнасці «мастацтва эстрады» (г. Масква), напрамку спецыяльнасці «мандаліна» (г. Кёльн); студэнтаў — па напрамках спецыяльнасці «рэжысура кіно і тэлебачання (мастацкі фільм)», «кінатэлеаператарства (кінааператарства)», «рэжысура тэатра (тэатр лялек)», «рэжысура (телебачанне)», «скрыпка» (г. Мас­ква), «манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (рэстаўрацыя)» (г. Прага).

Прыёмная кампанія з’яўляецца адной з важных падзей у жыццядзейнасці ВНУ. У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы ў 2010 г. працягнуты эксперымент па прыё­му абітурыентаў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па конкурсу на падставе агульнай сумы балаў, падлічаных па выніках правядзення этапаў уступнага выпрабавання па прадмету «творчасць», сярэдняга бала, атрыманага па выніках здачы ўступных выпрабаванняў у форме цэнтралізаванага тэсціравання, і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Эксперымент актывізаваў жаданне моладзі атрымаць адукацыю па творчых спецыяльнасцях, аб чым сведчыць павелічэнне за апошнія 2 гады колькасці заяў у прыёмныя камісіі ВНУ да 2,7 тыс. (+10,6 %), і дазволіў стаць студэнтамі названых акадэмій 547 абітурыентам, якія мелі больш высокі ўзровень творчага патэнцыялу.

Усяго ў ВНУ галіны на бюджэтную форму навучання прыняты 1001 чалавек: дзённую — 698 (з іх 36 мэтавікоў), завочную — 303. Для навучання на камерцыйнай аснове залічаны 936 абітурыентаў, ці 48 % ад агульнай колькасці прынятых, у тым ліку на дзённую форму падрыхтоўкі — 454. З ліку па­ступіўшых 52 % абітурыентаў скончылі ССНУ культуры і мастацтваў. Без здачы ўступных выпрабаванняў у ВНУ прыняты 17 абітурыентаў — лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, у іх ліку 6 лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў «Зорка ўзышла над Беларуссю».

Конкурсная сітуацыя па ВНУ галіны склала 2,3 чал. на месца.

З улікам заявак спажыўцоў кадраў больш прынята абітурыентаў на спецыяльнасці і напрамкі спецыяльнасцей «бібліятэказнаўства і бібліяграфія», «народныя абрады і святы», «фартэпіяна».

У Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў у 2010 г. паступалі 1738 абітурыентаў. Прыняты для навучання за кошт бюджэтных сродкаў 661 чалавек (384 — дзённае навучанне, 277 — завочнае). Конкурсная сітуацыя склала 2,1 чал. на месца.

На 12 спецыяльнасцей напрамкаў спецыяльнасцей і спецыялізацый плана мэтавай падрыхтоўкі залічаны 36 абіту­рыентаў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці альбо раёнах, пацярпеўшых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Найбольш цікавымі для гэтай катэгорыі абітурыентаў сталі спецыяльнасць «бібліятэказнаўства і бібліяграфія» і напрамак спе­цыяльнасці «рэжысура народных абрадаў і святаў».

На платную форму навучання залічаны 729 чал. (52 % ад агульнай колькасці прынятых), у тым ліку 283 — на дзённае навучанне, 446 — на завочнае.

У Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі паступалі 279 абітурыентаў. Залічаны 194 чал., у тым ліку на педагагічны факультэт (г. Магілёў) — 25 чал., у філіялы акадэміі ў гарадах Брэсце, Гродне, Віцебску, Гомелі — 24. Агульны конкурс склаў 1,5 чал. на месца. У ліку паступіўшых больш усяго выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча, Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Для навучання на камерцыйнай аснове ў акадэмію музыкі прыняты 67 абітурыентаў (25 % ад усіх прынятых).

У Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў пажадаў паступаць 701 прадстаўнік творчай моладзі. У ліку прынятых на бюджэтныя месцы — 120 чалавек для навучання па дзённай форме і 26 — на завочнай. Конкурсная сітуацыя склала 4,3 чал. на месца. Для навучання на платнай аснове залічаны 140 чалавек (49 % ад колькасці прынятых).

У 2010 г. у акадэміі на факультэце экраных мастацтваў распачата падрыхтоўка па новым напрамку спецыяльнасці «мастацтвазнаўства (арганізацыя кінатэлевытворчасці)». Пры­няты 10 абітурыентаў.

У ліку найбольш конкурсных спецыяльнасцей прыёмнай кампаніі 2010 г.:

акадэмія мастацтваў — «акцёрскае мастацтва драматычнага тэатра і кіно» (10,3), «дызайн (графічны)» (8,3);

універсітэт культуры і мастацтваў — «мастацтва эстрады» (6,1), «менеджмент сацыяльнай і культурнай сферы» (5,7), «менеджмент міжнародных культурных сувязей» (5,5).

ВНУ галіны на належным узроўні праведзена работа па размеркаванню выпускнікоў, прадастаўленню ім першага працоўнага месца. У 2010 г. 1436 чалавек завяршылі навучанне ў вышэйшых навучальных установах культуры і мастацтваў. 94 % выпускнікоў дзённай бюджэтнай формы навучання атрымалі першае працоўнае месца, з іх пацвердзілі працаўладкаванне 86 %. Звыш 60 % скончыўшых Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў накіраваны на работу ў рэгіёны рэспублікі.

Кантынгент навучэнцаў, якія вучацца на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, складаюць 7187 навучэнцаў, з іх па дзённай форме вучыцца 6308 чалавек, па завочнай — 779.

Штатны выкладчыцкі персанал ССНУ складаюць 2145 чалавек, з іх 1559 маюць вышэйшую і першую катэгорыі.

Кадравы патэнцыял дазваляе ажыццяўляць падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў для ўсіх рэгіёнаў рэспублікі па 13 спецыяльнасцях. Большасць з іх замацоўваюцца ва ўстановах культуры, якія актыўна ўдзельнічаюць у культурным будаў­ніцтве рэспублікі.

У 2010 г. выпушчаны 1895 чалавек. Накіраванне на работу атрымалі 1306 чалавек, працаўладкаваны — 837, з іх 189 — у сельскай мясцовасці. Прадоўжылі вучобу ў вышэйшых навучальных установах 38 % выпускнікоў.

Панарама ўступнай кампаніі–2010 выглядае наступным чынам. Уступныя іспыты праходзілі ў 21 сярэдняй спе­цыяльнай установе. Агульны конкурс склаў 1,6 чал. на месца (на завочную форму навучання — 1,2). У выніку так званай «дэмаграфічнай ямы» 1994—1995 гг. конкурсы 2010 г. былі ніжэйшымі ў параўнанні з выйгрышным 2009 г., калі з агульнаадукацыйных школ адначасова выпускаліся 11 і 12 класы.

Аналіз уступнай кампаніі паказаў, што найбольш запатрабаванай зноў стала спецыяльнасць «дызайн (па напрамках)», агульны конкурс па якой склаў 3,2 чал. на месца (у Гро­дзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў — 6,4; Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў — 4,6). Назіраецца ўстойлівая цікавасць з боку абітурыентаў да спецыяльнасцей «мастацтва эстрады (спевы)» — агульны конкурс 3,6 чал. (у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў — 7,6); «спевы (акадэмічныя)» — 2,4; «акцёрскае мастацтва (драма тэтра і кіно)» — 2,3; «харэаграфічнае мастацтва» — 1,7.

Варта адзначыць той факт, што меншым быў агульны конкурс па спецыяльнасцях «дэкаратыўна-прыкладное мас­тацтва» — 1,6; «жывапіс» — 1,5; «дырыжыраванне (па напрамках)» — 1,3. На апошнім месцы ў конкурснай панараме года знаходзіцца спецыяльнасць музычнага профілю «інструментальнае выканальніцтва» — 1,0. Выклікае занепакоенасць нізкі конкурсны паказчык па спецыяльнасці «музыказнаўства» — 0,9.

Усяго ў ССНУ галіны прыняты 2139 навучэнцаў (1951 — на дзённую форму навучання, 188 — на завочную).

Забяспечана ўмацаванне сувязей устаноў культуры з уста­новамі адукацыі: у адпаведнасці з палажэннем аб базавай арганізацыі заключаюцца дагаворы аб узаемадзеянні сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі і базавых арганізацый.

Пачалася работа па распрацоўцы сістэм менеджменту якасці з мэтай іх далейшай сертыфікацыі.

Актывізавалася праца Рэспубліканскага метадычнага аб’яд­нання педагагічных работнікаў устаноў, забяспечваючых атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Прайшлі рэспубліканскі семінар-практыкум «Сучасныя методыкі вы­кладання спецыяльных тэатральных дысцыплін», педагагічная майстэрня «Удасканаленне выкладання музычна-тэарэтычных дысцыплін па спецыяльнасці “мастацтва эстрады”», інструктыўна-метадычныя нарада «Актуальныя пытанні ком­плексна-метадычнага забеспячэння спецыяльнасцей “народная творчасць (па напрамках)”», нарада па выніках атэстацыі з удзелам спецыялістаў Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі і інш.

Рэарганізаваны ў каледжы ўстановы адукацыі «Віцебскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя І. І. Салярцінскага», «Віцебскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў», «Наваполацкае дзяржаўнае музычнае вучылішча», «Пінскае дзяржаўнае вучылішча мастацтваў», «Баранавіцкае дзяржаўнае музычнае вучылішча».

Распрацаваны 30 новых тыпавых вучэбных праграм і электронных вучэбных дапаможнікаў, тыпавы вучэбны план па спецыяльнасці «акцёрскае мастацтва (па напрамках)».

У 2010 г. не вырашана праблема забяспечанасці навучэнцаў месцамі для жылля. 8 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў не маюць уласных інтэрнатаў, у тым ліку: па Брэсцкай вобласці — Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж, Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў; па Віцебскай — Віцебскі дзяржаўны музычны каледж імя І. І. Салярцінскага, Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў; па Гомельскай — Гомельскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча; па Мінскай — Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў; па г. Мін­ску — Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі. Для Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава будаўніцтва інтэрната вядзецца.

Пачатковае звяно галіновай адукацыйнай сістэмы скла­даецца з 295 школ мастацтваў, 178 музычных, 25 мастацкіх, 9 харэаграфічных, 16 іншых (народных рамёстваў, народнага танца і г. д.) пазашкольных устаноў. Яны ажыццяўляюць комплекснае эстэтычнае навучанне і выхаванне дзяцей, забя­спечваюць атрыманне пачатковых навыкаў прафесійнага майстэрства. У мінулым годзе працягвала замацоўвацца станоўчая тэндэнцыя пераўтварэння вузкапрофільных школ у школы мастацтваў. Іх колькасць павялічылася на 5,4 % і складае 295 адзінак.

Адзначаецца прыток навучэнцаў у школы мастацтваў. Агульны кантынгент вучняў школ павялічыўся да 105 тыс. чалавек (на пачатак 2010/2011 навучальнага года колькасць вучняў — 104 843 чал.). Прыведзеныя лічбы сведчаць аб развіцці цікавасці да набыцця пачатковай мастацкай адукацыі, стабільнасці дзейнасці дзіцячых школ мастацтваў.

Адным з недахопаў нашай дзейнасці з’яўлялася адсутнасць адпаведнай (на ўзроўні сучасных патрабаванняў) прагноз­на-аналітычнай работы ў сферы культуры, якая б давала магчымасць аналізаваць сітуацыю ў культуры, рабіць параўнальны аналіз, карыстацца досведам нашых суседзяў, іншых краін свету і выпрацоўваць прапановы па далейшаму развіццю галіны. Акрамя гэтага недастаткова эфектыўна праводзіцца работа па навукова-метадычнаму суправаджэнню дзейнасці ўстаноў галіны, прэзентацыі нацыянальнай культуры за мяжой. Для вырашэння гэтых праблем у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 жніўня 2010 г. № 1263, загадаў Міністэрства культуры ад 8 верасня 2010 г. № 131 і ад 14 снежня 2010 г. № 193 распачала сваю дзейнасць дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут культуры Беларусі».

Важкае месца ў рабоце з творча адоранай моладдзю займае спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, дзейнасць якога ў 2010 г. была сканцэнтравана на выкананне задач па ажыццяўленню гарантаваных і эфектыўных мер, накіраваных на выхаванне будучай творчай эліты беларускай нацыі. Сярод мерапрыемстваў фонду мінулага года, прысвечаных 15-годдзю спе­цыяль­нага фонду, — арганізацыя і правядзенне цыкла канцэртаў лаўрэатаў, дыпламантаў, стыпендыятаў спе­цыяльнага фонду ў рамках творчага праекта «Таленавітая моладзь — будучыня краіны», мастацкая выстаўка ў галерэі «Універсітэт культуры» (Палац Рэспублікі), справаздачны канцэрт лаўрэатаў, дыпламантаў, стыпендыятаў на сцэне Нацыя­нальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Рэспублікі Бела­русь.

З мэтай папулярызацыі дзейнасці спецыяльнага фонду да яго юбілейных мерапрыемстваў выпушчаны каталог мастацкай выстаўкі, падрыхтаваны відэафільм «15 год дзейнасці спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі».

Працягвалася работа па ўдакладненню і папаўненню звестак электроннага банка даных таленавітай моладзі, фарміраваўся банк даных па міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах.

Усяго ў 2010 г. прэміі, стыпендыі, матэрыяльную дапамогу фонду атрымалі 195 чалавек і 23 мастацкіх калектыва, у тым ліку звання лаўрэата ўдастоены 23 прадстаўніка таленавітай моладзі. Установам адукацыі ў якасці грантаў выдзелены 206,2 млн рублёў, у тым ліку на арганізацыю стажыровак 167,1 млн рублёў.

24 мая 2010 г. адбылася традыцыйная сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з навучэнцамі і студэнтамі — пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі, на якой Кіраўнік дзяржавы ўручыў пасведчанні і знакі спецыяльнага фонду, каштоўныя падарункі. У рамках сустрэчы адбыўся канцэрт, удзел у якім прынялі пераможцы прэстыжных міжнародных конкурсаў Ігар Квашэвіч, Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Іван Рэнанскі, Алена Варанцова, Кірыл Целяпнёў, Любоў Кунейка, Міхаіл Ліла, Андрэй Коласаў і інш.

Яшчэ адным сведчаннем клопату дзяржавы аб талентах краіны з’яўляецца набыццё каштоўнага музычнага інструмента. У Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі 9 снежня адбылася прэзентацыя скрыпкі, вырабленай у 1673 г. у г. Крымоне вядомым італьянскім майстрам Андрэа Гварнэры, якая ў адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы набыта Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі для таленавітых маладых беларускіх музыкантаў з дапамогай спонсараў ААТ «Нафтан» і ААТ «Белтрансгаз». У гэтым канцэрце высокія якасныя характарыстыкі набытай скрыпкі прадэманстравала лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, пера­можца некалькіх міжнародных конкурсаў, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Улада Беражная (клас прафесара Э. В. Кучынскага).

Склалася і функцыянуе сістэма творчых спаборніцтваў, накіраваных на выяўленне, падтрымку і развіццё мастацкіх здольнасцей у дзяцей і моладзі, многія з якіх маюць статус міжнародных. У 2010 г. адбыліся Міжнародны конкурс піяністаў «Мінск–2010» (снежань), Х Міжнародны конкурс кам­пазі­тараў імя Ю. В. Семянякі (май), ІV Рэспубліканская музыч­на-тэарэтычная алімпіяда (красавік), ІХ Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў фартэпіяннай музыкі (красавік).

Яркай, цікавай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі стала правядзенне Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў «Зорка ўзышла над Беларуссю», у якім прынялі ўдзел больш за 4 тыс. чалавек ва ўзросце ад 16 да 31 года. Творчыя спаборніцтвы праходзілі па 12 намінацыях. Конкурс даў магчымасць таленавітай моладзі рэалізаваць творчы патэнцыял у розных відах і жанрах мастацтва, спрыяў далейшаму фарміраванню ў маладога пакалення эстэтычнага густу, стварыў спрыяльныя ўмовы для самарэалізацыі юных та­лентаў.

Майстэрства ўдзельнікаў конкурсу ацэньвала прафесійнае журы, членамі якога з’яўляліся народныя артысты Беларусі, заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдаты мастацтвазнаўства.

Гала-канцэрт і мастацкая выстаўка пераможцаў конкурсу адбыліся 7 мая 2010 г. у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі і сталі поспехам не толькі нашых юных музыкантаў, мастакоў, танцораў, але і ўсёй нацыянальнай педагагічнай мастацкай і выканальніцкай школы краіны. Праграма святочнага гала-канцэрта была прысвечана 65-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

У чарговы раз каманда краіны з поспехам прыняла ўдзел у Адкрытых маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў–удзель­ніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У 2010 г. яны праводзіліся ў Арменіі (г. Ерэван, з 26 чэрвеня па 2 ліпеня), дзе па 19 намінацыях спаборнічала каля 600 прадстаў­нікоў творчай моладзі з 16 краін. Рэспубліка Беларусь прадставіла 14 удзельнікаў у 11 намінацыях. Гэта пераможцы Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў «Зорка ўзышла над Беларуссю», а таксама таленавітая моладзь з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта і Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэат­ра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Беларуская каманда выступіла паспяхова і па колькасці медалёў выйшла на ганаровае III месца, саступіўшы Арменіі і Расіі, а ў працэнтных суадносінах колькасці ўдзельнікаў і ўзнагарод заняла I месца (8 медалёў і 3 дыпломы).

У рамках мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы з 16 па 22 жніўня 2010 г. на базе Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага прайшлі майстар-класы пад дэвізам «Саюзная дзяржава — маладым талентам XXI стагоддзя» з удзелам навучэнцаў устаноў адукацыі Расіі і Беларусі. 39 удзельнікаў з боку беларускай дэлегацыі прыехалі з розных рэгіёнаў рэспублікі. Акцэнт правядзення майстар-класаў быў зроблены на працу з педагогамі, якія валодаюць перадавымі педагагічнымі тэхналогіямі і методыкамі. Па выніках майстар-класаў праведзены выстаўка і справаздачны канцэрт, у якім разам з юнымі талентамі выступілі сусветна вядомыя музыканты.

З 30 чэрвеня па 7 ліпеня 2010 г. адбыліся гастролі Маладзёжнага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра па гарадах Італіі ў рамках XII Міжнароднага фестывалю мала­дзёжных аркестраў Еўропы. Яны праходзілі пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Баларусі і Расіі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і былі прысвечаны 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Беларускую частку арке­стра прадставілі 18 навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, па адна­му прадстаўніку ад Беларускай дзяржаўнай акадэміі музы­кі і Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, а таксама дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь А. І. Галанаў. Як сведчаць арганізатары, беларуска-расійскі аркестр з’явіўся найпрафесійнейшым сярод іншых удзельнікаў па ўзроўню выканання, яго эмацыянальнай напоўненасці і падбору рэпертуару. Па выніках фестывалю прадстаўнікі буйнейшай міравой тэлерадыёкампаніі «ВВС» прапанавалі калек­тыву ўдзейнічаць у 2011 г. у адным з самых прэстыжных музычных фестываляў «BBC-Proms», які штогод адбы­ваецца ў Лондане (Вялікабрытанія).

Акрамя гэтага лепшыя прадстаўнікі ўстаноў адукацыі сферы культуры з поспехам удзельнічалі ў шматлікіх міжнародных конкурсах, якія праводзіліся за межамі рэспублікі. На гэтыя мэты выкарыстаны цэнтралізаваныя сродкі Міністэрства культуры — каля 60 млн рублёў.

А. А. Мукалаў,


намеснік начальніка аддзела навучальных устаноў
і работы з творчай моладзю
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Нацыянальна-культурныя аб’яднанні ў  Рэспубліцы Беларусь


і беларускія аб’яднанні замежжа

Рэспубліка Беларусь — унітарная шматнацыянальная дзяржава з багатай культурнай спадчынай. Захоўваючы свае лепшыя нацыянальныя традыцыі Беларусь нясе ў сабе і духоўную спадчыну іншых народаў, якія жывуць і будуюць агульны дом на нашай зямлі. Спрыяюць гэтаму шматвяковыя традыцыі добрасуседства, сяброўства, павагі і ўзаемадапамогі, якія ўласцівы беларусам. Як сведчыць гісторыя, менавіта культура ўзводзіць найбольш трывалыя масты сяброўства паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей.

Па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 г., усяго ў Рэспуб­ліцы Беларусь пражываюць 9 503 807 чалавек, з іх 1 546 555 — прадстаўнікі больш за 140 нацый і народнасцей, у тым ліку: рускія — 785 084; палякі — 294 549; украінцы — 158 723; яўрэі — 12 926; армяне — 8 512, татары — 7 316, цыганы — 7 079, літоўцы — 5 087, азербайджанцы — 5 567, латышы — 1 549, эстонцы — 407, грузіны — 2 400, казахі — 1 355, кіргізы — 95, малдаване — 3 465, таджыкі — 871, туркмены — 2 685, узбекі — 1 593, чувашы — 1 277, абхазы — 98, аварцы — 149, башкіры — 607, карэлы — 302, комі — 212, лязгіны — 404, марыйцы — 416, мардва — 877, асяціны — 554, удмурты — 481, чачэнцы — 265, комі-пермякі — 109, гагаузы — 204 і інш.1

Прадстаўнікі большасці нацыянальных аб’яднанняў пражываюць на ўсёй тэрыторыі рэспублікі, пераважна ў гарадах, і займаюць высокія статусныя пазіцыі ў сацыяльных структурах, эканоміцы, палітыцы і культуры беларускага грамадства. Мэта­накіраваная палітыка дзяржаўнай падтрымкі культуры розных народаў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, дае магчымасць іх прадстаўнікам захоўваць гісторыю і культуру сваёй нацыі, іх этнічную самасвядомасць і самабытнасць.

Дзейнасць дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў краіны па рэалізацыі дадзенай палітыкі грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, прынцыпах мiжнароднага права ў галiне правоў чалавека i нацыянальных меншасцей i накiравана на стварэнне ўмоў для свабоднага развiцця нацыя­нальных меншасцей, а таксама на абарону правоў i закон­ных iнтарэсаў асоб, якiя адносяць сябе да нацыянальных меншасцей.

Асноўную нарматыўна-прававую базу ў галіне складаюць Закон Рэспублiкi Беларусь ад 11 лiстапада 1992 г. «Аб нацыя­нальных меншасцях у Рэспублiцы Беларусь» (са змяненнямi i дапаўненнямі, прынятымі ў 2004 г.) і Праграма развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2006—2010 гг.

Каардынацыю дзейнасці, арганізацыйна-метадычную дапамогу нацыянальна-культурным аб’яднанням ажыццяўляе дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» (220034, г. Мінск, вул. Чычэрына, 19, тэл. / факс (017) 290 04 08; сайт: http://centrkult.iatp.by/).

Міністэрствам культуры сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур за апошнія гады выпрацавана сістэма работы практычна з кожным аб’яднаннем, сфарміраваны механізм мэтанакіраванай метадычнай і фінансавай падтрымкі іх дзейнасці.

У адпаведнасці з палажэннямі Плана работы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур на 2010 г. асноўная ўвага ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы нацыянальных адносін надавалася рабоце са старшынямі нацыянальна-культурных аб’яднанняў шляхам правядзення профільных семі­нараў, сустрэч, нарад па пытаннях статутнай дзейнасці арганізацый, працы па падтрымцы дзейнасці грамадскіх фарміраванняў нацыянальных супольнасцей і асвятленню яе ў сродках масавай інфармацыі.

Прыкладам канструктыўнага ўзаемадзеяння нацыянальных аб’яднанняў і супрацоўніцтва іх з органамі дзяржаўнага кіравання можа служыць дзейнасць Савета Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, які з’яўляецца грамадскім кансультатыўным органам. У склад Савета ўваходзяць прадстаўнікі больш за 20 нацыянальнасцей, якія прадстаўляюць інтарэсы нацыянальных аб’яднанняў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь. Савет збіраецца адзін раз у квартал. Форма такога самакіравання сведчыць аб адсутнасці кан­франтацыі паміж нацыянальнасцямі, якія пражываюць у рэспубліцы, дае ім магчымасць самім фарміраваць сваю грамадскую дзейнасць, удзельнічаць у сацыяльна-культурным жыцці рэспублікі, сумесна разглядаць і вырашаць праблемныя пытанні.

На працягу года пастаянна праводзілася інфармацыйная, кансультацыйная і метадычная праца па зваротах прадстаў­ні­коў нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, аказвалася дапамога ў падрыхтоўцы розных мерапрыемстваў, сустрэч, канцэртаў, сумесна з прадстаўнікамі нацыянальных аб’яднанняў распрацоўваліся сцэнарыі свят, даваліся ў карыстанні тэхнічныя сродкі (гукаўзмацняльная апаратура і г. д.).

На базе Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур працуе 8 самадзейных мастацкіх калектываў, сярод якіх народны рускі хор імя А. Нікіцінай, народны хор украінскай песні «Крыныця», ансамбль польскай песні «Тэнча», ансамбль карэйскага танца «Арыран», армянскі фальклорны ансамбль «Эрыбуні», фальклорны ансамбль «Украінская песня», тэатр украінскай песні і абраду «Ватра», шматнацыянальны эстрадны ансамбль «Шматгалоссе».

Актыўна і плённа працуюць таксама аб’яднанні казахаў, карэйцаў, літоўцаў, палясцінцаў, татараў, башкіраў, немцаў, украі­нцаў, дагестанцаў, малдаван, грэкаў, азербайджанцаў, чувашоў, грузін, яўрэяў, афганцаў, цыганоў і іншых нацыянальнасцей.

Сапраўднай вяршыняй праяўлення мастацкай творчасці і самабытнасці нацыянальна-культурных аб’яднанняў у Рэспуб­ліцы Беларусь з’яўляецца Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які праводзіцца з 1996 г. Згаданы фестываль — сімвал міжнацыянальнага сяброўства і міру на беларускай зямлі, яднання нацый, народнасцей, духоўнага багацця, разнастайнасці нацыянальных культур. Ён дае ўнікальную магчымасць назіраць сузор’е талентаў прадстаўнікоў розных нацыя­нальнасцей, якія жывуць і працуюць у Беларусі.

4—6 чэрвеня 2010 г. у г. Гродна адбыліся заключныя мерапрыемствы VIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, у якім прынялі ўдзел 792 прадстаўніка розных нацыянальнасцей, адабраных рэспубліканскім журы, у тым ліку 74 калектывы і 122 асобных выканаўцы. Адкрыццё за­ключных мерапрыемстваў упершыню адбылося на гарадскім стадыёне, што дало магчымасць многім тысячам гараджан і гасцям г. Гродна стаць сведкамі і ўдзельнікамі цудоўнага свята. Важнай для фестывалю з’яўляецца работа нацыянальных падворкаў, колькасць якіх у 2010 г. павялічылася. Так, сярод новых можна назваць кітайскі, галандскі, афрыканскі падворкі і падворак інвалідаў розных нацыянальнасцей. Галоў­най падзеяй для ўсіх падворкаў стала дэманстрацыя нацыянальных асаблівасцей святкавання нараджэння новага чалавека. Праграма трох дзён фестывалю прапанавала 73 мерапрыемствы, з іх 12 — праведзены ўпершыню.

У 2011 г. распачынаецца IX Рэспубліканскі фестываль нацыя­нальных культур, заключныя мерапрыемствы якога адбудуцца ў 2012 г. таксама ў г. Гродна.

* * *

За апошнія гады значна пашырылася геаграфія практычнага супрацоўніцтва Міністэрства культуры з беларускай дыяс­парай. Асноўная праца ў гэтым кірунку вядзецца ў цесным узаемадзеянні з Міністэрствам замежных спраў і яго замеж­нымі ўстановамі, Апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, іншымі дзяржаўнымі ўстановамі, а таксама грамадскімі аб’яднаннямі Рэспублікі Беларусь.



Сёння Міністэрства культуры падтрымлівае кантакт больш чым са 100 нацыянальна-культурнымі аб’яднаннямі беларусаў у розных краінах свету. Асноўную нарматыўна-прававую базу дзейнасці міністэрства ў галіне супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў 2010 г. складалі:

Праграма развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2006—2010 гг.;

План мерапрыемстваў па развіццю стратэгічнага партнёрства з беларускай дыяспарай на 2010 г.

Акрамя таго, Міністэрства культуры працягвае актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі Плана мерапрыемстваў па рэалізацыі ініцыятыў, прапанаваных удзель­нікамі V з’езда беларусаў свету, а таксама штогадовага Плана дзейнасці Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы. У снежні 2010 г. створаны Інстытут культуры Беларусі, у структуры якога прадугле­джваец­ца аддзел па пытаннях беларускай дыяспары.

Знакавай падзеяй у развіцці супрацоўніцтва беларускай дзяржавы з суайчыннікамі за мяжой стала стварэнне пры Міністэрстве культуры Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Першае пасяджэнне савета адбылося ў чэрвені 2010 г. У ім прынялі ўдзел кіраўнікі беларускіх аб’яднанняў з Расіі, Малдовы, Украіны, Польшчы, Латвіі, Літвы і Эстоніі, а таксама кіраўнікі Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”» і Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой «Радзіма». На пасяджэнне таксама былі запрошаны і прынялі ўдзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, адукацыі, інфармацыі, спорту і турызму, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, сродкаў масавай інфармацыі. Наступнае пасяджэнне Кансультацыйнага савета па справах беларусаў замежжа запланавана на 2011 г.

У 2010 г. Міністэрства культуры ў рамках сваёй кампетэнцыі працягвала працу па пашырэнню і актывізацыі культурнага супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, пры якім найважнейшай задачай застаецца пад­трымка з боку нашай дзяржавы захавання і развіцця культурнай самабытнасці беларусаў за мяжой. За кошт сродкаў, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту на арганізацыю супрацоўніцтва з беларускім замеж­жам, Міністэрствам культуры былі набыты і накіраваны праз замежныя ўстановы МЗС беларускім грамадскім арга­нізацыям:

— дзяржаўная сімволіка;

— нацыянальныя касцюмы для дзіцячых і дарослых творчых калектываў;

— музычныя інструменты;

— гукаўзмацняльная апаратура;

— аргтэхніка (тэлевізары, DVD-прайгравальнікі і г. д.);

— відэазапісы аб Беларусі, яе гісторыка-культурнай спадчыне, народных абрадах, сацыяльна-эканамічным жыцці нашай краіны;

— літаратура аб Беларусі і беларускіх аўтараў.

Такая дапамога з боку Міністэрства культуры аказвалася беларускім аб’яднанням у Арменіі, Казахстане, Латвіі, Літве, Малдове, Расіі, Польшчы, Украіне, Эстоніі. Гэта не толькі маральная і матэрыяльная падтрымка суайчыннікаў, што з’яўляец­ца першараднай задачай, але і папулярызацыя беларускай прадукцыі за мяжой, аб’ектыўная інфармацыя аб сацыяльна-эканамічным жыцці Беларусі праз нашых суайчын­нікаў, якія выкарыстоўваюць перададзеныя матэрыялы пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў у месцах пражывання.

Сярод знакавых мерапрыемстваў па падтрымцы дзейнасці аб’яднанняў беларусаў за мяжой варта нагадаць удзел Міністэрства культуры Беларусі ў правядзенні гала-канцэрта XVII Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня–2010» у г. Беластоку (Польшча). У якасці падарунка арганізатару мерапрыемства — Беларускаму грамадска-культурнаму тава­рыству ў Польшчы — былі ўручаны два тэлевізары «Гары­зонт».

У 2010 г. Міністэрствам культуры была аказана падтрымка ў правядзенні агульнапольскага конкурсу «Пазнай Беларусь», які арганізуецца Культурным цэнтрам Беларусі ў Польшчы. Для пераможцаў конкурсу міністэрствам прызначаліся два тэлевізары «Гарызонт» і камплект кніг А. Бутэвіча і У. Ягоўдзіка «На далонях вечнасці».

Праз дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі ў Польшчы для Музея і цэнтра беларускай культуры ў Гайнаўцы перададзены ў дар камплект гукаўзмацняльнай апаратуры.

Не засталася па-за ўвагай Міністэрства культуры дзейнасць Рыжскай беларускай школы, якой падарылі вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выдавецкую прадукцыю і тэлевізар, беларускія нацыянальныя касцюмы (15 камплектаў жаночых і 10 камплектаў мужчынскіх), а таксама друкаваныя выданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

На бязвыплатнай аснове і для выкарыстання ў некамерцыйных мэтах былі перададзены друкаваныя выданні пасольствам Рэспублікі Беларусь у наступных краінах: Славакіі — для выкладчыка беларускай мовы Прэшэўскага ўніверсітэта В. Ляшук; Украіне — для Нацыянальна-культурнага аб’яднання грамадзян «Беларусь» (г. Адэса); Малдове — для Нацыянальна-культурнага аб’яднання «Беларусь»; Эстоніі — для бібліятэкі імя У. Караткевіча (г. Талін) з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь і інш.

У апошні перыяд набывае станоўчы вопыт супрацоўніцтва міністэрства з беларусамі замежжа ў справе вяртання ў Беларусь культурных каштоўнасцей, якія апынуліся за межамі нашай краіны. Так, 16 снежня 2010 г. адбылася цырымонія адкрыцця пасля рэканструкцыі Замкавага комплексу «Мір» з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Падчас мера­прыемства старшынёй Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» В. Казаковым былі перада­дзены Нацыянальнаму мастацкаму музею 4 копіі партрэтаў прадстаўнікоў роду Нямцэвічаў, факсімільнае выданне Евангел­ля з бібліятэчных збораў Радзівілаў, арыгінал стара­друкаванай кнігі.

Для далейшага пашырэння супрацоўніцтва з суайчыннікамі замежжа прыярытэтамі дзейнасці Міністэрства культуры Беларусі на бліжэйшы перыяд з’яўляюцца:

— удзел у распрацоўцы праектаў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой»;

— распрацоўка дзяржаўнай праграмы «Беларусы ў свеце» на 2011—2015 гг.;

— падрыхтоўка і правядзенне ў чэрвені 2011 г. Першага Свята мастацтваў беларусаў свету.

Э. Я. Швайко,
галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры
і народнай творчасці
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Матэрыяльна-тэхнічная база


сферы культуры

Адной з актуальных праблем з’яўляецца паступовае ўмацаванне і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры Рэспублікі Беларусь.

У Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2010 г. былі ўключаны 16 аб’ектаў устаноў культуры з аб’ёмам фінансавання ў памеры 89 865,816 млн рублёў. Вылучаныя сродкі за­своены ў поўным аб’ёме.

Работы вяліся на 11 аб’ектах культуры, напрыклад: па рэстаўрацыі і прыстасаванні Замкавага комплексу «Мір» (аб’ект уведзены ў эксплуатацыю ў снежні 2010 г.), палацава-паркавага ансамбля XVI — XVIII стст. у г. Нясвіжы, Косаў­скага палацава-паркавага ансамбля, палацава-паркавага ансамб­ля ў в. Жылічы Кіраўскага раёна, комплексу былога калегіума езуітаў у в. Юравічы Калінкавіцкага раёна, сядзібнага комплексу ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі па вул. Фрунзе, 19; будаўніцтве культурна-спартыўнага комплексу УА «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў», Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава па вул. Хмяль­ніцкага, 5 з прымыкаючым інтэрнатам.

Па капітальным рамонце на 2010 г. для ўстаноў культуры былі вылучаны сродкі ў суме 5056,0 млн рублёў, якія засвоены ў поўным аб’ёме. Эфектыўна выкарыстоўваюцца бюджэтныя сродкі на рамонт і выкананне комплексу агульнабудаўнічых работ, супрацьпажарных мерапрыемстваў, рамонт інжынерных сетак камунікацый ва ўстановах культуры. Гэта ў поўнай меры адносіцца да Гомельскага дзяржаўнага цырка, УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі», Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, мема­рыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», ААТ «Аб’яднаная дырэкцыя будуючыхся аб’ектаў», якая выконвае функцыі заказчыка па шматлікіх аб’ектах Дзяржінвестпраграмы і капітальнага рамонту.

Працягваецца праца па ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры рэспубліканскага падпарадкавання. У адпаведнасці з вылучанымі сродкамі ўстановамі культуры ў 2010 г. закуплены музычныя інструменты, кінатэхналагічнае абсталяванне, гукаўзмацняльная і асвятляльная апаратура на агульную суму 4,6 млрд рублёў. Вылучаныя сродкі засвоены ў поўным аб’ёме. Значныя сродкі былі накі­раваны на мадэрнізацыю Нацыянальнай кінастудыі «Бела­русьфільм» — 3,2 млрд рублёў.

Стала ўжо традыцыяй набыццё абсталявання для сельскіх устаноў культуры ў рамках правядзення штогадовага фестывалю «Майстры мастацтваў — працаўнікам сяла». У 2010 г. на гэтыя мэты былі прадугледжаны 115 млн рублёў. Кожнаму раёну, дзе праводзіўся фестываль, перададзена бязвыплатна па 2 камплекты гукаўзмацняльнай апаратуры, дадаткова пера­дадзены 5 камплектаў бібліятэчнай мэблі.

Значная работа выканана ў 2010 г. па ўладкаванню аб’ектаў культуры, размешчаных у аграгарадках. Усяго за мінулы год уведзена ў эксплуатацыю больш за 250 аб’ектаў культуры. Вылучаныя на гэтыя мэты сродкі ў памеры больш за 70 млрд рублёў засвоены ў поўным аб’ёме.

Згодна з Мерапрыемствамі па выкананні Дырэктывы Прэзі­дэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 г. № 3 «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы» ў галіне культуры штогод падводзяцца вынікі спаборніцтва за высокія паказчыкі па эканоміі рэсурсаў.

У 2010 г. у вынiку выканання галiновай праграмы па энергазберажэнні былi выкананы ўсе запланаваныя мерапрыемствы, на якiя выкарыстана грашовых сродкаў з розных крыніц фінансавання каля 20 млрд рублёў. Дасягненне ўстаноўленага паказчыка па энергазберажэнні ўскладнялася халодным надвор’­ем у першым квартале 2010 г., у вынiку чаго патрэба ў цеплавой энергii павялічылася і стала больш за сярэднюю. Доля мясцовых відаў паліва ў агульным аб’ёме расходавання кацель­на-пячнога паліва ва ўстановах культуры складае 89,7 %.

У мэтах умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый сістэмы Міністэрства культуры вытворчыя прад­прыемствы прадоўжылі работу па ўдасканаленню вытворчасці і аказанню паслуг установам культуры. Прадпрыемствы праводзяць работу па мадэрнізацыі вытворчасці і арганізацыі выпуску новых відаў вырабаў і паслуг. З 2010 г. на прад­прыемстве «Музрэм» ажыццяўляецца капітальны рамонт і рэстаўрацыя цымбалаў. На працягу года адрамантавана каля 20 адзінак цымбалаў. Вядуцца перамовы з Міністэрствам прамысловасці аб арганізацыі вытворчасці цымбалаў у Рэспубліцы Беларусь.

У 2010 г. ААТ «Віцебск-Белпрамкультура» прыступіла да вырабу сцэнічных комплексаў. Першы такі комплекс будзе ўстаноўлены ў Замкавым комлексе «Мір» у лютым 2011 г. Другі комплекс плануецца размясціць у Нясвіжкім замку ў маі 2011 г.

В. В. Рымашэўскі,
начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва
і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Сацыяльна-эканамічнае развіццё


сферы культуры

У сферы эканомікі асноўная ўвага Міністэрства культуры была накіравана на забеспячэнне арганізацый культуры фінансаваннем на іх утрыманне, кантроль за эфектыўным і мэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, за своечасовай і поўнай выплатай заработнай платы і разлікамі за энерганосьбіты, выкананне важнейшых параметраў і Праграмы дзейнасці па дасягненню ў 2010 г. асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, зацверджанай рашэннем калегіі Міністэрства культуры ад 11 снежня 2009 г. № 150.

Бюджэт з’яўляецца значнай і стабільнай крыніцай фінансавання сферы культуры. На 2010 г. кансалідаваны бюджэт на культуру (без уліку сродкаў на капітальнае будаўніцтва) складае 705,2 млрд рублёў (0,4 % ад ВУП), у тым ліку сродкі рэспубліканскага бюджэту — 173 млрд рублёў, мясцовых бюджэтаў — 532,2 млрд рублёў.

З мэтай аказання падтрымкі асобных арганізацый культуры (дзяржаўных тэатральна-відовішчных арганізацый, паркаў культуры і адпачынку, заапаркаў, кінавідэапракатных арганізацый) з 1 студзеня 2011 г. уступіў ў сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 верасня 2010 г. № 457 «Аб падтрымцы асобных арганізацый культуры і ўнясенні змянення ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 1999 г. № 770». Названым прававым актам устаноўлены нарматыўны прынцып фінансавання. Указ прадугледжвае выдзяленне асобнага фінансавання на стварэнне і абнаўленне пастановак, канцэртных праграм, цыркавых прадстаўленняў, арганізацыю гастроляў, набыццё абсталявання і экзэмпляраў фільмаў, правядзенне капітальнага рамонту, а таксама бюджэтнае фінансаванне — на вытворчасць фільмаў па сацыяльна-творчаму заказу.

Акрамя таго, Указам прадугледжана ўрэгуляванне пытанняў падаткаабкладання (вызваленне арганізацый культуры ад падаткаабкладання на прыбытак, захаванне падатковых ільгот па падатку на нерухомасць і зямельнаму падатку).

У развіццё тэзіса Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з па­слання да беларускага народа і Нацыянальнаму сходу ў красавіку 2010 г., што «сфера культуры павінна стаць прэстыжнай для ўкладання капіталу», Міністэрствам культуры сумесна з зацікаўленымі ўстановамі распрацоўваецца праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае стварэнне сістэмы падатковых прэферэнцый для развіцця нацыянальнай культуры, якая будзе спрыяць росту прыцягнення дадатковых сродкаў у сферу культуры.

Вялікую ўвагу ўстановы культуры ўдзяляюць пазабюджэтнай дзейнасці, якая з’яўляецца крыніцай дадатковых паступленняў на іх утрыманне і развіццё. У 2010 г. установы галіны атрымалі даходы ад ажыццяўлення пазабюджэтнай дзейнасці ў суме 208,9 млрд рублёў, што на 24 % больш, чым у 2009 г. У структуры агульных паступленняў на фінансаванне арганізацый сістэмы Міністэрства культуры пазабюджэтныя і ўласныя даходы ў 2010 г. склалі 16 % (гл. табл. 1).

Даходы ад аказання платных паслуг насельніцтву з’яўляюцца асноўнай састаўляючай ў пазабюджэтных паступленнях. Выкананне паказчыка тэмпу росту аб’ёму платных па­слуг культуры ў 2010 г. у цэлым па рэспубліцы ў супа­стаўных цэнах чакаецца на ўзроўні 122 % (гл. табл. 2).

Фактычна за 11 месяцаў 2010 г. дадзены паказчык склаў 124,5 % у супастаўных цэнах у адносінах да аналагічнага пе­рыяду мінулага года. Нягледзячы на дастаткова высокі паказчык па платных паслугах культуры ў цэлым па рэспубліцы, сёння стаіць востра праблема яго выканання ў Віцебскай (115,8 %), Гродзенскай (112,4 %) і Магілёўскай (107,5 %) абласцях.

На працягу 2010 г. найбольшы тэмп росту забяспечваецца, у разрэзе відаў паслуг культуры насельніцтву, па паказу канцэртных праграм, наведванні кінатэатраў, а таксама кары­станні атракцыёнамі.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2003 г. № 724 устаноўлены нарматыў забяспечанасці расходаў на культуру ў разліку на аднаго чалавека на ўзроўні 1,5 базавай велічыні, у тым ліку 1,3 — за кошт бюджэтнага фінансавання, 0,2 базавай велічыні — за кошт аказання платных паслуг.

Рашэннямі аблвыканкамаў у кожнай вобласці скарэкціраваны і ўстаноўлены нарматыў забяспечанасці бюджэтных расходаў на культуру для кожнага раёна і горада зыходзячы з рэальнага ўзроўню прадугледжаных у мясцовых бюджэтах сродкаў на ўтрыманне сеткі ўстаноў культуры і дэмаграфічнай сітуацыі рэгіёнаў. У 2010 г. расходы на культуру ў адпаведнасці з планамі бюджэтнага фінансавання і прагнознымі аб’ёмамі платных паслуг культуры з разліку на аднаго жыхара ў сярэднім па рэспубліцы складаюць 3,0 базавай велічыні, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 2,4 базавай велічыні, платных паслуг — 0,6 базавай велічыні (гл. табл. 3).

Міністэрствам культуры ўдзяляецца ўвага пытанням матэрыяльнага забеспячэння работнікаў галіны, аналізуецца становішча аплаты іх працы.

Па даных Міністэрства статыстыкі і аналізу сярэдняя заработная плата работнікаў галіны культуры і мастацтва за 11 месяцаў 2010 г. — 885,7 тыс. рублёў. Сярэдняя заработная плата работнікаў культуры ў адносінах да сярэднерэспубліканскага ўзроўню склала 73,5 %.

Для рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2011—2015 гг. запланаваны сродкі ў памеры 1144,7 млрд рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 447,4 млрд рублёў, мясцовых бюджэтаў — 691,8 млрд рублёў, пазабюджэтных сродкаў — 5,5 млрд рублёў.

У 2011 г. на выкананне дадзенай праграмы плануецца накіраваць 200,5 млрд рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 54,8 млрд рублёў, мясцовых бюджэтаў — 144 млрд рублёў, іншых крыніц фінансавання — 1,7 млрд рублёў (гл. табл. 4).


В. К. Кананюк,
начальнік эканамічнага ўпраўлення
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Табліца 1

Пазабюджэтныя і ўласныя даходы ў агульных даходах
арганізацый сістэмы Міністэрства культуры


Назва

2009 г. (справаздача)

2010 г. (ацэнка)

%

росту 2010 г. к 2009 г.



Пазабюджэтныя даходы(млрд руб.)

% у агульных даходах

Пазабюджэтныя даходы(млрд руб.)

% у агульных даходах

Усяго

168,0

16

208,9

16

124

Рэгіяналь-
ныя арганізацыі


131,1

15

165,6

15

126

з іх па абласцях і г. Мінску:

Брэсцкая

16,0

12

18,2

12

114

Віцебская

20,2

15

21,9

13

108

Гомельская

17,5

13

22,0

12

126

Гродзенская

13,9

13

17,1

12

123

Мінская

14,0

9

17,7

9

126

Магілёўская

16,8

13

17,9

11

107

г. Мінск

32,7

38

50,8

44

155

Рэспублі-
канскія арганізацыі


36,9

22

43,3

23

117

1   2   3   4   5   6   7   8


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка