Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт




старонка8/16
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.37 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   16

Запісана ў в. Шыхаў Жлобінскага р-на


ад Ганжуравай Раісы Міхайлаўны

студэнткай Удодавай Н.
Вясельная песні
На двары
На двары ўжо цямнеецца,

Дзень канчаецца, вечарэецца.

Сонейка знікае,

Дзявочы век убягае.

Каса расплятаецца,

Русы валасы рассыпаюцца.
Ох, і цяжка мне на чужой старонушке,

Будзе цяжка ды не соладка

Без маёй матулечкі,

Без майго татулечкі.

Родны ты мой




Родны ты мой брацік!


Куды ты мяне абуваеш?

Куды ты мяне адзяваеш?

Абуваеце мяне, адзяваеце

У далёкую старонушку,

К чужой матулечке,

К чужому татулечке.

Ах, ці я не работніца?

Ах, ці я не заботніца?

Запісана ў г. Жлобін


ад Баранавай Надзеі Уладзіміраўны, 1932 г.н.,

студэнтам Давыдавым В.
Хадзілі ў сваты вечарам і звычайна толькі мужчыны: бацька хросны, бацька родны, жаніх ішлі. Бяруць з сабой каравай, гарэлку. Калі сваты жаданыя, то хросная маці нявесты абвязвае іх рушнікамі. Калі сваты нежаданыя, то звычайна ветліва адказваюць, або кладуць на стол гарбуз і каравай не прымаюць. Бацькі дагаварваюцца аб вяселлі.

Маладых садзяць на дзяжу. Каб жылі багата. У маладой расплятаюць касу і завязваюць хустку. Увесь час прысутныя спяваюць песні.

Каравай пячэ шчаслівая, удачлівая, здаровая жанчына, каб жыццё маладых было шчаслівым.

Існаваў такі звычай, што калі выходзіць замуж цяжарнай, то ў час вяселля яе маці адзявалі хамут і запрагалі ў сані за тое, што не зберагла дачку.

Дзеліць каравай толькі хросны. Спачатку да каравая запрашаюць родных, а потым знаёмых, блізкіх, сяброў (па ступені роднасці).

Існавалі розныя звычаі сустрэчы маладых: сустракалі бацькі з хлебам-соллю, іконай, а таксама трымалі ў руцэ і перадавалі маладым звязаны букет з кветак, калосся, каб добра, дружна жылі, абсыпалі маладых манетамі і цукеркамі, каб жылі салодка і багата.



Вясельныя песні



Прыехаў сват

Ды і хваліцца, што ён багат:

Маю чатыры гумна, малацілку,



Дзве лаўкі і мельніцу.

Паедзем паглядзеці,

Як наш сват жывеці.

Глядзім мы, а ў нашага свата

Ня крытая хата,

Няма ні клеці, ні павеці,

Недзе кубла дзеці.
Прапою, прапою,

Прапіў бацька дачку.

На салодкім мядочку,

На горкай гарэлцы,

На белай талерцы.

Не абіжайцеся, сваточкі,

Што кароткія платочкі.

Бог не ўгадзіў,

Лён не ўрадзіў,

Сватам платочкі пакараціў.

Маці стара, дачка мала

Усю жызнь прагуляла,

Сватам платочкаў не наткала.
Добры дзень, добрыя людзі!

Мы да вас.

Ці заляцела наша галачка ўчора

Да вас?

Заляцела, але ж не ўзяці вам!



Ды дайце нам.

Не будзем перачкі рваці,



А будзем у госці да вас пускаці.

Прыйдзе да вас у гасціну,

Навяжам хлеба ёй хусціну.
Сіне мора грала,

Там дзяўчына ваду брала.

Ваду брала,

У свой край пазірала:

Ці не будзе хто ехаці,



Так спытаю татачку,

Ці я сюды запрададзена,

Ці дарам аддадзена.

Хай прыедзе мяне выкупляці.

Запісана ў Жлобінскім р-не



Жыткавіцкі раён
СВАТЫ

Колісь маці дочцэ посля дваццаці годоў казала: “Ты мне ўжэ не сем’янін”. У пост не гулялі вяселляў, на масленай нядзелі, і ў Пятровіцу – не. Само на Троіцу – чотыры святых дня. По лету на Петра навек рабілі вяселле, на жніво. От Роздва до Крэшчэння – не. Которые хочуць жэніцца, то ек Крышчэнне да ў цэркву пойдуць ці коньмі поедуць на Ёрдань, дзе воду свецяць. Дзеўкі поўхорошваные стануць на беразі, бераг вусокі. А хлопцы на лёду, коло крэста вугледаюць. Да вугледзяць да ўжэ ідуць у сваты, ек святое воды коўценуць, послі Крэшчэння.

У нядзелю ходзілі. Йдзе вон, маці й бацько, і хросных шчэ беруць. Бацько пірога несе ў вереньцы, а то і ў торбі. Обматаны рушніком пірог. І пляшку гарэлкі ці квасу несе. У хату заходзяць: “Дзень добры. Прышлі к вам куповаць цялушку”. А хатніе отказваюць: “Е цялушка маленька. Таку мо не й захочэце”. А тыя: “Чого? Дзеўка е ў вас. Ек на дзелечко охочая да оддасце, то годоваціме”. А хатніе: “Е дзеўка ў нас, глядзеце. Ек наравіцца (ек хороша вам), то седаймо да поговорэмо”. Такое шо-небудзь кажуць, сядаюць за стол да ўжэ договораюцца.

Путалі ж і дзеўкі, ці пойдзе. От ек договораюцца, то тые кажуць: “Цяпер ужэ наша дзеўка”. Да вуп’юць з тое пляшкі кажнэ по чарцы да пірогом тым закусяць. Да пойдуць сваты з хлопцэм. Шо останецца, на поліцу ставяць. З некім другім разом шчэ вуп’юць да закусяць. Ек не договораюцца, то сваты пірога і пляшку не несуць. Дзеўка назаўтра ці позаўтра относіць. Ці ека друга дзеўка.

Пры нашых дзедох не ходзілі молодые ў сваты. Ек у другом селе дзеўка, то вона не знае, за кого йдзе, а той не ведае, кого бярэ. Прывядуць молодого на запоіны, не знае, котора молода. Его не путалі і дзеўкі не путалі.
ЗАРУЧЫНЫ

А ўжэ ў ту суботу ўвечар у ее запоіны. Запівалі дзеўку. Людзей не багато було, роднейшые которые. Да хросные, да старшы маршалок, старша дружка. Сталоў тры-чатыры ўсіх. Зноў і з пірогом, і з гарэлкою йдуць. Занесуць яе больш, у пляшках, ці ў барылі, ето ж запоіны. І кусок сала неслі. Его гарэлка перва, ее потом.

Молоды коло молодое садзіўса. Песён багато спявалі, только не вясельные. Молода дарыла наметкамі, полотном. Сама ткала к вяселлю. Полотно, полотно колісь давалі! Колісь краму етого не було. Вон буў, але ж не було грошай яго купіць.

Ек расходзіліса, то спевалі:



На заручынах булі

Да гарэлачку пілі.

Гарэлачка солодзенька,

А дзевочка молодзенька.

Дружкі прыдуць на запоіны, помераюць молодого да, ой, цэлы тыдзень шыюць! Трэ ж нашыць п’яцеро сорочок да п’яцеро штаноў, сподне. Да дзежаўку, да шчэ мо. І перкалёву ж сорочку. Молода сама нашывала – на пазухі, коўнерыкі, чохлы.

Венка молодой робілі. Скруцяць дроціну. З бумагі ўсякого цвету шышкі зробяць да на яе чэпляюць. Ленты чырвоные, вішнёвые, голубовые. Навешаюць іх. Бувало, дроціну з шышкамі куповалі готову. Да багато дзевок пользуюцца. А ленты свое вешалі. Дружкі вешалі.

Колісь дзяк з Пасекі жонку браў да ў капліцы погосцкой венчаўса. То на ёй венок з цветочкамі, як на церну. І лісцейко зелёнэ і белэ, больш ніякого.

Молодого маці з госцінцэм ходзіла к молодой серэд тыжня. Ето ўжэ у чацвер ці ў п’ятніцу, проці вяселля. Пірога рушніком обмотае. Шчэ там якого м’яса зварыць, рыбу ці шо ўжэ там. Холоднэ, пампушок спечэ. І молодой несе, на плацце мо. А та ўжэ свойго подарка дасць – наметку ці полотна отрэжэ.

У п’ятніцу строяцца кажнэ к своёй беседзі. Вараць, пякуць. П’ятніца-почынальніца, казалі.


СУБОТА-КОРОВАЙНІЦА

А субота ето ўжэ коровайніца. Коровай пякуць. На Тройцу – то первого дня пеклі, у нядзелю, а так у суботу ўвечар, перэд нядзелею. От поснедаюць, сонцэ трохі вушэй да старша коровайніца прыдзе. Рошчыніць у дзежцы да домоў пойдзе. Жытнім рашчынялі. Упорану – не, прокісне ж до вечора. Ек не ўдова, то хросна маці была за старшу коровайніцу.

Под вечор молода ідзе по хатах, трэ ж на коровая і на вяселле позваць. Ек ідзе на Тройцу, людзей на селе, то ўсіх борукаецца. Дзве дружкі з ёю шлі, старша – сперэду, а друга – ззаду. Шоб не молода дзверы отчыняла й зачыняла – а дружкі. Воны стояць коло порога, а молода подыйдзе да й борукаецца: “Прыдзеце на коровая”. А та ўжэ хрысціць ладонею: “Шчасце, долю і век доўгі”. Котора кожухом накрые. Наборукаецца. На вяселле звала, то не борукаталаса і не хрысцілі яе. Сусед на коровая звала з кажное хаты, своіх і так екіх жонок. Дзевок – не. І от молодого звалі, яго дружкі, вона не йшла ў его хату. К ёму на коровая мо сястра е, мо хто там, дзеўкі звалі. Вон не ходзіў.

От подояць короў, устрояцца да ўжэ на коровая йдуць. Сонейко на нізу як у полету. І ўдовы шлі, ек звала, только воны коровая не пеклі. От его к ёй прыдуць там браціха, сястра да ўжэ к ёму от ее йдуць, прыглашоные которые. Кажнэ нясе місу мукі, на муку дзве ейцэ ці кусок сала покладзе.

Старша коровайніца месіць цеста з пшанічнай мукі. Сыроводкі лье ў цесто, яец, шчэ чаго там. Да возьме двома рукамі з дзежкі да на стол да й качае. Одзін раз брала. Коровая робіць. Да й спяваюць коровайніцы:
Ніхто не ўгадае,

Шо ў нашом да короваі:

З трох нівок пшаніца,

З трох бочок мучыца,

З трох рэчок водзіца

І дзве кваскі масла,

А трэця – доля шчасна.
І коровайніцы цесто з дзежкі бяруць помало. Да дна дзежку вускрэбуць. Шышкі роб’яць. Вуплетаюць, качаюць. Накачаюць, ек кулачок, кругленькіе. І баранкі робілі. Цестом пооблепваюць хусткі одна другой, смяюцца. Дома обціралі хусткі, на коровае не. Да спеваюць:
Нашы коровайніцы п’яны

Да ўсё цесто покралі,

По кішэням да поховалі.
Ека свечку на коровая сучэ хросны бацько, свецёлцы свечку сучэ, веліку. Шоб не ўдовец буў бацько хросны ці брат, але шоб мужчына. У сад ідзе да з яблуні розкі вурэзвае, тры, кажна з трома ролцамі. А хто, бувало, адну з трома ролцамі, а дзве розкі з двома. Прынесе, да ўжэ коровайніцы на іх цесто матаюць, матаюць скрозь до конца і з нізу цестом облепваюць.

І печ топілі. Тры разы закідалі дрова. Перву раз – бярэмок, шоб жа быў. Згораць етые – дзве-тры полені ўкінуць. Зноў агонь у печэ… Старша коровайніца ўжо коровая зробіць. Круглы, вялікі. Стаканом кружкі на ём поробіць, ладонею крэст. От прочахне печ да ў ее розкі садзяць. Прыпекуць, выймуць. Да така ўжэ песня гучыць коровайна:


Прачыстая Маці,

Прыдзі к нашай хаці

Веселле зачынаці,

Коровая ў печ сажаці.
Да хросна маці бярэ лопату, сцены ею хрысціць, адну сцену на поўнач, у порозі – другу (на поўдзень), дале з вокнамі – трэйцю (на ўсход), дале – чацвёртую (дзе печ). Которые, то хрысцілі перэдпечне окно і дзверы, больш – не. На лопату жыто сыплюць, шоб жытка ў молодых добра була, хмель, шоб дзеці вяліса. Коровая хросна маці клала з стола на лопату. Да ішлі до печэ. Коровайніцы да йдуць, спяваюць:
Наша печ крокочэ,

Коровая хочэ,

А прыпечок коловаецца,

Коровая спадзеваецца.

А коровай ножкі гібле

Да до печонькі дыбле.
Заспеваюць:
Благослові, оцец і маці,

Благославі, уся родзіна ў хаці,

Коровая ў печ саджаці.
Да ўсадзіць хросна ў печ, на чэрэн, очэлье заслонкою закрые. Да ўжэ молоду по голове лопатою тоею б’е, тры раз біла. І молодого білі. Б’е й прыказвае: “Дай, Бог, шчасця”. А ека прыказвала: “Ето на сына, ето на дочку”. Да колько разоў ударыць, то ето шоб столькі дзяцей у яе було. Да ўжэ будуць стола муць, то спяваюць:
Мішу, наш Мішу,

Да нальёмо воды ў місу,

Да будом ручкі муці

Да на вішэнькі ліці,

Шоб вішэнькі розвіваліса,

Шоб молодые красоваліса.
Змуюць тэ цесто й муку, вуцеруць стола. У сад пойдуць да лінуць там ету воду под яблыню ці там под грушу. Да ўжэ йдуць з сада, спяваюць:
Мы на сад воду носілі,

Соловейка просілі:

Леці, соловей, з намі,



Ужэ коровая згібалі.

У хату зайдуць, заспеваюць:



Му на сад воду носілі,

То ж му дзело зробілі.

От то ву это знайце,

Нам гарэлочкі дайце.
То ўжэ за столы саджаюць коровайных, столоў тры ці чатыры іх назбіралосо. Квас п’юць, трохі гарэлкі хто коўцене. Мало тое горэлкі колісь було. Едзяць, гомоняць. Посля песню коровайну заспяваюць коровайніцы:
Наша печ пошпаклёвана,

У серэдзіні помулёвана,

На золотых стоўпах стоіць,

У сярэдзіне коровай сядзіць.
Два часы седзіць коровай у печы да вуймаць трэ. То ўжэ спяваюць:
Ох, у печэ коровай гічэ,

Коровайнічок клічэ:

Дзе ж нашы коровайночкі,



Дзе ж нашы недбайночкі?

Ці на меду да запіліса,

Што про мене да забуліса?
З-за сталоў вуходзяць, до печы йдуць. Маці хросна коровая з печэ вуйме да кладзе на веко з дзежкі, шо цесто рошчыняла. То ўжэ така песня:
Жаловаўса коровай свечы:

Ой, буў жэ я ў печы,



Засмаліў плечы.

Ой, коб жэ сыр да масло,

То б усё етэ згасло.
Да мажуць короўячым маслом, шоб блішчэў. Старша коровайніца берэ веко з короваем да по хаці ўкружкі нясе – у одзін бок, у другі бок. Коровайніцы за короваем ідуць. Да за веко одноею рукою дзержацца. Спяваюць:
Коровай кубком, кубком,

Под зелёненькім дубком

Да у чысценьком полі,

Да на вороненьком коні.
Ставяць коровая на столе коло вугла, дзе вісіць вобраз.

Шышэчкі ў печ послі коровая саджалі, баранкі. Воны хутко пекліса. Шышкі пеклі ячныя, з картопляў, абу-екія тые шышкі, шо іх есці не можна. То, што на коровае, кладуць ў рэшэто іх, вусып’юць за порог у сенях да дзеці хапаюць.

Да ўжэ радзяць коровая, сад роб’яць. Розкі нарадзяць лентамі, бумагою крашэнаю. Шышэчкі з бумагі крашэнае поўязваюць, до розок ніткамі прывязваюць да растрыкаюць тры розкі по боках у коровай. Лентою красною обоўяжуць іх разом. Которые, то одну розку ў цэнтры, то ета з тройма ролцамі, а дзве по боках, то етые з двойма. І лентою одноею обоўязвалі. І спяваюць:
Короваю, наш раю,

Коло цябе хорошэ граю

Да з дудкамі і з скрыпкамі,

Да з молодымі молодкамі.
Молода не радзіла. Коло пола стояла ці сядзела там. Ей зелле чэплялі яке зімою і барвенак, бувало. І ўсё-ўсяке. І веткі, спявалі ж:
Му свойго коровая радзілі,

У луг по каліну сходзілі.

Половіну луга сходзілі,

Покуль свого коровая нарадзілі.
Такое було, шо ёлочку ўвоткнуць, з ёлкі обломяць. Свечку станоўлялі ў цэнтры. І яе радзілі. От нарадзяць да спяваюць:
Короваеньку нараджоны,

Да хто ж цябе нарадзіў?

Нарадзіла мяне маці



Ручкамі да беленькімі,

З перснямі золоценькімі.
Найстрояць, шо й глядзі. Ек нарадзяць, да хто падходзіць к короваю, спяваюць:
Не йдзіце, молодзіцы,

Коровая радзіці.

Му ж радзілі самі

Да яснымі свечамі.
Да ўжэ другі раз за столы садзяцца. Вупіваюць. Колісь не вельмі коровайніц напойвалі. Квас больш пілі. Закусваюць там екімі пампушкамі. Песні спяваюць. Старшой коровайніцы пелі от таку:
Старша коровайніца,

Да не садзіса на покуці,

Да сядзь собе на порозе,

Да на бітой дорозі,

Шоб хлопчыкі не надпілі

Да коровая не ўхопілі.
Так коровайніцы спяваюць:
Хваліласа коровайніца,

Шо веліка да работніца,

Шо ў мене сем сорочок –

Одна на мне,

Дзве – у пранні,

А чотыры – у кудзелі.
Трэцёй екой:
Наша коровайніца п’яна

Да на порозі ўпала.

Да чого вона п’яна,

Чого вона ўпала,

Да ногі задзірала?

По чарочцы, по поўненькой

До дна вупівала.
І таку спявалі:
За колодою за дубовою

Да там баранову рогі,

Так наша коровайніца

Да задзірае ногі.

Да чого вона

Да ногі задзірае?

Шо по чарочцы, по поўнай

До дна вупівае.
Смяюцца, рогочуць. Танцоваць у другу хату шлі, ек ета мала. Смук граў ці гармонь, барабан біў. До часоў чотырох гулялі. Ек полету, то днело, ек домоў шлі. Зара на небі. Міскі бралі, шышкі ім у міскі клалі, шо на коровае пеклі. Без гармоні йдуць і без смука. Спяваюць:
Мы ж булі на короваі,

Там нас чостовалі

Куркамі печонымі,

Гускамі смажонымі.
І ету:
Коровайніцы грозно

Расходзіліса позно.

Як сонейко ўзойдзе,

Кажна свой дом найдзе.
Прыдуць дахаты ды кароў дояць.

Запісана ў в. Крэмнае Жыткавіцкага р-на

ад Чарнушэвіч Марты Гаўрылаўны, 1915 г.н.,

студэнткай Івановай Т. (1993 г.)
ВЯСЕЛЬНЫЯ ПЕСНІ

ДЗЯКУЙ БОГУ, СЫНА АЖАНІЛА

Дзякуй Богу, сына ажаніла,

Ды й нявестку дочакала.

Ды й не буду воду носіці,

Ды й не буду хлеба мясіці,

Да й не буду хату мясці,

А буду парадочок весці.

Дай, Божа, ляльку,

То буду за няньку.
СВЯКРОЎ НЯВЕСТКУ ДЫЙ ПЕРАПІВАЛА

Свякроў нявестку дый перапівала,

Дый перапівала, дый паздраўляла:

Будзь жа ты, нявестка,



Як зіма, здорова,

Як вясна, прыгожа ды вясёла,

Як лета, шчасліва,

Як восень, багата.
Учора была ночанька, а цяпер дзень,

Ужо свякроўка нявестку даўно чакае.

Шыла яна шубу да долу,

Дый прыбудзь, нявестка, дадому.

Шыла яна шубу да зямлі,

Дый прыбудзть, нявестка, да сям’і.

Шыла яна шубу па пяты,

Ды й прыбудзь, нявестка, дахаты.
У НЯДЗЕЛЮ РАНО

У нядзелю рано,

Чуць сонейко ўзыходзіць,

Мужыкова маці

Ужо по хаце ходзіць.

Усё по хаце ходзіць,

Лучыну ломае.

Свёкар яшчэ горшы,

Вочмі маргае.

Мае залавіцы

Ходзяць, як звярыцы,

Слова не скажуць,

А ўсё кругом ходзяць.

Мая братавая

Хораша гуляе,

А я, молодзенька,

Слёзы проліваю.
***

У нядзелю рано,

Чуць сонейко ўзыходзіць,

Мужыкова маці

Ды й нявестку будзіць:

Ці ты спіш, ці не спіш,



Бадай ты не ўстала.

Ідзі, выгоні тое,

Што з дому прыгнала.

А я, молодзенька,

Рано ўсхопілася,

Слязамі без воды ўмылася.

Ой, нашто ж ты мяне браў

З чорнымі вочыма?

Трэба было браці

З вялікімі грошыма!

Ой, нашто ж ты браў мяне

З чорнымі брывамі?

Трэба было браці з коньмі, з коровамі!

ДОБРЫ ДЗЕНЬ, СЯСТРЫЦА!

Добры дзень, сястрыца,



Ці жыва, здорова?

Ці жыва, здорова,

Ці добрая доля?

Добрая, братко, доля,



Што не зычу нікому,

Нават ворагу свайму,

Хвартушок тоненькі,

Слёзак поўненькі.

Не плач жа, сястрыца,



Ты ж сама таго хацела.

Я ж хоцеў жы й не даці,

Ты ж стала плакаці.
АДДАЛА МЯНЕ МАЦІ

Аддала мяне маці

На чужую зямлю

Ды й у вялікую сям’ю.

Сям’я посела вячэраць,

А мяне адправілі по воду.

Гора высока, вода далёка,

Хутка не вярнуся.

Я крынічку знайшла,

Зачарпнула поў вядра,

Пакуль да хаты прышла,

То й слязьмі доліла.

А вялікая сям’я

Почувае мужыка:

Чаму жонкі не б’еш,



Чаго волю даеш?

А за што ж яе біць?



Яна ўмее ўсё рабіць:

Пісаць, чытаць,

Па садочку гуляць.
КАЛІНА-МАЛІНА ГАЛЛЁ ПАЛОМАЛА

Каліна-маліна галлё поломала,

Як я была ў маці, то й гора не знала.

Як замуж я пойшла, той свякруха ліхая

Сама рано ўстала, мяне не разбудзіла

Ды й пашла па суседзях, мяне осудзіла.

Уставай, нявестка,



Уставай, молодая.

Ідзі даі корову, што ад бацькі прыгнала.

Не, не пойду доіць корову,



Што ад бацькі прыгнала,

Пойду доіць корову, што ад свёкра достала.

Чужыя коровы гуляюць у дуброве,



А моя нявестка ўсё спіць у каморы.
МЫ ЦЯБЕ, ДЗЕВАНЬКА, ЗАВІВАЕМ

Мы цябе, дзеванька, завіваем,

Мы цябе, дзеванька, завіваем,

Шчасцем, долей абсыпаем.
Ой, будзь богата, як зямля,

Ой, будзь прыгожа, як кветка,

Ой, будзь здарова, як вода.
ІШЛІ ДЫМЫ ПА-ЗА ЛУГАМІ

Ішлі дымы па-за лугамі,

Ой, то не дымы, а пара коней ідзе,

Молоды Ванюшка жаночку вядзе.

На табе, бацько, пару коней на двор,



А табе, маці, нявестку за стол.

Ды й вучы яе, як сама знаеш,

Каб шоўкам шыла, ды й не памыліла,

А дротам ткала, ды й не ўкрала.
А Ў НЯДЗЕЛЬКУ РАНО

А ў нядзельку рано

Дзеванько говорыла:

Ой, мамочко моя родная,



Сасніўся мне сон дзіўненькі:

Сівыя сокалы наляцелі,

За столом поселі,

Чорны шоўк распусцілі,

Золата рассыпалі.

Моё ж дзіцятко роднае,



Молодзенькі розум маеш,

Своёго сну не разгадаеш:

Сівыя сокалы – сваты твое,

Чорны шоўк – коскі твое,

А золото – слёзкі твое.
КРАЕМ, БОРОМ КАЛІНАНЬКА ЗАЦВІЛА

Краем, бором калінанька зацвіла,

Краем, бором чырвоная зацвіла.
Ой, ехаў там пан, пяючы,

Пачуў ён сіву зязюленьку, куючы.
То не зязюленька сівая кувала,

Волечка прыгожыя песні спявала,

Пад акенцам седзячы,

Сваёму міленькаму сорочку шыючы:
Ой, дай, Божа, сорочку пошыці,

Мойму міленькому здорову зносіці!
МЕСЯЦ УЗЫХОДЗІЦЬ

Месяц узыходзіць,

А зара зарыцца.

Молода Волечка

Ды й на воз садзіцца.
Подыйдзі, мамонько,

Да мяне блізенько,

Да мяне блізенько,

Поклонюся табе нізенько.
Не хочу, дзіцятко,

Я твойго поклону.

Ступай ад возу,

Ды й ходзі дадому.
Рада б я,мамонько,

З возу ступіці,

Ды й сядзіць Ванечка,

Будзе сварыці.

Рада б я, мамонько,

З возу ступіці,

Ды й баюся, што Ванечка

Будзе крычаці.
ДЫМНА Ў ПОЛІ, ДЫМНА

Дымна ў полі, дымна



Ды й нікого не відно.

Чуць завівае –

Сівы конь выбягае,

Ванечка, Ванечка выязджае

З роднаю сястрыцаю.

Сястрыца-парадніца,



Ды й парадзь ты мне:

Як цесця зваці, ваяваці,

Як сабе Волечку ўзяці?

Ды й ваюй, братка, ваюй,



Сівых коней на двор вярні,

Сабе Волечку бяры.
СЯГОННЯ СУБОТА – СВЯТЫ ДЗЯНЁК

Сягоння субота – святы дзянёк,

Сягоння субота – святы дзянёк.

Звілі Вольцы з руты вянок.

Ой, вілі, вілі, ды й говорылі:

Чым жа яна табе, маці, дочка не міла,



Ці яна работы не робіла?

Позна клалася, рано ўставала,

Собе работку сама шукала.
ДЫ Й ХОДЗІЛА ВОЛЕЧКА ПА ПОЛЮ

Ды й ходзіла Волечка па полю,

Звіла яна вяночак з куколю.

Ды й просіла маці, просіла,

Штоб того й вяночка зносіла.

Ды й паносі, дочачка, паносі,



А потым падружанькам аддасі.
ОЙ, СТУПІЛА ВОЛЕЧКА НА ПАРОГ

Ой, ступіла Волечка на парог

Ды й зломіла з калінкі вяршок.
Ой, жыві, жыві, калінка, без вяршка,

Ой, жыві, жыві, мамочка, без меня.
Як калінка без верха,

Так будзе мамочка без меня.
ОЙ, У ЛУЗЕ ДЫ КАЛІНА СТОЯЛА

Ой, у лузе ды каліна стояла,

Ой, у лузе ды каліна стояла,

Молода Волечка яе ломала,

Да свайго белага лічыку каліну раўнавала:

Каб я была такая, як тая каліна чырвоная!

Маё дзіця, такая й будзеш,

Калі да мяне яшчэ гадок паходзіш.

А калі пойдзеш ад мяне,

То завянеш, як рыбка,

А збялееш, як ліпка.
НЕ КУЙ, ЗЯЗЮЛЬКА, У ЗЯЛЁНЫМ ЛЕСЕ

Не куй, зязюлька, у зялёным лесе,

Яшчэ накуешся ў зялёнай дуброве.

Не плач, Волечка, у свайго бацькі,

Яшчэ наплачашся ў свякроўкі,

Яе парогі пераступаючы

І яе наровы пераймаючы.

ЗЯЛЁНЫ САДОЧАК, ЗЯЛЁНЫ

Зялёны садочак, зялёны,

Вакол рута аплецёны.

Ніхто ў тым садочку не бываў,

Адзін Ванюша ў карты граў,

Ён сабе Волечку намаляваў:

Поедом, Волечка, з намі,



З молодымі сватамі.

Як мне ехаць з вамі,



З молодымі сватамі?

Шкода мне маці кідаці,

Бо мая маці старэнькая,

Як галубка сівенькая.

Ня будзе кому ёй посцельку послаці,

А як устане – прыбраці.
ДЗЕ Ж ТЫ, ВОЛЕЧКА, ХАДЗІЛА?

Дзе ж ты, Волечка, хадзіла,

Што голоўка твоя збялела?

Да й ходзіла, дзеванькі, у вішнёвы сад,



Да й на мою голоўку цвет упаў,

Хоць вецер повее – не звее,

Хоць сонейко засвеціць – не звяне.
Ходзіла Волечка по лузе,

Носіла каліну ў хвартуху.

За ею дзевонькі ходзілі,

У яе каліны просілі.

Яна ім каліны не дала,

А сабе вяночак звіла.
Хадзіла Волечка ў вішнёвы сад,

Да на яе галоўку цвет упаў,

Да й на яе галоўцы зацвітаў,

Да яе Ванечка спадабаў.
Захоцела Воленька калінавага вяночка

Да й послала свою маценьку

Да й по каліну.

Покуль маценька да луга,

То каліна зацвіла.
ЧУЦІ, ЧУЦІ Ў ЗЯЛЁНАЙ РУЦЕ

Чуці, чуці ў зялёнай руце

Плакала Волечка, вяночка ўючы.

Пачуў Ванечка, па каня ідучы.

Чаго, Волечка, плачаш?

А таго плачу, шо сама бачу:

У цябе, молодого, родзіны много,

У мяне, молодой, падарункаў мало.

У цябе родзіны, як у лесе ляшчыны,

У мяне падарункаў, як у лесе гаёчкаў.

Блізкую родзіну ўсю обдары,



А дальнюю – перапросі.
ЗБОРНАЯ СУБОТА, ЗБОРНЫ ДЗЕНЬ

Зборная субота, зборны дзень,

Ды й сабрала Волечка ўсіх гасцей,

Ды й садзіла ўсіх іх у рад,

А сама села між усіх

Ды й склоніла галоўку ніжэй усіх,

Задумала думачку больш усіх.

Ды й не думай, Волечка, не думай,



Пераедом рэчку ды й Дунай.

А як жа мне, молодой, не думаці,



Ды не знала свякроўкі, а трэба знаці,

Я сама, не знаю, як назваці.

Назвала б свякроўкай – не смею,

Назвала б маці – так не будзе,

Толькі мойму сэрцу жаль будзе.
СВАХА СВАСЕ ДЫ ПОКОРЫЛАСЯ

Сваха свасе ды покорылася,

Каб на нашу Волечку не сварылася,

Бо наша Волечка вельмі молодзенька.

Не будзі яе, як певень пяе,

Будзі яе, як пастух ідзе.

Певень пяе рано з поўначы,

А пастух ідзе, рано поснедаўшы.
ЗАЕХАЎ ЗЯЦЬ НА ЦЕСЦЕЎ ДВОР

Заехаў зяць на цесцеў двор,

Побіў мосты жалезныя,

Разліў віно зялёнае.

А цёшча зяця спужалася,

За новы сені сховалася.

Постой, цёшча, не пужайся,



За новы сені не хавайся.

Не багато нас наехало:

Семсот сватоў, акрамя братоў.

А свашачка-семілетачка

Між сватамі, як кветачка.

Ой, не сядзі, Волечка, не сядзі,

Адчыні акенцо да й поглядзі.

Ой, не сядзі, Ванечка, не сядзі,



Адчыні акенцо

Да й бяры вішанькі з кішэні.
ТАМ НА ВОЗЕРЫ ПЛАВАЛІ КАЧАНЯТЫ

Там на возеры плавалі качаняты,

Ужо там, Волечка, мінуцца дзяўчаты.

Там на возеры плавалі індыкі,

Ужо табе, Волечка, мінуцца музыкі.

Там на возеры плавалі качоры,

Ужо табе, Волечка, мінуцца вячоры.

Запісана ў в. Крэмнае Жыткавіцкага р-на

ад Івановай Вольгі Гаўрылаўны, 1933 г.н.,

студэнткай Івановай Т. (1993 г.)
НА ЗАРУЧЫНАХ

На заручынах мы булі,

На заручынах мы булі,

Гарэлачку пілі.

Гарэлачку солодзеньку,

Гарэлачку солодзеньку

За Танечку молодзеньку.
Ой, белая да бярозонько 2 р.

Ой, чого ты не зелена?

Як жэ мне зелёное буці, 2 р.



Шчо ды мяне купцы едуць,

Едуць, шчо ды мяне купцы едуць.

Молодая Танечко, 2 р.



Ой, чого ты не весела?

Ой, як жэ мне весёлое буты, 2 р.



Шчо ды ў мене сваты ў хаце,

У хаце, шчо ды ў мене сваты ў хаце.

Хочуць мене, молоду, взяці,

Да не даюць косы, косы плесці,

Да не даюць косы, косы плесці,

Да мне даюць бальшую грусць.
КАРАВАЙ

Да Таненчына мамонька,

Да Таненчына мамонька

Ходзіць да соседочок просіць:

Да соседочкі мое,



Да соседочкі мое,

Да ходзеце ко мне,

К моему дзіцяці.

Ко мне, моему дзіцяці

Коровай да веселля робіць.
ЯК РАШЧЫНЯЮЦЬ КАРАВАЙ

Да не хто жэ не ўгадае,

Што ў нашым караваі:

З трох рэчок вадзіца,

З трох рэзок пшаніца.
ЯК ПАСАДЗІЛІ КАРАВАЙ У ПЕЧ

Ой, вечо, наш вечо,

Да наліла вады ў місу,

Да будземо рукі муці,

Да на вішэнькі ліці,

Штоб вішэнькі развіваліся,

Молодыя красоваліся.
ВЫМАЮЦЬ КАРАВАЙ З ПЕЧЫ

Ой, у печы Коровай з яечэк,

Ой, у печы Коровай з яечэк,

Коровайнічэк кліча.

Дзе жэ мое породзіночкі,



Ці ў лесе заблудзіліся,

Мене ў печы да забуліся.
УПРЫГОЖВАЮЦЬ КАРАВАЙ

Як мы свого коровая

Радзілі лета на лугу,

По каліну хадзілі,

Половіну луга зламалі

Покуль з малаком убралі.
ХЛОПЕЦ ЕДЗЕ ЗА МАЛАДОЙ

Вой, ей там на дворэ, на дворэ

Там рано, там засвечано.

Там ўражаецца, собіраецца

Іваночко ў дорогу.

Уражаецца да путаецца:

Кого мне за сватоў браці?



Ой, ей, мой сынонько-лебедзенонько,

Бяры свою сердзеноньку,

Бяры, браценько, ды за сваточка.

Браценько замашэ головочку.

Во я, сястрыцы, да й за сваточка,

Штоб болей спяваць.
ВЯСЕЛЬНЫ ПОЕЗД

Да Галенчына мамонька, 2 р.

Ек дарогі да прылегай,

Ці стогне дорога 2 р.

Да ці шуміць дуброва.

Ці слышан чачот нагайкі, 2 р.

Ці гукаюць марша,

Ці музыченькі граюць, 2 р.

Ці самі спяваюць?

І дорожэнька стогне, 2 р.

І дубровонька шуміць,

І слышан чачот нагайкі, 2 р.

І гукаюць марша,

І музычанькі граюць, 2 р.

І самі спяваюць.
ПРЫЕЗД ДА ХАТЫ МАЛАДОЙ

Да не наступае етва 2 р.

Пагадзіце бітва.

Да будзем біці, воеваці

Да Танечку не даваці.
ПАСАД

Да ляцелі гусонькі на леса,

Да гукалі Танечку на пасад.

Ночовалі гусонькі по друго.

Ёсць у мене мамонько,

Она ў мене хорошэнейко.

Нарадзіць она ў мене молодзенько

Жэ посадзе.
КАМЕННАЯ ПЕЧАЧКА

Да каменная печэнько, 2 р.

Вечор горыш, да не ўгорыш,

Вечор горыш, да не ўгорыш, 2 р.

Камней да не рассыпеш.

Молодая Танечко, 2 р.

Вечор сідзі да не заплач,

Да не заплачэць, 2 р.

Да мамонько да не розжаць.

Роднае мамонько,

Як я пойду по застолье?

Косы мое да по шчаках,

Слёзы мое дробненькія,

Лета мое молодзенькія.
ПОБІРАЙСЯ, ТАНЕЧКО

Побірайся, Танечко, 2 р.

Побірайся, моё дзіця.

Ой, як жэ мне побіраціся, 2 р.

Не могу буваць у хаце,

У хаце, не могу буваць у хаце.

Да некому парадак даць.

Только тые, што напецеся 2 р.

А некому пожурыціся.

Только тыя, што піці да есці, 2 р.

А некому парадак весці.
КОРОВАЙНІЦЫ ЕДКІ

Коровайніцы едкі

Да цэлого да вола з’елі,

До столу да качаючы,

Да ў солі да мочаюць.

На столе да ні крошачкі,

Под столом да ні косточкі.
У ДОМЕ МАЛАДОГА

А ў нашага свата

Да хорошая хата.

Печ у яго побелёна,

Яна ў яго ўмалёвана.

А ў нашага свата

Да дубовая хата,

А сенечкі да берозавы,

А сваточкі да цвярозы.
У ДОМЕ МАЛАДОЙ

А ў нашага пана свата

Кудравая галава.

Ён кудрамі потрасе,

Нам гарэлкі прынясе.

А ў нашай пані свахі

Кудравая галава.

Ёна кудрамі потрасе,

Нам закускі прынясе.

Свеце на рогожа, подушок няма.

Ой, штоб наша беседонька

Уся была весяленька

У пана свата за сталом 2 р.

СВАТОЧКІ-ПАНОЧКІ

Да сваточкі-паночкі,

Да сваточкі-паночкі,

Пора ехаць дадому.

Бо ў нас дома да по дзіцяці,

Да некому дапомогаць.

Да ні мамкі, ні нянькі, 2 р.

Да нікого ў хаце няма.
МАЛАДАЯ ЕДЗЕ ДА ЖАНІХА

Ужэ Танечка на дорожэньцы,

Кланяйся ты на порожэньцы.

Она ўстала да говорыла: 2 р.

Ек мой бацько да багаты будзе,



Будзе, як мой бацько да багаты будзе,

Бо хто ему да родіці будзе.

Не журыся, Танечко, 2 р.



Ек зародзіць Бог жыто.

Жыто, ек зародзіць Бог жыто

То на новое лето,

То я жанцоў да понаймаю, 2 р.

Свое добро позбіраю.

Жонцы мое молодзенькія 2 р.

Як цветанькі золоценькія.

Жонцы мое потоміліся, 2 р.

А серпікі поломаліся.
ВЫЙДЗІ, МАМОНЬКО, ПАГЛЯДЗІ

Выйдзі, выйдзі, мамонько, поглядзі,

Бо шчё цебе прывелі.

Да цялёнечку

Ці позор, ці хорошу,

Не відно молоду.

Да авечачку

Не позор, а хорошу,

Не відно молоду.
ЯК ТАНЕНЧЫНА МАМОНЬКА ПО ДВОРЫ ХОДЗІЦЬ

Да Таненчына мамонька 2 р.

По дворы да похажае, 2 р.

Да похожае по дворы,

Да в огород да зазірае.

Ой, Божэ, мое Божэ, 2 р.

Бо й рана ў мяне рожу.

Рожу, ой, рана ў мяне рожу.

Цебе норву.

Да Іванкова мамонька 2 р.

По дворы да похажае,

Да похажае по дворы,

В огород да зазірае.

Ой, Божэ, мое Божэ,

Посаджоная не веру.
* * *

Ой, прыехал додому

Да парень со своею жэною.

Моя жона каліна-маліна,

Высокая, як рабіначка,

Чырвоная, як каліночка.
РАЗВІТАННЕ МАЦІ З ДАЧКОЙ

Ой, ты свацейко,

Да мая ты пташэчка,

Ой, штобы не було моему

Дзіцяці век гороваці,

Штобы не стояло цёмное

Ночэнькі жэ под окном,

Штобы не ўцірало дробных

Слёзочок рукавом.

Ой, штоб не було,

Ой, штоб не було,

Вы соседонькі, вы мамонькі.
ЗАПРАШЭННЕ НЯВЕСТЫ ЕХАЦЬ ДА ДОМУ

Едзьмо, Танечко, з намі, 2 р.

У нас тобе добра будзе. 2 р.

Нашы сені да вецер мяце, 2 р.

А сонейко пірогі печэ,

А ты только да сідзеці, мяшаці, 2 р.

На то дзіво да глядзеці.

Вясельныя пажаданні:



Дарую цябе шчасце і долю, і век доўгі, і дарую стакан суніц, каб не хадзіў да чужых маладзіц.

Перапіваю воўка, каб была жонка лоўка.

Перапіваю кошель длінны, каб до году былі родзіны.

Перапіваю 2 козе ў доўгай лозе, поймайце і корысць майце.

Перапіваю вам грошы, каб былі дзеці хорошы.

Перапіваю вам стакан медзі, каб былі дзеці, як мядзведзі.

Перапіваю вам зялёную рошчу, каб зяць пацалаваў цёшчу.

Перапіваю вам куру-квактуху, каб молода поцэловала свякруху.

Перапіваю вам уласку канапель, каб да году быў сын, як пень.

Перапіваю вам жывотворяшчэго креста, з севера до юга, штоб любілі друг друга.

Запісана ў в. Рычоў Жыткавіцкага р-на

ад Рыдзецкай Вольгі Андрэеўны, 1939 г.н.,

Рыдзецкай Ганны Рыгораўны, 1932 г.н.
Меранне сарочак

Сутнасць гэтага абрада ў тым, што перад вяселлем маладая павінна пашыць (разам з дружкай) маладому тры пары сподняга бялля, а свякрусе вышыць сарочку-перкалёўку. Праз некаторы час маці маладой заве куму (хросну маці маладой), сястру ці браціху і яшчэ каго раднейшага, і ідуць да маладога мераць сарочкі. Маладую з сабой не бяруць. Прыйшоўшы ў хату, вітаюцца, кажуць, чаго прыйшлі:

– Дзень добры, вам, спадары! Ай, да гаспадыня! Не дом, а церам! А гаспадар! Усё ў двары ладна ды прыгожа. Ай, да працаўнікі! Мы да вас завіталі са справаю важнай. Адаслала нас маладзіца, каб сарочкі мы памералі. Ці не малыя будуць? Ці дазволіце?

Гаспадары запрашаюць гасцей у хату. Хросна маці выцягвае наметку. Наметка – гэта палатна кусок з ператыканнем. Кума пачынае абмяраць першага свата, які жартуе:

– Ты ж, свашка, мерай з прыпускам, а то шчыгульна так мераеш, што матня парвецца (матня – гэта клінкі ў штанах паміж ног). Напусці шчэ трохі на матню, а то, як нагнуся, дык штаны разарвуцца.

Пасля таго, як абмералі свата, пачынаюць мераць сваху. Круцяць яе ва ўсе бакі і прыгаворваюць:

– Ой, наша сваха тоўстая, як бочка! На яе ж трэба цэлы сувой палатна!

Палатно мераюць на локці і лічаць, колькі локцяў патрэбна. Адна жанчына з прыйшоўшых абмярае вокны і дзверы. Потым гаворыць:

– Мы вам, сваха, з газеты выразкі выражам, а не занавескі за тое, што вы нас не частуеце.

Сваха запрашае сватоў за стол. Седзячы за сталом, частуюцца ўсімі стравамі, размаўляюць аб надыходзячым вяселлі. Пасля пачасткі, цешча з хроснай маці хапаюць маладога, ложаць у ночвы з падушкай і качаюць. Робяць гэта дзеля таго, каб малады заўсёды быў лагодны да маладой і цешчы, каб быў паслухмяны. Калі качаюць, могуць прыгаворваць, спяваць, жадаць лепшае долі.

Позна ўвечары ўсе разыходзяцца па хатах. Калі сядзелі за сталом, то спявалі песні, але ж не вясельныя, таму што да вяселля нельга спяваць вясельныя песні.
АБРАД “Сустрэча маладой са свякрухай”

Забраўшы маладую, поезд, вясельны поезд (гэта конныя павозкі ці машыны, якія везлі ўсіх вясельных людзей), ехаў да маладога.

У парозе сяней стаяла свякроў, накрыўшыся кажухом поўсцю наверх, са стаканам мёду, хросная маці маладога з хлебам. Вітае сына першага, потым нявестку тры разы. Жанчыны спяваюць:

Ой, ой, ой! Ой, чужая маці

Надзела кажух, каб дзеўку спужаці!

Маладыя рабілі тры паклоны перад свякрухай, а яна частуе іх мёдам. Пасля мёду свякроў налівала па чарцы гарэлкі. Выпіўшы, маладыя б’юць чаркі аб зямлю.

Потым маладая, ішоўшы ў хату, абсыпае крыжам усіх паверх сваёй галавы хмелем і жытам. Гэта дзеля таго, каб у хаце быў дастатак і мір. Усё гэта суправаджаецца песнямі, жартамі.

У хаце, у парозе, свякроў ставіць дзяжу, у якой робяць цеста для хлеба, накрытую накідкай. Маладая павінна стаць на дзяжу, калі чэсная дзеўка, а калі нячэсная, то павінна пераскочыць яе, бо калі стане, то не ўдавацімецца хлеб, каб падыходзіла цеста добра.

Пасля малады вядзе за платок маладую за стол, садзяцца на покуце, пад абразы. Свякроў падыходзіць да стала і маладую накрывае вялікай хусткай. Гэта не падарунак, а хаванне свякроўю нявесткі. У гэтай хусце маладая павінна на другі дзень быць увесь час, накрыўшы ёю галаву.

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   16


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка