Запісана ў в. Радуша Жлобінскага р-на
ад Дземідзенка Кацярыны Міхайлаўны, 1924 г.н.,
студэнткай Скобелевай Т.
Запоіны
Хата маладой. У хаце стаяць услоны, стол, ложак з падушкамі. У хаце находзяцца гаспадыня, гаспадар, старэйшая дачка, сярэдняя і меншая дочкі, суседкі, сяброўкі старэйшай дочкі, блізкая радня. Гаспадыня прыносіць ручнікі і палатно.
Гавораць між сабою гаспадар з гаспадыняй:
Гаспадар:
– Цяпер у нас запоіны, зараз першу дачку аддамо, то гэта добра, і не знаю, што рабіці, да чаго рукі прыкласці. Памажыце хоць з падарункамі разабрацца.
Гаспадыня:
– Паможам, хто маладзейшы, той хай падарункі ладкуе, а я што-небудзь на стол паднясу.
Гаспадар:
– Але, нешта доўга сватоў няма. Можа яшчэ пойдуць да Кацярыны. За яе ж бацька дае паўдзесяціны поля, а я за сваю – чацвёртую частку.
Суседка (1):
– То ж Кацярына ў бацькі адна, а ў вас аж трое дачок.
Суседка (2):
– Напэўна, з красаты вады не піці, а з гаспадыняю трэба жыці.
Суседка (1):
– Не перажывай, Насця (гаспадыня), твае дочкі харошы, забяруць і без грошай.
У хату ўваходзяць малады, яго бацька і маці, старшы сват, малодшы сват, хросны, брат маладога. У свата ў руках хлеб і бутылка водкі. У маці карзіна.
Старшы сват:
– Добры вечар у хату!
Малодшы:
– Добрага здароўечка!
Старшы:
– Нешта вас багата сабралася.
Гаспадныя:
– Добрых людзей у добрую пару чакаем.
– Мы прыйшлі ў вашу хату, прынеслі вам вестку добрую і багатую. Мы прыйшлі да вас усёй сям’ёю, каб вы нам сталі раднёю. Вось сваты, жаніх, бацька і маці, просім вас наш хлеб прыняці.
– Мы ваш хлеб бяром, а вас за стол завём. Сядайце, сваточкі, за стол, за сталом будзем весці разгавор.
Старшы сват, ідучы да стала, прыпадымае кухра: “Цяжкі кухар”.
Гаспадыня гаворыць:
– Кухар поўны, мая дачка не лянівая, да работы руплівая.
Усе садзяцца за стол. Жанчыны спяваюць:
Наляцелі арлы да калодзежа,
Чулі яны, што вада халадна.
Наехалі сваты да Алесі,
Чулі яны, што работніца, ды красавіца.
Гаспадыня гаворыць:
– Частуйцеся, дарагія госцейкі, жывём мы з запасам і частуем вас мёдам і салодкім квасам.
Жанчыны спяваюць прыпеўкі:
Колі піці, то піці да дна,
Колі спаці, то да дня.
А хто мяне верна любіць,
Той мяне прыгалубіць, душачка мая,
Ой, чарка мая, палова солі,
А хто гэту чарку вып’е, той будзе вясёлым.
Старшы сват гаворыць брату маладога:
– Добры квас.
– Не хвалі разліўшы, а хвалі распіўшы.
Старшы сват, выпіўшы квас, гаворыць:
– Квасок не трэсак, халодны, як лядок, а салодкі, як мядок.
Гаспадыня гаворыць бацьку:
– Частуй, бацька, гасцей, а самаму трэба не выпіваці, а гасцей частаваці. А вы яму, жанчынкі, песню заспявайце.
Жанчыны спяваюць песню:
За сенечкамі, за дзверачкамі
Гаварыла Алесечка з дзяўчатамі:
– Дзяўчаты мае, сястрыцы мае,
Мой татачка п’е, мяне прапівае,
Ды не аб чым не дбае.
Тады старшы сват гаворыць жанчынам:
– Жоначкі, галубачкі. Праспявалі, як зязюля ў садочку пяе. А дзе ж маці і бацька, просім іх дачку паказаці. Бо мы прыйшлі сарваць кветку, што цвіце зімою і ўлетку.
Гаспадыня звяртаецца да жанчын:
– Вы, жанчынкі, ідзіце і дзеўку прывядзіце.
Жанчыны вядуць маладую і спяваюць песню:
Чырвона, чырвона да каліна ў лузе,
А Алесечка ў бацькі найпрыгажэйшая,
Па двару хадзіла, увесь двор упрыгожыла,
За стол села, як ружа спелая,
За ёю дзяўчаты да ў тры радочкі.
Дзяўчаты звяртаюцца да сватоў:
– Добры дзень, сваточкі! Я вам дзеўку прывяла, як трэба, то за стол пасаджу, а як не трэба, то назад павяду.
Старшы сват адказвае:
– Мы ж за гэтым і прыйшлі.
Малады:
– Я ж яе і забяру, бо я з малых гадоў яе люблю.
Старшы сват звяртаецца да маладой:
– А што наша маладая скажа?
Маладая:
– Як без сонца няма святла, так без мілага няма жыцця. Я за яго пайду, бо я яго люблю, – і падае жаніху платок.
Маці маладога:
– Як сыну падабаецца, то і нам добра. – Налівае квас сабе і маладой і гаворыць:
– Як я цябе не ведала, то і нявесткаю не звала, а як цябе пазнала, то і нявесткаю назвала.
Маладая адказывае:
– Як я вас не ведала, то і маці не звала, а як вас пазнала, то і маці назвала.
Потым маці з маладою стукаюцца, выпіваюць, цалуюцца тры разы, маці жаніха завязвае маладой хустку.
Бацька жаніха:
– Як я цябе не ведаў, то і нявесткаю не зваў, а як я цябе пазнаў, то і нявесткаю не зваў, а як я цябе пазнаў, то і нявесткаю назваў.
Маладая адказвае:
– Як я вас не ведала, то і татом не звала, а як я вас пазнала, то і татом назвала.
Затым разам стукаюцца, выпіваюць і маладая садзіцца побач з жаніхом. Жанчыны спяваюць песню:
Да запіта наша Алесечка, да запіта,
Шоўкам яе хустачка вышыта.
Той, хто хустачку дараваў, дараваў,
Той яе і запіваў, запіваў.
Потым гаворыць сваха:
– А малады наш сур’ёзны сядзіць, не гудзі, муха, каля вуха. Жанчынкі, давайце яго развесялім і яму песню заспяваем.
Ой, хацелі мяне замуж аддаці,
Не было ў бацькі мне пасага даці.
Ой, ты пасаг самы, як у садзе вішня чырвона.
Пачалі дзяўчаты ручанькі вязаці,
Пачала дзяўчына ўсю праўду казаці:
У мяне пасага няма,
Возьмуць мяне і так людзі.
Ой, ты пасаг самы, як у садзе вішня чырвона.
Бацька жаніха гаворыць:
– Вось, сват, і пра пасаг праспявалі, а што за дачкою дасі?
– Так сваё дзіця не аддам, дам поля, карову і авечку, а далей няхай пражываюць ды самі сабе набываюць, – адказвае бацька маладой.
– А яшчэ дам скрыню, пярыну і дачку-княгіню, а якая ж добрая мая дачка, што чырвона ружа ў садочку, – дадае гаспадыня.
– А я не за пасагам прыйшоў, а за жонкаю, – гаворыць жаніх.
– Думаеце, тых бяруць, што пасаг даюць, і тых забіраюць, што любяць ды кахаюць, – дадае адна з жанчын.
Жанчыны спяваюць:
Маладая Алесечка русу касу чэша,
Ды на ціхую ваду няве.
Плыві, плыві, мая русая каса,
Прайшла ўся мая дзявочая краса.
Бацька жаніха і маладой гавораць між сабой:
– Так давай, сват, гаварыці, калі вяселле будзем рабіці.
– Адклад не ідзе на лад, я думаю, у другую нядзелю пасля Каляд.
– А за піліпаўку добра прасіці і ткані ды падаркі складаці, – гаворыць маці маладога.
Сваха звяртаецца да гаспадыні:
– Дачку замуж аддаці – трэба не адну ночку не даспаці.
Гаспадыня гаворыць жанчынам:
– Хоча сваха, каб панавязвала, – і потым звяртаецца да сватоў:
– Ах, сваточкі, панавязваю, я гэтага дня чакала і падарункі прыгатавала.
Жанчыны спяваюць:
Выбегла мурашачка, вынесла падаруначак.
Тоненькі, роўненькі, як папера беленькі.
Гаспадыня павязвае старшага і другога сватоў і прыказвае:
– Трэба першым свату навязаці, штоб нашы маладыя былі багаты, – навязвае маці жаніха і бацьку. Цалуецца са свахаю.
– А другім трэба павязаць старых, штоб не сварыліся на маладых. А табе, сваха, яшчэ хутску завязала, каб ты нашым маладым дзетак калыхала.
Адказвае маці жаніха:
– Каб даждаці, то буду калыхаці.
Жанчыны гавораць да маладых:
– Каб яны адзін аднаго шанавалі, ды нас старых не забывалі.
– Штоб цераз гадок ды быў сынок, а цераз два была дачка.
– Як будуць адзін аднаго любіці, то добра будуць жыці.
Гаспадыня гаворыць да свахі:
– Вось у мяне сваха ўсю сям’ю прывяла, гэта ж мне столькі падарункаў трэба.
– Выцярпіш, дасі не багаты, а вековаты.
Гаспадыня павязвае брата жаніха і кажа:
– А ты, братка, павяжыся да сам скарэй ажаніся.
– Добра было б ажаніцца, ды з такою цешчаю парадніцца, у вас дзве дачкі ё, я бачыў, і адну і другую, каб каторая пайшла, то забраў бы любую.
Гаспадыня павязвае хроснага:
– Памылку я, жанчыны, панесла, гэта ж трэба, каб хроснага першым павязаць, ён жа майго зяця ў царкве на руках дзяржаў.
– На руках дзяржаў, а цяпер падаруначка дачакаўся.
Жанчыны спяваюць:
Полем, полем, краменцем,
Звязалі свацейка палаценцам,
Ой, за што ён звязаны?
Ці ў яго ў каморы спаймалі?
Чаго яго рушніком звязалі?
Сваха бярэ шапку і падыходзіць да сватоў, спявае, а жонкі ёй памагаюць:
Падзівіся, свату, на мяне,
Я хароша за цябе.
На мне каўпак шыты,
Прашу, сватка, доляр біты.
Старшы сват кідае капейку. Сваха кідае капейку назад:
– Не шкадуй, сват, грошай за тавар харошы, ды ўжо вельмі не трасіся, усё роўна ты паддасіся.
Жанчыны спяваюць:
Ой, навошта мне гэта, забяры сабе гэта,
Ды купі сабе мыла, ды памый сабе твар,
Каб жонка любіла ды дзетак вадзіла.
Падзівіся, свату, на мяне,
Я хароша за цябе.
На мне каўпак шыты,
Прашу, сватка, доляр біты!
Старшы сват ложыць грошы.
– Дзякуй вам, сватачкі, каб у вас усё вялося, пладзілася, пілося і ялося, і каб усё збылося, што вам хацелася.
– Жанкі, давайце што вясёлае заспяваем. Сваха, мы як маладыя былі, то разам такія песні спявалі. Зайграй нам, музыкант!
Спяваюць песню:
Каб для мяне пятухі, каб для мяне куры,
Каб для мяне чалавек добры ў натуры,
Штоб ён водкі не піў, табаку не нюхаў,
Чужых жонак не любіў, адну мяне слухаў.
Як пайшла я да куму, глянула ў акенца,
Сядзіць мілы, чарнабровы, як ясна сонца.
Нясе кума пляшку, аконца пабіла.
Старшы сват гаворыць:
– Годзе нас ужо частаваці, пусціце нас пагуляці.
Спявае:
Ой, сваткі, мае сыраежачкі,
Пасаліў бы я вас, няма дзежачкі.
Гаспадыня ў адказ спявае:
Нашы сваты хварсуны,
На сямёх адны штаны.
У сваты сабіраюцца,
За штаны ругаюцца.
Сват:
Ой, ты, сваха мая, ты ходзь на вуліцу,
Прынясі мне кусок сала, жараную курыцу.
Зноў спявае гаспадыня:
А сват сеў на курыцу, паехаў на вуліцу,
Яго людзі не пазналі, усе шапкі пазнімалі.
Сват:
Мая сваха гопнула, на ёй спадніца лопнула,
Яна хацела залатаць, ды не знала як пачаць.
Гаспадыня:
А сват гоп, штаны лоп, гузік адарваўся,
А чаго ж ты, сват, да мяне прывязаўся.
Старшы сват потым гаворыць:
– А цяпер, гарманіст, зайграй нам польку, ды няхай і маладыя з намі паскачуць.
Усе гуляюць. Другі сват гаворыць:
– Хваціць усім нам тут гуляці, нам трэба ўжо дахаты.
Жанчыны спяваюць:
Часала Алесечка белы лён
Да гнала з хаты свацейкаў вон.
Ідзіце, сватачкі, з хаты вон,
Дайце мне дачасаці лён.
Гаспадыня з гаспадаром падыходзяць да сватоў, падаюць бутылку, павязаную чырвонай лентаю, і пірог на ручніку. Гаспадар гаворыць:
– Дзякуй, сваточкі, што павесялілі, ды нашых дзетак заручылі.
– Мы ваш хлеб бяром, а вам свой пірог даём, а ў бутылку я насыпала жыта, каб нашым дзеткам была добрая жытка, – дадае гаспадыня.
– Старшы сват гаворыць:
– Раз на бутылкі лента чырвона, то наша маладая чыста заручона. Мы гэтага не забудзем і да вяселля рыхтавацца будзем.
Сваты выходзяць з хаты.
Запісана ў в. Рэкта Жлобінскага р-на
ад Сніткова Уладзіміра Іосіфавіча, 1948 г.н.,
студэнткай Шайдаковай А.
У сваты да маладой прыязджалі маці з бацькам жаніха і хросныя, а таксама браты з сёстрамі (калі яны былі). Вось яны збіраюцца і п’юць змовіны. Тады і пазначаюць цераз 2-3 нядзелі свадзьбу. Пасля гэтага пачынаюць рыхтавацца: гарэлку гоняць, прадукты рыхтуюць.
Свадзьбу гуляюць нядзелю і панядзелак (так па старінке ішло). У суботу прыязжае жаніх з шахвярамі к маладой. Таксама збіраліся шахвяркі нявесты і гулялі з музыкай, з танцамі – называлася “вечар”.
Тады ўжо маці ставіць сталы і садзіць маладога з маладой. Усе частуюцца.
Утрам прыбіраюць маладую і ўсе едуць у царкву, там павянчаліся. Потым едуць да маладога. Тут гуляюць, сядзяць за сталом, пашлі танцаваць. Паселі старыя за стол, пасядзелі. Тады завуць маладых дзяліць каравай. Пасля едуць к маладой дамой. Сядзяць, гуляюць. Маці сабірае пасцель (падушкі, адзеяля і г.д.), дае сваё благаславенне Векова. І вязуць маладую да хаты маладога. За маладой едуць касянкі (старыя з боку нявесты), песні пяюць, пасцель вязуць. Маці жаніха встрячае з іконай.
У панядзелак едуць гуляць на хату к маладой. Гуляюць. Пасля грузяць шкаф і вязуць у хату к маладому. Яна ў свякрухі жыве нядзелю.
На другую нядзелю маці маладой заве ўсіх родзічаў да сябе. А на трэцюю – маці жаніха. Называліся “госці”.
|