Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт




старонка3/16
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.37 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16

Запісана ў в. Пірэвічы Жлобінскага р-на


ад Сасна Елізаветы Карпаўны, 1912 г.н.,

студэнткай Марусавай Д.
Вяселле пачынаецца ў суботу, а ў пятніцу вечарам збіраюцца дзяўчаты, плятуць вянок для маладой, а потым уюць в’ёльца (ёлку), калі украшаюць ёлку, пяюць:

Ой, хвоя, хвоя зелена,

Ты ў бару расла, шумела.

Ты ў бару расла, шумела,

На стале стала, заззяла.

Ты ў бару расла, шумела,

З кораня ўпала, завяла.

З гэтай ёлкай ідуць у баяры і бяруць яе з сабою. У маладога тожа ў’юць такую ёлку, і яго баяры ідуць з ёй да маладой і закідваюць яе на крышу хаты для дабрабыта.

У пятніцу збіраюцца жанкі ў маладой і маладога, пякуць каравай і пампушкі. Пампушкі раздаюць дзецям, якія стаяць пад вокнамі і ждуць, пака ім іх вынясуць.

У першы дзень вяселля, калі малады ідзе да маладой, ён должан везці цёшчы боты і пірагі. Жанчыны спяваюць:



Дзеравенскія варогі,

Не пераходзьце дарогі,

Не пераходзьце дарогі,

Вязе зяць цёшчы пірагі,

Вязе зяць цёшчы пірагі,

І чырвоныя чабаты.

На вяселлі зяць абязацельна доўжан абуць цёшчу. Перад етым цёшчу ў шутку абуваюць у пасталы, зяць знімае пасталы і абувае боты. Цёшчу садзяць на стула, а кругом яе водзяць харавод і пяюць:



А то ж тыя чобаты,

Што зяць даў.

Ён за тыя чобаты

Дачку ўзяў.

Павешу я чобаты

На кручку,

Няхай робяць дзелачка за дачку.

Чобаты, чобаты вы мае,

Нарабілі клопату да вы мне.

А то тыя чаботы з бугая

Не баяцца холаду нічарта.

На вяселлі нявеста даўжна абдзяліць падаркамі ўсіх родных і дваюрадных жаніха. Малады доўжан адкупіцца грашыма ад радні маладой.

На другі дзень вяселля дзеляць каравай. Калі выносяць каравай, то спяваюць:

Ой, па рэчцы, па Дняпры

Там плавалі два бабры.

Рана, раненька, ранюсенька

Там плавалі два бабры.

Яны плылі, выплывалі,

Між сабою размаўлялі.

Рана раненька, ранюсенька

Між сабою размаўлялі.

З чаго спечаны каравай?

З сямі бочак мучыца,

З сямі рэчак вадзіца,

З сямі курак-шчабятурак яйца.

Каму ж дзяліць каравай?

Брату! Ён у горадзі не бываў,

Залатыя нажы не купаваў.

Хросны! Гэты ў горадзі бываў,

Залатыя нажы купаваў.

Яму дзяліць каравай.

Хроснага перавязваюць рушніком, і ён пачынае дзяліць каравай і гаворыць: “За кім пілі, гулялі, усім дабра жадалі. У нашых маладых ёсць хросныя бацька і маці, каб яны ласкавы былі, ды на каравай прыбылі і каравай адарылі”.

Так перазывалі ўсіх прыглашоных, яны дараць маладым падаркі і гавораць розныя шутлівыя пажаданні:

Дарую каробачку гліны,

Каб чэраз год пазвалі на хрэсціны.

Дарую вянок цыбулі,

Каб не сувалі адзін адному дулі.

Дарую прыпал буракоў,

Каб нявеста не любіла чужых мужыкоў.

Пасля каравая маладую завіваюць, свякруха дае маладой сваю хустку. Падбіраюць мамак з благапалучных сем’яў, каб былі ў пары. Дзве жанчыны ад маладой. Дзве – ад маладога. Яны знімаюць фату з маладой і вешаюць на ікону. Яе расчосваюць і плятуць касу. Завівальнай хусткай махаюць тры разы, потым тры разы стукаюць галавой маладых, абсыпаюць іх жытам. Два разы маладыя не саглашаюцца развязываць хустку, а на трэцці раз саглашаюцца. Жанкі спяваюць:



Што ж мы нарабілі,

Што ж мы нарабілі,

З хлеба – паляніцу,

З дзеўкі – маладзіцу.

Дзяўчаты пяюць для яе прашчальныя песні:



Ці ж не будзеш ты, Маруся, жалкаваці,

Як мы будам па вуліцы пахажаці?

Ой, не буду я, дзевачкі, ой, не буду,

Пагляжу я ў акеначка – да й забуду.

Ці ж не будзеш ты, Маруся, жалкаваці,

Як мы будам пад вакеначкам гуляці?

Ой, не буду я, дзевачкі, ой, не буду,

Будзе малое дзіцятка, глядзець буду.

Як вядуць маладую да маладога, выходзячы з хаты, спяваюць:



Закідай, мамка, дрова,

Да бувай жа здарова.

А перад хатай маладога пяюць:



Закідай, мамка, трэскі,

Дажыдайся нявесткі.

Маладая астаецца ў маладога. І ёй на другі дзень яе радня прыносіць есці. Трэці дзень вяселля. У маладога збіраецца свая радня. У маладой – свая радня і гуяюць у “Плятухі”. У еты дзень наражаюцца ў цыган і ходзяць па тых хатах, хто гуляў на вяселлі. Уперадзі ў іх ідзе запрэжаны пятух. Кожна хата далжна падарыць куру або пятуха. Людзі даюць, а як няма – плацяць грошы за яго. В еты дзень гарэлку людзі прыносяць самі. А пішча – етыя петухі. Іх скубуць, вараць, жараць. Тут уже падстаўляюць другіх маладых з жанатых пар і прадаўжаецца такое вяселле.


Запісана ў в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на


ад Саханчук Ганны Андрэеўны, 1936 г.н.,

студэнткай Казачэнка А.
Вяселле пачынаецца з перапытаў. Па просьбе хлопца, жаніха, маці жаніха, хросная маці і яго сястра, абавязкова замужняя, ідуць у хату нявесты, каб перапытаць яе, ці згодна яна выйсці замуж. У нас гавораць: “пайшлі на перапыты”. Маладыя ўжо дамовіліся аб свадзьбе, радзіцелі далі згоду, але маці жаніха ідзе аглядзець сваю будучую нявестку, перапытаць, ці згодна яна выйсці замуж за яе сына. Трэба, каб сама дзяўчына сказала аб гэтым. Маці жаніха пячэ хлеб і нясе яго, калі ідзе на перапыты. Пры згодзе дзяўчыны маці жаніха і нявесты абменьваюцца хлябамі. Потым маці нявесты збірае на стол. Гэта называецца “абмяць хлеб”.
Выбар сватоў абсуждаюць жаніх, яго радзіцелі і таварышы. У сваты звычайна ідуць вечарам у суботу і толькі мужчыны – сват, жаніх, бацька жаніха, хросны бацька, брат яго або другія сваякі (лік толькі няцотны). Сваты павінны быць жартаўлівыя, паказаць жаніха з лучшага бока. Сваты адразу не кажуць, чаго яны прыйшлі, а гавораць: “Мы – людзі з далёкага краю, прытаміліся. Ці пусціце пераначаваць?“ Бацька маладой адказвае: “Заходзьце, госці дарагія”. Тады сват гаворыць: “Мы чулі, у вас дачка ёсць. Ваш тавар, наш купец”. Пры гэтай размове дзяўчыне няльзя прысутнічаць. Потым сваты просяць паказаць ім дзяўчыну. Яе адразу не паказваюць, а прыводзяць другіх дзяўчат. Сваты кажуць: “Гэта не тая, нам не гэта патрэбна”. Тады выходзіць сапраўдная нявеста. Сваты хваляць яе. Калі дзяўчына згодна выйсці замуж, то дарыць радзіцелям жаніха ручнік, а маці – хустку.

Прыехалі сваты на двор,

Пусцілі стралу ў акно.

Страла мая, страла,



Па што ты прыйшла?

Ці па мёд, ці па гарэлку,

Ці па нашу дзеўку?

Будзе чужой мамачцы гадзіці,

Ад зары да зары рабіці.

Татулька і матулька журацца:

Гадавалі дачушку на долю,



А цяпер аддалі ў няволю.
Зручыны
Праз некаторы час пасля сватання прыходзяць заручыны ў дом нявесты. Пасля заручын яна не можа ўжо адказаць жаніху. Адбываюцца заручыны вечарам у суботу ці ў нядзелю. Жаніх, яго радзіцелі, бліжэйшыя сваякі ідуць да нявесты ў хату. Калі бачаць, што жаніх са сваякамі заходзіць на двор, то нявеста хаваецца. Потым выходзіць да гасцей і кожнаму падае руку – гаворыць гэта аб тым, што яна сагласна парадніцца з імі. У хаце прыгатаваны сталы, але ніхто не садзіцца. Нявеста і жаніх завуць сваякоў нявесты. Калі ўсе прыйшлі, сядаюць за сталы. За сталом пяюць песню:

Ой, цвіціце, каліначкі, рабіначкі,

Мне пад вамі не хадзіць,

Мне з вас вяночка не віць.

Добра было, мая матухна,

Да заручыны мець,

Ой, пазналі, пазналі,

Як без мяне жыць.

Калі ўсе разыходзяцца, то нявеста дае зерне маці жаніха, гэта значыць, аддае сябе ім.


Вяночкі
Нявеста заве да сябе ў хату падружак, каб шыць фату. Жаніх, разам з сябрамі ідзе да нявесты з падружкамі. Дзяўчыны, калі зробяць фату, ставяць на стол талерку з зернем, а наверх кладуць фату. Жаніх выкуляе фату. Пасля выкупу ўсе садзяцца за сталы.

Выкуп каравая
Пякуць два караваі: адзін у хаце нявесты, другі – у жаніха. Робяць на ім тры кветкі. Каравай, калі пёкся, мог так падняцца, што выцягнуць яго з печы нельзя. Тады разбіралі печ, а каравай нельзя бурыць. Стол пасцілаюць белым абрусам, пасыпаюць жытам і ставяць каравай. Прыходзіць брат жаніха выкупляць каравай. Ён кладзе на стол грошы, бярэ каравай і нясе, прыгаворваючы:
Караваю, раю, раю,

Я з табою пагуляю.
Першы дзень вяселля
Гасцей запрашаюць бацькі. Госці сабіраюцца і ў жаніха, і ў нявесты. Жаніх збіраецца са сватамі ехаць да нявесты. Яму пяюць:

Федзечка збіраецца,

Баценьку пытаецца:

Мой жа татачка,



Мой жа родненькі,

Што мне там гаварыць?

Не гавары, сынку, нічога,



Ёсць у цябе дружок для таго,

Што маць будзе,

Гаворыць будзе

За цябе.

Хросны бацька бярэ хлеб на ручніку, абводзіць жаніха вакол стала тры раза і выходзіць на вуліцу, каб ехаць. Усе павінны ўступаць ім дарогу, нікуды не зварочваць, а ехаць прама да нявесты. Калі пад’язджаюць да хаты, выходзіць бацька нявесты, ён запрашае іх у хату. Адразу садзяцца за сталы. Праз некаторы час прыводзяць нявесту. Яна нясе падарунак жаніху. Адбываецца абмен падарункамі паміж імі. Пасля нявеста ідзе перадзявацца. Хросная маці нявесты абвязвае сватоў ручнікамі, падружкі нявесты жаніху і сябрам прыколвалі папяровыя кветкі. У жаніха кветка самая бальшая. Калі нявеста адзенецца, то сядае на стул, накрыты падушкай (каб яна была багатая). Хлопчык расплятал ёй касу, адзявал вянок і фату. Ад жаніха ідуць дружкі і адводзяць нявесту дамоў. Яна садзіцца за стол. Потым едуць вянчацца ў царкву. Калі яны едуць дамоў, ім перагароджваюць дарогу і патрабуюць выкуп.


Другі дзень вяселля
У хаце жаніха з раніцы збіраюцца госці. Калі прыходзіць нявеста, яе абсыпаюць зернем. Пачынаецца дзяльба каравая. Хросны бацька кажа: “Жылі-былі і на каравай прыбылі (імя)“. Кожны бярэ кавалак каравая і кладзе грошы. Пры гэтым кажа: “Каравай прымаю і вас вітаю. Каб жылося і каб вялося”. Усе садзяцца за сталы. Госці гавораць розныя зычанні жаніху і нявесце: Дару жаніха міскай, каб не сядзеў з чужымі блізка. Дару цябе талеркамі, каб не хадзіў за другімі дзеўкамі. “Дару пятаком, каб каля жонкі хадзіў пятухом. Жадаю маладым дзевяць сынкоў, а дзесятую дачку – швачку. Колькі ў сцяне сучочкаў, каб столькі было сыночкаў, а колькі шчэлачак – каб столькі дзевачак”. Заканчваецца вяселле “цыганамі“. Жадаючыя з гасцей ідуць у хату жаніха і перадзяваюцца ў старую адзежу, трапкі. Цыган – пераадзетая жанчына, цыганка – мужчына. Ходзяць разам, танцуюць, пяюць. Таксама ёсць людзі, пераадзетыя ў жаніха і нявесту. Яны патрабуюць, каб іх пасадзілі за стол і пачаставалі. Усе весяляцца і танцуюць.

Але вяселле яшчэ не заканчваецца. На другі дзень у госці да бацькоў нявесты ідуць у адведкі сваякі жаніха з маладымі. На наступны дзень ужо бацькі нявесты ідуць у адведкі ў хату маладога.


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   16


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка