Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт




старонка10/16
Дата канвертавання14.03.2016
Памер1.37 Mb.
1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   16

Запісана ў в. Бялеў Жыткавіцкага р-на


ад Данілевіч Ганны Барысаўны, 1931 г.н.,

студэнткай Шчур А.
Раней на Тураўшчыне вяселле рабіласа так.

Каравай пяклі ў суботу вечарам. У нядзелю да абедня маладая хадзіла ў царкву пад вянец, а потым, прыйшоўшы ад вянца, радня жаніха ішла да нявесты. Начаставаўшыся ў нявесты і правёўшы ўсе рытуалы, якія тут бытуюць, ехалі да жаніха, але бацькі за дачкою да жаніха не ехалі, а іх прыходзілі запрашаць у панядзелак ісці да сватоў к сваёй дочцы. Вось гэтая бяседа ў панядзелак і называлася “пярэзвы”.

Стаяць сталы, накрытыя абрусамі, відаць, што тут было вяселле. Уваходзяць у хату гаспадыня з гаспадаром і раяцца паміж сабой, што патрэбна ўжо ісці зваць на пярэзвы і будзіць маладых патрэбна, а няма ні хроснай, ні завіцы (завіца – сястра гаспадара).

Прыходзіць завіца, і яны раяцца, што патрэбна ісці зваць на пярэзвы.

Гаспадыня дае хлеба, уматанага ў ручнік, соль, і паказвае, што як прыйдзеш у хату, то скажы: “Прыйшла я к свасе і свату да добры дзень у вашу хату. Хлеб і соль на стол кладу, да на пярэзвы вас усіх вашым слаўным родам заву. Будам вашу дочку будзіць да парадочнасць ее хваліць”. Як завіца пайшла з хаты зваць сватоў, то зайшла хросная жаніха. Хросная слала пасцель маладым у першую іх брачную ноч у клеці (клець – гэта памяшканне, дзе спалі маладыя). Хросная павінна была іх і будзіць і знаць, ці зберагла маладая сваю дзявочасць.

Гаспадыня (маці жаніха) кажа: “Ідзі, кумочко, до клеці, дзе спяць нашы дзеці, одной тобе знаць, якую пасцель ты слала, то цяпер тобе і довераем, шоб ты ее проверала”.

Праз некаторы час выходзяць з клеці маладажоны, а за імі ішла хросная з бутылкай водкі ў руках. Навязаны быў красны каснік на бутылцы.

Красны каснік на бутылцы – гэта сімвал таго, што зберагла маладая сваю дзявочасць. А калі маладая не зберагла сваёй дзявочасці, то ўсклалі б хамут на шыю свасе (маці нявесты).

У панядзелак пасля вяселля, на пярэзвах, нявестка клала на галаву хустку, складзеную ў серпаночак. Завіхалася разам са свякрухай каля сталоў, таму што з мінуты на мінуту павінны былі прыйсці госці. А свякруха вельмі задаволеная нявесткай, што пайшла за яе сына, захаваўшы дзявочасць, прыказвае: “Памагай, нявестачка, на стол накрываць, да тваю мамку з татом на пляшцы з красным касніком сустракаць. Да хвала будзе ўсему вашаму роду, што догледзелі сваю дочку змолоду”. У дзеры ўваходзяць завіца са сватамі. На стале стаіць пляшка з красным касніком. Усе вельмі задаволены. Зяць падыходзіць да цёшчы. Нізка ёй кланяецца і дае ёй падарунак. Накідае на плечы вялікую красную хустку як сімвал парадачнасці яе дачкі. Запрашаюць сватоў садзіцца за стол такой песняй:

Ой, зяць цёшчы просіць, 2 р.

У руках шапку носіць,

Ой, цёшчанька моя, 2 р.

Ой, матухна добра,

Учыні добру волю 2 р.

Да пабудзь ты са мною.

За сталом частуюцца. Хваляць смачную яду, слаўную гаспадыню і потым спяваюць песню:



Да познай свою дочку,

Да познай свою дочку 2 р.

Учора була ў веночку,

Учора була ў веночку, 2 р.

А цяпер у серпаночку.

Сваты дзякуюць адзін аднаго і за дзяцей слаўных, і за пачастунак добры, і здароўя адзін аднаму жадаюць, а потым ізноў спяваюць песню:



Свахна свахне паклонісь, 2 р.

Шоб на Ольку не сварылась,

Бо Олечка молодзенька 2 р.

Да на сон она радзенька.

Не будзіце яе, як певень пяе, 2 р.

Бо што рано будзе,

А будзеце, як пастух коні жэне, 2 р.

То што ж добре будзе.

Наспяваўшыса і натанцаваўшыса, сваты ідуць дамоў і пляшку з красным касніком абавязкова з сабою бяруць. І ўмудраюцца яе несці так, каб усім было відно, які ім гонар за іхнюю дачку. Ці кладуць у карман, ці ў руках нясуць, таму што па вуліцы людзі будуць абавязкова выглядаць ці будуць ісці сваты з пляшкамі, бутэлькай на якой красны каснік, ці з хамутом. І пасля гэтага ў кожнага свае перасуды. І добра дзяўчына і прыгожая, да яшчэ і захавала сваю маладосць. Пярэзвы – гэта завяршэнне ўсіх вясельных рытуалаў.

Ну, а калі б дзяўчына не захавала сваёй маладосці, то песні спявалі б наступныя:

Зяць цёшчу вядзе,

Да на дарозе кладзе,

Да лежы, цёшча, тута,

А я пайду да прута,

Да буду цябе біці,

Што не ўмела дочку глядзеці,

Ганьба маёй цёшчы, ганьба, 2 р.

Не ўгледзела свою дочку зрання,

Аганьбіла ўвесь наш род, 2 р.

Што страшно ісці во двор.

Уцірай, цёшча, слёзы, уцірай 2 р.

Да смела на людзей не паглядай.

Вось што спяваюць, калі жаніх з нявестаю сядзяць на пасадзі:



Сядзьмо, мамко, повечэраймо, 2 р.

Повечэрало – подзелемось.

Тобе, мамко, ўся худобенька, 2 р.

А мне – скрыня і коровенька.

Тобе, мамко, ніт бердзечко, 2 р.

А мне – усе полоценечко.

Тобе, мамко, хустка з вугламі, 2 р.

А мне з хаткі побрацісь.

Побірайся, Олечко, 2 р.

І з хаты да іголкою,

І з хаты да іголкою, 2 р.

І з двора да мецёлкою.

До вороцечок бежкі, 2 р.

За вороцечкі бежкі.

Па вуліцы окуніцою, 2 р.

А ў Іванка – молодзіцою.

Калі нявестку прыводзяць у двор жаніха спяваюць:



Выйдзі, сваце, паглядзі,

Шо мы тобе прывезлі,

Ці овечку, ці козу,

Ці невестку молоду?

Ні овечку, ні козу,

А невестку молоду.

Спяваюць, калі нявеста ідзе да вянца:



До венца, до венца,

До божого слоўца, 3 р.

До божого храма

У нядзельку рана,

Як прыйдзе ад вянца:

Прышла Олечка от венца,

Пад каліною стала,

Слёзонькі роніць,

Ручэнькі ломіць,

У Бога долечкі просіць.

Прышла до ее мамонька ее.

Чого, дочэнька, плачэш?



Шо сама маю,

То і тобе даю,

А долечку не ўгадаю.

Спяваюць, калі малады пад’язджае да двара нявесты:



Каля цесцёва двора 2 р.

Там крутая гора,

Нельга к горэ прыступіцца 2 р.

Конічэнька да напоіці.

Откуль вышла малада Олечка, 2 р.

Узяла коня да за повода,

Узяла коня да за повода, 2 р.

А Іванка да за ручаньку,

Дала коням оўса і сена, 2 р.

Сама пошла на пасад села.

Дала коням пшэніцы, 2 р.

Сама пошла да віно піці.

Спяваюць на запоінах:



Ой, на моры да й на камені, 2 р.

Там седзелі два ангелы.

Оны, седзя, да й говорылі: 2 р.

Да лецемо на заручыны,



Да лецемо на заручыны, 2 р.

Да і к Ольцы на разлучыны,

Бо там Ольку да заручваюць 2 р.

Да і з матухнай разлучваюць.

Да і з матухнай разлучваюць, 2 р.

Да і к свекрові да прылучваюць,

Бо там Ольку да заручваюць, 2 р.

Да і з бацюхном разлучваюць,

Да і з бацюхном разлучваюць, 2 р.

Да і к свёкру да прылучваюць.
КАРАВАЙНІК

Да месілі коровая, месілі

Да ў Дунай по водзіцу ходзілі.

А той Дунай отказаў:

Да ідзіце по водзіцу ў крыніцу,



Да ідзіце по водзіцу ў крыніцу,

Да несіце коровая ў светліцу.

Наша печэнька рогочэ,

Да коровая хочэ.

А прыпечок колываецца,

Коровая дожыдаецца.

За колодою за дубовою,

Там баранні рогі,

Там старшая каравайніца

Задзірала ногі.

Да чого ж вона, да чого ж вона,

Да ногі задзірала,

Да по чарочцы, до по поўненькай

До дна допівала.

Запісана ў в. Вароніна, Жыткавіцкага р-на

ад Лузай Марыі Уладзіміраўны,

студэнткай Пенчык Л. (2004 г.)
СВАТАННЕ

Перш, чым ажаніцца, хлопец знаходзіў сабе нявесту. І тут ужэ начынаецца сватанне. У сваты хадзілі толькі жанатыя мужыкі. Жаніх абязацельна доўжан быць. Галоўнай асобай у сватанні быў старшы сват. На гэты пост выбіралі такога мужчыну, штоб ён быў вясёлы, гаваркі, каб пры выпадку не лез у карман за словам, як кажуць.

Дагаварыўшыся аб задуманым у доме жаніха, сваты адпраўляліся ў дом, дзе жыла дзяўчына.

У сваты едуць абычна ўвечары і прытом у суботу. Увайдзя ў дом, сваты і хлопец вітаюцца з бацькамі дзяўчыны. Калі ў хату прыходзілі сваты, дзяўчына сходзіла з хаты. Бацькі хоць і хацелі аддаць дочку замуж, але ж не паказвалі гэта сватам. Сват даставаў з-за пазухі хлеб і бутылку гарэлкі і ставіў іх на стале. После гэтага маці дзяўчыны ставіла на стол закуску і сваю бутылку гарэлкі. Начыналася выпіўка. Гаварылі сразу на паўсядзённыя тэмы. А ужо потым сват начынаў угаворваць бацькоў дзяўчыны, штоб яны далі саглассе на шлюб. Тагды бацькі звалі сваю дачку, штоб паследняе слова сказала яна. Калі яна саглашаецца, дазваляе піць за яе і сама чуць выпівае. Калі сваты ўжо збіраюцца ісці дамоў, дзяўчына дае свайму хлопцу ў падарак бутылку, поўную жыта. Яна завёртвае яго ў кусок палатна і завязвае поясам сваёй работы.


ЗАПОІНЫ

После таго, як бацькі і іх дачка саглашаліся на шлюб, начыналіся запоіны, на якіх украплялася гэта згода. На другі дзень, пад вечар, зноў у хату дзяўчыны прыходзілі хлопец, сват, бацькі хлопца. Бацькі дзяўчыны звалі сваю радню і суседзей, а дзяўчына звала сваіх самых блізкіх падруг. Тут ужэ прысутнічаў і музыкант. Бацькі дзяўчыны гатуюць угашчэння на стол і гарэлку. П’юць у асноўным за здароўе маладых. Нявесце прэдлагаюць таксама выпіць. Тая адпівае чуць і ставіць стакан на стол. Сват ложыць туды некалькі манет. Дзяўчына гэту гарэлку з манетамі вылівае на край хусткі, кланяецца свату, а яму ўзамен дае падарак. Падаркі даюцца і бацькам хлопца. Сваты ў час выпіўкі дагаворваліся аб дні заручын. А патом ехалі дадому.

После запоін дзяўчына шчыталася засватанай, запітай.
ЗАРУЧЫНЫ

Іх задача – заручыцца згодай радні жаніха і радні нявесты на шлюб. Тут ужэ канкрэтна замацоўваюць згоду, дагаворваюцца пра ўсі падробнасці вяселля.

На заручыны прыглашалі больш людзей, чым на запоіны. Усе яны былі сведкамі згоды з двух бакоў. Маладыя абменьваліся кольцамі. После заручын ні аб якіх адмаўленнях нашчот шлюбу не магло і быць. Заручыны спраўлялі ў суботу. Бацькі хлопца і дзяўчыны абменьваліся падаркамі. За сталом спявалі, жартавалі, а пасля вячэры танцавалі. Закончвалася ўсё познім вечарам.
ЗБОРНАЯ СУБОТА ЦІ ДЗЯВОЧЫ ВЕЧАР

Перад вяселлем у суботу вечарам у маладой сабіраліса яе падружкі на дзявочы вечар. Гэта было прашчанне нявесты з сваім дзявоцтвам, з падружкамі. З імі после замужжа яна ўжэ не мела праў хадзіць на гулянкі. Хлопцаў у хату не пускалі, дажэ жэніха.

Дзяўчаты вілі вянкі, а галоўнае – вянок для маладой. Вянкі сімвалізавалі дзявочую чыстату, маладосць. Рабілі кветкі для дружак. Уючы вянкі, дзяўчаты спявалі песні, але не пад музыку. У эты вечар не танцавалі. Падружкі як бы прашчаліса з нявестаю, праводзілі з ёю паследні іх сумесны вечар, спяваючы жаласлівыя песні.

Калі вянок для маладой быў гатовы, ана падыходзіла да сваіх падужак і дзякавала іх з паклонам.


КАРАВАЙ

Каждый мамент падгатоўкі і выпечкі каравая (замешванне цеста, сажанне каравая ў печ, выманне з печы) саправаджалася адпаведнымі рытуаламі і песнямі.

Напярэдадні вяселля вечарам і ў доме жаніха, і ў доме нявесты ў прысутствіі многіх сваякоў і знакомых праводзілася выпечка каравая. Для пячэння каравая запрашаюць 3 жанчыны, адна з іх хросная маці. Начыная кажды этап падгатоўкі каравая, прасілі ў бацькоў благаславення. Жанчыны начыналі рыхтаваць цеста для каравая. Адна сее праз сіта муку, другая сыпле муку ў дзяжу, а трэцяя, звычайна хросная маці, размешвае муку ў дзяжы.

Месяць цеста паціху, не спяша. Замешваючы цеста, рукі мачылі ў гарэлцы, каб цеста не ліпла к пальцам. Замясіўшы цеста, яго ставілі на прыпечак, штоб яно быстрэй падыйшло. Як цеста падыйдзе, ляпілі каравай і саджалі яго ў печ.

Пасля этага каравайніцы мылі рукі. Воду, у якой мылі рукі, вылівалі пад яблыню ці грушу на вуліцы. Гападары ставілі гарэлку і закуску, і ўсе, хто прысутнічаў, частаваліса. Сажая каравай у печ, спявалі, штоб ён высокі рос, пры этым хлопалі ў ладошы і падскоквалі. На караваі рабілі разные ўкрашэнні. Калі каравай ужэ гатовы, каравайніцы падходзілі к печы і спявалі, пры гэтым вынімалі каравай з печы. Выймаюць каравай таксама сваеасабліва і стукаюць 3 разы лапатай у паталок. Каравай ставяць на стол і замачваюць яго. Патом хросная маці нясе яго ў сені, за ёю ідуць і другія жанчыны, якія пяклі каравай. Пры гэтым спяваюць і танцуюць.

Калі каравай удаваўса, то лічылі, што гэта на шчасце. Было многа радасці, калі каравай намнога вырастаў. Каравай – гэта хлеб. А хлеб – гэта сімвал шчасця, дабрабыту, сімвал жызні. Прысутнасць каравая на вяселлі азначала пажаланне шчасця і дабрабыту маладой сям’і.


ПАСАД

Пасад – гэта благаславенне жэніха і нявесты на шлюб, пажэланні ім шчаслівага жыцця.

Падругі адзяюць на голаву маладой вянок. Бацька ў гэты час укочвае дзяжу з сеней, тую самую, у якой мясілі цеста на каравай. Маці кладзе на дзяжу кажух, каб іхняя дачка багатая была. Хросная маці бярэ нявесту за руку, абводзіць яе вакруг дзяжы 3 разы і садзіць на дзяжу. На калені дзяўчыне бацька ложыць хлеб і соль. Бацькі, хросныя бацькі і ўсе, хто сабраўся абходзяць маладую 3 разы. На пасадзе брат нявесты расплятаў ёй касу і расчэсваў іх. После этого падружкі падпальвалі воласы з чатырох бакоў, дружка дзержала свечку, а падружка чэраз калечка працягвала невялікую колькасць валос і падносілі іх к агню. Пры ўсіх гэтых дзействіях спявалі песні.

На дзяжу сажалі толькі тых маладых, якія былі яшчэ дзяўчынамі. Перад вяселлем дзеўкі прызнаваліся ва ўсём. У адваротным выпадку пасад мог бы наклікаць на будучую сям’ю бяду.

У доме маладога адбываецца пачці што тое ж самае. Малады кланяецца ўсім, хто прыстунічае на этым абрадзе. Патом яго сажалі на дзяжу і падстрыгалі. Бацькі благаслаўлялі яго. Но ў хлопца эта царымонія канчалася быстрэй, чым у дзяўчыны.
ПРЫЕЗД ЖАНІХА ПА НЯВЕСТУ

Ехаў малады ад маладой на конях, якіх зараней упрыгожвалі лентачкамі, званочкамі, галінкамі з дрэў. Калі ўсё было гатова к ат’езду, бацькі жэніха з стаканам гарэлкі ў руцэ і маці з жытам абходзілі 3 раза вакруг вазоў, пасля чаго маці абсыпала вазы і ўсіх, хто прысутнічаў, жытам. Жанчыны спявалі. Бацька вылівае гарэлку ўверх над вазамі.

Едучы да маладой, маладога могуць астанаўліваць. Для этага рабілі загарожу. Ставілі стол ці стул пасярод вуліцы, на яго лажылі хлеб і соль. Перад кожнай загарожай трэба было астанавіцца. Тым, хто спыняў вяселле, давалі выкуп: гарэлку, канфеты, а калі і грошы. Вяселле астанаўліваць можна некалькі раз. Раньшэ людзі верылі, чым больш перашкод на шляху ў вяселля, тым лучшэ будуць жыць маладыя. А калі ніхто іх не астанаўліваў, то это плохо, дажэ й вельмі.

Па дарозе спяваюць песні. Калі пад’язджаюць да дому нявесты, вароты зачынены. Эту прэграду ім устройваюць хлопцы са стараны нявесты. Пачынаецца торг. Звычайна адкупліваюцца гарэлкай. Увайшоўшы ў двор, іх жджэ яшчэ адна прэграда, но ўжэ на гэты раз яе ўстрайваюць дзяўчыны, падругі маладой. З імі нялёгка справіцца. Ім даюць і грошы, і канфеты, і пірагі. Але дзяўчыны на гэтым не спыняліся. Яны прыдумлялі розныя заданні, якія павінен быў рабіць жэніх. Пасля ўсіх этых іспытанняў жэніх са сваімі суправаджальнымі маглі ўвайсці ў хату. Тут іх сустракалі бацькі нявесты з хлебам і соллю. Галоўнага свата і хлопцаў са стараны маладога, якія не былі жанатыя, маці нявесты перавязвала палаценцамі. Дзяўчыны чаплялі на адзежу на грудзі хлопцам кветкі, якія самі зрабілі ў дзявочы вечар. Жаніху таксама прыкраплялі кветкі на адзенне і на шапку.

Бацькі запрашаюць усіх к сталу. За сталом доўга не засіджваюцца. Маладыя нічога не п’юць і не ядзяць, бо ім нельга, так як іх у цэркві поп будзе прычашчаць. Жанчыны спяваюць песні. Затым выходзяць на вуліцу і ўсаджваюцца ў вазы. Маладыя сядзяць, едучы ў царкву, поразь. У першым возе едзе жаніх, а ў другім – нявеста. Калі ўсе пасядуць у вазы, маці маладой бярэ з хустачкі жыта з грашамі і абсыпае ім усе вазы, абыходзячы 3 разы вакол іх. Бацька маладой аблівае вазы гарэлкаю. Затым бацькі перакрэшчваюць усі вазы і перад імі дарогу. Стараюцца, штоб добра заехаць да вянца і з вянца прыехаць. А калі распражэцца конь па дарозе, то не будзе шчасця маладым, разойдуцца.

У час вянчання таксама глядзяць, штоб у гэты час не патухла свечка ў маладога ці ў маладой, то той раньшэ ўмрэ. І наогул глядзяць, як гараць свечкі.

После вянчання ўсе віншуюць маладых і едуць да хаты к маладой. Цяпер ужэ едуць усі па парам: малады з маладою, сват з сваццяю...

Калі прыяжжаюць к дому, то ніхто не злазіць з вазоў. Ждалі запрашэння са стараны бацькоў. Толькі тады ішлі ў хату.

На парозе маладых устрэчалі бацькі нявесты. У руках дзве чаркі гарэлкі, два кускі сахару, дзве лусты хлеба. Маладыя бралі ў рукі чаркі, прыгублялі іх, тое, што засталося ў чарцы, вылівалі за спіну, а чаркі папярод сябе разбівалі і тапталі нагамі на шчасце. Закусвалі хлебам з сахарам. Затым ішлі ў хату. Усе, хто прысутнічаў тут, паздраўлялі іх з законным шлюбам. Пры гэтым спяваюць. Маладыя кланяюцца ў ногі па 3 раза.
ЗАСТОЛЬЕ

Бацькі запрашалі ўсіх гасцей за стол. Маладых сажалі на покуце пад абразамі. Каля маладой сядзела дружка, а каля маладога яго дружок. Усе пілі і елі, толькі маладыя часта не елі і не пілі. Іх кармілі после вясельнага застолля. Спявалі песні, гучалі вясёлыя тосты, жарты, пажаданні маладой сям’і. Госці за сталом крычалі “горка”, пасля чаго жаніх і нявеста цалаваліся.


ДЗЯЛЬБА КАРАВАЯ

Каравай прыносяць у хату, у гэты момант іграе музыка. У хаце маладой каравай дзяліўся паміж яе раднёй, а ў маладога – паміж яго. У гэты момант адбываўся перапой: сват разрэзваў каравай на кускі і запрашаў гасцей на каравай. Гэта перапой. Першымі падходзілі бацькі, лажылі перад маладымі падарунак (грошы, жывёлу, ці яшчэ што-нібудзь), бралі стаканы з гарэлкаю і выпівалі, затым бралі па куску каравая і адыходзілі ў старану. Сват зноў прыглашаў к караваю гасцей (хросных, сясцёр, братоў, дзядзек, цётак, бабуль, дзядуль). Яны таксама выпівалі гарэлку і дарылі, перапівалі маладым падарункі. Закусвалі караваем. Пры перапоі маладых надзялялі рознымі пажаданнямі. Усім, хто падносіў падаркі, маладыя дзякавалі паклонам. Звалі. За стол садзіліся 2 разы. Паміж застолля маладыя танцавалі пад гармошку і спявалі песні і частушкі, разгаварвалі.


АД’ЕЗД ДА ДОМУ МАЛАДОГА

За этым наступае самы хвалюючы мамент – дачка пакідае бацькаўскую хату, штоб стварыць сваю сям’ю. Тут не абыходзіцца без слёз. Бацькі дзяўчыны збіраюць яе прыданае, і яна вязе яго з сабою. Але малады доўжан быў выкупіць і саму нявесту, і пасцель, і даць выкуп падружкам маладой, якія не хацелі з ёю расставацца. На воз, на каторым маладыя паедуць дадому, клалі падушкі. Перад тым, як ехаць, перад первым возам запальвалі вязку саломы. Коні далжны былі пераскочыць чэраз агонь. Эта рабілася для таго, штоб сваркі і калатня асталіса пазадзі. Калі коні паехалі, то бацькі тры разы перакрэшчывалі вазы ў дарозе. Па дарозе іх зноў пераймалі і прасілі гарэлкі.


СУСТРЭЧА МАЛАДЫХ

Ля двара жэніха маладых устрачалі з вялікай урачыстасцю. Было многа музыкі, песень, паздраўленняў. На парогу хаты іх устрачалі бацькі маладога. Маладыя нізка кланяліся ім. Маці карміла адразу маладых, а патом і ўсіх другіх мёдам. Гэта было пажаланне шчаслівага, салодкага жыцця маладым і ўсім астатнім. А маладая аддавала мацеры маладога пірог, загорнуты ў палаценца. Маці брала іх за рукі і праводзіла ў хату. Спявалі песні.


ДРУГІ ДЗЕНЬ. ВЯСЕЛЛЕ Ў ХАЦЕ МАЛАДОГА

Усё праходзіла таксама, як і ў доме маладой. Садзіліся за сталы і ўгашчаліся. Было адно тое, чаго не было ў доме маладой. Маці маладога знімала з галавы нявесты вянок і адзявала ёй на галаву хустку. З дзяўчыны яе пераводзілі ў жанчыну. Калі дзялілі каравай, перапівалі, то маладая дарыла ўзамен падаркі радні маладога. За сталамі яшчэ трохі сядзелі і пачыналі разыходзіцца па дамам. Маладзёж спявала і танцавала пад гармошку. Маладых праводзілі ў комнату, дзе ім была паслана пасцель.

Утром маладых будзілі, а после этаго адбываўся агляд пасцелі. Калі маладая да вяселля была яшчэ дзяўчынай, то на другі дзень вяселле праходзіла яшчэ больш весела і закончвалася шчасліва для ўсіх.

На другі дзень у хату бацькоў маладога прыязжалі бацькі з раднёю маладой. Вяселле працягвалася. Многа спявалі і танцавалі. Бацькі маладой прасілі ў бацькоў маладога, штоб яны не абіжалі іх дачку.

Пры канцы вяселля правяралі ўменні нявесты як гаспадыні, як работніцы. Ад гэтага залежала, як складуцца атнашэння между маладой і свякрухай.

Чэраз нядзелю маладыя і бацькі маладога прыходзяць у госці да бацькоў маладой. А яшчэ праз нядзелю бацькі маладой прыходзяць у госці да маладых і да бацькоў маладога. Тут яны зноў п’юць, ядзяць, спяваюць і танцуюць.

На гэтым і сканчваецца ўвесь цыкл вясельнай абраднасці.
ПАЖАДАННІ Ў ЧАС ДЗЯЛЕННЯ КАРАВАЮ

ЦІ «ПЕРАПОЮ»

Дару ніткі, штоб малады не заглядваў на чужыя лыткі.

Штоб ваш ложак скрыпаў, а да года сынок выпаў.

Штоб нявеста была багата, а з пераду гарбата.

Жэлаю столькі сынкоў, сколькі ў лесе пянькоў.

Жэлаю столькі дочак, сколькі ў лесе кочак.

Штоб у вашам дамочку, у вашам хлявочку,

У вашам садочку ўсё радзілася і пладзілася.

Дару чатыры падушкі, штоб мелі чатыры дачушкі.

Сколькі ў доме сталоў, сколькі ў сталах дошчак,

Штоб столькі вам сынкоў і дочак.

Дару картопляў падполле і дзетак застолле.

Дару вам пару галубоў, штоб была ў вас крэпкая любоў.

Дару вам дзве анучы, штоб усё жыццё былі ўкучы.

Дару вам кошку, штоб ніхто не перабягаў вам дарожку.

Дару вам грошы, штоб дзеці былі харошы.

Дару скрынку мукі, штоб ражаліся сынкі.

Дару віна бочку – на сына і на дочку.

Дару вязку цыбулі, штоб не тыцкалі адно другому дулі.

Дару грошы бумажныя, штоб маладыя былі паважныя.

Дару грошы медныя, штоб ніколі не былі бедныя.

Дару жменю медзі, штоб дзеці былі, як мядзведзі.

Дару каробку жукоў, штоб не называлі адно другога дураком.

Дару торбу грэчкі, штоб не было паміж маладымі ніколі спрэчкі.

Дару цябе дугой, штоб не хадзіў да другой.
ПАЖАДАННІ МАЛАДЫМ

Са шлюбам законным вас (імёны). І вам пажаданне сярдзечнае наша. Жывіце ў любові, жывіце ў згодзе. Хай сонейка-шчасце для вас не заходзіць.

Працуййце са смакам, і ежце, і піце. А ноччу адзін аднаго вы будзіце, бо кажуць старыя ды мудрыя людзі: той сільно кахае, хто часценька будзіць.

Хай будзе ў вас пяцісценная хата, вялікая пуня, жывёлы багата: каза, казляняты, кабанчык, кароўка, штоб вам пра абед не балела галоўка.

Яшчэ жадаем вам дзетак бярэма: Івана, Пятра, Халімона, Ахрэма, Настулю, Аўдулю, Хадору і Свету, Паліну, Галіну, Агату, Сыклету.

Жалалі б і далей, бо мы не скупыя, ды пальцаў, як бачыце, у нас не хапіла.

Дык будзьце здаровы, у шчасці жывіце і на хрэсьбіны яшчэ прыгласіце.

Паміж нас маладыя за вясельным сталом,

Павянчалася шчасце ды пад шлюбным вянком.

Горка, горка гарэлка за вясельнай гульбой,

Падсалодзяць нам чаркі малады з маладой.

Падсалодзяць тым шчасцем, што два сэрцы зліло, каб вясёлым, мядовым век жыццё іх было!



Запісана ў в. Вароніна Жыткавіцкага р-на

ад Галец Тамары Якаўлеўны, 1913 г.н.,

студэнткай Аксёнчык Ж.
АБРАД “ДЗЕД НА ВЯСЕЛЛІ”

Абрад прыйшоў з тых далёкіх часоў, але ж ён ніколі не знікаў, жыве і зараз, праводзіцца на кожным вяселлі.

На першы дзень вяселля робяць двух падстаўных. Жанчыну малога росту апранаюць у адзенне жаніха, а мужчыну высокага – у адзенне нявесты. У той момант, калі маладыя падыходзілі да хаты жаніха, іх сустракалі падастаўныя жаніх і нявеста. Яны з маладымі жартавалі, маладому падстаўлялі яго падстаўную нявесту, а нявесце падстаўнога жаніха.

На другі дзень вяселля ў хаце жаніха рыхтаваліся да прыходу прыданых – радні маладое. Мужчынскія штаны і сарочку набівалі саломай. У патрэбным месце прычаплялі два чырвоныя буракі і маркоўку, рабілі таксама ляльку. Сустракаючы прыданых, паказвалі тым ляльку і казалі: “Паглядзіце ж, сваточкі, што за дзіва! Ваша дачка мала таго, што глухая, дык паглядзіце, якое ж дзіця за ноч нам нарадзіла!” Паказвае ляльку, якую зрабілі з самай раніцы.

На варотах вешалі чучала дзеда. Прыданыя павінны сарваць гэтага дзеда і адвезці на печ гаспадыні вяселля.

Сваты са стараны маладога не даюць магчымасці сарваць, і паміж прыданымі і раднёй маладога адбываецца спаборніцтва за дзеда. Падстаўныя жаніх і нявеста выконваюць сваю ролю, яны размаляваныя прывітаюць прыданых, абдымаючы і вымазваючы сватоў тым, чым намаляваныя самі. Потым, калі раздзеляць каравай, то бралі веко з дзежкі і астаткі каравая клалі на веко. Выносяць на вуліцу і частуюць дзяцей, якія стаяць на вуліцы.

Дзяўчаты-дружкі павінны асцерагаць веко, каб яго не перакінулі цераз хату. Калі перакінуць, то не пойдуць дзеўкі замуж, а калі зберагуць, то выйдуць у гэтым годзе.

Запісана ў в. Дзякавічы Жыткавіцкага р-на

ад Рагалевіч Вольгі Сяргееўна, 1936 г.н.,

Рагалевіч Кацярыны Аляксееўны, 1934 г.н.,

студэнткамі Толкач М., Дзяйкун М.,

Рымашэўскай Н. (2003 г).

1   ...   6   7   8   9   10   11   12   13   ...   16


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка