Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт




старонка3/6
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.18 Mb.
1   2   3   4   5   6

Артыкул 5 Права на свабоду веравызнання

Кожны мае права свабодна выбіраць, мяняць, выказваць і распаўсюджваць рэлігійныя перакананні і дзейнічаць у адпаведнасці з імі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.

Ніхто не абавязаны паведамляць аб сваім стаўленні да рэлігіі і не можа падвяргаццца якому-небудзь прымусу пры вызначэнні свайго стаўлення да рэлігіі, да вызнання той ці іншай рэлігіі, да ўдзелу або не ўдзелу ў дзейнасці рэлігійных арганізацый.

Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, па ўзаемнай згодзе маюць права выхоўваць сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваім уласным стаўленнем да рэлігіі. Дзяржава не можа ўмешвацца ў выхаванне дзіцяці, якое заснавана на акрэсленым рэлігійным светапоглядзе бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, за выключэннем выпадкаў, калі пабуджэнне да рэлігійных дзеянняў пагражае непасрэдна жыццю або здароўю дзіцяці, парушае ягоныя законныя правы.



Артыкул 6 Раўнапраўе рэлігій

Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам.

Ідэалогія рэлігійных арганізацый не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Артыкул 7 Раўнапраўе грамадзян

Грамадзяне роўныя перад законам незалежна ад іх стаўлення да рэлігіі.

У афіцыйных дакументах стаўленне грамадзяніна да рэлігіі не ўказваецца, апрача выпадкаў, калі гэтага жадае сам грамадзянін.

Перашкода ажыццяўленню праў на свабоду сумлення і веравызнання, а таксама ўстанаўленне якіх-небудзь пераваг або абмежаванняў правоў грамадзян у залежнасці ад іх стаўлення да рэлігіі не дапускаецца і праследуецца па закону.

Ніхто не можа па матывах сваіх рэлігійных перакананняў ухіляцца ад выканання ўстаноўленых законам абавязкаў.

Артыкул 8 Дзяржава і рэлігія

Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Дзяржава не ўскладвае на рэлігійныя арганізацыі выканання якіх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі яна не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі маюць права ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, а таксама выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі не ўдзельнічаюць у дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія праследуюць палітычныя мэты, і не аказваюць ім фінансавай і іншай падтрымкі.

У месцах богаслужэнняў не дапускаецца выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, правядзенне сходаў, мітынгаў, перадвыбарнай агітацыі і другіх мерапрыемстваў палітычнага характару, а таксама выступленні, заклікі, якія абражаюць прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, службовых асоб і асобных грамадзян.

Дзяржава садзейнічае ўстанаўленню адносін цярпімасці і павагі паміж грамадзянамі, якія спавядаюць і не спавядаюць рэлігію, рэлігійнымі арганізацыямі розных веравызнанняў.

Дзяржава можа будаваць свае ўзаемаадносіны з рэлігійнымі аб’яднаннямі шляхам заключэння з імі пагадненняў у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”. Звернем асаблівую ўвагу на тыя артыкулы закона “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”, якія тычацца ўзаемаадносін рэлігіі і сістэмы адукацыі ў нашай краіне:



Артыкул 9 Адукацыя і рэлігія

Нацыянальная сістэма адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь мае свецкі характар і не ставіць мэту фарміравання таго ці іншага стаўлення да рэлігіі.

Грамадзяне маюць права на роўныя магчымасці доступу да нацыянальнай сістэмы адукацыі незалежна ад іх стаўлення да рэлігіі.

Ва установах адукацыі не дапускаецца стварэнне і ананімная або іншая дзейнасць рэлігійных арганізацый, якая супярэчыць заканадаўству.

Установы адукацыі ў пытаннях выхаваўчай дзейнасці на падставе пісьмовых заяў бацькоў або асоб, якія іх замяняюць (самых паўналетніх навучэнцаў), у пазавучэбны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі, зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, маюць права ў адпаведнасці са сваімі статутамі ствараць для рэлігійнага асветніцтва дзяцей і дарослях вучэбныя групы і нядзельныя рэлігійныя школы, выкарыстоўваючы пры гэтым тыя памяшканні, якія ім належаць і (або) прадастаўляюцца ў карыстанне, за выключэннем памяшканняў, якія належаць дзяржаўным установам адукацыі.



Артыкул 28 Духоўныя навучальныя ўстановы

Рэлігійныя аб’яднанні ў адпаведнасці са сваімі статутамі маюць права ствараць духоўныя навучальныя ўстановы для прафесійнай падрыхтоўкі свяшчэннаслужыцеляў, тэолагаў і царкоўнага персаналу.

Грамадзяне, якія вучацца ў вышэйшых і сярэдніх духоўных навучальных установах, карыстаюцца правамі і льготамі, устаноўленымі для студэнтаў дзяржаўных навучальных устаноў.

Гэтыя ж прынцыпы абвешчаны і ў Артыкуле 1 закона “Аб адукацыі”:



Артыкул 1 Дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі

Дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі засноўваецца на наступных прынцыпах:... свецкага характару адукацыі.

Ва установах сістэмы адукацыі... не дапускаецца... стварэнне і ананімная альбо іншая дзейнасць рэлігійных арганізацый, якая супярэчыць заканадаўству.

Установы адукацыі ў пытаннях выхаваўчай дзейнасці на падставе пісьмовых заяў бацькоў або асоб, якія іх замяняюць (самых паўналетніх навучэнцаў), у пазавучэбны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Таксама аб гэтым гаворыцца ў Артыкуле 10 закона “Аб правах дзіцяці”:

Кожнае дзіця мае права самастойна вызначаць сваё стаўленне да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.

Дзяржава не можа ўмешвацца ў выхаванне дзіцяці, якое заснавана на акрэсленым рэлігійным светапоглядзе бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, і звязаныя з гэтым пры ўдзеле дзіцяці адпраўленне за межамі навучальных устаноў рэлігійных абрадаў, выканання традыцый, за выключэннем выпадкаў, калі пабуджэнне да рэлігійных дзеянняў пагражае непасрэдна жыццю або здароўю дзіцяці, парушае ягоныя законныя правы.

У адносінах да дзіцяці, якое не дасягнула пятнаццаці гадоў, рэлігійныя абрады адпраўляюцца са згоды бацькоў або асоб, якія іх замяняюць.

Таксама ўстанаўліваецца адказнасць за парушэнне заканадаўства аб рэлігіях. Аб гэтым гаворыцца ў наступных артыкулах:

Артыкул 39 закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”:

Парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях, якое выявілася, у прыватнасці, у:

стварэнні і дзейнасці рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, накіраваных супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды або звязаных з парушэннем правоў і свабод грамадзян, а таксама перешкаджаючых выкананню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадзянскіх і сямейных абавязкаў, або наносячых шкоду іх здароўю і маральнасці;

стварэнні рэлігійных арганізацый у дзяржаўных органах і установах, воінскіх часцях, а таксама адукацыйных установах;

уцягванні непаўналетніх у рэлігійныя арганізацыі, навучанне непаўналетніх рэлігіі насуперак іх волі і без згоды іх бацькоў або асоб, якія іх замяняюць;

апаганьванне тых прадметаў, якія шануюцца ў рэлігіі, культавых пабудоў, месцаў паломніцтва і пахаванняў;

парушэнне тайны споведзі;

узбуджэнне рэлігійнай варожасці або розні або абраза грамадзян у сувязі з іх рэлігійнымі перакананнямі, 

цягне адказнасць, якая ўстаноўлена законам.

Службовыя асобы і грамадзяне, вінаватыя ў парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях, нясуць адказнасць, якая ўстаноўлена заканадаўствам.



Таксама адказнасць за парушэнне заканадаўства аб рэлігіях устаноўлена ў Крымінальнам кодэксе Рэспублікі Беларусь:

Артыкул 130 Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні.

1 Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, 

караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2 Тыя ж дзеянні, злучаныя з гвалтам або зробленыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, – караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

3 Дзеянні, прадугледжаныя часткамі першай і другой гэтага артыкула, зробленыя групай асоб або пацягнуўшыя па неасцярожнасці смерць чалавека, або іншыя цяжкія вынікі, -- караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў.

Артыкул 190 Парушэнне раўнапраўя грамадзян

Наўмыснае прамое або ўскоснае парушэнне або абмежаванне правоў і свабод, або ўстанаўленне прамых або ўскосных пераваг грамадзян у залежнасці ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага або пасадавага становішча, месца жыхарства, стаўлення да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднаняў, якое нанесла істотную шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам грамадзяніна, – караецца штрафам, або папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваннем волі на той жа тэрмін, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў з пазбаўленнем права займаць вызначаныя пасады або займацца вызначанай дзейнасцю або без пазбаўлення.



Артыкул 193 Арганізацыя або кіраванне аб’яднаннем, якое пасягае на асобу і правы грамадзян

Арганізацыя або кіраванне рэлігійным або грамадскім аб’яднаннем, дзейнасць якога звязана з гвалтам над грамадзянамі, нанясеннем ім цялесных пашкоджанняў, або з іншымі пасягальніцтвамі на правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, -- караецца штрафам, або пазбаўленнем права займаць вызначаныя пасады або займацца вызначанай дзейнасцю, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў.



Артыкул 195 Перашкода законнай дзейнасці рэлігійных арганізацый

Перашкода законнай дзейнасці рэлігійных арганізацый або адпраўлення рэлігійных абрадаў, калі яны не парушаюць грамадскі парадак і не суправаджаюцца пасягальніцтвам на правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян,  караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або пазбаўленнем права займаць вызначаныя пасады або займацца вызначанай дзейнасцю, або папраўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў.



Артыкул 341 Апаганьванне пабудоў і псаванне маёмасці Апаганьванне будынкаў або іншых пабудоў цынічнымі надпісамі або выявамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прызнакаў больш цяжкага злачынства – караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або арыштам на тэрмін да двух месяцаў.

Таксама аб адказнасці за парушэнні заканадаўства аб рэлігіях гаворыцца ў Артыкуле 193 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях: Стварэнне рэлігійнай арганізацыі і кіраўніцтва ёй без рэгістрацыі яе статута (палажэння) ва ўстаноўленым парадку або арганізацыя і правядзенне кіраўнікамі і членамі гэтай арганізацыі спецыяльных дзіцячых і юнацкіх сходаў, а таксама працоўных, літаратурных і іншых гурткоў і груп, што не маюць адносін да адпраўлення культа – цягнуць накладанне штрафа ў памеры да пяці мінімальных заробкаў.

Такім чынам, у Беларусі сфарміравалася прававая база для забеспячэння права на свабоду сумлення. У законе “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” сказана, што ягонымі задачамі з’яўляюцца “забеспячэнне і гарантаванне права кожнага на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, на сацыяльную справядлівасць, роўнасць, абарону правоў і інтарэсаў, незалежна ад стаўлення да рэлігіі і рэлігійнай прыналежнасці, на свабоду аб’яднання ў рэлігійныя арганізацыі” (Арт. 1). І гэтыя задачы заканадаўствам Рэспублікі Беларусь выконваюцца.



  1. Канфесіі ў сучаснай Беларусі

Пры вывучэнні сучаснай рэлігійнай сітуацыі ў нашай краіне трэба ўлічваць, што Рэспубліка Беларусь – поліканфесійная дзяржава, зараз тут дзейнічаюць 25 рэлігійных накірункаў. Вядучае месца сярод іх займаюць тыя, што адносяцца да хрысціянства. Таму мы каротка скажам пра яго гісторыю на нашых землях.

Афіцыйнай датай прыняцця хрысціянства на Русі з'яўляецца 988 г., калі па загаду князя Уладзіміра Святаслававіча хрысціліся кіяўляне, але хрысціянства тут з'явілася прынамсі на сто год раней. Яшчэ пры дзеду Уладзіміра князю Ігару ў Кіеве была царква св.Ільі, якую наведвала частка княскай дружыны.

Наогул увядзенне хрысціянства на Русі расцягнулася на стагоддзі. Датай хрышчэння Беларусі лічыцца 992 г., калі была заснавана Полацкая епархія пры сыне Уладзіміра і Рагнеды князю Ізяславе, але канчаткова хрысціянства на нашых землях усталявалася толькі ў сярэдзіне XIII ст., хаця і пасля ў рэлігійным светаўспрыманні беларусаў, асабліва сялян, засталіся многія язычніцкія элементы.

Аднак супраціўленне насіла спарадычны характар і выклікалася, як правіла, жорсткасцю дзеянняў па увядзенні новай рэлігіі. Там жа, дзе гэтай жорсткасці не было, народ прымаў хрысціянства даволі спакойна. Тлумачыцца гэта асаблівасцю язычніцкага светаўспрымання, якое дапускае існаванне многіх звышнатуральных істот. Хрыстос успрымаўся як княжацкі бог, якога трэба шанаваць, бо гэтага патрабуюць улады, але не адмаўляліся таксама і ад шанавання ста­рых багоў. Рэлігійны феномен, які узнік на Русі з увядзеннем хрысціянства, даследчыкі называюць дваяверствам. Сутнасць яго не ў тым, што паралельна існавалі дзве рэлігіі -- язычніцкая і хрысціянская, а ў тым, што стварыўся іх сінтэз. Дваяверства існуе ў нас і зараз. ІІІмат людзей прытрымліваюцца адначасова і хрысціянскіх, і язычніцкіх звычаяў. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў святах. Напрыклад, у нас масава святкуецца такое хрысціянскае свята, як Пасха. Хаця, трэба адзначыць, што гэтае святкаванне для большасці насельніцтва зводзіцца да чыста знешніх элементаў: спячы булкі, пафарбаваць яйкі, можа быць, асвяціць усё гэта ў царкве, потым сесці і адсвяткаваць. Але праз девяць дзён – новае свята, Радаўніца. І яго таксама святкуюць масава: людзі ідуць на могілкі, ядзяць там і п’юць, а частку ежы і пітва (кавалак булкі, яйка, шкалік гарэлкі) пакідаюць на могілках. А гэта чыста язычніцкі звычай – такім чынам кормяць “дзядоў”.

Прыняцце хрысціянства аказала станоўчы ўплыў на развіццё старажытнарускай культуры. Новая рэлігія садзейнічала аб'яднанню ўсходнеславянскіх земляў і ўзмацненню дзяржаўнага адзінства. Само слова "рускі" спачатку на нашых землях абазначала не нацыянальную, а рэлігійную прыналежнасць: рускімі называлі тых, хто прытрымліваўся рэлігіі, якая насаджалася з Кіева, гэта значыць, веры варагаў -- "русаў". Сярод усходніх славян паступова распаўсюджвалася новая мараль. Былі забаронены чалавечыя ахвяры, мнагажонства, блуд, крадзеж нявест, супрацьнатуральныя распусты. На новых прынцыпах будаваліся ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Распаўсюджвалася адукацыя. Сам Уладзімір пасля прыняцця хрысціянства загадаў збіраць дзяцей са знатных сем'яў і вучыць іх, нягледзячы на супраціўленне бацькоў. Сын Уладзіміра Яраслаў Мудры адкрыў у 1025 г. у Ноўгарадзе вучылішча для 300 дзяцей. Пачынаецца дзейнасць хрысціянскіх асветнікаў, найбольш вядомымі з якіх з'яўляюцца Кірыла Тураўскі (1130 -- каля 1182 гг.), Ефрасіння Полацкая (1110 (?) – 1173гг.), Аўрамій Смаленскі (сяр. ХПст. - да 1224г.) Будуюцца хрысціянскія храмы, малююцца іконы, спачатку па візантыйскіх узорах, але паступова складаюцца арыгінальныя мясцовыя школы ў архітэктуры іканапісу. Менавіта з прыняццем хрысціянства ўсходнеславянскія народы ўваходзяць у прастору еўрапейскай культуры.

Самым вядомым хрысціянскім накірункам на Беларусі зараз з’яўляецца праваслаўе. Асаблівасць яго ў тым, што ў арганізацыйным плане яно не з’яўляецца адзіным – зараз налічваецца 15 аўтакефальных праваслаўных цэркваў. Праваслаўная царква на Беларусі не мае статусу аўтакефальнай, гэта частка Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ), таму папярэдне скажам аб кіруючых структурах апошняй. Вышэйшым калектыўным органам РПЦ з'яўляецца Памесны сабор. Ён павінен збірацца не радзей аднаго разу ў 5 год. Членамі Памеснага сабора з'яўляюцца ў сілу свайго становішча архіерэі, а таксама прадстаўнікі ад духавенства, манаства і міран, якія выбіраюцца веруючымі. Памесны сабор тлумачыць веравучэнне праваслаўнай царквы, вырашае кананічныя, богаслужэбныя, пастырскія і іншыя пытанні ўнутранай і знешняй дзейнасці, кананізіруе святых, зацвярджае пастановы Архіерэйскіх сабораў, ацэньвае дзейнасць Свяшчэннага Сінода, выбірае патрыярха, з'яўляецца апошняй інстанцыяй, якая мае паўнамоцтвы разглядаць кананічныя і дагматычныя адступленні ў дзейнасці апошняга. Разам з Памесным саборам для вырашэння найбольш важных пытанняў рэлігійнага жыцця Рускай праваслаўнай царквы раз у 2 гады склікаюцца Архіерэйскія саборы. На іх заслухоўваецца справаздача аб дзейнасці патрыярха і самі яны падпарадкоўваюцца Памеснаму сабору, на якім зацвярджаюцца іх рашэнні.

Персанальнай галавой Рускай праваслаўнай царквы з'яўляецца Патрыярх Маскоўскі і ўсёй Русі. Ён мае першынство гонару перад іншымі епіскапамі кіруе царквой разам са Свяшчэнным Сінодам, дае справаздачу толькі Памеснаму і Архіерэйскаму саборам. У перыяды паміж саборамі яму належыць вышэйшая ўлада ў пытаннях веравучэння, царкоўнага кіраўніцтва і суда. Ён прызначае архіерэяў і кантралюе іх дзейнасць, узнагароджвае тытуламі і вышэйшымі царкоўнымі ўзнагародамі, ажыццяўляе сувязі з іншымі цэрквамі і арганізацыямі.

Пры патрыярху знаходзіцца дарадчы орган Свяшчэнны Сінод, які складаецца са старшыні (патрыярх), пяці пастаянных і пяці часовых членаў (архіерэі). Ён збіраецца два разы ў год для вырашэння пытанняў унутранай і знешняй дзейнасці царквы. У Свяшчэнным Сінодзе для арганізацыі розных накірункаў працы створана 8 аддзелаў: знешніх царкоўных зносін, вучэбны, кіравання справамі патрыярха, гаспадарчы, пенсійны, выдавецкі, дабрачыннасці і сацыяльнага служэння, катахізацыі.

Праваслаўная царква на Беларусі з 1989 г. мае статус экзархата (ад грэч.exarchos -- галава, кіраўнік, намеснік) і валодае вызначанай самастойнасцю. Яна мае дзве афіцыйныя назвы: “Беларускі экзархат Маскоўскай патрыярхіі” і “Беларуская праваслаўная царква”. Узначальвае яе Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усёй Беларусі. Пры ім у якасці дарадчага органа знаходзіцца Сінод Беларускай праваслаўнай царквы, які складаецца са старшыні (мітрапаліт) і 10 членаў (архіерэі).

На Беларусі 11 праваслаўных епархій: Мінская, Магілёўская, Брэсцкая, Гродзенская, Гомельская, Віцебская, Полацкая, Пінская, Тураўская, Навагрудская, Бабруйская. Вышэйшым кіруючым органам епархіі з'ўляецца епархіальны сход, які збіраецца не радзей аднаго разу ў год. Складаецца ён з роўнай колькасці прадстаўнікоў духавенства і веруючых, яго старшынёй з'яўляецца правячы архіерэй. Да ліку асноўных функцый епархіяльнага сходу належаць: абранне членаў епархіяльнага савета і дэпутатаў ад епархіі на Памесны сабор, стварэнне неабходных епархіяльных устаноў, заслухоўванне справаздач епархіяльнага кіраўніцтва аб стане епархіі і прыняцце па ім рашэнняў, назіранне за царкоўным жыццём у епархіі.

Выканаўчым органам епархіяльнага сходу з'яўляецца епархіяльны савет. Ствараецца не менш чым з 4 чалавек у сане прэсвітэра, палова з якіх прызначаецца правячым архіерэем, а палова выбіраецца епархіяльным сходам на адзін год. Старшынёй епархіяльнага савета з'яўляецца архіерэй. Да ліку асноўных абавязкаў епархіяльнага савета адносяцца: назіранне за дзейнасцю прыходаў, рэвізія епархіяльных устаноў, вырашэнне пытанняў будаўніцтва і рамонту, а таксама пытанні царкоўнага суда.

Для ажыццяўлення кіраўніцтва епархіяй пры архірэі знаходзіцца епархіяльнае ўпраўленне. Прызначае супрацоўнікаў епархіяльнага ўпраўлення і кантралюе іх дзейнасць архірэй.

Ніжэйшай і пачатковай ячэйкай праваслаўнай царквы з'яўляецца прыход  суполка духавенства і веруючых, якая аб'ядноўваецца пры храме. Прыходская суполка ствараецца па добраахвотнай згодзе не менш чым з 20 чалавек, якія дасягнулі 18 год, і рэгіструецца ва ўстаноўленым законам парадку. Кіруючым органам прыхода з'яўляецца прыходскі сход, які склікаецца настаяцелем храма не радзей аднаго разу ў паўгода, для разгляду і прыняцця рашэнняў па арганізацыйных, фінансава-гаспадарчых і іншых пытаннях. Членам прыходскага сходу можа быць любы прыхаджанін, які дасягнуў 18 год і не знаходзіцца пад царкоўным або грамадзянскім судом.

Выканаўчым органам прыходскага сходу, які ім выбіраецца, з'яўляецца прыходскі савет. Як правіла, ён складаецца са старшыні, намесніка старшыні, скарбніка і не менш трох членаў рэвізійнай камісіі. На 1 студзеня 2009 г. на Беларусі зарэгістраваны 1473 праваслаўны прыход.

Беларуская Праваслаўная царква з кожным годам пашырае выдавецкую дзейнасць. Зараз выдаецца тры часопісы, дзесяць газет, іншая рэлігійная літаратура. Узмацняецца супрацоўніцтва царквы і навуковай інтэлігенцыі. Традыцыйнымі зрабіліся Мінскія епархіальныя чытанні, Свята-Еўфрасінеўскія педагагічныя чытанні, Кірыла-Мефодзіеўскія чытанні, у 2002 годзе ўпершыню прайшлі Полацкія чытанні.

Кадры свяшчэннаслужыцеляў рыхтуюцца ў 5 духоўных навучальных установах, самыя вялікія з якіх – Мінская духоўная акадэмія і семінарыя. Знаходзяцца яны ў вёсцы Жыровічы Гродзенскай вобласці. У семінарыю паступіць можа любы праваслаўны веруючы мужчынскага полу, які мае рэкамендацыю свайго правячага архіерэя і паспяхова здасць уступныя экзамены. У акадэмію паступаюць выпускнікі семінарый, якія праявілі здольнасць да навуковай дзейнасці ў галіне тэалогіі.

Таксама ў Мінску пры недзяржаўным Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў 1998 годзе быў створаны тэалагічны факультэт, які рыхтуе студэнтаў па дзвюх спецыяльнасцях – ''багаслоў'' і ''выкладчык багаслоўя''. Зараз гэта інстытут тэалогіі пры Беларускім дзяржаўным універсітэце

На тэрыторыі Беларусі ёсць 31 праваслаўны манастыр: 13 мужчынскіх і 18 жаночых. Узначальваюцца яны настаяцелямі, якія падпарадкоўваюцца мясцовым правячым архіерэям.

Таксама на тэрыторыі Беларусі ёсць 14 праваслаўных брацтваў, 9 сястрыцтваў, у прыходах працуе больш за 400 нядзельных школаў.

Значна пашырыла Беларуская Праваслаўная царква сваю дзейнасць ў галіне дабрачыннай працы – гэта дапамога дзіцячым дамам, дамам для састарэлых і інвалідаў, бальніцам.

Адзначым, што праваслаўе – гэта той рэлігійны кірунак, які найбольш шчыльна супрацоўнічае зараз з дзяржавай. Зацікаўленасць ва ўзаемадзеянні, выяўленая як з боку кіраўніцтва Беларусі, так і з боку кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы прывялі да падпісання 12 чэрвеня 2003 года Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай царквой. Гэтае пагадненне падпісана ў адпаведнасці з Арт. 8 закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці знаходзіцца 197 праваслаўных прыходаў, дзейнічае 182 культавых будынкаў, працуе 241 свяшчэннаслужыцель, ёсць 6 манастыроў. Ідзе супрацоўніцтва з органамі ўлады ў межах абласной Комплекснай праграмы па выкананні Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай царквой.

Сталі традыцыйнымі Свята-Еўфрасінеўскія, Калядныя і Пакроўскія чытанні, духоўна-асветніцкая выстава-кірамаш “Беларусь Праваслаўная”.

Праводзіцца сумесная работа Упраўлення аховы здароўя і Свята- Ціхвінскага жаночага манастыра ў анкалагічных і псіятрычных бальніцах, а таксама ў бальніцы сестрынскага догляду ў вёсцы Старыя Дзятлавічы Гомельскага раёна.

Упраўленнем адукацыі сумесна са святарамі Свята-Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора арганізавана падрыхтоўка настаўнікаў па курсу “Асновы праваслаўнай культуры”.

Епархіяльныя ўпраўленні праводзяць вялікую дабрачынную дзейнасць у дзіцячых дамах, установах закрытага тыпу, дамах састарэлых.

Усё праваслаўнае духавенства падзяляецца на белае і чорнае. Белае духавенства складаецца з жанатых свяшчэннікаў, але ажаніцца яны могуць толькі адзін раз. Нават калі жонка памерла і ёсць малыя дзеці, якіх трэба выхоўваць, ажаніцца другі раз свяшчэннік не мае права. Чорнае духавенства – гэта святары, якія прынялі манаства. Толькі прадстаўнікі чорнага духавенства могуць стаць архіерэямі.



Стараверства ўзнікла ў Расіі ў сярэдзіне ХVII ст. у выніку царкоўнага расколу, прычынай для якога паслужыла рэформа, праведзеная патрыярхам Ніканам з мэтай уніфікацыі абрадаў і выпраўлення богаслужэбных кніг.

Былі скарочаны царкоўныя службы, адменены зямныя паклоны, слова "Ісус'' сталі пісаць з дзвюма “і” ў пачатку, "алілуйя" сталі казаць не два, а тры разы, замест двух пальцаў пачалі хрысціцца трыма, разам з васьміканцовым крыжом сталі шанаваць шасці- і чатырохканцовы і г.д.

Рэформа Нікана выклікала рашучае супраціўленне часткі духавенства і веруючых, якія сталі называцца стараверамі. Трэба сказаць, што ў стараверства адышла найбольш адданая сваім поглядам частка рускага грамадства, якая адчувала несправядлівасць рэформы. Большасць жа пакарылася пад ціскам улад.

Старыя абрады і іх прыхільнікі былі пракляты на Маскоўскім памесным саборы ў 1666 -- І667 гг. Пачаліся праследаванні старавераў з боку царскіх улад. Руская праваслаўная царква была дзяржаўнай і непрыняцце рэформы разглядалася як дзяржаўнае злачынства. Старавераў білі батагамі, саджалі ў турмы, палілі.

Амаль адразу пасля свайго ўзнікнення стараверства падзялілася на два накірункі: папоўцаў і беспапоўцаў. Першыя мелі святароў і займалі адносна памяркоўныя пазіцыі: маліліся за цара і прызнавалі афіцыйную царкву. Беспапоўцы не мелі святароў, называлі цара Антыхрыстам, а афіцыйную царкву -- установай Сатаны. У далейшым папоўства і беспапоўства падзялілася на дробныя накірункі: толкі і згоды.

На тэрыторыі Беларусі стараверы з'явіліся ў другой палове ХVII ст. У 1685 г. імі быў заснаваны горад Ветка, які неўзабаве ператварыўся ў галоўны цэнтр папоўства. Была ўтворана свая веткаўская згода, якая стаяла на памяркоўных пазіцыях. Веткаўцы асуджалі самаспальванне, прызнавалі іконы, напісаныя іншавернымі майстрамі, не лічылі грахом разам есці з прадстаўнікамі афіцыйнай царквы.

Урад Рэчы Паспалітай стварыў спецыяльную камісію, якая разгледзела веравучэнне веткаўскіх старавераў і прыйшла да высновы, што яны "не належаць да ліку небяспечных для дзяржавы і царквы сектантаў''. Кароль Ян Сабескі выдаў грамату аб вольным жыхарстве раскольнікаў у польскіх межах, пры поўнай незалежнасці ад каталіцкага духавенства ў адпраўленні веры і абрадаў.

Ветка багацела і развівалася як гандлёвы і рамесны цэнтр. Сюды прыходзілі тысячы старавераў з Расіі, каб "узмацніцца ў веры". Паступова вакол Веткі ствараюцца стараверскія слабоды. У 1722 г. іх было 23: Мільча, Касцюковічы, Буда, Гродня, Тарасаўка і інш. Агульная колькасць старавераў дасягала тут 40 тыс.

Дзейнасць веткаўскіх старавераў прыцягнула ўвагу рускага ўрада. Карыстаючыся бязладдзем у Рэчы Паспалітай, у 1735 г. быў зроблены з Расіі ваенны паход на Ветку. Стараверскія манастыры і цэрквы былі спалены, а 14 тысяч жыхароў вывезена ў Расію. Аднак гораду ўдалося адрадзіцца, і ў 1764г. робіцца другі паход на Ветку, пасля якога яна страчвае сваё значэнне як цэнтр стараверства.

У 1971 г. на Памесным саборы рускай праваслаўнай царквы ў Маскве са старавераў быў зняты праклён і тым самым створаны кананічныя ўмовы для пераадолення расколу. Аднак гэтага не адбылося. Стараверы і дагэтуль даволі адмоўна ставяцца да "ніканаўцаў".

Зараз на Беларусі большасць старавераў складаюць беспапоўцы, асноўная колькасць якіх жыве ў Віцебскай вобласці. Папоўцы ў нашай краіне належаць да двух арганізацыйных структур, цэнтры якіх знаходзяцца ў Расіі: Рускай праваслаўнай стараверскай царквы на чале з мітрапалітам Маскоўскім і ўсёй Русі (Масква) і Рускай Стараправаслаўнай царквы на чале з архіепіскапам Навазыбкаўскім, Маскоўскім і ўсёй Русі (г. Навазыбкаў, Бранскай вобл). На 1 студзеня 2009 г. на Беларусі зарэгістравана 32 суполкі старавераў.

Другой па колькасці прыхільнікаў у нашай рэспубліцы з’яўляецца каталіцкая царква. Каталіцтва на тэрыторыі Беларусі мае доўгую гісторыю. Заходнія місіянеры прыходзілі на нашы землі яшчэ ў IX ст. Масавае распаўсюджанне каталіцтва на тэрыторыі Беларусі пачалося пасля заключэння вялікім князем Ягайлам у 1385 г. Крэўскай уніі з Польшчай, адной з умой якой было хрышчэнне літоўцаў-язычнікаў па заходняму абраду. На тэрыторыі ж Беларусі падаўляючая колькасць веруючых належала да праваслаўнай царквы. У асноўным гэта былі сяляне. Магнаты ж і шляхта прымалі каталіцтва.

У ВКЛ каталіцтва было пануючай рэлігіяй. Пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай становішча каталіцтва рэзка змянілася. З пануючай рэлігіі яно ператварылася ў цярпімую.

Католікі былі апазіцыйна настроены супраць урада. Абумоўлена гэта было, па-першае, тым, што магнаты і шляхта, якія ў асноўным належалі да каталіцтва, марылі аб адраджэнні Рэчы Паспалітай і, па-другое, незадаволенасцю каталіцкага духавенства пагаршэннем свайго прававога становішча.

Католікі прынялі актыўны ўдзел у паўстаннях І830 -- І83І і 1863 гг., таму супраць каталіцкай царквы пачаліся рэпрэсіі. Прававое становішча каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі змянілася пасля таго, як 17 красавіка 1905 г. Мікалаем П быў выдадзены "Именной Высочайший указ Правительствующему Сенату", які атрымаў вядомасць як указ аб верацярпімасці. Згодна з ім дазваляўся пераход з праваслаўя ў іншыя канфесіі, што раней у Расійскай імперыі лічылася крымінальным злачынствам. У выніку, за 1905 -- 1907 гг. у каталіцтва па Расійскай імперыі перайшло больш за 170 тыс. чалавек, і асноўная частка іх прыходзілася на беларускія губерніі. Вельмі важным пунктам указу аб верацярпімасці быў загад пры выкладанні Закона Божага для прадстаўнікоў непра­васлаўных канфесій карыстацца "прыроднай мовай вучняў''. На Беларусі адразу ж узнікла пытанне, якую мову лічыць для тутэйшых католікаў роднай. Большасць каталіцкага духавенства па традыцыі лічылі, што гэтай мовай з'яўляецца польская, расійскія чыноўнікі — руская. Родная мова беларусаў не ўлічвалася.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі савецкія ўлады праводзілі ў адносінах да каталіцкай царквы больш жорсткую палітыку, чым да праваслаўнай, бо лічылі яе вельмі небяспечнай. Усе каталіцкія святары, якія ў часы савецкай ўлады працавалі ў Гомелі, прайшлі праз рэпрэсіі, большасць з іх была расстраляна.

Адраджэнне каталіцтва на Беларусі пачалося ў канцы 80-х гг. З 1987 г. адбываецца няўхільны рост колькасці прыходаў і вернікаў. Вялікі ўплыў на гэты працэс аказала сустрэча Генеральнага сакратара ЦК КПСС Прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова з папам Янам Паўлам П, якая адбылася 1 снежня 1989г.

Зараз каталіцтва разам з праваслаўем разглядаецца ўладамі Беларусі як традыцыйная рэлігія, якая мае доўгую гісторыю на нашых землях.

Каталіцкая царква ўяўляе сабой адзіную цэнтралізаваную арганізацыю. Яе кіраўніком з'яўляецца Папа Рымскі. Афіцыйна ягоны тытул гучьць так: Біскуп Рыма, Намеснік Ісуса Хрыста, Пераемнік Князя Апосталаў, Вярхоўны Патрыярх Усяленскай Царквы, Патрыярх Захаду, Прымас Італіі, Архібіскуп і Мітрапаліт Рымскай правінцыі, Манарх дзяржавы-горада Ватыкана, Раб Рабоў Божых. Выбіраецца папа кардыналамі (ад лац. cardinalis -- галоўны, асноўны) на спецыяльным сходзе — канклаве (ад лац. cum clave -- пад ключом) пажыццёва. Зараз гэта адбываецца наступным чынам. Калі памірае стары папа, кардыналы, якія маюць права прымаць удзел у канклаве (тыя, узрост якіх не перавышае 80 год), з'язджаюцца ў Рым, заходзяць у памяшканне Сіксцінскай капэлы Апостальскага палаца ў Ватыкане, і за імі зачыняюцца дзверы. Раней, каб пазбегнуць знешняга ўплыву на выбары папы, уваход замуроўваўся. Кардыналы знаходзяцца ў Сіксцінскай капэле, пакуль не выберуць папу. Ежу ім падаюць праз спецыяльнае акенца. Выбары адбываюцца шляхам тайнага галасавання пры дапамозе бюлетэняў. Кандыдат у папы павінен набраць 2/3 галасоў плюс яшчэ адзін голас. Калі патрэбная колькасць галасоў не набрана, бюлетэні спальваюцца ў печцы разам з воглай саломай. Тады з коміна ідзе чорны дым, які з'яўляецца знакам, што папа яшчэ не абраны. Калі кандыдат набраў патрэбную колькасць галасоў, спальваюцца толькі бюлетэні. 3 коміна ідзе белы дым, які паказвае, што адбыліся выбары папы. Тады адчыняюцца дзверы, і новы папа разам з кардыналамі выходзіць з Сіксцінскай капэлы.

Усяго ў гісторыі было 263 папы. 3 2005 г. Рымскім папам з’яўляецца Бенедыкт ХVI, былы нямецкі кардынал Ёзэф Рацынгер.

Папа з'яўляецца кіраўніком Ватыкана — карлікавай дзяржавы, якая займае некалькі кварталаў у Рыме вакол сабора Святога Пятра. Узнік Ватыкан у 1929 г. замест былой Папскай вобласці, якая існавала з 756 па 1870 гг. і ўключала ў сябе некалькі італьянскіх правінцый. Падставай для яго ўзнікнення з'явілася пагадненне, падпісанае паміж папам Піем XI і ўрадам Мусаліні. Ватыкан займае тэрыторыю ў 44 гектары і мае ўсе дзяржаўныя атрыбуты: герб, сцяг, гімн, сімвалічнае войска са швейцарскіх гвардзейцаў. Як суверэнная дзяржава Ватыкан падтрымлівае дыпламатычныя адносіны больш як са ста краінамі. Паслы Ватыкана называюцца нунцыямі (лац. nuntius -- веснік).

Згодна з канстытуцыяй Ватыкана, Рымскаму папе належыць вышэйшая заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада. Кіруючы орган каталіцкай царквы мае назву Святы Прастол. Кіраўніцтва Ватыканам і царквой папа ажыццяўляе праз цэнтральны адміністратыўны апарат — Рымскую курыю. Папа з'яўляецца аднаасобным кіраўніком каталіцкай царквы, і яму належыць рашаючы голас ва ўсіх справах. Аднак сваю ўладу ён ажыццяўляе ў адзінстве з біскупамі і выносіць меркаванні па важных пытаннях, толькі параіўшыся з імі. Пры папе дзейнічае дарадчы орган — Сінод, які склікаецца адзін раз у тры гады. У яго склад уваходзяць патрыярхі і мітрапаліты ўсходніх каталіцкіх цэркваў, кіраўнікі нацыянальных епіскапскіх канферэцый і манаскіх ордэнаў, а таксама асобы, персанальна прызначаныя папам. Для вырашэння найбольш важных царкоўных пытанняў папы збіраюць саборы. Рашэнні сінодаў і сабораў набываюць абавязковую сілу пасля таго, як іх падпіша папа.

На рэгіянальным узроўні існуюць епіскапсккія канферэнцыі, якія перыядычна збіраюцца на свае пасяджэнне. У час паміж канферэнцыямі дзейнічаюць абраныя імі кіруючыя органы. Ёсць епіскапскія канферэнцыі краін Еўропы, Лацінскай Амерыкі:, Азіі і Афрыкі. На іх вырашаюцца праблемы каталіцкай царквы дадзенага рэгіёну. Канферэнцыю каталіцкіх епіскапаў Беларусі ўзначальвае кіраўнік Гродзенскай епархіі епіскап Аляксандр Кашкевіч.

Нацыянальныя каталіцкія цэрквы зараз карыстаюцца значнай самастойнасцю, асабліва ў эканамічнай сферы. Частку свайго даходу яны адлічваюць у бюджэт Ватыкана, астатнім распараджаюцца самі. Кіруюць нацыянальнымі каталіцкімі цэрквамі кардыналы, патрыярхі, мітрапаліты, архібіскупы ці біскупы, якіх прызначае па­па. Называюцца яны прымасамі (лац. primas -- той, хто мае першынство). Для вырашэння мясцовых праблем прымасы склікаюць нацыянальныя сіноды з прадстаўнікоў духавенства і веруючых.

Асноўнай структурнай адзінкай каталіцкай царквы з'яўляецца епархія. Узначальваецца яна біскупамі, якіх прызначае папа і якія непасрэдна з ім зносяцца. Пры іх існуюць епархіяльныя ўпраўленні для вырашэння штодзённых праблем.

Асаблівасцю каталіцкай царквы з'яўляецца наяўнасць манаскіх ордэнаў — арганізацый манахаў ці манашак, створаных для ажыццяўлення канкрэтнага віду дзейнасці: дабрачыннасці, адукацыі, дапамогі хворым, прапаганды веры і г.д. У каталіцкай царкве існуе звыш 150 манаскіх ордэнаў. Некаторыя з іх дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. Таксама ёсць шматлікія арганізацыі верую­чых для выканання самых розных задач.

Зараз у каталіцкай царкве налічваецца каля 4,5 тыс. біскупаў, каля 450 тыс. святароў і каля мільёна манахаў і манашак. Усе яны выконваюць цэлібат (ад лац. caelebs -- нежанаты) -- зарок бясшлюбнасці.

На Беларусі на 1 студзеня 2009 г. існавала 467 каталіцкіх прыходаў. Кіруючым органам прыхода з'яўляецца прыходскі сход, які выбірае выканаўчы орган — прыходскі савет. Апошні складаецца са старшыні, яго намесніка, скарбніка і членаў рэвізійнай камісіі.

Ёсць чатыры епархіі: Мінска-Магілёўская, Пінская, Гродзенская і Віцебская. Пінскай епархіяй, куды ўваходзіць тэрыторыя Гомельскай вобласці кіруе кардынал Казімір Свёнтак.

Для падрыхтоўкі святароў існуюць каталіцкія семінарыі ў Гродна і Пінску, выкладанне ў першай з іх вядзецца пераважна на польскай мове, у другой – на беларускай.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці знаходзяцца 17 прыходаў Рыма-каталіцкай царквы Пінскай епархіі. Яны падзелены на два дэканаты (Гомельскі і Мазырскі). У прыходах служаць 11 свяшчэннаслужыцеляў, 6 з якіх замежныя грамадзяне.

Пры гомельскім прыходзе Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі працуе дабрачынная арганізацыя “Caritas – Милосердие”, аказваецца дапамога найбольш бедным людзям. У верасні 1991 г. у Гомель прыехалі манашкі ордэна Маці Тэрэзы ( “Місіянеркі любві”). Гэты ордэн працуе па ўсім свеце сярод самых абяздоленых людзей, яго заснавальніца Маці Тэрэза Калькуцкая ў 1979 г. атрымала Нобелеўскую прэмію “За дзейнасць у дапамогу чалавецтву ў пакутах”. У 2003 г. яна была абвешчана Папам Янам Паўлам ІІ блажэннай. Зараз у Гомелі 6 манашак гэтага ордэна: з Індыі, Конга і Польшчы.

З 1997 г. ў Журавіцкім доме для дзяцей-інвалідаў, ад якіх адмовіліся бацькі, Рагачоўскага раёна працуюць чатыры манашкі ордэна Бенедэктынак-самарыцянак. У Навабеліцы будуецца дом і цэнтр рэабілітацыі для дзяцей-сірат з цяжкімі формамі інваліднасці, працаваць у якім будуць бенедэктынкі-самарыцянкі. Таксама каталіцкімі прыходамі Гомельскай вобласці аказваецца дапамога Петрыкаўскаму дому састарэлых.

Згодна з рашэннямі Другога Ватыканскага сабора, служба ў Гомельскай каталіцкай царкве вядзецца на нацыянальнай, гэта значыць, беларускай мове. Але трэба ўдакладніць, што па-беларуску гаворацца асноўныя богаслужэбныя формулы, а казанне адбываецца на той мове, якая больш зразумелая людзям, гэта значыць, па-руску. Ёсць адна служба, у нядзелю, цалкам на польскай мове.



Уніяцтва (ад лац. unio -- саюз, аб'яднанне) — рух у хрысціянстве, заснаваны на аб'яднанні з каталіцтвам іншых хрысціянскіх накірункаў на ўмовах вяршынства Папы Рымскага і прыняцця каталіцкіх дагматаў пры захаванні своеасаблівасцей культу.

Найбольш вядомай спробай аб'яднання з'яўляецца Брэсцкая унія, якая была заключана ў 1596 г. у Брэсце па ініцыятыве кіраўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ. Уніяцтва аказала вельмі вялікі ўплыў на развіццё нашай культуры. Яго лёс быў цяжкі: яно ліквідавалася спачатку па ініцыятыве царскіх улад на Полацкім саборы 1839 года, а потым – па ініцыятыве савецкіх на Львоўскім саборы 1946 года.

Новае адраджэнне уніяцтва на Беларусі пачалося ўжо ў пасля-перабудовачны час. У 1989 г. была арганізавана уніяцкая суполка ў Гомелі, а ў 1990 г. у Мінску. На 1 студзеня 2008 г. у Беларусі зарэгістравана 14 уніяцкіх суполак. Ёсць адна суполка ў Гомелі. Дзейнічае уніяцкі кляштар у Полацку. Уніяцкая царква на Беларусі і Украіне называецца грэка-ка­таліцкай.

Вялікую ролю ў рэлігійным жыцці сучаснай Беларусі адыгрывае пратэстанцтва з яго шматколькаснымі накірункамі.

Пратэстанцтва ўзнікла ў 16 стагоддзі ў Заходняй Еўропе ў выніку Рэфармацыі – руху за пераўтварэнне каталіцкай царквы, пераадоленне недахопаў яе жыцця і набліжэнне яе да простых веруючых. Пачынальнікам Рэфармацыі з'явіўся нямецкі прафесар тэалогіі манах Марцін Лютэр (1483—1546). Падставай для ягонага выступлення паслужыў гандаль індульгенцыямі. Вынікі сваіх разважанняў у выглядзе 95 тэзісаў Лютэр абнародаваў 31 кастрычніка І5І7 г. Яны былі палемічна завостраны супраць гандлю індульгенцыямі. Сэнс іх зводзіўся да сцвярджэння, што выключна праз глыбокае пакаянне і дзеянне міласці Божай чалавек атрымлівае сапраўдную веру, якая толькі і можа апраўдаць чалавека перад Богам. Што тычыцца добрых спраў (знешніх праяў набожнасці), да якіх адносіцца і набыццё індульгенцый, то яны пазбаўлены ўсякай каштоўнасці, калі не больш таго -- шкодныя. Значэнне ўсяго знешняга боку культу і самой царквы, прызванай яго адпраўляць, тым самым ставілася пад пытанне.

Група нямецкіх князёў правяла ў сваіх уладаннях рэформы ў духу ідэй Лютэра. У 1526 г. Шпеерскі рейх­стаг (сход), па патрабаванні лютэран, прыняў пастанову аб праве кожнага нямецкага князя выбіраць рэлігію для сябе і сваіх падданых. Аднак другі Шпеерскі рэйхстаг у 1529 г. адмяніў пад ціскам імператара гэтую пастанову. У адказ князі-лютэране заявілі пратэст. Менавіта з гэтай падзеяй звязана ўзнікненне тэрміна "пратэстанцтва", які сталі ўжываць для абазначэння кірункаў у хрысціянстве, звязаных па сваім паходжанні з Рэфармацыяй.

Рэфармацыя адбывалася таксама і ў іншых краінах Еўропы. У Швейцарыі французскі тэолаг Жан Кальвін паклаў пачатак кальвінісцкай царквы , а ў Англіі кароль Генрых VІІІ – англіканскай.

Рэфармацыя на Беларусі з'яўляецца часткай агульнаеўрапейскага рэфармацыйнага руху і мела тыя ж перадумовы, што і ў іншых краінах: значныя зрухі ў эканамічным і сацыяльна-культурным жыцці, гаспадарчы ўздым, эвалюцыя гарадоў, абвастрэнне супярэчнасцей унутры правячых колаў.

Мы каротка ахарактарызуем дзейнасць на Беларусі асноўных неапратэстанцкіх цэркваў.

Баптысты. Гэтая царква ўзнікла ў пачатку ХVІІ ст. у Англіі. Само слова "баптызм" паходзіць ад грэчаскага дзеяслова ''baptizo'' -- "акунаць", ''хрысціць у вадзе". 3 хрысціянскіх таінстваў баптысты прызнаюць хрышчэнне і прычашчэнне, але лічаць іх простымі абрадамі, якія сведчаць аб веры. Верыць жа можа толькі той, каго Бог прадвызначыў да выратавання. Баптысты не прызнаюць хрышчэння ў дзіцячым узросце і хрысцяць дарослых. Таму, калі ў іх суполку жадае ўступіць чалавек, які быў хрышчаны ў маленстве, яго перахрышчваюць. Баптысты лічаць, што хрышчэнне павінна быць свядомым актам, таму яму папярэднічае перыяд падрыхтоўкі, які доўжыцца не менш года. Чалавек ходзіць на малітоўныя сходы, вывучае Біблію, выконвае асобныя даручэнні. Потым з ім размаўляюць больш вопытныя члены суполкі і калі ўпэўніваюцца, што ён канчаткова стаў на шлях веры, яго дапускаюць да хрышчэння. Папярэдне чалавек павінен яшчэ адкрыта пакаяцца на сходзе суполкі ў сваіх грахах. Хрысцяць баптысты, як правіла, у адкрытых вадаёмах: рэках, азёрах, сажалках. Пры вялікіх малітоўных дамах ёсць спецыяльныя памяшканні для хрышчэння -- баптыстэрыі, але на Беларусі іх няма. Абрад хрышчэння часцей за ўсё робіцца над групай людзей. Яны пераапранаюцца ў спецыяльнае белае адзенне, потым разам з прэсвітэрам заходзяць у ваду і ён, кажучы малітву, тройчы акунае кожнага з іх. Толькі пасля хрышчэння чала­век робіцца паўнапраўным членам суполкі і можа ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў.

Абрад хлебапераламлення (прычашчэння) баптысты робяць у першы тыдзень кожнага месяца. Ён асэнсоўваецца як нагадванне аб Тайнай Вячэры, калі Хрыстос святкаваў Пасху са сваімі вучнямі -- і "пераламіў з імі хлеб". У баптызме таксама ёсць асаблівыя рытуалы шлюбу і пахавання і абрад пасвячэння ў прэсвітэры.

3 хрысціянскіх святаў баптысты адзначаюць толькі тыя, якія прысвечаны Ісусу Хрысту: Пасху, Раство, Узнясенне і г.д. Ёсць і спецыфічнае свята -- Дзень жніва (адзначаецца ў верасні). На ім веруючыя выказваюць падзяку Богу за ўсё тое, што ён даў людзям за год, а таксама падводзяць вынікі сваей місіянерскай дзейнасці, "духоўнага жніва". Згодна з пратэстанцкім прынцыпам усеагульнасці свяшчэнства кожны баптыст абавязаны прапаведваць сваю веру. Тое, колькі чалавек ён прывёў у суполку, з'яўляецца паказчыкам ягонага служэння Богу.

Веравучэнне баптыстаў агульнапратэстанцкае. Адзінай яго крыніцай лічыцца Біблія, але прызнаецца таксама Апостальскі сімвал веры. Асаблівая ўвага надаецца вучэнню аб выкупляльнай ахвяры Ісуса Хрыста, які сваімі пакутамі і смерцю ўжо выкупіў грахі кожнага чалавека. Каб чалавек далучыўся да гэтай ахвяры, ад яго патрабуецца толькі вера. Праз веру адпускаюцца грахі. У веруючага чалавека ўваходзіць Святы Дух і адбываецца яго адраджэнне. Пасля гэтага веруючыя атрымліваюць адзін дух з Хрыстом, робяцца братамі і сёстрамі Хрыста і адзін аднаго.

Баптысты вераць у сваю богаабранасць, знешнім паказчыкам якой лічаць выкананне маральных абавязкаў перад Богам і блізкімі, таму ў баптызме вельмі строгая мараль. Забаронена курэнне, ужыванне спіртных напояў, брыдкаслоўе, супружніцкая здрада. Калі чалавек парушае маральныя нормы, робіцца выснова аб няшчырасці ягонай веры, і ён можа быць выключаны з абшчыны. Адной з асноўных нормаў баптысцкай этыкі з'яўляецца абавязак сумленна працаваць. Як правіла, для баптыстаў характэрна высокая ступень працавітасці і ўзаемадапамогі. Суполка баптыстаў -- гэта згуртаваны калектыў адзінадумцаў, якія падтрымліваюць адзін аднаго як матэрыяльна, так і духоўна.

Знешні і ўнутраны выгляд малітоўных дамоў баптыстаў вельмі просты. Адсутнічаюць іконы, распяцці, роспісы сцен, алтар, арган. На цэнтральнай сцяне звычайна напісана цытата з Бібліі "Бог ёсць любоў" (I Ян, 4, 8). Ёсць узвышэнне (сцэна), дзе стаіць кафедра, стол, за якім сядзяць кіраўнікі суполкі і госці, раяль, месца для хору.

Богаслужэнне ў баптыстаў адбываецца два-тры разы на тыдзень. Складаецца з чытанняў Бібліі, спявання псалмоў, пропаведзі.

Кіруе баптысцкай абшчынай выбарны савет на чале з прэсвітэрам. Апошні не валодае ніякімі асаблівымі правамі, не мае спецыяльнага адзення, выбіраецца абшчынай, зарплату атрымлівае з яе ахвяраванняў. Ёсць абласныя саветы, якія складаюцца з прэсвітэраў суполак і ўзначальваюцца старэйшымі прэсвітэрамі вобласці, а таксама рэспубліканскі савет, які складаецца са старэйшых прэсвітэраў абласцей і іх намеснікаў і ўзначальваецца старэйшым прэсвітэрам рэспублікі. Перыядычна адбываюцца рэспубліканскія з'езды, на якіх абмяркоўваюцца найбольш важныя пытанні. Рашэнні абласных і рэспубліканскіх саветаў, а таксама з'ездаў не з'яўляюцца абавязковымі для суполак.

На тэрыторыі Беларусі баптызм з'яўляецца ў канцы XIX ст. Афіцыйная праваслаўная царква разглядала яго як шкодную секту, і баптыстаў праследавалі. Паляпшацца іх становішча пачало пасля ўказу аб верацярпімасці 1905 г. Савецкія ўлады таксама спачатку не асабліва праследавалі секты, бо лічылі іх пацярпелымі ад царызму. Таму ў 20-х гг. назіраецца рост і актывізацыя іх дзейнасці. На пачатак 30-х гг. колькасць пратэстанцкіх сект дасягнула 89, але ў гэты час яны ўжо знаходзяцца на нелегальным становішчы. У 1937 г. у БССР усе цэрквы баптыстаў былі зачынены, а многія веруючыя апынуліся ў лагерах. У 1942 г. з мэтай устанаўлення кантролю за дзейнасцю баптысцкіх суполак улады дазволілі ім легалізаваць сваю дзейнасць, і баптысты ў 1944 г. аб'ядналіся з блізкімі ім па веравучэнні евангельскімі хрысціянамі. Быў створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў на чале з Усесаюзным Саветам евангельскіх хрысціян-баптыстаў. У 1945 г. да яго далучылася частка хрысціян веры евангельскай (пяцідзесятнікаў), а у 1963 г. -- брацкія менаніты. У 1960 г. у гэтай арганізацыі адбыўся раскол. Непасрэднай падставай для яго паслужылі разасланыя Усесаюзным Саветам у мясцовыя суполкі "Інструктыўны ліст старэйшым прэсвітэрам" і новае "Палажэнне аб абшчынах ЕХБ", згодна з якімі рэлігійная дзейнасць суполак рэзка абмяжоўвалася і яны падпарадкоўваліся жорсткаму кантролю ўлад. Частка веруючых, у асноўным гэта былі евангельскія хрысціяне, асудзіла такую палітыку кіраўніцтва і выступіла з ініцыятывай склікання Усесаюзнага з'езда, каб абмеркаваць становішча. Тыя суполкі, якія іх падтрымалі, сталі называцца "ініцыятыўнікі" альбо "незарэгістраваныя "баптысты", і жорстка праследаваліся ўладамі. Яны стварылі Саюз цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Такім чынам, з пачатку 60-х гг. на тэрыторыі Савецкага Саюза існавалі дзве паралельныя структуры: Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў і Савет цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Гэтае ж становішча захоўваецца і зараз. На 1 студзеня 2009 г. на Беларусі дзейнічала 269 суполак Евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Колькасць суполак Савета цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў невядомая, бо яны не рэгіструюцца.

Царква пяцідзесятнікаў узнікла ў пачатку XX ст. у ЗША. Яе назва паходзіць ад апісанай у Новым Запавеце падзеі, калі на пяцідзесяты дзень пасля Пасхі на апосталаў сышоў Святы Дух і яны атрымалі здольнасць размаўляць на іншых мовах, лячыць хворых і рабіць прароцтва. Пяцідзесятнікі  тыпова неапратэстанцкая царква. Усе тыя рысы, якія мы назвалі, кажучы аб баптыстах, ёсць і ў пяцідзесятнікаў. Яны прызнаюць хрышчэнне і хлебапераламленне ў якасці абрадаў, якія сведчаць аб веры. Хрысцяць дарослых у адкрытых вадаёмах або басейнах. Хрышчэнне разглядаецца як свядомы акт, і таму яму папярэднічае перыяд падрыхтоўкі не менш года. Перад хрышчэннем чалавек каецца ў грахах. Абрад хлебапераламлення адбываецца ў пяцідзесятнікаў у першую нядзелю кожнага месяца як успамін аб Тайнай Вячэры. Раней хлебапераламленне суправаджалася абрадам мыцця ног, бо згодна з Бібліяй, Хрыстос на Тайнай Вячэры мыў ногі сваім вучням, каб паказаць любоў да іх. Пяцідзесятнікі мылі ногі адзін аднаму: мужчыны -- мужчынам, жанчыны -- жанчынам. Зараз гэты абрад сустракаецца толькі ў некаторых суполках.

Спецыфічным абрадам пяцідзесятнікаў з'яўляецца хрышчэнне Свя­тым Духам, асноўным знакам якога лічыцца размаўленне на іншых мовах. Адбываецца яно па-рознаму. Звычайна чалавек, якога збіраюцца хрысціць Святым Духам, некалькі дзён посціцца, потым у час набажэнства ён разам з суполкай моліцца, просячы аб сыходжанні Святога Духа. Атмасфера пры гэтым эмацыянальна напружаная, што наогул характэрна для богаслужэнняў пяцідзесятнікаў, чалавек хоча пачаць размаўляць на іншых мовах, і даволі хутка ён пачынае выкрыкваць незразумелыя гукаспалучэнні. Гэта з'яўляецца для іншых членаў суполкі знакам, што адбылося хрышчэнне Святым Духам. Загаварыць на іншых мовах можа і той чалавек, якога ў дадзены момант не хрысцяць, або гэта можа адбыцца дома, у працэсе індывідуальнай малітвы.

Самі пяцідзесятнікі згаджаюцца з тым, што іх "іншыя мовы" не зразумелыя нікому: ні таму, хто размаўляе, ні тым, хто слухае. Але яны сцвярджаюць, што размова адбываецца не з людзьмі, а з Богам, які гэтыя мовы разумее.

Лічыцца, што хрышчэнне Святым Духам адбываецца аднойчы, але дар размаўляць на іншых мовах застаецца, і чалавек можа ў далейшым ім карыстацца. Спасылаючыся на Біблію, пяцідзесятнікі называюць 9 дароў Святога Духа: слова мудрасці, слова ведаў, веру, дар лячэння, стварэння цудаў, прароцтва, адрознення духаў, розных моў, тлумачэння моў. У некаторых пяцідзесятніцкіх сектах ёсць людзі, якія тлумачаць мовы. Распаўсюджана практыка лячэння хворых пры дапамозе Святога Духа. Зрэдку гэта дае станоўчы эфект, як вынік псіхатэрапеўтычнага ўздзеяння. Распаўсюджаны сярод пяцідзесятнікаў і дар прароцтваў. Прарокі і прарочыцы ёсць у многіх суполках. Займаюцца яны не прадказаннем будучага, а паведамленнем пра волю Бога.

У малітоўных дамах пяцідзесятнікаў няма ікон, крыжоў алтара, аргана і іншых прадметаў хрысціянскага культу.

Пяцідзесятнікі не з'яўляюцца адзінымі ў арганізацыйным плане і падзяляюцца на шэраг накірункаў, найбольш вялікімі з якіх з'яўляюцца хрысціяне веры евангельскай (ХВЕ), хрысціяне евангельскай веры (ХЕВ) і евангельскія хрысціяне ў духу апостальскім.

На тэрыторыі Беларусі пераважна распаўсюджаны хрысціяне веры евангельскай. З'явіліся яны тут у 20-я гг. Асноўная колькасць іх суполак існавала ў Заходняй Беларусі. У 1945 г. у СССР частка хрысціян веры евангельскай з мэтай легалізацыі сваёй дзейнасці ўвайшла ў склад Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў, бо ўлады суполкі пяцідзесятнікаў не рэгістравалі. Пры гэтым яны павінны былі адмовіцца ад гласалаліі, абраду амавення ног, прароцтваў і экстатычнай культавай практыкі. Такія ўмовы не задавальнялі пяцідзесятнікаў, і ўжо з 1947 г. яны пачынаюць выходзіць з Саюза ЕХБ і існаваць у нелегальным становішчы.

Легалізацыя дзейнасці пяцідзесятнікаў у СССР адбылася у І989 г. На 1 студзеня 2009 г. на Беларусі зарэгістравана 500 суполак хрысціян веры евангельскай. Кіруе імі выбарны савет на чале з прэсвітэрам. Суполкі аб'ядноўваюцца ў акругі, якімі кіруюць епіскапы. Існуе Саюз хрысціян веры евангельскай Беларусі, які ўваходзіць у Сусветны Саюз Асамблей Бога.

Хрысціяне веры апостальскай (Хрысціяне ў духу апосталаў). Гэты накірунак ўзнік ў пачатку ХХ стагоддзя і па сваім змесце падобны з рухам пяцідзесятнікаў. Для его таксама важнае значэнне мела практыка атрымання Дароў Святога Духа,што выклікала крытыку больш кансерватыўных баптыстаў. Таксама іх аб’ядноўвала з пяцідзесятнікамі адмаўленне ад ідэі прадвызначэння ў выратаванні. Апроч гэтага хрысціяне веры апостальскай не прызнаюць Троіцу і вераць у адзінага Бога, які з’явіўся людзям у асобе Ісуса Хрыста. Таксама як і пяцідзесятнікі хрысціяне веры апостальскай ў пасляваенныя гады ў Саюз евагельскіх хрысціян-баптыстаў, і толькі ў 1975 годзе яны вырашылі легалізавацца і прайшлі працэдуру рэгістрацыі. Таксама можна адзначыць, што дадзены накірунак з’яўляецца кансерватыўным, яго прыхільнікі падкрэсліваюць сваю кансерватыўнасць і негатыўна ставяцца да распаўсюджвання харызматычных элементаў, якія прыносяцца перад усім з ЗША.

У Беларусі гэты кірунак быў зарэгістраваны ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя. На 1 студзеня 2009 года на Беларусі налічваецца 9 суполак хрысціян веры апостальскай.



Хрысціяне поўнага Евангелля (харызматы). Узніклі на грунце пяцідзесятніцтва ў 60-я гады ХХ стагоддзя. Адносяцца да руху неапяцідзесятніцтва, складаюць ў ім самы шматколькасны кірунак. Вызначаюцца арыентацыяй на сучасную масавую культуру, выкарыстоўваюць пры набажэнствах элементы рок- і поп-музыкі, сучасныя музычныя інструменты (электрагітары, барабаны, сінтэзатары). На 1 студзеня 2009 года ў рэспубліцы дзейнічала 54 суполкі хрысціян поўнага Евангелля, зарэгістравана рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне, 1 духоўная навучальная ўстанова.

Новаапостальская царква з’явілася ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Германіі з асяроддзя розных пратэстанцкіх накірункаў на грунце так званай Каталіцкай апостальскай царквы, паслядоўнікі якой групіраваліся вакол 12 “апосталаў” і чакалі хуткага другога прышэсця Ісуса Хрыста. У сувязі з тым, што дадзеныя чаканні не спраўдзіліся , у Каталіцкай апостальскай царкве ўзнік новы рух, якое атрымала найбольшае распаўсюджанне ў Германіі. Ён аформіўся ў Новаапостальскую царкву. Арганізацыя, якая ўзнікла, вызначалася разгалінаванай арганізацыйнай структурай і строгай субардынацыяй яе свяшчэннаслужыцеляў. На чале асобнай царквы якой-небудзь краіны або акругі стаіць “апостал”, які валодае для прыхільнікаў арганізацыі вялікім духоўным аўтарытэтам.

У Расіі Новаапостальская царква з’явілася ў другой палове ХІХ стагоддзя, і яе вучэнне распаўсюджвалася сярод лютэран нямецкага паходжання. У 30-я гады ў СССР гэтая царква была ліквідавана. Зноў Расіі яна з’явілася ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1992 г. Была зарэгістравана першая суполка Новаапостальскай царквы ў Беларусі (у Мінску). На 1 студзеня 2009 года ў нашай краіне зарэгістравана 21 суполка і адно аб’яднанне Новаапостальскай царквы.

Рух адвентыстаў узнік у сярэдзіне XIX ст. у ЗША. Яго назва паходзіць ад лац. adventus  “прыход, прышэсце”. Адвентысты чакаюць хуткага Другога прыходу Ісуса Хрыста. Заснавальнікам гэтага руху э'яўляецца былы баптыст Уільям Мілер (І782-І849). Не маючы тэалагічнай адукацыі, ён старанна вывучаў Білію і на падставе яе адвольнага тлумачэння прыйшоў да высновы, што 21 сакавіка 1843 г. адбудзецца Другое прышэсце Ісуса Хрыста. Уражаны гэтым сваім адкрыццём, Мілер у 1831 г. пачаў прапаведаваць, і ў яго назбіралася прыкладна 150-200 тыс. прыхільнікаў. Вясной 1843 г. яны кідалі працу, прадавалі маёмасць і ў белых адзеннях чакалі Другога прышэсця Ісуса Хрыста. Калі чаканай падзеі не адбылося, Мілер сказаў, што ён памыліўся ў сваіх падліках і Другое прышэс­це Хрыста будзе паміж 21 сакавіка 1843 г. і 21 сакавіка 1844 г. Калі ж і гэтае прадказанне не спраўдзілася, давер да Мілера з боку яго паслядоўнікаў быў страчаны, і ён памёр забыты і адзінокі. Але рух адвентыстаў не знік, ён толькі распаўся прыкладна на 20 накірункаў, самым вялікім сярод якіх з'яўляюцца адвентысты сёмага дня. Называюцца яны так таму, што святкуюць не нядзелю, а суботу, якая, згодна з Бібліяй, з'яўляецца сёмым днём тыдня. У гэты дзень ім нельга рабіць ніякую працу. Узнікла секта ў 1863 г. і зараз налічвае каля 5 млн. прыхільнікаў. Яе заснавальніцай з'яўляецца Алена Уайт (І827-І9І5), прароцтвы якой былі пакладзены ў аснову веравучэння адвентыстаў сёмага дня.

Апроч шанавання суботы, другой спецыфічнай рысай адвентыстаў сёмага дня з'яўляецца так званая "Санітарная рэформа", падставай для якой паслужыла адно з прароцтваў Алены Уайт. Лічыцца, што аднойчы ёй з'явіўся анёл і перадаў загад Бога “сваім верным дзецям" весці здаровы лад жыцця. Не рэкамендуецца ўжываць у ежу свініну, тлушч, заечыну, некаторыя віды рыб, піць моцны чай, каву, какаву. Катэгарычна забаронены алкаголь, тытунь, наркотыкі. Кожны адвентыст павінен захаваць свае цела і душу "ва ўсёй цэласнасці без заганы” да Другога прышэсця Ісуса Хрыста. Вельмі вялікую ўвагу адвентысты сёмага дня надаюць прапагандзе здаровага ладу жыц­ця і дабрачыннай дзейнасці. На свае сродкі яны адчыняюць бальніцы, санаторыі, прадпрыемствы па вытворчасці здаровай ежы.

Адвентысты сёмага дня не адмовіліся ад ідэі аб хуткім Другім прышэсці Ісуса Хрыста, але не называюць яго канкрэтных тэрмінаў. Яны лічаць, што ў 1844 г. Хрыстос прыйшоў у "Нябесную святыню" і пачаў суд над праведнікамі, які завершыцца Яго Другім прышэсцем на зямлю. Адвентысты адмаўляюць пекла і рай, а таксама неўміручасць душы. Пасля смерці, па іх меркаванню, душа чалавека знаходзіцца ў асаблівым сне. У час Другога прышэсця Хрыста ўваскрэснуць праведнікі і разам з Хрыстом узнясуцца на неба, дзе будуць царстваваць тысячу гадоў. Пасля гэтага Хрыстос з праведнікамі спусціцца на Зямлю, і для Апошняга суда ўваскрэснуць грэшнікі. Яны разам з дэманамі будуць знішчаны агнём, а на ачышчанай і абноўленай Зямлі застануцца вечна жыць праведнікі. У якасці асноўных абрадаў адвентысты сёмага дня прызнаюць хрышчэнне дарослых і хлебапераламленне. Апошняе робіцца ў адну з субот кожнага квартала, яму папярэднічае абрад мыцця ног. Прызнаюцца таксама і іншыя абрады: пасвячэння ў прэсвітэры, сужэнства, алеяпамазання, пахавання, асвячэння памяшканняў і інш. У адвентыстаў сёмага дня ёсць дзесяціна -- кожны веруючы павінен даваць дзесятую частку ад сваіх прыбыткаў, а ў каго ёсць жаданне – і больш. Справа гэта цалкам добраахвотная, і прымусіць чалавека ніхто не можа.

У малітоўных дамах адвентыстаў сёмага дня няма ікон, крыжоў, алтара, аргана і іншых атрыбутаў хрысціянскага культу. Суполкі кіруюцца выбарным саветам на чале з прэсвітэрам. Ёсць таксама пасвечаныя прапаведнікі, дыяканы, дыяканісы, місіянеры, настаўнікі, евангелісты.

На тэрыторыі Беларусі адвентысты сёмага дня з'явіліся ў пачатку XX ст. У З0-я гг. існавалі ў БССР падпольна, пасля Вялікай Айчыннай вайны -- у легальных умовах. На 1 студзеня 2009 г. на Беларусі зарэгістравана 72 суполкі адвентыстаў сёмага дня. Каардынуючым органам з'яўляецца Савет Беларускай канферэнцыі, які выбіраецца з'ездам прадстаўнікоў суполак на 3 гады. Кіруе саветам прэзідэнт Беларускай канферэнцыі.

Вышэйшай інстанцыяй адвентыстаў сёмага дня з'яўляецца Гене­ральная канферэнцыя, якая выбіраецца на 4 гады і знаходзіцца ў Вашынгтоне. Увесь свет падзелены на 6 частак (дывізіёнаў). Суполкі адвентыстаў сёмага дня Беларусі ўваходзяць у Еўрапейска-Азіяцкі дывізіён Генеральнай канферэнцыі.



Сведкі Іеговы. Гэта арганізацыя ўзнікла ў 70-я гг, XIX ст. у ЗША. Заснавальнікам яе з'яўляецца Чарльз Тэйз Расэл (І852-І9І6). Спачатку прыхільнікі Расэла называлі сябе Таварыствам даследчыкаў Бібліі, а з 1931 г. прынялі назву "сведкі Іеговы", абапіраючыся на наступны фрагмент з кнігі прарока Ісайі: "Няхай усе народы збяруцца разам... Няхай прадставяць сведак ад сябе і апраўдаюцца... А мае сведкі, кажа Гасподзь, вы... Я прадрок, і выратаваў, і абвясціў; а іншага няма ў вас, і вы -- сведкі Мае, кажа Гасподзь, што Я Бог" (Іс., 43, 9-12). Згодна з веравучэннем сведак Іеговы, Д'ябал заявіў, што Бог не можа засяліць зямлю людзьмі, якія застануцца Яму вернымі ў выпрабаваннях. Сведкі Іеговы сваім жыццём як бы абвяргаюць Д'ябла і сведчаць аб усемагутнасці Бога.

Свае веравучэнне сведкі Іеговы імкнуцца пабудаваць на рацыянальных прынцыпах. Так, яны адмаўляюць Тройцу. Хрыста лічаць не Богам, а былым архангелам Міхаілам, які ўвасобіўся ў выглядзе дасканалага чалавека. Святы Дух -- гэта "ўлада і сіла Іеговы", якой Ён надзяліў Хрыста і тым самым упаўнаважыў прадстаўляць Яго. Сведкі Іеговы адмаўляюць пекла, рай, неўміручасць душы, лічаць, што Хрыстос загінуў не на крыжы, а на слупе. У іх ёсць свой пераклад Бібліі, дзе знайшлі адлюстраванне гэтыя палажэнні.

Сведкі Іеговы нецярпімыя да іншадумцаў. Сапраўднымі хрысціянамі яны лічаць толькі сябе, усе астатнія (праваслаўныя, католікі, лютэране, баптысты і іншыя) з'яўляюцца, на іх думку, сатаністамі.

Усю гісторыю яны разглядаюць як барацьбу паміж іегавістамі і сатаністамі. Лічаць, што з 1914 г. пачаўся пераходны перыяд ад царства людзей да царства Іеговы, які завершыцца вялікай бітвай -- Армагедонам. На Зямлі застануцца толькі тыя, хто прызнае Іегову, яны будуць жыць у шчасці і багацці. Астатнія памруць. Зямлёй будзе кіраваць нябесны ўрад са 144 тыс. праведнікаў на чале з Хрыстом. Сведкі Іеговы лічаць, што да лічбы 144 тыс. зараз не хапае толькі 9 тыс., і таму Армагедон будзе хутка.

Вялікае значэнне сведкі Іеговы надаюць місіянерскай дзейнасці. Яны прапаведуюць на вуліцах і ходзяць па кватэрах, прапануючы пазнаёміцца з іх літаратурай у асноўным гэта часопісы "Сторо­жевая башня" і "Пробудись".

У сведак Іеговы забаронена курэнне, брыдкаслоўе, неўпарадкаваны секс. Алкаголь ужываць можна, але абмежавана. Яны не могуць служыць у войску, не прымаюць удзел ў палітычным і грамадскім жыцці, спартыўных спаборніцтвах, не шануюць дзяржаўную сімволіку, у іх забаронена пераліванне крыві.

У якасці асноўных абрадаў сведкі Іеговы прызнаюць хрышчэнне і хлебапераламленне. У іх малітоўных дамах няма ніякай хрысціянскай культавай атрыбутыкі.

Сведкі Іеговы  гэта цэнтралізаваная арганізацыя. На чале яе стаіць Кіруючая карпарацыя, якая знаходзіцца ў Брукліне (прыгарад Нью-Йорка). Увесь свет падзелены на зоны, зоны -- на філіялы, філіялы -- на вобласці, вобласці -- на раёны. У раён уваходзіць да 20 суполак, якія называюцца сходамі. Суполкай кіруе савет на чале са старэйшынай, якога прызначае вышэйстаячая арганізацыя.

Усяго ў свеце зараз налічваецца больш чатырох мільёнаў сведак Іеговы.

У нас сведкі Іеговы з'явіліся ў пачатку 30-х гг. на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пасля далучэння гэтых земляў да СССР яны атрымалі магчымасць распаўсюджваць свае веравучэнне далей на ўсход. Савецкая ўлада лічыла сведак Іеговы рэакцыйнай сектай і жорстка іх праследавалі, таму яны дзейнічалі ў падполлі. Афіцыйна сведкі Іеговы былі легалізаваны ў СССР толькі ў пачатку І99І г. На 1 студзеня 2009 г. на Беларусі існавала 26 суполак сведак Іеговы.



Іудаізм на Беларусі з'яўляецца прышлай рэлігіяй. Яго носьбіты -- яўрэі, па меркаваннях некаторых даследчыкаў, прыйшлі на нашыя землі яшчэ ў ХП ст. з Кіева, адкуль іх выгналі за тайныя зносіны з візантыйцамі. Аднак масавае перасяленне яўрэяў на тэрыторыю Беларусі адбылося ў другой палове ХІV ст. з Германіі.

Як і ў іншых краінах дыяспары, яўрэі на нашых землях не асіміляваліся з мясцовым насельніцтвам і жылі адасоблена. Тлумачыцца гэта замкнутасцю кагалу, а таксама насцярожаным стаўленнем да яўрэяў мясцовага насельніцтва. Неаднаразова яўрэі абвінавачваліся ў рытуальных забойствах з мэтай атрымання хрысціянскай крыві. Аднак, як правіла, улады іх апраўдвалі.

Сучасны этап у гісторыі іудаізму пачаўся з першай паловы XIX ст. У гэты перыяд узнікае праблема прыстасавання яўрэяў да дасягненняў еўрапейскай культуры Новага часу. У залежнасці ад вырашэння гэтай праблемы іудаізм падзяліўся на тры асноўныя накірункі: артадаксальны, рэфарматарскі і кансерватыўны.

Артадаксальны іудаізм разглядае сябе як адзіна правільны. Сваёй асноўнай мэтай ён лічыць захаванне традыцый іудаізму ва ўмовах сучаснага жыцця. У артадаксальным іудаізме да веруючых прад'яўляюцца строгія патрабаванні культавага характару. Яны павінны штодзённа вывучаць Тору і строга выконваць усе правілы, зафіксаваныя ў Талмудзе. Зараз артадаксальны іудаізм з'яўляецца пануючай рэлігіяй у Ізраіле.

Рэфарматарскі іудаізм выходзіць з таго, што неабходна ўлічваць патрабаванні часу. Акцэнт у ім робіцца не на абрадах, а на маральных нормах паводзін. Абвяшчаецца, што закон павінен выконвацца не таму, што так загадаў Бог, а таму, што гэта мае сэнс у сучасным рэлігійным жыцці. У рэфарматарскім іудаізме рабінамі могуць быць жанчыны.

Кансерватыўны іудаізм узнік як рэакцыя на змярцвеласць традыцыі, з аднаго боку, і бяздумныя асімілятарскія тэндэнцыі, з другога. Ён выступае за вернасць традыцыі, але, калі гэта неабходна, з папраўкамі. Кансерватыўны іудаізм па сваей накіраванасці знаходзіцца паміж артадаксальным і рэфарматарскім. Ён выступае за змены, але з улікам гістарычнага вопыту яўрэяў.

ХХ ст. з'явілася часам жорсткіх выпрабаванняў для іудаізму на Беларусі. Моцны ўдар па яму нанесла антырэлігійная палітыка Савецкай улады і генацыд яўрэяў у гады фашысцкай акупацыі. Калі ў пачатку XX ст. на тэрыторыі Беларусі існавалі 704 сінагогі, дык у канцы 80-х засталася толькі адна. 3 канца 80-х гг. у сувязі са зменай палітычнай сітуацыі ў нашай краіне адбываецца адраджэнне рэлігійнага жыцця, якое закранула і іудаізм. У 1998г. створана Беларускае іудзейскае рэлігійнае аб'яднанне, дзейнічае духоўнае вучылішча ў Мінску, нядзельныя школы пры сінагогах, яўрэйскія дзіцячыя садкі і класы ў сярэдніх школах. На 1-е студзеня 2009 г. на Беларусі зарэгістравана 29 суполак артадаксальнага і 17 прагрэсіўнага (рэфарміраванага) іудаізму.

Іслам на Беларусі -- прышлая рэлігя, прынесеная іншым народам. Яго носьбітамі з'яўляюцца татары, якія з'явіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у пачатку ХІV ст. Іх узаемаадносіны з мясцовым насельніцтвам склаліся вельмі добра, татары займалі ў дачыненні да сваей новай радзімы патрыятычную пазіцыю і часта выступалі ў складзе войска Вялікага Княства нават супраць сваіх адзінаверцаў. Таксама яны ўдзельнічалі ў вайне з Тэўтонскім ордэнам і Грунвальдскай бітве (1410).

Татары, якія жылі ў ВКЛ, вызнавалі сунізм. Ім было дазволена адпраўляць сваю веру і будаваць мячэці.

Асіміляцыі татараў у ВКЛ не адбылося. Яны захаваліся як асобны народ і рэлігійная супольнасць, хаця многія з іх прымалі беларускія прозвішчы, звычаі, мову. Сваю мову татары на Беларусі паступова забылі, таму для задавальнення іх духоўных патрэб ствараюцца кітабы (араб. -- кнігі) -- рэлігійныя кнігі мусульман, якія былі напісаны на беларускай мове арабскімі літарамі. Першыя з іх з'явіліся ў ХVI ст. Яны змяшчалі апісанне мусульманскіх рытуалаў, падзей з жыцця прарока Мухамеда, маральныя павучанні, усходнія паданні, казкі, варожбы на літарах Карана і іншыя матэрыялы.

У пачатку XX ст. на Беларусі жыло каля 14 тыс. татараў-мусуль­ман і існавала больш 20 мячэцяў.

Рэпрэсіі супраць рэлігіі ў гады Савецкай улады не абмінулі і беларускіх мусульман. Пасля Другой сусветнай вайны многія та­тары-мусульмане з'ехалі з Беларусі ў іншыя краіны, бо баяліся, што іх напаткае лёс крымскіх татар, да якіх яны былі блізкія. Зачыняліся мячэці, забываліся традыцыі. У канцы 80-х гг. на Беларусі існавала толькі адна мячэць у г.п. Іўе Гродзенскай вобласці.

На 1 студзеня 2009 г. на Беларусі зарэгістравана 25 мусульманскіх суполак. Пераважная большасць іх дзейнічае ў заходніх абласцях. У пачатку 1994 г. адбыўся першы Усебеларускі з'езд мусульман, на якім было створана мусульманскае рэлігійнае аб'яднанне Рэспублікі Беларусь. Яно выдае на рускай мове часопіс, які выходзіў пад рознымі назвамі: "Аль-Джыхад", "Аль-Іслам", "Рамазан", "Жыццё".

Найбольш вялікай з сучасных неаарыенталісцкіх рэлігійных арганізацый з'яўляецца Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны. Яно налічвае прыкладна 700 тыс. прыхільнікаў. Цэнтр гэтай арганізацых знаходзіцца ў г.Маяпур (Індыя), але распаўсюджана яна пераважна ў краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Па сваім характары крышнаізм з'яўляецца неаіндуісцкім кірункам.

Узнікла Міжнароднае Таварыства Свядомасці Крышны ў 1966 г. у ЗША. Яго заснавальнікам з'яўляецца індыйскі прапаведнік Абхай Шыран Дэ (1896 -- 1977), больш вядомы пад сваім рытуальным імем Бхакціведанта Свамі Прабхупада.

Крышнаіты сцвярджаюць, што іх веравучэнне мае доўгую традыцыю, заснавальнікам якой з'яўляецца сам бог Крышна. Свяшчэнныя веды перадаваліся ад настаўнікаў іх вучням і, нарэшце, дайшлі да Свамі Прабхупады, які выклаў іх на зразумелай для людзей XX ст. мове ў сваей кнізе "Бхагават-Гіта як яна ёсць".

Імя "Крышна" перакладаецца як "Чорны", "Цёмны", "Цёмна-сіні", хаця самі крышнаіты перакладаюць яго як "Усёпрыцягваючы''. У традыцыйным індуізме Крышна лічыцца адной з дзесяці праяў (аватар) бога Вішну, але крышнаіты сцвярджаюць, што, наадварот, гэта Вішну -- аватара Крышны, як, дарэчы, і ўсе астатнія багі.

Асноўны націск у крышнаізме робіцца на любоўным служэнні чалавека Крышне. Мэтай культавай дзейнасці лічыцца зліццё са свядомасцю Крышны.

Згодна з веравучэннем крышнаізму, асновай чалавека з'яўляецца душа. Яна жыве вечна, цела  толькі яе абалонка, і душа можа мяняць гэтую абалонку. Крышнаіты прызнаюць рэінкарнацыю: у адпаведнасці з добрай або дрэннай кармай душа пасля смерці пасяляецца ў чалавеку, жывёле альбо расліне. Такія перараджэнні могуць адбывацца бясконца, але чалавек здольны разарваць гэты ланцуг, шляхам асэнсавання сваёй духоўнай сутнасці і далучэння да адзінства з Крышнай.

Асноўным шляхам да гэтага з'яўляецца медытацыя. Лічыцца, што ў працэсе яе чалавек цалкам выключаецца з гэтага свету і канцэнтруецца на любві да Бога. Стан выключанасці дасягаецца праз спяванне мантры "Харэ Крышна, Харэ Крышна; Крышна, Крышна, Харэ Харэ; Харэ Рама, Харэ Рама; Рама Рама, Харэ Харэ". Тут "Харэ" -- звяртанне да вышэйшай энергіі, "Крышна" і "Рама" -- імёны Бога. Крышнаіт абавязаны паўтараць гэтую форму 1728 разоў у дзень, а каб не збіцца з падліку, выкарыстоўваюцца пацеркі.

Вялікае значэнне ў крышнаізме надаецца самаабмежаванню чалавекам сваіх матэрыяльных патрэб. Забаронена есці мяса, рыбу, яйкі, насіць адзенне са скуры і шэрсці, бо ўсё гэта звязана з забойствам жывёл. Крышнаіты прапагандуюць вегетарыянскую ежу, адкрываюць вегетарыянскія сталовыя і кафэ. Забараняецца ўжыванне адурманьваючых і ўзбуджаючых рэчываў, у тым ліку тытуню, кавы, чаю. Асуджаюцца неўпарадкаваныя палавыя адносіны. Мужу і жонцы дазваляецца ўступаць у палавую сувязь толькі тады, калі гэта можа прывесці да зачацця дзяцей. Разводы забаронены. Мужчыны-крышнаіты голяць галаву, пакідаючы толькі касічку, за якую Крышна "прыцягне іх да сябе". У час сваіх рытуалаў крышнаіты апранаюць традыцыйнае індыйскае адзенне, звычайна аранжавага колеру.

Лічыцца, што лепшым месцам для выканання ўсіх патрабаванняў крышнаізму з'яўляецца рэлігійная камуна (ашрам). Як правіла, у нашых умовах гэта кватэра, дзе пад кіраўніцтвам духоўнага настаўніка (гуру) вывучаецца "Бхагават-Гіта" і адпраўляецца культ. У асноўным ашрамы складаюцца з маладых людзей, прыкладна ад 18 да 30 гадоў.

Любая дзейнасць успрымаецца ў крышнаізме як служэнне Крышне: прыбіранне ашрама, гатаванне культавай ежы, дабрачыннасць. Вялікая ўвага надаецца місіянерскай дзейнасці: перакладу, выданню і продажу рэлігійнай літаратуры, прапагандзе веравучэння.

На тэрыторыі былога СССР рух крышнаітаў з'явіўся пасля таго, як у 1971 г. краіну наведаў Свамі Прабхупада і пасвяціў у крышнаіты некалькі чалавек. У 80-я гады супраць крышнаітаў у СССР былі ўзбуджаны крымінальныя справы па абвінавачванню ў "стварэнні і кіраўніцтве не зарэгістраванмі ў дзяржаўных органах з-за іх рэакцыйнай сутнасці рэлігійнымі групамі". У далейшым прыгаворы ў адносінах крышнаітаў былі адменены. Зараз суполкі крышнаітаў дзейнічаюць амаль у ста гарадах былога СССР. У Беларусі на 1 студзеня 2009 г. існавала 6 зарэгістраваных суполак крышнаітаў.

Бахаі. Дадзены кірунак ўзнік у сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў Персіі пад уплывам дзейнасці Сеіда Мірзы Алі Мухамада, які прыняў імя “Баб” (“Вароты Месіі”) у 1844 годзе і абвясціў сябе Месіяй Махдзі, што адкрые новую эпоху роўнасці і справядлівасці на зямлі. Баб быў асуджаны шыітамі як ерэтык і пакараны смерцю ў 1849 годзе. У далейшым, у 1863 годзе ў асяродзі бабаістаў вылучыўся Хусейн Алі Нуры, які прыняў імя Баха Улы (“Слава Божья”), а пазней аўтарытэтным тлумачальнікам вучэння Баба зрабіўся сын Баха Улы Абдул Баха (“Слуга Бога”).

Вера бахаі будуецца на прызнанні дагмату непазнавальнасці Бога, які разам з тым выяўляе сябе праз Пасланніка. Для кожнай эпохі ўласцівы свой Пасланнік, але Баха Ула з’яўляецца носьбітам божага паслання для новай эры. Сярод Пасланнікаў ім прызнаваліся Адам, Маісей, Хрыстос, Зараастр, Крышна, Буда, Мухамед і Баха Ула. Кожны з Пасланнікаў нёс чалавецтву сваю частку ісціны. Эклектычнасць веры бахаі дазваляе яе прыхільнікам выступаць з пазіцый адкрытасці да міжканфесійнага дыялогу, хаця часта яны супярэчліва тлумачаць іншыя веравучэнні. Зараз бахаі прапануюць новую канцэпцыю парадку ў свеце, якая будуецца на прызнанні адзінства чалавецтва, адзінства рэлігіі, неабходнасці пераадолення рэлігійнай варожасці, існаванні гармоніі паміж рэлігіяй і навукай а таксама магчымасці незалежнага пошуку ісціны. Бахаі падкрэсліваюць роўнасць паміж мужчынам і жанчынай, неабходнасць усеагульнай пачатковай адукацыі. Выходзячы з таго, што развіццё сусветнай цывілізацыі ідзе ў накірунку сусветнага адзінства, яны лічаць гістарычнай неабходнасцю стварэнне адзінага міжнароднага выканаўчага органа (сусветнага урада) і прыняцце адзінай сістэмы вымярэння і пісьма. Цэнтр бахаі знаходзіцца ў горадзе Хайфа (Ізраіль), дзе створаны Сусветны дом справядлівасці, праз які ажыццяўляецца кіраванне арганізацыяй бахаі.

У Рэспубліцы Беларусь рух бахаі з’явіўся ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, з 1992 існуе суполка ў Мінску. На 1 студзеня 2009 года ў рэспубліцы дзейнічаюць 5 суполак рэлігійнага аб’яднання бахаі.

Такім чынам, для сучаснай Беларусі характэрна разнастайнае рэлігійнае жыцццё. Пры гэтым не назіраецца кнфліктаў паміж рознымі канфесіямі. Тлумачыцца гэта традыцыйнай для беларусаў рэлігійнай талерантнасцю, узважлівай пазіцыяй кіраўнікоў найбольш шматколькасных у краіне канфесій, а таксама палітыкай дзяржавы, накіраванай на прадухіленне рэлігійных канфліктаў.

Падвядзем вынікі нашых разважанняў. Пры разглядзе спецыфікі сучаснай рэлігійнай сітуацыі на Беларусі неабходна ўлічваць наступнае:

1 Пачатыя ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя пераўтварэнні ў розных сферах грамадскага жыцця прывялі да значных зменаў ролі рэлігіі ў грамадстве. Рэзка ўзрасла колькасць рэлігійных суполак (амаль у 3 разы). Сфарміравалася структура рэлігійных арганізацый. Аднак рэлігійнасць большасці беларусаў носіць знешні характар. Аб сваёй прыналежнасці да рэлігіі заяўляе прыкладна 50% апытаных, але большасць з іх не ведае асноўных палажэнняў веравучэння і не выконвае маральных і культавых патрабаванняў сваёй рэлігіі. Але гэта сведчыць толькі пра тое, што ёсць поле для далейшай дзейнасці рэлігійных арганізацый.

2 У апошні час наладзіліся ўзаемаадносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі на Беларусі. Адбылася адмова ад палітыкі дзяржаўнага атэізму. Сфарміравана прававая база, якая грунтуецца на прынцыпах свабоды сумлення і роўнасці ўсіх рэлігій перад законам. Ідзе супрацоўніцтва дзяржавы з праваслаўнай царквой у справе маральнага выхавання і дабрачыннай дзейнасці.

3 Зараз на Беларусі назіраецца стабілізацыя рэлігійнай сітуацыі. Запаволіўся рост рэлігійных суполак, сфарміраваны асноўныя структурныя адзінкі рэлігійных арганізацый. Працуюць духоўныя навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць мясцовыя кадры свяшчэннаслужыцеляў. Ідзе праца з веруючымі з мэтай паглыблення ведаў ў галіне рэлігіі, а таксама выпрацоўкі звычак культавых паводзін.

Найбольш вялікай у колькасным плане з’яўляецца Беларуская Праваслаўная царква. Яна налічвае 11 епархій, 1431 прыход, 26 манастыроў, 5 навучальных духоўных устаноў. Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж ёй і Рэспублікай Беларусь. Але і іншыя канфесіі таксама адыгрываюць значную ролю ў рэлігійным жыцці нашай краіны. Спецыфіка Беларусі заключаецца ў тым, што яна з’яўляецца поліканфесійнай дзяржавай. Зараз на яе тэрыторыі дзейнічаюць 25 канфесій. Паміж імі ўстаноўлены ўзаемаадносіны супрацоўніцтва і ўзаемнай павагі.

Такім чынам, усё гаворыць пра тое, што роля рэлігіі ў нашым грамадстве будзе паступова ўзрастаць. Гэта абумоўлівае неабходнасць яе вывучэння ў межах курса рэлігіязнаўства».



1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка