Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт




старонка2/6
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.18 Mb.
1   2   3   4   5   6

Царква (ад грэч. kiriake -- божы дом) -- наднацыянальная рэлігійная арганізацыя, цесна звязаная з тым народам або дзяржавай, у межах якіх яна існуе, але адрознівае сябе ад іх і праследуе свае ўласныя мэты. Пабудавана царква як цэнтралізаваная іерархічная сістэма. Складаецца са свяшчэннаслужыцеляў, якія маюць прафесійную падрыхтоўку, і веруючых. Як правіла, мае вялікую колькасць паслядоўнікаў. Прыналежнасць да царквы вызначаецца зараз свабодным выбарам. Трэба падкрэсліць, што само паняцце "царква» сфарміравалася на прыкладзе рэлігійнай арганізацыі хрысціян, але яно таксама ўжываецца і ў дачыненні да некаторых іншых рэлігій,

Секта (ад лац. sekta -- школа, кірунак) -- рэлігійная арганізацыя, умовай прыналежнасці да якой з'яўляецца наяўнасць у чалавека вызначаных духоўных якасцей. Узнікае ў выніку аддзялення ад іншай рэлігійнай арганізацыі (царквы або секты) па прычыне нязгоды з некаторымі палажэннямі яе веравучэння або сацыяльнай пазіцыяй.

Характэрнай рысай секты, якая адрознівае яе ад царквы, з'яўляецца арганізацыйная замкнутасць. Калі царква звяртаецца да ўсіх членаў грамадства, і ў яе можа ўвайсці любы, у секце сцвярджаецца, што яна складаецца з людзей богаабраных, якія адрозніваюцца ад іншых. Сектанты аддзяляюць сябе ад астатняга гра­мадства і падкрэсліваюць, што не цікавяцца ягонымі справамі.

Як правіла, секта ўяўляе сабой самастойную суполку веруючых, якая не падпарадкоўваецца вышэйстаячаму органу або асобе, як гэта назіраецца ў царкве. Унутры секты адсутнічае фармальная розніца паміж яе кіраўнікамі і простымі вернікамі, падкрэсліваецца роўнасць ўсіх членаў.

У штодзённым словаўжыванні ў паняцце «секта» укладаецца негатыўны сэнс, і таму яно можа ўспрымацца як абраза. Самі члены гэтага тыпу рэлігійных арганізацый называюць іх не сектамі, а цэрквамі. У навуковым словаўжыванні «секта» -- гэта проста тэрмін для абазначэння акрэсленага тыпу рэлігійнай арганізацыі, ніякага негатыўнага сэнсу ў яго не ўкладваецца. Зараз многія даследчыкі і рэлігійныя дзеячы імкнуцца слова «секта» не ўжываць, каб не выклікаць напружанасці і непаразумення сярод ве­руючых.



Харызматычны культ  рэлігійная арганізацыя, узнікшая як аб'яднанне прыхільнікаў канкрэтнага чалавека, якому прыпісваецца валоданне асаблівым звышнатуральным дарам (харызмай). Гэты чалавек з'яўляецца заснавальнікам і кіраўніком харызматычнага культу, ён можа абвясціць сябе або паўнамоцным прадстаўніком нейкай звышнатуральнай істоты ці сілы (Бога, Сатаны, Касмічнага Розуму і г.д.) або нават самім Богам. Таму ягоны аўтарытэт сярод прыхільнікаў каласальны, на яго не распаўсюджваюцца агульнапрынятыя маральныя нормы, і можа быць так, што ён гэтым карыстаецца ў карыслівых мэтах. Вельмі часта заснавальнікамі харызматычных культаў робяцца людзі са здольнасцямі да ўнушэння (або ад прыроды, або спецыяльна выпрацаванымі), іх жа прыхільнікі -- гэта, як правіла, людзі з няўстойлівай псіхікай, якія лёгка паддаюцца маніпуляванню. 3 мэтай уздзеяння на псіхіку ў харызматычным кульце могуць выкарыстоўвацца спецыяльныя методыкі: шматгадзінныя малітвы, медытацыі, абмежаванні ў сне, ужыванне наркатычных рэчываў г.д. Для гэтага тыпу рэлігійных арганізацый характэрна атмасфера крайняга фанатызму і нецярпімасці да іншадумцаў («усе, хто не прызнае нашага Бога,  слугі Сатаны»). Даволі часта здараюцца калектыўныя самагубствы прыхільнікаў харызматычных культаў з рэлігійнымі мэтамі (прынясенне сябе ў ахвяру, далучэнне да Бога, сустрэча канца свету і г.д.). 3 членамі гэтага тыпу рэлігійных арганізацый немагчыма весці ніякія дыскусіі -- яны проста няздольныя ўспрыняць аргументы, накіраваныя супраць іх поглядаў. Для вываду іх з таго псіхічнага стану, у якім яны знаходзяцца, патрэбна спецыяльнае лячэнне, якое, дарэчы, не заўсёды дае эфект.

Націск у харызматычных культах робіцца не на рацыянальных, а на пазарацыянальных элементах, рэлігійная практыка ў асноўным зводзіцца да шанавання (культу) кіраўніка-заснавальніка шляхам выканання ягоных загадаў. Таму сярод прыхільнікаў харызматычнага культу пануе жалезная дысцыпліна, і вельмі часта яны адкрыта эксплуатуюцца. Таксама характэрным з'яуляецца продаж чалавекам, які зрабіўся членам харызматычнага культу, усей сваёй (а часам, і не сваёй) маёмасці і ахвяраванне грошай на патрэбы арганізацыі. Заканадаўствам многіх краін дзейнасць харызматычных культаў абмежавана або забаронена.

Прыкладамі харызматычных культаў, якя існуюць зараз на Беларусі, з'яўляюцца Вялікае Белае Брацтва, Царква Вісарыёна (Царква Апошняга Запавету), Царква Муна (Асацыяцыя Святога Духа за аб'яднанне сусветнага хрысціянства).

Калі разглядаць сучасную рэлігійную сітуацыю, абавязкова трэба сказаць аб функцыях рэлігіі.



Функцыя рэлігіі – гэта тая роля, якую яна выконвае ў грамадстве. Любая рэлігія аказвае ўплыў на свядомасць і паводзіны людзей і з'яўляецца адной з важных частак грамадскага жыцця. Калі даследуюць функцыі рэлігіі, шукаюць адказы на пытанні: «Якім чынам рэлігія дэейнічае?”, «Які характaр і накіраванасць яе ўздзеяння на індывіда і грамадства ў цэлым? », «Што яна дае канкрэтнаму чалавеку або cупольнаcці? ».

Функцыі рэлігіі мяняліся ў працэсе гістарычнага развіцця. У першабытным і раннекласавым грамадстве, калі рэлігійныя адносіны не былі дакладна дыферэнцыраваны ад іншых відаў грамадскіх адносін, рэлігія выконвала шмат неўласцівых для яе функцый: палітычных, эканамічных, судовых, адукацыйных і г.д. Напрыклад, на Старажытным Усходзе жрацы займаліся навуковымі даследваннямі, адукацыяй і справаводствам. Але па меры развіцця і дыферэнцыяцыі грамадства паступова вылучаюцца і развіваюцца спецыфічныя функцыі рэлігіі.

Зараз называюць чатыры асноўныя з іх: светапоглядная, сэнсастваральная, інтэграцыйная і рэгулюючая.

Светапоглядная функцыя – гзта асэнсаванне і тлумачэнне свету. Кожная рэлігія тым ці іншым чынам дае адказы на пытанні, адкуль свет узнік, якія тэндэнцыі ягонага развіцця, куды ён у рэшце рэшт прыйдзе. Напрыклад, згодна з хрысціянствам, свет створаны Бо­гам, потым, у выніку першароднага граху, адпаў ад яго, і зараз ідзе працэс узнаўлення першапачатковага адінства, які завершыцца Апошнім Судом і канцом свету. Згодна з будызмам, ёсць незлічоная колькасць светаў, якія ўзнікаюць, праходзяць розныя перыяды свайго развіцця, а потым знікаюць. Наш свет – адзін з іх.

Вядома, што зараз асноўную светапоглядную функцыю выконвае навука: менавіта яна дае адказы на пытанні аб узнікненні, пабудове і тэндэнцыях развіцця свету. Распаўсюджаным зараз з'яўляецца погляд, што навуковы і рэлігійны све­тапогляд знаходзяцца ў стане не супярэчання, а патэнцыяльнага ўзаемадапаўнення. Падкрэсліваецца, што рэлігія асэнсоўвае і тлумачыць не столькі свет сам па сабе, як гэта робіць навука, колькі ў яго дачыненні да челавека, шукае сэнс падзей. Такім чы­нам, светапоглядная функцыя рэлігіі цесна звязана з сэнсастваральнай.



Сэнсастваральная функцыя – наданне сэнсу чалавечаму жыццю, падтрымка чалавека ў цяжкасцях і знаходжанне шляхоў выхаду з іх. Жыццё чалавека, у адрозненне ад існавання жывёлы, не можа быць апісана толькі як працэс рэалізацыі біялагічных інстынктаў харчавання і працягвання роду. Кожны чалавек, незалежна ад яго культурнай прыналежнасці, жыве дзеля чагосьці. Калі адсутнічае мэта, жыццё губляе свой сэнс і чалавек не можа нармальна будаваць паводзіны. Звычайна людзі задумваюцца аб сэнсе свайго жыцця ў яго пераломныя моманты: у юнацтве, пры выбары прафесіі, жыццёвых няўдачах, канфліктах, у старасці. Але само жыццё патрабуе свайго сэнсу: кожны чалавек прыйшоў у гэты свет без сваёй згоды (бацькі не пытаюцца ў сваіх будучых дзяцей, нараджаць іх ці не) і ягонае існаванне не будзе вечным  як вядома, людзі паміраюць. Таму перад кожным чалавекам яўна або няяўна непазбежна ўзнікаюць пытанні: «Навошта я з'явіўся ў гэты свет? Якая мэта майго тут знаходжання? Што я павінен рабіць, каб ажыццявіць гэтую мэту? ».

Адказ на гэтыя пытанні можа давацца ў межах розных галін культуры: штодзённага жыцця, філасофіі, навукі, мастацтва і г.д. Такім чынам, кожная з іх па-свойму выконвае сэнсастваральную функцыю. Спецыфіка рэлігіі заключаецца ў тым, што яна тлумачыць сэнс чалавечага жыцця, абапіраючыся на палажэнне аб наяўнасці звышнатуральнага — таго, што выходзіць за межы прыроды і мае для веруючых найбольшую каштоўнасць. Для рэлігіі характэрна імкненне надаць сэнс любой праяве чалавечага жыцця. Нават такія з’явы, як хваробы, пакуты, смерць не бессэнсоўныя для веруючых, а ў некаторах рэлігіях нават маюць пазітыўнае значэнне. Менавіта ў гэтым — адна з асноўных прычын прыцягальнасці рэлігійнага светаўспрымання, бо чалавек не можа існаваць ў бессэнсоўным асяроддзі і імкнецца знайсці тлумачэнне любой падзеі, асабліва ў крызісныя моманты жыцця.

Рэлігія надае сэнс для дзейнасці не толькі асобнага чалавека, але і цэлых грамадскіх аб'яднанняў. Напрыклад, рухі сацыяльнага пратэсту ў мінулым, як правіла, змяшчалі ў сабе моцны рэлігійны кампанент і сваю мэту бачылі ў аднаўленні вышэйшай справядлівасці, якая была парушана пануючымі класамі.

Інтэграцыйная функцыя аб'яднанне сваіх прыхільнікаў і ператварэнне іх у аднадумцаў у палітычных, маральных, эканамічных і іншых пытаннях. Можна назваць вельмі шмат прыкладаў інтэграцыйнай функцыі рэлігіі. Так, каталіцтва доўгі час аб'ядноўвала Заходнюю Еўропу, праваслаўе  рускія землі, на падставе ісламу адбылося ў VІІ стагоддзі аб’яднанне арабскіх плямёнаў.

Рэлігійнае адзінства з'яўляецца надзвычай моцным фактарам аб'яднання. Людзі, якія шануюць адных і тых жа багоў і, адпаведна, прытрымліваюцца адных і тых жа каштоўнасцей, утвараюць цэласную сацыяльную групу, вельмі ўстойлівую ў адносінах да знешніх неспрыяльных умоў. Спробы разбурыць такую групу, як правіла, прыводзяць да яе яшчэ большай інтэграцыі і ўзмацнення. Шмат прыкладаў таму дае гісторыя розных сект, якія доўгі час існавалі ва ўмовах жорсткіх праследаванняў, але захавалі адзінства і адданасць сваім поглядам.

Даволі часта рэлігійнае адзінства з'яўляецца адной з падстаў, на якіх фарміруецца дзяржаўная супольнасць. Так, ва ўмовах феадальнай раздробленасці на Русі і варожых узаемаадносін паміж княствамі адсутнічала пачуццё этнічнага адзінства, людзі лічылі сябе разанцамі, уладзімірцамі, наўгародцамі і г.д. Аб'ядноўвала іх адчуванне агульнасці «рускай» веры -- праваслаўя.

Вельмі яскравым прыкладам у гэтай сувязі з'яўляецца гісторыя яўрэйскага народа, які амаль дзевятнацаць стагоддзяў жыў у выгнанні сярод іншых народаў, якія даволі часта ставіліся да яго варожа. Аднак, дзякуючы перш за ўсё сваёй рэлігіі, яўрэі захавалі нацыянальнае і культурнае адзінства.

Кожная рэлігія не толькі аб'ядноўвае сваіх прыхільнікаў, але таксама раз'ядноўвае іх з прыхільнікамі іншых рэлігій. Гэта можа адбывацца як у вельмі мяккай, калі веруючыя проста адрозніваюць свае погляды ад іншых, але ставяцца да іх талерантна, так і ў вельмі жорсткай форме, калі “cапраўднай” абвяшчаецца толькі ўласная рэлігія, а ўсе тыя, хто з ёй хаця б у нечым нязгодны, успрымаюцца як ворагі. Рэлігійная нецярпімасць парадзіла ў гісторыі вельмі шмат крывавых канфліктаў.

Трэба адзначыць, што ў гісторыі нашай краіны рэлігія адыграла хутчэй дэзінтэграцыйную, чым інтэграцыйную ролю. Тэрыторыя Беларусі знаходзілася на перакрыжаванні інтарэсаў дзвюх дзяржаў: праваслаўнай Расіі і каталіцкай Польшчы, якія імкнуліся выкарыстаць рэлігію ў сваіх палітычных мэтах. Таму раней, як правіла, прыняцце беларусамі праваслаўя схіляла іх у бок Расіі, а каталіцтва -- у бок Польшчы. На тэрыторыі Беларусі амаль заўсёды існавала шмат рэлігійных накірункаў, прычым ні адзін з іх не з'яўляўся безумоўна пануючым, як гэта было ў нашых суседзяў на ўсходзе і захадзе. Гэта садзейнічала рэлігійнай талерантнасці беларусаў, але таксама не дало ім магчымасці аб'яднацца на падставе агульнанацыянальнай рэлігіі. Зараз у нашай краіне існуюць тэндэнцыі беларусізацыі як у каталіцтве, так і ў праваслаўі.



Рэгулюючая функцыя - стварэнне нормаў паводзін, якімі абавязаны карыстацца веруючыя ў сваім штодзённым жыцці. У кожнай рэлігіі рэгулюючай функцыі надаецца вельмі вялікае значэнне. Нормы паводзін, якія прадпісваюцца, разглядаюцца як выкананне чалавекам сваіх абавязкаў перад звышнатуральным. У адных рэлігіях даюцца ўказанні, як сябе паводзіць у кожнай магчымай сітуацыі, для іх характэрна наяўнасць мноства правіл, якія павінны дэталёва рэгуляваць паводзіны чалавека. У другіх даюцца толькі агульныя прынцыпы паводзін, і кожны чалавек павінен самастойна ўжываць іх да канкрэтнай сітуацыі.

Раней рэлігія рэгулявала амаль усе сферы чалавечай жыццядзейнасці непасрэдна. Нормы права грунтаваліся на рэлігійных прынцыпах. Зараз у еўрапейскіх краінах рэлігія выконвае сваю рэгулюючую функцыю ў асноўнам праз мараль, але таксама ў асобных выпадках аказвае ўплыў і на прыняцце прававых нормаў. Так, напрыклад, у Польшчы прыняты закон «Аб абароне жыцця», згодна з якім аборты дазваляецца рабіць толькі у абмежаваных выпадках (калі зачацце адбылося ў выніку згвалтавання, калі вядома, што народзіцца хворае дзіця і калі нараджэнне дзіцяці пагражае жыццю маці). Як абгрунтаванне на карысць прыняцця і існавання гэтага закону прыводзіцца хрысціянскі прынцып «не забі». Таксама шмат у якіх краінах Усходу нормы права непасрэдна грунтуюцца на прынцыпах ісламу.

Усе гэтыя кампаненты рэлігіі трэба ўлічваць пры аналізе сучаснай рэлігійнай сітуацыі ў нашай краіне. Паўнавартаснае рэлігійнае жыццё прадуглеждвае функцыянаванне рэлігіі ў цэлым, з усімі яе кампанентамі. Неабходна даць магчымасць рэалізаваць свае перакананні прадстаўнікам самых розных рэлігійных груп. Зараз на Беларусі дзейнічаюць 25 рэлігійных кірункаў. Найбольш буйнымі сярод іх з’яўляюцца: праваслаўе, у якім на 1 студзеня 2009 года налічвалася 1476 суполак; хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі) – 500 суполак; рыма-каталіцтва – 467 суполак; евангельскія хрысціяне-баптысты – 269 суполак. Трэба падкрэсліць, што Беларусь – гэта традыцыйна поліканфесійная дзяржава, на яе тэрыторыі мірна жылі прадстаўнікі самых розных рэлігій. У нас не было сур’ёзных сутыкненняў, а таксама праследаванняў на рэлігійнай глебе. Для беларусаў была характэрная верацярпімасць. У Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588 года было запісана: «А таксама прывілеем, прысягаю нашай вырашана мір паміж рознымі рэлігіямі бярэгчы...А ў сувязі з тым, што ў Рэчы Паспалітай існуе не малая розніца ў адносінах веры хрысціянскай. Папярэджваючы тое, каб па гэтай прычыне паміж людзьм сутыкненні якія-небудзь шкодныя не пачаліся, якія ў іншых каралеўствах ясна бачым, абяцаем тое сабе сумесна за нас і за нашчадкаў нашых на вечныя часы пад абавязкам прысягі, пад вераю, гонарам і сумленнем нашым, што мы, якія з’яўляемся рознымі ў веры. Мір паміж сабой захоўваць, а ў сувязі з рознасцю ў веры і з адрозненнем у цэрквах крыві не праліваць» (Разд. З, Арт. 3). (Статут Вялікага княства Літоўскага 1588.—Мн. 1989. С. 112-113).

Відавочным прыкладам традыцыйнай для нашай краіны верацярпімасці з’яўляецца тое, што ў цэнтрах шмат якіх беларускіх гарадоў побач стаялі праваслаўная царква, каталіцкі касцёл і сінагога. Таксама трэба падкрэсліць, што ў адрозненне ад нашых суседзяў Расіі і Польшчы, на тэрыторыі Беларусі ніводная з рэлігій не была безумоўна пануючай і заўсёды існаваў баланс паміж прадстаўнікамі розных канфесій. Гэта неабходна ўлічваць як пры аналізе сучаснай рэлігійнай сітуацыі на Беларусі, так і перспектыў яе развіцця.



2 Права на свабоду сумлення ў сучаснай Беларусі
Пры разглядзе рэлігійнай сітуацыі ў сучаснай Беларусі неабходна улічваць прынцып свабоды сумлення. Права на свабоду сумлення – гэта адно з асноўных правоў чалавека. Яно з’яўляецца: 1. усеагульным – ім валодаюць усе людзі, незалежна ад іх расавай, нацыянальнай альбо сацыяльнай прыналежнасці; 2. натуральным – гэта значыць, яно не ствараецца дзяржавай або якімі-небудзь іншымі надасабовымі структурамі, а ўласціва чалавеку з самага пачатку; 3. неад’емным – ніхто не можа пазбавіць чалавека гэтага права.

Права на свабоду сумлення звычайна азначаецца як права на свабоду выбару атэістычных або рэлігійных перакананняў, а менавіта: права самастойна вызначаць сваё стаўленне да рэлігіі, аднаасобна альбо сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, яно азначае, што чалавек можа сам вызначаць сваё стаўленне да рэлігіі: быць прыхільнікам той ці іншай рэлігіі, быць абыякавым да рэлігіі, быць атэістам. Свабода сумлення прадугледжвае, што чалавек не толькі мае тыя ці іншыя рэлігійныя альбо антырэлігійныя перакананні, але і можа гэтыя перакананні рэалізаваць у сваім жыццм. Менавіта пытанне аб рэалізацыі перакананняў з’яўляецца асноўным у праве на свабоду сумлення: тыя ці іншыя погляды чалавека з’яўляюцца ягонай асабістай справай, і ніхто не можа забараніць мець любыя перакананні, нават самыя неверагодныя, гэта не паддаецца прававому рэгуляванню, аднак чалавек павінен мець магчымасць будаваць свае паводзіны ў адпаведнасці са сваімі поглядамі, і толькі так можа быць рэалізавана свабода сумлення. Права на свабоду сумлення афіцыйна замацавана ў міжнародных дакументах і заканадаўстве большасці краін.

Трэба падкрэсліць, што гэтае права з’яўляецца дасягненнем менавіта еўрапейскай культуры і неабходным яе кампанентам. Існуе доўгая гісторыя таго, як гэтае права было асэнсавана і ажыццяўлялася ў грамадскім жыцці Еўропы. Аднак зараз права на свабоду сумлення разглядаецца як агульначалавечае і павінна быць рэалізавана таксама і ў тых краінах, якія не адносяцца да еўрапейскай культуры, хаця ягоная рэалізацыя прадугледжвае улік гістарычнай і культурнай спецыфікі той ці іншай дзяржавы.

Прынцып свабоды сумлення абвешчаны ў нашым заканадаўстве. Зараз яго трэба паслядоўна рэалізоўваць з улікам гістарычнай традыцыі і сучаснага стану рэлігійнасці ў Беларусі. Мы разгледзім палажэнні заканадаўства, якія тычацца забеспячэння свабоды сумлення ў нашай краіне.

Перад усім скажам аб міжнародным заканадаўстве, якое тычыцца забеспячэння свабоды сумлення. Асноўным дакументам тут з’яўляецца Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, якая была прынята Генеральнай Асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года. На ёй грунтуюцца іншыя міжнародныя дакументы, якія ратыфікавала таксама і Беларусь, такія як, напрыклад, Канвенцыя аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. Для нас важнымі з’яўляюцца не толькі канкрэтныя артыкулы Усеагульнай дэкларацыі, якія тычацца права на свабоду сумлення, але і агульныя прынцыпы, на якіх яна грунтуецца і якія абвешчаны ў яе Прэамбуле: “Прымаючы пад увагу, што прызнанне годнасці, якая ўласціва ўсім членам чалавечай сям’і і роўных і неад’емных правоў іх з’яўляецца асновай свабоды, справядлівасці і ўсеагульнага міру; і

прымаючы пад увагу, што грэбаванне і пагарда да правоў чалавека прывялі да варварскіх актаў, якія абураюць сумленне чалавецтва, што стварэнне такога свету, у якім людзі будуць мець свабоду слова і перакананняў і будуць свабоднымі ад страху і галечы, абвешчана як высокае імкненне людзей; і

прымаючы пад увагу, што неабходна, каб правы чалавека ахоўваліся ўладай закону з мэтай забяспячэння таго, каб чалавек не быў вымушаны ўжываць, у якасці апошняга сродку, паўстання супраць тыраніі і прыгнечання...Генеральная Асамблея абвяшчае гэтую Усеагульную дэкларацыю ў якасці задачы, да выканання якой павінны імкнуцца ўсе народы і ўсе дзяржавы”.

Падкрэслім, што пад “варварскімі актамі”, пра якія кажацца ў Дэкларацыі, маюцца на ўвазе злачынствы фашызму, перамога над якім была здабыта вельмі дарагой цаной.

Канкрэтна аб праве на свабоду сумлення гаворыцца ў наступных артыкулах Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека: “Кожны чалавек мае права на свабоду думкі, сумлення і рэлігіі; гэта права ўключае свабоду мяняць сваю рэлігію або перакананні і свабоду спавядаць сваю рэлігію або перакананні як аднаасобна, так і разам з іншымі, публічным або прыватным парадкам у вучэнні, богаслужэнні і выкананні рэлігійных і рытуальных абрадаў” (Арт. 18). “Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў” (Арт. 19). “Кожны чалавек мае права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый” (арт. 20).

Гэтыя палажэнні рэалізуюцца таксама ва ўнутраным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым гаворыцца ў Канстытуцыі: “Рэспубліка Беларусь прызнае аўтарытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства” (Арт. 8) і ў законе “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” “Калі міжнароднай дамовай, заключанай Рэспублікай Беларусь, устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія утрымлівае гэты Закон, дык ужываюцца правілы міжнароднай дамовы” (Арт. 40).

У беларускім заканадаўстве праблеме неабходнасці выканання правоў чалавека надаецца вельмі шмат увагі. Так, у Прэамбуле Канстытуцыі гаворыцца, што адным з матываў яе прыняцця з’яўляецца імкненне зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. У Канстытуцыі знаходзяцца наступныя прынцыповыя палажэнні, якія тычацца правоў чалавека: “Чалавек, ягоныя правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца вышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы” (Арт. 2), “У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршынства права” (Арт. 7), “Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы” (Арт. 21).

Гэтыя прынцыповыя палажэнні канкрэтызаваны ў Канстутыцыі ў дачыненні права на свабоду сумлення:

Артыкул 16 Рэлігіі і веравызнані роўныя перад законам.

Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Забараняецца дзейнасць рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды, або звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, а таксама перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадскіх, сямейных абавязкаў, або наносіць шкоду іх здароўю і маралі.

Артыкул 31 Кожны мае права самастойна вызначаць сваё стаўленне да рэлігіі, аднаасобна або сумесна з іншымі спавядаць любую рэлігію або не спавядаць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, якія звязаны са стаўленнем да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам”.

Аб праве на свабоду сумлення грамадзян Беларусі гаворыць таксама закон “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”. У ягонай Прэамбуле сказана: “Гэты Закон... вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый, выходзячы з:

права кожнага на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам незалежна ад стаўлення да рэлігіі;

роўнасці рэлігій перад законам;

прызнання вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;

духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі;

неаддзельнасці ад агульнай гісторыі народа Беларусі Евангеліцка-лютэранскай, царквы, іудаізму і ісламу;

неабходнасці садзеяння дасягненню ўзаемнага разумення, цярпімасці і павагі рэлігійных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды сумлення і веравызнання”. Такім чынам, у дадзенай Прэамбуле разам з абвяшчэннем права кожнага грамадзяніна на свабоду сумлення і роўнасці рэлігій перад законам таксама вылучаюцца пяць рэлігій: праваслаўе, каталіцтва, лютэранства, іудаізм і іслам, якія звязаны з гістарычнай традыцыяй народа Беларусі. Асаблівая роля адводзіцца Праваслаўнай царкве, абвяшчаецца, што яна аказала вызначальны ўплыў на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларусаў.

Прывядзем тыя артыкулы закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, у якіх непасрэдна гаворыцца аб праве на свабоду сумлення грамадзян Беларусі:

Артыкул 4 Права на свабоду сумлення.

Кожны мае права на свабоду выбару атэістычных або рэлігійных перакананняў, а менавіта: самастойна вызначаць сваё стаўленне да рэлігіі, аднаасобна або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.


1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка