Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны універсітэт




старонка1/6
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.18 Mb.
  1   2   3   4   5   6


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
Установа адукацыі

Гомельскі дзяржаўны універсітэт



імя Францыска Скарыны”

В. А. АДЗІНОЧАНКА


РЭЛІГІЯЗНАЎСТВА

Практычнае настаўленне

да вывучэння тэмы

Сучасная рэлігійная сітуацыя на Беларусі”



для студэнтаў універсітэта

Гомель

УА «ГДУ імя Ф. Скарыны»

2008

УДК 257 (476) – 84 (075. 8)

ББК 86. 2 (4БЕІ) я 73

А 299
Рэцэнзенты :

Д. Д. Паўлавец, дацэнт, кандыдат філалагічных навук;

кафедра філасофіі ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны

універсітэт імя Францыска Скарыны”

Рэкамендавана да выдання навукова-метадычным саветам

установы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт

імя Францыска Скарыны»



Адзіночанка, В. А.

А 299 Сучасная рэлігійная сітуацыя на Беларусі : практычнае

настаўленне для студэнтаў універсітэта / В. А. Адзіночанка;

М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны

універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя

Ф. Скарыны, 2009. – 68 c.

ISBN

Дадзены практычныя рэкамендацыі па вывучэнню тэмы

«Сучасная рэлігійная сітуацыя на Беларусі». Прааналізаваны

працэсы ў сучасным рэлігійным жыцці краіны, прыведзены

апошнія статыстычныя дадзеныя, а таксама заканадаўства

у рэлігійна сферы. Практычнае настаўленне прызначана для самастойнай працы студэнтаў, якія вывучаюць рэлігіязнаўства


УДК 257 (476) – 84 (075. 8)

ББК 86. 2 (4БЕІ) я 73

ISBN © В.А. Адзіночанка, 2009

© УА «Гомельски дзяржаўны

універсітэт імя Ф. Скарыны», 2009

ЗМЕСТ
Прадмова…………………………………… …………. 4

Тэма Сучасная рэлігійная сітуацыя на Беларусі........... 9

1 Рэлігійныя працэсы ў сучаснай Беларусі.............. 9

2 Права на свабоду сумлення ў сучаснай Беларусі... 22

3 Канфесіі ў сучаснай Беларусі.................................. 32

Пытанні для самаправеркі.............................................. 60

Тэматыка рэфератаў.......................................................... 61

Літаратура....................................................................... 62

Дадатак А.......................................................................... 64

Дадатак Б.......................................................................... 66

Дадатак В........................................................................... 69

Прадмова
Дадзенае практычнае настаўленне з’яўляецца часткай курса «Рэлігіязнаўства», які чытаецца амаль на ўсіх факультэтах ГДУ імя Ф. Скарыны. Гэта спрошчаны курс, разлічаны на тое, што яго зразумеюць студэнты самых розных спецыяльнасцей, таму ў ім выкладаюцца толькі асноўныя звесткі аб рэлігіі. У межах гэтага курса былі выдадзены вучэбны дапаможнік (Адзіночанка В. А. Рэлігіязнаўства. Мн.: «Універсітэцкае», 2001) і заданні для семінарскіх заняткаў (Адзіночанка В. А. Рэлігіязнаўства. Заданні для семінарскіх заняткаў Гомель, 2003). Але з цягам часу рэлігійная сітуацыя на Беларусі мяняецца. Паступова расце агульная колькасць рэлігійных арганізацый. Змянілася заканадаўства – у 2002 годзе была прынята новая рэдакцыя закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Выдадзены ў 2001 годзе падручнік утрымлівае састарэлыя статыстычныя дадзеныя. Апрача таго, у ходзе выкладання курса выявіліся тыя моманты, якія выклікаюць у студэнтаў цяжкасці і на якія трэба звярнуць увагу. Гэта абумовіла выданне дадзенага практычнага настаўлення.

У ім разгледжаны наступныя пытанні: «Рэлігійныя працэсы ў сучаснай Беларусі», «Права на свабоду сумлення ў сучаснай Беларусі», «Канфесіі ў сучаснай Беларусі».

Паколькі ў практычным настаўленні ідзе размова пра сучасную рэлігійную сітуацыю на Беларусі, скажам пра неабходнасць яго выкладання і наогул вывучэння курса рэлігіязнаўства ў сучасных умовах:

1 Універсітэцкая адукацыя прадугледжвае атрыманне шырокіх (універсальных) ведаў. А гэта патрабуе дасягнення высокага культурнага ўзроўню. І веданне пра рэлігію – частка агульнай культуры чалавека. Але тыя веды, якія студэнты атрымліваюць на занятках па рэлігіязнаўстве, патрэбны не самі па сабе, а для далейшай дзейнасці. Нават тым студэнтам, якія пасля заканчэння універсітэта пойдуць працаваць на вытворчасць, прыйдзецца сутыкацца ў сваёй працоўнай дзейнасці з веруючымі. Некаторыя з апошніх маюць спецыфіку ў арганізацыі працоўнай дзейнасці. Напрыклад, адвентысты сёмага дня не могуць працаваць у суботу, для хрысціян у цэлым непажадана працаваць у нядзелю. Усе гэта трэба ўлічваць, каб пазбегнуць канфліктных сітуацый на працы.

Выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей пойдуць у школы. Веды па рэлігіі будуць неабходныя ім, каб працаваць з дзецьмі з сем’яў веруючых, а таксама для выкладання вучэбнага матэрыялу па літаратуры, гісторыі, грамадазнаўчых дысцыплінах.Бо рэлігія – гэта неад’емная частка гісторыі культуры і грамадства, і без яе ведання будуць незразумелымі шматлікія падзеі і творы. Пры выкладанні прыродазнаўчых дысцыплін (фізікі, астраноміі, біялогіі) настаўніку трэба ведаць асноўныя палажэнні рэлігійнай карціны свету, каб суадносіць яе з навуковай.

2 У апошнія гады адбываюцца істотныя змены грамадскай сітуацыі ў нашай краіне. Вельмі важнай часткай гэтых змен з’яўляюцца працэсы, што адбываюцца ў рэлігійным жыцці. Пасля доўгага перыяду афіцыйнай атэістычнай палітыкі рэлігійныя арганізацыі ў нашай краіне атрымалі магчымасць для нармальнага развіцця. Людзі не баяцца казаць аб сваіх рэлігійных перакананнях, расце колькасць рэлігійных суполак, фарміруюцца арганізацыйныя структуры канфесій. Вывучэнне рэлігіязнаўства дазваляе зразумець працэсы, якія зараз адбываюцца ў нашым грамадстве, месца рэлігіі ў грамадстве, прынцыпы ўзаемаадносін паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржавай.

3 Маральныя нормы, якімі мы карыстаемся, шмат у чым запазычаны з хрысціянства. Сучасны чалавек можа быць няверуючым і не наведваць царкву, але ім ужо засвоены схемы паводзін, узятыя з Бібліі. Напрыклад, у нашай культуры дзейнічае прынцып роўнасці паміж мужчынай і жанчынай, аднак у культуры ісламу такога няма. Жанчына там можа быць нават у лепшым эканамічным становішчы, чым у нас, але ніжэй за мужчыну. Такім чынам, вывучэнне рэлігіязнаўства дазволіць зразумець спецыфіку прынцыпаў нашых паводзін, а таксама суаднесці іх з прынцыпамі паводзін у іншых культурах.

4 У штодзённым жыцці студэнты час ад часу сутыкаюцца з веруючымі. Напрыклад, сябры рэлігійнай арганізацыі “Сведкі Іеговы” вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць: прапаведуюць на вуліцах, ходзяць па кватэрах. Паводзяць яны сябе вельмі настойліва. Як правіла, студэнты не ведаюць, што рабіць, калі да іх звяртаюцца: або з ветлівасці слухаюць, альбо праяўляюць агрэсію. Веданне спецыфікі той ці іншай рэлігійнай арганізацыі і метадаў яе дзейнасці дазволіць паводзіць сябе больш упэўнена.

5 Зараз, калі ў нашым грамадстве паступова распаўсюджваюцца самыя розныя грамадскія і рэлігійныя погляды, актуальным робіцца выхаванне ў студэнтаў талерантнасці. Сам гэты тэрмін перакладаецца з лацінскай мовы як цярпенне. Аднак пры ажыццяўленні прынцыпу талерантнасці націск трэба рабіць не толькі на цярпімасць да іншых поглядаў, але і на павагу да іх Пад талерантнасцю мы будзем разумець прынцып і механізм існавання ў грамадстве людзей з рознымі поглядамі і спосабамі паводзін. Асабліва неабходна зараз талерантнасць у рэлігійнай сферы, бо Беларусь – шматканфесійная краіна. Зараз ў ёй налічваецца 25 зарэгістраваных рэлігійных кірункаў. Узаемапавага і імкненне пазбегнуць канфліктаў паміж імі з’яўляецца неабходнай умовай далейшага развіцця нашай краіны.

Зараз вылучаюцца тры асноўныя падыходы да аналізу рэлігіі: тэалагічны, філасофскі і навуковы.

Пры тэалагічным падыходзе рэлігія разглядаецца як бы «знутры», з пункту погляду палажэнняў таго ці іншага веравучэння. Пры гэтым ісціннасць апошніх не ставіцца пад сумненне, яны з'яўляюцца перадумовай аналізу. Таму такі падыход зводзіцца, як правіла, да апалагетыкі палажэнняў сваёй рэлігіі і крытыкі іншых. Апошняя можа быць як вельмі стрыманай, калі проста паказваюцца адрозненні сваіх поглядаў ад іншых, так і даволі агрэсіўнай, калі ўсе іншыя рэлігіі тлумачацца як праява зла.

Філасофскія падыходы да аналізу рэлігіі могуць быць самымі рознымі, што тлумачыцца разнастайнасцю поглядаў даследчыкаў. Пры гэтым вылучаюцца дзве крайнія пазіцыі: рэлігійная і атэістычная. Падыход рэлігійнай філасофіі вельмі блізкі да тэалагічнага, адрозненне знаходзіцца ў тым, што тэолагі разглядаюць палажэнні сваёй рэлігіі як дадзенасць, рэлігійныя ж філосафы выводзяць іх з агульнай карціны свету, структуры чалавека, яго існавання і г.д. З пазіцыі атэістычнай філасофіі адбываецца паслядоўнае адмаўленне рэлігіі. Трэба падкрэсліць непазбежны суб’ектывізм філасофскага падыходу – як правіла, тут мы маем справу не з апісаннем вераванняў і абрадаў, а з іх інтэрпрэтацыяй тым ці іншым мысліўцам.

Навуковы падыход да аналізу рэлігіі сфарміраваўся ў канцы 19 ст. Пры навуковым падыходзе даследчыкі імкнуцца да аб’ектыўнай характарыстыкі рэлігіі, і іх выказванні грунтуюцца на папярэднім вывучэнні эмпірычнага матэрыялу. Таму тут магчыма параўноўваць трактоўкі рэлігіі розных даследчыкаў з пункту погляду іх адпаведнасці рэальнаму стану рэчаў.

Трэба адзначыць, што гэтыя тры падыходы ўзаемазвязаны. Зараз тэолагі і філосафы ў сваіх характарыстыках рэлігіі імкнуцца абаперціся на навуковыя даследаванні, кожны даследчык рэлігіі выкарыстоўвае пры яе аналізе тыя ці іншыя філасофскія палажэнні, і яго высновы будуць залежаць ад таго, ці з’яўляецца ён чалавекам веруючым і да якой рэлігіі належыць.

Рэлігіязнаўства грунтуецца на навуковым падыходзе да аналізу рэлігіі. Для яго характэрна разнастайнаць сродкаў і метадаў, а таксама шматдысцыплінарнасць. Рэлігіязнаўства – гэта сукупнасць навуковых дысцыплін (гісторыя рэлігіі, фенаменалогія рэлігіі, сацыялогія рэлігіі, псіхалогія рэлігіі, параўнальна-гістарычныя даследаванні і інш.), кожная з якіх разглядае рэлігію ў адным з яе аспектаў.

Пры вывучэнні сучаснай рэлігійнай сітуацыі на Беларусі трэба выкарыстоўваць наступныя падыходы:

1 Імкнуцца зразумець, што сцвярджае тая ці іншая рэлігія. Гэта дасягаецца праз вывучэнне двух момантаў: па-першае, чаму дадзеная рэлігія ўзнікла, адказам на якія пытанні яна з’яўляецца. Напрыклад, язычніцтва (якое ў дадзеным настаўленні не разглядаецца) ўзнікла з патрэб сялянскага жыцця, неабходнасці з’арыентавацца ў свеце. Хрысціянства ўзнікла як рэалізацыя іудзейскіх чаканняў аб прыходзе Месіі. Ёсць свае прадумовы падзелу хрысціянскай царквы на праваслаўе і каталіцтва, а таксама ўзнікнення пратэстанцтва. Разуменне гэтых прычын дазволіць зразумець сутнасць таго ці іншага рэлігійнага накірунку. Па-другое, трэба прааналізаваць, што дадзеная рэлігія сцвярджае. Напрыклад, асноўная ідэя іудаізму – тое, што ёсць адзіны бог Яхвэ, які ўсё стварыў, абраў яўрэяў і заключыў з імі запавет (дагавор). Асноўная ідэя хрысціянства – Бог так палюбіў людзей, што ўзяў на сябе іх грахі і гэтым самым выратаваў людзей. Асноўная ідэя такога кірунку ў хрысціянстве, як пратэстанцтва – гэта тое, што чалавек выратоўваецца выключна праз веру.

2 Імкнуцца захоўваць аб’ектыўнасць. Рэлігіязнаўства – гэта вучэбны курс. У ім не ставіцца мэта выпрацаваць у студэнтаў рэлігійны або атэістычны светапогляд. Даюцца асноўныя звесткі аб рэлігіі: што гэта такое, як яна ўзнікла, якія ёсць асноўныя рэлігіі, якое іх месца ў той ці іншай культуры. Кожная рэлігія вывучаецца па-першае, праз аналіз яе веравучэння і культу і, па-другое, праз разгляд яе гісторыі і сучаснае становішча.

3 Імкнуцца захоўваць талерантнасць да тых ці іншых рэлігійных поглядаў. Рэлігійныя арганізацыі, якія зараз дзейнічаюць на Беларусі, маюць вельмі разнастайныя веравучэнні. Неабавязкова з усімі імі згаджацца, але трэба выходзіць з таго, што кожны чалавек мае права на свае погляды. Вельмі часта пры вывучэнні неапратэстанцкіх кірункаў, для якіх характэрна разнастайнасць і своеасаблівасць веравучэнняў і паводзін, студэнты сцвярджаюць, што асноўны матыў дзейнасці прыхільнікаў гэтых арганізацый, асабліва кіраўнікоў,  атрыманне матэрыяльнай выгады. Але гэта не так. Як правіла, неапратэстанты – шчыра веруючыя людзі. Спакойнае і ўважлівае стаўленне дазволіць зразумець сутнасць іх поглядаў.

4 Таксама рэкамендуецца ўважліва паглядзець табліцы, змешчаныя ў Дадатках. Яны ўтрымліваюць статыстычныя дадзеныя аб рэлігійных працэсах, а таксама колькасці рэлігійных суполак і рэлігійных арганізацыях у сучаснай Беларусі. На падставе гэтых дадзеных можна рабіць самастойныя высновы аб рэлігійнай сітуацыі ў краіне.

Спіс літаратуры ўтрымлівае толькі тыя крыніцы, дзе аналізуецца рэлігійная сітуацыя ў сучаснай Беларусі. Ён нешматколькасны і разлічаны на самастойную працу студэнтаў.

Тэма Сучасная рэлігійная сітуацыя на Беларусі


  1. Рэлігійныя працэсы ў сучаснай Беларусі

  2. Права на свабоду сумлення ў сучаснай Беларусі

  3. Канфесіі ў сучаснай Беларусі




    1. Рэлігійны працэсы ў сучаснай Беларусі

Пры вывучэнні рэлігійных працэсаў у сучаснай Беларусі трэба ўлічваць:

1 Спецыфіку таго мінулага, ад якога мы паступова адыходзім. Адбываецца выхад з сямідзесяцігадовага перыяду камуністычнага панавання, калі рэлігійныя арганізацыі знаходзіліся ў надзвычай неспрыяльных умовах. У СССР паслядоўна праводзілася атэістычная палітыка. Фармальна абвяшчалася свабода сумлення, але, як і іншыя свабоды (слова, асацыяцый, палітычнай дзейнасці, нацыянальнага самавызначэння), яна мела чыста дэкларатыўны характар і на самой справе жорстка падаўлялася. У артыкуле 52 Канстытуцыі СССР было запісана: “Грамадзянам СССР гарантуецца свабода сумлення, гэта значыць, права вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, адпраўляць рэлігійныя культы альбо весці атэістычную прапаганду. Узбуджэнне варожасці і нянавісці ў сувязі з рэлігійнымі вераваннямі забараняецца. Царква ў СССР аддзелена ад дзяржавы, а школа – ад царквы». Заўважым, што ўжо ў фармулёўцы гэтага артыкула парушаўся прынцып роўнасці правоў веруючых і атэістаў: першыя мелі права толькі вызнаваць рэлігію і выконваць рэлігійныя культы, а другія – весці прапаганду, накіраваную супраць рэлігіі. Атэізм у Савецкім Саюзе з’яўляўся часткай афіцыйнай камуністычнай ідэалогіі, яго нельга было крытыкаваць. У СССР існавала супярэчнасць паміж заканадаўствам, якое абвяшчала свабоду сумлення і ўстанаўлівала крымінальную адказнасць за дыскрымінацыю грамадзян па рэлігійнай прыкмеце, і рознымі пастановамі кіруючай камуністычнай партыі, у якіх адкрыта абвяшчалася палітыка, накіраваная на знішчэнне рэлігіі. Таму нават такое афіцыйна абвешчанае права на свабоду сумлення, як права проста прытрымлівацца сваіх рэлігійных перакананняў і ажыццяўляць культавыя прадпісанні, не выконвалася. Улады разглядалі рэлігію не проста як “перажытак мінулага” і “опіум народа”, але і як “адзіную легальна існуючую ў СССР антыкамуністычную ідэалогію”, з якой неабходна было змагацца. Веруючы чалавек не мог заняць кіруючую пасаду, таму што на іх, як правіла, прызначаліся толькі камуністы, а сяброўства ў КПСС было несумяшчальным з рэлігійнай верай, не мог атрымаць вышэйшую адукацыю. Для веруючых існавала забарона на прафесіі, напрыклад, яны не маглі быць настаўнікамі ў школе. Небяспечна было заключаць царкоўныя шлюбы, таму што аб гэтым паведамлялася па месцы працы, і да тых, хто ўступіў у такі шлюб, ужываліся меры ўздзеяння, бацькі баяліся хрысціць дзяцей, нельга было праводзіць адпяванне нябожчыкаў. У апошні час у нашым грамадстве сітуацыя паступова мяняецца. Адбыліся не толькі змены ў заканадаўстве, але і ў рэальным стаўленні ўладаў да веруючых. Зараз людзі могуць адкрыта заявіць аб сваіх рэлігійных поглядах, і пры гэтым не баяцца рэпрэсій з боку ўлад. Паступова мяняецца і стаўленне ў грамадстве да веруючых, на іх ужо не глядзяць як на людзей “несучасных”, “адсталых” і тым больш, як на “фанатыкаў”.

2 Тыя змены, якія паступова адбываюцца ў рэлігійным жыцці на Беларусі. Гэтыя змены былі абумоўлены пачатай у СССР у сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя па ініцыятыве кіраўніцтва КПСС так званай перабудовай, абвяшчэннем у 1991 годзе дзяржаўнай незалежнасці Беларусі і далейшым развіццём нашай краіны. Адбыліся істотныя змены ў стаўленні да рэлігіі: адмаўленне ад палітыкі дзяржаўнага атэізму і наладжванне дыялогу з рэлігійнымі арганізацыямі.

Прыкладна з 1989 года ў Беларусі назіраецца паступовае адраджэнне рэлігіі. Галоўным аб’ектыўным паказчыкам гэтага з’яўляецца рост колькасці рэлігійных арганізацый. Так, за перыяд з 1988 па 2008 гады колькасць рэлігійных суполак павялічылася амаль у 4 (з 768 да 3003), а рэлігійных кірункаў – у 3 разы. Пік росту назіраўся ў 1995 годзе, калі было зарэгістравана 344 рэлігійных суполкі (у 2007 – 32). Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, напярэдадані распаду Савецкага Саюзу да ліку няверуючых адносіла сябе каля 65% насельніцтва рэспублікі, а ў 1998  25,4%, гэта значыць, амаль у 2,5 разы менш. За гэты ж час амаль удвая вырасла катэгорыя тых, хто лічыць сябе веруючым -- з 22 до 37,5%. Аднак гэтыя лічбы не павінны ўводзіць у зман – як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, рэлігійнасць жыхароў Беларусі мае пераважна дэкларатыўны характар: веруючымі называюць сябе прыкладна 50% насельніцтва, у той час рэгулярна наведваюць храмы і выконваюць прадпісанні сваёй рэлігіі не больш 7% насельніцтва. Аднак модным зрабілася дэманстраваць сваю рэлігійнасць. Асабліва распаўсюджанай гэтая мода была ў 90-я гады мінулага стагоддзя, калі на хвалі перабудовы імкнуліся адмовіцца ад усяго савецкага і звярнуцца да іншых каштоўнасцей. У рэлігійнай сферы зараз пануе неакрэсленая духоўнасць, лічыцца, што трэба ў нешта верыць. Большасць беларусаў атаясамлівае сябе з праваслаўем, але размова ў дадзеным выпадку ідзе не аб рэлігійнай, а аб культурнай ідэнтыфікацыі -- чалавек заяўляе аб сваёй прыналежнасці да акрэсленай традыцыі. За гады Савецкай улады ў большасці людзей было страчана само разуменне таго, што такое рэлігія. Яна зводзілася, па-першае, да выканання традыцыйных абрадаў (як прыклад: амаль 100% насельніцтва Беларусі і пры камуністах святкавала Пасху), і, па-другое, да сродку суцяшэння чалавека ў яго бедах. Вельмі часта рэакцыяй людзей на змены пачатку 90-х гадоў, якія разбурылі звыклы лад іх жыцця, было звяртанне да рэлігіі.

3 Неабходнасць разумення таго, што такое рэлігія, якія кампаненты ў яе ўваходзяць і якую ролю яна адыгрывае ў грамадстве.

Рэлігія – гэта тып светаўспрымання і светаадчування, а таксама адпаведныя паводзіны і спецыфічныя дзеянні, якія грунтуюцца на веры ў звышнатуральнае.

Як вынікае з гэтага азначэння, асноўным кампанетам рэлігіі, яе падмуркам, з'яўляецца вера ў звышнатуральнае. Перш за ўсё скажам, што такое звышнатуральнае. Звычайна пад ім маецца на ўвазе ўсё тое, што знаходзіцца па-за межамі прыроды (па-лацінску “прырода” – “natura”) у самым шырокім яе разуменні. Таму, калі на пачатку 60-х гадоў пасля палётаў у космас у папулярнай атэістычнай літаратуры прыводзіліся разважанні накшталт «царкоўнікі сцвярджаюць, што Бог на небе, а нашы касманаўты паляцелі і ніякага Бога там не знайшлі – значыць Бога няма», гэта сведчыла аб неразуменні характару рэлігійных палажэнняў, і падобныя аргументы былі раскрытыкаваны самімі савецкімі філосафамі-атэістамі. Бо ніколі хрысціянства (тут, безумоўна, крытыкавалася менавіта яно) не сцвярджала, што Бог – гэта нейкі стары з белай барадой, які сядзіць за хмарамі, і вакол яго анёлы лётаюць. Бог, згодна з хрысціянствам, -- гэта звышнатуральная Асоба, якая знаходзіцца па-за межамі Сонечнай сістэмы, па-за межамі Сусвету, па-за межамі ўсяго прыроднага. І колькі б мы ні ляцелі ўверх, да Бога не даляцім, або колькі б ні капалі ўніз – да пекла не дакапаемся. Гэта сімвалічна кажуць, што Бог на небе, а пекла пад зямлёй.

Таму пры дапамозе дадзеных прыродазнаўчых навук нельга непасрэдна ні абвергнуць, ні пацвердзіць палажэнні рэлігіі, бо яна гаворыць аб звышнатуральных аб’ектах і з’явах, якія ўспрымаюцца пераважна праз веру.

Рэлігійная вера – гэта адкрытасць чалавека звышнатуральнаму, упэўненасць у яго рэальным існаванні і магчымасці кантакту з ім. Трэба падкрэсліць, што па сваёй сутнасці яна з'яўляецца не інтэлектуальным, але эксістэнцыяльным, жыццёвым, феноменам. Веруючы чалавек не проста ўпэўнены, што ёсць нешта звышнатуральнае (напрыклад, хрысціянін упэўнены, што ёсць Бог), але ўсё ягонае жыццё накіравана на гэтае звышнатуральнае, адбываецца ў адпаведнасці з ім. Таму для веруючага звышнатуральнае з'яўляецца святым – тым, што мае для яго найвялікую каштоўнасць, і на што ён абапіраецца ў сваіх паводзінах.

На падставе веры ў чалавека фарміруюцца розныя ўяўленні і ідэі аб звышнатуральным, а таксама пачуцці ў дачыненні да яго. Усё гэта складае рэлігійную свядомасць, якая мае дзве формы: суб'ектыўную і аб'ектыўную.



Суб'ектыўная рэлігійная свядомасць або рэлігійная псіхалогія – сукупнасць уяўленняў і пачуццяў, якімі карыстаюцца веруючыя ў сваім штодзённым жыцці. Ступень яе складанасці і сістэматызаванасці залежыць ад рэлігійнай культуры людзей. Гэтая ступень можа быць як вельмі высокай, напрыклад, у кіраўнікоў царквы і рэлігійных мысліўцаў, так і вельмі нізкай, напрыклад, у непісьменных людзей або дзяцей. Але, неабходна падкрэсліць, што складанасць і распрацаванасць рэлігійнай псіхалогіі не абавязкова з'яўляецца паказчыкам глыбіні веры. Вера можа быць глыбокай у вельмі простых людзей і наадварот.

Аб'ектыўная рзлігійная свядомасць або веравучэнне - гэта сістэма палажэнняў, пры дапамозе якой перадаецца змест дадзенай рэлігіі. У найбольш распаўсюджаных зараз рэлігіях, такіх, як, напрыклад, хрысціянства і іслам, асноўнай крыніцай веравучэння з'яўляюцца свяшчэнныя кнігі (Біблія, Каран). На іх падставе фарміруецца сістэма дагматаў -- богаадкрытах, а таму абсалютных ісцін, прыняцце якіх абавязкова для кожнага веруючага. Для распрацоўкі веравучэння існуюць спецыяльна падрыхтаваныя людзі. У хрысціянсве яны называюцца багасловамі або тэолагамі (ад грэч. theor -- бог, logos -- слова, вучэнне). Трэба адзначыць, што тэолаг выказваецца не ад свайго імя, а ад імя рэлігійнай арганізацыі і можа быць пазбаўлены гэтага права ў выпадку разыходжання яго поглядаў з афіцыйнымі. Найбольш знакамітымі хрысціянскімі тэолагамі з'яўляюцца: Васіль Вялікі, Аўрэлій Аўгусцін, Фама Аквінскі, Марцін Лютэр, Павел Фларэнскі, Карл Барт, Жак Марытэн і інш.

Веруючы чалавек упэўнены не толькі ў тым, што ёсць звышнату-ральнае, але таксама і ў тым, што з ім можна ўступіць у кантакт. На гэтай падставе фарміруецца рэлігійны культ -- сукупнасць сімвалічных дзеянняў, пры дапамозе якіх веруючыя ўступаюць у кантакт са звышнатуральным. Культавае дзеянне з'яуляецца адказам чалавека на тое, што ён успрымае як звышнатуральнае. Формы гэтага адказу могуць быць самымі разнастайнымі: абрады, рытуалы, ахвярапрынашэнні, малітвы, танцы, медытацыя, рэлігійная музыка і спевы, пасты і г.д.

Трэба адзначьщь, што любое культавае дзеянне з'яуляецца праявай канкрэтнага веравання і мае рэлігійны сэнс толькі ў сувязі з ім. Так, напрыклад, у антычнай Грэцыі багі ўяўляліся, як правіла, у выглядзе чалавекападобных істот, і лічылася, што ім патрэбны ахвяры. Узаемадзеянне з багамі ажыццяўлялася па прынцыпу “я - табе, ты – мне”: лічылася, што калі багам прыносіліся ах­вяры, яны абавязаны былі выканаць просьбы людзей, калі ж гэта­га не адбывалася -- ім больш нічога не давалі. Таму асноўнай формай узаемадзеяння з багамі ў антычнасці было ахвярапрынашэнне. У хрысціянстве ж есць адзіны ўсемагутны Бог, якому ад чалавека нічога не патрэбна і якога можна толькі прасіць. Адсюль адной з асноўных форм узаемадзеяння з Богам у хрысціянстве з'яўляецца малітва.

Калі чалавек робіць дзеянні, якія па знешняму выгляду нагадваюць культавыя, яе веры ў яго няма - гэта не будзе мець рэлігійнага сэнсу. Напрыклад, у хрысціян перад Пасхай ёсць Вялікі Пост, у ходзе якога нельга ўжываць некаторыя віды ежы. Для веруючых гэта мае сэнс духоўнага і фізічнага ачышчэння і падрыхтоўкі да свята ўваскрашэння Хрыста. Вучоныя паказалі, што абмежаванне ў ежы ў гэты перыяд (Вялікі Пост адбываецца ўвесну) карысна для здароўя -- арганізм вызваляецца ад назапашаных за зіму шлакаў, і чалавек потым менш хварэе. Але калі не есці шмат, каб умацаваць сваё здароўе або захаваць фігуру – гэта будзе мець не рэлігійны, а чыста дыетычны сэнс.

На падставе веры фарміруецца рэлігійная мараль – сукупнасць правіл паводзін, якія прадпісваюцца дадзенай рэлігіяй і якіх прытрымліваюцца яе прыхільнікі. Гэтыя правілы паводзін могуць быць самымі рознымі і непадобнымі паміж сабой. Для большасці людзей характэрна ўспрыманне тых маральных нормаў, якіх прытрымліваюцца яны самі, як відавочных і агульначалавечых. Але гэта не так. Напрыклад, разуменне маральных нормаў, якімі карыстаюцца еўрапейцы («не забі», «не блудзі», «не крадзі») узята з хрысціянства і для культур з іншымі рэлігіямі не ўласціва. 3 пункту погляду хрысціянства любое забойства, незалежна ад таго, апраўдана яно ці не, юрыдычна з'яўляецца злом. Аде ў ісламе ёсць паняцце «газават» -- свяшчэнная вайна, якая вядзецца з мэтай абароны веры, і ўсе, хто ў ёй загінулі, адразу накіроўваюцца ў рай. Забойства "няверных» у такой вайне -- угодная Алаху справа. У антычнай Грэцыі ў самую пару яе класічнага росквіту прыносіліся чалавечыя ахвяры багам, хаця трэба адзначыць, што грэкі рабілі гэта ў выключных выпадках. Існавалі рэлігіі, дзе масавыя чалавечыя ахвярапрынашэнні былі неабходнай часткай рытуалу. Найбольш вядомыя з іх рэлігіі ацтэкаў і майя, а таксама культ фінікійскага бога Ваала, якому ў ахвяру прыносіліся немаўляты. Манагамнасць шлюбу ў Еўропе і асуджэнне ў прынцыпе дашлюбных і пазашлюбных палавых адносін шмат у чым грунтуецца на біблейскім «не блудзі». У большасці іншых рэлігій такога патрабавання няма, і таму мужчына меў столькі жонак альбо наложніц, колькі ён мог сабе дазволіць.

У большасці рэлігій надаецца вельмі вялікае значэнне ўмацаванню маральнасці сваіх прыхільнікаў. Напрыклад, у хрысціянстве парушэнне маральных запаведзей разглядаецца як здрада Богу.

У апошні час у рэлігійнай літаратуры можна сустрэць сцвярджэнне, што сапраўды маральным можа быць толькі веруючы чалавек. На наш погляд, яно з'яўляецца памылковым. Нават штодзённы вопыт сведчыць, што ёсць шмат няверуючых, якія паводзяць сябе вельмі сумленна, і, наадварот, амаральных людзей, якія называюць сябе веруючымі. Апроч таго, існуюць антымаральныя (напрыклад, сатанізм) рэлігіі. Але, як правіла, для шчырых прыхільнікаў той ці іншай рэлігіі характэрна імкненне паслядоўна выконваць прынятыя маральныя нормы, бо, згодна з іх перакананнем, апошнія маюць звышнатуральнае паходжанне. Напрыклад, хрысціяне ўпэўнены, што як самі маральныя запаведзі, так і здольнасць іх выконваць дадзены Богам.

Культавыя дзеянні і маральныя паводзіны веруючых адбываюцца ў канкрэтных грамадскіх умовах і з'яўляюцца сацыяльна аформленымі. На гэтай падставе ўзнікае рэлігійная арганізацыя -- сукупнасць лю­дзей, аб'яднаных адзіным веравучэннем і культам. Зараз вылучаюць наступныя тыпы рэлігійных арганізацый:


  1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка